№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Пераклад перамог на конкурсе, прымеркаваным да 200-х угодкаў смерці Генрыха фон Кляйста і зладжаным Інстытутам імя Гётэ ў Мінску і часопісам “ПрайдзіСвет”.

 

Генрых фон Кляйст
( Heinrich von Kleist )
1777 – 1811

Землятрус у Чылі
(Das Erdbeben in Chili)
Апавяданне


Гэта адбылося ў Сант’яга, сталіцы каралеўства Чылі, падчас вялікага землятрусу 1647 году, які загубіў тысячы жыццяў. Абвінавачаны ў злачынстве малады гішпанец Хероніма Ругера стаяў ля слупа ў турэмнай камеры, збіраючыся засіліцца. Дон Энрыка Астэрон, адзін з найбагацейшых дваранаў горада, да якога ён быў наняты на службу настаўнікам, недзе год таму прагнаў яго з дому за пяшчотныя стасункі з доннай Хасэфай, сваёй адзінай дачкой. Іхнае таемнае ліставанне пасля настойлівых бацькоўскіх перасцярогаў трапіла ў рукі старога дона праз гнюсную пільнасць яго ганарлівага сына. Яно абурыла Астэрона так, што ён не марудзячы аддаў дачку ў кляштар Найсвяцейшай Панны, што стаяў у гарах і належаў ордэну кармелітаў.

На шчасце, Хероніма знайшоў спосаб аднавіць сустрэчы, і ў адну ціхую ноч кляштарны сад стаў для яго месцам невымоўнага шчасця. Якраз на свята Божага Цела, калі пачалося ўрачыстае шэсце манашак, за якімі крочылі паслушніцы, пад гукі званоў бедная Хасэфа ў перадродавых пакутах упала на прыступкі сабора.

І выбухнуў нечуваны скандал. Юную грэшніцу, не зважаючы на яе стан, кінулі ў турму, і не паспела яна ачуняць пасля родаў, як на загад арцыбіскупа ў дачыненні да яе быў распачаты судовы працэс. Людзі гаварылі пра здарэнне так абурана, злыя языкі з такой сілай накінуліся на кляштар, дзе ўсё адбылося, што ўжо ні заступніцтва паважанага сямейства Астэронаў, ні нават прыхільнасць ігуменні, якую дзяўчына паспела скарыць сваімі ў астатнім бездакорнымі паводзінамі, не маглі змякчыць суворасць выраку, прыгатаванага ёй хрысціянскім законам. Усё, што можна было зрабіць, гэта замяніць — дзякуючы магутнаму ўплыву віцэ-караля — смерць на вогнішчы на адсячэнне галавы, што выклікала вялікую незадаволенасць жаночай паловы насельніцтва Сант’яга.

За грошы здаваліся вокны дамоў, з якіх можна было сачыць за рухам карнага шэсця, зносіліся дахі дамоў, і набожныя гараджанкі запрашалі сваіх сябровак папрысутнічаць з імі на відовішчы, што было данінаю помсліваму боству.

Тым часам таксама Хероніма ледзь не звар’яцеў ад гора, калі дазнаўся, чым абярнулася справа. Дарэмна прадумваў ён уцёкі: усюды крылы яго дзёрзкіх думак натыкаліся на замкнёныя дзверы й муры турмы. А заўважаная спроба распілаваць аконныя краты выклікала толькі яшчэ стражэйшае абмежаванне свабоды. І ён укленчыў перад святым абразом Маці Божай і пачаў маліцца ёй палка й несупынна, бо яна была адзіная, ад каго ён яшчэ мог чакаць паратунку.

Але жахлівы дзень надышоў, і з ім — перакананне ў поўнай безнадзейнасці ягонага становішча. Роспачны гук званоў, што суправаджаў Хасэфу да лобнага месца, ахопліваў душу роспаччу. Жыццё было яму агідным, і ён вырашыў з дапамогай выпадкова знойдзенай вяроўкі кінуцца ў абдымкі смерці. Ён стаяў, як было сказана, ля слупа і прымацоўваў вяроўку, што мела вырваць яго з гэтага жалю вартага свету, да аднаго з жалезных клямараў на карнізе. Раптам нібыта абрынуліся нябёсы, і большая частка горада правалілася, і руіны пахавалі ўсё жывое. Хероніма Ругера аслупянеў ад жаху; думкі блыталіся, і каб не ўпасці, ён абхапіў рукамі слуп, на якім хвіліну таму збіраўся памерці. Карніз паплыў у яго з-пад ног, сцены турмы таргануліся, увесь будынак нахіліўся, мерачыся ўпасці, і толькі падзенне суседняга дому, які выпадкова ўтварыў скляпенне з іншым, уратавала яго ад поўнага разбурэння. У дрыготцы, з валасамі дыбарам, на неслухмяных нагах караскаўся Хероніма па нахіленай падлозе да пралому ў сцяне турмы.

