№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пётра Садоўскі

Час одуму

11 студзеня 2010

Час одуму

Артыкул надрукаваны з нагоды выхаду апошняга тома Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы ў часопісе “Полымя” (№5, 1986 г., сс. 168-181).

Пётра Садоўскі: Цяпер чытаю сам і думаю: “Божа, амаль жа нічога не змянілася ў галовах нашых афіцыйных навукоўцаў!”

 

Прайшоў больш чым год з таго часу, як выйшла другая частка апошняга, 5-га тома Тлумачальнага слоўніка нашай роднай мовы, першага слоўніка такога памеру, складзенага не заўзятым адзінцом, а калектывам прафесійных лексікографаў. Рабіўся слоўнік амаль 25 год. За гэты час з яго картатэкі, як атожылкі, няўзнак выраслі двухтомныя Руска-беларускі, Беларуска-рускі, арфаграфічны і іншыя слоўнікі. Можна нават гаварыць пра пэўны слоўнікавы бум у рэспубліцы, калі ўзгадаць і плён намаганняў іншых аўтараў, што склалі слоўнікі мовы Францыска Скарыны, Якуба Коласа, Янкі Купалы, гістарычны, этымалагічны, нарматыўны слоўнікі беларускай мовы, слоўнікі паўночна-заходніх гаворак, Гродзеншчыны, Тураўшчыны, Лоеўшчыны, Міншчыны. Перавыдадзены, нарэшце, слоўнік Насовіча. Клопатам сектара дыялекталогіі Інстытута мовазнаўства сабрана некалькі выпускаў народнай лексікі з розных мясцін Беларусі. Спіс гэты можна было б яшчэ доўжыць. З'явілася тэарэтычная праца супрацоўніка сектара лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства А. Я. Баханькова «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд» (1982). Слоўнікаў стала больш, ёсць што глядзець, ёсць матэрыял для параўнання, ёсць пра што думаць. Наступіў час одуму.

Лексікографы-прафесіяналы і аматары роднага слова зрабілі вялікую справу, каліва да каліва сабраўшы моўныя скарбы, агледзеўшы ашчадна ўсе куткі народнай памяці. Літаральна з лупай у руках супрацоўнікі сектара гісторыі беларускай мовы перагледзелі тысячы старонак фотакопій старабеларускіх рукапісаў і старадрукаў. Пагартайце цяпер першыя выпускі «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы», пачытайце ўважліва прыклады-ілюстрацыі. Вы знойдзеце там словы і выразы, якіх нам сёння так не стае ў пэўных жанрах. Здаецца, зноў сустракаешся з героямі Уладзіміра Караткевіча, чуеш, як няўласна-аўтарскаю моваю прамаўляюць да нас гарадзенцы, віцябляне, берасцейцы, пінчукі, лагожцы, менчукі... Вось некаторыя словы і выразы з картатэкі слоўніка: даведацца праўды, валадарства, учыніць на выабражэнне і падабенства сваё, вольная воля, пажадлівасць, нячыстасць, людскасць, чыннік, маетнасць, злоснік, навышні, паніжэнне, чыніць бязлепіцу, спрамагчы, варагаваць, варожа, брыда, адхланне, памерлы, справаваць дзівы, упадаць у шкоду (у грэх, у пляніцу, у блуды, у зайздрасць, у немач, у хваробу, у гарэзію), абложная хвароба, святыя таемствы, хатлівы да славы, парахно ўбогага, страшныя відзежы, намаўляць, праўны, здаваляць пахацінства, крыўдзіцелі, ненавідны, пры чыннай дапамозе, спагаіліся раны, у шаце пільгрыма, душаемца, ужыткоўны, святар і г. д. Картатэка гістарычнага слоўніка налічвае два мільёны картак. Ці ж гэта не багацце? Думаецца, тэзіс гісторыкаў нашай мовы пра тое, што пераемнасці паміж старабеларускай мовай і новай, сённяшняй, амаль не існуе,— перабольшаны. Ва ўсякім разе, пры паспяховым развіцці гістарычнага жанру ў нашай літаратуры (а спадзявацца на гэта ёсць сёння падставы) і пашырэнні гістарычных ведаў не толькі сярод навукоўцаў, a і сярод больш шырокага кола людзей, калі будзе ліквідаваны прагал паміж акадэмічнай навукай і практыкай навучання ў, сярэдняй і вышэйшай школе ў галіне гуманітарных навук, гэтая пярэрва паступова напоўніцца новым культурна-гістарычным зместам.

Багатай крыніцай для літаратурнай мовы могуць стаць матэрыялы апошніх дыялектных слоўнікаў. Вось некаторыя словы і выразы са слоўніка Гродзеншчыны, складзенага Т. Ф. Сцяшковіч: адрынуты (занядбаны), аблачысты (падобны да воблакаў),

агалошваць (абвяшчаць), ведранец (лівень), веснавацца (выконваць веснавыя работы),

нядзельнікаваць (нядзелькаваць, праводзіць выхадныя), адначассе, адоля (перавага),

краплісты, крыляваць (крыляць, крылаць), леварук, леваруч, праваруч, цягнуць лёсы,

лёсаваць (цягнуць жэрабя), макулінка (макулінкі ў.роце не было), навісь (аслона з галін і лісця) і г.д.

Амаль усе гэтыя словы зразумелыя без кантэксту. Большасць з ix ужо сустракалася ў мастацкай літаратуры ці ў папулярных нарысах па мовазнаўстве. Радаваўся б сёння Максім Гарэцкі, чытаючы слоўнік Гродзеншчыны, бо некалькі дзесяцігоддзяў таму ў «Велікоднай пісанцы» ён разважаў так: «Увага! Калі ёсць гдзе ў кутках Беларусі слова на «вышэйшае» («отвлеченное») паняцце (Гродзеншч.: летуцець — мечтать) ці добры тэхнічны тэрмін і г.д., каторых ніжэй сабе йшчэ і ня ведаюць усе беларусы, дык іх варта ўвясці ў нашу літэрат. мову... А калі для аднаго якога паняцця ў нас ёсць два ці некалькі слоў, але ў адным кутку Беларусі гавораць адно слова, а ў другім другое, то я раіў бы ўжывдць такое, каторае, можна думаць, вядома большай частцы беларусоў. Так патроху ў нас выкуецца аднародная мова, мова літэратурная!» (Максім Гарэцкі. «Развагі і думкі».— «Велікодная пісанка». Вільня, 1914, с. 56—57).

Падобныя меркаванні былі выказаны Уладзімірам Дубоўкам у нататках «Пра нашу літаратурную мову», надрукаваных у часопісе «Узвышша» (1927, № 2), дзе ён даводзіў, што «ў літаратурнай мове варта ўжываць усякае слова жывой народнай гаворкі, што распаўсюджана на ўсёй беларускай тэрыторыі, а таксама словы, якіх хоць і няма ў сярэднебеларускіх гаворках (яны ствараюць аснову беларускай літаратурнай мовы.— П. С.), але якія вядомыя на астатняй беларускай этнаграфічнай тэрыторыі».

Вуснамі нашых пачынальнікаў гаварыла веданне айчыннай гісторыі, гаварыла грамадзянскасць, адукаванасць, людскасць. I ўсё гэта вяртаецца, як забытая матчына песня.

Гэтую чвэрць стагоддзя жыццё не стаяла на месцы. Наша культурна-гістарычная памяць адчыніла многія спраты мінулага, мы сталі глядзець на сябе інакш, мы сталі інакш успрымаць сваю мову, бо адносіны да сваёй культуры, да свайго краю люструюцца ў адносінах да слова.

За час, калі ствараўся Тлумачальны слоўнік, сярэдняе пакаленне беларусаў адкрыла Максіма Гарэцкага з яго цудоўным моўным сінтэзам беларускіх гаворак, засвоіла гістарычны і моўны свет Уладзіміра Караткевіча, па-сучаснаму асэнсавала мову нашаніўскага перыяду, увайшоўшы ў свет пачынальнікаў нашай літаратуры і мовы праз публікацыі і даследаванні Сцяпана Александровіча, Генадзя Кісялёва, Адама Мальдзіса, Рыгора Семашкевіча, Генадзя Каханоўскага... З добрай прычыны розных угодкаў і юбілеяў, знаёмячыся з эпісталярнай спадчынай нашых землякоў, мы больш уважліва пачалі прыглядацца да мовы літаратуры Заходняй Беларусі. Мы прайшлі праз паглыбленае асэнсаванне мовы класікаў нашай літаратуры Якуба Коласа і Янкі Купалы, адзначаючы стагоддзе з дня іх нараджэння, убачылі ў іх мове, як і ў паэтычных пошуках Максіма Багдановіча, «жэмчуг» высакароднага і ўзнёслага ў «простых» словах, што даецца нам праз «сілу пачуцця» роднага... За гэты час выйшла першая Беларуская савецкая энцыклапедыя, Энцыклапедыя прыроды Беларусі, ужо выходзяць Зборы помнікаў гісторыі і культуры Беларусі па абласцях, Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі, выдадзены альбомы і манаграфіі па жывапісе, пластыцы, беларускім народным адзенні, складзена Энцыклапедыя Янкі Купалы, Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору выдаў цэлую серыю кніг па розных відах народнай творчасці, адкрыўся цудоўны Музей старажытнабеларускай культуры, ствараецца музей пад адкрытым небам, пачаў выходзіць часопіс «Мастацтва Беларусі», пачалі з'яўляцца цікавыя цыклы і асобныя перадачы на тэлебачанні, значна ўзрасла цікавасць моладзі, інтэлігентаў у другім і трэцім пакаленнях, да сваёй гісторыі, народнага мастацтва... Гэты прыемны спіс можна было б доўжыць і доўжыць. Калі стваральнікі слоўніка вызначалі першыя абрысы сваёй працы, яны яшчэ не маглі адчуваць таго, што валодае намі сёння. Таму, гаворачы пра здабыткі нашай лексікаграфіі сёння, трэба абавязкова ўлічваць сілу інерцыі ў лексікаграфічнай працы, дзе нельга на хаду перастроіцца і ўлічыць усе навацыі культурна-моўнага развіцця.

