Ангельскі пісьменнік, стваральнік Віні-Пуха Алан Аляксандр Мілн напісаў шмат розных кніжак — сур’ёзных і гумарыстычных, для дзяцей і дарослых, вершаў і п’есаў, нават некалькі дэтэктываў, самы першы і вядомы з якіх быў ушчэнт раскрытыкаваны Рэймандам Чандлерам. Самыя ж папулярныя творы Мілна — “Віні-Пух” (Winnie-The-Pooh, 1926) і “Дамок на Пухавым узлеску” (The House at Pooh Corner, 1928).
Алан Аляксандр Мілн нарадзіўся 18 студзеня 1882 году ў Лондане і атрымаў адукацыю ў бацькавай прыватнай школе “Хенлі Хаўс” разам са сваімі старэйшымі братамі Дэвідам Барэтам і Кенэтам Джонам Мілнамі. Сярод яго настаўнікаў быў знакаміты Герберт Ўэлс, які пазней зрабіўся ягоным сябрам. Пасля заканчэння школы Мілн паступіў у кембрыджскі Трыніці-каледж, дзе вывучаў матэматыку. Там ужо вучыўся яго брат Кенэт. Разам з братам яны друкавалі вершы ва ўніверсітэцкім часопісе “Гранта”, а пазней Алан зрабіўся рэдактарам гэтага часопіса. Атрымаўшы ступень бакалаўра ў 1903 годзе, ён пачаў кар’еру пісьменніка. Бацька выдзеліў сыну 1000 фунтаў пасля заканчэння ўніверсітэта, на якія той жыў некалькі першых месяцаў, пакуль кар’ера не “раскруцілася”. Эсэ і вершы Мілна друкаваліся ў сатырычным часопісе “Панч” і ў “Сэнт-Джэймс Газет”. У 1906 годзе ён пачаў працаваць у “Панчы” памочнікам рэдактара.
На прапанову Герберта Ўэлса Мілн перапісаў некаторыя са сваіх скетчаў у раман. Так, у 1905 годзе з друку выйшла яго першая кніга “Каханкі ў Лондане” (Lovers in London). Яна правалілася, і пазней, ужо знакамітым пісьменнікам, Мілн выкупіў у выдавецтва правы на яе, каб яна ніколі больш не друкавалася. Наступныя кнігі былі зборнікамі апавяданняў, папярэдне надрукаваных у “Панчы”. У 1910 годзе Мілн пачаў пісаць п’есы, якія мелі поспех, асабліва “Міма праходзіць пан Пім” (Mr. Pim Passes By,1919). У 1913 годзе Мілн ажаніўся з Дораці дэ Сэлінкур.
10 лютага 1915 Мілн добраахвотна пайшоў у войска, дзе служыў у каралеўскім ўорвікшырскім палку афіцэрам сувязі да 14 лютага 1919 году. У гэты перыяд ён напісаў п’есу “Пустыя кампліменты Вюрцля” (Wurzel Flummery) і выдатную казку “У трыдзясятым каралеўстве” (Once on a Time) — абедзве гэтыя рэчы былі надрукаваныя ў 1917 годзе. У 1916 годзе Мілна на некаторы час перавялі ў Францыю, дзе ён пісаў прапагандысцкія ўлёткі. Жахі вайны прывялі да таго, што ўсё астатняе жыццё ён настальгаваў па бясхмарным дзяцінстве. У 1921 годзе Мілн напісаў п’есу “Дарога на Дуўр” (The Dover Road), якая чарговы раз пацвердзіла яго талент драматурга. Большасць п’ес Мілна рэалістычныя, пісаў ён таксама і для дзяцей. Яго п’есы ставіліся ў Лондане і на Брадвеі, што дазволіла яму ў 1925 годзе набыць вялікі дом Котчфард-хаўс у Сасэксе.
