№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Скрыган

Беглыя запісы

25 студзеня 2010

Беглыя запісы

У мяне ў апавяданні напісана: «Выгадавала дзвюх дочак і вельмі шчаслівая». Але на тэлебачанні нехта паправіў, і артыстка прачытала: «Вырасціла дзвюх дочак».

Той, хто правіў, быў перакананы, што папраўляе лепш. На жаль, так бывае часта.

* * *

Каларытнае слова цяпершчына. I калі б папракнулі нейкага пісьменніка, што ў яго творах мала цяпершчыны, то ўсё роўна ён зразумеў бы, што ад яго патрабуюць суаснасці.

Сінонімы — багацце мовы; яны ніколі не варагуюць.

* * *

Ніяк не ўразумею, чаму мы пішам звеннявы, звеннявая, калі словаўтварэнне ідзе ад звяна і не патрабуе другога «н»: звенавы, звенавая.

* * *

Гэтак жа як гатоўнасць. Гатовы, гатоўля, загатоўля, гатаваць, гатоўка, нагатове, напагатове — нідзе няма «н». То, мабыць, правільна было б і пісаць гатовасць?

* * *

Цудоўнае слова найсвяцейшы — сінонім свяшчэннага. Найсвяцейшы наш абавязак — абараняць Радзіму.

* * *

Забываюцца некаторыя словы. I не яны вінаваты ў гэтым, а мы: усё аддаляемся ад жывое гаворкі. Неўміручы, агністы, агняны, неўпрашоны... А ў нас жа толькі бессмяротны, вогненны, няўмольны. Добрыя словы, але ж іх мала.

* * *

Жанчына ў магазіне:

— Ці ёсць у вас складаная метра?

Другая, у краме электратавараў:

— Гэта ж я шукаю машыновых іголак ды нітак. Ці няма ў вас часам?

Колішняя партызанка ўспамінае, як выратаваліся яе сяброўкі з аблогі:

— Яны выйшлі цераз тунэлу.

На аўтастанцыі два мужчыны:

— Дакуль будам браць білеты?

— Да Міра!

Паспрабуйце перадаць гэта моваю, прычэсанаю грабянцом нормы, і згіне ўся краса слова, яго жэст, свабода вобраза.

* * *

I яшчэ. Жанчына з Дзятлаўшчыны. Расказвае пра чалавека, што ўтапіўся.

— Ён быў вельмі спакойны мужчына. Вечна маўчыць. I ніхто ніколі не бачыў яго выпітым. Меў свой дом на тры пакоі. Як гарадскі: спальня, кухня, прыхаджалая.

Гэта, вядома, стыхія. Але які непачапаны лад мовы!

* * *

Ёсць рускае слова «задел». Тое, што пачата работаю, але не скончана. Думаючы, што калі «задел» ідзе ад «дело», то і ў беларускай мове легка можна ўтварыць ад работы — зароб. Так было і напісана: «У заробе тэатра тры п'есы». Аднак слова стаіць на такіх высокіх хадулях, што карыстацца ім больш ніхто не асмельваецца.

Мабыць, у мовы таксама ёсць свае законы несумяшчальнасці. Калі ісці ад прыроды яе, то, можа, лепш было б сказаць распачын: тое, што распачата работаю. «У распачыне тэатра тры п'есы». А лепш за ўсё ўспомніць жывую мову і сказаць: «Тэатр распачаў работу над трыма п'есамі».

* * *

Сёння касілі па той нізовіне, што за лесам.

Якое светлае, яснае слова! Так і хочацца ўбачыць яго дзе ў творы.

* * *

Калі я працаваў у Эстоніі, мая памочніца была мне і за перакладчыцу. Я адчуваў сябе да страхаты няёмка: быць сярод людзей без іхняй мовы, гэта значыць быць ім чужым. Я паставіў сабе найпершую задачу: як мага скарэй не мець патрэбы ў перакладчыку. Праз паўгода ўсю дакументацыю я чытаў сам, ведаў, чаго ў мяне пытаюць або просяць, што і як мне адказаць.

Мабыць, праз гэта доўга я адчуваў да сябе іхнюю прыязнасць, нават пасля таго, як ужо не быў сярод іх.

* * *

Успамінаю, як у нас гаварылі. Блакіт — гэта колер тонкі, лёгкі, а ласкаю для вока: блакітнае неба. А калі жанчына купляла хустку, то казала: «Купіла галубовую хустку». Гэта ўжо колер грубейшы, гусцейшы, больш празаічны.

Калі ткалі кросны, то ніколі не гаварылі, як у слоўніку: чаўнок. Гаварылі чоўнік. «Гэта ж мужчыны зрабілі новы чоўнік, дык цяжкавата ходзіць яшчэ».

А калі куплялі гаршкі на рынку, дык пробавалі, ці цэлыя, стукаючы іх костачкамі пальцаў. Калі гаршчок (ці міска, ці макацёр, ці гладыш, ці злівак) быў пабіты, гэта пазнавалі па глухім голасе. На такі гаршчок казалі, што ён трупціць. Здаецца, што іначай і сказаць нельга, але цяпер у любой пасуднай краме гавораць іначай: не звініць.

