№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Павел Сцяцко

Калькі-калекі

27 сакавіка 2010

Калькі-калекі

Даследчыкі мовы трапна заўважылі: душа мовы — сінтаксіс. Якраз тут выяўляецца адметнасць спосабаў і сродкаў перадачы думкі, волевыяўлення і пачуцця моўнікамі рознага этнасу. Глыбока авалодаць чужою мовай няможна без спасціжэння яе сінтаксічнага ладу; пры павярхоўным засваенні найбольш хібаў якраз у сінтаксісе — пабудове фразы. Тут і пануе «шашаль мовы — калька» (Кастусь Цвірка). Яна жорстка працінае адметныя рысы прыніжанай мовы, навязвае ёй лад валадарнай мовы пры двухмоўі. Да чаго давяло і даводзіць ўсё гэта, добра відаць на сённяшнім вусным і пісьмовым маўленні беларусаў, на тэкстах перыядычнага друку, радыё і тэлебачання.

Вось адзін з прыкладаў такога калецтва мовы, што бачым у шмат якіх малатыражных ведамасных газетах: «Калі ў газеце будзе мазгавы цэнтр у твары вядучага рэдактара, творча працуючы калектыў, то і мы, чытачы, у прыватнасці гісторыкі, будзем дапамагаць газеце супрацоўнічаць з ёю, знаходзіцца на ўзроўні тых задумак, якія стаяць перад калектывам універсітэта і газеты (Гродзенскі універсітэт. 17.XI. 93).

Дык каб гэта толькі малатыражкі! Але ж падобнае часта чуем і па беларускім радыё і на тэлебачанні, чытаем на старонках рэспубліканскага друку і ў мастацкіх творах некаторых не надта патрабавальных да мовы аўтараў.

З рэкламнай абвесткі: «Арганізацыя прадае... тавары па цэнах, ніжэй рыначных...» Ці беларуская гэта канструкцыя — «па цэнах ніжэй рыначных? Не, гэта чужая сінтаксічная структура (по ценам ниже рыночных). Па-беларуску: «Арганізацыя мае на продаж... тавары па цэнах, ніжэйшых за рынкавыя». Або: «...тавары з больш нізкім коштам, чым рынкавы».

Штучнасць звароту «па цэнах ніжэй рыначных» відавочная: у ім парушаны дзве сінтаксічныя заканамернасці беларускай мовы: 1) прыметнік вышэйшай ступені мусіць мець дапасаваныя да назоўніка формы роду, ліку і склону (па цэнах ніжэйшых); 2) вышэйшая ступень прыметніка кіруе залежным ад яе назоўнікам у форме вінавальнага склону з прыназоўнікам за (ніжэйшыя за рынкавыя).

Прыгадаем тэксты майстроў слова: Колькі б мы ні шукалі сяброў у жыцці, Нельга лепшага друга за песню знайсці (Максім Танк). То ж здалося камару, што ён большы за гару (П. Броўка). Я не знаю месяца болыш за май шчаслівага, калі пушчы цешацца з гоману шумлівага (П. Глебка). На жаль, «уласцівы кожнай мове свой уласны кірунак сказаў» (Кузьма Чорны) нярэдка парушаецца ў беларускіх тэкстах праз расейскамоўную экспансію і нядбайства аўтараў і стыльрэдактараў пэўных выданняў. Я згодны з высновай Кастуся Цвіркі: «Беларускую літаратурную мову трэба сёння лячыць. Лячыць ад каросты шматгадовай русіфікацыі, ад суцэльнага калькавання, вызваляць з-пад чужой ёй структуры» (ЛіМ. 12.03.93).

Падам прыклады такіх калькаваных тэкстаў: Душа куды шырэй, ёмістасцей памяці, што яе і сотняю вершаў не перагрузіш» (Роднае слова. 1993. № 3, с. 5). Тут тое парушэнне, што і ў згаданай рэкламе. Інакш кажучы, вылучаная канструкцыя не беларуская, а расейская (Душа шире и ёмче памяти...). Па-беларуску было б: «Душа куды шырэйшая, больш ёмістая за памяць...»

У друку нямала і такіх прыкладаў, дзе пры натуральным — прыназоўнікавым — кіраванні выкарыстоўваецца нязменная, недапасавальная форма вышэйшай ступені, якая беларускай мове як прыметнікавая неўласцівая (гэта прыслоўе; у расейскай мове формы прыметніка і прыслоўя аманімічныя (г. зв. кампаратывы): «Гэта дапамагае знайсці галоўнае — ісціну, якая, як вядома, у сапраўднай гісторыі даражэй за ўсё» (Звязда. 11.03.93 г.). Пад крышай грэчка будзе цалей (I. Шамякін. Злая зорка // Полымя. 1991. № 2, с.55). Тут «аўтар моўна думае па-расейску» (Кузьма Чорны) і толькі піша беларускімі літарамі («Под крышей греча (гречиха) будет целей (целее)»). А беларус кажа: «Пад дахам грэчка будзе цалейшая». Або вось такі сказ: «За агульным сталом яда смачней. («Родны край». Каляндар на 1992 год, с. 584). А чаму не напісаць: «За супольным сталом яда смачнейшая (ці... есці смачней)?

Такія ж ненатуральныя канструкцыі бачым і пры выкарыстанні прыслоўяў вышэйшай ступені, якія (прыслоўі) кіруюць не вінавальным склонам з прыназоўнікам за, як гэтага вымагае літаратурная норма, а родным беспрыназоўнікавым склонам (на расейскі лад): «Ужо цяпер на ферме налічваецца больш 60 трусоў» (Настаўніцкая газета. 17.11.71). Натуральнае гучанне фразы: «Ужо цяпер ферма мае больш за 60 трусоў». Або: «Роял» каштуе больш тысячы рублёў» (Звязда, 24.02.93) замест правільнага: «... больш за (больш як, больш чым) тысячу рублёў». Лічыцца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні прынялі ўдзел больш паловы грамадзян Рэспублікі Беларусь, уключаных у спіс выбаршчыкаў» («Закон аб выбарах»). А нармавана — ... прынялі ўдзел больш за палову (больш як палова, больш чым палова) выбаршчыкаў...

Пры выкарыстанні зваротаў з злучнікамі як, чым, сінанімічных да канструкцыі з прыназоўнікам за, звычайна парушаецца апошняя (будуецца паводле расейскай нормы). Так, 10 студзеня 1995 года беларускія газеты надрукавалі «Каляндар выбараў у Вярхоўны Савет: калі, дзе, што» (Гл. «Народная газета». № 6 (1023), у якім чытаем: «Прадстаўленне ў акруговую выбарчую камісію пратаколаў сходаў, рашэнняў палітычных партый; выбарчых блокаў... — не пазней, чым за 40 дзён да выбараў, гэта значыць не пазней 3 красавіка 1995 года ўключна... Прадстаўленне ў акруговую выбарчую камісію ўчастковымі выбарчымі камісіямі пратаколаў аб выніках галасавання — неадкладна пасля састаўлення і падпісання пратакола, але не пазней 9 гадзін раніцы наступнага дня пасля галасавання». Як бачым, у гэтых тэкстах выкарыстана небеларуская канструкцыя. Па-беларуску трэба: «...не пазней за (як, чым) 3 красавіка 1995 года, не пазней за (як) 9 гадзін раніцы наступнага дня». Дый лексічныя нормы тут парушаюцца: прадстаўленні пратаколаў... А трэба падача неадкладна пасля састаўлення пратакола. А беларус кажа: «неўзабаве пасля складання пратакола», ці «адразу пасля складання пратакола», бо складаюць пратакол, а не састаўляюць, складальнік пратакола, а не саставіцель.

