Звесткі пра тое, што Сміт мог стаць прататыпам Ўотсана, былі знойдзеныя шатландскімі астэапатамі ў выразцы са старой газеты, апублікаванай у 1938 годзе. У ёй быў ліст Катберта Сміта, сына доктара, які і раскрыў сувязь паміж яго бацькам і персанажам Дойла. Як пісаў Сміт-малодшы, яго бацька вучыўся разам з пісьменнікам у Эдынбургскім універсітэце ў Джозэфа Бэла. Бэл лічыцца прататыпам Шэрлака Холмса. Пасля заканчэння навучальнай установы ўсе трое падтрымлівалі сувязь. Сміт перапісваўся з Бэлам і Дойлам. Ён працягваў абменьвацца лістамі з пісьменнікам і пасля таго, як з’ехаў у ЗША. У прыватнасці, яны перапісваліся наконт забойства, у расследаванні якога ўдзельнічаў Сміт.
Як пісаў сын доктара ў сваім артыкуле, ён сам дзіцем бачыў Бэла і Дойла, калі бацька ўзяў яго з сабой на сустрэчу з імі. Сміт-малодшы таксама звярнуў увагу, што гэтае сяброўства працягвалася даволі доўга. На гэта, у прыватнасці, указвае ліст Дойла да Сміта-старэйшага 1907 году. Ён пачынаўся з фразы “Мой дарагі Біл”.
Шатландскі астэапат Цім Бэйкер, які знайшоў ліст Катберта Сміта, раскрыў і іншыя падрабязнасці біяграфіі магчымага прататыпа Ўотсана. Паводле яго словаў, Сміт быў адным з першых астэапатаў Шатландыі і практыкаваў у Дандзі ў 80-х гадах XIX стагоддзя. Затым ён з’ехаў у Амерыку, аднак там яго медыцынская кар’ера не склалася, таму ён быў вымушаны працаваць вандроўным гандляром медыцынскіх інструментаў. Пазней ён выкладаў у амерыканскай школе астэапатыі, а ў 1910 годзе вярнуўся ў Дандзі, дзе займаўся практыкай яшчэ два гады, пакуль не памёр ад пнеўманіі.
Ўільям Сміт — не першым доктар, якога лічаць прататыпам Ўотсана. Раней у ліку тых, кім мог натхняцца Дойл, называліся Джон Ўотсан, доктар з Саўці, які служыў у Маньчжурыі, і ваенны хірург Аляксандр Фрэнсіс-Прэстан.