№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Максімюк

Праца беларускага літаратурнага перакладчыка — гэта кантраляваная шызафрэнія

20 лістапада 2009

Праца беларускага літаратурнага перакладчыка — гэта кантраляваная шызафрэнія
З якіх моваў Вы перакладаеце? А якая мова для Вас – ружовая мара? 

На беларускую да гэтай пары я перакладаў з польскай, ангельскай, французскай, нарвежскай (nynorsk), дацкай і чэшскай. Фактычна чужыя мовы для мяне тут французская, нарвежская і дацкая. Мовы чэшская і ангельская – толькі “напалову замежныя”.

Па-чэшску я размаўляю з суседзямі і некаторымі калегамі на працы, часам гляджу чэшскае тэлебачанне, па-чэшску даводзіцца афармляць розныя жыццёвыя справы ў адміністрацыйных канторах (хоць наогул гэтым у сям’і займаецца жонка). А па-ангельску мне таксама даволі часта даводзіцца гаварыць на працы, дый 10 гадоў я адпрацаваў на Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода як ангельскамоўны журналіст-аналітык і толькі летась, калі перайшоў у беларускую службу, я стаў больш гаварыць і пісаць па-беларуску.

На чэшскай і ангельскай я чытаю пераклады з тых моваў, якіх не ведаю і не буду ведаць, – з фінскай, турэцкай ці гішпанскай, напрыклад. Так што чэшская і ангельская – гэта мае працоўныя мовы або мовы-пасярэдніцы, дзякуючы якім я дазнаюся, што пішуць і думаюць іншыя людзі. Калісьці такімі мовамі-пасярэдніцамі былі для мяне польская і расійская – у 1970-х і 1980-х сусветную літаратуру я чытаў амаль выключна ў перакладах на гэтыя мовы. Цяпер у Польшчы я бываю даволі рэдка, а таму і польскіх перакладаў набываю няшмат і чытаю значна менш, чым раней. А расійскія пераклады няма дзе набываць, дый надта і не рупіць.

На польскую мову я перакладаў толькі з беларускай. Гэта быў вымушаны занятак. Маім калегам на Беласточчыне пад канец 1990-х захацелася дапамагчы нашым суродзічам з Мінску ў прамоцыі беларускай літаратуры ў Польшчы, і яны раздабылі крыху граша на такую літаратурную партызаншчыну. А перакладаць нашых суродзічаў i арганізоўваць перакладчыкаў давялося мне. Такім чынам мы выдалі чатыры кніжкі: анталогію новай беларускай паэзіі 1987–1997 гг., “Дамавікамерон” Адама Глобуса, “Сцяну” Васіля Быкава і зборнік прозы Уладзімера Арлова.

Потым я яшчэ на некалькі гадоў звязаўся з Калегіюмам Усходняй Еўропы ва Ўроцлаве, робячы пераклады для іхнай выдавецкай серыі беларускай літаратуры. Я перакладаў або суперакладаў Валянціна Акудовіча, Уладзімера Арлова, Ігара Бабкова, Алеся Разанава, Андрэя Хадановіча, дапамагаў маладым перакладчыцам разабрацца ў некаторых складанасцях апавяданняў Альгерда Бахарэвіча. Я ўцягнуў у працэс перакладу і прамоцыі беларускай літаратуры ў Польшчы нават жонку і старэйшага сына. Я ўсё чакаў, пакуль з’явяцца польскія перакладчыкі з беларускай, для якіх польская мова будзе несумненна роднай, а не толькі “нечужой”, як для мяне і маёй сям’і. І, здаецца, дачакаўся. Ёсць ужо польскія перакладчыкі, якія няблага разумеюць беларускую мову. Так што мне ўжо няма чаго рабіць у польскай мове. І я вельмі задаволены гэтым. Як і тым, што выканаў свой патрыятычны перакладчыцкі абавязак, калі “Бацькаўшчына паклікала”.

А апошнім часам я стаў перакладаць на падляшскую, спрабуючы адным стрэлам упаляваць двух зайцаў – замацаваць пісьмовую норму для падляшскай мовы ды заснаваць сякую-такую перакладчыцкую традыцыю ў гэтай мове (ці дыялекце, калі каму зручней). Я пераклаў на падляшскую адзін раман з нованарвежскай і некалькі драбнейшых рэчаў з нямецкай, ангельскай, шведскай і дацкай.

З якой мовы мне хацелася б перакладаць? З японскай, напрыклад. Або з фінскай. Каб пусціць пыл у вочы знаёмым. Але, зразумела, мне ўжо не да гэтага. Я так і застануся пры згаданых індаеўрапейскіх мовах, шкадуючы, што няма часу, каб падвучыць гішпанскую або румынскую.

 

Як Вам, чалавеку, што нарадзіўся на Беласточчыне, у дзвюхмоўным асяродку, перакладаецца на беларускую? Ці няма спакусы часам ужыць паланізм? Якую мову вы лічыце сваёй роднай? Лягчэй перакладаць з польскай на беларускую ці з беларускай на польскую?

 

Мая родная мова – падляшская. З польскай мовай я ўпершыню сутыкнуўся, калі мне было шэсць гадоў і калі да нас на вёску – Ляхí ў Гайнаўскім павеце – прыехалі мае дваюрадныя сёстры і браты з Беластоку, якія гаварылі па-польску. Ну а потым, вядома ж, былі польскія школы і польская гарадская рэчаіснасць.

З беларускай літаратурнай мовай я ўпершыню сутыкнуўся ў другім класе пачатковай школы ў вёсцы Гародчына на Беласточчыне, калі мне было восем гадоў. Як і польская, беларуская літаратурная мова не была мне чужой, але і не была асабліва сваёй. Як калісь з дзядамі і бацькамі, так і цяпер з сваімі дзецьмі ды жонкай я гавару выключна па-падляшску. Нашая дачка і сыны таксама свабодна гавораць па-падляшску, хоць сынам паміж сабой, як сустрэнуцца, зручней размаўляць па-польску ці па-ангельску. Калі расставіць моўныя акцэнты дакладна, дык у сям’і Максімюкоў падляшская мова – родная, беларуская – нацыянальная, польская – дзяржаўная (ва ўсіх нас – польскае грамадзянства), чэшская і ангельская – дадатковыя мовы хатняга і каляхатняга ўжытку.

