№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Генадзь Цыхун

Крэалізаваны прадукт: Трасянка як аб’ект лінгвістычнага даследавання

14 лістапада 2011

Крэалізаваны прадукт: Трасянка як аб’ект лінгвістычнага даследавання
Феномен трасянкі не можа не выклікаць цікавасці ў лінгвіста. Сама назва “трасянка” — гэта тэрміналагічная метафара, створаная ў выніку пераносу зыходнага слова з бытавой сферы ў сферу лінгвістычнай тэрміналогіі. Першапачатковай асновай тэрміна стала, відаць, спалучэнне “моўная трасянка”, падобнае да іншых аказіянальных словазлучэнняў, што выкарыстоўваюцца для азначэння гэтага феномена ў публіцыстыцы: “моўная жвачка” (“Пакажам беларусам іхную моўную жвачку — можа, хоць пасмяюцца над сабой”. Круг, 4.04.96), “моўны гібрыд” (А. Бубала, Наша слова, 9.04.94), “моўны сурагат” (С. Законнікаў, Народная газета, 25.01.95), “моўная хімера” (В. Грыцкевіч, Наша слова, 14.07.99). Першасны сэнс слова “трасянка” многія забыліся, яно ўжо патрабуе разгорнутых тлумачэнняў, як, напрыклад, у каментары да “Трасянка-беларуска-рускага слоўніка”, што пачала друкаваць у свой час праваабарончая газета “Круг”: “Тэрмін “трасянка” пайшоў ад назвы корму для буйной рагатай жывёлы, гэта значыць, каровы. Калі ў гаспадара не хапае добрага сена, ён дабаўляе салому, старанна растрасаючы яе. Карова не заўважае падману і з’ядае трасянку. Праўда, малака не прыбаўляе. Так і беларусы: сваёй жудаснай трасянкі не заўважаюць ні ў хаце, ні ў аўтобусе, ні ў Вярхоўным Савеце“ (Круг, 4.04.96). Аб часе ўзнікнення тэрміна-метафары няма дакладных звестак, але вядома, што яшчэ ў 20-я гады Ластоўскі, наведаўшы падчас Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926) савецкую Беларусь, называў гэты феномен чаўнёй (відаць, з “чаўпня”, што ад дзеяслова “чаўпсці” — гаварыць лухту, плявузгаць).
 

Мадэллю для ўтварэння тэрміна “трасянка”, мусіць, стаў адпаведны ўкраінскі тэрмін — “суржик”, які азначае сумесь жыта, пшаніцы, ячменю, аўса або нізкаякасную муку з рознага збожжа. Хаця можна дапусціць і цалкам самастойнае развіццё, бо ідэя змяшэння і нізкай якасці прысутная ва ўсіх назвах аналагічных утварэнняў [1]. Яркая эмацыйнасць метафары і дазволіла тэрміну “трасянка” замацавацца ў беларускай лінгвістыцы. Іншыя абазначэнні — “мешаніна” (Я. Мірановіч), “ламаніна” (А. Бяляцкі), “тарабаршчына” (А. Казловіч) — пры ўсёй іх экспрэсіўнасці маюць занадта агульны характар і не паддаюцца тэрміналагізацыі.

 

Некаторыя аўтары ўзмацняюць эмацыйны характар тэрміна, суадносячы яго з канкрэтнай асобай (найбольш яркім носьбітам трасянкі) ці з асяроддзем, дзе трасянка ўжываецца. “Двухмоўе па-мінску. Яно тут атрымала назву “дземянцееўская трасянка” (С. Струменскі, Наша слова, 6.12.95). У выніку семантычнай кандэнсацыі гэта дае аказіянальны тэрмін “дземянцееўка”, як у Рыгора Барадуліна: “А ўсё начальства, малоцячы, як цяпер кажуць, на дземянцееўцы, думала, што гаворыць па-руску” (Маладосць, 1994, №10). Адам Мальдзіс утварыў кампазіт — “мататрасянка”: “Сённяшні грамадзянін нашай краіны павінен аднолькава добра ведаць не толькі рускую, але і беларускую мову. На жаль, ён часцей за ўсё не ведае добра ніякай, гаворыць на “трасянцы”, густа перасыпанай матам (“мататрасянцы”)” (Літаратура і мастацтва, 29.09.95). І нарэшце, шмат якія аўтары праз азначэнні спрабуюць выразіць сваё эмацыйнае стаўленне да самой з’явы: “знакамітая, жахлівая сваёй убогасцю “трасянка” (С. Законнікаў), “брыдкая трасянка” (А. Бяляцкі), “горшая “трасянка” (В. Скараход), “жудасная трасянка” (А. Казловіч). У сувязі з экспансіяй трасянкі ў адміністрацыйную сферу на самым высокім узроўні для падкрэслівання яе гібрыднага характару гарадзенскі журналіст Сяргей Астраўцоў ужыў выраз “дзяржаўны “наваяз”: “Рабочая мова селектарнай планёркі — дзяржаўны “наваяз” (Наша Ніва, 12.08.96).

