№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ян Скрыган

Блізкія сэрцу думкі

25 студзеня 2010

Блізкія сэрцу думкі

Ёсць такая кніга «Русские писатели о языке». Гэта не проста кніга, а хрэстаматыя, прызначаная для школ, каб думкі перадавых людзей зямлі рускай перадаваліся кожнаму новаму пакаленню, як патрыятычныя наказы шанаваць і аберагаць Радзіму. Упоравень са словам Радзіма заўсёды стаіць мова. Без мовы не можа быць народа. Калі памірае мова, памірае і народ, сыходзіць з гістарычнай сцэны. Добра ведаючы гэта, ад бязроднага нігілізму перасцерагаў Францішак Багушэвіч. «Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмерлі», — пісаў ён у прадмове да свае кнігі.

Яшчэ больш энергічна такую ж думку сказаў ірландскі вучоны Дэві. «Кожны народ павінен аберагаць сваю мову больш, чым граніцы, бо мова — галоўная яго абарона, куды больш моцная, чымся ўсе яго цытадэлі», — сказаў ён. Нямала падобных думак можна знайсці і ў названай мною кнізе, у рускіх пісьменнікаў, такія, як Пушкін, Герцан, Бялінскі, Тургенеў, Талстой, Горкі. Праз іх мы навучыліся любіць і шанаваць рускую мову. I Расію навучыліся праз іх любіць, як сваю радзіму. У часы вялікіх выпрабаванняў, калі на Савецкі Саюз накінуліся фашысцкія дзікуны, Ганна Ахматава ў вершы «Мужнасць» як сцяг самай дарагой нацыянальнай святыні падняла перш за ўсё мову.

 

Мы знаем, что ныне лежит на весах

И что совершается ныне.

Час мужества пробил на наших часах,

И мужество нас нe покинет.

Не страшно под пулями мертвыми лечь,

Не горько остаться без крова,—

И мы сохраним тебя, русская речь,

Великое русское слово.

Свободным и чистым тебя пронесем,

И внукам дадим, и от плена спасем

Навеки!

 

Я заўсёды з душэўным узрушэннем адчуваю гордасць рускіх пісьменнікаў, калі іх творы пазначаюцца такімі назвамі, як «Русский характер», «Русский вопрос», «Русские люди», «Русский лес», «Русские просторы», «Мы — русский народ». Я не магу ўявіць сабе ні аднаго рускага, які сказаў бы, што ён не любіць рускай мовы; ні аднаго француза, ні аднаго немца, ні аднаго іспанца, італьянца, які дазволіў бы сабе нешта нядобрае сказаць пра сваю мову.

З беларускай жа мовай было многа метамарфозаў. Я памятаю часы, калі толькі што наладжваўся друк і кожная беларуская кніжка з'яўлялася святам. Калі Уладзіслаў Галубок са сваёй трупай вандраваў з сяла ў сяло па Беларусі і людзі з вуснаў не мужыка, а гарадскога, інтэлігентнага чалавека першы раз чулі сваё роднае слова і дзівіліся, што з ім, з гэтым словам, можна паказацца ў людзі. Я сам у Слуцку бачыў тых галубкоўскіх артыстак. Маладыяг прыгожыя, адзетыя ў вышываныя строі, яны ішлі па Пралетарскай вуліцы і весела гаманілі. Не ведаю, колькі часу я хадзіў следам за імі, слухаючы і баючыся прапусціць хоць адно слова.

Пасля памятаю часы, калі небяспечна было сказаць «Маці-Беларусь». Памятаю, як Францішак Багушэвіч стаў «рэакцыйным» пісьменнікам. Як Андрэй Александровіч атрымаў спагнанне за верш, напісаны пра Кастуся Каліноўскага...

I вось зусім нядаўна я бачыў, як у кнігарні дзве дзяўчынкі-школьніцы куплялі кніжку Сяргея Грахоўскага «Гарыць касцёр». Зачарованая афармленнем, малюнкамі, фарбамі, адна пусцілася ўжо ў касу плаціць, але другая перапыніла: «Стой, гэта ж па-беларуску!» «Праўда, — згадзілася першая, — а па-беларуску я не ўмею». Мне стала шкода гэтых дзяўчатак і брыдка за іх бацькоў. Гэта ж яны, карыстаючыся нашымі дэмакратычнымі законамі, не палічылі патрэбным, каб дзеці іх ведалі мову народа, сярод якога жывуць. А без мовы яны будуць намнога бядней духоўна, можа, нават эгаістычней, бо чаго не разумееш, не дайшоў розумам і сэрцам — стараешся не любіць.

