Як адзначае адказны за выпуск зборніка Вольф Рубінчык, пяру Рэлеса належаць шматлікія нарысы, апавяданні, аповесці, п’есы, жартаўлівыя і лірычныя мініяцюры, але сам ён сябе ўважаў перадусім за паэта. Вось чаму да яго юбілею і быў падрыхтаваны менавіта зборнік вершаў на дзвюх мовах, прычым у арыгіналах выкарыстана познесавецкая граматыка ідышу — роднай мовы аўтара, якою ён нязменна карыстаўся і выкладаў на адпаведных курсах пры Мінскім аб’яднанні габрэйскай культуры імя Ізі Харыка. Спадар Вольф выказаў падзяку ўсім, хто спрычыніўся да выдання кніжкі, у тым ліку яе фундатарам прафесару Алесю Бельскаму, Ісаку Рабіновічу, Святлане Рубінчык (усе з Мінска) і Сусветнай асацыяцыі беларускіх габрэяў (ЗША), а таксама ўкладальніку Феліксу Хаймовічу, мастачцы Алене Сарока і мастацкаму рэдактару Алесю Астравуху.
У сваім нарысе “Іскра ў попеле” Рыгор Барадулін называе Рэлеса “рупным ахавальнікам агменю габрэйскага”, а ягоную паэзію — “іскрай у попеле”, якая “не дае прысаку роднае мовы астыць”.
Народны паэт Беларусі ўзгадвае: “Драўляны дом па вуліцы Энгельса. Халодная падлога, бо зямля блізка. На вакне ляжаць спелыя, сакавітыя, як лаянка балаголаў, ігрушы. П’ём нейкае саматужнае віно. Не слабое й не моцнае. Хаім Мальцінскі, якому радзіма аддзячыла ссылкай за тое, што дайшоў да Берліна, страціў нагу, ды я, востракадыкі і стогачупрынны малады паэт, у высокага, танклявага, спакойнага настаўніка школы рабочае моладзі й габрэйскага паэта. Мне гаспадар дае самую большую ігрушыну. Мне ў выдавецтве даверылі перакласці кнігу вершаў Рыгора Рэлеса. З гэтае кнігі, якая выйшла й называлася “Бяроза пад акном”, пачыналася мая перакладчыцкая праца, праца, якую аднойчы Васіль Быкаў назваў дужа смалістай.
Вершы й разважлівыя, роздумныя, й па-габрэйску хітравата-мудрыя, паэмы з незабытым местачковым каларытам. Перакладаць было й цяжка, бо першы раз цалкам кніжку рабіў, і ўсцешна, бо пазнаваў і сваё мястэчка. Вушача й Чашнікі — радзіма Рыгора Львовіча Рэлеса — геаграфічна й душэўна блізкія.
Быў у рукапісе верш “Іскра ў попеле”, ён тагачаснай рэдактуры на чале з загадчыкам, якога мастак Юзаф Пучынскі называў варшаўскім афіцыянтам, здаўся крамольным. Відаць, адчулі, што гэта была не марксісцкая іскра ды яшчэ ў попеле. Знялі, каб не азмрочваць ясныя й пільныя вочы цэнзуры, якая цнатліва, быццам тая прасталытка, называлася Галоўлітам. Пра аплату й казаць не варта. І аўтару й перакладчыку заплацілі па стаўках меншых, чымся плоцяць машыністкам за перадрук. Яшчэ ва ўмовах канспірацыі па-бальшавіцку насіў аўтар сувеніры ў шкляной упакоўцы памянёнаму загадчыку рэдакцыі. Але кніга выйшла й разышлася. Не залежалася. Хоць, як цяпер разумею, рабіў я з сырадою парашковае малако. Потым перакладаў падборкі вершаў Рыгора Рэлеса й паэмы. Што называецца, ужыўся ў паэтычны свет (…).
Рыгор Рэлес з’ездзіў усю Беларусь, запісваў, збіраў рэшткі мудрасці свайго народа. Пісаў пра габрэяў, якія ацалелі ад навалы. Дый сам паэт цудам ацалеў ад перадваеннага й пасляваеннага хапуна. Можа, таму, што прымаў, як габрэі кажуць, лыжку нематы. І яшчэ ратаваў Рыгора Рэлеса гумар. Відаць, і ў пекле жыве гумар. Забылася чорнае, страшнае, засталося ў памяці вясёлае. Смех праз слёзы, ці што. Помняцца Чашнікі, помняцца землякі, якія таксама ратаваліся гумарам”.
Трэба адзначыць, што кніжка — пятае з выданняў суполкі “Шах-плюс”, прысвечаных творчасці беларускіх габрэйскіх паэтаў.