 

Мы так падрабязна спыніліся на абазначэннях гэтага феномена, бо яны, на нашу думку, шмат у чым раскрываюць яго існасць.

 

Што ж уяўляе па сваёй сутнасці трасянка з лінгвістычнага пункту погляду? Гэта моўны прадукт, што ўзнік шляхам механічнага змяшэння ў розных прапорцыях элементаў матэрыі і формы дзвюх моваў — рускай і беларускай. Трасянка — гэта кантамінацыя. Тыповы прадукт кантамінацыі — крэольскія мовы, аднымі з найбольш яркіх прадстаўнікоў якіх з’яўляюцца піджыны. Пра вонкавыя прычыны іх узнікнення рускі даследчык М. Дзьячкоў у сваёй кнізе “Креольские языки”, што выйшла ў Маскве ў 1987 годзе, пісаў наступнае: “Мабыць, можна лічыць, што гвалтоўнае паняволенне адных народаў іншымі, масавыя міграцыі, нераўнапраўныя адносіны між рознымі этнасамі складаюць той гістарычны фон, на якім фармуюцца піджыны”. Зразумела, няма падставаў поўнасцю атаясамліваць трасянку з піджынамі ці нават крэольскімі мовамі, найперш таму, што тут ідзе гутарка пра ўзаемадзеянне блізкароднасных моваў, у той час як пры ўтварэнні апошніх узаемадзейнічалі звычайна далёкія ў генетычным і тыпалагічным плане мовы. Яе можна вызначыць хутчэй як крэалізаваную мову ці, дакладней, крэалізаваны варыянт беларускай мовы. Пытанне пра моўную базу трасянкі, здаецца, не выклікае пярэчанняў — большасць даследчыкаў лічаць яе аснову беларускай. Адзін з чытачоў газеты “Звязда” нават сцвярджае: “Яшчэ трэба дзякаваць Богу, што мы хоць і на “трасянцы”, але ўсё ж размаўляем па-беларуску” (13.06.96). Пэўныя разыходжанні ўзнікаюць падчас спробаў вызначыць яе лінгвістычны характар, напрыклад, пры трактоўцы трасянкі як мовы ці маўлення ў аднаго і таго ж даследчыка: “Трасянку составляет множество стихийно и по-разному организованных индивидуальных вариантов белорусской речи”, — піша мовазнаўца Ніна Мячкоўская [2], — і “так называемые трасянка (в белорусском) и суржик (в украинском) т.е. стихийно и по-разному русифицированные варианты национального языка” [3].

 