Неяк я выступаў у Ждановічах на камсамольскім актыве. Я расказаў, што ў нас была свая гісторыя, што быў Статут Вялікага княства Літоўскага, першадрукар Скарына, рэвалюцыйны дэмакрат Кастусь Каліноўскі. Камсамольцы слухалі з цікавасцю надзвычайнай, пасля задавалі пытанні, выступалі, і я быў здзіўлены тым, што ў нечым не мог разабрацца: адны з іх былі яўна рады, што надарыўся выпадак пагаварыць па-беларуску, другія не ўмелі гэтага зрабіць і як бы саромеліся і адчувалі сябе вінавата. Едучы дадому, у машыне, іхні кіраўнік сазнаўся, што беларускай мовай не карыстаецца. Я ўспомніў выступленні камсамольцаў і зразумеў, якая гэта важная рэч — асабісты прыклад кіраўніка.

Ёсць і больш сур'ёзныя рэчы: мова ў акадэмічным тэатры, які носіць імя Янкі Купалы. Слухаць мову з вуснаў артыстаў проста няёмка. У тэатры гэтым вы не пачуеце таго, што ўласціва прыродзе мовы, ні цвёрдых зычных, ні мяккага падваення, ні адкрытых галосных, — усяго таго, што дае прастату і натуральнасць гаворкі. Наадварот, усё будзе выглядаць так, нібы са сцэны гаворыць чужаземец, якому вельмі цяжка прызвычаіцца да «правінцыяльных дзівацтваў».

Аб мове купалаўцаў няраз пісалася ў газетах, гаварылася на сходах. Можа, было б карысна, каб калі-небудзь мы сабраліся разам — пісьменнікі і артысты, — ды пагаварылі аб мове, як кажуць, з вока на вока, і строга і шчыра, каб той, хто не разумеве гэтага, нарэшце зразумеў, што гэта вельмі сур'ёзна: акадэмічны купалаўскі тэатр і купалаўская мова.

Мы часта і слушна гаворым пра такую катэгорыю, як культура мовы. Гэта натуральна: развіваецца грамадская думка, расце культура мыслення, павінна расці і культура слова, сказа, мовы. На жаль, мы вельмі не зауважаем сувязі гэтых паняццяў. Многія работнікі культурных і пісьменніцкіх прафесій вымушаны паступова замаўкаць, сцішацца і зусім творча паміраць толькі таму, што паступова і непрыкметна адсталі ад філасофіі часу, ад культуры мыслення і спосабу перадачы думкі. Культура ва ўсіх выпадках — гэта паглыбленне. Пісьменнік скрозь павінен ісці толькі ўпоравень часу, каб не стаць прымітывам.

Мы часта скардзімся, што нашу моўную культуру псуе газета. У гэтым ёсць праўда і няпраўда. Газетны стыль заўсёды існаваў і будзе існаваць. У газетнага стылю зусім іншая прырода і іншыя функцыі: ён перадае надзённую інфармацыю не эмацыянальнай, а публіцыстычнай уласцівасці. Таму гэты стыль бадай што заўсёды павярхоўна-інфармацыйны. I бяда шмат якіх пісьменнікаў, што ў сваёй рабоце яны пераймаюць іменна гэты стыль.

З маладымі пісьменнікамі бываюць вельмі нечаканыя рэчы. На старонках газет ці часопісаў паяўляецца новае імя. З радасцю мы заўважаем, што ў літаратуру ідзе чалавек з свежымі вачыма на свет, з сваім здзіўленнем, з простай, добрай народнай мовай. Выйшла першая кніжка, яе пахвалілі. Акрыялы чалавек пераязджае ў горад, уладкоўваецца на рабоце, недзе бліжэй да рэдакцый газет або радыё. I вось праз нейкі час пісьменніка мы не пазнаём. Свае пошукі ён лёгка падмяніў схемай, мова яго стала службова-бедная, неахайна развінчаная ў сваіх сінтаксічных формах, па-мадэрнісцку настаўбурчаная. Дарэчы, мадэрнісцкая настаўбурчанасць мовы асабліва чутна і відна ў паэзіі.

