Таму, перш чым што-небудзь напісаць ці сказаць па-беларуску, многія з нас амаль усё перакладаюць у думках з рускай мовы. Мы ці не ўсе сталі перакладчыкамі. Перакладчыкамі саміх сябе. Ну, а перакладаем, вядома ж, самым лёгкім спосабам: механічна замяняем рускія словы беларускімі, прычым тымі, што ляжаць на паверхні. Што ж да будовы фразы, асновы асноў мовы, то яе, будову, мы вельмі часта пакідаем нязменнай. У выніку такога «перакладу» мы гаворым і пішам хоць і беларускімі словамі, але ў аснове сваёй па-руску. Атрымліваецца нешта жахлівае.
Неяк дома, у сваёй вёсцы, глядзеў я па тэлебачанні адну беларускую перадачу. Мая цётка Волька, якая сядзела побач, уважліва слухала ўсё, што гаварылася з тэлевізара, ды і не вытрымала:
– I я ж, здэцца, гавару на беларускай мове, а, бывае, не магу дайсці, пра што яны кажуць. Хіба ж гэта беларуская мова?
– Чаму?
– Ды нейкая яна ў іх перакрыўленая.
«Перакрыўленая». Ці не ад гэтых нашых «перакладаў», ад калькі, якую мы ўжо і не заўважаем? Яна, калька, і калечыць, падточвае, нібы той шашаль дрэва, яе з сярэдзіны, разбурае яе структуру, гэта значыць самую аснову мовы.
Такое перакручванне беларускага слова на рускі лад, падпарадкаванне нашай мовы чужой структуры вельмі абурала некалі Кузьму Чорнага, які называў гэта «злачынствам». «Гэтае злачынства, – пісаў ён у артыкуле «Небеларуская мова ў беларускай літаратуры» ў 1928 годзе, – цалкам ляжа на сумленні тых літаратараў, якія сталі на працу як бы дзеля таго, каб патаптаць і знішчыць моўнае багацце, якое Беларусь збірала і ахоўвала ўсе доўгія вякі свае падвойнае няволі». Пры гэтым выдатны пісьменнік паказаў, да якога абсурду даходзяць часам «збеларусізаваныя чыноўнікі, а часта і рэдактары», вывучаючы мову з дапамогай «практычных слоўнікаў». Ён прывёў такія прыклады іх «перакладаў» з рускай на беларускую мову: «Я не имею охоты идти» – «Я не маю палявання ісці», «половые отношения» – «падлогавыя адносіны», «дай ключ открыть шкаф» – «дай крыніцу адчыніць шафу».
У тым жа артыкуле Кузьма Чорны абураўся, напрыклад, такімі вельмі распаўсюджанымі калькамі: «на самай справе», «у чым справа». Пісьменнік чуў, як адна «сялянка» ў тэатры крычала са сцэны: «У чым справа? У чым справа?» «Не, – піша Кузьма Чорны, – гэта крычыць сам аўтар п'есы. Ён думаў: «в чем дело» і пісаў «у чым справа». Дзе гэта аўтар чуў, каб сялянка гаварыла гэтак? Таму і чуецца тут фальш, таму і траціцца вобраз ці тып сялянкі. I вінавата тут моўнае думанне аўтара, якое зусім чужое сялянцы-беларусцы».
Сваю трывогу за такое гвалтаванне беларускай літаратурнай мовы, за яе глыбінную русіфікацыю Кузьма Чорны выказаў у канцы дваццатых гадоў. Яго трывога не была, ды і не магла быць у той час падтрымана: пачыналіся крывавыя трыццатыя гады, калі за такую абарону мовы беларускага народа, ды яшчэ ад «старэйшага брата», зусім не гладзілі па галоўцы. Гвалту над мовай аднаго з самабытных славянскіх народаў давалася поўная воля. Таму і не дзіўна, што, разгарнуўшы любое беларускамоўнае выданне, вы і сёння раз за разам будзеце спатыкацца на тыя самыя чужародныя «ў чым справа», «на самай справе» і на безліч іншых падобнага роду калек, якія ўжо сённяшнім «пісцам» сталіся любымі і роднымі: звыкліся, зжыліся з імі, як са сваімі. А паспрабуй іх папраў – залямантуюць: усе ж так пішуць, нават слоўнікі іх узаконілі!
