Язэп Драздовіч вядомы перадусім як мастак. Значна менш засвоеная ягоная літаратурная спадчына. Многія яго тэксты дагэтуль не публікаваліся і вядомыя хіба спецыялістам. Гэта датычыць, напрыклад, некаторых рукапісаў Драздовіча, якія захоўваюцца ў Вільні, у бібліятэцы Акадэміі навук Літвы (у зборах Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча).
Сярод іх вылучаюцца сшыткі і нават адмыслова аформленыя Драздовічам самаробныя кніжкі (сёння такія рэчы зазвычай называюць арт-кнігамі) з апісаннямі яго “начных візіяў” — “самнамбулістычных” (як ён сам іх акрэсліваў) падарожжаў у космас. Гэта абсалютна надзвычайныя, ні да чога не падобныя тэксты — дэталёвая дакументацыя ўсяго ўбачанага на Марсе, Сатурне, Месяцы, з асобнымі замалёўкамі, калажамі, а таксама мапамі, на якіх пазначаныя іншапланетныя краіны, гарады.
Беспрэцэдэнтнасці гэтым матэрыялам дадае тое, што Драздовіч лічыў свае “візіі” цалкам рэальнымі, мяркуючы, што мае дар яснабачання. Ён выключна скрупулёзна фіксаваў у сваіх нататках геаграфічныя адметнасці планет, якія “наведваў”, асаблівасці іх флоры, фаўны. Шмат увагі надаваў і тамтэйшым насельнікам — больш ці менш чалавекападобным істотам, іх выгляду, адзенню, заняткам і побыту, узведзеным імі асобным будынкам і цэлым гарадам (у гэтых рукапісах процьма падрабязных апісанняў архітэктуры, інтэр’ераў іншапланетнага жытла) і інш.
Сёння з’явілася магчымасць пазнаёміць з гэтымі ўнікальнымі матэрыяламі беларускага чытача ў межах праекта “Марсіянскія хронікі Язэпа Драздовіча”. Фундатар праекта — Павел Бераговіч, вядомы бізнэсовец і мецэнат, які актыўна падтрымлівае разнастайныя культурныя ініцыятывы ў Беларусі.
У перспектыве плануецца правядзенне выставы жывапісных і графічных працаў Драздовіча, у якіх адлюстраванае многае з таго, пра што ён паведамляе ў рукапісных “справаздачах” са сваіх “касмічных вандровак”.
Першыя падрыхтаваныя ў межах праекта матэрыялы — урыўкі з рукапісаў “Жыццё на Марсе”, “Жыццё на планеце Сатурне” і “У чорным лабірынце (у цяснінах цырка Платона)” — размешчаныя на сайце drazdovich.by. Гэта спецыяльны інтэрнэт-рэсурс, прысвечаны жыццю і творчасці Язэпа Драздовіча. Неўзабаве на сайце з’явяцца і новыя ўрыўкі з рукапісаў Драздовіча. Рыхтуюцца таксама публікацыі ў іншых выданнях.