№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жыхары японскага горада пакрыўдзіліся на апавяданне Харукі Муракамі

7 лютага 2014

Жыхары японскага горада пакрыўдзіліся на апавяданне Харукі Муракамі

Гарадская рада японскага горада Накатомбецу ў губернатарстве Хакайда пакрыўдзілася на пісьменніка Харукі Муракамі за недакладнае выяўленне нораваў мясцовых жыхароў у яго апошнім апавяданні. Пра гэта паведамляе Agence France-Presse.

Абурэнне жыхароў Накатомбецу выклікала 24-старонкавае апавяданне “Кіруй маёй машынай — мужчыны без жанчынаў”, апублікаванае ў снежаньскім нумары папулярнага японскага часопіса Bungeishunju. Апавяданне складаецца з дыялогаў актрысы сярэдніх гадоў і яе 24-гадовага шафёра .

Дзеянне разгортваецца ў невялікім японскім горадзе Накатомбецу з насельніцтвам менш за дзве тысячы чалавек. У творы прысутнічае эпізод, у якім гераіня выкідвае цыгарэту з акна аўтамабіля. Яе шафёр пры гэтым думае: “Напэўна, у Накатомбецу ўсе так робяць”. Менавіта гэты радок і зрабіўся падставай для абурэння мясцовых жыхароў.

Як паведаміў інфармацыйнаму агенцтву прадстаўнік гарадскіх уладаў Шуічы Такаі, жыхары Накатомбецу збіраюцца патрабаваць тлумачэнняў у выдаўца часопіса, які апублікаваў апавяданне. Такаі адзначыў , што жыхары яго роднага горада вельмі старанна сочаць за чысцінёй на вуліцах. У пачатку вясны людзі добраахвотна збіраюцца, каб ачысціць прыдарожныя тэрыторыі ад смецця, таксама кожны год праводзяць работы па перадухіленні лясных пажараў, бо 90% тэрыторыі горада займае лес. “Мы не разумеем, чаму назва нашага горада павінная выкарыстоўвацца ў такім ключы”, — заявіў чыноўнік.

Прадстаўнікі выдавецкага дома Bungeishunju сказалі, што пакуль не атрымлівалі ад Накатомбецу ніякіх афіцыйных скаргаў, таму не гатовыя каментаваць сітуацыю. Ці высоўвалі жыхары горада прэтэнзіі да самога Харукі Муракамі, не паведамляецца.

Апошняй апублікаванай кнігай Харукі Муракамі быў раман “Бескаляровы Цукуру Тадзакі і яго гады вандровак”, які выйшаў у красавіку 2013 году, а ў снежні яна была прызнаная самай паспяховай кнігай у Японіі. Усяго 65-гадовы празаік напісаў 13 раманаў і выпусціў некалькі зборнікаў апавяданняў і эсэ. Яго творы перакладзеныя на 40 моваў і карыстаюцца папулярнасцю ва ўсім свеце.

Чытайце таксама

389