Забаўна, але праўдзіва: у нашай сям’і дзяржаўная мова актыўна выкарыстоўваецца толькі ў дачыненні да нашага сабакі Рубіна, ураджэнца Чэхіі. Мы яго купілі як шчанюка летась, пад шосты дзень нараджэння дачкі, і жонка стала яго вучыць сабачага выхавання паводле польскай кніжкі. Калі я спахапіўся, што нешта тут не так, і прапанаваў напісаць сабачы размоўнік і падручнік сабачага savoir-vivre па-падляшску, жонка сказала, што ўжо запозна і яна не будзе яго перавучваць, бо, чаго добрага, сабачка яшчэ шызанецца ад такога прасунутага сямейнага квадралінгвізму. І так ужо засталося – сабака ў нас, чэх па паходжанні, станоўча рэагуе толькі на польскую мову жонкі і дачкі. Я да яго гавару толькі па-свойму, на што ён або зусім не рэагуе, або рэагуе з яўнай неахвотай, а то й з іроніяй...

Перакладаецца мне на беларускую і польскую не скажу каб лёгка – проста няма патрэбнай моўнай практыкі, такой, прыкладам, як у перакладчыка-паляка, які ва ўсіх жыццёвых сітуацыях карыстаецца польскай мовай і на ёй думае. Мне, каб пачаць думаць па-беларуску, трэба час, каб “пераключыцца” з падляшскай на беларускую. Тое самае і з польскай. Але гэта магчыма.

Калі пачынаеш пераклад і абкладваешся слоўнікамі і энцыклапедыямі, твой мозг пасля нейкага часу пераходзіць, калі ўжыць тут тэрміны з атамнай фізікі, на вышэйшы энэргетычны ўзровень, на якім яго можна перастаўляць у розныя атамныя канфігурацыі – раз у стан, так бы мовіць, “з беларускім спінам”, а іншы раз у стан “з польскім спінам”. Праца беларускага літаратурнага перакладчыка, не толькі з Беласточчыны, – гэта такая кантраляваная шызафрэнія.

Калі параўноўваць лёгкасць або цяжкасць перакладу, дык мне лепей перакладаць на беларускую, чым на польскую. Па-беларуску мне лягчэй думаецца, чым па-польску. Ну й беларуская значна бліжэйшая да падляшскай, чым польская. І больш прыемнасці з пераўвасаблення нечага на беларускую мову, чым на польскую. Беларуская мова – як думаю, усе тут пагодзімся – не настолькі “літаратурна зацяганая”, як польская. Па-беларуску проста менш напісана, і беларускі перакладчык нярэдка мае адчуванне, што якраз ягоная нага (то бок, рука) ступае на нейкую тэрыторыю першая. Гэта вельмі прыемнае адчуванне, дзеля якога варта папсаваць зрок, карпатліва вышукваючы і выпісваючы розныя слоўцы з розных слоўнікаў.

Пра спакусу ўжывання паланізмаў у беларускай мове скажу так. Яна, відаць, значна большая для перакладчыка з Мінску, чым з Беластоку. Таму што на перакладчыка ў Мінску цісне перадусім расійская мова, а пальшчызна яму не ўяўляецца такой пагрозай для чысціні беларушчыны, як расійшчына. У Беластоку ўсё наадварот.

 

Давайце з нагоды нядаўняга Хэлаўіна крыху папалохаем чытачоў. Раскажыце, калі ласка, ці збіраецеся Вы выдаваць “Уліса” цалкам?

 

Вось сайт Літаратура.org мы адкрылі, публікуючы фрагмент апошняга раздзелу “Уліса”, вядомага пад назвай “Пенелопа”. Гэта сігнал для ўсіх, хто яшчэ памятае, што ў 1993 годзе ў Беластоку з’явілася першая палова перакладу “Уліса”, што перакладчык пра другую палову не забыўся і нешта з ёю пачаў рабіць. Сайт Літаратура.org для мяне – такі маральны імператыў, каб пераклад кніжкі Джойса закончыць і апублікаваць. Не ведаю, хто будзе чытаць другую частку, бо яна яшчэ больш шарахнутая за першую. Дый першая, як мне здаецца, як след не прачытаная – у мяне ў Беластоку ўсё яшчэ ляжыць 300 хораша запакаваных асобнікаў перакладу, чакаючы чытача. На самой Беласточчыне не дачакаюцца, бо там людзі ўжо перасталі чытаць па-беларуску, хоць усё яшчэ спрабуюць пісаць і гаварыць... Ды ўсё роўна, заканчэнне “Ўліса” – мой цяперашні перакладны прыярытэт. Я не збіраюся ў найбліжэйшыя гады перакладаць нічога аб’ёмнага, а буду рабіць карацейшыя рэчы (вершы і апавяданні) ды дацягваць “Уліса”. Траціна другой паловы “Уліса” ляжыць перакладзеная гадоў 15 таму – яе трэба перачытаць і, безумоўна, перапісаць яшчэ раз, а потым ісці далей. Гэтым я і збіраюся займацца найбліжэйшыя два гады. І публікаваць вынікі гэтага занятку прынагодна на нашым сайце.

 

На сайце ёсць Вашыя пераклады з рэдкіх для нас дацкай і нарвежскай моваў. Чым цікавыя скандынаўскія літаратуры? Якіх аўтараў Вы б хацелі адкрыць беларускаму чытачу? Ці сутыкаліся Вы з нейкімі адмысловымі складанасцямі падчас перакладу з гэтых моваў?

 

Скандынаўскія літаратуры – гэта светапоглядна і культурна вельмі адрозная тэрыторыя ад нашай літаратуры. Іхны свет – цвярозы і рацыянальны; наш – п’яны і нелагічны. У іх – стрыманасць у словах і эмоцыях ды самаіронія; у нас – ніякай адказнасці за словы і эмоцыі ды самашкадаванне з самалюбаваннем. У іх – пратэстантызм, рэлігія працы і гаспадарлівасці; у нас – праваслаўе і каталіцызм, рэлігіі свята і марнатраўства.