Беларускую літаратурную мову трэба сёння лячыць. Лячыць ад каросты шматгадовай русіфікацыі, ад суцэльнага калькавання, вызваляць з-пад чужой ёй структуры.
А лякарства можа быць тут адно: зварот да жывой народнай мовы. У ёй жа ёсць усё. Ёю можна выказаць любую думку, любое паняцце. Толькі трэба не ленавацца пашукаць там патрэбнае слова, патрэбны выраз. Як адзначаў яшчэ Якуб Колас, «мы маем вялікі слоўны запас, які незаслужана забыты намі, літаратарамі, і з поспехам ужываецца ў народзе».
Забыўшы аснову роднай мовы, мы не заўважаем, як фальшыва гучыць часам у чужой, рускамоўнай фразе нават самае адметнае, самабытнае беларускае слова, якім той-сёй імкнецца лішні раз «казырнуць», каб выставіць сваю «беларускасць».
Ёсць у нашай мове вельмі прыгожы, чыста беларускі выраз – «калі ласка». У ім бачацца лепшыя рысы характару нашага народа – шырыня душы, дабрыня, спагадлівасць, тактоўнасць. Нездарма ж украінскага паэта Алексу Юшчанку так зачаравалі гэтыя словы, што ён прысвяціў ім цэлы верш, які так і назваў – «Калі ласка»:
«Калі ласка, калі ласка»...
Не забуду тыя словы,
Словы першыя, што ў Мінску
Я пачуў у час размовы...
Словы гэтыя, як песню,
Слухаў я ў Купалы дома.
Я хачу, каб словы тыя
На ўвесь свет былі вядомы.
(Пераклад Міколы Аўрамчыка)
А беларускі паэт Пятрусь Броўка цэлую кнігу вершаў назваў «Калі ласка», дзе выказаў свае шчырае замілаванне гэтымі «роднымі словамі», якія для яго «звіняць сардэчнаю струною».
Але «звон» той пачынае гучаць неяк не так, калі мы робім беларускі выраз «калі ласка» поўным адпаведнікам рускага «пожалуйста». Вось чытаю ў адным мастацкім творы размову двух герояў. Адзін з іх кажа: «Дзякуй табе, што гэтак мяне выручыў». А другі ў адказ: «Калі ласка!» Я адразу чую тут фальш. У нас на Старадарожчыне ў адказ на «дзякуй» нiколі не скажуць «калі ласка», а знойдуць у кожным выпадку іншыя, не менш характэрныя словы: «Няма за што», «На здароўе», «Спажывайце на здароўе», а калі дзякуе малое, скажуць яму ласкава: «Вялікі расці» і яшчэ па галоўцы пагладзяць. Прадстаўнічы спіс адказаў на «дзякуй» прывёў у апублікаваным у часопісе «Маладосць» сваім «Самавучку беларускай мовы» Анатоль Клышка, які першы звярнуў увагу на няправільнае ўжыванне выразу «калі ласка». У маёй вёсцы «калі ласка» скажуць толькі тады, калі ў чалавека нешта просяць: «Дайце, калі ласка», «Зрабіце, калі ласка», «Выбачайце, калі ласка» і г. д.
