№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Чачот

Айчына, навука, цнота...

Песні філаматаў і філарэтаў

Пераклад з польскай Ганна Янкута

Адам Міцкевіч

(Adam Mickiewicz)


Хай радасцю ззяюць твары...

(Hej, radością oczy błysną...)


Хай радасцю ззяюць твары,
Вянчаюць нас лаўры і ружы.
З’яднайма нашыя мары,
Раздзелім шчасце і сцюжы!

Хай кожны гоніць зацята
Ліслівасць, пыху, турботы,
Мы вечна святкуем свята
Айчыны, навукі, цноты.

Нас лучаць душаў памкненні,
Адкрытыя сэрцы заўсёды,
Прэч, перашкоды й сумненні —
Вось крэда нашае згоды!

Дзень набліжаюць наш весні
Шчасце, сяброўства і песні.

Будзеш ты радасны сёння,
Ці будзеш нягодаю скуты,
За плугам ты ці ў кароне —
Нашыя помні статуты!

І помні вернасці словы,
Бо ў хвілі волі ці гнёту
Еднасці нашай асновы —
Айчына, навука, цнота.

Пройдзем любую дарогу
І будзем разам трымацца,
Нам неба спашле ў дапамогу
Мужнасць, братэрства і працу!



Тосты

(Toasty)


Як адрозніць ад нябыту
Гэты свет без рэчаў звычных:
Прамянёў, цяпла, магніту
І патокаў электрычных?

Што было б? Хаос бясконцы
Ў свеце цёмным і панылым.
Дык віват жа дзецям сонца,
Прамяням, адвеку мілым!

Ды святло нас грэе квола,
Цэлы свет марозам скуты:
Лёд у сэрцы, лёд наўкола
Без цяпла. Цяплу салюты!

Каб ад сонца захмялелым
Вецер не псаваў забавы,
Трэба зблізіць цела з целам.
Дзе магніт? Магніту слава!

Ён сяброў злучае спора.
Хай іскрыцца, намі ўзняты,
Слоік лейдэнскі бадзёра:
Электрычнасці — віваты!


Ян Чачот

(Jan Czeczot)


Што старыя за вар’яты?

(Co to starzy za warjaci...)


Што старыя за вар’яты?
Кажуць нам, гарачым,
Што дарэмна ля дзяўчатаў
Мы свой век мантачым.

Іх папрокі — проста кара,
Ды і працы многа,
Без дзяўчыны ж я, няздара,
Не раблю нічога.

Крышку пахаджу ў залёты,
Пажартую крышку —
Вось і зніклі ўсе турботы,
Вось і перадышка.

Зноў навокал будзе лета,
Знікне стома з горам,
Мы ж вясёлыя куплеты
Заспяваем хорам.

А таму вясновым промням
Не дасце вы рады,
Пастарэем — можа, ўспомнім
Вашыя парады.



Касец

(Kosarzu, kosarzu...)


Гэй, касец-юнача,
Ўзяты цёмнай зморай,
Ад якога сонца
Ты цярпеў найгорай?

Ад таго, што ў небе
Коціць ад заранкі,
Ці таго, што свеціць
У вачах каханкі?

Барукацца з сонцам —
Вечны лёс дзявочы:
Сонца паліць голаў,
Паляць сэрца вочы.

Уначы ці ў цені
Галава астыне,
Сэрцу ж паратунак
Толькі ў дамавіне.



Спеў, сябры, пачнем вясёлы...

(Bądmy, bracia, weseli...)


Спеў, сябры, пачнем вясёлы!
Хай зайздросцяць нам анёлы!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Куфлі даўнія падымем,
Бахуса натхнімся імем.

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім тых у кожнай ноце,
Хто дзяцей гадуе ў цноце.

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім дарагіх дзяўчатак —
Нашай радасці пачатак!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Вы сышлі з нябесных сфераў,
Каб узвысіць кавалераў!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Слава вам, сябры, бо разам
Мы не скорымся паразам!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім жонак адылі мы,
Бо няма без іх Радзімы!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

І мужоў на гаспадарках,
Што трымаюць дом на карках!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім шляхту, што ў нягодзе
Помніць аб сваім народзе!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Слава тым, чый клопат плённы
Нам прыносіць хлеб надзённы!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Слава мудрым і паэтам,
Нашым зорам над сусветам!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім добрых служак Бога,
Што не робяць людзям злога!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім урадоўцаў годных,
Што не чыняць рэчаў шкодных!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Славім вояў і герояў,
Бог для славы іх узброіў!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!

Слава ўсім на свеце людзям,
Роднымі заўжды мы будзем!

Спявайма, гуляйма,
Пра ўсё забывайма!


Тамаш Зан

(Tomasz Zan)


Турэмная песня

(Piosnka z więzienia)


Мне б арлом зрабіцца вольным,
Вырвацца з цянётаў,
Лёс бы мой не быў няўмольным,
Да цябе б я лётаў.

Ды няма канца нягодам,
Я праз гора крочу,
Робіцца хвіліна годам,
Дзень здаецца ноччу.

У чужых краях я лішні.
Сэрца пал бязмерны —
Колькі дасць жыцця Ўсявышні,
Столькі буду верны.

Ты не плач, хоць ніткай тонкай
Рвецца лёс журботны.
Будзеш ты чужою жонкай,
Буду я самотны.

Ды надзея дорыць сілы:
Як памру я, панна,
Ты ўздыхнеш каля магілы:
“Ён кахаў аддана”.

 

пераклад з польскайГанна Янкута

 

Пераклад з польскай – Ганна Янкута © 2011

Чытайце таксама

Ганна Сілівончык

Ганна Сілівончык

Беларуская мастачка

Дэса Мук

Дэса Мук

Славенская акторка, тэлевядоўца, публіцыст і дзіцячая пісьменніца

Дар'я Трайдэн

Дар'я Трайдэн

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

3641