№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Высветлілі дакладную дату расстрэлу Мікалая Гумілёва

28 кастрычніка 2014

Высветлілі дакладную дату расстрэлу Мікалая Гумілёва
Паэт Мікалай Гумілёў быў расстраляны ў ноч на 26 жніўня 1921 г. Пра гэта паведаміў кіраўнік цэнтра "Вернутыя імёны", рэдактар кнігі памяці "Ленінградскі мартыралог" Анатоль Разумаў.

"За 25 гадоў я прапрацаваў усе дакументы па расстрэлах з 1918 па 1941 год. Доўга шукаў гэтую інфармацыю, і вось знайшоў. Паводле адзнакаў у дакументах, 25 жніўня Мікалай Гумілёў быў выдадзены каменданту Пучкову, а 26 жніўня расстраляны ў ліку асуджаных па так званай "Таганцаўскай справе", — цытуе Разумава "Інтэрфакс".

Паводле словаў навукоўца, усталяваны факт дае больш поўнае ўяўленне пра лёс рускага паэта.

"Да гэтага часу гадавінай гібелі паэта лічылася альбо 24 жніўня, калі быў вынесены прысуд, альбо 25 жніўня, таму што звычайна прысуды прыводзіліся ў выкананне на наступны дзень. Цяпер жа ў нас ёсць дзве адзнакі на актах пра выдачу і расстрэл, якія даюць дакладную інфармацыю", — падкрэсліў Разумаў.

Па двух прадпісаннях было расстраляна 104 чалавекі, большасць складалі асуджаныя па "Таганцаўскай справе", дадаў ён.

Сярод 57 чалавек (асуджаных па "Таганцаўскай справе"), расстраляных у ноч на 26 жніўня, значыцца Мікалай Гумілёў. Лідар "змоўшчыкаў", прафесар Таганцаў, быў расстраляны 28 жніўня, удакладніў Разумаў.

"Ні ў адным з дакументаў таго часу не адзначаліся месцы расстрэлу і пахавання. З нейкіх прычынаў гэта было не прынята", — дадаў Разумаў.

Пецярбургскія гісторыкі плануюць прадставіць два акты аб расстрэле асуджаных па "Таганцаўскай справе" ў рамках мерапрыемстваў у Дзень памяці ахвяр палітычных рэпрэсій 30 кастрычніка.

Даведка: Мікалай Гумілёў — рускі паэт Срэбнага стагоддзя, стваральнік школы акмеізму, перакладчык, літаратурны крытык, падарожнік, герой Першай сусветнай вайны. Асноўныя тэмы лірыкі Гумілёва — каханне, мастацтва, смерць, таксама прысутнічаюць ваенныя і "геаграфічныя" вершы. Як адзначаюць крытыкі, у творчасці Гумілёва практычна адсутнічае палітычная тэматыка.

3 жніўня 1921 г. Гумілёў быў арыштаваны па падазрэнні ва ўдзеле ў змове "Петраградскай баявой арганізацыі В. Н. Таганцава". Некалькі дзён Міхаіл Лазінскі і Мікалай Оцуп спрабавалі выручыць сябра, але, нягледзячы на гэта, неўзабаве паэт быў расстраляны.

1 верасня 1921 г. была апублікаваная пастанова Петраградскай ГубЧК аб расстрэле ўдзельнікаў "Таганцаўскай змовы", выдадзеная 24 жніўня. Дата, месца расстрэлу і пахавання паэта да гэтага часу лічацца невядомымі.

Чытайце таксама

541