№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Ўістан Х’ю Одэн (Wystan Hugh Auden)

1907-1973

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

 

Нарадзіўся ў Ёрку (Паўночны Ёркшыр, Англія) у сям’і доктара Джорджа Агастэса Одэна і яго жонкі Кастанс Разалі Бікнэл Одэн, якая вывучылася на медсястру. Одэн быў наймалодшым з трох сыноў. З васьмі гадоў выхоўваўся не дома, толькі вяртаючыся на канікулы, у прыватнай школе Грэшэм, вядомай сваімі строгімі правіламі і прыхільнасцю да рэлігійных традыцый.

 

Працягваючы сваю адукацыю ў Крайст-Чорч каледжы Оксфардскага ўніверсітэта, Одэн абірае спецыяльнасцю старажытную англа-саксонскую паэзію і ў Оксфардзе ж пачынае сваё літаратурнае і грамадскае жыццё, выдае першую кнігу вершаў за 1927—1928 гг. “Вершы” (Poems, 1930) у выдавецтве Faber and Faber, дзе ў той час працаваў Томас Стэрнз Эліят. У 1925 годзе Одэн другі раз пасля маленства знаёміцца з Крыстаферам Ішэрвудам, які робіцца яго літаратурным настаўнікам. Цягам наступных гадоў яны мелі сяброўскія, а часам любоўныя стасункі.

 

У 1930-я гады Одэн некалькі гадоў жыве ў Берліне, дзе атмасфера Веймарскай рэспублікі дазваляе яму праявіць сябе напоўніцу. З 1932 па 1935 гг. выкладае ў прыватнай школе Глазга, працягваючы пісаць. У 1935 годзе ён фармальна жэніцца з Эрыкай Ман — дачкой Томаса Мана — з мэтай забяспечыць ёй палітычны прытулак у Вялікабрытаніі. У 1936-м выходзіць зборнік вершаў Одэна “Глянь, незнаёмец!” (Look, Stranger!, 1936). Пасля гэтага Одэн крыху ездзіць па свеце, а ў 1939 годзе прымае рашэнне канчаткова перасяліцца ў ЗША разам з Крыстаферам Ішэрвудам. Дата прыбыцця Одэна ў ЗША супала з падзеннем Барселоны, а праз два дні Одэн напісаў верш “Памяці Ўільяма Батлера Ейтса”, адзначыўшы, што паэзія нічога не можа змяніць. Яго эміграцыю напярэдадні Другой сусветнай вайны ў Вялікабрытаніі ўспрымаюць амаль як здраду, аднак для Одэна яна ў першую чаргу была выкліканая асабістымі прычынамі.

 

У пачатку свайго жыцця ў ЗША Одэн знаёміцца з Чэстэрам Калманам, любоўныя стасункі з якім працягваліся два гады, аднак да канца жыцця Одэна яны заставаліся сябрамі і разам жылі ў адной кватэры.

 

З амерыканскім перыядам жыцця Одэна звязаныя найбольш значныя яго творы: “Іншыя часы” (Another Time, 1940), “Падвойны чалавек” (The Double Man, 1941), “На дадзены момант” (For the Time Being, 1944). Шматлікія вершы ангельскага перыяду Одэн перарабіў для амерыканскага выдання выбраных вершаў у 1945 годзе. У 1947 годзе ён быў узнагароджаны Пулітцэраўскай прэміяй, у 1954-м — Балінгенаўскай.

 

З 1956 па 1961 год Одэн быў прафесарам паэзіі ў Оксфардскім універсітэце. У 1957 годзе Одэн і Калман купляюць дом у аўстрыйскім мястэчку Кірхшэтэн, ператвараючы яго ў “летнюю рэзідэнцыю”, астатнія паўгоду жывучы ў Нью-Ёрку.

 

28 верасня 1973 году, спыніўшы лекцыю ў Вене перад сябрамі аўстрыйскай літаратурнай грамады, Одэн пайшоў у свой гатэльны пакой, дзе на другі дзень яго знайшлі мёртвым. Паэт пахаваны ў Кірхштэтэне.

 

Чытайце таксама

Шолам-Алейхем

Шолам-Алейхем

Габрэйскі пісьменнік, драматург і асветнік, адзін з пачынальнікаў літаратуры на ідыш

Рэймон Радыге

Рэймон Радыге

Французскі празаік, драматург, журналіст

Павал Орсаг Гвездаслаў

Павал Орсаг Гвездаслаў

Славацкі паэт, драматург, перакладчык, грамадскі дзеяч. Класік славацкай літаратуры

Эдгар Алан По

Эдгар Алан По

Амерыканскі паэт, навэліст, журналіст, філосаф, крытык, заснавальнік дэтэктыўна-фантастычнага жанру ў літаратуры

1370