Ёсць, аднак, некаторыя, на наш погляд, «вечныя» ісціны, пра якія складальнікі слоўніка маглі б думаць больш грунтоўна яшчэ чвэрць стагоддзя таму назад. Пра гэта і хацелася паразважаць, спадзеючыся пачуць думкі дасведчаных і па-добраму зацікаўленых людзей: пісьменнікаў, журналістаў, супрацоўнікаў выдавецтваў і, зразумела, мовазнаўцаў.

Першая праблема: нарматыўнасць слоўніка. У прадмове «Ад рэдакцыйнай калегіі» напісана: «З'яўляючыся нарматыўным філалагічным даведнікам сучаснай беларускай літаратурнай мовы, Слоўнік зыходзіць з аб'ектыўнага характару тых норм і жывых тэндэнцый, якія склаліся ў мове за апошняе паўстагоддзе на ўсіх узроўнях яе сістэмы — граматычным, словаўтваральным і акцэнтуацыйным».

Калі гаварыць пра «аб'ектыўны характер» і «жывыя тэндэнцыі» без туману і не хаваючы галаву пад крыло, як гэта робяць некаторыя птушкі ў час небяспекі, то трэба назваць уголас для пачатку тры рэчы: 1. Картатэку і рэестр слоўніка складалі жывыя людзі, кожны са сваім філалагічным і агульным узроўнем развіцця і г. д. 2. Пры высокаразвітым беларуска-рускім білінгвізме сферы ўжывання беларускай мовы значна звужаны, пра што ўжо неаднаразова і навукова абгрунтавана пісалася ў адпаведных даследаваннях. 3. Складальнікі слоўніка зыходзілі з таго, што беларуская мова XX стагоддзя «выступае як літаратурная мова з шырокімі сацыяльнымі функцыямі і адпаведнай стылістычнай дыферэнцыяцыяй» (гл. тую ж прадмову), таму перад імі стаяла задача знайсці слоўныя адпаведнікі тым паняццям сучаснай рэчаіснасці, якая, напрыклад, адлюстравалася ў рускай мове. Натуральна, аўтары вымушаны былі знайсці, а калі не знайсці, то прыдумаць не адну сотню слоў з тых сфер, дзе абыходзяцца калькамі-перакладамі. Таму ў многіх выпадках вінаваціць іх няма падстаў: яны шукалі правільны адказ на недасканалае становішча рэчаў. Пры такой сітуацыі нічога дзіўнага няма, калі ў слоўнік пападалі словы, пахапліва ўжытыя журналістам-газетчыкам або машыністкай-перакладчыцай. Такія словы і словазлучэнні ідуць у слоўніку звычайна без прыкладаў, напісаны курсівам. Іх — сотні. Гэтая частка слоўніка фактычна не тлумачальная, а перакладная, дакладней — скалькаваная. I праблем тут — дзесяткі.

Зразумела, што ў гэтую скалькаваную частку папала тэрміналогія, словазлучэнні і выразы, якім у рускай мове адпавядаюць лексемы, пазначаныя гістарычна не ўласцівымі беларускай мове прыметамі царкоўнаславянскай мовы з характэрнымі ёй марфалагічнымі і стылёвымі рысамі. Асабліва вылузваюцца са сваіх слоўнікавых гнёздаў дзеепрыметнікі цяперашняга часу незалежнага стану, ужытыя ў значэнні назоўніка: выпускаючы, старшынствуючы (гл. адпаведна с. 566 т. 1 і с. 312 т. 5, ч. 1). Гэтыя словы чыста адпавядаюць рускім «выпускающий» і «председательствующий». Лексемам такога тыпу не трэба было даваць месца на старонках слоўніка, калі іх дзе-небудзь нават і ўжывае журналіст-недавучка. У жывой мове сказалася б так: «адказны за выпуск», калі гаворка ідзе пра супрацоўніка выдавецтва або рэдакцыі радыё ці тэлебачання, які мае адпаведныя абавязкі. «Старшынствуючы» павінен быў бы безумоўна ўступіць месца «старшыні» або некаму, хто «старшынюе». Аўтары ўзялі прыклад з гэтым словам з газеты: «Адказваючы на пытанне старшынствуючага, падсудны прызнаў...» Гэты ж каструбаваты выраз ужыў проста неадукаваны супрацоўнік рэдакцыі, які некалі на экзамене па беларускай мове спісаў адказ на білет «Дзеепрыметнік, яго ўтварэнне і ўжыванне ў беларускай мове».

У прыкладзе з газеты ўжыта звычайнае, звыклае для нас усіх слова «падсудны». Яно ўтворана па мадэлі: той, хто знаходзіцца пад судом. Памятаю, аднойчы я паспрабаваў, пішучы рэцэнзію для аднаго шанаванага філалагічнага выдавецтва, ужыць слова «падразглядны» (утворанае па той жа мадэлі) замест не ўласцівага па сваёй марфалагічнай структуры слова «аналізуемы», «разглядаемы». Рэдактар быў супраць: «Гэтага слова няма ў Тлумачальным слоўніку!» У друк пайшла штучная калька з суфіксам -ем-, якую лепш было б апусціць увогуле. Многа хто з людзей нядбайных ці незычлівых выкарыстоўвае гэтую заўвагу з прадмовы пра «нарматыўнасць» слоўніка. Як тут даць рады?

Або возьмем прыклады «ўтварэння» тэрмінаў. Калі б тэрміны ўтвараліся натуральна, а не шляхам перакладу, то яны былі б функцыянальныя, г. зн. перадавалі б сутнасць паняцця, якое называюць. Напрыклад, у слоўніку сустракаем тэрміны «арашэнне» і «хібнасць» (вымярэння). За імі выразна стаяць «орошение» і «погрешность». Для рускай тэрміналогіі — пра гэта ўжо многа разоў пісалася ў тэрміналагічных даследаваннях — у значнай ступені ўласцівая вобразнасць, экспрэсіўнасць, што не прымаецца безумоўна ўсімі спецыялістамі. Тэрміны «погрешность», «орошение», «шагающий экскаватор», «энергонасыщенный трактор» — больш экспрэсіўныя, чым функцыянальныя. Але для рускай моўнай сістэмы яны прыдатныя. У беларускай жа мове больш прыдатныя «абвадненне» (паліў), «памылка вымярэння». Выраз жа «хібнасць вымярэння» ўспрымаецца як увогуле нейкае вымярэнне, што грунтуецца на няправільнай задуме. I вось такія словы жывуць, бо яны ёсць у нарматыўным слоўніку, так, як жыве ў Мінску, у Серабранцы, надпіс на дзіцячым магазіне — «Дзіцячы мір» (замест правільнага «Дзіцячы свет»). Калі дзейнічаць паводле логікі складальнікаў слоўніка, то такое словаўжыванне трэба ўводзіць у слоўнік і аб'яўляць нарматыўным, бо яно люструе «жывыя тэндэнцыі», як адзначана ў прадмове. Сапраўды, чым слова «старшынствуючы», ужытае ў газеце, горшае за выраз «Дзіцячы мір», прышрубаваны на фасадзе магазіна?

Відаць, вялікая праўда была ў словах Льва Уладзіміравіча Шчэрбы, выдатнага даследчыка моўнай нормы і тэорыі лексікаграфіі, які аднойчы сказаў: «Было б дзіўна, калі б вучоная ўстанова замест таго, каб пісаць, як гавораць, пачала б пісаць, як трэба гаварыць» (падкрэслена намі.— П. С).

Другая праблема: лексікаграфічны статус так званых «абласных», «размоўных», «устарэлых», «паэтычных» і да т. п. слоў.

Гэтая праблема — стылёвая ацэнка адметна беларускай лексікі пры блізкароднасным беларуска-рускім двухмоўі — ужо закраналася аўтарам гэтых нататак у артыкуле «Ад малой Радзімы да вялікай» (зборнік «Вобраз-83»). У ім гаварылася пра тое, што, нягледзячы на мастацкі аўтарскі кантэкст, складальнікі слоўніка пазначылі словы тыпу «прыхамаць» (Навуменка), «нямоглы» (Адамовіч), «выштукаваны» (Яскевіч), «жахнуцца» (Кірэенка), «розгалас» (Лужанін), «дабрыня» (Караткевіч), «някідкі» (Навуменка), «зіхоткі» (Быкаў) і г. д. паметамі «абл.», «разм.».