Як думаю, хопіць і гэтых адрозненняў, каб аргументаваць, чаму беларусу павінна быць цікава пачытаць нешта перакладзенае са шведскай або нарвежскай. Да таго ж, як мне здаецца, нарвежская літаратура сёння – адна з самых дынамічных і цікавых у Эўропе, асабліва што тычыцца прозы. Пра шведскую і дацкую літаратуры ў мяне даволі цьмянае ўяўленне – там проста ёсць некаторыя пісьменнікі і рэчы, якія мне падабаюцца (прыкладам, дацкія паэты Генрык Нордбрант, Клаўс Рыфб’ерг, Інгер Крыстэнсэн і Пія Тафдруп, дацкі празаік Свэн Оге Мадсэн, шведскія празаікі П. К. Ершыльд і Торгні Ліндгрэн).

А што тычыцца нарвежскай, дык у мяне ў Празе некалькі паліцаў з нарвежскімі пісьменнікамі, як класікамі (Кнут Гамсун, Тар’ей Вэсас, Юхан Борген, Сігурд Гёль), так і сучаснікамі, якія складаюць сённяшні гонар нацыянальнай літаратуры (сярод іншых – Ларш Собю Крыстэнсэн, Х’яртан Флёгстад, Інгвар Амб’ернсэн, Ян Х’ерстад, Х’ель Аскільдсэн, Даг Сольстад, Рой Якабсэн, Б’ёрг Вік, Тувэ Нільсэн, Торгрым Эген, Турэ Эрык Люнд, Карл Увэ Кнаўсгард). Вось гэтых аўтараў і хацелася б паказаць беларускаму чытачу, але я цалкам усведамляю, што ні часу, ні сілы на ўсіх у мяне няма. Але нешта з гэтага, як думаю, зробіцца.

Да таго ж, па-шведску пісала Астрыд Ліндгрэн! Я пераклаў першую частку “Дзяцей з Булербю” на падляшскую для дачкі, каб яна атрымала тое, чаго перад ёю не атрымаў ніводзін чалавек на свеце, – кніжку па-падляшску з файнай гісторыяй, якую тата або мама могуць пачытаць ёй перад сном. Я думаю яшчэ пра пераклад “Піпі Доўгай Панчохі”, а магчыма, што і “Роньі – дачкі разбойніка”.

Перакладаць са шведскай, дацкай і нарвежскай-гарадской (bokmål) – наогул нескладана. Граматыкі гэтых моваў простыя і даволі празрыстыя, да таго ж, граматычна і лексічна гэтыя мовы вельмі падобныя на нямецкую і ангельскую, якія я вывучваў непараўнальна даўжэй, чым скандынаўскія. Складанасці, зразумела, вынікаюць у першую чаргу з таго, што перакладчык недастаткова начытаны ў літаратурах гэтых моваў і недастаткова падкаваны ў гісторыі гэтых краінаў, а таму не заўсёды разумее ўвесь кантэкст перакладанага тэксту і ўсе літаратурныя і пазалітаратурныя перагукі і алюзіі. А таму так істотна прачытаць як мага больш крытычных водгукаў на перакладаную рэч, каб дазнацца, як яна ўспрымаецца суайчыннікамі аўтара. Ну, але гэта павінна быць абавязковай хатняй задачкай для кожнага перакладчыка перад тым, як ён бярэцца за пераклад.

Праўду кажучы, я не надта веру ў пераклад “сходу” – проста прачытаў тэкст, сеў і пераклаў яго. Такое часам магчыма ў дачыненні да верша, з апавяданнем наўрад ці ўдасца, а да раману без папярэдняй падрыхтоўкі няма чаго і падыходзіць.

А вось перакладаць з нованарвежскай (nynorsk) цяжкавата, бо няма добрых перакладных слоўнікаў. Фактычна ёсць адзін добры, нарвежска-ангельскі слоўнік, у якім пазбіраныя словы з абедзвюх нарвежскіх моваў, але ён выйшаў у 1965 годзе і ўжо састарэў. Даводзіцца карыстацца салідным тлумачальным слоўнікам нованарвежскай мовы, які выйшаў у 1993 годзе, але гэта не заўсёды дае пажаданы вынік – сэнс слова можна зразумець, але часам не ўдаецца ўхапіць яго стылістычную афарбоўку і статус.

Прызнаюся, мне часам цяжка зразумець паэзію, пісаную па-нарвежску або па-дацку. Паэтычнае думанне – яно выразна менш індукцыйнае (або больш асацыятыўнае), чым у прозе, і калі ў вас недастатковая напрактыкаванасць у мове (а такая ў мяне сітуацыя са скандынаўскімі мовамі), дык часам здараюцца месцы няўцямныя на ўзроўні сэнсу. З увагі на такія няўцямнасці – часам радок, а часам усяго нейкае нечаканае словазлучэнне – я са шкадаваннем мусіў адмовіцца ад перакладу некаторых вершаў Генрыка Нордбранта. А вось пайсці са зборнікам паэзіі ў міжнародную школу, куды ходзіць мая сямігадовая дачка і дзе вучыцца куча дзяцей дацкіх бацькоў, якіх можна было б запытацца пра тыя цёмныя месцы, я пакуль што не наважыўся ці, можа, не даўмеўся... Дый я не ведаю, ці чытаюць датчане паэзію наогул. Кажуць, зборнікі Нордбранта выходзяць накладам усяго па 300 асобнікаў.

 

З якой мовы Вам цікавей за ўсё перакладаць? Чым гэта абумоўлена? А на якую?