І яшчэ прыклад. Запомнілася мне колькі гадоў назад aпyблікаваная ў «ЛіМе» нататка Валянціна Радкевіча «Такала». Аўтар вельмі правільна абураўся празмерным выкарыстаннем у нашай літаратурнай мове сцвярджальнай часціцы «так». I праўдa, колькі разоў сустракалі мы ў друку прыкладна такія во дыялогі: «Ты быў сёння на вуліцы?» – «Так»; «Можна зайсці?» – «Так»; «Гэта ты, Алесь?» – «Так». У народзе ж адказалі б у кожным з гэтых выпадкаў па-рознаму, больш натуральна, часцей праз паўтор слова ў адказе: «Быў», «Зайдзі», «Можна», «Я». Або яшчэ так: «Але», «Ага», «Ну», «А як жа», «А няўжо ж», «А чаму ж не» і г. д. і г. д.
Прыкладаў такога звужэнння, механічнага ўжывання слова ў беларускай літаратурнай мове можна, на жаль, прывесці безліч. У гэтым артыкуле я хацеў бы скіраваць увагу чытача толькі на асобныя з іх, найбольш характэрныя. Дзелячыся сваімі назіраннямі, я зусім не прэтэндую на катэгарычнасць уласных меркаванняў. Многае, відаць, выкліча спрэчкі, пярэчанні. Але ж нам і трэба, мусіць, паспрачацца тут, каб знайсці ісціну. Толькі спрачацца на здаровай аснове, з аргументамі і фактамі ў руках. Асновай жа павінна быць тут, без сумнення, мова народа, бытаванне ў ёй таго цi іншага слова.
Але пяройдзем да канкрэтных прыкладаў.
Менавіта. Апошнім часам гэтае прыслоўе проста запаланіла нашу прэсу. Разгарніце любую беларускую газету, і вы сустрэнеце яго амаль на кожнай старонцы. I што заўважаецца: асабліва стараюцца тыя, хто кепска ведае беларускую мову, але хоча паказаць, што ведае яе выдатна. Слова «менавіта» яны заўсёды ставяць там, дзе просіцца рускае «именно». I вось з вуснаў нашых «беларусаў», з радыёпрыёмнікаў ды тэлевізараў так і нясецца: «менавіта таму», «менавіта тым», «менавіта так». Суцэльнае татаканне! Ды ўжо адно гэтае не зусім прыемнае для вуха сугучча гаворыць пра ненатуральнасць, штучнасць такой мовы. Хацелася б пачуць слова «менавіта» ў жывой беларускай гаворцы, у народзе. Мне, напрыклад, гэта не ўдалося, хоць даволі многа даводзілася ездзіць па Беларусі. Не сустракаў яго і ў акадэмічным шматтамовым выданні беларускага фальклору. Не траплялася мне яно і ў класікаў беларускай літаратуры – Янкі Купалы, Якуба Коласа, Змітрака Бядулі, Кузьмы Чорнага. А ўсё, відаць, таму, што слова «менавіта», якое стала сёння газетным штампам, мы жывасілам прыцягнулі з польскай мовы. Там яно, дарэчы, гучыць вельмі натуральна, без ніякага «татакання». Атрымліваецца нейкі парадокс: мы цалкам захоўваем рускамоўную фразу, аздабляем яе польскім словам і называем гэта беларускай мовай!
Надта ўпадабаўшы гэтае «именно – mianowicie», да месца i не да месца ўжываючы яго, мы ўжо нават і не рупімся зазірнуць у багатую скарбніцу жывой народнай мовы, каб хоць неяк разнастаіць сваю гаворку. А калі б зазірнулі, то ўбачылі б, што наш народ выдатна абыходзіцца без чужога, наноснага ў сваёй мове, што ў яго моўным запасе ёсць мноства сінонімаў любому слову, у тым ліку і «менавіта». Вось гэтыя словы:
1. Якраз, акурат. «Именно так я и делал» – «Якраз (акурат) так я і рабіў». Ці яшчэ прыклад: «Зрабілася гэта затым, што акурат у гэтым часе ў Францыі кіпела рэвалюцыя...» (В. Ю. Ластоўскі. «Кароткая гісторыя Беларусі»).
