№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

In memoriam: Ніна Мацяш

3 красавіка 2009

In memoriam: Ніна Мацяш

Ніна Мацяш

(20 верасня 1943 – 19 снежня 2008)
19 снежня 2008 г. у Белаазёрску памерла Ніна Мацяш, беларуская паэтка і перакладніца. Найлепшая памяць пра творцу – гэта яго творы, а таму змяшчаем тут падборку перакладаў Ніны Мацяш, якія былі надрукаваныя пры яе жыцці.

 
Карл Арлеанскі

Рандо

З бяздоннай студні ўдумнасці маёй
Ваду надзеі ўпарта здабываю,
Бездапаможны, часта ж выяўляю,
Што перасох струмень гаючы мой.

Крынічная, крыштальная парой,
Парою каламутная, цвілая.
З бяздоннай студні ўдумнасці маёй
Ваду надзеі ўпарта здабываю.

Атрамант расціраю дбайна ў ёй,
Паперы ліст бяру, ды падступае
Падступны лёс, паперу шкуматае
І ўсё шпурляе ў жорсткасці сваёй
У бездань студні ўдумнасці маёй.Луі дэ Мазюр

Зняможаны

Калі б і смерць такую мела сілу,
З якой маркота сэрца мне ссушыла,
Альбо каб ёй загад аддаць я мог,
Мне расчыніць збавенную магілу –
Даўно б ужо я ў дамавіну лёг.
Ды смерць, хоць клічу ўдзень яе і ўночы,
Мне памагчы не можа ці не хоча,
І мушу я, жыццю жывы дакор,
Пад непасільным крыжам далей крочыць,
Хоць лепей бы, чым гэтак жыць, памёр.Панцюс дэ Тыяр

Загадка

Няўлоўны цуд я, а красы такой,
Што немагчыма штось назваць красою,
Калі яна не ўгожана і мной.

Няволі не цярплю: ледзь што якое –
Той, хто насільна хоча мець мяне,
Навекі развітаецца са мною.

Калі ж хто легкадумна пасягне
На патаемныя мае асновы,
Таго мая адпомста не міне!

І згідзіцца той сам сябе мусова:
Адзіна прад паглядам незямным
Скарб існасці маёй заззяць гатовы.

Жыць без мяне – пакута, а пры тым
Адно тады мной чалавек пануе,
Калі я цалкам запаную ім.

Заўжды нашу ахінку залатую.
Але пасілься толькі затрымаць –
Імклівей бліскавіцы прападу я.

Крый бог яшчэ ўздагон мяне ўмаўляць:
Спазнае кожны меру кары грознай,
Бо я нат скалы ўмею нізрынаць.

Мой рух няўрымсны, мой настрой найрозны,
Ні колеру не маю, ні выяў,
Але ўладаю сілаю дзівоснай.

Усё жыццё маё – вайна мая,
Каб процілегства ўсё маё згібела,
Але ўміраю ўслед за ім і я.

Дык адгадайце ж: цень я альбо цела?

Чытайце таксама

Мастацтва  — гэта мова міжнацыянальных зносін

Алесь Сураў

Мастацтва — гэта мова міжнацыянальных зносін

Сёлетняй вясною ў Гарадзенскай харальнай сінагозе прайшла выстава мастака Алеся Сурава “Паштоўкі з мястэчка”. Рэдакцыя часопіса “ПрайдзіСвет” наведала выставу. З мастаком пагутарыў Альгерд Бахарэвіч.

Метараман: праблема дэфініцыі

Ганна Бутырчык

Метараман: праблема дэфініцыі

Праблема самапазнання і самавызначэння надзвычай актуальная для сучаснага мастацтва, у тым ліку і для літаратуры, якая намагаецца вызначыць свой гнасеалагічны і анталагічны статус.

Ці ўключаная Беларусь у

Наталля Рак

Ці ўключаная Беларусь у "свет камандораў" (паводле рамана Маргарэт Этвуд "Аповед Пакаёўкі")

У гэтым плане фемінісцкая дэканструкцыя як літаратурны метад можа быць перанесеная на культурнае поле, у тым ліку і беларускае: калі сацыяльныя, палітычныя, культурныя ці побытавыя падзеі разглядаюцца…

У Афрыку гадзіннік не бяру

Марэк Вадас

У Афрыку гадзіннік не бяру

Ён піша кнігі не дзеля выдання, а дзеля таго, каб сказаць штосьці важнае. Робіць гэта ўжо шэсць разоў. Атрымаў нават прэстыжную славацкую літаратурную прэмію Anasoft litera. Па сюжэты сваіх твораў ён…

3363