№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Амбраз Бірс (Ambrose Bierce)

1842-1913

Амбраз Бірс
Амерыканскі пісьменнік і журналіст, выбітны публіцыст-сатырык свайго часу.
 
Нарадзіўся ў вясковым наваколлі акругі Мэйгс у штаце Агаё. У яго бацькі было 13 дзяцей, і ўсім ён даў імёны, што пачыналіся на літару “А”. У 1846 годзе сям’я пераязджае ў штат Індыяна. Пачатковай і сярэдняй адукацыі Амбраз Бірс не атрымаў, але гэта кампенсавалі яго прыродная цікаўнасць і любоў да чытання. Паміж Амбразам і яго бацькамі склаліся цяжкія адносіны, у прыватнасці, атэізм Бірса, яго востры сарказм і жорсткасць у стасунках з людзьмі былі вынікам нацягнутых адносінаў з бацькамі. У 15 гадоў Бірс пачаў падпрацоўваць у рэдакцыі абаліцыянісцкай газеты “Нозэн Індыен”, а пасля пайшоў у Ваенны інстытут Кентукі (па сутнасці, ваенная школа).
 
Браў удзел у Грамадзянскай вайне Поўначы і Поўдня, выконваў абавязкі тапографа і картографа. Быў цяжка паранены ў галаву, камісаваны, але пасля зноў вярнуўся на фронт.
 
У 1866 годзе Бірс прыехаў у Сан-Францыска і звольніўся з арміі. Пасля вайны змяніў некалькі прафесіяў, пакуль не знайшоў сябе ў журналістыцы і палітычнай карыкатуры.
 
У 1871 годзе пісьменнік ажаніўся з Мэры Элен Дэй, тады ж яго першае апавяданне было надрукаванае ў часопісе “Авэрлэнд Манслі”. У 1872 годзе ён разам з жонкай з’ехаў па заданні рэдакцыі ў Лондан. Там у іх нарадзілася трое дзяцей: двое сыноў і дачка. У той час у Вялікабрытаніі былі папулярныя амерыканскія пісьменнікі, там у Бірса выйшла тры зборнікі апавяданняў. У 1876 годзе сям’я вярнулася ў ЗША. Амбраз Бірс пачынае працаваць у газетах Сан-Францыска.
 
У 1889 годзе яго старэйшы сын заканчвае жыццё самагубствам праз няшчаснае каханне, а ў 1901 годзе другі сын памірае ад пнеўманіі, звязанай з алкагалізмам. У 1888 годзе Бірс разыходзіцца з жонкай, у 1904 годзе з ёй разводзіцца, а праз некалькі месяцаў яна памірае. Пісьменнік цяжка перажываў смерць былой жонкі.
 
У кастрычніку 1913 Бірс выправіўся на поўдзень ЗША, каб наведаць месцы сваіх былых бітваў. Да снежня ён праехаў Луізіяну і Тэхас, а затым накіраваўся ў Мексіку, дзе ў той час бушавала рэвалюцыя. У горадзе Сьюдад-Хуарэс ён далучыўся да арміі Панча Вільі ў якасці аглядальніка. 26 снежня 1913 году ён напісаў ліст свайму блізкаму сябру Бланш Партынгтан: “Што да мяне, то заўтра я з’язджаю адсюль у невядомым кірунку”. Больш пра яго нічога не вядома. Гэтае знікненне лічыцца адным з самых знакамітых і загадкавых у амерыканскай гісторыі.
 
Сучаснікі лічылі Амбраза Бірса майстрам стылю, а пісаў ён у розных жанрах. Яго апавяданні лічацца аднымі з найлепшых у амерыканскай літаратуры ХІХ ст. Пра страшныя рэчы са свайго ваеннага досведу Бірс пісаў рэалістычна. Сярод найбольш вядомых яго твораў — апавяданні “Здарэнне на мосце праз Савіны ручай”, “Забіты пад Рэсакай”, “Чыкамаўга”, зборнік з’едлівых афарызмаў на розныя тэмы “Слоўнік Сатаны”. Уплыў на сябе асобы і творчасці Амбраза Бірса прызнавалі Эрнэст Хэмінгуэй, Хорхе Луіс Борхес і іншыя.

Чытайце таксама

Сельма Лагерлёф

Сельма Лагерлёф

Шведская пісьменніца, першая жанчына, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па літаратуры

Леапольда Лугонэс

Леапольда Лугонэс

Аргентынскі паэт, пісьменнік, журналіст. Прадстаўнік мадэрнізму

Юльян Тувім

Юльян Тувім

Польскі паэт і перакладчык Юльян Тувім нарадзіўся ў горадзе Лодзь у польскай габрэйскай сям’і

Фрэнк Рычард Стоктан

Фрэнк Рычард Стоктан

Амерыканскі пісьменнік і гумарыст, найбольш вядомы цяпер сваімі наватарскімі дзіцячымі казкамі, папулярнымі ў канцы ХІХ стагоддзя

1253