Як толькі ён апынуўся на волі, вуліца, часткова ўжо разбураная, скаланулася зноў і гэтым разам абрынулася цалкам. Без памяці бегучы ад гэтае ўсёпаглынальнае навалы, ён скіраваўся да найбліжэйшай гарадской брамы, паўз груды наваленага друзу й абломкаў, а смерць наступала з усіх бакоў. Вось абваліўся яшчэ адзін дом, камяні пераследавалі Хероніма, разлятаючыся направа й налева, да найбліжэйшага павароту; там ужо віраваў агонь, кожны дах палаў, бліскаючы ў хмарах дыму. Хероніма з жахам кінуўся наўцёкі. Тут выйшла з берагоў рака Мапоха і з дзікім рыкам пагнала яго прэч. Тут ляжалі горы трупаў, з-пад завалаў даносіліся стогны, там з ахопленых пажарам дахаў крычалі людзі, тут людзі й жывёлы змагаліся з хвалямі. Хтосьці шчыраваў, мужна ратуючы людзей, хтосьці, спалатнелы як смерць, маўкліва ўздымаў дрыготкія рукі да нябёсаў. Як толькі Хероніма дасягнуў брамы і падняўся на пагорак за ёю, ён самлеў і зняможана апусціўся на зямлю.

Бадай чвэрць гадзіны праляжаўшы ў глыбокай непрытомнасці, ён нарэшце ачуняў і падняўся з зямлі. Не ўсведамляючы, што з ім, абмацаў свой лоб і грудзі, і невымоўнае пачуццё асалоды ахапіла яго, калі марскі заходні вецер атуліў сваім подыхам развярэджаную душу. Стоячы спінай да горада, Хероніма разглядаў квітнеючыя ваколіцы Сант’яга. Толькі купкі напалоханых людзей, якія паўсюдна трапляліся на вочы, трывожылі ягонае сэрца; ён не цяміў, што прынесла сюды іх і яго самога, але як толькі, абярнуўшыся, убачыў за сабою зруйнаваны горад, то імгненна прыгадаў увесь жах, якому быў сведкам. Ён укленчыў так нізка, што лоб крануўся зямлі, і падзякаваў Богу за сваё неверагоднае ўратаванне. Усе ранейшыя перажыванні былі выціснутыя сённяшнімі вусцішнымі ўражаннямі, якія пасяліліся ў душы назаўсёды. І ён плакаў, адчуваючы радасную прагу жыцця, якое цяпер паўстала перад ім ва ўсіх фарбах.

Ён паглядзеў на пярсцёнак на руцэ і адразу ўспомніў Хасэфу, а разам з ёй турму, і званы, што там чуў, і імгненні скрухі перад самым пачаткам кашмару. Глыбокі смутак зноў запаланіў ягонае сэрца; ён ужо раскайваўся ў сваёй малітве, з жахам уявіўшы сабе пагрозлівае аблічча Творцы. Ён змяшаўся з натоўпам, што ратаваў сваё майно і паўсюдна ламаўся з брамаў, і наважыўся запытацца, ці выкананы ўжо смяротны прысуд дачцэ Астэрона. Але не было нікога, хто даў бы яму пераканаўчы адказ. Адна кабета, сагнутая ледзь не да зямлі непамысным цяжарам нейкіх рэчаў, а таксама двух дзяцей, што павіслі ў яе на шыі, прамовіла на хаду, нібы яна бачыла на ўласныя вочы, што дзяўчыне знялі галаву. Разлічыўшы час, Хероніма і сам не мог у гэтым сумнявацца. Ён знайшоў невялікі лес і на самоце напоўніцу аддаўся свайму болю.

