Лаўрэаты прэміі "ПрайдзіСвета" за 2013 год: Андрэй Хадановіч, Вераніка Бяльковіч і Альгерд Бахарэвіч
23 снежня 2014
У трох намінацыях лаўрэатамі былі названыя Андрэй Хадановіч (паэзія), Вераніка Бяльковіч (проза) і Альгерд Бахарэвіч (публікацыя ў “ПрайдзіСвеце”). Пераможцы атрымалі лямцавыя статуэткі аўтарства Веранікі Фаміной і дыпломы.
Акрамя пераможцаў свае пераклады прачыталі Ірына Герасімовіч і Марыя Мартысевіч.
Цалкам спіс прэтэндэнтаў на прэмію выглядаў наступным чынам:
Проза
Альгерд Бахарэвіч: браты Грымы “Казкі”
Вераніка Бяльковіч: Ірэна Доўскава “Моцны Жбуць”
Марыя Мартысевіч: Багуміл Грабал “Я абслугоўваў ангельскага караля”
Сяргей Сматрычэнка: Міхал Вівэг “Цудоўныя гады сабаку пад хвост”
Максім Шчур: Эган Бонды “Запрашэнне на вячэру”
Паэзія
Ірына Герасімовіч: Ільма Ракуза “Перакрэсліць усё”
Андрэй Гуцаў, Алесь Разанаў: Улдыс Бэрзыньш “Салаўі крычаць па-латышску…”
Марыя Мартысевіч: Аляксандр Фрэдра “Дзявочыя зарокі, або Магнетызм сэрца”
Андрэй Хадановіч: зборнік перакладаў “Разам з пылам”, Аляксандр Фрэдра “Помста”, Рышард Крыніцкі “Дакрануцца”, пераклады з кнігі Віславы Шымборскай “Канец і пачатак”
Публікацыя ў “ПрайдзіСвеце”
Альгерд Бахарэвіч: Вільгельм Гаўф “Гісторыя пра карабель прывідаў”, Ян Вагнер “верабей гюрыке”
Аляксей Знаткевіч: Кен Кізі “Палёт над гняздом зязюлі”, Роберт Энтан Ўілсан “Трынаццаць хораў для боскага маркіза”
Падчас “Каляднай вечарынкі” Ганна Янкута і Кацярына Маціеўская таксама прэзентавалі кніжную серыю “PostScriptum”. Ганна Янкута зачытала ўрывак з “Каляднага харалу” Чарлза Дыкенска, надрукаванага ў апошнім зборніку серыі “Падарунак на Каляды”.
Уладзь Лянкевіч і Юля Цімафеева расказалі пра апошні, 14-ы нумар выдання, “Лабірынты іншасвету” і зачыталі свае пераклады з яго.
Вядоўцам імпрэзы выступіў Альгерд Бахарэвіч.