№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Кандрат Крапіва

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?

6 лютага 2010

Ці будзем мы ездзіць па левым баку?
Еду я часамі па вуліцы ці па дарозе і думаю: “Як добра, што наша ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) так клапоціцца аб жыцці і здароўі людзей, перасцерагае ад паломкі машын. Толькі ты сабраўся зрабіць паварот, а перад вачыма вертыкальная страла – каці прама! І коціш. А не паслухаешь, – дзірку праб’юць, а то і правы адбяруць. Смаліш далей, а тут ужо крывая стрэлка з надпісам “аб’езд”, наперадзе нешта-нейкае: паедзеш, у бяду трапіш. Можа, яшчэ горшую, чым тая дзірка. Трасешся па калдобінах на аб’ездзе, дзякуеш “Правілам дарожнага руху” за іх гуманную перасцярогу і думаеш “Вось бы такія правілы моўнага руху”. Правілы такія, праўда, ёсць: граматыка, правапіс, нарматыўныя слоўнікі, але такія, ды не такія. У іх нічога не сказана пра дзірку: калі яе прабіваць, у якім месцы і хто гэта павінен рабіць. А трэба было б. І правілы ўсё яшчэ парушаюцца. Праўда, пасля пашыранай нарады, якая адбылася ў 1972 годзе, і выступленняў у друку па гэтаму пытанню аматараў ездзіць па левым баку стала менш, і ў друку за блытаніну яны не выступаюць: калі блытаюць, дык паціху, без дэкларацый.

Адхіленні ад граматычных норм і правапісных правіл бываюць па розных прычынах. Пішуць у наш час усе, але не ўсе добра ведаюць гэтыя нормы і правілы. Калі закаханы юнак выказвае дзяўчыне ў пісьмовай форме свае палкія пачуцці і ў кожным радку робіць арфаграфічныя памылкі, дык гэта яшчэ паўбяды. Можа, яно ад вялікага хвалявання. Але калі такое трапляе на старонкі друку, дык тут ужо трэба біць трывогу. Яшчэ горш, калі мову псуюсь “з добрымі намерамі”.

Часамі можна пачуць заўвагу, што і “самі” пісьменнікі не прытрымліваюцца правіл. Такое бывае. Але часцей за ўсё не таму, што яны гэтых правіл ня ведаюць. Выкарысоўваючы багатыя маляўнічыя сродкі мовы, яны часцей за ўсё робяць гэта наўмысна і свядома. Каб надаць персанажам сваіх твораў характэрныя рысы, яны часамі дазваляюць ім гаварыць сваёй мовай, якая не заўседы ў ладах з граматыкай і правапісам. І ў аўтарскай мове яны не цураюцца, бывае, слоў і выразаў роднай мясцовай гаворкі, што дапамагае ім больш ярка адлюстраваць багатае фарбамі жыццё, выказаць свае думкі і пачуцці. Гэтыя адхіленні – заканамерныя. Яны абумоўлены творчай задачай пісьменніка. Без патрэбы пісьменнік гэтага не робіць. Існуючыя нормы і правілы яму не перашкаджаюць. І без занядбання іх у яго ёсць шырокі прастор для выяўлення сваіх здольнасцей і магчымасцей. Але ёсць сярод пісьменнікаў (іх, праўда адзінкі) і аматары ездзіць па левым баку. Для іх агульнапрынятыя правілы і нормы не існуюць. Па шляху да хуткай славы яны імчаць напрасцяк, і ніякія дарожныя знакі – ні клічнікі, ні “цагліны” – іх не спыняюць.

Гэта пра індывідуальную мову пісьменніка, на якую ў разумных межах ён мае права.