Ён марыў, каб прырода зноў абрынула на яго разбуральную моц. Ён не разумеў, чаму ён выжыў у тыя хвіліны, калі смерць, якой так шукала ягоная бедная душа, здавалася яму адзіным паратункам. Ён цвёрда паабяцаў сабе не кранацца з месца, калі нават дубы павырывае з карэннем і вершаліны іх навіснуць над ім, пагражаючы рухнуць. Ён плакаў найгарчэйшымі слязьмі, але неўзабаве перад яго вільготнымі вачыма зноў з’явілася надзея, і ён выправіўся на пошукі. Ён наведваў кожную горную вяршыню, дзе былі людзі. Яны трапляліся яму на сцежках, падхопленыя плынню ўцёкаў, і варта было толькі затрапятаць на ветры жаночай сукенцы, дрыготкія ногі адразу ж неслі яго туды, але ніводная з тых сукенак не належала яго каханай. Калі сонца, а з ім і ягоная надзея, ужо хілілася да захаду, ён апынуўся на краі скалы, і перад ім распасцерлася шырокая, амаль бязлюдная даліна. У разгубленасці ён прабег позіркам па нешматлікіх групках людзей і хацеў ужо пайсці назад, як раптам згледзеў ля крыніцы ля цясніны маладую дзяўчыну, што мыла дзіця ў хвалях. Сэрца падскочыла ў ягоных грудзях, і, спусціўшыся ўніз па камянях, ён ускрыкнуў: “О, святая Маці Божая!” — і калі дзяўчына нерашуча азірнулася на голас, пазнаў Хасэфу. З якой асалодай абняліся яны, гэтыя ўратаваныя цудам нябёсаў гаротнікі!

Хасэфа была напаўдарозе да эшафота, калі страшэнны грукат землятрусу ўвадначассе разагнаў усё шэсце. Спярша, не помнячы сябе ад жаху, яна пабегла да гарадской брамы, але хутка памяць вярнулася да яе, і яна панеслася да кляштара, дзе застаўся яе маленькі, зусім бездапаможны хлопчык. Кляштар быў ужо ўвесь ахоплены агнём, і ігумення, якая ў апошнія хвіліны Хасэфы мусіла апекавацца немаўлём, стаяла з ім перад уваходам і клікала па дапамогу. Хасэфа бясстрашна кінулася скрозь дым, які еў ёй вочы, скрозь абломкі, што ляцелі з усіх бакоў, і без ніводнае драпіны выбегла з кляштара з дзіцем на руках, нібыта яе ахоўвалі ўсе нябесныя анёлы. Яна ўжо хацела абняць ігуменню, якая малітоўна склала далоні, калі раптам тую разам з астатнімі манашкамі пахаваў пад сабой кляштарны дах. Хасэфу скаланула ад вусцішнага відовішча, і, спешна правёўшы даланёй па вачах ігуменні, яна ў жаху пабегла прэч ратаваць ад згубы мілага хлопчыка, другі раз падоранага ёй небам.

Зрабіўшы ўсяго некалькі крокаў, яна натрапіла на знявечанае цела арцыбіскупа, якое толькі што выцягнулі з-пад руінаў сабора. Палац віцэ-караля быў разбураны, будынак суду, дзе ёй абвяшчалі вырак, гарэў, а на месцы бацькоўскага дома ўтварылася возера, над якім бруілася чырванаватая пара. Хасэфе давялося сабраць усе свае сілы, каб вытрываць гэтае відовішча. Яна крочыла вуліцамі, ледзь стрымліваючы слёзы, але яе ноша дадавала ёй мужнасці. Яна была ўжо недалёка ад брамы, калі пабачыла руіны турмы, дзе быў зняволены Хероніма. Хасэфа хіснулася і ледзь не самлела проста на скрыжаванні, але ў тое ж імгненне ззаду абрынуўся дом, і страх дадаў ёй сілаў, каб бегчы далей. Яна пацалавала дзіця, выцерла слёзы з вачэй і, не зважаючы больш на навакольныя жахі, дабегла да брамы.

Перасекшы мяжу горада, яна хутка зразумела, што не ўсе жыхары зруйнаваных дамоў абавязкова мусілі загінуць. Яна спынілася на раздарожжы і пачала чакаць адзінага, хто пасля маленькага Філіпа быў ёй даражэйшы за ўсё на свеце. Але ён не з’яўляўся, хаця людская плынь рабілася ўсё шырэйшай, і Хасэфа панура пакрочыла па сцяжыне, і зноў абарочвалася, і зноў чакала. Урэшце, зняверыўшыся і праліўшы мора слёз, яна спусцілася ў змрочную даліну пад шаты піній, каб памаліцца за супакой яго душы. І там, у даліне, знайшла свайго каханага і сваё шчасце, нібы даліна тая была Эдэмам.

