Saint Arbor, мэблевая кампанія з Каліфорніі, вырашыла даць другое жыццё дому амерыканскага пісьменніка-фантаста Рэя Брэдберы, які ў студзені дэмантавалі. З фрагментаў будынка была вырабленая 451 падстаўка для кніг; такім чынам мэблевыя майстры зрабілі адсылку да антыўтопіі “451 градус паводле Фарэнгейта”, аднаго з самых вядомых твораў пісьменніка.
Падстаўкі для кніг можна набыць у ЗША за 88,5 даляраў. Частка сродкаў ад продажу будзе накіраваная Цэнтру вывучэння творчасці Рэя Брэдберы ў штаце Індыяна.
У доме ў Лос-Анджэлесе Брэдберы пражыў больш за 50 гадоў. Пасля смерці пісьменніка будынак набыў вядомы архітэктар Том Мэйн. Ён плануе ўсё знесці, а на гэтым месцы пабудаваць новы дом з басейнам і разбіць сад. Архітэктар вырашыў акуратна разабраць дом Брэдберы па цаглінах, каб пасля іх перапрацаваць для другаснага выкарыстання.