Няясна, чым кіраваліся аўтары слоўнікавага артыкула, пазначаючы, напрыклад, слова «някідкі» паметай «разм.» (размоўнае). Спецыфікай жанру? Сінтаксісам фразы? Арыентацыяй на няўласна-аўтарскую мову? Hi першае, ні другое, ні трэцяе. Вось прыклад для ілюстрацыі з Тлумачальнага слоўніка: «У чалавека, які вёў размову з Мядзведзевым, просты, някідкі твар з кірпатым носам, валасы старчком». У сказе ёсць усе прыметы апавядальнага кніжнага стылю: даданая азначальная частка да галоўнай, аднародныя азначэнні, адпаведны парадак слоў. Дарэчы, псіхалінгвістыка даўно даказала, што «нараджэнне» апавядальнай фразы пачынаецца з яе сінтаксічных абрысаў, а словы ўжо кладуцца ў выказванне пазней. Пра гэта нельга забываць. Слова «някідкі» шырока ўжываецца ў зусім «неразмоўных» жанрах. Вось прыклад з мастацкай публіцыстыкі: «Вершы яе знешне простыя, някідкія, без аздабленняў, з размоўнай інтанацыяй, падкупліваюць лірызмам, шчырасцю, даверам да чытача» (Чабан Т.— ЛіМ, 2 кастр. 1981 г.).

Або вось ілюстрацыя для «размоўнага» слова «дабрыня»: «Іскра ў цемры згасала. I тут мне здалося: ты ішоў да мяне з дабрынёй і адвагай» (Караткевіч). У слоўніку гэта аформлена так: Дабрыня. Разм. Тое, што і дабрата. I ў гэтым прыкладзе логіка аўтараў незразумелая. Што размоўнага знайшлі яны ў гэтых радках Уладзіміра Караткевіча? Дарэчы, «дабрыня» і «дабрата» не заўсёды адно і тое ж. «Якая дабрыня!» — значыць «Якое хараство!» А ў выразе «Усе даброты жыцця» нельга ўжыць слова «дабрыня». Аўтары часта карыстаюцца на першы погляд бяскрыўдным прыёмам сінанімічнага тлумачэння, ужываючы гэты выраз: «Тое, што i...». Напрыклад: «Давер. Тое, што і давер'е»; «Пазногці. Тое, што і ногці»; «Похва. Toe, што i ножны»; «Чысцец. Тое, што i чысцілішча», і г. д. і да т. п. Такое тлумачэнне не такое ўжо бяскрыўднае. Тут ёсць пэўная тэндэнцыя. Адметна беларускія словы, калі ім няма адпаведнікаў у слоўніках Ушакова або Ожагава, залічваюцца аўтарамі ў размоўныя або атрымліваюць другасную, ніжэй рангам, характарыстыку і падаюцца як факультатыўны варыянт.

Асабліва не пашанцавала ў слоўніку абстрактнай лексіцы. Адцягненыя, неканкрэтныя значэнні ці зусім не даюцца, тлумачэнне абмяжоўваецца «фізічным» значэннем, якое ляжыць на паверхні, або адпаведнае слова абвяшчаецца размоўным ці абласным. Прывядзём прыклады. Слова «выступ» тлумачыцца ў слоўніку так: «Выступ. Частка прадмета, якая выступае, выдаецца ўперад. Выступы скалы. Выступ берага». Усе, больш ніякіх прыкладаў ніадкуль. А вось у рукапісным зборніку Янкі Купалы «Шляхам жыцця» побач з вершам «Мужык» у белавым аўтографе чытаем: «Верш гэты быў надрукаваны ў мінскай расейскай газеце «Северо-Западный край» 15/V—1905 г. у № 746. Гэта мой першы выступ у беларускай літаратуры». Увогуле Купалу і Коласу не пашанцавала з паметамі: іх словы часта называюцца размоўнымі і абласнымі, бо пісалі яны жывою, адметнаю моваю. Вельмі многа Коласавых і Купалавых слоў проста не знойдзеш у слоўніку, як, напрыклад, «выступ». Возьмем слова «наканаванасць». Яго сёння ведае кожны. У слоўніку для яго не знайшлося прыкладу. Яно абвяшчаецца размоўным і даецца без прыкладу: «Наканаванасць. Разм. Тое, што наперад, загадзя абумоўлена абставінамі. Наканаванасць лёсу». Усё, больш нічога. Якое «неразмоўнае» слова ведаюць аўтары для адпаведнага значэння? Абстрактная лексіка, шырока ўжывальная рознымі аўтарамі, можа мець памету «абл.». Напрыклад, такую адзнаку мае слова «прыхамаць». У слоўніку даецца прыклад з Навуменкі: «I калі паны ў абедзвюх паэмах дзейнічаюць толькі па ўласнаму капрызу, прыхамаці, ...то і гусляр і Бандароўна паўстаюць як увасабленне народнай сціпласці». А між тым у картатэцы таго ж Тлумачальнага слоўніка можна знайсці, што гэтае слова ўжываюць пісьменнікі розных мясцін Беларусі: А. Лойка (Слонімшчына), Я. Сіпакоў (Аршаншчына), Ю. Пшыркоў (Рагачоўскі раён), П. Глебка (Уздзеншчына), К. Кірэенка (Слаўгарадскі раён), Г. Далідовіч (Стаўпеччына) і г. д. Вельмі ж ужо вялікая геаграфія слова, каб абвяшчаць яго абласным!

У таго, хто ўважліва не сочыць за публікацыямі Інстытута мовазнаўства, не карыстаецца часта слоўнікамі, выдадзенымі тут, можа скласціся ўражанне, што аўтар гэтых нататак тэндэнцыйна, незычліва падыходзіць да асобных фактаў. Гэта не так. Стылёвыя паметы, пропуск некаторых значэнняў слоў, падбор крыніц для ілюстрацый — не выпадковасць, не недагляд, а пэўная тэарэтычная канцэпцыя. Яна найбольш яскрава адлюстравалася ў тэарэтычнай працы А. Я. Баханькова «Развіццё лексікі беларускай літаратурнай мовы ў савецкі перыяд» (1982), пра якую ўжо згадвалася ў пачатку артыкула. Аўтар гэтай кнігі быў укладальнікам 1-га тома, дапрацоўваў «Інструкцыю для ўкладальнікаў», дапрацоўваў і рэдагаваў 2-гі том, браў удзел у складанні 3-га тома, рэдагаваў артыкулы 4-га тома, праводзіў папярэдняе рэдагаванне слоўнікавых артыкулаў 5-га тома, а выдаўшы названую працу і абараніўшы доктарскую дысертацыю па гэтай тэме, тэарэтычна абгрунтаваў асновы беларускай лексікаграфіі.

У даследаванні А. Я. Баханькова, як і ў Тлумачальным слоўніку, па сутнасці, ігнаруюцца традыцыі папярэдніх беларускіх лексікографаў. Фармальна ўсё нібыта зроблена як след. У манаграфіі А. Я. Баханькоў узгадвае амаль усе слоўнікі беларускай мовы, што выйшлі ў дарэвалюцыйны перыяд і ў савецкі час, але цалкам абыходзіць галоўны пафас слоўнікаў: узвысіць народнае слова да літаратурнага, стварыць на базе народна-дыялектнай лексікі тэрміналогію, абстрактныя паняцці, пазбягаць непатрэбнага калькавання, захаваць нацыянальную адметцасць мовы. Замест гэтага аўтар пачынае разважаць літаральна як у лепшыя дні вульгарна-сацыялагічнай крытыкі. З'явы звычайнага моўнага пурызму, якія былі ў большай ці меншай ступені ўласцівыя ўсім славянскім мовам, што ў XIX — пачатку XX стагоддзя сталі на шлях адраджэння, аўтар аналізуе галоўным чынам з сацыялагічнага пункту гледжання. Проста не верыцца, што сёння, у 80-я гады XX стагоддзя, чалавек з акадэмічнага Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа можа са шкадаваннем пісаць у доктарскай дысертацыі такое: (с. 87) «Боязнь сделаться объектом критики или бьгть зачисленным в разряд неграмотных вынуждала литераторов, особенно молодых, избегать многих исконных общеупотребительных слов только потому, что они по звуковому облику совпадали с русскими. Слово дзешава, например, заменялось словом танна, слова дужа, другі, капля, кусок, крэпкі, пісьмо, поезд, работа, сорт, скоры и др. соответственно словами вельмі, іншы, кропля, кавалак, моцны, ліст, цягнік, праца, гатунак, хуткі и др.». Ці не перабольшвае аўтар дысертацыі? Або на с. 45 той жа дысертацыі: «Тут можно вспомнить хотя бы итоги дискуссии о передаче согласных д и т в словах иноязычного происхождения, которая закончилась закреплением несвойственной для белорусского языка передачи этих звуков в твердом варианте, это значит по образцу польского языка».