 

Цікавей за ўсё мне перакладаць прозу Тар’ей Вэсаса, то бок з нованарвежскай мовы – як на беларускую, на якую я пераклаў ягоны раман “Лядовы палац”, так і на падляшскую, на якую мне пераклаўся іншы ягоны раман, “Веснавая ноч”. Па-першае, гэта выдатны пісьменнік, і гэта ўсе ў Нарвегіі прызнаюць, хоць некаторыя круцяць носам, што занадта вясковы, бо пісаў пра нарвежскую вёску і на вясковай мове. Па-другое, лёс пісьменніка быў вельмі гарманічны і сугучны ягонай творчасці – ён усё жыццё працаваў з жонкай, адной з самых выдатных паэтак Нарвегіі, на гаспадарцы, на якой ён араў, сеяў і касіў, так, як тыя, пра якіх ён пісаў. Ягоныя кніжкі дыхаюць нечым сапраўды аўтэнтычным і спракаветным, нечым, калі можна так сказаць, архетыпічным. У беларускай літаратуры водгук нечага такога, архетыпічнага, мне адчуваўся калісьці, калі я чытаў прозу Івана Пташнікава.

Асабліва файна кладзецца нованарвежская мова Тар’ей Вэсаса на падляшскую – тут якраз назіраецца бадай ці не поўная адпаведнасць паміж лексікай і стылем Тар’ей Вэсаса ды лексікай і стылем маіх бацькоў, уплыў якіх на фармаванне падляшскай літаратурнай мовы пакуль што самы істотны.

Таго, хто закруціў носам, прачытаўшы такую рэкамендацыю Т. Вэсаса, я намаўляю не пашкадаваць часу, спампаваць ягоны раман “Лядовы палац” з сайта Літаратура.org і пазнаёміцца з ім нейкім вечарам. “Лядовы палац” – гэта неверагодна прыгожая аповесць пра жыццё і смерць, гэта зімовая казка пра дзяцей, напісаная дарослым для дарослых. Гэта Літаратура з вялікай літары. Магчыма, прачытаўшы “Лядовы палац”, нехта захоча прачытаць і “Веснавую ноч” па-падляшску, спампаваўшы раман са Svoja.org. Як-ніяк, таксама ж беларускі пераклад, а не расійскі ці польскі.

 

Што такое для Вас добры пераклад? Назавіце пяць найлепшых, на Вашую думку, беларускіх перакладчыкаў.

 

Найпершая пазнака добрага перакладу – ён павінен добра чытацца. Добра – значыць уцямна, гладка, цікава, займальна... Рэч, аднак, у тым, што і некаторыя благія пераклады таксама добра чытаюцца. Вось я прачытаў “Лядовы палац” у польскім перакладзе гадоў за 30 таму. Пераклад мне настолькі добра чытаўся і настолькі моцна ўеўся ў памяць, што я праз трыццаць гадоў зразумеў – мне гэты нарвежскі раман трэба перакласці на беларускую, каб неяк ад яго адвязацца і неяк асвоіць той безназоўны сверб душы, які адзываўся пры ўсіх тых нагодах, калі я чытаў нешта файнае і вартаснае.

Дык вось, я ўзяў і навучыўся нарвежскай мовы дзеля Тар’ей Вэсаса, дзеля гэтага раману. А перакладаючы яго, я выцягнуў са сваёй хатняй бібліятэчкі той польскі пераклад, каб параўнаць дый пакарыстацца ім як дапаможнікам у некаторых цёмных месцах. І перажыў страшэннае расчараванне, калі адкрыў, што колькасць цёмных месцаў у арыгінале для польскай перакладчыцы была непараўнальна большая, чым для мяне, і што яна іх пераклала не зусім каб адэкватна, а часам проста прапусціла. Я яе не вінавачу – я перакладаў кніжку Вэсаса праз 30 гадоў з гакам пасля яе, дый то меў цяжкасьці, каб знайсці адпаведныя слоўнікі. Да таго ж, якраз тая дама дала мне адчуць смак сапраўднай літаратуры. Але добрым яе пераклад “Лядовага палацу” я сёння не назваў бы.

Дык што насамрэч значыць добры пераклад? Добры пераклад, па-першае, павінен быць добрай кніжкай, незалежна ад таго, ці такой кніжкай з’яўляецца сам арыгінал (то бок такой, якая добра чытаецца і выклікае тое трымценне, ці сверб, у душы, пра якое я толькі што згадваў). Да ўсяго да гэтага, добры пераклад павінен яшчэ добра стасавацца з нейкім наборам крытэраў перакладной адэкватнасці.

Інакш кажучы, добры пераклад – гэта літаратурны твор удвая больш складаны, чым яго арыгінал. Бо акрамя таго, што пераклад уяўляе сабою літаратурны твор per se, ён яшчэ ўяўляе сабою і зродненага двайніка літаратурнага твору, які, пры недахопе іншага агульнапрынятага тэрміну, мы называем арыгіналам. Нічога такога, на жаль (ці на шчасце), мы не можам сказаць пра падвоеную складанасць арыгіналу. Арыгінал можа быць толькі такі, які ён ёсць, і кропка. А пераклад, хоць, безумоўна, можа быць цалкам храновы, але можа таксама быць і добры, і яшчэ лепшы, і нават выдатны.

Мне тут не хочацца гаварыць пра крытэры адэкватнасці перакладу. Проста я не хачу, каб вы пазасыналі. Кожная так званая школа перакладу ці нейкая значнейшая кафедра перакладу ва універсітэце дае свой рэцэпт адэкватнага і харошага перакладу. Але я асабіста, колькі тых рэцэптаў ні чытаў, так і не навучыўся, як іх скарыстаць на практыцы. Таму мне лягчэй, чым каму іншаму, пагадзіцца з брытанскім пісьменнікам Лорэнсам Норфалкам, які выказаўся ў тым з’едлівым сэнсе, што “існаванне кафедраў тэорыі перакладу ва універсітэтах па ўсім свеце гарантуе магчымасць дасканалага перакладу не больш, чым папскі пасад запэўнівае цноту ў Рыма-каталіцкай царкве”.