Як і кожны крэалізаваны моўны прадукт трасянка ўзнікла першапачаткова з неабходнасці падтрымання камунікацыі паміж карэнным беларускамоўным насельніцтвам і рускамоўным адміністрацыйна-партыйным чыноўніцтвам, што мела больш высокі грамадскі статус. Шматлікія сведчанні пра гэта абагульнена выказаў Рыгор Барадулін: “Дэкласаванае бальшавікамі сялянства разам з “класавымі” рысамі страціла і рысы нацыянальныя. У новых умовах жыцця яно лёгка паддалося прыезджым начальнікам, якіх баіцца і ад якіх пакутуе… Так, моўнае асяроддзе разбурана, а тут яшчэ такі фактар, як гарады, якія камплектаваліся за кошт расійскіх чыноўнікаў і грамадзян“ (Наша слова, 22.02.95). Вельмі каларытна апісаў канкрэтныя ўмовы, што выклікаюць “моўны канфармізм”, чытач газеты “Наша Ніва” Уладзіслаў Гарбацкі: “50-я гады. Савецка-беларуская правінцыя. Орша. Ужо тады вясковая беларускасць разбівалася аб новабетонную расійскую савецкасць. Наіўныя беларусы хаваліся на гарадскіх звалках ці ўцякалі назад ад кожнага выбуху агрэсіі ці проста незадаволенасці з боку ўсялякага кшталту старшыняў, кіраўнікоў і іншых “адукаваных” людзей. А незадаволеныя яны былі часцяком, і асабліва прастатой і вясковай натуральнасцю. Ці, у залежнасці ад дрэннага настрою, “вульгарнай інтанацыяй” беларускай мовы. Ці негарадской выпраўкай наведнікаў у мірыядах кабінетаў у пошуках паперак, даведак, у пошуках паратунку. Вось тады і нарадзілася канчаткова трасянка — савецкая пачвара, якая пачала выскокваць з беларускіх целаў, парушаных і абваропаных савецкімі эксперыментамі” (19.06.2000). Значную ролю ў паскораным фармаванні трасянкі адыгралі рэпрэсіі 20—30-х гадоў, скіраваныя супраць т.зв. нацдэмаў, калі фактычна пад уздзеяннем паноўнай тады атмасферы тэрору адбываўся масавы пераход на рускую мову беларускамоўнай часткі жыхароў гарадоў і мястэчкаў. Як сведчыць патрыярх беларускай літаратуры Максім Лужанін, “не было каму гаварыць па-беларуску, а хто ўмеў і любіў, ад страху падстройваўся пад начальства, тое — трымалася і мовы свае, і клопату свайго. Каб выслужыцца, усе мясцовыя адзін перад адным перасталі ўжываць родную мову” (Маладосць. 1994. №10). Пэўную лепту ў гэтую справу ўнесла і вайна. Вось як апісвае моўную сітуацыю ў вызваленым Мінску тэатральны крытык Барыс Бур’ян: “Парадаксальна, але мне помніцца, што ў сорак чацвертым, калі мае франтавыя пабрацімы ўваходзілі ў Мінск, беларускае слова на тым жа Суражскім рынку альбо ў натоўпе вакол прывакзальнай царквы ў гонар Казанскай іконы Маці Божай… сярод падлеткаў, якія тады — у верасні 44-га — збягаліся да ацалелых школьных будынкаў, — паўсюдна яно гучала як нешта натуральнае, звыклае, жывое. Толькі вось я (або хто паафіцэрысцей за мяне) — чалавек у вайсковым убранні — абуджаў у суразмоўніка-мінчука, здаралася, недарэчную збянтэжаную паўзу. На пэўны момант вінаватая з’яўлялася ўсмешка: маўляў, даруйце, я тут па-свойму, як мы ўжо прывыкаць пачалі пры немцах, а вы ж разумееце толькі па-руску, па-маскоўску… І чалавек лёгка пераходзіў на “простите”, “благодарю вас”, “держитесь берега Свислочи”… Па-першае, нас, прышэльцаў з Усходу, ды яшчэ вызваліцеляў, нетутэйшых, здзіўляла гатоўнасць мінчука размаўляць не па-свойму, а па-іхнаму… І мне такая манера весці размову падалася не такой і выпадковай. Відаць, “яны” тут падчас акупацыі, каб дагадзіць чужынцам-германцам, адракліся ад расійскай сутнасці і перайшлі на беларускую мову” (Полымя. 1994. №5.). Вядомы сталінскі тэзіс аб здрадніцтве ўсіх, хто быў пад акупацыяй, зноў ствараў “нераўнапраўныя адносіны між рознымі этнасамі”.

 

