№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пераклады пераможцаў конкурсу сёмага нумару часопіса “ПрайдзіСвет”

Вершы

 

Крысціян Маргенштэрн

(Christian Morgenstern)

Плот

(Der Lattenzaun)


Стаяў калісь на плошчы плот.
Глядзеў у шчыліны народ.

Ды раптам архітэктар-зух
З'явіўся й не лічыў да двух:

Ён спрытна шчыліны дастаў,
З іх дом вялікі збудаваў.

Стаў недарэчны плот зусім
І толькі муляў вочы ўсім.

Штыкецін змрочны шэры рад
Прыбраў урэшце магістрат.

А архітэктар збег-такі
Да Афры- ці Амерыкі.

пераклад з нямецкайАляксей Жбанаў


Плот

(Der Lattenzaun)


Стаяў тут плот — штыкецін пяць
І шчыліна, каб цікаваць.

Там чмут адзін не проста так
Хадзіў вакол і наўскасяк.

Ён выдраў дзірку, ўзяўшы лом,
І збудаваў вялізны дом.

Як дурань, плот стаіць дасюль:
Штыкецін пяць, а дзірак — нуль.

Вульгарны выгляд, жалю варты!
Дзе будаўнік? Узяць пад варту!

Ды будаўнік з такой аказіі
Схаваўся дзесьці ў Афрыказіі.

пераклад з нямецкайСымон Цынамон

 

Алфрэд Эдвард Хаўсмэн

(Alfred Edward Housman)

Слон, або Сіла звычкі

(The Elephant or The Force of Habit)


На пысе хобат, ззаду хвост:
Сапраўдны слон, скажу наўпрост.
На пысе хвост і хобат ззаду
Звычайнаму пярэчаць ладу.
Ні седзячы, ні ў поўны рост
Не ўбачыш ты на пысе хвост,
Няма такіх сланоў, хоць рэж,
Бо супраць звычкі не папрэш.

пераклад з ангельскайСымон Цынамон

 

Мікалай Гумілёў

(Николай Гумилёв)

Возера Чад

(Озеро Чад)


На загадкавым возеры Чад,
Дзе старыя растуць баабабы,
За світальны імчаць далягляд
На разьблёных фелуках арабы.
У лясах ля яго берагоў,
І ў гарах, і ў даліне панурай
Ушаноўваюць дзіўных багоў
Дзевы-жрыцы з эбенавай скурай.

Маім мужам быў магутны правадыр,
Бацькам — Чад найвелічны і ўладны.
Ад мяне адной у час дажджоў кумір
Дар з прыхільнасцю прымаў абрадны.
І казалі, што за ўсіх жанчын
Я святлейшая ў мясцінах гэтых,
І заўжды на шыі быў бурштын,
І заўжды блішчалі бранзалеты.

Моцны целам, духам смелы
Быў чужынец — воін белы, —
Як сапраўдны правадыр.
Сэрца адамкнула дзверы,
І не знала болей меры,
І забыла сэрца мір.
Белы мовіў, што наўрад ці
Ёсць у Францыі багацці,
Роўныя маёй красе,
І як толькі дзень растане,
Больш не ўбачаць нас у стане —
Конь-бербер нас панясе.

Муж мой даганяў нас з лукам,
Прамінаў лясныя нетры,
Пераскокваў праз карчагі,
Плыў праз вусцішныя рэкі —
І смяротным здаўся мукам,
І застаўся злому ветру
Труп шалёнага бадзягі,
Зганьбаванага навекі.

А на хуткім і моцным вярблюдзе,
Патанаючы ў марах аб цудзе,
На ядвабе і шкурах звярыных
Я на поўнач, як птушка, імчала
І дзівосны свой веер ламала
У лятунках аб шчасных хвілінах.
Расхінала я полаг употай
Залатога, як сонца, намёта,
Пазірала ў акно з захапленнем
І глядзела, як танчыць праменне
У блакітных вачах еўрапейца.

А цяпер, як мёртвая смакоўніца,
У якой лісты ўсе абляцелі,
Непатрэбна-нуднай палюбоўніцай
Я, як рэч, пакінута ў Марсэлі.
Ходзячы ў партах нагамі босымі,
Самым гнюсным я слугую ўцехам,
Танчу я між п’янымі матросамі,
І яны бяруць мяне са смехам.
Кволы розум мой бядой зняможаны,
Перад зрокам згаслым свет віруе...
Клікаць смерць? Але ў палях няходжаных —
Муж мой. Ён чакае й не даруе.

пераклад з рускайСымон Цынамон

 

Ян Бжэхва

(Jan Brzechwa)

Кракадзіл

(Krokodyl)


Забаю вам казку я пра кракадзіла,
Казку, што ў Афрыцы колісь хадзіла:
Жыў адзін кракадзіл ля Ніла.
Калісьці ён ля мястэчка
Забіў хвастом чалавечка,
Ды абгрыз толькі палову —
Рукі ды ногі часткова.
Тулава ціха схаваў у нару,
Мовіўшы: “Гэта я заўтра зжару”.

Такі вось прыклад для вас, дзеці,
Не ешце адразу ўсё на свеце,
Кавалак смачны ўзяўшы, варта
Падумаць: а што застанецца на заўтра?

пераклад з польскайРуслан Равяка

Пераклад з ангельскай – Аляксей Жбанаў, Руслан Равяка, Сымон Цынамон © 2011

Чытайце таксама

Сабіна Брыло

Сабіна Брыло

Беларуская паэтка, журналістка.

Іван Бунін

Іван Бунін

Рускі пісьменнік, паэт, першы рускі лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры

Іван Франко

Іван Франко

Іван Франко, украінскі паэт, празаік, навуковец, публіцыст і рэвалюцыйны дзеяч, нарадзіўся 27 жніўня 1856 году ў Галіцыі ў сям’і селяніна-каваля

Стэфан Жаромскі

Стэфан Жаромскі

Польскі пісьменнік і публіцыст, “сумленне польскай літаратуры”

2911