А ці мае права на сваю асаблівую, так сказаць “фірменную” мову тая ці іншая рэдакцыя? Такая тэндэнцыя ў некаторых рэдакцыях праяўляецца досыць выразна. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі стрыгуць усіх аўтараў пад свой грабянец. Аўтар піша: “Дзякуючы клопатам гэтай добрай, чулай жанчыны...” а чытае надрукаванае: “Дзякуючы клопатам гэтае добрае, чулае жанчыны...” У аўтара было: “Я напомніў яму, як мы ехалі разам у поездзе і, з выпадку юбілею аднаго знаёмага архітэктара, паслалі яму віншавальную тэлеграму і паднялі бакалы за яго здароўе”. А пасля таго, як па аўтарскім рукапісам пахадзіла рука праўшчыка, стала: “Я нагадаў яму, як мы ехалі ў цягніку і, з нагоды юбілею аднаго нашаго знаёмага дойліда, даслалі яму віншавальную тэлеграму і ўзнялі келіхі за яго здароўе”. А ў аўтарскім жа арыгінале як быццам не было ніякіх памылак. (Гэта не цытаты, але тыповыя ўзоры стрыжкі пад фірменны грабянец). Тым часам які-небудзь паспешлівы даследчык мовы ўжо і вывады робіць: “Такія формы прыметнікаў жаночага роду і новая лексіка пачынаюць браць верх над традыцыйнымі формамі і ўстарэлай лексікай”. У доказ ён прыводзіць прыклады з твораў таго ці іншага “вядомага” ці нават “выдатнага” пісьменніка, які нібыта такія формы і словы шырока ўжывае. А “выдатны” тут, як той казаў, толькі богу душой вінават. Гэта рэдакцыйны праўшчык прычасаў яго пад свой густ.

Між іншым, канчаткі роднага склону прыметнікаў жаночага роду –ае (-яе) не з’яўляюцца агульнапрынятымі ў беларускай літаратуранай мове, а толькі варыянтнай формай, уласцівай мясцовым гаворкам на абмежаванай тэрыторыі, і намаганні замяніць гэтай формай кароткую форму -ай (-яй), якая пашырана амаль на ўсёй тэрыторыі Беларусі і даўно ўсталявалася ў літаратурнай мове, не маюць падстаў. Апрача гэтага, такая стрыжка пад фірменны грабянец не дае магчымасці меркаваць аб асаблівасцях мовы пісьменніка, на што ён, як гаварылася вышэй, мае поўнае права. У рэдакцыі шмат работы з рукапісам і без такой дробязнай, да таго ж яшчэ і няслушнай, апекі над аўтарам.

Калі ўжо зайшла гаворка аб тым, што ў літаратурнай мове з’яўляецца заканамерным і незаканамерным, дык нелька не сказаць яшчэ аб адной тэндэнцый, якая, на маю думку, з’яўляецца не толькі не заканамернай, але і недарэчнай. Прыхільнікі гэтай тэндэнцыі (іх нямнога, але яны часам маюць магчымасць прыкладваць руку да аўтарскага рукапісу) клапоцяцца ўжо не аб нейкай там прымітыўнай “фірменнай мове”, а падводзяць пад сваю дзейнасць “тэарэтычную базу”. Яны, бычыце, псуюць мову ў “імя высокай ідэі”, змагаючыся за “беларускасць” беларускай мовы. Здавалася б, што ў гэтым дрэннага, калі людзі дбаюць пра якасць мовы, змагаюцца за яе ўзбагачэнне і ўдасканаленне. Дык жа не гэта яны маюць на ўвазе і робяць, калі ёсць у іх такая магчымасць. У імя “высокай ідэі” яны выкасоўваюць з рукапісу словы, якія з’яўляюцца агульнымі для беларускай і рускай мовы, і замяняюць іх словамі мясцовых гаворак або штучнымі наватворамі, не заўсёды дакладнымі па значэнню, але затое “чыста беларускімі”. Слова палажыць яны замяняюць словам пакласці, хоць палажыць беларусы гавораць з таго часу, як яны сталі беларусамі. Пакласці падыходзіць для тых выпадках, калі што-небудзь кладзецца не ўсё разам, а па адным прадмеце, па частках, ці ў некалькі прыёмаў. Напрыклад, яблыкі на стол можна палажыць (скажам, разам з сеткай) і пакласці – кладучы па адным ці па некалькі. Пакласці ўжываецца ў некаторых гаворках і ў першым сэнсе, але гэта ўжо дыялектызм, і ніякай разумнай падставы няма для таго, каб замяніць ім ва ўсіх выпадках слова палажыць.

