Амерыканскі паэт і празаік, мастак, скульптар. Пісаў апавяданні ў жанры фантастыкі, фэнтэзі і жахаў.
Нарадзіўся 13 студзеня 1893 г. у даліне Лонг-Вэлі. Большую частку жыцця пражыў у невялікім дамку, пабудаваным яго бацькамі ў мястэчку Оберн, штат Каліфорнія.
Школу Кларк не скончыў: ён пакутаваў на псіхалагічныя разлады, у тым ліку боязь натоўпу, і пасля заканчэння пачатковых класаў бацькі палічылі за лепшае працягнуць яго навучанне дома. Пры гэтым ён быў заўзятым чытачом і актыўна займаўся самаадукацыяй. У 13 гадоў Сміт прачытаў слоўнік Ўэбстэра, затым дабраўся да Брытанскай энцыклапедыі, перачытаўшы яе двойчы. А пазнейшыя заняткі французскай і гішпанскай мовамі дазволілі яму перакладаць еўрапейскую паэзію.
У адзінаццаць Сміт пачаў пісаць. Першымі яго творамі сталі чароўныя казкі і прыгодніцкія гісторыі ў стылі "Тысячы і адной ночы". Велізарны ўплыў на Сміта аказала драма "Жартачкі смерці" Томаса Бэдаўза і гатычны раман Ўільяма Бэкфарда "Ватэк", стылістыка і вобразная мова якога выявяцца пазней і ў творчасці самога Сміта. У трынаццаць юны Кларк адкрыў для сябе паэзію Эдгара По. У той жа год ён і сам пачаў пісаць вершы. Менавіта паэзія Сміта, а не фантастычныя апавяданні, першай была прызнаная чытачамі.
У 1912-м Сміт знаёміцца з Джорджам Стэрлінгам, вядомым літаратарам. Стэрлінг быў уражаны "сапраўды геніяльнай" паэзіяй Сміта, і ў выніку ў 1912 годзе выйшаў у свет першы збор паэзіі Кларка Эштана Сміта “Той, хто крочыць па зорах, і іншыя вершы” (The Star-Treader and Other Poems). А ў 1918 г. найпрэстыжнейшы "Каліфарнійскі кніжны клуб" выдае новы зборгтк — “Оды і санэты” (Odes and Sonnets) з прадмовай Стэрлінга. Натхнёны поспехам, у 1922 Сміт выдае за свой кошт зборнік паэзіі “Эбен і крышталь” (Ebony and Crystal), які ўключаў самую вядомую паэму Сміта “Пажыральнік гашышу”. Менавіта пра яе Говард Лаўкрафт адклікаўся як пра "найвялікшую оргію паэтычнага ўяўлення ў ангельскай літаратуры".
У другой палове 1920-х Сміт паступова адыходзіць ад паэзіі і вяртаецца да малой прозы. Яшчэ ў 1923 ён спрабаваў сябе ў жанры іранічных рамантычных замалёвак. Аднак, не без уплыву Говарда Лаўкрафта, з якім Сміт вёў актыўнае ліставанне з 1922 году, выбар быў зроблены на карысць фантастыкі.
Першае фантастычнае апавяданне Сміта "Жахі Ёнда" (The Abominations of Yondo) было напісанае ў 1925, а ў наступным годзе апублікаванае ў часопісе Overland Monthly. У тым жа 1926-м Сміт прадаў тры вершы ў прозе і адно апавяданне часопісу Weird Tales, які быў для сучаснікаў сапраўдным рассаднікам талентаў. Неўзабаве Сміт прыняў канчатковае рашэнне сканцэнтравацца на малой прозе. З 1929 да 1937 г. Сміт напісаў сотні апавяданняў і кароткіх аповесцяў. Практычна ўсе творы, якія зрабілі Сміта культавым аўтарам, былі створаныя за гэтыя восем гадоў. Асноўнай пляцоўкай для публікацый заставаўся Weird Tales, для якога Сміт стаў адным з ключавых аўтараў, нароўні з Говардам Лаўкрафтам і Робертам Говардам, з якім таксама пачалося ліставанне. Творы Сміта з'яўляліся і ў іншых часопісах.
Але пачынаючы з сярэдзіны 30-х гадоў Сміта пачалі пераследаваць трагедыі. У верасні 1935-га памірае яго маці. У наступным годзе ён страчвае аднаго з сяброў па ліставанні — скончыў жыццё самагубствам Роберт Говард. У сакавіку 1937 памірае другі сябар — Говард Лаўкрафт. У тым жа годзе сыходзіць з жыцця бацька Сміта.
Гэты шэраг смерцяў, які скончыўся стратай бацькі, моцна ўдарыў па Сміту. Амаль на тры гады ён кінуў пісаць і так да канца і не вярнуўся да прозы. За дваццаць пяць гадоў жыцця, што яму засталіся (1937—1961), было створана не больш за дваццаць апавяданняў.
У гэты трэці, апошні, перыяд творчасці Кларк Эштан Сміт вярнуўся да паэзіі, а таксама заняўся выяўленчым мастацтвам. Маляваць ён навучыўся яшчэ ў юнацтве, і пасля 1937 году аддаўся свайму трэцяму захапленню ўсёй душой.
У 1940-я невялікае выдавецтва Arkham House, заснаванае Аўгустам Дэрлетам і Доналдам Ўондры для выдання твораў Говарда Лаўкрафта, надрукавала першы зборнік прозы Сміта “Па-за прасторай і часам” (Out of Space and Time). Затым выйшлі ў свет яшчэ два празаічныя зборнікі: “Згубленыя сусветы” (Lost Worlds) і “Genius Loci і іншыя апавяданні” (Genius Loci and Other Tales), а ўслед за імі і два паэтычныя зборнікі: “Цёмны замак” (The Dark Chateau) і “Чары і загаворы (Spells and Philtres).
У 1954 годзе ў жыцці Кларка Эштана Сміта адбылася важная падзея. Ва ўзросце 61 году ён ажаніўся з Кэралайн Эмілі Джонс Дорман і пераехаў у яе дом жыць з ёй і трыма яе дзецьмі ад першага шлюбу. У той жа час здароўе Сміта пачало пагаршацца, пачаліся праблемы са зрокам і сэрцам.
У 1961 годзе Кларк Эштан Сміт памёр у сне ад сухотаў. Прах яго быў пахаваны там, дзе стаяў дом яго дзяцінства, у якім Сміт правёў амаль усё сваё жыццё.