Усё гэта яна ўзрушана расказала Хероніма, а скончыўшы, дала яму пацалаваць дзіця. Хероніма ўзяў яго на рукі і з невымоўнай бацькоўскай радасцю прылашчыў, а калі хлопчык, убачыўшы незнаёмы твар, заплакаў, суцешыў яго пяшчотным пацалункам. Тым часам надышла чароўная ціхая ноч, поўная дзівосных водараў і серабрыстага ззяння, такая ноч, якая сніцца толькі паэтам. Уздоўж ручая, што абмываў залітую месяцовым святлом даліну, людзі ўладкоўваліся на мяккай пасцелі з моху і лісця, каб адпачыць ад доўгага, поўнага пакутаў дня. Многа было тых, хто яшчэ бедаваў: адзін — бо страціў дом, другі — бо страціў дзіця і жонку, трэці — бо страціў і тое, і другое. Таму Хероніма з Хасэфай схаваліся ў густым кустоўі, каб не засмучаць нікога сваёй таемнай радасцю. Яны знайшлі раскошнае гранатавае дрэва, чые цяжкія ад духмяных пладоў галіны шырока раскінуліся над зямлёй, а ў кроне заходзіўся жарснай песняй салавей. Хероніма сеў, прыхіліўшыся да камля, Хасэфа загарнула ў прыпол Філіпа, і ўсе трое накрыліся плашчом і адпачывалі. Цень дрэва са светлымі блікамі адпоўз убок, а месяц пацьмянеў перад світаннем, калі іх урэшце змарыў сон, бо яны маглі амаль бясконца гутарыць і пра кляштарны сад, і пра жахі зняволення, і пра тое, колькі яны адпакутавалі адно за аднаго; іх вельмі кранала думка пра тое, колькі гора павінна было абрынуцца на гэты свет, каб яны былі шчаслівымі!

Яны вырашылі выправіцца ў Ля-Кансэпсьён, дзе ў Хасэфы жыла верная сяброўка, як толькі скончацца падземныя штуршкі. У яе яны спадзяваліся пазычыць крыху грошай, каб адплыць у Гішпанію да сваякоў Хероніма па кудзелі і шчасліва жыць там да самай смерці. На гэтым пасля шматлікіх пацалункаў яны і заснулі.

Калі ж яны прачнуліся, сонца стаяла высока ў небе, і некалькі сем’яў гатавалі паблізу сняданак на вогнішчы. Хероніма таксама задумаўся, як здабыць ежу для свае сям’і, калі да Хасэфы наблізіўся малады, добра апрануты мужчына з дзіцем на руках і сарамліва запытаўся, ці не адмовіцца яна трошкі пакарміць грудзьмі беднае дзіця, чыя маці ляжыць параненая ў цені дрэваў. Хасэфа трохі збянтэжылася, пазнаўшы ў ім знаёмага, але ён, няправільна патлумачыўшы гэтую збянтэжанасць, загаварыў зноў:

— Усяго некалькі хвілінаў, донна Хасэфа, дзіця з таго імгнення, як нас усіх напаткала бяда, нічога не ела.

— Я не адказала з іншае прычыны, дон Фэрнанда. У гэты жахлівы час ніхто не адмовіцца падзяліцца тым, што мае, — прамовіла Хасэфа.


І яна перадала сваё дзіця Хероніма, а чужое паднесла да грудзей. Дон Фэрнанда, вельмі ўдзячны за дабрыню, запытаўся, ці не хочуць яны далучыцца да кампаніі, якая акурат гатуе на вогнішчы сціплы сняданак. Хасэфа адказала, што ахвотна прыме гэтую прапанову, Хероніма таксама не пярэчыў. Тады Фэрнанда павёў іх да свае сям’і, і дзве яго сваячкі, вельмі паважаныя маладыя жанчыны, сустрэлі іх з сардэчнасцю і прыязнасцю.

Калі жонка дона Фэрнанда Эльвіра, якая з цяжка параненымі нагамі ляжала на зямлі, пабачыла свайго шматпакутнага хлопчыка ля грудзей Хасэфы, яна з вялікай пяшчотай прыхіліла яе да сябе. А паранены ў плячо дон Пэдра, цесць Фэрнанда, прыязна кіўнуў галавой.

Хероніма і Хасэфе прыйшлі дзіўныя думкі. Яны бачылі, з якой дабрынёй і даверам прымаюць іх тут, і цяжка было паверыць у нядаўняе мінулае. Яны думалі пра кару, пра турмы, пра званы — можа, усё гэта толькі прымроілася? Здавалася, што жахлівы ўдар, які страсянуў людскія душы да самага дна, адначасова ўсіх іх прымірыў. Іх успаміны не сягалі далей за гэты момант. Адна толькі донна Элісабэта, якая не прыняла запрашэння адной са сваіх сябровак на ўчорашняе ранішняе відовішча, час ад часу задуменна спыняла позірк на Хасэфе, аднак штораз паведамленне пра яшчэ адно жахлівае няшчасце вяртала яе замроеную душу да рэальнасці.