Выкасоўваюць слова поезд і пішуць цягнік. А між тым сам поезд з’явіўся значна раней чым слова цягнік, якое пачалі ўжываць, калі не памыляюся недзе ў дваццатыя гады. Гэта – калька, утвораная па ўзору польскага поцёнг, чэшскага влак, нямецкага цуг. А слова поезд беларусам не цяжка было засвоіць, бо яно, толькі з іншым націскам (паязд) было ў народнай мове і да з’яўлення чыгункі. Гэта слова мае зборнае значэнне і азначае прылады для язды – калёсы, сані. А яшчэ – вясельны картэж, калі маладыя ехалі да вянца або з вянца. Таму слова поезд лёгка ўвайшло ў літаратурую мову. Дык хто ж мае права, фігуральна кажучы, сцягваць аўтара з поезда і садзіць на цягнік!

У сілу той жа недарэчнай тэндэнцыі выкасоўваюцца словы – успомніць, напомніць, напамянуць, і замяняюцца словамі – згадаць, прыгадаць, нагадаць у той час, як першыя з даўніх часоў з’яўляюцца пашыранымі ў беларусай мове, а другія – вузкадыялектныя і нават у мясцовых гаворках рэдка сустракаюцца. У слоўнікі яны трапілі з кніг і даюцца звычайна з пэўнымі стылістычнымі паметамі, але ў некаторых рэдакцыях зразу сталі фаварытамі.

Недаспадобы і такое абжытае і ўсім добра вядомае слова як падняць. Дзе слушна, і дзе (часцей за ўсё) няслушна, яно замяняецца словам узняць, хоць апошняе па значэнні не перакрывае першага слова, якое можа ўжывацца ва ўсіх выпадках, калі гаворка ідзе пра дзеянне, якое тут маецца на ўвазе. Узняць больш падыходзіць для высокага стылю, а таксама ўжываецца ў тых выпадках, калі маецца на ўвазе падняць каго-небудзь ці што небудзь на вялікую вышыню, калі дзеянне патрабуе вялікага намагання, калі трэба падкрэсліць яго асаблівую сілу, інтэнсіўнасць, значнасць: узняць сцяг перамогі, узняць аж на дваццаты паверх, мех – як узняць, не узняць галавы ад падушкі, узняць буру пратэсту, узняць вытворчасць, узняць крык, узняць хмару пылу, узняць руку на жанчыну. Але карандаш з падлогі, руку для галасавання, тэмпературу на некалькі градусаў, падол сукенкі, пакрывала і шмат што іншае, вядома ж, – падняць>. Тым не менш – “узнімаюць”.

Непажаданым з’яўляецца і такое добрае, я б сказаў, цёплае слова, як пагода і замяняецца словам надвор’е. Словы гэтыя ў беларускай мове раўнапраўныя, але зноў жа маюць пэўныя сэнсавыя адценні. Слова пагода процістаўляецца слову непагадзь і, калі яно ўжываецца без прыметніка, азначае сонечную пагоду. “Два дні пагоды і сена сухое будзе” – скажа старшыня калгаса. Зразумела, што тут гаворка ідзе про сонечную пагоду. А пра надвор’е так не скажаш, – трэба дадаваць эпітэт – добрае, дэннае, бо ў паняцце надвор’е, апрача яснай ці дажджлівай пагоды, уваходзяць і іншыя кліматычныя адзнакі: холад, цяпло, вільготнасць паветра. Як ні здаецца гэта парадаксальным, але і пры “дрэннай” (нясонечнай) пагодзе можа быць добрае надвор’е. Нічога дзіўнага, калі вы пачуеце ад агародніка: “На агуркі сёлета годзіць. Надвор’е добрае: ночы цёплыя, дажджы праходзяць”.

Слова паслаць (пасылку, пісьмо, карэспандэнцыю) замяняецца словам даслаць. Але гэта не тое ж самае. Даслаць што-небудзь можна ў дадатак да пасланага ўжо, або ў сэнсе – прымусіць дайсці да свайго месца (даслаць патрон у патроннік).

Слова вызваліць прапануецца замяніць словам выслабаніць; архітэктра – словам дойлід; слова вывад замяняецца наватворам выснова.