Але вернемся да сінтаксічнай канструкцыі з прыслоўем вышэйшай ступені. З паведамлення сіноптыкаў (у газетах, на радыё, тэлебачанні): «У бліжэйшыя суткі чакаецца пацяпленне — да двух градусаў ніжэй нуля». Гэта цалкам небеларуская канструкцыя (В ближайшие сутки ожидается потепление до двух градусов ниже ноля). А беларус кажа: «У наступныя суткі чакаем пацяплення да двух градусаў марозу». Згаданая канструкцыя не толькі парушае сінтаксічныя лад беларускай мовы, але і марфалагічны, яна зацямняе змест паведамлення. У падобных зваротах пасля формы вышэйшай ступені прыслоўя напрошваецца назоўнік роднага склону з прыназоўнікам ад. Напрыклад: «Павышацца будзе тэмпература на поўдні краіны ніжэй ад лініі Мінск — Барысаў...» А што да паказніка тэрмометра, то ў жывой народнай мове ніхто не кажа гэтага казённа-бюракратычнага «вышэй нуля ці ніжэй нуля». Ёсць зразумелыя звароты: 2 (і г. д.) градусы марозу (цяпла). Дарэчы, на расейскі лад тут нярэдка пачуеш і небеларускую форму «мароза» (замест марозу).

Расейскамоўныя экспансія часта вядзе да разбурэння натуральных беларускіх сінтаксічных канструкцыяў і з кіравальным словам-дзеясловам (ці ўтвораным ад яго назоўнікам). Вось некаторыя выпадкі: «Загорскі (цяжка ўздыхнуўшы). Добра, што я не ажаніўся на табе, Эмілія. Э м і л і я (паківаўшы галавою). Што ты зрабіўся сябрам — гэта праўда і нават спрабаваў быў ажаніцца на мне» (Маладосць, 1991, № 12, с. 108).

Дзеясловы жаніць, жаніцца, ажаніць, ажаніцца кіруюць у нармаванай літаратурнай мове назоўнікам (займеннікам) творнага склону з прыназоўнікам з, а не месным з прыназоўнікам на. Гэта засведчана і «Тлумачальным слоўнікам беларускай мовы» (Мн., 1977, т. 1, с. 199), дзе чытаем: «Ажаніць, ажаню, ажэніш, ажэніць, зак., каго з кім. Ажаніцца... Уступіць у шлюб (пра мужчыну). Іван толькі зімою ажаніўся з Матронаю, і жылі яны надта згодна. Колас».

Такую нармаваную канструкцыю бачым і ў іншых нашых класікаў: «Яшчэ ажэніцца багаты пан з магілаю, а бедны хлопец з мілаю (Аркадзь Куляшоў).

Прыгадваецца мне з гэтае нагоды жартаўлівая сцэнка беларускіх пісьменнікаў з іх расейскімі калегамі падчас шостага з'езда пісьменнікаў Беларусі, дзе супастаўляліся сінтаксічныя канструкцыі з словам ажаніцца (жениться) у беларускай і расейскай мовах. Нехта з беларусаў заўважыў, што ў нас на Беларусі мужчына і жанчына становяцца адной сям'ёй на роўных, пра што сведчыць і прыназоўнік з — жаніцца з кім, азначаючы сумеснасць. А вось у расейцаў жанчына ў гэтым паяднанні — нераўнапраўная, на што паказвае прыназоўнік на — жениться на ком.

Пішучы «ажаніцца на кім», аўтары такіх радкоў блытаюць сінтаксічныя заканамернасці розных моваў — беларускай і расейскай. Варта было б ім часцей карыстацца хоць нашымі перакладнымі слоўнікамі. Так, у «Беларуска-расейскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча (Менск, 1926, с. 101) бачым: «Жаніцца з кім — жениться (на ком)». Toe самае i ў пазнейшых перакладных слоўніках: «Беларуска-рускі слоўнік». Пад рэдакцыяй Кандрата Крапівы (М., 1962, с. 78): «Ажаніцца (з кім) сов. жениться (на ком), вступить в брак. Ажаніць (з кім) сов. женить (на ком)». У двухтомным «Беларуска-рускім слоўніку» (т. 1, Мн., 1988, с. 108) цалкам паўтораны тэкст слоўніка 1962 года.

Заканамерную беларускую канструкцыю з словамі ажаніць, ажаніцца, жаніць, жаніцца бачым і ў самым новым, трохтомным «Русско-белорусском словаре» 1993 і 1994. гадоў выдання. Так, у выданні 1993 года (т. 1, с. 427) чытаем: «Женить 1. сов. ажаніць (з кім); 2. несов. жаніць (з кім); жениться 1. сов. ажаніцца (з кім); 2. несов. жаніцца (з кім)».

Так падрабязна спыняюся на гэтай сінтаксічнай канструкцыі, бо яе парушаюць, на жаль, і нашыя вядомыя сучасныя літаратары В. Адамчык (Маладосць. 1991. N° 12, с. 108) і іншыя. Вось яшчэ прыклад: «3 1912 па 1916 год Сцяпонас Кайрыс працаваў у Віленскай самаўправе якраз пасля сваёй жаніцьбы на Алаізе Пашкевіч (В. Коўтун.— ЛіМ. 22.02.91).

Часта парушаецца сінтаксічная норма і ў канструкцыях з дзеясловамі ветлівасці — дзякаваць, падзякаваць, аддзячыць, выбачыць, выбачаць, прабачыць, дараваць. Пішуць (кажуць): «Дазвольце мне падзякаваць нашага госця за цікавы даклад. Прабач нас, сад! Выбачайце яго за рэзкія словы. Няхай яна даруе Васіля за яго эмоцыі». Але ж у нармаванай мове гэтыя дзеясловы патрабуюць ад залежных словаў давальнага склону: падзякаваць (каму) госцю, прабач нам, выбачайце яму, даруе Васілю.