Расказвалі, як пасля першага ж штуршка горад перапоўніўся жанчынамі, што нараджалі проста на вачах у мужчынаў, як манахі бегалі туды-сюды з крыжамі ў руках і з крыкамі пра канец свету, як на загад варты імем віцэ-караля ачысціць сабор адказвалі, што ў Чылі няма больш ніякага віцэ-караля. Як у самы жахлівы момант віцэ-кароль загадаў усталяваць шыбеніцы, каб спыніць рабункі. І як адзін нябога, што ратаваўся ад пажару праз заднія дзверы дому, быў паспешліва схоплены гаспадаром і тут жа павешаны як рабаўнік.

Пакуль усе былі занятыя гэтымі гісторыямі, донна Эльвіра скарыстала момант і спытала Хасэфу, якая займалася яе ранамі, пра яе прыгоды ў той жудасны дзень. Хасэфа з цяжкім сэрцам каротка расказала сваю гісторыю і са шчаслівай палёгкай убачыла, як на вачах шаноўнай дамы выступілі слёзы. Донна Эльвіра сціснула яе руку і зрабіла знак маўчаць. Хасэфа адчула сябе бязмежна шчаслівай. Яна не магла суняць пачуццё, што гаварыла ёй: хай учорашні дзень прынёс свету многа гора, для яе ён зрабіўся сапраўдным падарункам, спасланым нябёсамі. І сапраўды: у самыя жудасныя хвіліны, калі руйнавалася ўсё зямное і нават самой прыродзе пагражала знікненне, чалавечы дух, здавалася, раскрываўся, як прыўкрасная кветка. На палях, наколькі бачыла вока, ляжалі ўперамешку людзі рознага паходжання: князі і жабракі, шляхетныя дамы і сялянкі, чыноўнікі і рабочыя, манахі і манашкі. Яны спачувалі і дапамагалі адно аднаму, з радасцю дзяліліся тым неабходным для жыцця, што здолелі ўратаваць, нібы агульная бяда паяднала ўсіх, хто яе пазбегнуў, у адну сям’ю.

Замест пустых размоваў, якія вядуць за кубкам гарбаты, цяпер апавядалі пра неверагодныя учынкі: людзі, нічым да таго не прыкметныя, праявілі высакароднасць, вартую старажытных рымлянаў. Апавядалі пра мужнасць, пра надзвычайную пагарду да небяспекі, пра рашучае, самаадданае ахвяраванне жыццём, як самай нікчэмнай рэччу, якую можна знайсці на кожным кроку. Не было нікога, з кім бы ў той дзень не адбылося чагосьці кранальнага, нікога, хто не здзейсніў бы велікадушнага ўчынку. І ў кожным чалавечым сэрцы разам з болем пасялілася такая салодкая радасць, што складана было вызначыць, ці не вырас агульны дабрабыт з аднаго боку настолькі ж, наколькі панізіўся з іншага.

Хероніма ўзяў Хасэфу пад руку, перапыніўшы яе маўклівыя развагі, і з невымоўнай душэўнай радасцю павёў пад цяністыя гранатавыя алеі. Ён сказаў, што праз змену варункаў ды агульны настрой ён адмаўляецца ад ранейшага рашэння перасяліцца ў Еўропу, а лепш укленчыць перад віцэ-каралём, які заўсёды быў да яго прыхільны, і папрасіць пакінуць ім жыццё, бо спадзяецца (тут ён пацалаваў яе) застацца з ёй у Чылі. Хасэфа адказала, што такія думкі нарадзіліся і ў яе, бо калі бацька жывы, яна ўпэўненая ў хуткім замірэнні, але прапанавала не кленчыць перад віцэ-каралём, а выправіцца ў Ля-Кансэпсьён і ўжо адтуль пісьмова прасіць літасці, каб на ўсялякі выпадак быць бліжэй да порта, а калі ўсё скончыцца добра, адразу вярнуцца ў Сант’яга. Нядоўга думаючы, Хероніма ўхваліў гэтую мудрую прапанову. Яны прайшліся яшчэ трохі, затым павярнулі назад да людзей, а перад іхнымі вачыма луналі вобразы светлай будучыні.

Калі надышоў поўдзень, падземныя штуршкі зрабіліся слабейшымі, а паўсюдныя ўцекачы паспелі трохі супакоіцца, сярод людзей разляцелася вестка, што ў дамініканскім саборы, адзіным, які не пацярпеў ад землятрусу, сам прэлат кляштара адслужыць святочную імшу і будзе маліць нябёсы адвесці далейшыя няшчасці.

