№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Памёр Ніл Гілевіч

30 сакавіка 2016

Памёр Ніл Гілевіч

У Мінску на 85-м годзе жыцця памёр Ніл Гілевіч, народны паэт Беларусі, перакладчык, аўтар дзясяткаў кніг паэзіі, літаратуразнаўчых і фалькларыстычных прац.

Ён будзе пахаваны на Кальварыйскіх могілках. Развітанне з Нілам Гілевічам адбудзецца ў пятніцу, 1 красавіка, у Свята-Петра-Паўлаўскім саборы г. Мінска (вул. Ракаўская, 4, ст. м. Няміга), з 11.00 да 13.00. А 13-й гадзіне пачнецца памінальная паніхіда.

Ніл Гілевіч нарадзіўся 30.09.1931 г. у вёсцы Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці. У 1956 г. скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, пасля аспірантуру пры ім. З 1960 па 1986 гады — супрацоўнік кафедры беларускай літаратуры гэтага ўніверсітэта. З 1958 да 1963 гады працаваў таксама літкансультантам газеты «Звязда». З чэрвеня 1990 года — старшыня пастаяннай Камісіі Вярхоўнага Савета БССР па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны. Дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (1985-1990). У 1990 годзе выбраны народным дэпутатам БССР. Сябра Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР. Кандыдат філалагічных навук. Прафесар, заслужаны дзеяч навукі БССР (1980).

Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, медалём Францыска Скарыны і інш., балгарскім ордэнам Кірыла і Мяфодзія I ступені, ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай.

Упершыню ў друку з вершамі выступіў у 1946 годзе. Укладальнік і навуковы рэдактар фальклорных зборнікаў «Песні сямі вёсак» (1973), «Песні народных свят і абрадаў» (1974), «Лірычныя песні» (1976), «Лірыка беларускага вяселля» (1979), «Народныя казкі, байкі, апавяданні і мудраслоўі» (1983).

Працаваў у галіне перакладу. У яго перакладзе з балгарскай выйшлі аповесць П. Вежынава «Сляды застаюцца» (1960), раман С. Даскалова «Свая зямля» (1961) і яго ж зборнік апавяданняў «Любча-безбілетнік» (1959), зборнік «Балгарскія народныя песні» (1961), анталогія сучаснай паэзіі «Ад стром балканскіх» (1965), кніга вершаў для дзяцей «Чарадзейны ліхтарык» (1968), анталогія класічнай паэзіі «Хай зорыць дзень!» (з А. Разанавым, 1973), анталогія аднаго верша «Сто гадоў. Сто паэтаў. Сто песень». (1978), кніга лірыкі Н. Вапцарава «Песня пра чалавека» (1982), Хр. Радзеўскага «Цвіціце, зёлкі, травы, дрэвы» (1985), Г. Джагарава «Зямля — як чалавечая далонь» (1984), Л. Леўчава «Мелодыя для флейты» (1990). Пераклаў многія творы Х. Боцева, І. Вазава, П. Яварава, Н. Вылчава, А. Германава, I. Давыдкава, Д. Методзіева, А. Стаянава і інш. У 1978 г. выйшлі выбраныя старонкі славенскай паэзіі XIX-XX ст. «Маці мая, Славенія». У 1970 г. — казкі народаў Югаславіі «Ці страшны страх», у 1980 — зборнік югаслаўскай паэзіі «Па камянях, як па зорах», у 1985 — кніга лірыкі О. Жупанчыча «У вечным дазоры». Перакладаў таксама з расейскай, украінскай, польскай, сербахарвацкай, лужыцкай і іншых моў.

Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1980) за кнігу паэзіі «У добрай згодзе» і перакладчыцкую дзейнасць і Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986) за паэзію і публіцыстыку.

Часопіс “ПрайдзіСвет” шчыра спачувае родным і сябрам Ніла Гілевіча.

паводле lit-bel.org

Чытайце таксама

977