Крыўдна, што гэтая норма літаратурнай мовы часам парушаецца і на старонках выданняў, якія па сваім прызначэнні павінны змагацца за высокую культуру маўлення. Прыкладам, у «Нашым слове» за 3 студзеня 1992 года чытаем: «Валянцін Стэх ад імя клуба «Сябрына» падзякаваў баранавіцкі ансамбль за цікавую імпрэзу і ўручыў сувеніры». I гэта пры тым, што на старонках выдання якраз пра парушэнне згаданай нормы досыць эмацыянальна пісаў адзін аўтар: «Вельмі дзіка гучыць такое «хачу вас падзякаваць». Гэта пабіць, пакараць можна вас, а дзякаваць, падзякаваць — толькі вам. Дзякую вам, дазвольце падзякаваць вам — толькі так будзе па-беларуску» (Наша слова. 1993. № 4. Зацемка «Выбачайце, калі ласка»). Тут справядліва крытыкуецца і штучная калька «Прыношу сваё прабачэнне» — нібы гэта грушы ў кошыку, якія можна прынесці».

А чаму не пагартаць перакладныя слоўнікі, дзе якраз паказваецца адметнасць кіравання такіх дзеясловаў у беларускай і расейскай мовах. Прыкладам, у «Русско-белорусском словаре» 1953 года і яго перавыданнях у 1982, 1991, 1993 і 1994 гадах чытаем «Благодарить несов. дзякаваць (каму-чаму); Благодарю тебя (вас и т. д.) дзякую табе (вам и т. д.).

Беларусы кажуць: «Дзякуй богу, у нас яшчэ людзі не забыліся на працу».

Не менш парушэнняў і ў канструкцыях з дзеясловамі смяяцца, насміхацца, рагатаць, кпіць, жартаваць, дзівіцца, цешыцца. Літаратурная норма — выкарыстанне пры іх залежных назоўнікаў (займеннікаў) у форме роднага склону з прыназоўнікам з. Вось прыклады натуральных фразаў з твораў Якуба Коласа (14-томнае выданне): «А вы вось папахадзілі б па полі, — смяяўся з іх дзед: можа што і выхадзілі б» («Бунт»). А ляснічыя скачуць, насміхаюцца з Васіля («Васіль Чурыла»). Месяцы праз тры выпусцілі мяне, пасмяяліся з мае дурноты («Сацыяліст»). Тады здавалася яму (лесніку), што ён падпірае сваёю галавою неба і што з яго дзівіцца ўсё сяло («Нёманаў дар»). Глядзі ж, сынок! — спыніў яго бацька. — Слухай настаўніка, бо нявучаны — роўна як сляпы... Каб я з маткаю цешыўся з цябе («Школа»). З сынам ён (Кандрат) амаль ніколі не сварыцца, хіба толькі часамі злёгку пакпіць з яго выкручвання ад работы на гаспадарцы («Драматург і лірычны паэт»). Хто даў яму права здзекавацца з яе, падымаць пры людзях на смех («Кінахроніка»). Трэба злавіць брыду і хоць паздзекавацца з яе («Злавіў!»).

А вось як пішуць перыядычныя выданні і некаторыя пісьменнікі, перакручваючы на расейскі лад згаданыя сінтаксічныя канструкцыі: «Дэпутаты, якія ідуць у залу пасяджэнняў, смяюцца над вывешаным на інфармацыйных стэндах «кампраматам» і задаюць пытанне: каму гэта выгадна? (Звязда. 3. 12. 93). I праўда, Стась, перастань здзеквацца над чалавекам! (Маладосць. 1991. № 12, с. 106). Зараз яны (грыбы) спрабуюць нават часам пасмяяцца над даверлівым грыбніком (Р. Ігнаценка. На грыбных сцежках). Над чым смяюцца беларусы (ЛіМ. 7.04.89).

Памылковыя канструкцыі бачым на старонках перыядычных выданняў і падчас выкарыстання залежных ад дзеясловаў руху, волевыяўлення (ехаць, ісці, бегчы, плыць, паслаць, выправіць, прыехаць, прыслаць, звярнуцца) формаў назоўнікаў і займеннікаў пры абазначэнні мэты дзеяння.

Вось некаторыя прыклады: Ці пачакае мяне кватэра? За адказам на гэта і іншыя падобныя пытанні мы звярнуліся да юрысконсульта кіраўніцтва справамі міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі (Звязда. 5.10.91). Па Маскве за «Вожыкам» (бегалі, каб купіць гэты часопіс.— П. С.) (ЛіМ. 7.04.89). Чарговы паход за славай (Звязда. 2.04.93). Чаму няма чаргі за чэкамі? (Культура. 23.11.94).

Некаторыя стыльрэдактары адчуваюць штучнасць такіх зрусіфікаваных канструкцыяў і ў загалоўках тэкстаў выпраўляюць памылкі. Прыкладам у газеце «Звязда» за 5 кастрычніка 1991 года бачым у загалоўку «У Беларусь па трафеі». А ў самім тэксце — «звярнуліся за адказам»...

На жаль, такія сінтаксічныя памылкі часта застаюцца нявыпраўленымі. У адной газеце чытаем: «Паездка ў Польшчу за набыццём тавараў». А чаму не напісаць па-людску: «Паездка... для набыцця тавараў». Канструкцыя з прыназоўнікам за невыразная зместам, двухсэнсоўная. Калі кажуць ці пішуць: «Сын пайшоў за бацькам», то гэта можа азначаць, што спачатку пайшоў бацька, а затым сын (следам за ім). Або: «Пайшлі за вадою», г. зн. у кірунку, куды цячэ вада.

Такой недарэчнасці, як выкарыстанне пры дзеясловах руху і волевыяўлення залежных словаў у форме творнага склону з прыназоўнікам за, мы не ўбачым у рупліўцаў мовы, у класікаў беларускай літаратуры. Прыкладам, у Якуба Коласа (14-томны збор твораў) чытаем: «Ды глядзі, хто спытае, куды едзеш, — скажы — па каноплі («Малады дубок»). Вёска памалу зачынала свой звычайны дзень. Губанава маладзіца ішла па ваду («Крывавы вір»). Пасылае маці думы ў свет па сына («Пасылае маці думы»). Хачу я новы шлях знайсці. У Індыю па шчасце («Сон над Нёманам»). Або ў Максіма Танка: «Скрыпіць Зорны воз ля аселіц. Яго па мяне прыслалі на нечае ехаць вяселле, пакінуўшы родныя далі». «Як туманіцца поле раніцай, бягу з вёдрамі па ваду» (П. Трус). Слынныя майстры слова добра ўсведамляюць недарэчнасць і недакладнасць, неадназначнасць зместу згаданай канструкцыі з прыназоўнікам за, таму Якуб Колас напісаў толькі так: «Хтось з хлопчыкаў імчыцца стралою па стоража» («Туды, на Неман»), бо напісанае «за сторажам», чытач зразумеў бы, што хтось з хлопчыкаў даганяе стоража (бяжыць за ім).

Прыназоўнік за ў словазлучэннях з дзеясловам ці аддзеяслоўным назоўнікам набывае «агрэсіўнае» памкненне ў недасведчаных у пытаннях мовы аўтараў і выкарыстоўваецца там, дзе яго зусім не павінна быць (як і ніякага іншага прыназоўніка), або мусіць быць ужыты іншы прыназоўнік.