Адносна гэтага выказвання А. Я. Баханькова трэба зрабіць тры істотныя заўвагі. Па-першае, калі падыходзіць да праблемы навукова, тыпалагічна, як да з'явы агульна-славянскай, а не ўласна беларускай, то сёння, калі з'явіліся працы па гісторыі ўтварэння славянскіх моў, калі ўлягліся вульгарныя неафітаўскія наскокі на нацыянальную культуру, ужо можна гаварыць пра агульныя заканамернасці ўтварэння славянскіх літаратурных моў новага часу: балгарскай, беларускай, славацкай, польскай, чэшскай і г. д. Гэтаму пытанню было прысвечана спецыяльнае, XI пасяджэнне Міжнароднай камісіі па славянскіх пісьмовых мовах, якое адбылося ў сталіцы ГДР 1—4 лістапада 1983 года. Матэрыялы пасяджэння апублікаваны ў часопісе «Цайтшрыфт фюр славістык» («Славістычны часопіс») № 6 за 1984 год. На вокладку часопіса вынесены тэматычны загаловак: «Гісторыя славянскіх літаратурных моў». Уважлівае прачытанне матэрыялаў дае магчымасць скласці наступную схему ўтварэння «новых» славянскіх літаратурных моў: утварэнне культурна-нацыянальнага цэнтра — не абавязкова заўсёды геаграфічнага цэнтра адпаведнага народа — з выбарам базавай гаворкі, што кладзецца ў аснову літаратурнага кайнэ, якое на працягу далейшага развіцця папаўняецца за кошт моўных элементаў іншых гаворак, зразумелых носьбітам астатніх дыялектаў. Абавязковай прыметай новага кайнэ з'яўляецца пурыстычны характар лексічнага складу мовы адносна суседніх блізкароднасных і аддаленых моў і культуралагічных з'яў, якія аказваюць інтэрферэнцыйнае ўздзеянне на новую літаратурную мову. У сярэдзіне мінулага стагоддзя ўсе славянскія культуры і мовы (акрамя рускай) знаходзіліся пад большым або меншым уплывам суседніх культур і моў, што магло перайсці ў поўную асіміляцыю слабейшага культурна-моўнага ўтварэння да суседняга культуралагічнага феномена. Пры гэтым у пэўныя перыяды культурна-моўны цэнтр мог перамяшчацца: напрыклад, у Беларусі спачатку найбольшую ролю адыгрывалі паўночна-заходнія гаворкі, а потым — сярэднебеларускія. Магло быць і так, як, напрыклад, у Польшчы, дзе пурыстычныя тэндэнцыі мелі рознанакіраваны характар: у познанскім кайнэ пры адсутнасці пэўнага адпаведніка ў польскай мове аддавалі перавагу запазычанням з рускай мовы, а ў варшаўскім культурным асяроддзі часцей карысталіся нямецкімі эквівалентамі, бо тут не магло быць непасрэднага інтэрферэнцыйнага наступу нямецкай мовы. Тут просіцца нейкая аналогія з захаваннем відаў жывых арганізмаў. Гэтыя знешнія, не моўна-генетычныя, а, як кажуць, экстралінгвістычныя фактары былі часам прычынай некаторых страт «спрадвечных» лексічных адзінак. Але гэтыя «ахвяры» былі заўсёды «рэнтабельныя», асабліва ў тых рэгіёнах, дзе мела месца супольнае палітыка-эканамічнае існаванне слабейшага і мацнейшага суседзяў.

Пры такім тыпалагічным падыходзе становіцца відавочна, што так званае адштурхоўванне — неабходная ўмова існавання адпаведнай «новай» літаратурнай мовы. Аўтар дысертацыі вельмі дарэчы цытуе выказванне У. I. Леніна (с. 14) пра мову з «Тэзісаў рэферата па нацыянальным пытанні», спасылаючыся на Поўны збор твораў на рускай мове (т. 24, с. 388). Але ў адпаведнай цытаце У. I. Ленін ужывае тры словы з нямецкай мовы. Там даслоўна сказана: «Нация — не Kultur-, не Schicksal-, a Sprachgemeinschaft». Гэта значыць: «Нацыя не культурная супольнасць, не супольнасць, аб'яднаная адзіным гістарычным лесам, а моўная супольнасць». «Шпрахгемайншафт» — гэта «моўная супольнасць», а не «агульнасць мовы». А. Я. Баханькоў перакладае рускае «общность» у гэтым кантэксце як «агульнасць». А гэта вельмі розныя рэчы. У паняцці «супольнасць» азначальная частка «моўная» набывае значэнне чынніка, сэнсавай дамінанты, а пры паняцці «агульнасць» яна фігуруе як адна з некалькіх прымет гэтага паняцця. Тады ўжо нічога дзіўнага, што апошнім часам у нас з'яўляюцца зусім новыя трактоўкі паняцця «нацыянальная мова», у якіх даводзіцца, што родная мова «может служить своеобразным индикатором этнических процессов» і выступаць «в современной ситуации как сим-вол этнической принадлежности». (Соболенко Э. Р. «Современные этнолингвистические процессы».—У кн.: «Этнические процессы и образ жизни» —Мн., 1980, с. 212—214).

Па-другое, выступаючы супраць такіх слоў, як вельмі, іншы, кавалак, кропля, моцны, праца, хуткі і г. д., аўтар неяк не задумваецца пра тое, што гэтыя словы ўжывалі і класікі нашай літаратуры: Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Максім Гарэцкі і іншыя выдатныя пісьменнікі. Кітайцы не пераходзяць ад сістэмы іерогліфаў да складова-літарнай, каб не страціць набыткі культуры мінулага. А нам можна перабудоўваць класікаў, бо яны не ведалі, што адштурхоўваюцца ад нечага. I. сёння, дарэчы, пісьменнікаў, на якіх трымаецца роднае слова, спрабуюць ушчуваць: «У апошні час некаторыя беларускія пісьменнікі пачалі шырока ўводзіць у аўтарскую мову сваіх твораў беларускую дыялектную лексіку, часта насуперак рэкамендацыям беларускіх нарматыўных слоўнікаў (падкрэслена намі.— П. С). Гэта тэндэнцыя асабліва прыкметна праяўляецца ў творчасці В. Адамчыка, Я. Брыля, С. Грахоўскага, Г. Далідовіча, У. Кузьмянкова, I. Пташнікава, Б. Сачанкі, I. Чыгрынава і інш. У літаратурны ўжытак апошняга часу пачалі ўваходзіць многія штучныя новаўтварэнні, аўтарскія неалагізмы, якія нават не маюць адпаведнікаў у народных гаворках: выснова (вывад), нагода (прычына), выслабаніць (вызваліць), згадаць (успомніць), пачатковец (пачынальнік)... Адзначаныя тэндэнцыі распаўсюджваюцца і на граматычны лад беларускай літаратурнай мовы... Як вядома, асноўнае прызначэнне дзейнасці лінгвістаў і мовазнаўчых устаноў заключаецца ў тым, каб падтрымаць стабілізацыю літаратурнай мовы, бо практычныя патрэбнасці грамадства дыктуюць неабходнасць захавання ўстойлівасці літаратурных норм. Іменна гэтай высакароднай мэце і павінны быць падпарадкаваны творчыя намаганні шматлікага калектыву беларускіх моваведаў» (А. I. Жураўскі. «Дыялектызмы і архаізмы ў беларускай літаратурнай мове. Рэгіянальныя традыцыі».— Гомель, 1980, с. 63—64).

Як бачыце, Адамчык, Брыль, Грахоўскі і іншыя ўжываюць многія словы «насуперак рэкамендацыям беларускіх нарматыўных слоўнікаў», а мовазнаўцы выконваюць сваю «высакародную місію» па стабілізацыі літаратурнай мовы. Можа быць, высакародная місія мовазнаўцаў таксама заключаецца і ў тым, каб самім разабрацца ў тых жывых зрухах, што адбываюцца ў мове? Відаць, так. Ці ўсё мы сабралі, каб рашуча адрынуцца ад жывога, народнага слова? Ці не наносіць такое нармалізатарства смяртэльную шкоду ўсяму моўнаму арганізму? Наша мова павінна была ўзняцца ад «простай» мовы да «высокай», выпрацаваць абстрактную лексіку, тэрміналогію і г. д. Пра гэта мы ўжо ўзгадвалі раней. Гэтаму працэсу ў нас неаднойчы перашкаджалі шматлікія экстралінгвістычныя фактары вульгарна-сацыялагічнага характару, неадукаванасць, кар'ерызм некаторых дзеячаў ад культуры, няведанне айчыннай гісторыі. Працэс станаўлення нашай мовы цяпер толькі набірае сілу. Ён толькі цяпер вяртаецца на добрыя рэйкі менавіта ў мастацкай літаратуры. Тут мова жыве паўнакроўным жыццём. Не выпадкова літаратура абыходзіць увагай так званую гарадскую тэму без выхаду на вясковыя абсягі: аўтарам часта не хапае натуральнай моўнай прасторы.

Новыя з'явы трэба асэнсоўваць, трэба цікавіцца моўнымі працэсамі ў іншых літаратурных мовах. Яшчэ раз працытую некаторыя выказванні рускіх літаратараў і крытыкаў, якія прыводзіліся ў нататках «Ад малой Радзімы да вялікай».

Так, С. Шуртакоў, гаворачы пра тэндэнцыі развіцця сучаснай рускай літаратурнай мовы, адзначае, што мова пісьменнікаў, якія ўвайшлі ў літаратуру ў апошнія гады, больш дэмакратычная, чым мова іх папярэднікаў: «У мінулыя часы ўсё, што знаходзілася за рамкамі нарматыўнага слоўніка Ушакова або друкавалася там з паметкай «прастамоўн.»,— усё рашуча і бязлітасна выкрэслівалася пільнымі рэдактарамі. У многіх, у тым ліку і маладых, пісьменнікаў рэзка абвастрылася цікавасць да вытокаў і глыбінь народнага жыцця, а значыць, і да глыбіннай народнай мовы, паколькі адно з другім непарыўна звязана. Чым бліжэй да народных вытокаў будзе наша мова, тым яна будзе багацейшая і ярчэйшая, а значыць, калі так можна сказаць, больш мастацкая

будзе і наша літаратура». (Шуртаков С. «Как слово наше отзовется».— М., 1980, с. 48—49). М. Бахцін заўважае, што «чалавек новага часу не прамаўляе (вещает), а гаворыць... Моўныя суб'екты высокіх прамоўных (вещающих) жанраў — жрацы, прарокі, прапаведнікі, суддзі, правадыры, патрыярхальныя айцы і г. д.— зніклі з жыцця. Усіх іх замяніў пісьменнік, проста пісьменнік, які стаў пераемнікам іх стыляў. Ён іх або стылізуе, або парадзіруе...» М. Бахцін адзначае, што ўсім новым мовам уласціва «спецыфічная пастава цвярозасці» (изгиб трезвости), прастаты, дэмакратычнасці, што ўсе яны ў значнай ступені вызначыліся марудным і складаным працэсам выштурхоўвання чужога. свяшчэннага слова і аўтарытэтнага слова з яго безумоўнасцю і безагаворачнасцю...» (Бахтин М. М. «Из записей 1970—1971 гг.».—У кн.: «Эстетика словесного

творчества». М., 1979, с. 336—337).