А што ж гавораць наконт гэтых слоў помнікі старабеларускай пісьменнасці? Часта сустракаецца ў іх (у розных фанетыка-мафалагічных варыянах) слова успомніць (успомнеце, успомнити, успоменути, успоменети і г.д.). Выяўлены таксама формы напоменути, напоменети, напоменуть. Дзеясловаў нагадаць, згадаць, прыгадаць у гэтых помніках няма.

Дзеясловы падняць і ўзняць сустракаюцца прыбілізна ў аднолькавай колькасці.

Вельмі часта ўжываецца слова паслаць, але не выяўлена слова даслаць.

Сустракаецца зрэдку слова дойлід, але толькі ў значэнні цясляр, а не архітэктар. Цяпер гэтае слова даецца ў слоўніках з паметай устар. і адпавядае рускаму зодчий.

У картатэцы “Гістарычнага слоўніка беларускай мовы” Інстытута мовазнаўства АН БССР налічваецца каля 300 картак на слова причина, але няма ніводнай нагоды. Выпадку, між іншым, таксама няма. У значэнні яго ўжывалася слова припадок.

Палажыць (положити) было ў старабеларускай мове пашыраным словам. Пакласці ўжывалася ў пераважна ў спецыфічным выразе “покласти рубежи”.

Форма зялёнае (родны склон) у помніках пісьменнасці з’яўляецца больш старажытнай. Пазней на яе месцы ўтварылася форма зялёнай, якая, як сведчаць матэрыялы, сабраныя дыялектолагамі, пашырана цяпер на большай частцы тэрыторыі рэспублікі. Старажытная форма захавалася ў асобных гаворках паўднёва-заходняй часткі Беларусі (слуцкіх, капыльскіх, любанскіх, драгічынскіх), але ў некаторых рэдакцыях зялёная вуліца даецца толькі гэтай больш архаічнай форме.

Словы ўспомніць, прыпомніць, напомніць пашыраны на ўсёй тэрыторыі Беларусі, а прыгадаць зафіксавана ў Капыльскім, Слуцкім, Любанскім, Драгічынскім раёнах, нагадаць – толькі ў Іўеўскім. Але і ў гэтым выпадку выключная перавага аддаецца рэдкім асаблівасцям мясцовых гаворак.

Словы падняць і ўзняць ужываюцца на ўсёй тэрыторыі, , у асноўным ва ўласцівым ім значэнні, але для “фірменнай мовы” падыходзіць толькі ўзняць. Паслаць пашырана скрозь, а даслаць (у значэнні паслаць) выяўлена толькі ў асобных рэдкіх выпадках у Капыльскім і Карэліцкім раёнах.

Прычына і выпадак ёсць усюды, а слова нагода ў народных гаворках не выяўлена. Праўда, гэта слова ўтворана заканамерна ад дзеяслова нагадзіцца, што адпавядае рускім словам подвернуться, оказаться, случиться, встретиться. Калі рускае по случаю перадаюць выразам з нагоды, то тут скажэння сэнсу няма, але калі ў аўтара напісана з выпадку, дык няма падставы яго папраўляць.

Вывад – у гаворках, як слова кніжнае, ужываецца рэдка, выснова не ўжываецца зусім.

Палажыць ёсць усюды, а пакласці, калі гаворка ідзе пра адзін прадмет, ужываецца ў асноўным у гаворках Слуцкага, Капыльскага, Ашмянскага, Любанскага, Кобрынскага, Полацкага і некалькіх іншых раёнаў.

Гэта пашырана на большай частцы тэрыторыі БССР, а гэтая – у раёнах Капыльскім, Слуцкім, Карэліцкім і некаторых іншых.

Поезд ужываецца ўсюды, цягнік сустракаецца ў пісьмовых работах вучняў.