Так, аддзеяслоўны назоўнік догляд (дагляд) кіруе родным склонам залежнага слова. I тут не можа быць ніякага прыназоўніка. Гэтую норму добра акрэсліў «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (Мн., 1978, т. 2, с. 187), дзе чытаем: «Догляд і (разм.) дагляд... Дзеянне паводле дзеяслова даглядзець (у 3 знач.); нагляд, клопат. Догляд пасеваў. Догляд жывёлы». А вось у перыядычным друку бачым штучную канструкцыю з гэтым словам: «Догляд за хатнімі раслінамі» («Родны край». Каляндар на 1992 г., с. 303). «Са старадаўніх рэцэптаў догляду за валасамі» (Звязда. 29.01.93). Адкуль узялася такая, штучная канструкцыя? Гэта калька расейскай структуры «Уход за волосами», «Уход за домашними цветами».

Або яшчэ такое «прыклейванне» прыназоўніка за да аддзеяслоўнага назоўніка паляванне: «Паляванне за арфаграмамі» (В. I. Паўлоўская. Мова: цікава і займальна.— Мн., «Народная асвета», 1989, с. 186). Беларус палюе (на каго-што) на ваўка, ліса, зайца, а не за кім — за ваўком, зайцам, лісам.

Зноў-такі калькаванне чужой структуры. Крыўдна, што гэтая непісьменнасць прапануецца настаўнікам і вучням.

Студэнтамі, якія карыстаюцца згаданым дапаможнікам В. Паўлоўскай (на занятках па методыцы выкладання мовы і падчас педагагічнай практыкі), даводзіцца потым перавучвацца. Слухаючы лекцыі з спецкурсу «Праблемы нармавання беларускай мовы» і на практычных занятках студэнты часта задаюць пытанні: а чаму ў той ці іншай кнізе, дапаможніку, мастацкім творы ці нават у падручніках па мове сустракаюцца ненармаваныя канструкцыі ці формы словаў. Даводзіцца для патлумачэння такой ненармаванасці даваць на роздум дадатковыя заданні: зазірнуць у слоўнікі, спецыяльныя даведнікі, энцыклапедыі і г. д. Вось і ў гэтым выпадку мы разам прааналізавалі згаданую сінтаксічную канструкцыю ў беларускай і расейскай мовах — паводле матэрыялаў перакладных слоўнікаў. Так, двухтомны «Русско-белорусский словарь» 1982 года (т. 1, с. 645) справядліва падае: «Охотиться 1. несов. 1. (заниматься охотой) паляваць (на каго-што); 2. перен. ганяцца (за кім-чым). Охотник 1. паляўнічы, -ага м.; охотник за змеямипаляўнічы на змей». Toe самае ў трехтомным перавыданні 1993 і 1994 гадоў (т. 2, с. 427).

Як бачым, канструкцыя «паляванне за арфаграмамі» — штучная, беларускай мове неўласцівая, а ў расейскай мове — нармаваная (охота за орфограммами). Па-беларуску такую канструкцыю — з прыназоўнікам за — стварае слова пагоня — утварэнне ад ганяцца (паганяцца) (за кім): пагоня за ворагам.

У згаданай працы В. I. Паўлоўскай і ў некаторых іншых выданнях «Народнай асветы» нярэдка бачым небеларускія канструкцыі: «Білет № 9. Расказаць на памяць урывак з трылогіі Якуба Коласа «На ростанях» (па выбару). Білет № 4. Прачытаць верш М. Танка (па выбару) (Билеты для выпускных экзаменов за курс средней школы на 1967/ 1968 учебный год — «Народная асвета», Минск, 1968). А трэба ж — на выбар.

Toe, што ў расейскай мове перадаецца сінтаксічнай канструкцыяй «прыназоўнік по + давальны склон», у беларускай мове мае шмат іншаструктурных адпаведнікаў: жанчынам пад сакрэтам — женщинам по секрету, выбраць на свой густ — выбраць по своему вкусу, падабраць пад свой рост — ...по своему росту, вялікі памерам — большой по размеру, з нагоды свята — по случаю праздника, ісці лесам — идти по лесу, ісці ўздоўж самага берага — идти по самому берегу, дым ідзе з ветрам — ...по ветру, у кірунку да ракі — по направлению к реке, ва ўсіх кірунках — по всем направлениям, у адпаведнасці з законам — по закону, паводле паведамлення радыё — по сообщению радио, на маю думку — по моему мнению, на мой заклік — по моему зову, у выхадныя дні — по выходным дням, у святы — по праздникам, раніцамі — по утрам, увесну — по весне, страляць у бандыта — стрелять по бандиту, створаны на ўзор — ...по образцу, жыць у суседстве — ...по соседству.

У беларускай мове шмат і іншых адмысловых параўнальна з расейскаю мовай канструкцыяў, якія нярэдка парушаюцца ў друку праз зблытванне розных моваў: захварэць на адзёр — заболеть корью, дзівіцца з чаго — удивляться чему, жыць каля самага мора — жить у самого моря, стаяць пры мікрафоне — ...у микрофона, чытаць самому сабе (бязгучна) — читать про себя, сказаць на поўны голас — ...во весь голос, на святочны стол — к праздничному столу, выпраўленне памылак — работа над ошибками, загадчык бібліятэкі — заведующий библиотекой, два разы на тыдзень — два раза в неделю.

Беларуская мова мае і сінтаксічныя канструкцыі з прыназоўнікам па, але гэты прыназоўнік — паводле літаратурнай нормы — кіруе месным і вінавальным склонамі залежных словаў і не выкарыстоўваецца з давальным склонам. Так, у «Беларуска-расійскім слоўніку» М. Байкова і С. Некрашэвіча (Мн., 1926, с. 261) чытаем: «Па чым, кім — по, после (Па ім атрымаў спадчыну); по, вдоль (Па палёх); по, согласно (с чем)». Але падчас рэалізацыі бальшавіцкае ідэі на зліццё нацыяў, іх культуры і мовы (30—80 гады) у беларускую мову жыўцом заганялася расейская канструкцыя «па + давальны склон». Дзеля растварэння нашай мовы ў расейскай. Гэта бачым і ў перакладных слоўніках, створаных тым часам. Шкада, што пры перавыданні іх — ужо ў час суверэннай Рэспублікі Беларусь — гэтыя ляпсусы так і засталіся (Гл. акадэмічны «Русско-белорусский словарь» 1993 і 1994 гадоў выдання).

