У выдавецтве “Янушкевіч” выйшла трэцяя кніга з серыі пра Шэрлака Холмса. У ёй пад адной вокладкай змешчаныя дзве аповесці Артура Конана Дойла — “Эцюд у пунсовым” і твор, які даў кнізе назву — “Знак чатырох”. Першую аповесць на беларускую мову пераклала Кацярына Маціеўская, другую — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна з інтэрнэт-часопісам “ПрайдзіСвет” і з’яўляецца 13-м выданнем з серыі гэтага часопіса “PostScriptum”.
Аповесці “Эцюд у пунсовым” (1887) і “Знак чатырох” (1890) — першыя творы пра дэтэктыва Шэрлака Холмса і яго памочніка доктара Ўотсана, у якіх можна прачытаць не толькі пра экзатычныя злачынствы, але і пра абставіны знаёмства герояў у 1881 годзе, іх звычкі і сумесны побыт на Бэйкер-стрыт 221б, а таксама пра тое, што прымусіла сяброў у 1887 годзе раз’ехацца. Дзеянне ў першым творы часткова адбываецца ў мармонскай супольнасці ў штаце Юта, у другім — у Індыі і на Андаманскіх астравах. Аматарам савецкага серыяла пра Шэрлака Холмса з Васілём Ліванавым у галоўнай ролі аповесць “Знак чатырох” больш вядомая пад назвай “Скарбы Агры”. Дзве гэтыя аповесці адкрываюць цыкл гісторый пра Шэрлака Холмса і ўводзяць чытача ў прыдуманы Дойлам свет крымінальных загадак віктарыянскага Лондана. Абодва творы выходзяць па-беларуску ўпершыню.
У афармленні вокладкі “Знаку чатырох”, распрацаванай мастачкай Марыяй Мухінай, выкарыстаны фотаздымак 1902 года, на якім выяўлены генерал-губернатар Індыі Джордж Керзан з жонкай Мэры верхам на слане. Набыць кнігу можна тут: https://januskevic.by/catalog/mast_lit/3666/, а таксама ў шэрагу іншых кнігарняў.
Раней па-беларуску выходзілі два зборнікі апавяданняў з цыкла пра Шэрлака Холмса: “Прыгоды Шэрлака Холмса” (2014) і “Нататкі пра Шэрлака Холмса” (2015). Першы зборнік улучае такія вядомыя гісторыі, як “Скандал у Багеміі”, “Стракатая стужка”, “Блакітны карбункул” і інш., другі ж завяршаецца апавяданнем “Апошняя справа Холмса”, у якім знакаміты дэтэктыў сутыкаецца з геніем злачыннага свету, прафесарам Марыярці, і ўступае з ім у бой ля Райхенбахскага вадаспаду.