Звернемся цяпер да класікаў беларускай літаратуры. У першую чаргу да таго з іх, хто ўжыў найбольшую колькасць беларускіх слоў – да народнага паэта Якуба Коласа. У 14 тамах яго твораў налічваецца каля мільёна словаўжыванняў. Сярод іх успомніць – 199, прыгадаць – 60, згадаць – 30, успомніць – 27, нагадаць – 1; падняць – 280, узняць – 60 (ва ўласцівым гэтаму слову значэнні); паслаць – 120, даслаць – 5; пагода – 125, надвор’е – 44; вывад – 25, выснова – няма (у вершах два разы сустракаецца слова высноўка); палажыць – 95, пакласці – 14 (аб адным прадмеце); поезд – 125, цягнік – 8; жывой (родны склон) – 22, жывое – 2, добрай – 25, добрае – 8.

Як бачым, і ў творчасці народнага паэта ў шмат разоў перавышае агульнапрынятая лексіка літаратурнай мовы, і толькі ў нязначнай меры адбіўся на яго мове ўплыў суседніх (пераважна паўднёвых) мясцовых гаворак.

Заглянем цяпер у картатэку сучаснай беларускай літаратурнай мовы. Гэта картатэка ў асноўным мастацкай літаратуры і налічвае ўжо больш за два з палавінай мільёны картак-слоў.

Як вядома, за пасляваенныя гады ў беларускую літаратуру прыйшло шмат маладых пісьменнікаў з розных мясцовасцей Беларусі. У іх мове ў пэўнай ступені адлюстраваліся і родныя ім мясцовыя гаворкі. Але дзіўная рэч: некаторыя асаблівасці, якія не выяўлены ў помніках пісьменнасці і толькі зрэдку сустракаюцца ў асобных гаворках або з’яўляюцца штучнымі наватворамі, знаходзім мы і ў творах тых пісьменнікаў з розных куткоў Беларусі, родным гаворкам якіх гэтыя асаблівасці не ўласцівы. Прычым некаторыя з гэтых форм і слоў-заменнікаў мы знаходзім у картатэцы ў вялікай колькасці. Калі на словы ўспомніць, успамінаць налічваецца 492 карткі, дык на словы прыгадаць, згадаць, прыгадваць – 710 картак. Што ж гэта за цуд такі, што пісьменнікі з усіх канцоў беларускай зямлі кінуліся, як мухі на мёд, на гэтыя словы? Цуд гэты ствараецца вельмі проста. У некаторых рэдакцыях сядзяць заўзятыя праўшчыкі аўтарскіх рукапісаў, якія старанна вышпарваюць словы успомніць, успамянуць, успамінаць і ўстаўляюць згадаць, прыгадаць, прыгадваць.

Такім чынам, раду слоў, большасць з якіх ужывалася нашымі продкамі і якія ўсе разам шырока бытуюць у народных гаворках і адпавядаюць усталяванай літаратурнай норме, процістаўляецца рад слоў-заменнікаў, абмежаваных па тэрытарыяльнаму пашырэнню, па сэнсаваму значэнню і стылістычных адзнаках. Нават каб яны былі і паўнацэннымі сінонімамі да слоў першага рада, нават і тады адмаўляцца ад набытага багацця не было б сэнсу. Сінонімы – гэта ж таксама моўнае багацце. Успомнім, колькі цудоўных эпітэтаў ёсць у рускай мове для выражэння адабрэння, захаплення, высокай адзнакі: прекрасный, прелестный, чудесный, превосходный, великолепный, блестящий, изумительный, восхитительный. І гэтыя эпітэты не перашкаджаюць адзін аднаму, а толькі служаць багатым сродкам выказвання чалавечага пачуцця.

А якая ж гэта, з дазволу сказаць, культура, якое гэта змаганне за высокую якасць мовы, калі ў выніку яго мова не ўзбагачаецца, а бяднее, калі з яе выкараняюцца словы залатога фонду нашай мовы, якія да таго ж родняць нашы родныя ўсходнеславянскія мовы?

Прыведзеныя прыклады далёка не ахопліваюць усіх фактараў скажэння і псавання мовы “з добрымі намерамі”, у імя заганнай ідэі, але іх дастаткова для таго, каб убачыць усю неправамернасць і недарэчнасць тэндэнцыі.

Гэта маё слова ў абарону законных правоў слоў-старажылаў, агульнапашыраных і ўсім зразумелых, адначасова беларускіх і рускіх. Дзіўна, што іх трэба абараняць, але ж прыходзіцца.