2. Толькі. «Дайте мне карандаш». – «Вот ручка». – «Нет, мне нужен именно карандаш». Ці ж кепска будзе гучаць апошняя фраза з прыслоўем «толькі»: «Мне патрэбен толькі аловак».
3. Канкрэтна. «Мы навестили самые далекие деревни района, а именно – Новоселки, Рыбцы» – «Мы наведалі самыя далёкія вёскі раёна, а канкрэтна – Навасёлкі, Рыбцы». А то можна і зусім апусціць гэтае прыслоўе: «Мы наведалі самыя далёкія вёскі раёна – Навасёлкі, Рыбцы».
Мець рацыю. «Мець рацыю», «Ты маеш рацыю...» Паслухаюць такое ў маёй вёсцы і нічога не зразумеюць: пра якую там рацыю мова? Ды і як зразумець маім вяскоўцам, карэнным беларусам, калі гэта чыстай вады «пальшчызна», якую ім нідзе не даводзілася ні чуць, ні вывучаць. «Racje» (дарэчы, слова лацінскага паходжання) азначае «праўдзівасць», «правільнасць», «праўда». Калі даслоўна перакласці гэтае выслоўе, то яно будзе гучаць так: «Ты маеш праўду». Чыста польская форма. Той-сёй, зразумеўшы гэта і жадаючы адысці ад «пальшчызны», папраўляе выслоўе такім чынам: «Ты правы». Але ж тут ён, даруйце, паправіў казе хвост. Бо гэта зноў не па-беларуску, беларус зноў не зразумее тут «вучонага», а лепш сказаць – не так зразумее. Ён зразумее, што нехта там не «левы», а «правы». І толькі! Адкуль жа яму ведаць, што тут «вучоны» скалечыў рускае «ты прав»? Вось гэтак і кідаемся мы ад польскай «рацыі» да рускага «правага-левага». Замест таго каб прыслухацца, як кажа тут свой народ. А кажа ён вельмі проста, вельмі дакладна і чыста па-беларуску: «Праўду кажаш», «Твая праўда», «На тваім баку праўда». Як жа трэба аддаліцца нам ад свайго народа, каб забыцца на такія звычайныя, такія кожнадзённыя словы!
Зразумела. «Ты быў сёння на сваім месцы?» – «Зразумела!» На якой мове адказалі тут на пытанне? Скажу адразу: на рускай! Бо «зразумела» тут – калька з рускага «понятно». Беларус сказаў бы інакш: «Вядома», «А як жа», «Няўжо ж не быў», «Няўжо ж не на сваім месцы». А як перакласці такі выраз: «Ничего не понятно, что тут написано?» Вядома ж, нашы газеты не будуць ламаць галаву, надрукуюць: «Нічога не зразумела, што тут напісана». А ў народзе скажуць зноў па-свойму. Вось узяты з жывой мовы выраз, які прыводзіць у сваім «Краёвым слоўніку Усходняй Магілёўшчыны» I. К. Бялькевіч: «Нейкі асталоп ету аб'яву напісаў – нічога не зразумець!» Аж ніякавата часам робіцца, калі, бывае, паважны мужчына адказвае каму-небудзь на жаночы лад: «Не зразумела», «Зразумела»...
Хатні. «Хатні тэлефон», «хатняе заданне», «хатняя птушка» – вельмі штучнымі здаюцца мне гэтыя словаўтварэнні. Бо «хатні» ніяк інакш не разумеецца, як «у хаце». Тут жа трэба, на мой погляд, казаць – «дамашні тэлефон», «дамашняе заданне». Ад агульнаславянскага – дом, дома. Чаму мы баімся казаць так, як кажа народ спраку веку? Толькі каб зрабіць больш самабытнай нашу мову? Але ж яна і без нашых штукарстваў самабытная і багатая. Што ж да «хатняй птушкі», то такой, здаецца, і няма ў прыродзе. Ёсць толькі свойская птушка – у адрозненне ад дзікай.
