27 лютага ў бібліятэцы Інстытута імя Гётэ ў Мінску прайшла творчая сустрэча з нямецкай пісьменніцай і журналісткай Таняй Дзюкерс.
Імпрэза пачалася з літаратурных чытанняў, падчас якіх аўтарка прэзентавала ўрыўкі са свайго рамана “Нябесныя целы”, а перакладчыкі Альгерд Бахарэвіч і Вера Дзядок зачыталі іх беларускамоўныя версіі.
Таня Дзюкерс і Альгерд Бахарэвіч
Таня Дзюкерс і Вера Дзядок
Раман “Нябесныя целы” расказвае гісторыю некалькіх пакаленняў адной нямецкай сям’і. Галоўная гераіня рамана — маладая жанчына па імені Фрэя, ад асобы якой і вядзецца аповед, — хоча разгадаць шматлікія таямніцы сваёй сям’і: пра дзеда, які служыў на баку нацысцкай Германіі і падчас вайны страціў нагу, пра дзядзьку, які з незразумелых ёй прычынаў скончыў жыццё самагубствам.
Раман у многім аўтабіяграфічны, аднак далёка не цалкам: аўтарка ў ім хутчэй паспрабавала стварыць калектыўную асобу і аднавіць калектыўную памяць.
Падчас дыскусіі пасля чытання твора Таня расказала, што ў яе рамане закранаецца праблема адносінаў паміж людзьмі, датычнымі да масавых забойстваў у фашыстоўскія часы ў Германіі, і іх нашчадкамі. Паводле пісьменніцы, дзеці гэтых людзей стараліся не пытацца пра мінулае ў сваіх бацькоў, а тыя, у сваю чаргу, не хацелі пра гэта расказваць. З унукамі ж (а менавіта ўнучка былога нацысцкага вайскоўца фігуруе ў рамане) дзяды і бабулі больш шчырыя, чым з дзецьмі. Бо, як сказала аўтарка, унукі хочуць проста ведаць, а не асуджаць. Ды і стаўленне да старэйшага пакалення, якое ўжо вось-вось сыдзе, таксама змянілася. Дзякуючы ўнукам “пакалення злачынцаў” завязваецца дыялог, які адкрывае для шырокай грамадскасці гісторыі ўдзельнікаў той вайны.
У адной з прэзентаваных частак рамана галоўная гераіня ўспамінае свае і братавы дзіцячыя размовы з дзядулем пра вайну. Малыя не разумеюць, што такое “вайна”: гэта месца ці падзея — і высоўваюць сваю тэорыю, як дзядуля страціў нагу. “Можа, ягоную нагу адкусіў змей?” — здагадваюцца блізняты. Аднак, зазначае Таня Дзюкерс, у школах Германіі шмат гавораць пра вайну, можа, нават у гады яе дзяцінства размоваў на гэтую тэму было зашмат. І цяпер у Германіі вядуцца дыскусіі, якім чынам прадстаўляць гэтую гістарычную падзею. Паводле аўтаркі, грамадскасць схіляецца да таго, каб менш падаваць лічбаў і фактаў і больш гаварыць пра чалавечы досвед, праводзіць сустрэчы са сведкамі тых падзеяў.
Раман, які выйшаў у 2003 годзе, быў успрыняты з цікавасцю. Натуральна, Таня Дзюкерс была не першай, хто звярнуўся да падзеяў у Германіі часоў Трэцяга Рэйху. Аднак адметнасць рамана “Нябесныя целы” ў тым, што ў кнізе вядзецца пра досвед яе сучаснікаў, якія раслі з гэтым ценем мінуўшчыны, і пра пераасэнсаванне імі тых падзеяў.
Тэкст і фота — Юля Цімафеева для prajdzisvet.org