Перакладчыкі Антон Францішак Брыль і Ганна Янкута паспрабавалі ўявіць, як выглядалі б творы паэтаў Ўільяма Батлера Ейтса і Алфрэда Тэнісана і легенда пра караля Артура, калі б іх аўтары нарадзіліся не на Брытанскіх астравах, а ў Беларусі.
А таксама як выглядалі б творы Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і Канстанціна Вераніцына, калі б яны былі грамадзянамі Брытанскай імперыі.
Ўільям Батлер Багушэвіч
Сіды
Не люблю я сідаў, па-ангельску — феяў:
Няма мне спакою, што б я дзе ні дзеяў.
То яны ў гародзе, то яны ў чароце,
А ўжо там, дзе сіды, быць якой гароце.
Часам бачу — скачуць гуртам з Нок-на-рэю,
Дык пасля два тыдні жыватом хварэю.
А калі пачую, як дудзяць у дудкі, —
Хаджу цэлы месяц кволы ды нягнуткі.
Пан у месце кажа: “Мне б убачыць фею!
Іх, маўляў, шукаю, ды знайсці не ўмею”.
А ў нас гэтых феяў — як у хлеве гразі.
Пэўна ж яны немцы. Гэта ў лепшым разе.
беларускай мовай пераспяваў Антон Францішак Брыль
Вінцэнт Тэнісан-Марцінкевіч
Едуны канюшыны
“Гэй, наперад!” — і праз хвалі
Мы да берагу прыйшлі,
Там зямліцу цалавалі
І ратунак прынялі.
Месячык гарэў прыветна,
Вялікі ручай бруіў,
І паволі, непрыкметна
Цёплы вечар наступіў.
Дрэва-пальма шалахцела,
Пакрысе шумеў чарот,
Раптам — вось якое дзела:
Бляды нас спаткаў народ.
Вынес з лесу канюшыну,
Ды такую, што аёй!
Той, хто з’есць яе сцябліну,
Слаб стаецца галавой.
Забывае дом свой мілы,
Жонку, дзетак, нібы п’ян,
І да іх не мае сілы
Плысці цераз акіян.
І сядзіць тады маркотна,
То заплача, то ўздыхне,
Думкі коцяцца журботна,
Долю чорную кляне.
пералажыла на нашу мову Ганна Янкута
Алфрэд, першы барон невядома які
Тарас у Камелоце
Ці знаў хто з вас, браткі, Артура,
Які прыдбаў вялікі стол?
Ён хату меў у кшталце мура,
Ў ёй стол і шляхты шмат наўкол.
Дзе стол і шляхта — там размова.
Устаў адважны сэр Тарас,
Надзьмуўся, як індык, сурова
І вось такі павёў расказ:
"На самаго Кузьму-Дзям'яна
Пайшоў я цмокаў біць у лес,
Каб імені каханай панны
Была па свеце слава спрэс.
Святых паклікаў на ўспамогу —
І ў гушчары як найраней.
Гляджу — лоп-лоп — цераз дарогу
Ляціць агністы страшны змей!
Я цяў мячом — а меч не джаліць!
Кінжалам — не бярэць і ён.
Гляджу — аж вось з-за елі валіць
Як ёсць хароміна грыфон!
(Тут рукапіс абрываецца)
вольным вершам пераказаў Антон Францішак Брыль