У мове амаль ніколі не бывае так, каб нейкае слова або яго варыянт з'явіліся про-ста так, без ніякай патрэбы. Калі пісьменнік піша «ацалець», а не «ўцалець», мабыць, ён імкнецца замяніць звычайнае, у будзённай апратцы, слова на больш свежае, не так часта ўжывальнае, а таму — больш паэтычнае... Здаецца, усяго адна літара замяняецца, а паэтычны эфект ёсць. Відаць, гэтым кіраваўся Максім Танк, пішучы: «Як ацалелі дрэвы тут кругом, дзе фронт узрыў снарадамі грунт шэры?» Тут нармальны паэтычны кантэкст. Гэта ілюстрацыя са слоўніка. На якой падставе аўтары пішуць перад гэтымі радкамі: «Ацалець. Разм. Астацца цэлым, непашкоджаным сярод разбуранага, уцалець»? Значыць, «уцалець» — стылёва нейтральнае, а «ацалець» — размоўнае. Значыць, Максіму Танку бракуе адчування стылю. Па логіцы складальнікаў слоўніка гэта так. А паэт проста піша цёпла, давяральна, вядзе гутарку з народам на роднай мове. Паэзія — гэта ніва, дзе звычайнае, простае слова робіцца паэтычным, абрастае ў «цеснаце рытмічнага рада» дадатковымі асацыяцыямі, набывае новыя зместавыя і стылёвыя адценні, уваходзіць у культурна-моўную памяць народа.

Здаецца, гэта добра разумелі нашы папярэднікі, першыя беларускія лексікографы, якія дбайна ставіліся да народнага слова.

У прадмове да слоўніка напісана: «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы займае асобае месца ў гісторыі беларускай лексікаграфіі, ён абагульняе вопыт папярэдняй як айчыннай (падкрэслена намі — П. С), так і зарубежнай славянскай слоўнікавай культуры і ў той жа час з'яўляецца выданнем глыбока сучасным як па лексікаграфічных ідэях, так і па лексічнаму саставу». Але ж што гэта за абагульненне айчыннага вопыту, калі на с. 24 прадмовы пад загалоўкам «Лексікаграфічныя дапаможнікі» знаходзім толькі адну спасылку на беларускую лексікаграфічную крыніцу — «Беларуска-рускі слоўнік, пад рэд. К. Крапівы, М., 1962»? Проста не хапае слоў, каб выказаць сваё, мякка кажучы, здзіўленне. Ці ж у нас нічога да гэтага не было? Ніякая самарэклама ў прадмове не заменіць замоўчаных прац папярэдняй айчыннай лексікаграфіі.

Зусім справядліва гадоў восем-дзевяць таму ставіў гэтае пытанне Максім Лужанін у сваіх нататках «Магчымасці мовы»: «Зараз узнікае пытанне: якім чынам слоўнік можа абагуліць вопыт беларускай слоўнікавай культуры, калі ў ім не ўлічаны слоўнікі Насовіча, Гарэцкага, краёвыя слоўнікі Чэрвеншчыны, Віцебшчыны, Магілёўшчыны, шматлікія пасляваенныя выданні такога тыпу? А ёсць жа і фальклорныя зборнікі Сержпутоўскага, Раманава, Шэйна і яшчэ і яшчэ іншыя...»

Гэта пытанне, на жаль, рытарычнае. Тут няма чаго адказаць. Тут няма чым апраўдацца.

Дарэчы сказаць, пры складанні спіса мастацкіх твораў, якія распісваліся для картатэкі, варта было б аддаць перавагу класікам нашай літаратуры, шырэй даць лексіку Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Гарэцкага, а менш уключаць твораў выпадковых аўтараў і больш асцярожна падыходзіць да словаўжывання ў публіцыстыцы і перакладах.

Заключаючы разважанні пра другую праблему — стылёвая ацэнка адметна беларускай лексікі, — хочацца прывесці словы Уладзіміра Даля, якія ён сказаў у Таварыстве аматараў рускай славеснасці ў Маскве 21 красавіка 1862 года: «У нас яшчэ няма дастаткова апрацаванай мовы... яна павінна выйсці з мовы народнай. Другой, роўнай ёй крыніцы ў нас няма, а ёсць толькі яшчэ прытокі; калі ж мы ад тлумнага захаплення самі адсячом сабе гэту крыніцу, то на нас падзе навала сухменю, і мы будзем вымушаныя гадаваць і сілкаваць сваю родную мову чужымі сокамі, як гэта робяць расліны-жыццясмокі, або стаць прышчэпам на чужым камлі. Няхай жа кожны ў часе одуму запытае сябе, што з гэтага вынайдзецца: мы адрынемся зусім ад народа, разлучым апошнюю повязь з ім, завязнем у цянётах моўнага пахацінства, адышоўшы ад аднаго берага і не прыстаўшы да другога, мы аддамо на загубу апошнюю моц душы і розуму ў гэтым марным неразумным змаганні з прыродай, і вечнай будзе наша прага за чужым, бо ў нас не будзе нічога самаіснага. Не цяжка знайсці некалькі паніжана-няўклюдных выслоўяў або змясціць слова ў такое суседства, што яно здасца смешным ці звыродна-каструбаватым, а потым запытаць, аглядаючы свае белыя пальчаткі: ці ж гэтаму нам вучыцца ў народа?..» Ці і не пра нас гэта сказана?

Трэцяя праблема слоўніка — спалучальнасць і шматзначнасць слоў. Чалавеку, які не валодае беларускай мовай з маленства, цяжка спасцігнуць ужывальнасць слоў у кантэксце, карыстаючыся Тлумачальным слоўнікам. Возьмем, напрыклад, кіраванне дзеясловаў, прасцей кажучы, асаблівасці іх ужывання з пэўнымі прыназоўнікамі і склонамі назоўнікаў. Пры неазначальнай форме дзеяслова, якая прыводзіцца ў слоўнікавых артыкулах, склон назоўніка і магчымы прыназоўнік даюцца толькі эпізадычна. Як ужываць, напрыклад, дзеяслоў «прабачыць» — каго ці каму? Пад пунктам 2 слоўнік дае форму загаднага ладу «прабач (це)». Лагічна было б прывесці сярод ілюстрацый сказ або словазлучэнне, дзе было б ясна паказана, што правільна гаварыць: «Прабачце мне, прабачце майму сябру, прабачце ім» і г. д. Або хаця б напісаць: «Прабачыць, каму-небудзь што-небудзь». Тады б чалавек мог сканструяваць сказ: «Прабачце мне мой нядобры ўчынак». А так журналісты пішуць: «Прабачце мяне за мой...» Па узору рускай мовы. А марфемна-этымалагічная структура слова вельмі празрыстая: «прабачыць» — значыць зрабіць так, быццам ты нешта «прабачыў», як праслухаў, прапусціў па-за ўвагай, — паступіў міласэрна і высакародна.

Ці іншы прыклад на спалучальнасць: як ужываць у мове слова «асабовы»? Слоўнік дае два значэнні слова. Другое значэнне раскрываецца ў спалучэннях «асабовыя канчаткі дзеяслова», «асабовыя займеннікі». А вось першае значэнне не ілюструецца ніякім|прыкладам. Проста указана: «Асабовы. Які ўласцівы пэўнай асобе; які мае дачыненне да пэўнай асобы». Усе словазлучэнні са словам «асабовы» (рахунак, справа, склад), якія сустракаюцца ў слоўніку, ніяк не суадносяцца з выразам «Які ўласцівы пэўнай асобе». Ці не таму ў моўнай практыцы ўзнікае яшчэ адно слова-паронім — «асобасны» — магчыма, па аналогіі з рускім «личностный»?

Або вазьміце прыклады, калі спалучальнасць няўзнак пераходзіць у шматзначнасць. Колькі добрых слоў загубілася ў слоўніку, якіх так не хапае для ажыўлення мовы, ачышчэння ад штампаў!

«У ім ніколі не мінаецца настаўнік», «Вада пабольшала», «Яна выбірала, гаварыць далей ці не», «Свет трасецца», «Чыста бацька!» «Кніжкі з людзьмі», «Ці канешне пану яешня». «Хмары раздаліся», «Ціхія поспехі ў навуцы», «Досыць вырабляцца, будзем гаварыць сур'ёзна», «Мы тады былі «сярдзітыя» з нашымі суседзямі», «Навяду, злажуся, чакаю каманду», «Я стану табе ў вялікай прыгодзе» і г. д. і да т. п. Гэта не проста нейкія экзатычныя дыялектызмы ці аўтарскія аказіяналізмы. Іх зразумее беларус з любой часткі Беларусі.

