№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Джордж Оруэл (George Orwell)

1903—1950

Джордж Оруэл

Ангельскі пісьменнік і публіцыст. Сапраўднае імя — Эрык Артур Блэр.

Нарадзіўся 25 чэрвеня 1903 у вёсцы Маціхары ў Індыі, каля мяжы з Непалам. Яго бацька, Рычард Блэр, служыў у адным з дэпартаментаў брытанскай індыйскай адміністрацыі. Маці была дачкой французскага гандляра. За шмат гадоў службы, да выхаду на пенсію ў 1912 г., Рычард Блэр не нажыў сям'і дастатку, і 8-гадовага Эрыка з цяжкасцю ўладкавалі ў прыватную падрыхтоўчую школу ў графстве Сасэкс. Паказаўшы выдатныя здольнасці, праз некалькі гадоў хлопчык на конкурснай аснове атрымаў стыпендыю для навучання ў Ітане. Пазней у эсэ “Чаму я пішу” Оруэл успамінаў, што ўжо ў 5-6 гадоў ён цвёрда ведаў, што будзе пісьменнікам, а ў Ітане вызначылася кола яго літаратурных прыхільнасцяў — Свіфт, Стэрн, Джэк Лондан. Пасля заканчэння навучання паступіў на службу ў імперскую паліцыю, спачатку ў Індыі, затым у Бірме. У 1927 г., расчараваўшыся ў ідэалах і сістэме, якой ён служыў, пайшоў у адстаўку і пасяліўся ў Партабела-роўд, квартале лонданскай галоты, затым з’ехаў у Парыж.

Першая кніга Дж. Оруэла “Бірманскія будні” (Burmese Days, 1934) апавядае пра гады, праведзеных на службе ў калоніях Брытанскай імперыі. Затым быў раман “Дачка святара” (A Clergyman's Daughter, 1935) і шэраг прац па самых разнастайных пытаннях — палітыцы, мастацтве, літаратуры. Дж. Оруэл заўсёды быў палітычна ангажаваным пісьменнікам, падзяляў рамантызм “чырвоных 30-х”, быў заклапочаны нечалавечымі ўмовамі працы ангельскіх шахцёраў, падкрэсліваў класавую няроўнасць у ангельскім грамадстве. Тым часам ён з недаверам і іроніяй ставіўся да ідэі ангельскага сацыялізму і “пралетарскай салідарнасці”, бо сацыялістычныя погляды былі папулярныя хутчэй у асяроддзі інтэлектуалаў і тых, хто належаў да сярэдняга класа. Дж. Оруэл сур'ёзна сумняваўся ў іх шчырасці і рэвалюцыйнасці.

Таму не дзіўна, што сацыялістычныя сімпатыі пісьменніка прывялі яго ў шэрагі гішпанскіх рэспубліканцаў, калі там пачалася Грамадзянская вайна. Дж. Оруэл выпраўляецца ў Гішпанію ў канцы 1936 г. у якасці карэспандэнта Бі-бі-сі і лонданскай газеты Observer. Оруэл быў уражаны атмасферай роўнасці і баявога братэрства, якую ён адчуў па прыбыцці ў Барселону. Сацыялізм уяўляўся рэальнасцю, і, прайшоўшы пачатковую ваенную падрыхтоўку, пісьменнік едзе на фронт, дзе атрымлівае сур'ёзнае раненне горла. Оруэл апісаў тыя дні ў дакументальнай кнізе “У гонар Каталоніі” (Homage to Catalonia, 1938), дзе апеў сяброў па зброі, дух братэрства, дзе не было “сляпога падпарадкавання”, дзе існавала “амаль поўная роўнасць афіцэраў і салдат”. Знаходзячыся пасля ранення ў шпіталі, Оруэл напіша сябру: “Я быў сведкам дзіўных рэчаў і нарэшце сапраўды паверыў у сацыялізм, — чаго не было раней”.

Аднак пісьменнік вынес і іншы ўрок. Тамсама, у Каталоніі, газета La Batalla, орган гішпанскай Аб'яднанай марксісцкай працоўнай партыі, у шэрагах якой ваяваў Дж. Оруэл, яшчэ ў 1936 г. асудзіла палітычныя судовыя працэсы ў Маскве і сталінскую расправу над старымі бальшавікамі. Зрэшты, яшчэ да ад'езду ў Гішпанію Оруэлу было вядома пра масавыя працэсы, якія ён зваў “палітычнымі забойствамі”, але, у адрозненне ад большасці ангельскіх левых, лічыў, што гэтыя падзеі ў Расіі — не “наступ капіталізму”, а “агіднае скрыўленне сацыялізму”.

З палкасцю неафіта Оруэл адстойваў першапачатковыя “маральныя паняцці сацыялізму” — “свабода, роўнасць, братэрства і справядлівасць”, працэс дэфармацыі якіх ён адлюстраваў у сатырычнай алегорыі “Ферма”. Дзеянні некаторых рэспубліканцаў у Гішпаніі і жорсткая практыка сталінскіх рэпрэсій пахіснулі яго веру ў ідэалы сацыялізму. Оруэл зразумеў утапічнасць пабудовы бяскласавага грамадства і нізасць чалавечай прыроды, якой уласцівыя жорсткасць, канфліктнасць, імкненне панаваць над падобнымі да сябе. Трывогі і сумневы пісьменніка адбіліся ў яго найболей вядомых і часта цытаваных аповесці “Ферма” і рамане “1984” (на беларускую мову пераклаў Сяргей Шупа).

Памёр 21 студзеня 1950.

Чытайце таксама

Рэй Бэроа

Рэй Бэроа

Дамінікана-амерыканскі паэт і крытык, лаўрэат прэміі Парыжскай акадэміі мастацтваў і навук

Кен Кізі

Кен Кізі

Амерыканскі пісьменнік, прадстаўнік Біт-пакалення, паўплываў на фармаванне руху хіпі

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Сюзана Кларк

Сюзана Кларк

Ангельская пісьменніца, лаўрэатка прэмій за раманы

1528