У далейшым, у выніку небывалых па маштабах міграцый, у першую чаргу вяскоўцаў у горад, сфера выкарыстання трасянкі пашырылася, бо яна ўжо пачала ўспрымацца як абавязковы элемент гарадской моўнай сітуацыі, на якую арыентаваліся прыезджыя. У выніку, як піша рэдактар часопіса “Маладосць” Генрых Далідовіч, “вяскоўцы літаральна запаланілі нашы гарады (кажуць, нас, гэткіх, у адным Мінску болей мільёна), але не абеларусілі іх… У нашых гарадах цяпер дзве мовы: руская і абрушаная трасянка“ (Літаратура і мастацтва, 31.05.96). Наяўнасць такога “двухмоўя” не дала падставаў для замацавання трасянкі ў якасці асноўнага сродку зносін, бо яна нават у вачах яе носьбітаў успрымалася як “некультурная мова”, нягледзячы на тое, што гарантавала высокі ўзровень моўнай інтэграцыі ў гарадскім асяроддзі. Аднак гэты ўзровень дасягаўся за кошт прымітывізацыі зыходных структур беларускай і рускай моваў пры моўным узаемадзеянні, чым і тлумачылі непаўнавартасць трасянкі людзі, што валодаюць дзвюма (ці хаця б адной) “чыстымі” мовамі. Нягледзячы на пастаянную карэкцыю з боку гэтых носьбітаў (пераважна рускамоўных) шляхам высмейвання і нагадвання пра вясковае паходжанне (“дзярэўня”), а таксама ўздзеяння расійскага радыё, тэлебачання і школы, трасянка застаецца “самай папулярнай мовай” (Літаратура і мастацтва, 16.02.96). Як прадукт крэалізацыі яна характарызуецца малой прадказальнасцю з’яўлення ў працэсе маўлення тых або іншых элементаў кожнай з моваў, якія ўзаемадзейнічаюць у час самога моўнага акту [4]. Яны залежаць ад многіх фактараў, найважнейшыя з якіх — ступень асіміляцыі моўцаў і канкрэтныя ўмовы камунікацыі. Найбольш устойлівымі застаюцца фанетычныя асаблівасці, што і дае падставы большасці назіральнікаў ацэньваць маўленне як беларускае: „Але цяпер тут [у так званым прыватным сектары Мінска. — Аўт.] пануе трасянка: і ў словах, і, тым больш, у вымаўленні, якое заўсёды заставалася беларускім” (А. Асташонак, Полымя. 1994. №11). А вось назіранні журналіста Віталя Цыганкова над мовай дэпутатаў, выхадцаў з вёскі: “Аграрыі… маюць у сваіх шэрагах аднаго дэпутата, які нармальна гаворыць па-беларуску. Астатнія ж прадстаўнікі гэтай фракцыі, відавочна, зрабілі ўсё магчымае, каб ніхто не называў іх ганебным словам “калхознік”: гавораць яны ўжо нават не трасянкай, а амаль чыстай рускай мовай. Засталіся толькі “аграрныя” “г”, “ч” і “р” у вымаўленні” (Свабода, 25.01.96). Гэта дало падставы разглядаць у абагульненым выглядзе трасянку як набор “непісьменных словаў, спалучаючых сабой рускі лексічны і беларускі фанетычны варыянты” (Круг, 4.04.96). Такую асаблівасць трасянкі, дарэчы, заўважаюць і карэнныя расійцы, якія канстатуюць, як гэта зрабіў нехта з рускіх пісьменнікаў, наведаўшы Мінск: “Слова-то вроде русские, а вот язык…” (Літаратура і мастацтва, 5.12.97). Аднак з пункту гледжання моўцаў, у тым, што яны гавораць на рускай мове, сумнення не можа быць. Найбольш выразнымі сведчаннямі гэтага з’яўляюцца маркіровачныя элементы (звычайна — найбольш частотныя), якія маюць, на іх думку, выключна рускі характар. Гэта словы тыпу “да”, “вот”, “іменна”, “эта”, “как” і падобныя, якія з’яўляюцца ў трасянцы найбольш прадказальнымі. І наадварот, непрадказальнымі з’яўляюцца спалучэнні словаў, што рэпрэзентуюць розныя моўныя сістэмы; пры гэтым адбываюцца некантраляваныя працэсы, вядомыя ў лінгвістыцы пад назвай “змена коду” (code-switching). Гэта заўважылі носьбіты незмяшаных формаў маўлення, стварыўшы шэраг анекдотаў. Вось адзін з іх у інтэрпрэтацыі Уладзіміра Содаля: “З малых гадоў мне запомніўся і жарт пра зайца, які бегаў з бульбы ды ў картошку, з картошкі ды ў бульбу. Хоць і малы быў, але зразумеў, што гэты жарт высмейвае людзей, якія не трымаюцца сваёй мовы” (Роднае слова. 1997. №9). Або яшчэ больш паказальны выпадак: “Чалавек з вёскі паехаў у горад. Сусед пытае: — Ну, як з’ездзіў? — А нішто. Туды ехаў — гляджу, на дарозе ляжыць палена. Назад еду — сматру, ляжыць браўно” (Свабода, 18.07.97).

 

Як з’ява індывідуалізаваная, трасянка ўзнікае ў выніку стыхійнага засваення рускай мовы непасрэдна ў працэсе моўных зносін з яе носьбітамі, а не ў працэсе паступовага арганізаванага вывучання вымовы і правілаў граматыкі людзьмі, выгадаванымі ў беларускамоўным вясковым асяроддзі. Звычайна гэта было звязана з перасяленнем у горад або раптоўным павышэннем грамадскага статусу, г.зн. зноў жа перамяшчэннем, толькі ў сацыяльным плане. Дасканалае авалоданне іншай мовай гэткім наўпростым метадам магчымае толькі ў вельмі раннім веку, у іншых выпадках дасягнуць яго без пастаноўкі вымаўлення, свядомага вывучэння граматычнай будовы не ўдаецца. Добрай ілюстрацыяй сказанага з’яўляецца фрагмент публікацыі Міхася Тычыны “Старшынёва “рош”: “Малады, гадоў трыццаць пяць, а можа крыху больш, старшыня калгаса, з якім мы аглядаем палетак, паводзячы рукой, загаварыў:

 

— Вот там у нас пасеяна рош, а за пасадкамі грачыха, двадцать гектаров…

 

Ці даўно ён, ураджэнец вялікай слуцкай вёскі, дзе матчына мова яшчэ пакуль не забыта-закінута, як у горадзе, гаварыў “жыта”, “грэчка”, “бульба”, “гарбуз”? Пакуль не пайшоў у “людзі”. Армія, сельскагаспадарчы інстытут, наменклатурнае асяроддзе раённага маштабу, дзе мова беларуская не ў пашане — ёю і сёння пагарджаюць, — зрабілі сваю справу. І на сустрэчы з вучнямі вясковай школы з нагоды пачатку навучальнага году, куды запрасілі і старшыню… папрасіўшы прабачэння, сказаў:

 

— Я буду говорить по-русску.

 

А выйшла звыклая “трасянка” (Наша слова, 15.11.95).

 

Недастатковаму валоданню другаснай моўнай сістэмай нярэдка спадарожнічае з’ява, якую ў амерыканскай лінгвістыцы называюць self-hatred, пагарда і нянавісць да роднай мовы; апошнюю пачынаюць лічыць асноўнай прычынай сваёй загнанасці і нягодаў. Пры гэтым можа адбывацца разбурэнне і першаснай моўнай сістэмы, у выніку чаго робіцца немагчымым ці вельмі ўскладненым і маўленне па-беларуску. Фактычна чалавек, незалежна ад свайго жадання, прадукуе толькі “трасянкавы тэкст”, як гэта добра паказаў у сваім эсэ гарадзенскі пісьменнік Алесь Чобат: “Сын Мані, загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Іван Іванавіч Казяўка, жнівень ненавідзеў. Кожны год у канцы лета да яго цягаліся патрыёты і даставалі за беларускую школу. А следам, ужо ў верасні, урываліся маёршы і падпалкоўнічыхі і пагражалі, што напішуць Руцкому і Хасбулатаву, што ён нацыяналіст! А Казяўка быў проста ні рыба ні мяса, а чалавек — і хацеў жыць як усе.

 

— Гаварыце ж, как людзі! І ні будзіт нікакіх праблем! — ушчуваў ён нацыяналістаў. — Вот я тожа беларус і тожа магу размаўляць на роднай мове, еслі нада... Калі ласка!

 

— Ну што вы так сразу?! — адбіваўся ён ад афіцэршаў. — Ну сагласян, сагласян я: не нада спяшыць! Но вы жа пайміця, гдзе жывёця… Да я сам за саюз! Но не ўсё жа сразу…” (Літаратура і мастацтва, 7.11.94).

 

Носьбіты т.зв. сумешчанага двухмоўя адчуваюць, што ступень валодання кожнай з дзвюх моваў не адпавядае патрэбам “раскаваных” зносін. Таму яны пазбягаюць гаварыць на пэўнай мове ў афіцыйных сферах жыцця, набываюць своеасаблівы комплекс “моўнай непаўнавартасці” [5]. Такім чынам, трасянка як бы паралізуе моўную дзейнасць індывідуума, выштурхоўвае яго за межы актыўнага грамадскага жыцця. Зрэшты, у сітуацыі, калі трасянка робіцца звыклым сродкам зносін, губляючы свой крэалізаваны характар, што можна часта назіраць у нашых умовах, яна ператвараецца ў своеасаблівы сродак ідэнтыфікацыі або групавой салідарнасці яе носьбітаў. Неўнармаванасць трасянкі, яе аморфны і плынны характар даюць яе носьбітам у некаторых сітуацыях падставу процістаўляць сябе як прыхільнікаў разняволення ці прагматызму ў моўнай сферы карыстальнікам літаратурнай мовы з жорсткай нормай, што патрабуе пэўных намаганняў для яе засваення. Але часцей за ўсё такі аргумент ужываецца толькі ў якасці аднаго з апраўданняў няведання беларускай літаратурнай мовы, бо суб’ектыўна большасць “трасяначнікаў” імкнецца да таго, каб іх ідэнтыфікавалі з носьбітамі рускай мовы. Што да апошніх, то іх рэакцыя на т.зв. моўныя памылкі “трасяначнікаў” у залежнасці ад культурна-гістарычных і сацыяльна-палітычных фактараў можа вагацца ад непрыхільнай варожасці праз дабрадушную іронію да абсалютнай моўнай талерантнасці. У апошнім выпадку ідэнтыфікацыя ці збліжэнне адбываюцца на іншай глебе (палітычнай, ідэалагічнай, прагматычнай і г.д.), а не на моўнай (як у прыведзеным вышэй выказванні аднаго з рускіх пісьменнікаў). Мяркуецца, што гэта непазбежнае зло на шляху да такой ідэнтыфікацыі, якое з цягам часу будзе пераадоленае ў індывідуальным парадку.