Звычайныя словы ў адметных спалучэннях складаюць спецыфіку мовы. Выразы «адыгрываць ролю», «мець значэнне» і да т. п. ёсць ва ўсіх еўрапейскіх мовах, бо яны ёсць у лацінскай мове. Іх добра ўжываць ў замежнай мове для перадачы інфармацыі. I не абавязкова было даваць прыклады на гэтае ўжыванне. Тлумачальны слоўнік усё ж павінен мець тлумачальны, а не перакладны характар. На жаль, з нашым слоўнікам не пачытаеш творы пачынальнікаў нашай літаратуры — прыходзіцца шукаць многія словы ў Насовіча ці ў рэгіянальных слоўніках. І не таму, што, напрыклад, Карусь Каганец ці Ядвігін Ш. ужывалі шмат дыялектных слоў. Звычайныя жывыя агульнавядомыя словы з твораў нашых пачынальнікаў не заўсёды знойдзеш у слоўніку. Дарэчы, пра слова «пачынальнікі». Раней мы цытавалі выказванне А. I. Жураўскага пра «непажаданыя» наватворы і дыялектызмы, якія «апошнім часам» з'яўляюцца ў беларускіх пісьменнікаў. Сярод іх згадвалася і слова «пачынальнікі», пасля. якога ў дужках як сінонім давалася слова «пачатковец». Але ж гэта зусім не сінонімы. Францыск Скарына — не пачатковец, а пачынальнік нашага кнігадрукавання. Пісьменнікі-пачаткоўцы збіраюцца на свае штогадовыя нарады ў Каралішчавічах.

Тлумачальны слоўнік мала паможа таму, хто, прыходзячы да беларускай мовы не з вёскі, а з горада, спрабуе свае сілы ў драматургіі, дзе трэба пісаць жывыя дыялогі, карыстаючыся абавязкова натуральнымі гутарковымі сродкамі: выклічнікамі, зваротамі, устаўнымі і пабочнымі словазлучэннямі. Зноў жа, словы вядомыя, а вось паспрабуй зразумей, ужыві: «От табе маеш!», «Дзіва што!», «Ат!», «Вохці мне!», «Гвалт! Людцы — ратуйце!», «А ўжо ж!», «А то як жа», «Або ж?», «А тут!», «А тут табе!», «Гута-та, сіта-та!», «Кох-кох», «Столькі й столькі», «Дарма што!», «Такой бяды!», «А дармо!» і г. д. і да т. п. Слоўнік Насовіча вельмі багаты на жывую лексіку. Не выпадкова да яго часта звяртаюцца беларусы — ураджэнцы горада, каб зразумець некаторыя выразы, што сустракаюцца ў дыялагічнай мове персанажаў. Відаць, наспела пара стварыць слоўнік беларускай гутарковай мовы, дзе б адметная беларуская лексіка не была задаўлена шэрым валам невыразных слоў і словазлучэнняў.

У слоўніку шмат добрых слоў і выразаў для гутарковага сумоўя: «Гэта мне (мяне) не абыходзіць», «выказаць некага, даказаць на каго-небудзь», «мароз адваліўся», «у яго адабрала мову», «пагадзіць нешта з нечым», «казаў той», «згадзіць некага на нейкую працу», «бярэцца на мароз» і г. д. Гэта жывая мова. Гэта можна ўжываць і не толькі ў гутарковым, размоўным стылі, але ж гаварыць жывому чалавеку «Гэта мяне не датычыцца» нельга. Чалавек жа не канцылярская папка. Але таму, хто бярэцца вывучаць мову, трэба даць узоры жывога слова. На жаль, па сучаснай беларускай драматурги мовы не вывучыш. Можна было б напісаць не адну дысертацыю пра сінтаксіс (з практычнага пункту гледжання) Кузьмы Чорнага, Максіма Гарэцкага, Вячаслава Адамчыка. Апісання практычнага сінтаксісу беларускай мовы ў нас пакуль яшчэ няма. Сінтаксіс, праўда, не мае прамых адносін да слоўніка, але ж сінтаксічная сістэма мовы на ўзроўні словазлучэнняў павінна знаходзіць. сваё адлюстраванне ў лексікаграфіі, а менавіта ў спалучальна-семантычных гнёздах адпаведнага слова.

Чацвёртая праблема — абстрактная лексіка, дакладней, словы, што перадаюць абстрактныя паняцці. Пра гэта ўжо трохі гаварылася раней, калі закраналася пытанне стылёвых памет адметнай беларускай лексікі (успомніце слова «наканаваць»). Частка слоў такім чынам — зніжальнымі або звужальнымі («паэт.») паметамі — фактычна выключылася з ужытку. I многія рэдактары, карыстаючыся сваім фармальным правам, выкрэсліваюць шмат слоў, не зважаючы на волю аўтара. Але ёсць другая праява гэтай праблемы — уключэнне ў слоўнік тых «новых» слоў і словазлучэнняў, якія ўжываюцца ў мове, асабліва ў мастацкай публіцыстыцы, у літаратуразнаўстве, у паэзіі. У нас зараз у мове існуе ўжо не адна сотня слоў-прывідаў, якія па волі нашых лексікографаў ніяк не атрымаюць права грамадзянства. Я асабіста мог бы прывесці спіс такіх слоў, які налічвае ўжо 1 300 адзінак. Што гэта за словы? Па-першае, гэта так званыя «забытыя» словы, якія многімі сучаснымі мовазнаўцамі называюцца — «старасвецкія», «нашаніўскія», «украінізмы», «паланізмы» і г. д. Гэта словы тыпу: ганараваць, запачаткаваць, пустацікавец, багажня, гасцёўня, пачакальня, дахоўка, прыдобы, спаборнікі, гульцы, ад'язнікі, выправы, няўпраўны, змушана, чужапанец, заўсёднікі, навочна, выслаўляцца, навышні, пахаплівы, таварышаваць, крылаць, перазоры і г. д. Такіх слоў — сотні. Ім трэба надаць нейкі статус. А пакуль што яны — словы-прывіды.

Некаторыя з іх сапраўды могуць супадаць цалкам або адрознівацца толькі марфалагічным афармленнем з пэўнымі ўкраінскімі ці польскімі словамі, але ж гэта нармальна. Мы ж не аб'яўляем небеларускімі такія беларускія народныя песні, якія маюць падабенства ў меласе і ў вобразах з украінскімі ці якімі іншымі. Да таго ж мы забываемся на тое, што на працягу значнага гістарычнага часу многія рэгіёны Беларусі актыўна сутыкаліся з рускай, украінскай і польскай моўнай культурай. I сёння ў выніку мастацкага перакладу, творчых кантактаў гэтае ўзаемадзеянне працягваецца. Успомніце, напрыклад, нататкі Рыгора Барадуліна з нагоды 1500-годдзя Кіева, апублікаваныя ў «ЛіМе». Там было ўжыта не адно ўкраінскае слова, але наколькі натуральна гэта ўсё гучала па-беларуску! Мы часта забываемся на агульны культурна-гістарычны лес украінцаў і беларусаў, і нашы мовазнаўцы мала ўдзяляюць увагі сумеснай моўнай спадчыне. Нашым мовазнаўцам можна было б сур'ёзна супрацоўнічаць з украінскімі ў галіне стылістыкі, лексікаграфіі, фразеалогіі і г. д.

Па-другое, у апошнія гадоў дзесяць у мастацкай публіцыстыцы і асабліва ў паэзіі сталі з'яўляцца надзвычай цікавыя марфалагічныя і стылёвыя аказіяналізмы і марфалагічныя наватворы. Іх, дарэчы, вельмі цяжка адмежаваць ад раней узгаданых «забытых» слоў і дыялектызмаў. Цэлы слоўнічак абстрактнай лексікі можна скласці з твораў беларускіх перакладчыкаў. Выключна цікавая паэтычная мова, напрыклад, у Васіля Сёмухі, які па-майстэрску выкарыстоўвае магчымасці народнай мовы.

Некаторыя словы такога тыпу, як, напрыклад, повязь, слынны, незагойны, жыццядайны і г. д., настолькі трывала ўвайшлі ў паэтычную мову, што нават не верыцца, што іх няма ў слоўніку. Яны ўжо нават «перажылі» сваю паэтычную «стажыроўку» ў паэзіі і перайшлі ў мову публіцыстыкі і становяцца нават трохі звыклымі і зацёртымі, так і не набыўшы заслужанага лексікаграфічнага статусу. Словы-папялушкі!

Назавём колькі маладзейшых слоў з такім лёсам: пажадны, знелюдзелы, вячорны, вятрысты, плынны, лёткі, гойлівы, звячэлы, няісны, прахлы, вяртальны, сугалоссе, сумоўе, гарачынь, лістабой, посмех, вечнік, пажар-птушка, кілім-самалёт, абрус-самабор, спадман, роздараж, суцішак, помарак, чаканка, знявера, вакаём, неспатоля, непатоля, істненне, подзіў, нечап, полымнасць, адхланне, мінальнасць, наросхліст, няўсцерп, наўздзіў і г. д. (Прыклады з дыпломнай працы студэнткі філфака БДУ імя У. I. Леніна.)