Адмыслова пастараліся ў гэтым кірунку складальнікі і рэдактар Кандрат Крапіва ў двухтомным «Беларуска-рускім слоўніку» (Мінск, 1988—1989). Так, другі том як бы знарок пачынаецца літарай П і прыназоўнікам па, дзе ўжо даецца найшырэйшы прастор канструкцыі «па + давальны склон: «плыць па цячэнню, вышэйшы па званню, па свайму жаданню, не па росту, старэйшы па ўзросту, таварыш, па універсітэту і г. д. Як вядома, гэты чарговы націск на нашую мову быў «абгрунтаваны» падчас гэтак званай «нарады па «нармалізацыі» беларускай літаратурнай мовы», праведзенай ідэалагічным кіраўніцтвам ЦК КПБ у Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук БССР у 1972 годзе. А праз пару дзён пасля нарады ў перыядычным друку з'явіўся артыкул віцэ-прэзідэнта Кандрата Крапівы «Грамадская неабходнасць і беспадстаўнае наватарства», дзе ўжо ўзаконьваецца канструкцыя «па + давальны склон» (па загаду, па заданню, па сэнсу, па густу) пад выглядам меснага склону». Пра «непрымальныя меркаванні і ўстаноўкі» гэтага артыкула піша «Беларуская мова: Энцыклапедыя» (Мн., БелЭН, 1994, с. 269). Зазначаецца тут, што Крапіва ахоўвае арыентацыю на «збліжэнне і ўзаемнае ўзбагачэнне» беларускай і рускай моў, перасцерагае некаторых аўтараў рабіць у мове змены і ўдакладненні «без санкцыі тых устаноў, на якія ўскладзены абавязак наглядаць за станам літаратурнай мовы».

«Непрымальнасць меркаванняў і ўстановак» Кандрата Крапівы відочныя. У артыкуле памылкова атаясамліваюцца формы давальнага і меснага склону. Кандрат Крапіва піша: «Такім чынам, канчатак у назоўнікаў адзіночнага ліку ў канструкцыях з прыназоўнікам «па» трэба разглядаць толькі як варыянт канчатка меснага склону... Падтрымліваецца гэты варыянт як канчаткамі назоўнікаў з асновай на г, к, х, так і аналагічнымі канструкцыямі, запазычанымі з рускай мовы» (Гл.: Кандрат Крапіва. Збор твораў у пяці тамах. Том 5. Нарысы, артыкулы, пераклады.— Мн.: Мастацкая літаратура, 1976, с. 227). Выходзіць, што ў беларускай і расейскай мовах у словазлучэннях «качаны па вядру, па загаду дырэктара» — кочаны по ведру, по приказу директора» формы вядру, загаду — гэта словаформы меснага склону. Але спалучым словы вядро, загад з тыповымі прыназоўнікамі пры, у, на, аб, якія патрабуюць формы меснага склону, і пераканаемся, што канчатка -у гэтыя словы не будуць мець: у (на, аб, пры) вядры, у (аб) загадзе. I ў расейскай мове: о ведре, о приказе. А словаформы па вядру, па загаду (по ведру, по приказу) маюць канчатак давальнага склону. Кандрат Крапіва, сам выкарыстоўваючы небеларускую канструкцыю «па гэтаму пытанню» («Выступленні па гэтаму пытанню ў друку можна толькі вітаць»), усур'ёз лічыў, што тут словаформа пытанню мае канчатак меснага склону. Але тады як быць з дапасаваным да гэтага назоўніка займеннікам «гэтаму»? У месным склоне было б: (аб, у) гэтым (пытанні).

Канчатак -у(-ю), супольны для меснага і давальнага склонаў, маюць толькі назоўнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку з асноваю на г, к, х (без чаргавання г/з, х/ш) і назоўнікі з значэннем асобы: Д. гэтаму берагу, парку, гмаху, Івану, Яўгену, Кавалю, Мележу. М. на гэтым берагу, у парку, аб гмаху, пры Івану, Яўгену, Кавалю, Мележу. Астатнія назоўнікі мужчынскага і ніякага роду адзіночнага ліку маюць у месным склоне канчатак -е або -і (-ы); у лесе, на краі, на полі, на трактары, у горадзе.

Не пагадзіліся з недарэчнасцю сцвярджэння Кандрата Крапівы і складальнікі двухтомнага «Русско-белорусского словаря» (Мн., т. 2, 1982, с. 74—75), дзе ў канструкцыях ісці па следу звера, плыць па цячэнню, дэбаты па законапраекту, гурток па вывучэнню гісторыі партыі... назоўнікі з канчаткам -у(-ю) кваліфікуюцца як формы давальнага (а не меснага) склону. З гэтым згадзіўся і сам акадэмік Крапіва як рэдактар слоўніка. У пазнейшым артыкуле «Ці будзем мы ездзіць па левым баку» Кандрат Крапіва ў канструкцыі з прыназоўнікам па ўжыў форму меснага склону (па левым баку, а не леваму).

Як бачым, «ідыёлагі» камунізму падставілі Крапіву. Яны выкарысталі яго імя ў сваіх мэтах — дзеля асіміляцыі беларусаў.

Пасля згаданай «нарады» ў канструкцыях з прыназоўнікам па кіраўніцтва ЦК КПБ прымусіла перыядычны друк, радыё і тэлебачанне карыстацца словаформамі давальнага склону: па Савецкаму Саюзу, па вялікаму гораду, па тонкаму льду і г. д.

У газеце «Звязда» за 14 чэрвеня 1991 года ў зацемцы «Мова не ўсё сцерпіць» нехта П. Ермашкевіч пісаў: «Да нядаўняга часу лічылася, што людзі жывуць па закону, гавораць па тэлефону, наладжваюць спаборніцтвы па футболу. Але ў апошнія гады ў падкрэсленых словах змяняюць канчатак -у на -е. Іншы раз, калі чуеш такое, крычаць хочацца: па якой тэлефоне? па якой футболе? законе і г. д.? Гэта ж словы — мужчынскага роду назоўнікі ў давальным склоне, а не ў месным; каб лепш пераканацца ў гэтым, паглядзім, як скланяюцца гэтыя словы ў рускай мове... Гэта дзве мовы як родныя сёстры падобныя між сабою, паходзяць яны з аднаго кораня... I нельга паміж імі правесці моўную мяжу...» Далей аўтар дайшоў нават вось да чаго: «Але трэба, відаць, дамовіцца раз і назаўсёды: гэта (слова «керасін». — П. С.) і многія іншыя назвы розных рэчываў пісаць так, як пішуцца і гучаць яны на многіх іншых мовах». I далей ён спасылаецца на незразумелыя ў яго мясцовасці словы вёска, цвік, наступны...

Сапраўды, ці можа беларуская мова, па словах Адама Міцкевіча, адна з «старажытных і найбольш чыстых і дасканала распрацаваных» сцярпець вось такую непісьменнасць, недасведчанасць аўтара згаданага допісу?