 

Шырокае выкарыстанне трасянкі можа істотным чынам паўплываць як на культуру рускамоўнага, так і беларускамоўнага маўлення.

 

Пагрозу трасянка нясе найперш для далейшага лёсу беларускай літаратурнай мовы. Стыхійны ціск на яе ці свядомае патрабаванне “не адрывацца ад жывой мовы” вядуць да разбурэння складзеных нормаў, страты свайго “аблічча” і небяспечнага збліжэння з рускай мовай, што адразу ставіць пад сумнеў само існаванне асобнай літаратурнай мовы. Гэта добра разумелі тыя, хто ў 30-я гады справакаваў (як паказалі архіўныя матэрыялы, тут дзейнічаў добра падрыхтаваны агент [6]) вядомае выступленне Я. Воўка-Левановіча з прапановамі аб увядзенні некаторых асаблівасцяў трасянкі ў якасці нормы ў беларускую літаратурную мову: “…16 снежня 1929 году ён выступіў у Акадэміі навук БССР з дакладам “Пра некаторыя важнейшыя недахопы беларускай літаратурнай мовы”. Даклад разам з правільнымі палажэннямі меў і шэраг памылковых. Напрыклад, аўтар абгрунтаваў неабходнасць перадачы на пісьме ва ўсіх іншамоўных словах змякчэння д і т перад галоснымі пярэдняга раду (ідзеал, інцярэсы, ліцература, мацер’я, сціль, цеатр, церміналогія) і замены ўжо прынятых у беларускай літаратурнай мове слоў рускімі адпаведнікамі (аб’яўленне, апрэль, аўгуст, гасударства, знамя, случай, срэдства, фяўраль, шчот, январ і г.д.) на той падставе, што ў мове часткі беларускага насельніцтва, асабліва гарадскога, яны ўжываюцца. Менавіта на жывую мову горада, указваў дакладчык, і павінна арыентавацца ў сваім складванні і развіцці беларуская літаратурная мова“ [7]. Неабавязкова бачыць у гэтых прапановах свядомае імкненне падарваць асновы беларускай літаратурнай мовы, але аб’ектыўна яны працавалі на ўхваленае Сталіным “збліжэнне” і “зліццё” моваў народаў СССР з рускай мовай [8].

 

На падобны шлях “выратавання” беларускай літаратурнай мовы звяртаюць увагу і некаторыя нашы сучаснікі. Так, Міхась Пузіноўскі следам за Юрыем Хадыкам прапануе даць “правы грамадзянства” звычайнай трасянцы, бо яна, на яго думку, сведчыць, што “родная мова яшчэ не забылася, а суседняя не авалодала чалавекам цалкам” (Наша слова, 3.02.99). Нешта падобнае прапанаваў у сваім выступленні на з’ездзе Таварыства беларускай мовы 6 кастрычніка 1995 г., а пасля ў асобнай публікацыі ў газеце “Беларуская маладзёжная” (17.01.97) бард Андрэй Мельнікаў. Акрамя пэўных правапісных зменаў (скасавання “ў”, паралельнага ўжывання “і” разам з “и”, “j” разам з “й”, ужывання мяккіх фанем [р’], [ч’], [ш’] у пазычаннях з рускай мовы і г.д.) аўтар раіць перагледзець такі фактар, як нарматыўнасць.

 

У прынцыпе, характару беларускай як параўнальна маладой славянскай літаратурнай мовы адпавядае гнуткасць моўных нарматываў, але прыняцце некаторых прапановаў А. Мельнікава несумненна вядзе да таго ж выніку, пра які гаварылася вышэй. Параўнайце, напрыклад, такі пасаж: “Вартае ўвагі прыняцце за нарматыўную пазычанай лексікі, калі яна шырока ўжываецца паралельна з ранейшай (напрыклад: “званіць”, “то есць”, “атражаць”, “абшчэнне” і г.д.). Тое, што пераважная большасць пазычанняў будзе з рускай мовы, не павінна палохаць. Ад пазычанняў наша мова не зробіцца рускай, бо ў нас хапае свайго моўнага багацця. Выкідваць з мовы тое, што лёгка і прыемна вымаўляць, людзі не будуць, а адмаўляцца ад чужога, калі яно дапамагае існаванню, — глупства”.