Сам для сябе я гэтыя крытэры вызначаю навобмацак. Падам адзін прыклад такога мацання. У першым эпізодзе “Уліса” ёсць сцэна, у якой адзін герой з замашкамі блюзнера і дасціпніка ці то кажа, ці то нешта цытуе: “And going forward, he met Butterly”. Чорт ведае, хто гэты Батэрлі – пра яго ні ў гэтым раздзеле, ні ў трынаццаці наступных няма ні слова. Але нейкі Батэрлі згадваецца мімаходам у пятнаццатым раздзеле. Літаратуразнаўцы ўстанавілі, што ў Дубліне ў 1904 годзе жыў тып з прозвішчам Батэрлі, пра якога Джойс мог чуць, а таму і мог прыцягнуць яго чортведама навошта ў сваю кніжку. Гэтага хапіла, каб польскі перакладчык “Уліса” пераклаў гэтую фразу даслоўна. Ён, як кажуць, аддаў даніну фактаграфічнай дакладнасці ў кніжцы Джойса. Мне гэтае месца, чыста на слых, нагадала перш за ўсё радок у Новым Запавеце, у Евангеллі ад Мацвея (26–75): “And going forward, he wept bitterly”. Гэта пра апостала Пятра, які тройчы выракся Хрыста, толькі што схопленага рымскімі жаўнерамі. У беларускім перакладзе Новага Запавету гэтае месца гучыць: “І выйшаўшы вонкі, плакаў горка”. Дык вось, я гэты радок Джойса перарабіў на: “І выйшаўшы вонкі, балакаў на пазадворку”. Чамусьці мне думаецца, што я зрабіў значна лепш, чым калі б пакінуў таго няўцямнага Батэрлі. Інакш кажучы, я лічу, што тут пайшоў ад добрага да лепшага...

А наконт найлепшых беларускіх перакладчыкаў... Нават калі б я і ведаў адказ на гэтае пытанне, дык толку з яго было б мала, а шкоды для сябе – не абабрацца. Але я не ў змозе вызначыць такую найвышэйшую перакладчыцкую лігу, бо, да свайго сораму, мала што з беларускіх перакладаў прачытаў. Так склалася, што тыя рэчы, якія з’явіліся па-беларуску, я ўжо быў прачытаў або ў арыгінале, або ў перакладах на польскую, расійскую, ангельскую ці чэшскую. А адзін раман Архана Памука я нават прачытаў па-ўкраінску. (Мы, беларусы, безнадзейна адстаем у перакладах ад усіх на свеце. Ну чаму ніхто з нашых не навучыцца турэцкай і не перакладзе Памукаву “Чорную кнігу” (я прачытаў яе па-расійску, а цяпер чытаю па-ангельску) або ягоную прыгожую і кранальную кніжку-ўспамін пра Стамбул?) Дык вось, калі я нешта быў прачытаў ці то ў арыгінале, ці ў небеларускім перакладзе, дык па-беларуску мне наогул не хацелася перачытваць, бо проста шкадаваў часу. Але часам усё ж я чытаў і перачытваў.

А таму я тут скажу толькі, штo мне па-беларуску чыталася настолькі добра, штó я з чыстым сумленнем магу рэкамендаваць тое іншым. Напрыклад, пераклады “Гамлета” і “Караля Ліра” Юркі Гаўрука. Гэта сапраўды магутныя рэчы – так бы мовіць, тэксты-апраўданні для існавання і беларускай мовы, і беларускай культуры наогул. Або пераклады Васіля Сёмухі “Сімпліцысімуса” Г. Я. К. фон Грымельсгаўзэна і “Парфумы” П. Зюскінда. Цудоўная літаратурная страва. А беларускага “Доктара Фаўстуса” Т. Мана – кнігу, ад якой мяне нудзіць пры самой яе згадцы, – я перачытваў два разы, каб рассмакавацца ў мове, якую спадар Сёмуха адмыслова прыдумаў для гэтага перакладу. Або, напрыклад, пераклады Бруна Шульца і Фрыдэберта Тугласа ў выкананні Сяргея Шупы – лепшай літаратуры ў беларускай мове са свечкай шукаць...

 

Вы перакладаеце твор педантычна, ад пачатку да канца, ці пачынаеце з любімых (альбо нелюбімых) месцаў?

 

Наогул ад пачатку да канца, калі рэч датычыць прозы. З вершамі бывае па-рознаму. Часам спачатку перакладзецца нейкі кавалак з сярэдзіны, а потым ужо ўсё астатняе. Тое, як верш перакладаецца ў самым пачатку, задае тон і ўзровень усяму астатняму, а таму ўдалы пераклад нейкага кавалка верша натхняе на пераклад цэласці.

 

Ці даводзілася Вам вяртацца да старых перакладаў, нешта выпраўляць ці ўвогуле перапісваць наноў? Ці расце пераклад разам з перакладчыкам?

 

Я дасюль няшмат апублікаваў – фактычна, толькі цяпер пачынаю ўсур’ёз публікаваць, на сайце Літаратура.org – таму выпраўляць пакуль не было шмат нагодаў. Але ўжо здаралася – напрыклад, я сям-там выпраўляў пераклад “Танцавальных гадзінаў для старэйшых і спрактыкаваных” Багуміла Грабала з 2000 году для кніжнага выдання ў Мінску ў 2007 годзе. І ведаю, што калі б мне захацелася перавыдаваць першую частку “Уліса”, дык трэба было б уседліва папрацаваць над новай, лепшай версіяй. Мінула 16 гадоў з часу публікацыі, цягам якіх, як мне здаецца, я нечаму новаму навучыўся, як у беларускай, так і ангельскай мовах. І ў мяне ўжо гадоў 12 ляжыць пераклад паловы шалёнага раману С. І. Віткевіча “Неспатоленасць”. Калі надумаюся нешта з яго апублікаваць, дык ведаю, што трэба будзе шмат пагарбець над ім, перапісваючы па-новаму.

 

Ці існуюць для Вас неперакладальныя месцы (творы, аўтары)? Прывядзіце колькі цяжкіх прыкладаў з вашай перакладчыцкай практыкі, якім вы такі далі рады.

 

Канечне, існуюць. Вось я ўжо згадаў выпадак з тым Батэрлі ў Джойса. Гэта, так бы мовіць, хрэстаматыйны прыклад “неперакладальнага месца”. Можна або перакласці літаральны сэнс фразы, або паспрабаваць перадаць перагук фразы з астатнім моўным сусветам, то бок з Бібліяй як цэнтрам моўнага сусвету еўрапейскай культуры. Адно і другое ў беларускім перакладзе зрабіць немагчыма. “Сустрэў Батэрлі”, на жаль, не перагукаецца з “плакаў горка” ні ў нашым моўным цэнтры, які немаведама дзе знаходзіцца, ні на ягонай перыферыі.