А што ж сказаць пра словы-заменнікі? Ці іх таксама “вышпарваць”? Не, не трэба гэтага рабіць. Ужытыя на сваім месцы, ва ўласцівым ім значэнні яны ніякія не заменнікі, а самакаштоўныя словы. Што можна сказаць супроць слоў надвор’е, узняць, пакласці, даслаць, цягнік, калі гэтыя словы не прэтэндуюць на большае, чым яны ёсць? Калі я ў Максіма Лужаніна ці ў каго-небудзь з яго землякоў чытаю прыгадаць, нагадаць, згадаць, дык мне гэта не рэжа вуха. Гэта слова іх мясцовай ці асабістай, індывідуальнай гаворкі, якія надаюць іх мове асаблівы каларыт. Нават слова выслабаніць можа гучаць натуральна ў вуснах, скажам, літаратурнага персанажа, які не валодае літаратурнай мовай, а ўжывае сваё простае слова, да якога прывык змалку. Не трэба толькі, каб заўзятыя праўшчыкі пры дапамозе гэтых слоў выкаранялі нялюбыя ім нармальныя, паўнапраўныя словы беларускай літаратурнай мовы.

Апрача гэтых, так сказаць запраграміраваных ненармальнасцей, нямала сустракаецца ў друку і ненармальнасцей спарадычных, выпадковых, якія з’яўляюцца вынікам ці простага няведання мовы, ці пераймання дрэннай моды.

Інтэнсіўная словатворчая дзейнасць праходзіць, як відаць, у канцылярскіх нетрах некаторых гаспадарчых органаў, у выніку чаго мы маем такія “яркія” ўзоры гэтай творчасці, як Смаргоньселікатбетон, Ваўкавыскцэменташыфер, Рагачоўдрэў, Бабруйскшына, Гомельграмадскапраект, Беларусьгуматэхніка. Так і чакай, што хутка з’явіцца – Целеханылыжы і Баранавічыкаструля. (У Целеханах вырабляюць лыжы, у Баранавічах – каструлі). Праўда, тут першыя часткі нязручныя для вымаўлення, занадта доўгія. Гэта, пэўна, будзе ўлічана і мы будзем мець Целялыжы і Баранкаструлю.

Рознае напісанне некаторых катэгорый слоў бывае і ад таго, што ў правапісе беларускай мовы не ўсё рэгламентавана. Некаторыя правілы сфармуляваны не настолькі дакладна, каб паводле іх можна было лёгка вызначыць, як пісаць тое ці іншае слова. Наогул, я хачу паўтарыць сказанае раней, што няма такіх ідэальных граматык і правапісаў, якія б дакладна адлюстроўвалі жывую гаворку. Асабліва вялікія разыходжанні ў гэтых адносінах наглядаюцца ў тых народаў, дзе захоўваюцца старыя традыцыі пісьма. Недарэмна ж жартуюць, што паводле правапісу англійскай мовы пішацца – Ліверпуль, а чытаецца – Лондан.

Беларускі правапіс у асноўным грунтуецца на жывой гаворцы: “пішы, як чуеш”. Але гэта лёгка сказаць. Па-першае, людзі розных мясцовасцей Беларусі гавораць па-рознаму; па-другое, трэба ж захоўваць і граматычную структуру слова і адзнакі яго этымалагічнага паходжання. Тут воляй-няволяй укладальнікам правапісу прыйшлося ісці на кампраміс. А ён, як і кожны кампраміс, не вызначаецца закончанасцю і адназначнасцю. Прыходзілася рабіць уступкі то на карысць жывой гаворкі, то на карысць граматыкі. У выніку з’явіліся такія не да канца акрэсленыя правілы, як правіла напісання напісання складаных слоў або склонавых канчаткаў назоўнікаў мужчынскага роду, што азначаюць асобу чалавека ў канструкцыях з прыназоўнікамі пры і па. Пішуць – жыць пры брату і пры браце; бедаваць па Васілю і па Васілі. Не ўсталявалася яшчэ ў практыцы правіла аб напісанні канчяаткаў агульных назоўнікаў мужчынскага роду ў канструкцыях з прыназоўнікам па (па стале, па свеце, па носе, але – па прыкладу, па ранжыру, кожнаму па рублю, па карандашу). Гэтыя моўныя з’явы знаходзяцца, так сказаць, у стане няўстойлівай раўнавагі. Мовазнаўцам да гэтага часу не ўдалося адносна іх выпрацаваць цвёрдых правіл. Але тут вялікай бяды няма, паколькі ад дваякага напісання сэнс напісанага не мяняецца. Правіла ўсё-такі ёсць: хоць дваякае, але не абыякае.

