Італьянскі паэт. У творах Леапардзі спалучаюцца любоў да антычнай культуры і да нацыянальнай традыцыі, што збліжае яго з класіцыстамі, але наватарскія строфіка і рытміка, а таксама тэматыка і моц пачуццяў, якія ён укладаў у свае творы, яднаюць яго з рамантыкамі. Звычайна ў творчасці паэта вызначаюць два кірункі — гістарычны песімізм і філасофскі песімізм. Філасофская пазіцыя Леапардзі — анталагічная прысутнасць зла ў свеце і “бясконцая марнасць усяго зямнога” — стане адной з галоўных тэмаў італьянскай лірыкі дэкадансу і паэзіі ХХ ст.
Джакама Леапардзі нарадзіўся 29 чэрвеня 1798 г. у Рэканаці (Папская вобласць, Італія) у арыстакратычнай сям’і. У Рэканаці ён правёў першыя дваццаць чатыры гады свайго жыцця. Рана пачаў цікавіцца навукай і літаратурай. У выніку ўпартых заняткаў у 1813 г. з’яўляецца “Гісторыя астраноміі”, а праз два гады — “Развагі над распаўсюджанымі памылкамі старажытных” разам з першымі вершамі, трагедыяй “Пампей у Егіпце” і перакладам “Мастацтва паэзіі” Гарацыя актавамі. Іншым вынікам заняткаў сталі слабы зрок і скрыўлены хрыбет, ад чаго Леапардзі будзе пакутаваць усё жыццё, а таксама пачынае праяўляцца туберкулёз касцей. У гэты ж час пачынаецца ліставанне Леапардзі са знакамітым у той час крытыкам П’етра Джардані, што спрыяе пашырэнню кругагляду паэта і далучэнню да жывога літаратурнага працэсу.
З 1817 г. Леапардзі пачынае занатоўваць свае думкі, якія ў далейшым складуць знакаміты “Дзённік разважанняў”, апублікаваны толькі ў 1898 г. У Джамбатыста Віка ён натхняецца ідэяй паэзіі як натуральнага выяўлення пачуццяў чалавека. Малады Леапардзі далучаецца да палемікі класіцыстаў і рамантыкаў, эстэтычныя погляды ён выкладае ў трактаце “Развагі аднаго італьянца аб рамантычнай паэзіі” (1818 г., надрукаваны пасля смерці паэта).
У вершах Леапардзі пераважае патрыятычная, філасофская, гістарычная, інтымная тэматыка. У 1818 г. Леапардзі стварае верш “Італіі”, дзе з сумам гаворыць пра лёс радзімы. У гэтым вершы гучаць матывы Віторыё Альф’еры і Уга Фоскала — параўнанне мінулай славы і сучаснага гаротнага стану рэчаў, заклік да “сыноў Італіі” абараняць сваю краіну. Верш “Помніку Дантэ” (1818) напісаны з нагоды адкрыцця ў Фларэнцыі помніка паэту. Цікавасць да асобы і творчасці Дантэ ў гэты час моцна вырасла, і Леапардзі імкнецца нагадаць італьянцам пра іх слаўнае мінулае, пра нацыянальную годнасць.
У 1822 г. Леапардзі пакідае Рэканаці і накіроўваецца ў Рым, пасля падарожнічае па Італіі. Пасля 1822 г. ён шэсць гадоў не піша вершаў, аднак менавіта ў гэты час стварае яшчэ адзін значны празаічны твор — “Маральныя эцюды” (1824—1828), дыялогі, у якіх ахопліваецца шырокае кола тэм — ад літаратурных да філасофскіх і палітычных.
Паміж 1825 і 1826 гг. паэт публікуе першыя “Ідыліі”,якія пасля называе “маленькімі”, адну з вяршыняў сваёй творчасці, дзе, адыходзячы ад грамадзянскіх матываў, ён услаўляе свет душы, напоўненай пачуццямі і прыгажосцю навакольнай прыроды. Так нараджаюцца вершы “Сон”, “Поўні”, “Самотнае жыццё” і ў першую чаргу “Вечар святочнага дня”. Рамантычны герой Леапардзі выступае супраць бязлітаснага лёсу, які прадвызначыў чалавецтву пакутаваць у рабстве і пакоры.
Пачынаючы з 1828 г. нараджаюцца “вялікія” ідыліі, вяршыня не толькі ў творчасці Леапардзі, але і ва ўсёй італьянскай паэзіі. Паразы вызваленчых рухаў 1831 г. і вяртанне аўстрыйцаў выклікалі напісанне такіх сатырычных твораў, як “Палінодыя Джына Капоні”, “Новыя вернікі” і “Параліпамены да “Батрахаміямахіі”. Апошнія слынныя творы паэта — “Заход месяца” і “Жаўтазель”, у якіх заход месяца параўноўваецца з заходам маладосці, а жаўтазель — з чалавекам, што, быццам дзікая кветка, пераадольвае ўсе перашкоды
Дж. Леапардзі памёр 14 чэрвеня 1837 г. падчас эпідэміі халеры ў Неапалі, і толькі дзякуючы намаганням яго сябра Антоніё Раньеры цела паэта было ўратаванае з агульнай ямы і пахаванае ў царкве Сан Вітале ў мястэчку Фуарыгрота.
На думку італьянскага даследчыка, аўтара кнігі пра Леапардзі П’етра Чытаці, адна з вялікіх здольнасцяў паэта — “не належаць ніякай эпосе, ні цяперашняй, ні мінулай... Ён быў дома паўсюль і нідзе. Яго радыкальная непрыналежнасць часу дазволіла яму зразумець дзевятнаццатае і дваццатае стагоддзе, буржуазнае грамадства і народ... Так Леапардзі, з якім мы не супадаем у часе, здаецца нам неверагодна сучасным, быццам ён жыве, глядзіць і вывучае тое, што адбываецца сёння”.
Аксана Данільчык