 

У распачатай чытачамі “Нашай Нівы” ў 1998 годзе дыскусіі наконт ролі трасянкі прадстаўленыя супрацьлеглыя погляды. Так, Павел Круковіч сцвярджаў: “Для адраджэння беларускасці, пашырэння выкарыстання беларускай мовы трэба зрабіць моднай яе і нават і акцэнт, так бы мовіць, трасянку”. Насуперак яму, Андрэй Аляксандраў лічыць, што “паводле сваёй сутнасці трасянка з’яўляецца моўным вычварэннем, таму казаць аб яе значнасці як каталізатара пераходу да беларускай мовы нельга”. Здаецца, тут ісціна, як заўсёды, пасярэдзіне. Пры спрыяльных умовах пераход да літаратурнай мовы магчымы, і пра гэта сведчыць гістарычны досвед чэшскай мовы, дзе напаўгерманізаванае гарадское кайнэ не перашкодзіла ўсталяванню ў грамадстве чэшскай літаратурнай мовы (хаця і захавалася пэўнае супрацьпастаўленне дзвюх ідыёмаў паводле сфер ужывання). З іншага боку, пры неспрыяльных умовах паступова можа адбыцца змена мовы, і трасянка — крок на гэтым шляху. І тут для дабра справы мэтазгодна размежаванне сфераў ужывання трасянкі і ўзорнай літаратурнай мовы, бо, як сцвярджаў адзін з удзельнікаў дыскусіі, “кніжная і “адраджэнская” мова не дапаможа знайсці паразуменне з “простым чалавекам” (Наша Ніва, 24.07.2000). Але гэта зусім не значыць, што яна непатрэбная і не варта дбаць пра яе культуру.

 

Вяртаючыся да вызначэння лінгвістычнай сутнасці трасянкі, трэба прызнаць, што датуль, дакуль у межах гэтай з’явы захоўваецца здольнасць да асіміляцыі чужых моўных структураў (фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных), можна казаць пра яе беларускі характар. Паводле Барбары Шыдлоўскай-Цэглёвай, знанай даследчыцы “згаслай” палабскай мовы, прыстасаванне сваіх словаў, перш за ўсё ў марфалагічным плане, да структуры экспансіўнай мовы ёсць сігналам пераходу на адзіны код (чужамоўны) [9].

 

Застаюцца нявысветленымі ў тэарэтычным плане адносіны феномену трасянкі да тыпалагічна падобнай з’явы, выніку беларуска-польскага моўнага ўзаемадзеяння, зафіксаванага на пісьме ў знаным “Дзённіку” Ф. Еўлашоўскага або “Дыярыюшы” М. К. Радзівіла. На думку некаторых даследчыкаў, сюды ж адносіцца і т.зв. проста мова, на якой пісалі І. Вышанскі, З. Капысценскі, М. Сматрыцкі, П. Бярында, І. Ужэвіч і іншыя беларуска-ўкраінскія пісьменнікі сярэднявечча [10]. У. Свяжынскі нават сцвярджае, што мова твораў Ф.Скарыны з’яўляецца адным з ранніх выпадкаў фіксацыі беларуска-царкоўнаславянскай трасянкі [11]. Але нам здаецца, што такое пашырэнне тэрміна “трасянка” на пісьмовую мову не мае падставаў. Усе славянскія літаратурныя мовы, якія развіваліся ў рамках царкоўнаславянскай традыцыі, у сілу сваёй спецыфікі, якая характарызавалася пераемнасцю, спалучалі ў сабе элементы народныя з царкоўнаславянскімі. Але, незалежна ад гэтага, ім была ўласцівая больш-менш выразная норма, што зусім не характэрна для трасянкі, якая з ліку непісьмовых моваў. З’яўленне ж апошнім часам тэкстаў, стылізаваных пад трасянку, трэба разглядаць як мастацкі прыём, скіраваны на дасягненне пэўнага эфекту, часцей за ўсё адмоўнай або камічнай характарыстыкі персанажа — яе носьбіта.

 

Упершыню — у ARCHE Skaryna. 2000. № 6 (11).

