№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Жан Както (Jean Cocteau)

1889—1963

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці: паэзіі, прозе, драматургіі, малюнку, рэжысуры (як тэатра, так і кіно), крытыцы. Але стрыжнем усіх мастацтваў для Както была паэзія (паэзія рамана, паэзія тэатра, паэзія кіно, крытычная паэзія — так падзяляў сферы сваёй дзейнасці сам пісьменнік).

Дэбютаваўшы вельмі рана паэтычным зборнікам "Лямпа Аладзіна" (La lampe d’Aladin, 1909), у якім выявіўся прыхільнікам і паслядоўнікам сімвалізму і імпрэсіянізму, а таксама так званай салоннай паэзіі (Анна дэ Наай, Габрыэле д’Анунцыа), неўзабаве рэзка мяняе погляды і паэтычныя арыентыры. Як прызнаваўся сам пісьменнік, галоўную ролю ў гэтым пераломе адыгралі знакамітыя "Рускія балеты", што прывёз у Парыж Сяргей Дзягілеў, сяброўства з Вацлавам Ніжынскім, Ігарам Стравінскім. Скіраванасць творчасці Жана Както кардынальна мяняецца пасля 1912 году. Аўтар эксперыментальных і наватарскіх пастановак у 1910-я — 1920-я гг. ("Парад" (Parade, 1917), "Маладыя на Эйфелевай вежы" (Les mariés de la Tour Eiffel, 1921), арганізатар і натхняльнік творчага саюзу маладых музыкаў, што ў гісторыі музыкі атрымаў назву "Шасцёрка" (Les Six; кампазітары, што належалі да "Шасцёркі" (Луі Дзюрэй, Арцюр Анэгер, Дарыюс Міё, Жорж Арык, Франсіс Пуленк, Жэрмена Тайфэр), адны з першых у еўрапейскім музычным мастацтве спалучылі класіку з джазавымі імправізацыямі).

Сярод драматургаў ХХ стагоддзя адным з першых звяртаецца да перапрацоўкі міфалагічных сюжэтаў і робіцца адным з самых яскравых стваральнікаў міфалагічнага тэатра ў еўрапейскай літаратуры.

Жан Както — адзін з пачынальнікаў паэтычнага кінематографа, адзін з першых "літаратараў у кіно" (побач з М. Паньёлем і С. Гітры). Выступіў рэжысёрам сямі фільмаў ("Кроў паэта" (Le sang d’un poète, 1930), "Вечнае вяртанне" (L’éternel retour, 1943, з Жанам Дэлануа), "Прыгажуня і Пачвара" (La Belle et la Bête, 1946), "Двухгаловы арол" (L’aigle à deux têtes, 1947), "Цяжкія бацькі" (Les parents terribles, 1948), "Арфей" (Orphée, 1949), "Тэстамент Арфея" (Le testament d’Orphée, 1959)), што зрабіліся класікай сусветнага кінематографа. Ва ўсіх відах мастацтва выявіўся як "наватар высокага рангу", паводле азначэння Ігара Стравінскага.

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

932