№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Роберт Бэрнс

Джон Ячмень і іншыя

Вершы



Шатландскі віскі

(Scotch Drink)


                                 Налі віна, калі да дна
                                 Дапіты куфаль гора,
                                 Сікера хай залье адчай,
                                 Няхай растане змора.
                                 Душу ўзбадзёр, узвысь гумор,
                                 Разлі віно па чашах,
                                 І за бядой сплыве вадой
                                 Панурасць думак нашых.

                                 Кніга Выслоўяў Саламонавых, 31: 6—7

Хай іншы ладзіць песнапенні
Лазе й віну ў іскрыстай пене,
За гэты спеў не дам ні пені,
Маўчы, галяк!
Мы выціскаем сок з ячменю
У добры гляк!

Ты — муза мне і добры дружа,
Цябе не возьмуць сквар і сцюжа.
І ў пене чэрпаў я задужа
Свайго натхнення,
Аж покуль не давёў ты мужа
Да ап’янення.

Пшаніцу хваляць узбярэжжы,
Над астравамі — водар свежы
Бабоў, гароху, іншай ежы,
Ды на чале —
Ён, Джон Ячмень, кароль і ў дзежы,
І на стале.

Ты — кухні нашае агмень:
Патрэбны, скажам так, ячмень
Для праснакоў, і кожны дзень
З цябе навар,
Але крыві твае струмень —
Найлепшы дар.

Жратва дае жыццё нам, зна’цца,
Але жыццё — такая цаца:
У возе бед — не разагнацца.
А хлабыснеш —
Сам коціць воз! Якая праца?
Душу пацеш!

Ты праясніш глузды вар’ята,
Нуду ўзбадзёрыш зухавата,
І трошкі адпачне араты,
Каб высах пот,
І нат адчай ніякавата
Расцягне рот.

Ўбярэшся ў срэбра, зух і хват,
І сам кароль табе не сват,
Але й спаміж бядацкіх хат
Ты ў дошку свой:
Смачнее каша, нібы ад
Вады жывой.

Ты — цвік любога кірмашу,
Ты сябра торгу й барышу,
Ты ёсць — і ў лад пяюць імшу
На свентай пожні,
І выратоўваюць душу
Ўдвая пабожней.

Ячмень сабралі да драбніцы —
І вось па жылах хмель бруіцца
Ці ў куфлі ў Новы год дыміцца
І йдзе таропка,
Бо робіцца агнём вадзіца
І цукру дробка.

У кузні грукат, пара, смаль.
Наўзбоч, цвярозыя амаль,
Развейваюць сяляне жаль
І п’юць, не тужаць,
Пакуль усю чаргу каваль,
Як смерць, абслужыць.

Свой жудасны абрыне ўдар
Вулкан — падковаў уладар,
Малоціць спраўна ў самы сквар
Ён па калодзе.
Звініць кавадла, крэкча жар —
Чысцец — дый годзе!

А прыйдзе немаўлятка ў свет,
Суседу штось шапне сусед,
Плявузгаюць у час бясед
І жук, і жаба,
А павітуху й на абед
Не клічуць бабы.

Калі суседзі — дзве дубіны —
Грызуцца, хто каму павінны,
Напой ячменны ў дзве хвіліны
Дасць рады сварцы.
Не ў суд ісці ім — проста чынна
Распіць па чарцы.

На жаль, бывае скрушна мне,
Бо ёсць у нашай старане
Такія, што не скажуць “не”
Ніводнай шклянцы,
І ўсё, што ёсць у іх машне,
Прап’юць, паганцы.

Што брэндзі? Дрэнь і гнюсата,
Прычына боляў жывата,
Хлябнеш — і нейкая лухта
У думках свінскіх,
І зноў жа — наша каліта
Ў руках чужынскіх.

Так, дарагія землякі,
Такое піць нам не з рукі!
Вы, як і сам я, бедакі,
І нам не варта
Мяшаць чужы адвар п’янкі
З шатландскай квартай.

А хто ад віскі моршчыць нос,
Таму падагру, і панос,
І камні ў ныркі дорыць лёс —
Халэмус блізкі!
Бо ён з сябрамі не паднёс
Да рота віскі.

Ты, віскі, сэрца нашых свят,
І бард крычыць табе “віват”!
Пішу без віскі неўпапад
Не вершы — фарсы,
А з ім гучаць адразу ў лад
І ў кропку арсы.

