Два тоўстыя тамы змясцілі ў сабе больш за тысячу старонак “Падручнага гістарычнага слоўніка субстантыўнай лексікі”. Навукоўцы з беларускай Акадэміі навук на чале з вядомым даследчыкам лексікі старабеларускай мовы прафесарам Аляксандрам Булыкам яшчэ раз звярнулі ўвагу тых, хто хоча (і тых, хто не хоча) пераканацца, што пісьмовая мова нашых продкаў — гэта ўнікальны скарб усёй нашай культуры.
Дзеля параўнання: калі ў вядомым чатырохтомным “Словаре Александра Пушкина” ўсяго змешчана і патлумачана крыху больш за 21 тысячу загалоўных рускіх словаў — назоўнікаў, дзеясловаў, прыметнікаў, прыслоўяў і ўсіх астатніх часцін мовы, то ў слоўніку старабеларускай мовы, які тут рэцэнзуецца, растлумачана і перакладзена на сучасную мову больш за 25 тысяч адных толькі назоўнікаў!
Прытым што “Падручны слоўнік” ахоплівае толькі лексіку, зафіксаваную ў пісьмовых дакументах да сярэдзіны XVIII стагоддзя, а Пушкін, як вядома, жыў і пісаў значна пазней, у першай палове стагоддзя дзевятнаццатага. Згадайма тут і пра той факт, што войны, пажары, якія ў незлічонай колькасці цягам стагоддзяў пракатваліся па беларускай зямлі, а таксама праца расійскіх імператарскіх і сталінскіх цэнзараў, відаць, назаўсёды пазбавілі нас магчымасці прачытаць мноства гістарычных і літаратурных помнікаў, якія дакладна існавалі, але да нас не дайшлі, — да прыкладу, Полацкі летапіс або кніга Сымона Буднага “Пра апраўданне грэшнага чалавека перад Богам”.
“Падручны гістарычны слоўнік субстантыўнай лексікі” мае сваю гісторыю. Яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук (а тады дзяржава знаходзіла сродкі, каб утрымліваць такі інстытут як самастойную арганізацыю) пачалося стварэнне картатэкі гістарычнага слоўніка беларускай мовы, у чым асабліва вялікую заслугу мелі такія беларускія мовазнаўцы, як Аркадзь Жураўскі, Іван Крамко, Уладзімір Анічэнка, Алена Юрэвіч, згаданы ўжо вышэй Аляксандр Булыка і іншыя.
Асноўнымі крыніцамі складання вышэйзгаданай картатэкі паслужылі граматы і дыпламатычныя дакументы Полацкага княства, беларуска-літоўскія летапісы, граматы і прывілеі князёў Вялікага Княства Літоўскага, праўныя акты Вільні і гарадоў сучаснай Беларусі, шматлікія тамы рукапіснай Метрыкі і ўсе тры Статуты ВКЛ, старабеларускія лексіконы, помнікі нашай даўняй мастацкай літаратуры і публіцыстыкі.
У 1982 годзе распачалося выданне «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Памятаю, калі я тады набыў у кнігарні яго першы том, дык пачаў падлічваць: калі ў першым томе былі змешчаныя загалоўныя словы на літару А і на палову літары Б, дык колькі гадоў спатрэбіцца на тое, каб дайсці да канца літары Я? Вынікі падлікаў былі не вельмі суцяшальныя. Падумалася, што, калі нават штогод будуць выходзіць па два тамы, дык выданне будзе завершанае не раней як у 2002 годзе, а тады гэта здавалася вельмі аддаленай перспектывай. Ну, ды я быў занадта вялікім аптымістам. Сёння на дварэ ўжо 2014 год, а выдадзены слоўнік «не дабраўся» яшчэ і да літары У.
Зразумела, у цяперашняга беларускага бюджэту іншыя прыярытэты фінансавання: вунь колькі ёсць сілавых структураў, хакейных каманд і палацаў, «славянскіх базараў», «дажынак», «конкурсаў прыгажосці» і да т.п. І вось у гэтай сітуацыі лінгвісты з Акадэміі навук, як мне здаецца, папросту вырашылі не чакаць ад дзяржавы манны нябеснае.
У слоўнай скарбонцы помнікаў нашага старадаўняга пісьменства, безумоўна, найбольшую цікавасць уяўляюць назоўнікі («субстантыўная лексіка»), бо менавіта сярод іх зафіксавана найбольш цікавых словаў і словаформаў, якія проста нельга надалей захоўваць адно ў выглядзе картатэкі!
І вось цяпер ужо выдадзеным “Падручным гістарычным слоўнікам субстантыўнай лексікі” могуць карыстацца і гісторыкі, і літаратары, і проста тыя, хто цікавіцца моўнымі скарбамі нашых продкаў.
Аўтары гэтага слоўніка мусілі прарабіць велізарную працу, зважаючы на тое, што, па-першае, шмат якія старабеларускія словы зафіксаваныя ў розных правапісных і структурна-марфемных варыянтах (іх колькасць часам даходзіць да дзясятка), а па-другое, далёка не заўсёды было лёгка ўстанавіць значэнне таго або іншага назоўніка. У цэлым беларускія мовазнаўцы з гэтымі задачамі справіліся, з чым іх можна павіншаваць.
Вядома, што спецыялісты маглі б знайсці ў слоўніку пэўныя пропускі: напрыклад, адсутнасць такіх слоў, як «агня» (ягня), «адаръ» (сакавік па габрэйскім календары), «алефвіфъ» (азбука), «звездъ» (сход духоўных асоб), «злутьца» (пасярэднік), «зычэнье» (надаванне чаго-н.), «иваръ» (коўдра), «кгкелихъ» (келіх), «кгностикъ» (гностык), «кецъ» (пакрывала), «кидаринъ» (галаўны ўбор святара ў старадаўніх габрэяў), «природокъ» (у значэнні «прыплод»), «проездъ» (у значэнні «віна»), «прокъ» (у значэнні «рэшта») і некаторых іншых.
Але ў працы такога аб’ёму папросту немагчыма ўзяць пад увагу ўсё. Пагатоў старабеларускія крыніцы далёка не ўсе вычарпаныя: у архівах, найперш замежных, ёсць яшчэ нямала помнікаў старабеларускай мовы, якія чакаюць сваіх публікатараў і даследчыкаў. А гэта значыць, што наступныя выданні слоўнікаў пісьмовай мовай нашых продкаў не прымусяць сябе доўга чакаць.