Пэўнай праблемай з’яўляецца і напісанне канчаткаў роднага склону назоўнікаў мужчынскага роду адзіночнага ліку. Асноўная цяжкасць у тым, што канчатак прыходзіцца вызначаць не па граматычнай, а па лагічнай катэгорыі слова. У беларускай мове лагічныя катэгорыі назоўнікаў выразна адрозніваюцца. Назоўнікі мужчынскага роду, што абазначаюць рэчыўныя прадметы і ўсё тое, што ўяўляецца як адзінка, што мае пэўныя межы – прасторавыя, часавыя, геаграфічныя, адміністрацыйныя, арганізацыйныя, а таксама аднакратныя дзеянні (рывок, скачок, штуршок), якія маюць пэўную закончанасць, у родным склоне маюць канчатак -а, -я. Назоўнікі ж, якія абазначаюць аморфныя рэчывы, дзеянні, працэсы, стан, навуковыя тэорыі, вучэнні, грамадскія плыні і да т.п., канчаюцца на -у, -ю. Але гэта не так лёгка адрозніць. Тым больш, што ёсць нямала слоў, якія паводле іх значэння могуць быць залічаны то да першай, то да другой катэгорыі. Варона зляцела з дуба (адзіночны прадмет), але стол зроблены з дубу (рэчыва) і на Гомельшчыне шмат дубу (зборнае). Такое ж дваякае значэнне часта маюць і назоўнікі, утвораныя ад дзеясловаў: праход, праезд, прыток, пераезд і шмат іншых. Пры распазнаванні катэгорый мяне ў такіх выпадках амаль заўсёды выручае часцінка паў- (толькі не палавіна і не палова). Паўдома, паўгектара, але нельга сказаць паўячменю, паўдарвінізму, паўаналізу.

Між іншым, спроба вырашэння ўсіх супярэчлівых момантаў правапісу была зроблена. Для гэтага пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР была створана камісія, якая прарабіла пэўную работу. Але ёй пакуль што не ўдалося пераадолець да канца, ці хоць у значнай меры, супярэчнасці, заложаныя ў самім характары правапісу беларускай мовы. Унесеныя прапановы не настолькі паляпшалі існуючы правапіс, каб дзеля гэтага варта яго было яго ламаць. А галаву ламаць над гэтым трэба будзе і далей.

Тым часам у рэспубліцы вядзецца вялікая мовазнаўчая праца. Апрача навукова-тэарэтычных даследаванняў, падрыхтавана і рыхтуецца шмат работ, якія маюць вялікае практычнае значэнне для ўзбагачэння і павышэння культуры беларускай мовы. Шырока разгорнута праца па вывучэнню мясцовых гаворак. У наш час пад уплывам літаратурнай мовы яны хутка невіліруюцца, і, пакуль яшчэ не позна, трэба ўзняць з глыбінь гэты народны скарб, што з’яўляецца крыніцай узбагачэння літаратурнай мовы і захоўвае яшчэ там-сям моўныя рэлікты, па якіх можна меркаваць аб гістарычным шляху развіцця як беларускай, так і роднасных ёй моў.