У свой час я вельмі прыхільна ставіўся да аднаго чалавека, здаецца, нават даваў яму рэкамендацыю ў Саюз. Пасля пісаў рэцэнзію на рукапіс яго першай кніжкі. Мне падабаўся гэты хлапчына па сціслай манеры пісьма, па думцы, што прысутнічала ў кожным апавяданні. I вось цяпер выйшла яго новая кніжка. Паслухайце, якой мовай гавораць там людзі. Муж да жонкі: «Гэта справа не такая лёгкая»; вучань, не могучы рашыць задачы: «Што ж гэта на самай справе»; сябры між сабою: «Слухай, не затрымлівай, кажы аб справе»... I вось так: «справа не чыстая», «у чым справа», «прыступілі да справы», «так справа не пойдзе», «выканаць свае меркаванне», «аказаць дапамогу», «дакладна дамовіцца», — якая духоўная беднасць. Няўжо ж такой куртатай мовай гавораць жывыя людзі? Мастацкі твор павінен несці праўду вобраза. Няправільны жэст, недакладнае, не да месца пастаўленае слова, прыдуманая, не ўласцівая жывой гаворцы фраза, — дзе ж тут у праўду вобраза паверыш?

Вельмі спакушае мяне пагаварыць пра мову Уладзіміра Караткевіча, робленую пад старажытную кніжнасць з такім імпэтам, што пад яе стыхію аддаецца нават лексіка сённяшняга дня. Пра асаблівасць мовы Рамана Сабаленкі, — што яна надта легка служыць аўтару. Пра мову Міколы Лобана: народная, каларытная і сакаўная, яна, аднак, вельмі многа траціць ад стылізацыі, якая дае магчымасць недарысоўваць характараў, недапісваць пейзажаў, абмінаць роздум. Але такая гаворка патрабуе спецыяльнай работы.

Настойліва шукае свае мовы Валянцін Мыслівец. I яму нялёгка, бо ўвесь час ён мае справу з вытворчай тэматыкай, а рабочы стыль у нашай мове не распрацаваны. I там, дзе ў Мысліўцовых пошуках сказ ідзе ад народнай асновы, выходзіць няблага. Але, на жаль, часта пошукі падменьваюцца гатовымі штампамі з канцылярытаў. Нават у самых лірычных мясцінах можа быць сказана вось гэтак: «Закаханыя тым і адрозніваюцца ад іншых людзей, што здольныя заўважыць усё лепшае, самае адметнае ў каханай істоце, як бы глыбока яно не было схавана». Занадта адцягнена і рацыяналістычна. А яшчэ горш тэхніцызмы: «Корпус са шпянёвай скрынкай робіш? Глядзі, тут наадварот наказана тэхналогія. Заблытана усё на чарцяжы».

Я ведаю пісьменнікаў, якія не даюць сабе клопату запомніць, што па-беларуску трэба гаварыць дзякуй вам, а не дзякуй вас; прабачце мне, а не прабачце мяне. Ведаю пісьменнікаў, якія, каб апраўдаць свае нелады з моваю, пішуць артыкулы, у якіх сцвярджаюць, што мова рэч другарадная. Ведаю пісьменнікаў, якіх лягчэй чытаць у перакладзе на рускую мову.

З культураю мовы звязаны і некаторыя недакладнасці нашых слоўнікаў і граматыкі. Старажытны горад Гродня, напрыклад, у народзе скрозь скланяўся, скланяецца і цяпер, гэтак жа як і Вільня: я быў у Гродні, паеду ў Гродню, лясы пад Гродняю, — дык цяпер ён запісан Гродна і не мае права скланяцца, як чужаземнае слова. Многія населеныя пункты пішам не так, як іх называюць у народзе: замест Бокшычы, Гольчычы, Шашчычы — Бокшыцы, Гольчыцы, Шашчыцы, невядома, навошта адвучаючы людзей ад іх спрадвечнага ладу мовы.

Не вельмі пісьменна і цяпер робіцца перайменаванне паселішчаў і вуліц. Назвы гарадоў, паселішч і вуліц не павінны мяняцца пры перакладзе і ў вымаўленні на другой мове незалежна ад таго, які сэнс закладзены ў назве: Масква, Манрэаль, Грунвальд.

Мы пераймяноўваем па спісках, складзеных на рускай мове, і ўзаконьваем дзве назвы: Акцябрская і Кастрычніцкая вуліцы, усё роўна як бы іх дзве. Такі парадак перайменавання прыводзіць часамі да кур'ёзаў: па-руску, напрыклад, гучыць вельмі добра вёскі «Лазоревая», а па-беларуску, паколькі няма такога слова, гавораць Лазаравая; перайменаваная веска «Сиреневая» выгаворваецца Сярэневая, — вельмі далека ад бэзу.