Дзе Ферынтош? Даўно забыты...
І як цяпер без аквавіты
Пражыць свой лёс несамавіты
І невясёлы,
Калі вакол адны бандыты
З акцызных колаў?

А гэтых п’явак тут — дальбог!
Прыперліся на наш парог,
Скруці, нячысты, іх у рог,
І дай нам шанец —
У серны запячы пірог
Для бедных п’яніц.

Каб вершыкі страчыць усмак,
Прашу сабе няшмат: праснак,
Штанцы (не драныя, аднак)
І трунак піткі,
Астатняе, мой кон-сляпак, —
Твае здабыткі.

пераклад са скотсаГанна Янкута



Элегія на смерць беднай Мэлі

(Poor Mailie’s Elegy)


У вершы плач і плач у прозе,
Ды плакаць болей я не ў змозе.
Лёс спатыкнуўся на дарозе,
Зламаў зубцы.
Бяда! Спачыла Мэлі ў бозе,
І ёй капцы.

Няхай цяпер хоць свет трасецца:
Рыдае Роберт у паветцы,
Ён звяў у горы, як у клетцы.
Гэй, малайцы,
Сяброўцы-Мэлі і суседцы
Зусім капцы.

Вясёла шчоўкаў капыток
За мной па ферме крок у крок,
Шчаслівы, чуў я “бе-е-е” здалёк
Сваёй аўцы.
Вазьму цяпер і страчу клёк,
Бо ёй — капцы.

Разумніца была — дай Божа!
Заўжды паводзілася гожа,
Шчэ ў траўні выкінуў я, можа,
Усе дубцы.
Яна не жэрла агарожы!
І ёй — капцы.

Цяпер сыду яшчэ да дня,
Аж глянь: бяжыць яе ягня,
Тут як пачнецца валтузня —
Давай хлябцы!
Ды не суцешыць нас гульня:
Аўцы ж — капцы.

Яна была не з нашых відаў
І мела іншую планіду.
Яе дзяды аднекуль з Твіду
Былі ганцы.
Адтарабанім паніхіду,
Бо ёй — капцы.

Яе пятля згубіла слепа,
(Пакаштаваць бы гіцлям цэпа),
І чухаюць няўхвальна рэпу
Цяпер хлапцы.
Павяжа Роберт стужку з крэпу,
Аўцы ж — капцы.

Сюды, музыкі з дунскай мелі!
Калі яшчэ не адгрымелі,
Калі зусім не паржавелі
У вас званцы,
Хаўтуры справім мы па Мэлі,
Бо ёй — капцы.

пераклад са скотсаГанна Янкута



Вошы, убачанай у царкве на капялюшыку адной лэдзі

(To a Louse.
On Seeing One on a Lady's Bonnet at Church)


Куды?! Вачам, паэт, не вер:
Да мілай лэдзі на каўнер
Гнюсота лезе... Вось дык звер —
Даруй мне, Божа!
Але нахабнасці надмер
Не дапаможа.

Табе не будзе тут пажывы,
Шуруй адсюль, вусяк паршывы,
Кім пагарджаюць справядліва
Святы і грэшнік, —
Хай чухае жабрак вашывы
Сабе лабешнік.

Бяры свой клан, шыбуй на волю —
Да пабірахаў і да голі,
Бадзяйцеся сабе ў раздоллі,
Як каралі.
Там грэбень не кране ніколі
Твае палі.

Паўзі, паўзі з маіх вачэй
У сховы сукні найхутчэй!
Калі б твой подлы род яшчэ
У складках церся...
Дык не — ты ўселася ямчэй
На самым версе!

Шкада, не ўзяў з сабой атруты,
Бо заслужыла парашку ты.
Тады пазбыўся б я пакуты,
Забыў пра гора,
А ты б канец сустрэла люты —
І лапкі ўгору.

І ладна села б ты на бардзе,
Палезла ў чэпчык у пагардзе,
Зашылася ў які кашмар дзе
І залягла...
Але палезці на “лунардзі”*...
Як ты магла?!

Не чуе погань — скок ды скок...
Ох, Джэні, адышла б ты ўбок.
У кут, у цень густы і змрок
Хавайся спорней,
Бо трапішся на язычок
Шаноўнай зборні.

