№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэд'ярд Кіплінг

Верныя мы ёй адной...

Вершы



Паўднёвая Афрыка

(South Africa)


Ну й жанчына, вам скажу —
Божа міласэрны!
Маніць, мучыць — будзь здароў,
Толькі вось трывожыць кроў,
Вабіць мужных ваяроў
Гожасцю нязмернай.

Вабіць мужных ваяроў
Нават з Акрынгтону,
Афрыкай яна была,
Палкай Афрыкай была,
Нашай Афрыкай была!
Афрыкай — да скону!


Смагай змучана яна,
І гараць руіны,
Мор яе штогод бярэ,
Суш і голад на дварэ,
Саранча траву жарэ,
Падае скаціна.

Толькі любім мы яе,
Хоць і шлем праклёны.
Афрыкай яна была,
Палкай Афрыкай была,
Нашай Афрыкай была!
Афрыкай — да скону!


Давядзецца праз яе
Шмат мужчынам знесці:
Ледзь здабытая жратва
І мача замест пітва,
Не сцяжына, а дрыгва,
Гной — агонь развесці.

Забівала ў глотку пыл,
Біла ліхаманкай,
Цела рвала на шмаццё,
Мела на бяду чуццё —
І яны клялі жыццё
З гэткаю каханкай.

І пасля як надалей
Ад яе сплывалі,
Ды, ступіўшы на парог,
Вар’яцелі зноў, дальбог,
І з усіх імчалі ног
Да гарачай кралі.

Мары пра яе красу —
Наша ўзнагарода.
Пакідалі мы тады
Дом на доўгія гады,
Каб назваць свае клады
Алтаром народа.

Ёй, здабытай у крыві,
У крыві паўсталай,
Ўзятай дарагой цаной,
Змучанай ушчэнт вайной, —
Верныя мы ёй адной,
Самай дасканалай.

Дык устань — і мы зірнем
Проста ў вочы кону.
Афрыкаю ты была,
Палкай Афрыкай была,
Нашай Афрыкай была!
Афрыкай — да скону!



Ахова моста ў Кару

(Bridge-Guard in the Karroo)

...і будуць забяспечваць атрады для аховы моста праз Крывавую раку.
Загад па акрузе: лініі камунікацый, Паўднёваафрыканская вайна.


Пустэльня робіцца чорнай,
Ахутвае свет каламуць,
І стромы каля Аўтсхорна
Стальцамі Цароў устаюць.

Палае цвярдыня адчаю
І дзеліць у бляску руін
Берылавы пас небакраю
І вінную цемру раўнін.

Велічным фарбам на змену
Выхапяць промні з-за скал
Умбру, карыцу, сіену,
Попел ружы, апал.

Тонуць у прыцемках травы,
Цемра вяршыні чарніць.
Вось і сігнал для заставы —
Варту ля моста змяніць.

І там, дзе блісне ля моста
Рэек сталёвы пакат,
Мы — не героі, а проста
Ўсімі забыты атрад.

Мы праслізнем па сігнале
Праз плот ля хаціны крывы —
І ўніз, па бязводным канале,
І ўверх — на злом галавы.

Спатыкаемся часам аб смецце —
Бляшанкі, старыя харчы,
Займаем пасты — да дасвецця
У цемрадзі мост сцерагчы.

Вось пастухі-гатэнтоты
Статак пагналі ў крааль,
І пасля дзённай спякоты
Стыне, парыпвае сталь.

Вые шакал штохвіліны,
І ў цішы выразна чутно,
Як зямлі камячок у цясніну
Спаўзае, імкнецца на дно.

Вось нябеснае войска паўстала,
І шыхтуюцца шэрагі зор
У аблямоўцы з металу,
Арак, рэек, падпор.

Гул мы пачулі — і ў ззянні
Фараў у цемрадзі ўзнік
Нам дарагі, як каханне,
З межаў паўночных цягнік.

А там, дзе ля самага моста
Вокнаў зіхоткіх парад,
Мы — не героі, а проста
Ўсімі забыты атрад.

Сёння свята на межах!
Гэй, не ўпусціце дароў —
Пачак газетаў нясвежых
І некалькі слоў ад сяброў.

І зноў — небасхіл не суровы,
І зноў нам падорыць зямля
Абрыўкі жаночай размовы,
Сустрэчы, вітанні здаля.

Як хутка ён мост прамінае,
Хоць гул застаецца ўвушшу...
І постаці ноч ахінае
І ахінае душу.

А там, дзе ля змрочнага моста
Вокнаў знікае парад,
Мы — не героі, а проста
Ўсімі забыты атрад.


Пяхота

(Infantry Columns)


Раз — два — раз — два — цягнемся па Афрыцы,
Раз — два — раз — два — ледзь паўзем па Афрыцы.
(Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз).
     Без стральбы ідзе вайна.

Пяць — трынаццаць — восем — тры — сёння дваццаць дзевяць міль,
Васямнаццаць — дзевяць — сем — заўтра будзе трыццаць пяць.
(Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз).
     Без стральбы ідзе вайна.

Досць — досць — досць — досць — вочы долу апускаць
(Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз).
Мы — мы — мы — мы — трацім розум ад хадзьбы,
     І без стральбы ідзе вайна.

Трэ — трэ — трэ — трэ — думаць нам пра штось яшчэ,
Бог — нас — ра — туй — ад вар’яцтва і тугі.
(Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз).
     Без стральбы ідзе вайна.

Лік — лік — лік — куль — мусіш ведаць ты заўжды.
Ледзь — сон — збіў — з ног — пройдзе па табе атрад.
(Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз).
     Без стральбы ідзе вайна.

Што — нам — бруд — кроў — голад, боль, гарачыня,
Шмат — горш — горш — горш — гэты несупынны рытм —
Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз,
     І без стральбы ідзе вайна.

Днём — нас — тут — шмат — і не цяжка пацярпець,
Ды — ледзь — зноў — ноч — чутны толькі гэты марш —
Крок — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз,
     Без стральбы ідзе вайна.

Сто — дзён — быў — я — ў пекле і магу сказаць:
Ні — Бог — ні — чорт мне не стрэўся на шляху,
Там — крок — зноў — крок — па гарах уверх і ўніз,
     І без стральбы ідзе вайна.


пераклад з ангельскайАндрэй Стэфановіч


Пераклад – Андрэй Стэфановіч © 2011

Чытайце таксама

Віктар Жыбуль

Віктар Жыбуль

Беларускі паэт-авангардыст, перформер, літаратуразнаўца

Інгрыд Ноль

Інгрыд Ноль

Нямецкая аўтарка дэтэктываў і трылераў

Эдыт Сёдэргран

Эдыт Сёдэргран

Фінска-шведская паэтка Эдыт Ірэнэ Сёдэргран нарадзілася 4 красавіка 1892 году

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў

Беларускі паэт і празаік, грамадскі і палітычны дзеяч

2084