Справа з пераменаю найменняў паселішчаў і вуліц вельмі сур'ёзная, звязаная і з традыцыямі, і з гісторыяй, і з народнай практыкай, і вельмі шкода, што гэта робіцца без абмеркавання хоць бы з тымі людзьмі, якіх перайменаванні датычаць самым кроўным чынам: бо яны там жывуць.

Некаторы час таму назад у нашу літаратуру прыйшла даволі моцная купка празаікаў. Яны прыйшлі неяк адразу, гуртам, гэтыя маладыя хлопцы.

Памятаю, як у зале ЦК камсамола мы абмяркоўвалі першыя творы Барыса Сачанкі. Да гэтага часу я бачу перад сабою тую дарогу, што ішла праз лес, і коніка, і чалавека, што сядзеў на калёсах і ткаў свае думы. Я быў без меры шчаслівы, што ў аўтары пазнаваўся не выпадковы для літаратуры чалавек. З рэдактара выдавецтва (можа, ён займаўся літаратураю і да рэдактарства, толькі не асмельваўся аказвацца?) стаў пісьменнікам Іван Пташнікаў, прынёсшы з сабою ўсе пахі лесу, кветак, сонца, душу прыроды. Памятаю, як прымалі ў Саюз Вячаслава Адамчыка. Я сказаў, мабыць, вельмі захлёбістую прамову, бо мяне аж перабілі, калі я рэкнуў, што ён малады, а піша, можа, лепш за некаторых старых. Моўчкі, спакваля, але з крынічнай бруістасцю душы і роздуму, летуценна і крыху нават нясмела паявіўся Міхась Стральцоў. Зусім нечакана прынёс у літаратуру свой непаспешлівы, вельмі спакойны, апісальна-бытавы голас Уладзімір Дамашэвіч. Пазней, неяк бокам, як бы жартуючы, як бы спрабуючы голас, стаў пісьменнікам Іван Чыгрынаў. Кожны з сваім абліччам, з сваёю хадою, з сваім почыркам, і хочацца думаць, што нехта з іх або ўсе разам яны зробяць новы, якасна значны крок у нашай прозе.

Вельмі важна і дорага, калі за пісьменнікам бачыш яго краіну: за Пушкіным, Тургеневым, Талстым — Расію, за Лакснесам — Ісландыю, за Экзюперы — Францыю. Дай божа, каб і праз нашы творы ўсё больш пазнавалася Беларусь.

Хочацца мне трохі пагаварыць аб мове без цеснай залежнасці ад тэмы. Проста: пісьменнік і мова. Аб тым, што яе трэба бачыць вечна ў руху, штодня працаваць над ёю, штодзень яе чуць.

Мне шкода некаторых слоў. Здаецца, мы вінаваты перад імі, як перад людзьмі, якіх незаслужана пакрыўдзілі. Папраўдзе, зусім забыліся мы пра тое, я сказаў бы, антычнае словаўтварэнне, як «прыгожае пісьменства» нават тады, калі кранаемся часоў адраджанізму. Забываемся на «маляўнічы», цалкам падмяніўшы яго «жывапісным».