У слове «трупціць» было знаццё справы, прырода самой рэчы, вобраз, мадэль.

* * *

У слоўніках напісана дзяячка. А пра мужчын — дзеяч. Гаворым жа мы ўсё роўна дзеячы, дзеячоў, дзеячамі.

* * *

— Па суботніх і нядзельных днях слухайце нашы перадачы з цыкла...

Усё, здаецца, правільна ў гэтай аб'яве па радыё, а праўды мовы няма. Кожная мова мае свае законы словаўтварэння. У рускай мове назвы двух дзён — суббота і воскресенье — маюць свае прыметнікі: субботний день і воскресный день. У беларускай мове ні адзін дзень не мае свайго прыметніка. Вось чаму чутна калька, хоць яна вельмі старанна падрабляецца пад натуру.

А натура выглядае куды харашэй і прасцей: — Слухайце нашы перадачы па суботах і нядзелях.

* * *

У Сафіі, у Дзяржаўным тэатры я глядзеў «Ягора Булычова». Вядома, на балгарскай мове. Пасля спектакля, устаўшы ўсёй сваёй жывой масай, зала доўга не выпускала артыстаў з гарачых воплескаў. Трыумф, слава, любоў, гордасць — усё было ў гэтай узрушанасці. Я падумаў пра сілу формулы: нацыянальная формаю і сацыялістычная зместам культура. Гэта яна, мова, зрабіла так, што п'еса рускага пісьменніка стала з'явай нацыянальнай гордасці балгарына.

I тады са шкадобаю падумалася пра дом. Ці то вінаваты тэатр, ці паэты, ці артысты, але ні сусветная оперная класіка, ні руская не ўключана ў наш нацыянальны духоўны здабытак.

* * *

Уладзімір Калеснік, выступаючы неяк на сходзе, сказаў: «Па нашых творах рысы сучасніка выглядаюць часамі расплывіста». А практыка абмяжоўваецца толькі адным, далёка не лепшым словам: расплыўчата.

Ён жа, гаворачы пра нейкую каларытную фігуру, сказаў: «Не так разумны, як нюхлівы».

Якая яркая перадача вобраза!

I як жа доўга зачакаліся мы тлумачальных слоўнікаў, каб дасціпнасць жывога слова была ў нас напашэве.

* * *

Ён змалку ў касцёле на арганах іграў. Па слоўніках жа — на аргане.

Нехта ж тут памыляецца, ці жывая мова, ці слоўнікі.

* * *

— Зрабі сабе прымернік ды па ім і будзеш нарэзваць падрад, — казаў бацька, калі я збіраўся нарабіць дошчачак на фігурную шалёўку.

Прымернік — гэта экземпляр, які з'яўляецца асноваю да масавай вытворчасці, да якога прымерваюцца другія: абразец. Мне здаецца, што гэтага слова вельмі не хапае ў тэхніцы. Бо ўзор, узорны — гэта нешта лепшае сярод другіх, а не той экземпляр, з якога можна размнажаць.

Яшчэ бацька казаў: зразы. — Трэба будзе добрыя зразы дастаць ды прышчапіць тыя дзічкі, што з лесу паперасаджвалі.

Гэта таксама, мабыць, нешта лепшае, гатунковае, узорнае. Бо сёстры нават для вышывання даставалі зразы.

Археолагі пішуць: «Пры раскопках знойдзены скрэблы з пільчатай рэтушшу». А хочацца чытаць іначай, з больш натуральнай канструкцыяй слова: «...з пільчатым рэту-шам». Гэтак жа як і карціны пісаць не гуашшу, а гуашам. Або археалагічныя знаходкі: пішам — прасліца. А, мабыць, па законах мовы, трэба — праселка, прасельца.

* * *

Вось якімі багатымі адценнямі жывая мова надзельвае некаторыя разуменні. Скажам, жанчына: дзяўчынка, дзяўчына, дзяўчо, дзеўчанё, дзеўчаня, дзеўка, дзявуля, дзявуха, маладзіца, кабета, жанчына, баба. У кожным слове свая эмацыянальная акраса, за кожным стаіць свой вобраз і век — малады, сярэдні, пажылы. Але перакладаючы з рускай «деваха», мы пакінем лепш кальку, а сказаць дзеўка, дзявуля не асмелімся.

* * *

Чытаю ў газетах: «У абстаноўцы поўнага ўзаемаразумення» і адчуваю душою, што не так гэта сказана. Абстаноўка — гэта тое, чым абстаўляюць кватэру, мэбля: «Купіў новую абстаноўку». А тут жа ўмовы, стацовішча, акалічнасць, абставіны.

* * *

Барыс Платонаў расказваў, як аднойчы зусім нязначная выпадковасць натыкнула яго на думку прыдаць вобразу новую рысу.

Проста здорава, як хораша — натыкнула! А мы ж яго скрозь падменьваем словам наштурхнула, самі не верачы ў яго праўду.     