Калі быць дакладным і дагаворваць некаторыя рэчы да канца – а літаратурны перакладчык мусіць быць менавіта такім дакладным і бясстрашным, – дык трэба сказаць, што існуюць не толькі “неперакладальныя” творы і аўтары, але і мовы. Возьмем беларускую і французскую. Як у беларускай, у якой існуе толькі адзін мінулы час і два трыванні дзеяслова, перадаць усе адценні французскага стылю, у якім дзесятак мінулых часоў? Усё ж такі нават для сярэдне начытанага француза існуе выразная розніца паміж мінулым, якое раз можна апісаць пры дапамозе passé simple, а іншы раз пры дапамозе imparfait, passé récent, passé composé, plus-que-parfait, passé antérieur або passé surcomposé. А ўжо пра такія штучкі як conditionnel і subjonctif і згадваць не варта...

Або турэцкая мова, у якой я ні халеры не цямлю, але ў мяне ёсць граматыка гэтай мовы па-чэшску, з якой кожны раз, калі туды ні загляну, я дазнаюся пра новыя дзівосы. Што насамрэч для туркаў і для іхнага бачання свету значыць факт, што іхная мова на лексічным узроўні не адрознівае полу – у іх там толькі адно слова на нашы “ён”, “яна”, “яно”? А, напрыклад, ладоў дзеяслова ў іх значна больш, чым у нас. Акрамя абвеснага, умоўнага і загаднага там ёсць яшчэ такія, якія не ведаеш адразу, як і назваць па-нашаму: necessitativus (дзеянне, якое з гледзішча размоўцы конча трэба ажыццявіць), optativus (дзеянне, якое размоўца лічыць пажаданым), conditionalis і conditionalis causativus (дзеянне, якое размоўца лічыць пажаданым або ўмовай іншага дзеяння), dubitativus (дзеянне, пра якое размоўца чуў ад іншых асобаў, але не гарантуе дакладнасці інфармацыі). Вось так. Ці магчыма гэтыя халерствы перакласці на беларускую не толькі дакладна па сэнсе, але і па стылі? Я асабіста сумняваюся. Тым не менш, людзі неяк перакладаюць.

Калі пагодзімся, што дакладны (адэкватны, эквівалентны) пераклад зместу і стылю немагчымы ў прынцыпе, дык тады можам паразважаць як сур’ёзныя людзі, а што насамрэч магчыма на практыцы? На практыцы магчыма перакладаць больш-менш дакладна. Камусьці перакладаецца больш, а камусьці менш. А таму ёсць сэнс параўноўваць розныя пераклады аднае і тае самае рэчы і даваць ацэнкі: гэты – благі пераклад, а гэны – не зусім каб...

Безумоўна, у кожным перакладзе адзін з самых цікавых аспектаў – як перакладчык дае рады, як вы сказалі, цяжкім месцам. Напрыклад, Джойс нашпігаваў “Уліса” якраз такімі “неперакладальнымі” моўнымі гульнямі і забавамі ды рытарычнымі фігурамі, дзе наогул немагчыма захаваць і сэнс, і стыль арыгіналу ў перакладзе. Тактыкай перакладчыка ў такіх выпадках, па-мойму, павінна быць захаванне таго, што ён лічыць важнейшым (то бок або літаральны сэнс, або нейкі фармальны выкрутас), а калі і гэта немагчыма, дык кампенсацыя перакладной страты ў “нейкі іншы спосаб”. Прывяду тут тры-чатыры прыклады такога загадзя асуджанага на паразу перакладчыцкага змагання з “Улісам”.

 

1. У 1986 ці 1987 годзе, калі я дайшоў да месца ў рамане Джойса, дзе трэба было перакласці два агульнавядомыя ў ангельскамоўным свеце паліндромы (“Madam, I’m Adam. Able was I ere I saw Elba”), я не ведаў, ці хто-небудзь у беларускай мове ўвогуле напісаў нейкі паліндром, не кажучы ўжо пра такі, які стаў бы агульнанацыянальным набыткам. Паэма “Рогі гор” Віктара Жыбуля – гэта значна пазнейшая рэч. А таму я разумеў, што беларускі пераклад гэтага месца, які б вынаходлівы ён ні быў, заўсёды будзе “міма” – ён ні ў кога не выкліча пажаданай рэакцыі “распазнання” ці “прыгадання” нечага вядомага. Магчыма, ніхто і не заўважыць, што тут якраз маюцца на ўвазе паліндромы. Першы з іх я пераклаў амаль літаральна, – “Мадам, а во’ вам Адам”, – чым, зразумела, ганаруся (асабліва тым, што апастрафальнаму I’m я знайшоў эквівалент у выгляде беларускага во). Але ў другі паліндром мне ўдалося ўставіць толькі Авеля: “Авель з ружай, а жур зьлева”. Аднак і тут ёсць свая разыначка – пераклад запісаны тарашкевіцай, але калі перапісаць яго наркамаўкай, паліндром таксама захаваецца: “Авел з ружай, а жур злева”.

 

2. Цяпер зусім дробная рэч. Адзін з трэцярадных пэрсанажаў галантна дзякуе за цыгарэту, спалучаючы ангельскую мову з французскай: “Thanky vous”. Мне ўдалося змяшаць беларускую з ангельскай: “Дзякуyou”. Вынік перакладчыцкай натугі відаць перш за ўсё на пісьме, але, як мяркую, усё пагодзяцца, што так значна лепш, чым звычайнае “Дзякуй” або “Дзякую”.

