№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Францішак Карпінскі (Franciszek Karpiński)

1741—1825

Францішак Карпінскі

Польскі паэт, адзін з пачынальнікаў польскага сентыменталізму. Нарадзіўся 4 кастрычніка 1741 году ў шляхецкай сям'і, бацька Анджэй служыў у Патоцкіх. Карпінскі вучыўся ў езуіцкай школе ў Станіслававе, Львоўскай езуіцкай акадэміі, якую скончыў у 1765 годзе. Ужо тады праявіў сябе як здольны паэт. Не абраў духоўнай кар'еры, як гэтага хацела яго сям'я, працаваў гувернёрам пры магнацкіх дварах. У 1770—1771 гадах вучыўся ў Вене. У 1780 годзе выдаў першую кніжку вершаў “Забаўкі вершам і прозай” (Zabawki wierszem i przykłady obyczajne), якая звярнула на яго ўвагу Чартарыйскіх. У тым жа годзе на запрашэнне Адама Казіміра Чартарыйскага Карпінскі пераехаў у Варшаву, працаваў у князя сакратаром. У Варшаве вакол Карпінскага склаўся літаратурны гурток, але паэт вытрымаў у Варшаве толькі да 1783 году, бо меў незалежны нораў і быў расчараваны сталічным жыццём. Пераехаў у Галіцыю, дзе арандаваў фальваркі, працаваў гувернёрам. Часам наязджаў у Варшаву, дзе выдаваліся яго кніжкі. Гасцяваў пры магнацкіх дварах, у 1785—1818 найчасцей у Браніцкіх у Беластоку, дзе ў 1792 напісаў “Pieśni nabożne” (Kiedy ranne wstają zorze, Bóg się rodzi і інш.), якія былі прачытаныя ім у кафедральным саборы, а затым выдадзеныя ў Супрасльскім базыліянскім манастыры (1792).

Пачынаючы з 1793 году 30 гадоў арандаваў фальваркі на Пружаншчыне (Краснік на ўскрайку Белавежскай пушчы) і Гарадзеншчыне (Хараўшчына каля Ваўкавыска). Зацікавіўся гісторыяй краю, завязаў знаёмствы з мясцовай шляхтай-літвінамі. З 1800 году — сябра Варшаўскага таварыства сяброў навукі. Бываў у Свіслацкай гімназіі, у 1806 падарыў ёй свой кнігазбор. Знаходзячыся ў прыязных адносінах з гарадзенскім губернатарам Кошалевым, Карпінскі прапаноўваў рэформы па паляпшэнні жыцця сялян. Быў прыхільнікам ідэй Жан-Жака Русо, ідэалізаваў вясковае жыццё, лічыў сялянаў маральна несапсаванымі. У 1819 купіў фальварак Хараўшчына ў Ваўкавыскім павеце, дзе на практыцы ажыццявіў сюжэты сваіх п'ес-ідылій, працаваў разам з сялянамі ў полі, адкрыў у Хараўшчыне школу для сялянскіх дзяцей, у якой сам настаўнічаў. Займаўся зборам вершаў, напісаных па-беларуску, запісам беларускіх песняў, паданняў, казак. Згуртаваў вакол сябе мясцовых літаратараў — І. Храптовіча, С. Клакоцкага, А. Хадкевіча. Памёр 16 верасня 1825 году ў фальварку Хараўшчына, пахаваны на касцельных могілках вёскі Лыскава (цяпер Пружанскі раён). Архіў Карпінскага захоўваўся ў К. Прозара ў Хойніках, потым часткова ў А. Ельскага ў Замосці.

Шырокую папулярнасць набылі песні і балады Ф. Карпінскага (“Да Юстыны. Вясновая туга”, “Лаура і Філон”, “Балада аб Людгардзе” і інш.). У камедыі “Чынш” (Czynsz, 1790) Карпінскі выступае за вызваленне сялян ад прыгону. Водгукам на падзелы Рэчы Паспалітай быў верш “Жалоба Сарматы над магілай Жыгімонта Аўгуста”. Паэзія Карпінскага вылучалася прастатой мастацкіх формаў, была прасякнутая матывамі народнай творчасці. Апроч літаратурнай спадчыны пакінуў успаміны, якія ўпершыню выйшлі ў 1822 годзе і вытрымалі 6 перавыданняў.

Чытайце таксама

Джон Мэйсан Ніл

Джон Мэйсан Ніл

Ангельскі гімнограф, англіканскі святар

Стыг Дагерман

Стыг Дагерман

Шведскі празаік, драматург і журналіст, адзін з галоўных прадстаўнікоў шведскага “пакалення 40-х”

Генрых Гайнэ

Генрых Гайнэ

Нямецкі паэт, публіцыст і крытык. Апошні паэт рамантычнай эпохі і адначасова яе вяршыня

Джэфры Чосэр

Джэфры Чосэр

2654