* * *

Паміранне мовы такая ж натуральная з'ява, як і нараджэнне яе. Быць можа, што і мая мова некалі памрэ. Як памру я сам, чалавек. І я аніяк не баюся натуральнай смерці.

А от калі насільна паміраць — страшна.

* * *

Словамі, якія патрэбны эканамічнай і тэхнічнай навуцы: хуткарэзны станок, самазаточны інструмент, нержавейная сталь, нафтаздабыўная (горназдабыўная) прамысловасць — мы не карыстаемся, іх у слоўніках няма. Але яны выглядаюць, як даўно знаёмыя, бо не нарушала іх словаўтваральная прырода. Пішам жа, на жаль, іначай: хуткарэжучы станок, самазаточваючыйся інструмент, нержавеючая сталь, нафтаздабываючая (горназдабываючая) прамысловасць, — усё роўна як выкручваем рукі. Думаючы, што мове не баліць.

* * *

Ніяк не магу прымірыцца, што, як чужаземнае, трэба пісаць прозвішча Герцэн. Хочацца пакарыстацца любым выключэннем — традыцыйнасцю вымаўлення, даўнім запазычаннем з неславянскіх моваў — і пісаць Герцан, як імя сваё, добра вядомае кожнаму з юначых гадоў, калі мы знаёміліся з развіццём айчыннай рэвалюцыйнай думкі.

* * *

Можна сказаць, што некаторым словам, такім, як paмонт, цырымонія, рысора, дрызіна, інжынер, сакратар, літаратура, канцылярыя — пашанцавала. Яны набылі такое напісанне яшчэ тады, калі нормы рабіла сама мова, і таму выглядаюць па-народнаму натуральна. Цяпер бы іх напісалі рэмонт, цэрэмонія, рэсора, дрэзіна, інжэнер, секрэтар, літэратура, канцэлярыя, гэтак жа як прэсвітэр, рэжым, шпіндэль, крэветкі, чэркес, — надаючы ім чужаземнасць.

* * *

Чужаземнае напісанне дадзена і такім гарадам, як Арэнбург, Нахічэвань, Какчэтаў, Чэлябінск, Чэркасы, Чэркеск, хоць яны сталі нашым бытам і смела падышлі б да фармуліроўкі «даўно запазычаных слоў».

* * *

Пільнуючыся народных канструкцый, вось як шырока можна карыстацца прыназоўнікам на: пісаць на адрас, дом на восем кватэр, хата на тры акны; п'еса на два акты, раман на чатыры часткі, збор твораў на пяць тамоў; бочка на капусту, мех на бульбу; пасведчанне на заканчэнне школы, квіток на здачу грошай у касу; рашэнне на выдачу ордэра, пастанова на засяленне дома, загад на прызначэнне на работу, пагадненне на абмен дэлегацыямі, дагавор на пастаўку абсталявання, указ на ўзнагароджанне (а яшчэ лепш — на ўзнагароду).

* * *

Пішам «матацыкл», але «мотаролер». Як жа здагадацца, якое тут правіла, калі этымалогія адна: матор?

* * *

— Пайшоў на заслужаны хлеб, — скажуць пра чалавека, які свае адпрацаваў, пайшоў на адпачынак. Затое, калі нехта карыстаецца шырокаю павагаю, усімі знаны, за вялікія заслугі пашанаваны ўзнагародамі, скажуць: — Гэта чалавек заслужоны.

 

1963

 

Перадрукоўваецца паводле кнігі: Ян Скрыган. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1990.

Чытайце таксама

3D-кнігі

3D-кнігі

Сёння ўсе сайты трубяць, што навукоўцы з Паўднёвай Карэі стварылі кнігу з выкарыстаннем тэхналогіі 3D. Такім чынам, у кнізе пра персанажа можна не толькі прачытаць, але і ўбачыць яго трохмерны малюнак.

Ален Гінзберг у Празе

Вацлаў Граб’е

Ален Гінзберг у Празе

Паводле ўсяго, кароткая гутарка з Аленам Гінзбергам – гэта апошні тэкст, напісаны, прынамсі часткова, Вацлавам Граб’е. Паэт памёр ад атручання чадным газам 5 сакавіка 1965 году, праз 13 дзён пасля прылёту…

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Малюнкі без кніжак, або Замежныя ілюстратары ў Мінску

Дачуўшыся пра тое, што ў Мінску адкрылася выстава пад назвай “Жылі-былі, або Сучасная дзіцячая кніжная ілюстрацыя з Беларусі, Германіі, Ізраіля і Польшчы”, я ў абедзенны перапынак пад’ехала ў Музей…

Аўтарка ў сучаснай Беларусі: існаванне насуперак

Анка Упала

Аўтарка ў сучаснай Беларусі: існаванне насуперак

Беларускіх пісьменніц сёння безумоўна болей, чым у 1927 годзе, з якога сведчыць нам Мікола Байкоў, але кантэкст для іх застаецца варожым, ён выштурхвае іх за межы бачнасці, за межы прызнання, абясцэньвае…

2015