Народ з усяго краю ракой рушыў у горад. У кампаніі дона Фэрнанда паўстала пытанне, ці не паўдзельнічаць ва ўрачыстасці і далучыцца да агульнага руху. Донна Элісабэта змрочна нагадала пра няшчасце, што здарылася ў саборы ўчора, пра тое, што такія ўдзячныя маленні абавязкова будуць паўтарацца і што небяспека канчаткова міне, людзі з яшчэ большай радасцю і спакоем аддадуцца рэлігійным настроям. Хасэфа, хутка падняўшыся з зямлі, узнёсла прамовіла, што ніколі не адчувала мацнейшага жадання ўкленчыць перад Творцам, чым цяпер, калі ён паказаў сваю невытлумачальную велічную моц. Донна Эльвіра рашуча падтрымала Хасэфу. Яна настойвала на тым, што трэба паслухаць імшу, і заклікала дона Фэрнанда стаць на чале іх кампаніі, пасля чаго ўсе, і дона Элісабэта таксама, падняліся. Апошняя, аднак, збіралася ў дарогу цяжка ўздыхаючы і з вялікай неахвотай, а на ўсе пытанні адказвала, што ёй не дае спакою нейкае кепскае прадчуванне. Донна Эльвіра супакоіла яе і прапанавала застацца разам з ёй і яе хворым бацькам.

— Донна Элісабэта, можа, вы тады возьмеце ў мяне гэтага малога прыгажуна, які, бачыце, зноў апынуўся на маіх руках? — папрасіла Хасэфа.

— Ахвотна, — адказала донна Элісабэта і хацела ўжо ўзяць немаўля, як яно жаласна заенчыла, ніяк не пагаджаючыся на такую несправядлівасць. Хасэфа з усмешкай сказала, што возьме яго з сабой, і супакоіла дзіця пацалункам. Тады дон Фэрнанда, якому вельмі падабаліся яе годнасць і вытанчанасць, прапанаваў Хасэфе руку. Хероніма, які нёс малога Філіпа, павёў донну Канстансу, усе астатнія сталі за імі, і ў такім парадку кампанія рушыла да горада.

Прайшоўшы каля пяцідзесяці крокаў, яны пачулі вокліч донны Элісабэты, якая дагэтуль горача шапталася з доннай Эльвірай. “Дон Фэрнанда!” — усклікнула яна, і ўсе ўбачылі, як яна ўсхвалявана спяшаецца да шэсця. Дон Фэрнанда павярнуся, не выпускаючы рукі Хасэфы. Калі донна спынілася, чакаючы, што ён падыдзе сам, ён спытаў, чаго яна хоча. Донна Элісабэта, відавочна незадаволеная, наблізілася і некалькі словаў прашаптала яму на вуха, каб не пачула Хасэфа.

— І што з таго? — спытаў дон Фэрнанда. — Якая бяда можа здарыцца?

Донна Элісабэта са спалохам на твары зноў зашаптала яму на вуха. Дон Фэрнанда, пачырванеўшы ад абурэння, адказаў:

— Добра! Няхай донна Эльвіра не хвалюецца, — і павёў сваю даму далей.


Калі яны падышлі да дамініканскага сабора, там ужо гучала велічная мелодыя аргана і пагойдваўся велізарны натоўп. Людзі запаланілі ўвесь пляц перад храмам. На сценах, трымаючыся за рамы іконаў, віселі хлапчукі з шапкамі ў руках і ледзь стрымлівалі нецярпенне. З усіх лямпаў струменіла святло, калоны ў прыцемках адкідвалі таямнічыя цені, вялікая ружа з каляровага шкла гарэла, як само вечаровае сонца, што яе асвятляла. Калі арган нарэшце змоўк, запанавала такая цішыня, нібы ўвесь натоўп стаіў дыханне. Ніколі яшчэ ніводны хрысціянскі храм не выпраменьваў такой палкай пабожнасці, як гэты дамініканскі сабор у Сант’яга ў той дзень. І ніводная душа не палала так жарсна, як душы Хероніма і Хасэфы!

Урачыстасць пачалася з казання: з кафедры прамаўляў адзін з найстарэйшых канонікаў у святочным убранні. Узняўшы высока ўгору свае дрыготкія рукі, з якіх падалі складкі стыхара, ён пачаў з хвалы Госпаду за тое, што ў гэтай пахаванай пад руінамі частцы свету ёсць яшчэ людзі, здольныя гаварыць малітвы. Ён казаў, што ўсе нядаўнія падзеі былі воляю Усявышняга, што Страшны Суд не можа быць жахлівейшым за іх. І калі ён, паказваючы на шчыліну, што ўтварылася ў сцяне сабора, назваў учорашні землятрус адно папярэднікам Суду, хваля жаху пракацілася па ўсім натоўпе. Тады, захоплены сваім красамоўствам, ён перайшоў да сапсаваных нораваў гараджанаў, сказаў, што яны пакараныя за аблуды, якіх не бачылі нават Садом і Гамора, што толькі дзякуючы бясконцаму Божаму цярпенню горад не сцерты яшчэ з твару зямлі.