У акадэмічных перакладных слоўніках таксама бачым усю гэтую трасянку. Прычым укладальнікі слоўнікаў як бы не заўважалі такога абсурду ў сваіх сцверджаннях: у канструкцыях з прыназоўнікам па залежныя формы назоўнікаў мелі розныя канчаткі: у множным ліку — канчатак меснага склону -ах, а ў адзіночным — давальнага склону -у (-ю): «Сумаваў па бацьках і па дому». Такіх скалечаных, знявечаных словаформаў бачым шмат у слоўніках 1982, 1988-89: 1991 і кават у перавыданнях «Русско-белорусского словаря» 1993 і 1994 года. I ў слоўніку-даведніку Г. У. Арашонкавай і В. П. Лемцюговай «Кіраванне ў беларускай і рускай мове» (Мн., Вышэйшая школа, 1991, с. 303). Пра станоўчыя бакі і недахопы гэтага выдання я пісаў у штотыднёвіку «Наша слова» №№ 18—19 за 1992 год у артыкуле «Трымацца родных каранёў. Даведнік па чым ці даведнік па чаму?» Яшчэ і сёння ў перыядычным друку, на радыё і тэлебачанні, у публіцыстычных працах сустракаем небеларускія канструкцыі з прыназоўнікам «па + давальны склон». I гэта невыпадкова, бо яны падаюцца ў слоўніках (пры характарыстыцы прыназоўніка па (рас. по).

Перакананы, што з цягам часу такая памылковая канструкцыя «па + давальны склон» знікне з беларускай мовы, бо нацыянальныя выданні — «Полымя», «ЛіМ», «Культура», «Наша слова», «Настаўніцкая газета», «Спадчына» і іншыя — выкарыстоўваюць натуральнае для беларускай мовы спалучэнне «па + форма меснага склону». Яе ж і раней выкарыстоўвалі класікі нашай літаратуры і літаратурнай мовы. Прыкладам, у Якуба Коласа чытаем: «Мізэрны конік дробна перабіраў нагамі па цвёрдым бруку («У горадзе»). Праўда, язда па Немане на плытах не зусім лёгкая рэч («Нёманаў дар»). Якраз па тым баку ішоў з вудамі рыбак («У старых дубах»). Ты можаш так стукнуць па гэтым камені, каб з яго іскры пасыпаліся? («Леў і воўк»). Па небе раскінуліся клубястыя хмары («З боку ад жыцця»). Расходзяцца людзі то купкамі, то па адным (Тамсама). Не трэба забываць, што навука цяпер будуецца па новым прынцыпе («Адукацыя»). Ён (Кандрат Сусла) па садзе паходжвае і яблыкі каштуе («Туды, на Нёман»).

Паспрыяе замацаванню ў нашым друку натуральнай канструкцыі «па + месны склон» выдадзеная «Мастацкай літаратурай» у 1994 годзе праца Г. У. Арашонкавай і В. П. Лемцюговай «Кароткі слоўнік беларускай мовы: Правапіс. Вымаўленне. Націск. Словазмяненне. Словаўжыванне». Над рэдакцыяй кандыдата філалагічных навук В. I. Рабкевіча. На стар. 257—259 даецца грунтоўная семантычная характарыстыка прыназоўніка па. Тут мы ўжо не бачым той трасянкі, што падавалася дагэтуль беларускімі слоўнікамі і спецыяльнымі даведнікамі, у іх ліку і па арфаграфіі і кіраванні. Прыназоўнік па кіруе, як справядліва сцвярджаюць аўтары, вінавальным і месным склонам (а не давальным). Прыведзеныя прыклады касуюць ранейшыя «інтэрнацыянальныя» (расейскія) канструкцыі з канчаткам давальнага склону -у: ісці па компасе, курсы па павышэнні кваліфікацыі, работа па выхаванні моладзі, матч на першынство свету па футболе, спаборніцтвы па тэнісе, па белым білеце, па творы, звольніцца з працы па ўласным жаданні, стральба па горадзе, разьба па дрэве, чаканка па метале, памяць па ім, перабраць па каліве, давалі па адным рублі, адзявацца па сезоне, рабіць па даўнім звычаі, калега па пяры, таварыш па інстытуце, не выходзіць на працу па тыдні, не працаваць па годзе і г. д.

Небеларускія гэта канструкцыі з прыназоўнікам у пры абазначэнні адлегласці, а таксама з колькасным значэннем: «У некалькіх дзесятках кіламетраў ад Алма-Аты на вышыні ў тры тысячы метраў размясцілася высакагорная абсерваторыя Аддзела фізікі Сонца АН Казахстана» (Вячэрні Мінск. 25.03.72). Або: «Адным словам, прыехалі ў санаторый «Крыніцы», што ў дваццаці кіламетрах ад Мінска, паставілі дэкарацыі...» (ЛіМ. 23.04.68).

На месцы расейскай канструкцыі «в двадцати километрах oт» у беларускай мове выкарыстоўваецца спалучэнне словаў з прыназоўнікам за: «за дваццацъ кіламетраў ад Мінска...». У Якуба Коласа чытаем: «Вярсты за дзве, па той бок яру, стаяла іх сяло» («Дачакаўся»). Дон быў за тысячу вёрст адгэтуль («Трыумф»).

На месцы расейскамоўнай канструкцыі «назоўнік + прыназоўнік в + лічэбнік з назоўнікам» у беларускай мове мае быць натуральны адпаведнік з прыназоўнікам з: атрад з дваццаці чалавек, збор твораў з 14 тамоў і г. д., а не атрад у дваццаць чалавек, збор твораў у 14 тамах. Такія штучныя, небеларускія канструкцыі бачым якраз у не надта патрабавальных да слова аўтаpaў: «Пад вечар атрад у дваццаць чалавек на чале з Арджанікідзе рушыў у баявую разведку (I. Гурскі. Агнявыя гады).

Або вось як яшчэ пішуць: «Толькі ў Еўропе па стану на 31 снежня 1992 года зарэгістравана 80 810 хворых СНІДам... (Звязда. 2.04.93). Гэта механічны (паслоўны) пераклад з расейскай мовы. Па-беларуску гэты выраз натуральна гучаў бы: «Толькі ў Еўропе зарэгістравана на 31 снежня 1992 года 80 810 хворых на СНІД...» Спалучэнне «па стану» — лішняе, яно нічога не дадае да зместу. Апроч таго ў газеце парушана беларуская канструкцыя «хварэць на» (узята расейская «болеть чем — хварэць чым»).

А што значыць такая калькаваная канструкцыя, як «на баку», у тэксце «Да 80 працэнтаў студэнтаў, піша часопіс «Эр клэр», вымушаны падзарабляць на баку нават у разгар экзаменацыйнай сесіі» (ЛіМ. 1.12.72). Можна падзарабляць збоку, г. зн. па-за асноўнай працай, а не на баку ці на спіне, на каленях або яшчэ на чым. У расейскай мове на стороне — натуральная канструкцыя, а беларуская калька яе — на баку — недарэчнасць.

Або што значыць такі зварот: «За цаной не пастаім» (Звязда. 13.02.93). Беларус скажа: «Цана нас не палохае». «Кошт нас не адпалохае». А то: як бы стаіць цана, а нехта за ёю. Адна газета ў «разгар бітвы за камунізм» пісала: «Як жа абстаіць справа з асваеннем задзелаў школ на 1 кастрычніка» (Настаўніцкая газета. 23.10.71). I далей у гэтым тэксце такія самыя «пэрліны»: «Жадаюць паляпшэння паказчыкі ў развіцці дашкольных устаноў. Таму трэба паляпшаць клопаты аб іх...» Дзякуй богу, сённяшняя «Настаўніцкая газета» ўжо так не піша, культура мовы гэтага выдання — высокая і само выданне, можна сказаць, высокапатрыятычнае і нацыянальнае.