З названых слоў многія ўжо шырока ўжываюцца не толькі ў паэзіі. Паназіраем за словам «сумоўе». Словы такой мадэлі ў нашай.мове не новыя. ЁСЦЬ «сузор'е», «суладдзе», у моўнай практыцы даволі часта сустракаецца слова «сугалоссе», праўда, яно пакуль што ў Тлумачальны слоўнік не ўвайшло. I вось з'явілася слова «сумоўе». Яно ўзнікла як назоўнік для паняцця «зносіны людзей-аднадумцаў, паяднаных адзінай мэтай людзей, якія выказваюць думкі на роднай мове, калі выказанае найбольш поўна адпавядае эмацыянальнаму стану асобы». Так, у першым нумары часопіса «Мастацтва Беларусі» (першым з дня заснавання) у прывітальным артыкуле народны мастак БССР Андрэй Бембель пісаў: «Сёння нам яшчэ не стае ўвагі і павагі да іншых, да іх уласных меркаванняў, творчых праяў, гатоўнасці да шчырага, плённага дыялогу, ці, як гавораць цяпер маладзейшыя,—да сумоўя» (падкрэслена намі.—П. С.). Слова само, не пытаючыся санкцыі лексікографаў, прабіла сабе шлях у шырокі свет. Гэта адбылося, таму што такое слова было патрэбнае. Слова «зносіны» ў спалучэнні «моўныя зносіны» прыдатнае толькі для сухога навуковага стылю, яно не адпавядае мэтам мастацкай публіцыстыкі ці вуснага выказвання.

Вось нарадзілася слова «Каласавіны» — штогадовыя коласаўскія чытанні ў Мінску з выездам на дзень нараджэння песняра на яго радзіму, дзе адбылося свята паэзіі, выступленне фальклорных калектываў, кірмаш народных майстроў. Першае свята ўдалося. Адбыліся акцябрыны і «Каласавінаў». Будзе жыць свята — будзе жыць і слова.

Такіх патрэбных, але не ўлічаных, не заінвентарызаваных, без грамадзянскага статусу слоў вельмі многа. Апошнім часам давялося прачытаць тры нарысы Марыі Вайцяшонак у «Беларусі» і «Полымі». Якая жывая мова! Якая натуральнасць! З трох нарысаў выпісаў больш за дваццаць слоў і выразаў, якія б маглі ўпрыгожыць Тлумачальны слоўнік беларускай мовы. Кожны абзац кладзецца, як зруб. Сказ да сказа, як бервяно да бервяна. У гераіні апошняга нарыса «Тры песні» Ніны Антонаўны Марчук («Беларусь», 1986, № 1) усё ў хаце белае: белы настольнік, белы ручнік ў чырвоныя гваздзікі, белыя фіранкі на вокнах, белыя чалеснікі, дзверы ў пакой гаспадароў і дачкі, скрозь блішчаць вышытыя па белым кветкі... Чыстая, белая хата на Белай Русі: «На чыстату трэба не спаці, на чыстату трэба ахвоту маці... Суседка: змеркне і — спаць. Што ты ноч робіш, дзівіцца. А мяне сон не бярэ, сяджу, вышываю, і прасветку няма. Удзень таксама работы многа, але ж ногі не млеюць. Як прыйду з фермы ў белае, то, здаецца, і не стамілася. Прыйду, белую фіранку на печы адхіну і цеплю. Кладу бліны на чысты стол. Люблю, каб бела. Тады мне здаецца, што ў мяне свята, у мяне — госць...» I ў нашых бы слоўніках — усё б такое чыстае, такое белае, такое дагледжанае...

Наступная праблема слоўніка — фразеалагізмы. Прыказкі і прымаўкі — рэдкія госці на старонках слоўніка. Мала і адметных беларускіх устойлівых словазлучэнняў, якія можна разглядаць як фразеалагізмы.

Складальнікі слоўніка проста бралі з рускіх тлумачальных слоўнікаў фразеалагізмы і перакладалі іх, дакладней, калькавалі на беларускую мову. Часам тлумачальны слоўнік ператвараецца ў перакладны.

Напрыклад, у слоўнікавым артыкуле са словам «суд» сустракаем паміж іншым і такое словазлучэнне: «Шамякаў суд» — несправядлівы, прадузяты (?! — П. С.) суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці)». Можа, трэба было пашукаць у беларускім фальклоры? У нашых казках і народных інтэрмедыях хапала адмоўных персанажаў на такія ролі. Былі тут і лісы, і ваўкі, і цыганы, і паны. I ёсць жа нарэшце ў нас класічны вобраз Кручкова з «Пінскай шляхты» Дуніна-Марцінкевіча. Ужываюць жа на уроках беларускай літаратуры выраз «кручкоўскі суд». Вось вам і фразеалагізм, калі трэба перадаць паняцце несправядлівага, загадзя прадуманага суда-фарса. У гэтым жа слоўнікавым артыкуле бачым і словазлучэнне «надворны суд» — судовы орган дваран Расіі XVIII—XIX стст.». Такое было б дарэчы ў перакладным слоўніку. А тут жа — тлумачальны.

Вазьміце словазлучэнні са словам «баба», «бабка». У слоўніку сустракаем выраз «снегавая баба». Штучна, кніжна. У беларусаў спрадвеку гавораць проста «баба», «дзеці лепяць бабу». У рускай мове гэта калька з французскага «bonhomme de neige» і нямецкага «Schneemann». Пра гэта пісалі ўжо рускія мовазнаўцы. У рускіх народных гаворках таксама гавораць проста «баба». У заходнееўрапейскіх мовах гэта гучыць як «(Добры) снежны чалавек». Разам з пятроўскімі рэформамі гэты выраз прыйшоў у Расію, прыблізна тады прыйшло і навагодняе хвойнае дрэва. Раней нашы продкі ўпрыгожвалі лісцёвыя дрэвы і зусім не ў той час. Тут жа ў гэтым слоўнікавым артыкуле прыводзяцца словазлучэнні: базарная баба, бой-баба, хват-баба, бабка надвае сказала. Не надта яны цешаць вуха.

Добрую палову фразеалагізмаў, якія сабраў Фёдар Янкоўскі разам са сваімі вучнямі, у Тлумачальным слоўніку не знойдзеш. Не сустрэнеш тут і фразеалагізмаў, прымавак, выслоўяў, што ўжывалі і ўжываюць нашы пісьменнікі сёння: «Не да пацераў, калі хата гарыць», «Вазіць кафлю да Івянца», «Купа не рве пупа», «За борам баранскім, за лесам лясанскім», «Дарагі той куток, дзе рэзалі пупок», «А там — бог бацька», «Пусты колас высока тырчыць», «Цюк — дзяцюк» і г. д.

Калькаванне пэўных фразеалагізмаў-ідыёмаў — гэта яшчэ паўбяды: яны адносна рэдка ўжываюцца ў мове. Страшней калькаванне свабодных словазлучэнняў і паняццяў, якія перадаюцца двума словамі і больш. Тут разбураюцца традыцыйныя асацыятыўныя сувязі паміж звычайнымі словамі ў мове. А гэта — вялікая небяспека для мовы.

Сустракаюцца ў слоўніку і адваротныя з'явы — пропуск лексічных адзінак беларускай мовы, што супадаюць з рускімі, нават калі ў выніку гэтага ўзнікаюць значныя семантыка-стылёвыя страты. Дазволю сабе працытаваць ілюстрацыю для гэтага выпадку з артыкула «Ад малой Радзімы да вялікай»: «Выраўніванне беларускай лексікі і стылістыкі пад рускую — такая ж заганная з'ява, як і «адштурхоўванне» ад агульнаўсходнеславянскіх з'яў, калі яны супадаюць з рускамоўнымі. Так, напрыклад, можна заўважыць, што ў мастацкіх творах, у публіцыстыцы некаторыя аўтары пазбягаюць ужывання слоў «знаць», «помніць», «пець» і г. д., а замест іх ужываюць толькі «ведаць», «памятаць», «спяваць». Аднак відавочна, што вельмі многія старыя ўтварэнні і фразеалагізмы ўжываюцца толькі з дзеясловамі «знаць», «помніць» і да т. п. Гаворыцца: «Век помніць буду», «Іх імёны помніць Радзіма», «Помніце пра жывых», «Помню, як свята», «Каб цябе помнілі і паміналі», «Папомні маё слова», «Не помніць карова зімы, дачакаўшыся лета» і г. д. (Прыклады з картатэкі сектара лексікаграфіі Інстытута мовазнаўства АН БССР). «Памятаюць» у такіх выразах не вельмі прыдасца. Увогуле «помніць» больш звязана з «духоўна-маральнай» памяццю... «Памятаць» — дзеяслоў больш «фізічнага» характару, больш празаічны. Нездарма ж у беларускай мове ёсць слова «помнік».