Нібы кінжалы праціналі і без таго развярэджаныя казанню сэрцы дваіх нашых гаротнікаў, калі канонік падрабязна апісваў блюзнерствы, учыненыя ў садзе кармеліцкага кляштара. Ён назваў бязбожнай паблажлівасць, з якой паставіўся да гэтага свет, і наўпрост назваўшы імёны вінаватых, пракляў іх душы.

Донна Канстанса, здрыгануўшыся побач з Хероніма, ускрыкнула: “Дон Фэрнанда!” Той адказаў так ціха і настойліва, як толькі гэта было магчыма:

— Маўчыце, донна, і нават вокам не вядзіце. Прыкіньцеся, што страцілі прытомнасць, і тады мы пакінем сабор.

Аднак не паспела донна Канстанса паслухацца мудрай і шчаснай парады, як раздаўся гучны голас, што перапыніў казань каноніка:

— Расступіцеся, жыхары Сант’яга, вось яны, гэтыя бязбожнікі!

Хтосьці спалохана запытаўся: “Дзе?” — і спалох перадаўся ўсім, хто стаяў вакол. “Вось!” — адказаў трэці, і нехта, поўны святога абурэння, пацягнуў Хасэфу за валасы так, што яна разам з сынам дона Фэрнанда ўпала б на падлогу, калі б апошні не падтрымаў яе.

— Вы звар’яцелі? — крыкнуў юнак і захінуў Хасэфу рукой. — Я дон Фэрнанда Армэс, сын гарадскога каменданта, якога ўсе вы ведаеце!

— Дон Фэрнанда Армэс? — прамовіў адзін шавец, ушчыльную наблізіўшыся да яго. Ёй раней працаваў на Хасэфу і ведаў яе гэтак жа добра, як і яе маленькія ножкі. — Хто бацька гэтага дзіцяці? — нахабна спытаў ён у дачкі Астэрона.

Пачуўшы гэтае пытанне, дон Фэрнанда спалатнеў,. Ён нясмела зірнуў на Хероніма, прабег вачыма па натоўпе ў пошуках знаёмага твару. Хасэфа, ахопленая жахам, прамовіла:

— Гэта не маё дзіця, майстар Пэдрыльё, як вы маглі такое падумаць, — тут яна спалохана ўзняла позірк на дона Фэрнанда. — Гэты чалавек — дон Фэрнанда Армэс, сын гарадскога каменданта, якога ўсе вы ведаеце!

Шавец працягваў:

— Хто з вас, гараджане, ведае гэтага чалавека?

І большасць прысутных падхапіла:

— Хто ведае Хероніма Ругера, хай зробіць крок наперад!

Раптам маленькі Хуан, напалоханы шумам, памкнуўся ад грудзей Хасэфы ў рукі дона Фэрнанда. І тут жа хтосьці крыкнуў

— Вось бацька! Вось Хероніма Ругера! Вось яны, блюзнеры!

І ўвесь храм Божы крычаў:

— Пабіце іх камянямі! Пабіце іх камянямі!

Тады ўжо Хероніма не вытрываў:

— Спыніцеся, нелюдзі! Калі шукаеце Хероніма Ругера — вось ён! Пакіньце гэтага ні ў чым не вінаватага чалавека!

Ашалелы натоўп знерухомеў, збіты з тропу гэтым прызнаннем. Некалькі рук адчапіліся ад дона Фэрнанда. У тое ж імгненне да іх падбег марскі афіцэр высокага чыну і, прабіўшыся праз цісканіну, спытаў:

— Дон Фэрнанда Армэс! Што з вамі здарылася?

Той ужо цалкам вызваліўся і з гераічнай вынаходлівасцю адказаў:

— Дон Алонса, паглядзіце на гэтых злыдняў! Калі б гэты шаноўны сеньёр не ўціхамірыў натоўп, назваўшыся Хероніма Ругера, я мог бы загінуць. Будзьце так ласкавыя, арыштуйце яго разам з гэтым дзяўчом дзеля бяспекі абодвух, а заадно і гэтага нягодніка, — ён схапіў шаўца Пэдрыльё, — які і ўсчаў увесь пярэпалах!

Шавец запярэчыў:

— Дон Алонса Анарэха, адкажыце сумленна: ці ж гэтае дзяўчо не Хасэфа з Астэронаў?

Пакуль дон Алонса, які вельмі добра ведаў Хасэфу, марудзіў з адказам, некалькі галасоў у новым сполаху шаленства прагрымелі:

— Гэта яна! Гэта яна! Забіце яе!