Упершыню ў Беларусі выдаецца пяцітомны “Тлумачальны слоўнік беларускай мовы”. У хуткім часе выйдзе яго трэці том. Чацвёрты ўжо таксама здадзены ў выдавецтва. Упершыню выдаецца і “Этымалагічны слоўнік беларускай мовы”, другі том ягока выйдзе з друку ў гэтым годзе. Падрыхтаваны і да канца года будзе канчаткова адрэдагаваны для здачы ў выдавецтва двухтомны перакладны “Руска-беларускі слоўнік”. У параўнанні з папярэднім выданнем ён змяшчае тысяч на дваццаць больш слоў новых і тых нешырока ўжывальных у рускай мове, якія па прычыне абмежаваных магчымасцей таго часу не ўвайшлі ў ранейшае выданне. Раскрыты сэнс дадатковых значэнняў многіх слоў, якія хоць і былі ў ранейшым выданні, але недакладна распрацаваны.

У сувязі з надыходзячым стагоддзем з дня нараджэння нашых народных паэтаў рыхтуюцца да выдання слоўнікі і мовы: “Слоўнік мовы Янкі Купалы” ў трох тамах і “Слоўнік мовы Якуба Коласа” ў чатырох тамах.

Паспяхова вядзецца праца над “Гістарычным слоўнікам беларускай мовы”, першыя выпускі якога падрыхтаваны ўжо да друку. Хутка будзе здадзены ў выдавецтва і “Нарматыўны слоўнік беларускай мовы”. Усё гэта будзе служыць далейшаму ўзбагачэнню і павышэнню культуры беларускай мовы.

Канчаючы сваё слова аб некаторых ненармальнасцях у карыстанні мовай, я хацеў бы звярнуцца з заклікам да сваіх сяброў – пісьменнікаў і да ўсіх, хто мае дачыненне да друкаванага беларускага слова: любіце сваю матчыну мову, родную мясцовую гаворку, але давайце будзем шанаваць і агульнанародны моўны скарб, які здабываўся на працягу вякоў як у часы самастойнага развіцця беларускай мовы, так і ў часы агульнарускай і нават агульнаславянскай моўнай супольнасці.

А тым, хто мае магчымасць крэмзаць аўтарскі рукапіс, не маючы на гэта належных падстаў, я раіў бы пакінуць марныя клопаты ад недарэчнай “фірменнай мове”, “выслабаніць” аўтара ад дробязнай апекі. Не “ўзнімайце” рукі на паўнапраўныя, законна ўжытыя аўтарам словы, не навязвайце яму сілком “нагоды”, “высновы” і архаічнага “дойліда” замест сучаснага “архітэктара”. Не цягніце яго сілком на цягнік, калі яму больш падабаецца поезд.

Давайце лепш не будзем ездзіць па левым баку.

 

Упершыню было надрукавана ў газеце “Звязда” за 14 чэрвеня 1979.

 

Адкрыты ліст Максіма Лужаніна “Мова – гоман векавога бору...” на гэты артыкул Кандрата Крапівы можна прачытаць на нашым сайце.

Чытайце таксама

Кніжны фэн-шуй

Кніжны фэн-шуй

У наш час, калі кватэры пазбаўляюцца савецкіх грувасткіх секцый з антрэсолямі, у бібліяфілаў узнікае праблема: куды падзець кнігі? Як іх кампактна расставіць, ды каб зручна, ды каб прыгожа?

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

Марына Рагачэўская

У цемры чалавечага сэрца, альбо Непрыкаяныя вандроўнікі Дж.М. Кутзэе

У 2003 годзе адбылася падзея, якая скаланула інтэлектуальнае літаратурнае асяроддзе, выклікала не толькі здзіўленне сваёй нечаканасцю, але і павярнула еўрацэнтрычны погляд на поўдзень, адкуль павеяў вецер…

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Анка Упала

“Дэльфіны жывуць лепей за нас” — у “Паміжы” №10 ідэальная прамова для Рыгора Кастусёва

Для перфомансу на беларускім тэлебачанні прыдасца ўсялякая літаратура: класіка і сучасная, беларуская і перакладная, добрая і кепская. Найлепш — правакацыйная. Выбаршчык як мінімум прачнецца, калі Анатоль…

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Ганна Янкута

Вершаруб Ўітмэн, альбо Як амерыканскага паэта прачытвае беларуская літаратура

Уолт Ўітмэн (1819—1892) — адзін з самых перакладаных на беларускую мову амерыканскіх пісьменнікаў.

3556