Сметанковае масла. Выдуманае, штучнае, зусім непатрэбнае для нашай мовы слова. Звычайная калька з рускага «сливочное масло». У рускіх вызначэнне «сливочное» спатрэбілася для таго, каб адрозніць яго ад «постного масла». Беларусы ж «постное масло» называюць адным словам – алей. Таму ніякага вызначэння для масла, збітага са смятаны, не трэба. Калі кажуць «масла», беларус адразу разумее, пра якое масла мова. Калі ж даводзіцца ў наш «маторны» час падкрэсліць, што гэта масла не машыннае, не трансфарматарнае, наогул, не тэхнічнае, то дададуць яшчэ вызначэнне – кароўе. Толькі не «сметанковае» і не «жывёльнае», бо гэта зноў жа калька з рускага «животное».
Засяродзіцца. Я вельмі доўга не мог прывыкнуць да гэтага слова. Яно ў мяне выклікала асацыяцыю «сердзіцца». Хоць ужо і ведаў ва універсітэце, што «засяродзіцца» – ад слова «асяродак»: усё роўна з ім чамусьці не звязвалася, мо таму, што ў нас у вёсцы болей кажуць «сярэдзіна». Кажуць, слова ўвёў у дваццатых гадах Уладзімір Дубоўка. Вядома, слова новае, адметнае. Але зноў жа – ці зразумелае ў народзе? Ды і ці патрэбна яно, калі народ мае свае адпаведнікі: задумацца, сканцэнтравацца?
Лёс. Ці не занадта «заездзілі» мы гэтае запазычанае з польскай мовы слова? Асабліва паэты: занадта ж лёгка яно рыфмуецца – слёз, рос, лоз, нябёс, воз, калёс, атос і г.д. Але больш рэжа вуха множны лік гэтага слова – лёсы. А зусім нядаўна пачало мільгаць і «лёсаносны». Так, ідзе гэта ад рускіх слоў – «судьбы», «судьбоносный». Не ведаю, ці ёсць такое слова ў народзе. У Кузьмы Чорнага я сустракаў яго, хоць і рэдка. Бо ён больш карыстаўся яго сінонімамі. Беларус часцей за ўсё на месцы слова «лёс» паставіць блізкае яму – доля. Напрыклад, замест фразы «Такі мой лёс» ён хутчэй скажа «такая мая доля», «так у мяне на раду напісана», «так Бог даў».
Урон. Заўважаю, пачало надта ж часта мільгаць на старонках нашага друку гэтае яўна рускае слова. Нават у загалоўкі-шапкі яго выносяць. Памаленьку, памаленьку – і выцясняецца спрадвечнае беларускае слова «страта». А яшчэ ж ёсць і другое вельмі каларытнае слова – «шкода». «Волки нанесли большой урон хозяйству». Беларус пераклаў бы гэта так: «Ваўкі прычынілі вялікую шкоду гаспадарцы». Чым жа кепска? І дзеяслоў «ураніць» не чуў я ў народзе. Замест рускага «уронил» на Беларусі скажуць «упусціў» (напрыклад, з рук). Пра лес – не «раняе» лісце, а «цярушыць», «атрасае», «скідае».
Кляса. Як паказвае «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы», слова «клас» запазычана беларусамі праз рускую з французскай мовы – ад klasse, дзе яно і гучыць адпаведна – «клас», прычым «л» не зусім мяккае і не зусім цвёрдае – сярэдняй цвёрдасці. Кляса ж – чыста польская форма: замежныя словы ў палякаў запазычваюцца часам разам з іх напісаннем. Слова «кляса» ўцягнуў нехта з польскай у беларускую недзе ў дваццатых гадах. Не разумею, чаму мы сёння павінны зноў вяртацца да польскага варыянта? Мяняць быка на індыка? Толькі дзеля таго, што замена адбылася ў 1933 годзе «валявым» шляхам? І што яго працягваюць ужываць у асяроддзі беларускай эміграцыі?