Тады Хасэфа перадала малога Філіпа, якога дагэтуль трымаў Хероніма, разам з малым Хуанам на рукі дону Фэрнанда і сказала:

— Ідзіце ж, дон Фэрнанда, уратуйце абодвух сваіх дзяцей і пакіньце нас нашай долі!

Дон Фэрнанда ўзяў абодвух хлопчыкаў і сказаў, што ён хутчэй загіне, чым дапусціць, каб з яго сябрамі здарылася бяда. Ён падаў Хасэфе руку, пазычыў у марскога афіцэра шаблю і запрасіў другую пару ісці за ім. Пасля такой падрыхтоўкі ім пачціва саступалі дарогу. Яны здолелі выйсці з сабора і ўжо лічылі сябе ўратаванымі, але як толькі яны апынуліся на пляцы, таксама перапоўненым людзьмі, хтосьці з ашалелага натоўпу за іх спінамі закрычаў: “Гэта Хероніма Ругера, гэта кажу вам я — ягоны бацька!” — і моцным ударам дубіны паваліў яго на зямлю, ледзь не зачапіўшы донну Канстансу. “Божа мой!” — ускрыкнула донна Канстанса і кінулася да свайго сваяка. Але хтосьці крыкнуў: “Распусніца!” — і ад другога ўдару яна ўпала побач з Хероніма.

— Нечувана! — крыкнуў невядомы, — гэта ж была донна Канстанса Ксарэс!”

— Навошта яны нас падманваюць? — адгукнуўся шавец. — Знайдзіце вінаватую ды забіце яе!

Дон Фэрнанда, убачыўшы труп донны Канстансы, запалаў гневам. Ён замахнуўся шабляй і рассек бы надвое крыважэрнага фанатыка, што ўчыніў гэтае зверства, калі б той не здолеў ухіліцца ад яраснага ўдару.

Аднак ён не мог адолець націск цэлага натоўпу, і тады Хасэфа ўсклікнула:

— Бывайце, дон Фэрнанда, бывайце, дзеці! Дык забіце ж мяне, крыважэрныя тыгры! — і сама кінулася да іх, каб спыніць гэтую бойку.

Пэдрыльё збіў яе з ног ударам дубіны і, увесь запырсканы крывёю, падаўшыся наперад з усё яшчэ не спатоленай прагай крыві, закрычаў: “І байструка адпраўце ў пекла!”

Дон Фэрнанда, гэты гераічны чалавек, прыхіліўся спінаю да сцяны сабора. У левай руцэ ён трымаў дзяцей, у правай — шаблю. Кожным ударам, як маланкай, адпраўляў ён кагосьці на той свет: і леў не мог бы бараніцца лепей. Сем крыважэрных звяроў ужо ляжалі мёртвыя перад ім, а сам верхавод сатанінскай зграі быў паранены. Аднак шавец Пэдрыльё не супакоіўся, пакуль не вырваў аднаго з дзяцей за ногі з ягоных рук, і, падняўшы немаўля высока над галавой, забіў аб востры кут калоны. Запанавала цішыня, і ўсе разышліся. Дон Фэрнанда паглядзеў на малога Хуана, у якога выцякалі мазгі, і з невымоўным болем узняў позірк да неба.

Марскі афіцэр зноў падышоў да яго, пачаў суцяшаць і запэўніваць, што раскайваецца ў сваім хай сабе і апраўданым пэўнымі акалічнасцямі бяздзеянні. Дон Фэрнанда адказаў, што яго няма за што дакараць, і папрасіў дапамагчы вынесці целы забітых. У змроку ночы, якая надышла зусім нечакана, яны перанеслі іх у дом дона Алонса, і шмат слёз праліў па дарозе дон Фэрнанда на тварык малога Філіпа. Ён правёў у дона Алонса ноч і доўга марудзіў, выдумляючы розныя адгаворкі, перш чым паведаміць жонцы пра ўвесь жах учорашняга дня, па-першае, праз яе хваравіты стан, а па-другое таму, што не ведаў, як яна ацэніць ягоныя паводзіны падчас гэтага здарэння. Але выявілася, што адна наведніца выпадкова расказала ёй пра ўсё, што адбылося. Ціха выплакаўшы свой мацярынскі боль, гэтая цудоўная дама аднойчы ранкам кінулася да яго ў абдоймы і з яшчэ бліскучым ад слёз тварам пацалавала.

Дон Фэрнанда і донна Эльвіра ўзялі апеку над чужым дзіцем, і калі дон Фэрнанда параўноўваў Філіпа з Хуанам і думаў пра тое, як ён атрымаў і першага, і другога, яму амаль здавалася, што ўсё ў нашым свеце да лепшага.

пераклад з  нямецкай   –   Юлія Камбалава

© Юлія Камбалава, пераклад, 2011