Спецыяльны камітэт Шведскай акадэміі назаве імя новага нобелеўскага лаўрэата ў галіне літаратуры 8 кастрычніка ў 14.00 па мінскім часе.
Сябраў камітэта выбіраюць з ліку выкладчыкаў і спецыялістаў Шведскай акадэміі. Сёлета гэты судзейскі орган узначальвае Пэр Вэстберг, акрамя яго ў склад камітэта ўвайшлі пісьменнікі Шэл Эспмарк, Катарына Фростэнсан, Крысціна Лун, Хорас Эндал, а таксама Сара Даніюс, якая і назаве імя новага ўладальніка Нобелеўскай прэміі па літаратуры.
Найбуйнейшыя еўрапейскія букмекерскія канторы, у прыватнасці брытанская Ladbrokes, шведска-брытанская Unibet, шведска-фінская Paf і шведская Betsson, уключылі беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч у спіс найбольш імаверных уладальнікаў Нобелеўскай прэміі па літаратуры ў гэтым годзе.
Алексіевіч утрымлівае першую пазіцыю па версіі букмекераў, з невялікім адрывам за ёй ідуць японец Харукі Муракамі, кеніец Нгугі Ва Тхіёнга, амерыканцы Джойс Кэрал Оўтс і Філіп Рот.
Застаецца невядомым, хто намінаваў Алексіевіч на атрыманне прэміі ў гэтым годзе і ці намінаваў яе хто-небудзь наогул. Характэрна, што трое фаварытаў у рэйтынгу букмекерскіх кантораў утрымліваюць свае пазіцыі ўжо некалькі гадоў запар, аднак, напрыклад, у 2014 годзе Нобелеўскую прэмію атрымаў француз Патрык Мадыяно.
Букмекеры ўключаюць Святлану Алексіевіч у спіс імаверных лаўрэатаў прэміі ўжо трэці год запар. За цыкл сваіх твораў, сярод якіх “У вайны не жаночае аблічча”, “Цынкавыя хлопчыкі”, “Зачараваныя смерцю”, “Апошнія сведкі” і “Чарнобыльская малітва”, яна была ўнесеная ў спіс намінантаў на Нобелеўскую прэмію па літаратуры і раней.
У мінулым годзе Алексіевіч з поспехам выпусціла заключную кнігу цыклу “Галасы Утопіі” пад назвай “Час сэканд-хэнд” і цяпер працуе над новай кнігай “пра простае чалавечае каханне”.
Варта адзначыць, што ў сярэдзіне сакавіка гэтага года Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНІМ) у ЗША сумесна з нью-ёркскім выдавецтвам Juliette намінаваў на спашуканне Нобелеўскай прэміі па літаратуры паэта Уладзіміра Някляева “за адданае служэнне свайму народу ў імя свабоды”.
У гэтым годзе ў адрас экспертнай камісіі паступіла 259 прапановаў з імёнамі 198 намінантаў. Сярод іх 36 чалавек, якія намінуюцца ўпершыню.