Вядома, у народзе самога гэтага паняцця – клас як групоўка людзей – не было. Але ж, помніцца, у дзяцінстве мы гулялі ў класы, а не ў клясы. У асобных выданнях бачу ўжо з мяккім «л» і слова «блакада»: «блякада». На якой падставе? З вайны помню гэтае слова з цвёрдым «л». Праўда, у нас слова гучала ў трохі іншым напісанні: блакіроўка.
Прыведзеныя прыклады паказваюць, як катастрафічна аддаліліся мы ад жывых крыніц народнай мовы, забыўшы яе багатую сінанімічнасць, яе найтонкія адценні і фарбы.
Што, кампенсаваць забытае намі запазычанасцямі ў суседзяў? Але ж пазычаюць толькі тое, чаго ў саміх няма. Наша ж мова – адна з самых багатых сярод славянскіх моў. І трэба проста не ленавацца вывучыць яе.
Вядома, са з’яўленнем у свеце новых паняццяў да нас прыходзяць і новыя, невядомыя нам словы. Гэта натуральна. Без такіх запазычанняў не абыходзіцца любая мова. Самі па сабе іншаземныя словы не шкодзяць нацыянальнай мове, якая падпарадкуе іх сваім законам. Шкодзіць толькі бяздумнае іх выкарыстанне, неапраўданае захапленне чужаземшчнай.
Вельмі трывожыць легкадумнае абыходжанне з нашым нацыянальным багаццем розных «гарачых галоў». Сёння мы кінуліся вяртаць усе асаблівасці літаратурнай мовы 20-х – пачатку 30-х гадоў. Вядома, усё здаровае ў ёй, папраўдзе беларускае нам трэба вярнуць, абавязкова. Але ж не трэба забываць, што літаратурная мова таго часу была яшчэ ў працэсе станаўлення. Ішла паскораная «беларусізацыя», і дасканала вывучыць народную мову проста не было калі, таму ў яе спехам уводзілася нямала чужога, наноснага, штучнага. Ці ж браць усё гэта нам назад без крытычнага асэнсавання? Гэта было б, на мой погляд, безадказна. З другога боку – ці трэба «кавалерыйскім наскокам» перакрэсліваць усё, што было набыта літаратурнай мовай за апошняе паўстагоддзе, хай пад прэсам жорсткай русіфікацыі? Беларуская літаратура ўзбагачалася праз творы лепшых нашых майстроў мастацкага слова, што прыходзілі ў літаратуру з розных куткоў Беларусі. Не сядзелі склаўшы рукі і нашы мовазнаўцы – не толькі ж рыхтавалі «навуковы грунт» пад антынародныя законы. Выйшла з друку нямала дыялектных зборнікаў, урэшце, фальклорных збораў. Што, усё гэта агулам будзем выкідаць на сметнік?
У кожным разе мы павінны ўважліва, па-гаспадарску агледзець усё, што маем, перш чым прыняць канчатковае рашэнне. Галоўнае – не спяшацца. Вельмі кепскую паслугу, на мой погляд, робяць нашаму адраджэнню тыя выданні, якія ў запале змагання з гвалтоўна навязанай нам у 30-х гадах моўнай рэформай самастойна пераходзяць на «тарашкевіцу». Такая партызаншчына, апрача шкоды, нічога нам не прынясе. Думаецца, трэба спачатку правесці па культуры мовы шырокія дыскусіі, запрашаючы на іх і беларусістаў свету, прадстаўнікоў беларускай эміграцыі. Ну і, вядома, пашырыць даследаванні па розных пытаннях мовазнаўства, глыбей вывучыць дыялектныя пласты мовы, выявіць распаўсюджанасць тых ці іншых форм, таго ці іншага слова ў народзе. Карацей кажучы, рабіць усё трэба на навуковай, а не аматарскай аснове. Цывілізаваным спосабам, як гэта робяць ва ўсім свеце.
Упершыню было надрукавана ў газеце "Літаратура і мастацтва". 1993. 12 сакавіка.