 

[1] Параўн. эмацыянальную ацэнку сутнасці трасянкі С. Прохаравай: “Трасянка — чудовищная смесь языков — не только показатель низкого культурного уровня страны, это система формирования акультурных личностей с сумятицей в душах и головах“ (Аргументы и факты: Аргументы и факты в Беларуси. 1997. №38).

 

[2] Мечковская Н.Б. Языковая ситуация в Беларуси: Этические коллизии двуязычия // Russian Linguistics. 1994. Vol.18. P.312 (перадрук артыкула гл. у кн.: Сацыякультурная прастора мовы (сацыяльныя і культурныя аспекты вывучэння беларускай мовы). Мінск, 1998). Як “прамежкавую” (intermediate) або “змяшаную” (mixed) форму маўлення разглядае трасянку К. Вулхайзер, гл.: Woolhiser C. The sociolinguistic study of language contact and bilingualism in the former Soviet Union: The case of Belarus // When East Meet West: Sociolinguistics in the Former Socialist Bloc. Ed. by Jeffrey Harlig, Csaba Pléh. Berlin, New York, 1995.

 

[3] Мечковская Н.Б. Социальная лингвистика. Изд. 2-е, исправ. Москва, 1996. С. 108. Некаторыя даследчыкі называюць гэты феномен “паўмовай” (semilanguage), гл.: Gustavsson S. Belarus: A Multilingual State in Eastern Europe // Language, Minority, Migration: Yearbook 1994/1995 from the Centre for Multiethnic Research. Uppsala, 1995.

 

[4] Н. Мячкоўская сцвярджае, што ў трасянкі, у адрозненне ад дыялекту, цалкам адсутнічае маўленчы узус, параўн.: Мечковская Н.Б. Языковая ситуация в Беларуси.

 

[5] Выгонная Л.Ц. Псіхалінгвістычныя аспекты беларуска-рускага білінгвізму // Беларуская лінгвістыка. 1996. Вып. 45.

 

[6] “В октябре 1929 г. я уговорил Волк-Левоновича выступить со своим докладом в Академии о белорусском языке. Великодержавные шовинистические установки В.-Левоновича... мне были известны и ранее, но от поправок и замечаний к докладу я воздержался. После доклада В.-Левоновича я пошёл к Мамчицу и возмущённо говорил ему, как это никто не реагирует на выступление В.-Левоновича. И группа начинает действовать... В Минске распускаются слухи по поводу доклада, и, конечно, от В.-Левоновича остались рожки да ножки” (Платонаў Р. Агляд настрояў: Гартаючы старонкі дакладаў “сакрэтнага супрацоўніка” // Полымя. 1994. №4).

 

[7] Германовіч І.К. Беларускія мовазнаўцы. Мінск, 1985.

 

[8] Параўн.: Törnquist-Plewa B. Sprеk och identitet і Vitryssland. Lund, 1997.

 

[9] Szydłowska-Ceglowa B. O niektórych wyznacznikach dwujęzyczności (na przykładzie języków zachodniosłowiańskich) // Z polskich studiów sławistycznych. Językoznawstwo. Warszawa, 1988. S. 442.

 

[10] Moser M. Anmerkungen zur Prosta mova // Slavia. 1995. Roč. 64. Гл. таксама: Moser M. Die polnische, ukrainische und wei?russische Interferenzschicht im russische Satzbau des 16. und 17. Jahrhunderts. Frankfurt a. M., 1998.

 

[11] Свяжынскі У. З гісторыі беларускай “трасянкі” // Наша слова. 1990. №2.

Чытайце таксама

Залаты век ілюстрацыі

Залаты век ілюстрацыі

Лічыцца, што час, калі майстэрства ілюстрацыі дасягнула найвялікшага росквіту, яе так званы Залаты век, прыпадае на перыяд з 1880 па 1925 год (паводле некаторых звестак, 1850—1925). У Еўропе і ЗША яркія…

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

Марына Шода

“Кароль Мацюсь” і яго прыгоды ў рускіх і беларускіх перакладах

2010 год: Гісторыя ў кнігах

2010 год: Гісторыя ў кнігах

Не скажаш, што сёлета выйшла шмат перакладных выданняў. Бо напраўду выйшла іх зусім мала. Нават у параўнанні з мінулым годам. Але цікавасці тых кніг, што выйшлі, гэта не змяншае, і я прапаную ўзгадаць,…

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Лешак Энгелькінг

Пераклад — гэта спосаб чытання твора

Вясной у кнігарні “логвінаЎ” у межах Месяца польскай літаратуры прайшла сустрэча з польскім паэтам, перакладчыкам, літаратуразнаўцам і перакладазнаўцам Лешкам Энгелькінгам...

8269