Ці ўзяць, напрыклад, словы «баязлівец», «трус», «струсіць», «збаяцца». Тлумачальны слоўнік абмяжоўвае ўжыванне слоў «трус», «струсіць» стылёвай паметай «разм.». Цяжка растлумачыць, чаму так атрымалася. Магчыма, таму, што беларускае «трус» адпавядае рускаму «кролік», ці таму, што рускае «трус» значыць «баязлівец». Гэта выклікае пярэчанні па дзвюх прычынах. Па-першае, з пункту погляду этымалогіі рускае «трус» (баязлівец) і беларускае «трус» (жывёла) — словы роднасныя. Яны ідуць ад значэння «трусіцца» (трэсціся). (ГІараўн.: «землятрус», або ў Якуба Коласа: «Холад чуюць афіцэры ды хаваюць свае трусы».) Хто бачыў жывога труса, ведае, як «трусіцца» на ім скура разам з поўсцю. Так і «баязлівец» трасецца ад страху, як трус. Спачатку — «як трус», а потым — проста «трус». Але ж «баязлівец» — слова сканструяванае, штучнае, неэмацыянальнае, у ім празрыстая марфалагічная структура. Яно не можа ніяк замяніць эмацыянальна-ацэначнае, глыбока народнае слова «трус». У той жа час яно можа ўжывацца і ў нейтральным выказванні. Слоўнік, пазначаючы «трус» паметай «разм.», дае ілюстрацыю з Шамякіна: «Трус заўсёды радуецца смерці героя, магчыма, лічыць гэта за перамогу сваёй трусасці над адвагай і мужнасцю». Тут, аднак, стылёвая памета «разм.» ніяк не падыходзіць. I «баязлівец» тут таксама не ўжывеш. Бо тады ў адзін паняццевы рад са словамі «адвага» і «мужнасць» павінна стаць аморфнае, эмацыянальна недынамічнае слова «баязлівасць», а гэта парушыць сэнсавы рытм фразы. Дарэчы, слова «трус» у разнастайных стылёвых кантэкстах ужываюць пісьменнікі з розных мясцін Беларусі: Лынькоў, Панчанка, Машара, Шамякін, Бажко, Гурскі, Бялевіч, Няхай, Танк, Колас, Якімовіч, Гартны, Александровіч, Куляшоў, Сіўцоў, Карпюк, Асіпенка.

Дарэчы, Якуб Колас ужывае выраз «труса задаваць», а не «труса святкаваць» (гавораць жа ў нас: задаць драпака, задаць лататы): «Толькі не трэба труса задаваць: глядзі смела, кажы адважна, рэж з-за пляча — храбрасць гарады бярэ!» Вельмі выразнае слова «трус» у сказе: «Беларус — не трус: ад яго Кубэ здох, як прус» (А. Янголь).

Такім чынам атрымліваецца, што слова «трус» разам з нейтральным ужываннем можа заняць сваю стылёвую паліцу побач з «баязліўцам», які ўжо тады павінен будзе крыху страціць сваёй экспрэсіўнай афарбоўкі і ўспрымацца менш абразліва. Урэшце, уявіце сабе фразу: «Эх ты, баязлівец!» Гучыць даволі мякка, як нязлыя кпіны. Такое можа сказаць сябра сябру, які баіцца скочыць з берага ў ваду. «Эх ты, трус!» будзе ў гэтым выпадку замоцна, бо абразліва.

Цяжкавырашальная аказалася для слоўніка праблема сэнсавага, стылёвага, словаспалучальнага адрознення лексічных дублетаў, якія з'явіліся ў мове ў выніку складанага гістарычнага развіцця. Гэтых дублетных пар шмат: сцяг — флаг, ліст — пісьмо, цягнік — поезд, памятаць — помніць, кропля — капля, моцна — крэпка, імша — абедня, святар — свяшчэннік, казань — пропаведзь (у вельмі агульным сэнсе), прыпавесць — прытча, показка — анекдот, кляштар — манастыр, у почат святых — у лік святых, моц — сіла, магут — тытан, угрэў — санцапёк, хрост — хрышчэнне, навышні — усявышні, знак (знакі) — знаменне і г. д. На сённяшні дзень гэта адна з самых складаных праблем нашай лексікаграфіі. Ясна, што трэба вельмі ўважліва назіраць за жыццём слова, а не ісці па шляху забароны і безумоўных інструкцый. Асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на кантэкст у шырокім сэнсе: жанр, у якім ужыты словы, сінтаксіс сказа, знешнелінгвістычны кан-тэкст, характар персанажа, від мовы (аўтарская, няўласна-аўтарская і да т. п.). Трэба ўлічваць і асобу аўтара, яго моўную біяграфію.

У слоўніку адлюстроўваўся і агульны тэарэтычны стан нашых даследаванняў па некаторых раздзелах марфалогіі, арфаграфіі, анамастыкі. У слоўнікавых артыкулах і ілюстрацыях сустракаюцца прыметнікі з не ўласцівай для беларускай мовы марфемнай будовай, без ніякіх тлумачэнняў існуюць дублеты і нават, як пішуць навукоўцы, трыплеты асобных словаформаў. Баскскі, нарвскі, узбекскі, таджыкскі і г. д. цяжка вымаўляюцца. Ці не пара пачаць пісаць і вымаўляць: басконскі, нарвенскі (як зэльвенскі, эльбенскі), узбецкі і таджыцкі (як калмыцкі, якое ў нас пішацца так, таму што і па-руску так ужо сталі пісаць). Слоўнік не прывёў да ладу варыянты тыпу «манаскі — манашскі — манашаскі», заблытаў правіла напісання апострафа, замацаваўшы як норму ўжыванне яго не толькі перад націскным «і», але і перад ненаціскным, а таксама перад «а», «э». Сталі пісаць: з'імшыць, зымшыць, сымшыць; аб'інець, з націскам на «і» і з'інець з націскам на «е»; з'эканоміць і сэканоміць, з'араць, з'арыентавацца. Гэтая арфаграфічная навінка ўжо замацавана ў арфаграфічным слоўніку ў раздзеле «Правапіс апострафа». Туды ў спіс прыкладаў папала нават слова «засяродзіць» (увагу), якое цяпер ужо трэба пісаць «з'асяродзіць». Навукоўцы вырашылі раздзяліць прыстаўку за- на дзве часткі і перад «а» напісаць апостраф, зусім як чэхаўскі адстаўны ўраднік з хутара Бліны З'едзены пісаў у пісьме да вучонага суседа «сострил» з цвёрдым знакам: «съострил».

У слоўніку вельмі мала назваў жыхароў Беларусі. Можна знайсці назву жыхароў якога-небудзь афрыканскага горада, але не сустрэць назву жыхароў Віцебска.

Незацікаўленыя адносіны аўтараў Тлумачальнага слоўніка да роднага слова перадаліся і на іншыя слоўнікі, якія выходзілі разам з падрыхтоўкай і выданнем яго. Найбольш яскрава гэта праявілася ў «Слоўніку асабовых уласных імён», дзе беларускія імёны адпаведнымі паметамі былі аб'яўлены размоўнымі. З гэтай нагоды Ян Скрыган пісаў: «Як толькі паявіўся «Слоўнік асабовых уласных імён» Міхаіла Судніка, у якім не толькі Янкі, а ўсе Петрусі, Міхасі, Кастусі, Юрасі, Алесі абвяшчаліся імёнамі гутарковымі і размоўнымі, юрыдычна неправамоцнымі, — памятаю, як пісьменнікі абураліся такою неспадзяванкаю. Дык што — значыцца, наша літаратура яшчэ падлеткавая? Нясталая? Нават імёны нашы бытавыя? Юрыдычна закасаваныя?.. Дый наогул, якая карысць, калі нешта жывое гіне сілком? Хіба такія імёны, як Міхал, Язэп, напрыклад, не могуць застацца сярод законных?..» («Беларусь», 1984, №9).

Амаль пра гэта ж у Леаніда Дайнекі напісаўся цудоўны верш, праўда, з мінорнай, спаняверанай нотай:

 

«Маіх дзядоў сялянскія імёны

Марцін, Язэп, Давыд, Кандрат, Якуб,

Вы з далечы плывеце заімглёнай,

Каб зноў крануцца нейчых душ і губ.

Вас не шануюць у сталічных загсах,

Ды і ў вясковых выйшлі вы з цаны.

А вас насілі, мушу я прызнацца,

Майго народа лепшыя сыны.

Мы ў космасе суровым пабывалі.

Мы новых дзён узводзім вечны зруб.

Мы сеялі, спявалі, будавалі...

Прабачце мне, што вас не ўшанавалі

Марцін, Язэп, Давыд, Кандрат, Якуб...»

 

...Сказаліся горкія словы праўды. Нашы слоўнікі — гэта наша аблічча ва ўсіх яго праявах. Пра гэта трэба гаварыць — прылюдна, адкрыта, глыбока, зацікаўлена. Так, як мы зараз гаворым пра метал і хлеб. Бо ж не хлебам адзіным жывём. I не толькі сёння.

 

Упершыню было надрукавана ў часопісе "Полымя". 1986. №5.

Sadouski, Piotra.pdf  Sadouski, Piotra.doc

Чытайце таксама

Кніжны фэн-шуй

Кніжны фэн-шуй

У наш час, калі кватэры пазбаўляюцца савецкіх грувасткіх секцый з антрэсолямі, у бібліяфілаў узнікае праблема: куды падзець кнігі? Як іх кампактна расставіць, ды каб зручна, ды каб прыгожа?

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

Марына Рагачэўская

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

У 2003 годзе адбылася падзея, якая скаланула інтэлектуальнае літаратурнае асяроддзе, выклікала не толькі здзіўленне сваёй нечаканасцю, але і павярнула еўрацэнтрычны погляд на поўдзень, адкуль павеяў вецер…

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Анка Упала

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Для перфомансу на беларускім тэлебачанні прыдасца ўсялякая літаратура: класіка і сучасная, беларуская і перакладная, добрая і кепская. Найлепш — правакацыйная. Выбаршчык як мінімум прачнецца, калі Анатоль…

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Ганна Янкута

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Уолт Ўітмэн (1819—1892) — адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў.

5351