 

3. Галоўны герой “Уліса”, рэкламны агент Леапольд Блум, у адным месцы разважае пра цяжкасці ангельскага правапісу і звязаную з імі нейкую галаваломку, якую адзін ягоны знаёмы забыўся даслаць у газету: “Want to be sure of his spelling. Proof fever. Martin Cunningham forgot to give us his spellingbee conundrum this morning. It is amusing to view the unpar one ar alleled embarra two ars is it? double ess ment of a harassed pedlar while gauging au the symmetry with a y of a peeled pear under a cemetery wall. Silly, isn't it? Cemetery put in of course on account of the symmetry”. Літаральна перакласці гэтую правапісную галаваломку немагчыма, бо тое, што цяжка запісаць па-ангельску (embarrassment, harassment, symmetry, cemetery), не заўсёды цяжка запісваецца па-беларуску. Таму перакладчыку прыходзіцца ўзяць пару правапісна цяжкіх словаў у беларускай мове (прыкладам, разносчык, расплюшчаны) і змяшаць іх у нейкі кактэйль з тымі, што выступаюць у арыгінале: “Павінен усё дакладна ведаць як пішацца. Карэктарская ліхаманка. Ранкам Марцін Канінгам забыўся нам даць сваю правапісную галаваломку. Забаўна бачыць з нічым не параўнаная не асобна здаецца? збянтэжанасць разносчыка эс чэ перад расплюшчанай тут эш чэ грушай з блізкага складу на кладах. Ці ж не бязглуздзіца? Клады, безумоўна, устаўленыя тут для складу”. Добра ці блага перакладзенае гэтае месца? А хрэн яго ведае. Але мне тут прыемна прыгадаць, як я абгуляў словы “клады” (“склад нябожчыкаў”) і “склад” (спосаб або стыль выказвання) – cemetery put in of course on account of the symmetry, так бы мовіць.

 

4. У перадапошнім раздзеле “Ўліса”, куды я яшчэ не дабраўся з перакладам, ёсць акраверш, які Леапольд Блум напісаў у маладосці, калі быў закахаўся ў сваю будучую жонку Молі (Мэрыян). Польскі літаратуразнавец Тадэвуш Шчарбоўскі, які ў сярэдзіне 1990-х пісаў кніжку пра параўнанне стратэгіяў перакладу розных моўных гульняў ва “Улісе”, беручы пад мікраскоп даследніка тузін розных еўрапейскіх перакладаў і нават адзін кітайскі, папрасіў мяне, каб я пераклаў гэты акраверш адмыслова для ягонага даследавання. Я так і зрабіў. Спачатку арыгінал гэтага пяцірадкоўніка:

 

Poets oft have sung in rhyme

Of music sweet their praise divine.

Let them hymn it nine times nine.

Dearer far than song or wine.

You are mine. The world is mine.

 

Першыя літары кожнага радка складаюць слова Poldy – гэта ласкальная форма імя Леапольд. Паколькі па-беларуску ў першай частцы перакладу я перадаваў Poldy як Польдзі, перад гэтым акравершам мне трохі раскірэчыўся розум. Што рабіць? Вынік атрымаўся такі:

 

Песню ўславіць і віно паэт,

Оду ім складзе альбо санэт.

ЛЬга хай мне парушыць запавет,

ДЗеля воч тваіх забыць банкет

І займець цябе – займець мой свет.

 

Далей паслухайма польскага літаратуразнаўца, як ён бачыць натугу беларускага перакладчыка, пераклад якога ён параўноўвае з раней разгляданым расійскім перакладам, у якім пяцірадкоўнік ператвараецца ў графічны шасцірадкоўнік, бо расійскія перакладчыкі (дарэчы, адзін з іх – беларус па паходжанні, Сяргей Харужы, сын некалі вядомай у некаторых колах Веры Харужай) не знайшлі слова, якое ў расійскай пачыналася б з графемаў ль, і дадалі адзін “пусты” радок, у якім стаіць толькі графема ь: “Алфавітам, абапертым на мадыфікаванай кірыліцы, паслугоўваецца таксама беларуская мова. Ян Максімюк скарыстоўвае, аднак, іншую перакладную стратэгію, чым расійскія перакладчыкі. Яна палягае на тым, што абапіраючы акраверш на слове “Польдзі”, перакладчык не пабольшвае колькасці радкоў, але пачынае трэці радок словам “льга”, а перадапошні – словам “дзеля”. Абодва радкі заключаюць па дзве літары са слова “Польдзі”. Беларуская версія акраверша абапіраецца на аднанаціскной мужчынскай манарыфме, як і арыгінал. Гэта кампенсуе той факт, што ні адно з рыфматворных словаў арыгіналу не захавала сваёй функцыі ў перакладзе. Праблемай, характэрнай толькі беларускаму перакладу, з’яўляецца патрэба распачаць другі радок словам з пачатковым “о” – гэткія словы ў беларускай мове здараюцца толькі ў рэдкіх пазычаннях. Бо этымалагічнае “о” або перайшло ў “а” ў выніку акання, або папярэджваецца пратэтычным “в” (напрыклад, “воблік”) ці “j” (“ён”). Таксама няшмат словаў пачынаецца графемамі “ль”. Беларускі перакладчык аднак захаваў у перакладзе фармат трахею з арыгінальнага акраверша. Тэтраметр ён заступіў пентаметрам”. (Tadeusz Szczerbowski, "Gry językowe w przekładach "Ulissesa" Jamesa Joyce'a", Instytut Języka Polskiego PAN, Kraków 1998)

Ад сябе дадам, што мяне надзвычай цешыць форма роднага склону слова вочывоч (sic!) – якую я ўплішчыў, каб дадаткова падкрэсліць, так бы мовіць, нікудышні ўзровень гэтага вершыка.

