ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў” абвяшчае пачатак прыёму твораў на конкурс маладых пісьменнікаў “Экслібрыс” імя Аляксандра Уласава — публіцыста, рэдактара газеты “Наша Ніва”, 140-годдзе з дня нараджэння якога адзначаецца сёлета. Конкурс прысвечаны нон-фікшн. Партнёры конкурсу — кампанія “Prestigio”, газета “Наша Ніва”, грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!”.
Умовы
На конкурс будуць прымацца творы ў наступных жанрах: эсэ (літаратуразнаўчае, сацыякультурнае, гістарычнае, краязнаўчае, этнаграфічнае), нарыс, публіцыстычны (аналітычны) артыкул, літаратурны агляд, рэцэнзія і інш.
Мова твораў — беларуская або руская, аб’ём тэксту — не больш за 20 тыс. знакаў з прабеламі.
Да ўдзелу запрашаюцца аўтары ва ўзросце да 40 гадоў.
Тэмы конкурсу:
1. “Асоба ў прасторы і часе”;
2. “Аўтар. Герой. Чытач”;
3. “Мая ідэнтычнасць”;
4. “Пераадоленне абмежаванняў”;
5. “Суіснаванне і супрацьстаянне”.
У межах гэтых агульных тэм могуць быць раскрытыя любыя больш вузкія і канкрэтныя. Назва твора можа быць любая.
Журы конкурсу:
Сяргей Дубавец, Алесь Пашкевіч, Аляксандр Фядута, Ірына Шаўлякова, Вольга Шпарага.
Тэксты на конкурс можна дасылаць файламі ў фармаце .doc да 1 жніўня 2014 году на адрас sbp@lit-bel.org, пазначыўшы тэмай ліста “Конкурс”. У лісце мусіць быць наступная інфармацыя: імя, прозвішча, дата нараджэння ўдзельніка, кантактны нумар тэлефона і e-mail.
Прызы
Пяць пераможцаў конкурсу атрымаюць найлепшыя рыдэры ў лінейцы кампаніі “Prestigio”— MultiReader Supreme 5664, а іх творы будуць змешчаныя ў электронных бібліятэках ebooks.prestigioplaza.com і e-kniga.by.
Аднаго з удзельнікаў чакае спецыяльны прыз ад газеты “Наша Ніва”. Асобныя тэксты будуць апублікаваны ў “Нашай Ніве”, “Літаратурнай Беларусі”, “Дзеяслове”.
***
Падрабязней пра літаратурны кірунак нон-фікшн чытайце ў артыкуле Ганны Янкуты “Гэты захапляльны non-fiction”.