Сёлета 16 чэрвеня ў Мінску пройдзе першы Блумсдэй у Беларусі. Больш за дваццаць празаікаў, паэтаў, мастакоў, музыкаў, актораў і рэжысёраў, аб'яднаныя вольным духам Джойса, збяруцца ў кнігарні "логвінаЎ" на вечар Леапольда Блума.
"Існуюць людзі, якія адзначаюць тое, што яны называюць Блумавым днём" (з лістоў Джойса, 1924).
16 чэрвеня 1904 у Дубліне адбылося першае спатканне Джэймса Джойса і Норы Барнакл. Менавіта гэты дзень Джойс абраў часам дзеяння свайго вялікага рамана "Уліс". Раніцай 16 чэрвеня 1904 адзін з галоўных герояў "Уліса" Леапольд Блум выходзіць з дому, каб пачаць сваю Адысею...
Кожны год 16 чэрвеня прыхільнікі Джойса, творчыя людзі і проста аматары літаратуры ва ўсім свеце адзначаюць Блумсдэй: чытаюць тэксты, малююць, спяваюць, ладзяць экскурсіі, танцуюць і, вядома, п'юць і балююць, як гэта любіў і ўмеў рабіць Джэймс Джойс.
У малых і вялікіх кнігарнях выступаюць найлепшыя аўтары. У самой Ірландыі з 1982 Блумсдэй адзначаецца афіцыйна.
Пачатак беларускага Блумсдэя — 19.00.
Адрас кнігарні "логвінаЎ": Незалежнасці, 37А.
Уваход вольны!