Забыліся, што некалі звалі ў сябе дома «Сашачка», «Машачка», «Волечка», «Сяргейка», «Андрэйка», цяпер гэтак зваць як бы ўжо і нязручна, і лёгка пераходзім на кальку «Сашанька», «Машанька», «Оленька», «Сярожа», «Андруша», хоць адчуваем, што калька выходзіць груба, бо гэтыя імёны патрабуюць культурнага рускага вымаўлення: «Серёжа», «Андрюша». Пішам не ўласцівае складу мовы «любві» замест паўнакроўнага «любові». Гуляе па нашых творах абсалютна кніжная, калькавая «прыгажуня» (часамі нават з падвойным «н») замест народнай «красуні» і зусім дзікі «прыгажун». Не будзем лічыць неэстэтычным і прыгадаем, як звалі дома кароў: «краска», «красуля», «красуня», толькі не «прыгажуня». Гэтак жа груба і самадзейна гуляе слова «лаяцца», якім мы карыстаемся без меры, нават тады, калі трэба сказаць «накрычаць», «насварыцца». Шкода слова «кавярня», якое падмянілі «кафэ» або зусім чужым і далёкім «кафетэрыем». Усе радзей мы сустракаем «цырульню», «кнігарню». Замест ёмістага «мястэчка» паявілася безаблічнае словазлучэнне «пасёлак гарадскога тыпу». Пасля Кузьмы Чорнага пачынаем адвыкаць ад слова «інтэрас». Для фізкультурнікаў прыдумалі ніколі не ажывелае «варатар», калі на яго месцы смела мог бы спраўляцца з работаю «брамнік», бо па сваёй непасрэднай спецыяльнасці «привратника» яму цяпер няма чаго рабіць. Незаслужана забылася «гута», стаўшы толькі «шклозаводам», сточаным з двух слоў, бо гаварыць раздзельна «шкляны завод» аж няёмка, ён жа не са шкла. Апярэджваем нават газеты, пішучы «дальні» замест «далёкі» ці «дальшы». Зрабілі вельмі непаваротлівыя словы «на-ведвальнік», «распаўсюджвальнік», якія можна лепш было б пісаць «наведнік» і «распаўсюднік». Забыліся, што нітак і іголак «машынных» няма, а ёсць «машыновыя» іголкі і ніткі. Што дзяцей і ўсякую жыўнасць не «росцяць», а «гадуюць». Усё трымаем у чужаземных такія словы, як «паліто», «піяніна», «кіно», «маці», бо не дазвадяем іх скланяць, а ў народзе іх усё роўна скланяюць. Злоўжываем, трацім адчуванне праўды і меры ў мастацкіх творах, называючы персанажаў абавязкова па імю-бацьку. Па імю-бацьку называюць чалавека, калі звяртаюцца да яго або калі завочна выказваецца яму пашана. Згадаем Талстога; нялёгка будзе нам успомніць, як звалі па-бацьку Балконскага ці Карэніна, а гэта ж былі патомныя дваране, прадстаўнікі высокага свету, дзе з імем абыходзіліся па строгіх нормах этыкету. Насуперак ладу мовы перакладаем назвы п'ес у тэатрах: «Патрабуецца лгун», «Мешчанін у дваранстве», калі просіцца сказаць: «Патрэбен ілгун», «Мешчанін у дваранах».

Яшчэ мне хочацца сказаць, што знікае гістарызм у назвах калгасаў. Уяўляю сабе, як было б добра, каб іх называлі па назве цэнтральнага сяла — Рудня, Волма, Вясея, — і не было б паўтораў у назвах, і асталася б прывязка да зямлі, да геаграфіі. Быў я нядаўна ў сваіх краях, у Слуцку, сакратар райкома расказваў мне пра заможныя калгасы, называючы іх «Першае мая», «Дзяржынскага», «Арджанікідзе», а я не мог нават уявіць, дзе яны, у якім баку, далека ці блізка, пакуль ён не называў сяла.

Мова іграе вялікую ролю ў рэчах і малых і вялікіх, за ёю стаіць яснасць і канкрэтнасць нашага мыслення. Літаратура без мовы наогул існаваць не можа, бо мова — сродак будавання твора, праз яе відзён інтэлектуальны свет і вобразаў і самога пісьменніка. Я ўпэўнены, што чым далей, тым усё менш і менш будзе твораў, напісаных слабенькай, шэрай, павярхоўнай мовай, бо такой мовай не пакажаш глыбіні і велічы часу.

 

1967

 

Перадрукоўваецца паводле кнігі: Ян Скрыган. Некалькі хвілін чужога жыцця. Мн., 1990.

Чытайце таксама

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

Даніэль Клугер

Пакуль нас цікавіць герой, які думае, дэтэктыў будзе існаваць

— Дэтэктыў даўно выйшаў за межы жанру і ўвабраў у сябе рысы іншых жанраў літаратуры. Якая мадыфікацыя дэтэктыву Вас найбольш прыцягвае? — Я люблю тое, што называецца “класічным дэтэктывам”: калі разгадка…

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Вікторыя Ягорава

Пякельныя машыны Анджэлы Картэр

Многія чытачы не змаглі адолець і некалькі старонак, іншыя чытаюць і перачытваюць творы А. Картэр некалькі разоў. У чым прычына такой супярэчнасці?..

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне

Аксана Данільчык

Беларуская жаночая паэзія міжваеннага перыяду і фармаванне "новай" жанчыны

Літаратуразнаўцаў цікавіць у першую чаргу літаратурны працэс, хоць для яго разумення, безумоўна, неабходна трымаць пад увагай умовы, у якіх ён праходзіў. Ці правамоцны ўвогуле падзел літаратуры, у прыватнасці…

2741