Прычынна-выніковыя складаназалежныя сказы не маюць у жывой беларускай мове калькаванага злучніка «паколькі» (рас. поскольку). Якуб Колас карыстаўся тут беларускім эквівалентам а як: «А як рабіць тут не было чаго, то можна было чуць, як стукала саракоўка аб тоўстую мазолістую руку («Андрэй выбаршчык»). А як тут было прахалодна ды спакойна, то Арцём ад здавальнення нават усміхнуўся сам сабе («Недаступны»). А як нічога такога не было, то прыходзілася даваць якую раду сінім штанам («Так і трэба ашуканцу»). I ў Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы і іншых слынных пісьменнікаў выкарыстоўваецца ў такіх сказах злучнік (двухслоўны) а як. А таксама а раз, раз: (Перагуд: Ясна, я тут лішні!.. А раз лішні, дык і няма чаго блытацца пад нагамі ў людзей (Кандрат Крапіва). Раз ужо Пракоп хоча азнаёміцца з калгасам, то мінуць гэты будынак яму не выпадае (Якуб Колас).

Злучнік «паколькі» штучны для беларускай мовы. Яго не падаюць слоўнікі жывой народнай мовы, не было яго і ў перакладных слоўніках 20-х адраджэнскіх гадоў. У 30—80 гадах яго ўціснулі ў беларускія слоўнікі штучна. Гэта відаць і з «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (Мн., 1979, т. 3, с. 617), дзе чытаем: «Паколькі, злучн. Ужываецца пры даданых прычынных сказах у значэнні: так як, таму што. Стрэлкі, якая раней вяла на ветку (чыгункі), не было, відаць, яе проста знялі, паколькі ветка не дзейнічала. Лынькоў. — Паколькі мы знайшлі цябе ў лесе, тваё прозвішча будзе — Лясны... Шахавец». Нават з прыкладаў відаць уся штучнасць выкарыстання гэтага «паколькі». Бо тут адразу бачыш калькаванне тэксту. Па-беларуску: «...раз ветка была бяздзейная». У другім сказе замест штучнага паколькі натуральна было б ужыць злучнік а раз: «А раз мы знайшлі цябе ў лесе, то прозвішча тваё будзе Лясны».

I ці беларускі гэта злучнік так як? (Паўкалька расейскага так как?) Беларус кажа: а як, а раз, таму што, бо і г. д. I само тлумачэнне значэння слова паколькі спісана з рускага слоўніка, дзе чытаем: «Поскольку, союз. Употребляется для присоединения придаточного предложения причины, в значении: так как». («Словарь русского языка» в четырёх томах. Изд. 2-е, т. 3, М., 1984, с. 315).

Вось і пайшлі з слоўнікаў гуляць па творах некаторых аўтараў такія звароты: «А паколькі прырода для людзей бяздушных, хцівых ўся на адзін твар, то якая ім розніца, дзе яе знішчаць (Пятро Сабіна, «Плач вады»). На першым плане павінен быць чалавек як асоба, так як ён ёсць мера ўсёй каштоўнасці (Звязда, 28.08.92). Па-беларуску: «...бо ён — мера ўсёй каштоўнасці».

Выкарыстанне гэтых словаў — а як, а раз, раз — надае тэксту нязмушанасць, натуральнасць. Нашто, скажам, пісаць: «Акрамя таго, п’еса, паколькі яна камедыя, перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво» (ЛіМ, 23.04.1968), калі можна было б падаць: «Акрамя таго, п’еса, раз яна камедыя (ці як камедыя,) перапоўнена ўсялякімі вадэвільнымі «кві-пра-кво». Невыпадкова, што ў гэтым нумары «ЛіМа» сустракаем і згаданую ўжо небеларускую канструкцыю «ў дваццаці кіламетрах ад Мінска» і іншыя чужынцы.

Або вось яшчэ адна калькаваная канструкцыя. «Так як ступенчатае навучанне патрабуе амаль поўнай індызідуалізацыі, то нагрузка на прафесара ўзрастае ў вельмі значнай меры» (Настаўніцкая газета, 26.02.72). Па-беларуску не так як (калька рас. так как), а: а як (як у Якуба Коласа): «А як ступеневае навучанне патрабуе амаль поўнай індывідуалізацыі, то нагрузка на прафесара значна вырастае».

Тут, у гэтым газетным тэксце бачым і небеларускія словатворчыя структуры: «ступеньчатае, узрастае (рас. ступеньчатое, возрастает)».

На жаль, і ў 1994 годзе нашай мове яшчэ навязваюць чужыя звароты і імкнуцца «абгрунтаваць» гэта. Так, у кнізе «Синтаксис русского и белорусского языков: Сходство и различия. Пособие для учителя (Мн., Нар. асвета, 1994, с. 60) чытаем: «Сходство реплик русского и белорусского речевого этикета велико. Оно покоится на генетической общности русской и белорусской культур, на их тесной взаимосвязи и активном взаимодействии». I на сс. 62, 63 і 68 падаюцца гэтыя «этыкетныя рэплікі беларускай мовы» «Здрастуйце вам! Прыемнага апетыту! Смачнага апетыту! Смачнэго! Hex бэндзе нахвалены..! Давідзэня!». Ну як тут не прыгадаць нашае класікі: «Вось, цо, да». А між тым аўтарка (М. Канюшкевіч) не парупілася пачытаць пра «на-шае натуральнае беларускае «Смачна есці», пададзенае Анатолем Клышкам яшчэ ў «Буквары» 1968 года (Гл. таксама «Маладосць» за 1992 год) і трывала замацаванае моўнай практыкай.

У гэтым навучальным дапаможніку памылковая канструкцыя «было памкнуўся», «сабраўся было» выдаецца за нармаваную, паралельную з формамі быў, была, былі + родавыя формы дзеяслова прошлага часу і множнага ліку — быў памкнуўся, была памкнулася, былі памкнуліся. I спасылка амаль толькі на тэксты I. Шамякіна: «Сабраўся было ўжо выходзіць, як зайшла Таццяна» (с. 8). Беларуская нармаваная мова мае тут дапаможны дзеяслоў той самай формы роду і ліку, што і асноўны, паўназначны: сабраўся быў выходзіць...

Гэта ў расейскай мове дапаможны дзеяслоў застыў у форме ніякага роду і стаў часціцаю. Дык не трэба механічна пераносіць у нашую мову канструкцыі іншай мовы, перасаджваць іх на беларускі грунт.