Каб збоку ўбачыць мы маглі,
Кім ёсць мы, чары б уцяклі,
Пыхлівасці на ўсёй зямлі
Пазбыўся б кожны,
І мы б раптоўна зажылі
Амаль пабожна.

пераклад са скотсаКацярына Маціеўская



Джон Ячмень

(John Barleycorn)


Іх трое, ўсходніх каралёў,
Магутных, як агмень,
Што вырашылі як адзін:
Хай згіне Джон Ячмень!

Яго паклалі ў вогкі дол,
У ворныя клады,
І вырашылі як адзін:
Сканаў ён назаўжды.

Вясне скарылася зіма.
Калі ж дажджы прайшлі,
Усіх здзівіў наш Джон Ячмень,
Падняўшыся з раллі.

А тут і летняя пара,
Ён вырас, узмужнеў,
Гатовы коп’ямі адбіць
Чужую злосць і гнеў.

Няспешна восень падышла,
І вось — ледзь-ледзь жывы,
Стаіць, схіліўшы галаву,
Слабы ён і крывы.

Бляднеў, сівеў ён і зблякаў —
Старэчы лёс такі,
І ў наступленне перайшлі
Уладцы-чужакі.

Узброеныя да зубоў,
Яны нанеслі ўдар,
І вось ляжыць звязаны Джон
На возе, як махляр.

Яго паклалі на зямлю
І збілі ў пух і прах,
А змалаціўшы, пачалі
Развейваць на вятрах.

Набралі ў яміну вады
Амаль што цераз край,
І кінулі яго туды:
Маўляў, плыві давай.

Пасля яго звалілі зноў,
Мясілі — будзь здароў!
Ледзь знак жыцця ён падаваў,
Збівалі Джона ў кроў.

Пасля закінулі ў агонь
З яго касцей муку,
Якія мельнік-ліхадзей,
Патрушчыў на млынку.

І кроў яго яны пілі,
Закончыўшы жніво,
І радасці жывой струмень
Дарыла ім пітво.

Бо Джон Ячмень — герой і хват,
Ён мужным быў за двух.
Калі крыві яго глынеш,
Сам будзеш добры зух,

Забудзеш гора і бяду,
Палюбіш гарачэй,
І пойдзе танчыць удава,
Слязу змахне з вачэй.

Няхай жыве наш Джон Ячмень!
Я лёс штодня малю,
Каб поўнілі яго сыны
Шатландскую зямлю!

пераклад са скотсаГанна Янкута



Каментар

Да верша “Шатландскі віскі”

1. У Бібліі ў перакладзе Васіля Сёмухі радкі з эпіграфа гучаць наступным чынам: “Дайце сікеру таму, хто гіне, і віно засмучанаму душою; хай ён вып’е і забудзе беднасць сваю і не згадае больш пра сваю пакуту”.

2. Арса (альбо арсіс, ад. грэцк. ἄρσις, падняцце нагі ў танцы) — моцная доля стапы, якая вызначаецца іктам, рытмічным націскам.

3. У 1690 годзе Дункан Форбс атрымаў ад ураду дазвол вырабляць віскі, не плацячы акцызныя зборы. З гэтай прычыны віскі, што рабіўся на вінакурні Ферынтош, што належала сям’і Форбсаў, быў недарагім і лічыўся нацыянальным пітвом. Аднак у 1785 годзе прывілей быў адабраны, праз што цана на віскі вырасла.

Да верша "Вошы, убачанай у царкве на капялюшыку адной лэдзі"

Вінчэнца Лунардзі, сакратар італьянскай амбасады ў Лондане, здзейсніў у 1784 годзе першы ў Еўропе палёт на паветраным шары. Калі ў наступным годзе ён пабываў у Эдынбургу, там з'явілася мода на капялюшыкі "лунардзі" ў выглядзе паветранага шара.

Чытайце таксама

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Чак Паланюк

Чак Паланюк

Амерыканскі пісьменнік, аўтар "Байцоўскага клубу"

Мацей Стрыйкоўскі

Мацей Стрыйкоўскі

Адзін з найбольш вядомых і чытаных гісторыкаў Рэчы Паспалітай другой паловы XVI ст

Ян Балабан

Ян Балабан

Чэшскі пісьменнік, перакладчык, эсэіст. Перакладаў Лаўкрафта

2840