 

5. На заканчэнне кавалак прозы, які імітуе свецкую хроніку з гламурнага часопісу. Джойс апісвае ў парадыйнай манеры шлюбную цырымонію ірландскага лесніка, даючы доўгі спіс вясельнікаў з прозвішчамі, якія перагукаюцца з назвамі дрэваў і іншай расліннасці Ірландыі, якая тут пераўтвараецца ў шыкоўную краіну Лесаландыю. Пераклад такога месца, па-мойму, павінен перш за ўсё перадаваць аўтарскі парадыйны намер і “лясны клімат” сцэны, а не яе дакладнае лексікальнае напаўненне (літаральна цытаваць ці “перакладаць” ангельскія прозвішчы не падаецца ні разумным, ні цікавым). Я збеларусізаваў гэтае лясное вяселле амаль дашчэнту:

 

“Вярхоўе й нізоўе шышкоўнага й лістоўнага свету ўсяе Лесаландыі прысутнічала ў той надвячорак en masse на зашлюбінах кавалера Жана Візэ дэ Налана, вялікага першага галоўнага ахоўніка Ірландскіх Нацыянальных Лясоў, з міс Ялінкай Шышкевіч з Сасновай Даліны. Ценю ўрачыстасці прыдалі сваёй прысутнасцю лэдзі Крылатка Вязоўская, місіс Бэла Бяроза, місіс Груша Калючэня, місіс Арэхва Ляшчынская, міс Лаўра Бабкова, міс Пушынка Дзьмухавец, місіс Паляна Схаваная, місіс Арабінія Малая, місіс Лаза Вінаградная, міс Дзераза Паўзун, міс Галінка Букоўская, міс Хварасціна Ядлаўчонак, міс Алівія Млосная, місіс Лучына Смалянская, міс Асіна Дрыготкая, міс Ліпа Мядунская, місіс Сцябліна Сухая, міс Бузіна Чорная, міс Асака О’Мімоза-сан, місіс Ліяна Закручаная, сяброўкі міс Ахапка Сучча й міс Абярэмка Патычча, міс Брушніца Кіслюк, міс Суніца Бараўчанка, міс Грацыя Таполя, міс Гларыяна Пальма, місіс Хваіна Падрубная, місіс Калода Дубовая й місіс Гадзюка Падкалодная з Каралеўскай Дубровы. Маладая, якую да шлюбу адводзіў яе бацька, Сук-Шышкевіч з Пруткіх Каранёў, выглядала надзвычай чароўна ў пышным туалеце з зялёнага мерсерызаванага шоўку на падбіўцы змяркальна-шэрага адцення, з шырокім шмарагдавым пасам і трыма радамі фальбонаў крыху цямнейшага тону, а ўсю гэтую камбінацыю дапаўнялі шлейкі і ўстаўкі на бёдрах пад жалудовую барву. Дружкі маладой, міс Пінія й міс Туя, таксама з радзіны Шышкевічаў, былі ў дасканала дапасаваных туалетах такіх самых тонаў, з вытанчанай ружавай выпусткай на плісаваных складках, матывы якой капрызна паўтараліся на нефрытна-зялёных токах, аздобленых эгрэткамі з бледна-каралевых пёраў чаплі. Сеньёр Фаўніска Флёра, засеўшы за арганам, паказаў сваё славутае майстэрства, выконваючы на заканчэнне вянчальнай службы, як дадатак да прадпісанай канонамі музыкі, песню „Дрывасек, спыні свой здзек” у знакамітай новай аранжацыі. Калі маладыя, атрымаўшы папскае багаславенства, пакідалі касцёл Святога Фіякра Баравога, іх гарэзліва абсыпалі градам арэхаў, жалудоў, лаўровай лістоты, вярбовых коцікаў, лазы, ягадаў вастралісту, галінак амялы й ядлаўцовых атожылкаў. Містэр і місіс Візэ Шышкевіч Налан правядуць свой мядовы месяц у Чорным Лесе”.

 

Раскажыце пра Вашыя найбліжэйшыя перакладчыцкія планы. Чаго можна чакаць, на што спадзявацца?

 

Я ўсё яшчэ буду выцягваць рэчы са свае шуфляды і паволі выстаўляць на Літаратура.org. Засталося ўжо не так шмат, калі лічыць па загалоўках, але аб’ёмам нічога сабе – як я ўжо згадваў, ляжыць у маёй шуфлядзе, напрыклад, больш за 200 старонак раману С. І. Віткевіча. Хочацца ў найбліжэйшым часе таксама перакласці фрагмент аднаго шведскага раману для школьнікаў – у беларускай мове я не бачыў нічога і блізкага да гэтай прозы. Я фактычна большую частку гэтага перакладу ўжо быў зрабіў, але неабачліва не запісаў яго на ніякі джуджык (мая жонка прыдумала гэткую “падляшскую” назву для флэшкі), – а таму, калі аднаго вечара вірусы з’елі мне цвёрды дыск кампутара, гэты пераклад таксама выпарыўся. Хочацца яшчэ паспрабаваць перакласці кавалак аднае абсалютна неверагоднае рэчы з фінскай пры пасярэдніцтве шведскага перакладу (дарэчы, на ніякую іншую мову акрамя шведскай гэты фінскі “Уліс”, што я маю на ўвазе, пакуль поўнасцю не перакладзены).

Майстар-клас - Ян Максімюк: ПРАЦА БЕЛАРУСКАГА ЛІТАРАТУРНАГА ПЕРАКЛАДЧЫКА – ГЭТА КАНТРАЛЯВАНАЯ ШЫЗАФРЭНІЯ  Майстар-клас - Ян Максімюк: ПРАЦА БЕЛАРУСКАГА ЛІТАРАТУРНАГА ПЕРАКЛАДЧЫКА – ГЭТА КАНТРАЛЯВАНАЯ ШЫЗАФРЭНІЯ

Чытайце таксама

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Уладзіслаў Гарбацкі

Як беларусы ў 1928 годзе гей-шлюбам палохалі

Дзевяноста гадоў таму — 4 ліпеня 1928 года — у віленскай газеце «Сцяг Працы», якую выдавалі беларускія левыя, было надрукавана апавяданне «Дзіўнае вяселле» пад псеўданімам П. Асака. Пад гэтым псеўданімам…

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Антон Францішак Брыль

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Паэзія Гая Валерыя Катула ў беларускіх перакладах XX і першай дэкады XXI ст.

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

Фортачка мовы

Сірошка Пістончык

Фортачка мовы

Пра трасянку есць две пазіцыі — іё цілі сьцісьняюцца, цілі ржуць і чмошаць. Так паводзяцца з дзяўчонкамі ў малодшых класах. А патаму, калі будзеце і далей фукаць пры слове “ізвяніця”, знайце: нікакая…

1481