Прыкрасці гэтыя невыпадковыя, бо аўтары і сёння яшчэ не адышлі ад ранейшых ідэалагічных стэрэатыпаў, яны пішуць: «Специфические черты, отличающие белорусский язык от русского, сложились после распадения восточнославянского языкового единства, в период формирования национальных языков» (с. 43). Але ж такога адзінства ніколі не было, бо існавалі розныя княствы, розныя дзяржавы і розныя мовы.

У дапаможніку ёсць і цікавыя назіранні ў раздзеле «Простое предложение», дзе дацэнт М. А. Корчыц выяўляе ў беларускай мове шырокаўжывальныя сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні, якія не маюць аналагаў у расейскай мове: быць за гаспадара, стаць за лесніка, паставіць за рахункавода, абраць за сакратара і г. д. Справядліва заўважана і такая адметнасць беларускага сінтаксісу, як выкарыстанне суб’екта-дзейніка як актыўнага ўтваральніка дзеяння, тым часам як у расейскай мове тут пануе пасіўная канструкцыя («Іхняй роце загадалі прыкрыць адход».— «Их роте было приказано прикрыть отход. (В. Быкаў). Нямнога засталося сяброў, якіх ён захацеў запрасіць на вяселле дачкі. — Немного осталось друзей, которых ему захотелось пригласить на свадьбу дочери». Або нагадаем назвы твору В. Быкава: «Мёртвым не баліць» і (рас.) «Мёртвым не больно».

Адметная беларуская канструкцыя, на жаль, у непатрабавальных да культуры мовы аўтараў, асабліва ў перыядычным друку, нярэдка парушаецца праз падладжванне пад расейскую мову.

Адкуль у беларускай мове з’явіліся такія двухслоўныя назвы: жывёльнае масла, машыннае масла, сметанковае масла? Зноў-такі праз штучнае калькаванне расейскіх найменняў: «Органамі МУС разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці асоб, вінаватых ва ўтойванні жывёльнага масла і іншых відаў малочнай прадукцыі» (Народная газета, 17.01.95).

Беларусу цяжка зразумець такія найменні: «Жывёльнае масла» — хіба што яно ідзе на корм жывёле ці на лячэнне яе. Паводле яго прызначэння — як і «машыннае масла» — для змазвання вузлоў у машынах. А «сметанковае масла» — з яго робяць смятанку ці што?

У беларуса ўсе гэтыя віды масла маюць дакладныя назвы: масла (рас. сливочное масло), алей (растительное масло) і аліва (машинное масло). Дык не трэба беларуса прымушаць думаць па-расейску і навязваць яму чужыя назвы.

Не менш штучных калькаваных зваротаў бачым у навуковых працах, і лінгвістычных таксама. Пішуць: «У залежнасці ад таго, што яны ўказваюць, займеннікі падзяляюцца на 4 групы». Што тут ад чаго залежыць, што на чым ляжыць? («В зависимости от того...) А чаму не напісаць: «Па тым, на што паказваюць займеннікі, яны гуртуюцца ў 4 разрады». Або яшчэ: «У галіне фанетыкі адсутнічае передача якання...» А ці не прасцей і дакладней: «Адметнасць фанетыкі — няма якання». Ці: «Для бытавога дыялогу характэрна наяўнасць рэплік». Замест натуральнага: «Бытавы дыялог мае рэплікі».

Адзін і той жа (твор). Ці не карацей і больш выразна сказаць (напісаць): Той самы (твор). Аналагічна з таксама, тамсама.

А ці не калькаванне гэта, калі ў адным сказе тры прыназоўнікі аб: «Унесці на разгляд сесіі Вярхоўнага Савета наступны пералік пытанняў. Аб праекце Закона «Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Закон Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым самакіраванні і мясцовай гаспадарцы ў Рэспубліцы Беларусь» (Народная газета, № 184, 1994). Гэта ўсё з таго ж: о (об). А чаму не напісаць: «Праект Закона «Пра змяненні і ўдакладненні ў Законе Рэспублікі Беларусь «Мясцовае самакіраванне і мясцовая гаспадарка ў Рэспубліцы Беларусь».

Звычайна штучныя канструкцыі цягнуць за сабою і штучныя словы: «Павялічыць з 1 красавіка 1991 года прадаўжальнасць часткова аплачваемага водпуску па догляду за дзіцём да дасягнення ім трох гадоў (Звязда, 16.02.1991).

«Догляд за дзіцём», «аплачваемы», «прадаўжальнасць» замест беларускіх: догляд дзіцяці (пра гэта ў пачатку артыкула), аплатны, працягласць. А сказ натуральна гучаў бы хоць так: «Павялічыць з 1 красавіка 1991 года працягласць частковааплатнага адпачынку для догляду дзіцяці да трох гадоў».

Як відаць, наш перыядычны друк, радыё і тэлебачанне яшчэ слаба змагаюцца за высокую культуру маўлення. Праўда, зрухі ў гэтым кірунку ёсць. Найбольш значныя яны ў нацыянальным друку, у літаратуразнаўчых і культуралагічных выданнях, у некаторых адукацыйна-асветных часопісах.

Сёння трэба скіраваць усе намаганні на адраджэнне нацыянальных заканамернасцяў як у галіне сінтаксісу, так і словаўтварэння і лексікі. Гэтаму маглі б паспрыяць публікацыі зборнікаў артыкулаў пытаннях культуры мовы нашых слынных пісьменнікаў і вучоных — Кузьмы Чорнага, Якуба Коласа, Янкі Скрыгана, Пімена Панчанкі, Анатоля Клышкі, Рыгора Шкрабы, Фёдара Янкоўскага, Кастуся Цвіркі, Уладзіміра Содаля і іншых рупліўцаў на ніве роднай мовы.


Упершыню было надрукавана ў часопісе "Полымя". 1995. №6. С. 259-275.

Чытайце таксама

Пра паэтычныя пераклады

Мікалай Гумілёў

Пра паэтычныя пераклады

Існуе тры спосабы перакладаць вершы: пры першым перакладчык карыстаецца выпадковым памерам і спалучэннем рыфмаў, што прыйдуць яму да галавы, часцяком чужымі для аўтара, на сваё меркаванне падаўжае або…

Добрая брытанская кніжка

Антон Францішак Брыль

Добрая брытанская кніжка

26 красавіка адбылася прэзентацыя казкі Джона Рональда Руэла Толкіна “Каваль з Вялікага Вутану”, перакладзенай на беларускую мову Антонам Францішкам Брылём. Перакладчык ласкава пагадзіўся адказаць на…

Прэмія імя Т. С. Эліята

Прэмія імя Т. С. Эліята

12 студзеня 2009 года стала вядомае імя ўладальніцы галоўнай брытанскай паэтычнай прэміі – прэміі імя Т. С. Эліята (Тhe TS Eliot prize for poetry). Ёй стала малавядомая 30-гадовая паэтка Джэн Хэдфілд (Jen…

Крыжовы паход дзяцей №***

Алена Карп

Крыжовы паход дзяцей №***

Іржы Кратахвіл “Ляжаць, шэльма!”. Пераклад з чэшскай Сяргея Сматрычэнкі

4312