У выдавецтве “Кнігазбор” выйшаў зборнік дэтэктыўных апавяданняў Роберта ван Гуліка “Следства вядзе суддзя Дзі”. Перакладчыца — Ганна Янкута. Кніга падрыхтаваная сумесна Саюзам беларускіх пісьменнікаў і інтэрнэт-часопісам “ПрайдзіСвет” і з’яўляецца 15-м выданнем з серыі часопіса “PostScriptum”.
Роберт ван Гулік — нідэрландскі пісьменнік і ўсходазнаўца, найбольш вядомы дзякуючы цыклу твораў пра суддзю Дзі, які разам са сваімі памочнікамі Ма Чжунам, Цяа Таем, радцам Хунам і былым махляром Таа Ганем расследуе загадкавыя злачынствы ў падуладных яму акругах. Цыкл налічвае шэраг напісаных па-ангельску раманаў, а таксама зборнік “Следства вядзе суддзя Дзі” і асобныя апавяданні, напісаныя як па-ангельску, так і па-нідэрландску. Ствараючы гэты цыкл, Роберт ван Гулік выкарыстоўваў прыёмы, распрацаваныя кітайскай дэтэктыўнай літаратурай, у тым ліку паралельнае расследаванне некалькіх злачынстваў адначасова. У зборнік “Следства вядзе суддзя Дзі” ўваходзіць 8 апавяданняў, адно з якіх можна прачытаць на старонках часопіса “ПрайдзіСвет”.
Вокладку для кнігі намалявала мастачка Стася Сакалоўская. Неўзабаве кнігу можна будзе набыць у кнігарнях Мінска.
У серыі інтэрнэт-часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum” раней выходзілі тры кнігі пра Шэрлака Холмса Артура Конана Дойла, зборнік твораў Эдгара По “Маска Чырвонае Смерці”, “Саламея” Оскара Ўайлда, казкі Вільгельма Гаўфа, “Пітэр Пэн” Джэймса Мэцью Бары і інш.