21 жніўня 1920 году ў Мілна нарадзіўся сын Крыстафер Робін. Амаль у той самы дзень Алан напісаў кароткі верш і падарыў жонцы, сказаўшы, што ўсе грошы, якія яна атрымае ад надрукавання, будуць належаць ёй. Жонка адразу ж адаслала верш у некалькі часопісаў, якія і надрукавалі верш. Так што падарунак атрымаўся вельмі дарагім, а на Мілна пасыпаліся новыя заказы на вершы. У 1922 годзе Мілн надрукаваў дэтэктыў “Таямніца “Чырвонага дома” (The Red House Mystery) у традыцыях Дойла. Амаль поўная адсутнасць рэалістычных дэталяў і цёплая, мяшчанская атмасфера падштурхнулі вядомага амерыканскага дэтэктыўшчыка Рэйманда Чандлера напісаць у сваім эсэ “Простае мастацтва забойства”: “У кнізе дзейнічае ціхамірны дэтэктыў-аматар Энтані Гілінгман, мілы хлопец з вясёлым позіркам, выгоднай кватэркай у Лондане і нядбалымі манерамі… Ангельская паліцыя яшчэ вытрымлівае яго з годным падзіву стаіцызмам, але адна думка пра тое, што б з ім зрабілі хлопцы з аддзела забойстваў у маім горадзе, прымушае мяне здрыгануцца”. Але на Мілна гэта не паўплывала, і ён напісаў яшчэ два дэтэктывы “Навіна на чатыры дні” (Four Day’s Wonder,1933) і “Чацвёртая сцяна” (The Fourth Wall), п’есу, па якой быў зняты фільм “Дасканалае алібі” (The Perfect Alibi).
Калі Мілну споўнілася 42 гады, ён выдаў зборнік вершаў для дзяцей “Калі мы былі вельмі маладыя” (When We Were Very Young). А яшчэ праз два гады з’явіўся “Віні-Пух”. Адна з галоўных дзейных асобаў у гэтай надзвычай папулярнай кнізе — сын Мілна Крыстафер Робін, якога гэтая папулярнасць пераследавала да самае смерці і за якую ён проста ненавідзеў бацьку. У сваёй кнізе ўспамінаў “Зачараваныя мясціны” (Enchanted Places, 1975) Крыстафер Мілн пісаў, што меў праблемы са створаным пад яго імем героем кнігі, што і сам бацька ўсё астатняе жыццё заставаўся вязнем папулярнасці гэтай кнігі. А гісторыі, якія так добра ведаюць дзеці ва ўсім свеце, насамрэч выдумляла яго жонка Дораці, якая, між іншым, быццам пастаўляла большую частку ідэй да ўсіх кніг Мілна.
Пасля поспеху “Віні-Пуха” Мілн заявіў, што больш нічога пісаць не будзе, аднак слова стрымаць не змог. У 1929 годзе ён напісаў знакамітую адаптацыю “Ветру ў вербах” Кенэта Грэма, назваўшы яе “Жаба з “Жабінага маёнтка” (Toad of Toad Hall). А апошняй кнігай, надрукаванай пры жыцці Мілна, была “Год за годам” (Year in, Year out, 1952), якая мела вялікі поспех. Усяго ж з-пад яго пяра выйшла каля дзевяноста кніг і п’ес.
У кастрычніку 1952 году Мілн перажыў інсульт, перанёс аперацыю на мозгу і застаўся інвалідам да канца жыцця. Горш за ўсё было тое, што сын ненавідзеў бацьку за сумнеўную славу, якую Крыстафер Робін атрымаў праз яго кнігі, і вельмі рэдка прыходзіў да ложка хворага. Алан Аляксандр Мілн памёр у Хартфілдзе, графства Сасэкс, 31 студзеня 1956 году. У 1961 годзе ўдава Мілна прадала правы на фільм пра Віні-Пуха Ўолту Дыснэю, які стварыў тое, што мы цяпер бачым у выглядзе мульцяшных гісторый пра смешнае медзведзяня. Дораці перажыла мужа на 15 гадоў, і пасля яе смерці частка вялізнае спадчыны, атрыманай пераважна ад продажу кніг пра Віні-Пуха, была перададзеная ў Каралеўскі літаратурны фонд для падтрымкі пісьменнікаў, што маюць фінансавыя цяжкасці.
Алесь Кудраўцаў