№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гіём Апалінэр

Пражскі прахожы (Le Passant de Prague)

Апавяданне

Пераклад з французскай Алесь Асташонак

У сакавіку 1902 году я быў у Празе [1]. Ехаў я туды з Дрэздэна.

У Бадэнбаху, на аўстрыйскай мытні, я зразумеў з паводзінаў службоўцаў чыгункі, што нямецкай суворасці ў імперыі Габсбургаў не існуе.

Калі на вакзале я пацікавіўся, дзе можна здаць рэчы на захаванне, службовец узяў у мяне валізу, потым, дастаўшы са сваёй кішэні квіток, разарваў яго напалам і працягнуў мне адну палову, сказаўшы, што я мушу яе захаваць. Службовец запэўніў мяне, што сам будзе беражліва захоўваць другую палову і калі пасля прад'яўлення яму маёй паловы квітка ён прыкладзе да яе сваю палову і паловы гэтыя сыдуцца, то я давяду тым самым, што напраўду з'яўляюся ўладальнікам багажу і змагу забраць валізу. Пайшоўшы з ёю, ён зняў, трэба прызнаць, не дужа прыгожую форменную кепку і з пачцівасцю кіўнуў мне галавою.

Пакінуўшы памяшканне вакзала Франца-Іосіфа, я ледзьве адвязаўся ад нахабніц, якія з чыста італьянскай дагодлівасцю прапаноўвалі мне сябе на амаль незразумелай нямецкай мове, і заглыбіўся ў старажытныя вулкі, жадаючы знайсці пакой, які адпавядаў бы незайздроснаму змесціву майго кашалька. Прытрымліваючыся звычкі, не дужа прыемнай, затое зручнай для людзей, што не ведаюць горад, у які яны трапілі, я звяртаўся з пытаннямі да прахожых.

На маё вялікае здзіўленне, першыя пяць спыненых мною чалавек не разумелі па-нямецку аніводнага слова — гаварылі адно па-чэшску. Шосты выслухаў мяне, усміхнуўся і адказаў па-французску:

— Размаўляйце па-французску, мсьё, мы не любім немцаў яшчэ больш, чым вы, французы. Мы іх ненавідзім, яны хочуць навязаць нам сваю мову, выкарыстаць нашую прамысловасць і нашую зямлю — а яна ў нас рэдкай ураджайнасці, — віно, вугаль, каштоўныя камяні і металы, усё, апрача солі. У Празе размаўляюць толькі па-чэшску. Але калі вы гаворыце па-французску, усе, хто зможа вам адказаць, заўсёды зробяць гэта з радасцю.

Ён паказаў мне дарогу да гатэля і развітаўся са мною, яшчэ раз запэўніўшы мяне ў сваёй прыязнасці да Францыі.

 

***

За некалькі дзён да гэтага ў Парыжы святкавалі стагоддзе з дня нараджэння Віктора Гюго.

Я змог упэўніцца, што сімпатыі багемцаў, выказаныя з гэтае нагоды, не былі фармальныя. Сцены дамоў былі аздобленыя цудоўнымі афішамі, якія рэкламавалі пераклады на чэшскую мову раманаў Віктора Гюго. Вітрыны кнігарняў нагадвалі стэнды музеяў, што ўслаўляюць вялікага паэта. Да іх былі прыклееныя выразаныя з парыжскіх газет артыкулы пра візіт у сталіцу Францыі пражскага мэра і “Сокалаў” [2]. Я яшчэ спытаў сябе, якая ж роля гімнастыкі ва ўсёй гэтай справе.

У вітальні гатэля месцілася невялічкая кавярня. На другім паверсе летная жанчына, пасля таго як я дамовіўся аб аплаце, адвяла мяне ў нумар, які ўяўляў сабою невялікі вузкі пакойчык, дзе стаялі два ложкі. Убачыўшы іх, я падкрэсліў, што хацеў бы жыць адзін. Жанчына ўсміхнулася і сказала, што рабіць я магу як захачу, аднак без асаблівае цяжкасці змагу знайсці сабе сяброўку ў кавярні.

 

***

Я выйшаў, збіраючыся прагуляцца і паабедаць пасля ў багемскім шынку. Згодна са сваёю звычкай, я звярнуўся да прахожага. Той здагадаўся, адкуль я, па маім акцэнце і адказаў мне па-французску:

— Я, як і вы, іншаземец, але дастаткова добра ведаю Прагу і яе вартасці і магу запрасіць вас прагуляцца разам са мною па горадзе.

Я паглядзеў на яго. З выгляду яму было гадоў шэсцьдзесят, але трымаўся мацаком. Апрануты ён быў у доўгае рудое паліто з каўняром з футра выдры; вузкія чорныя штаны шчыльна прыставалі да моцных ног; на галаве ў яго быў шыракаполы фетравы капялюш — такія любяць нямецкія прафесары; лоб быў перавязаны чорнай шаўковай стужкаю. Абуты ён быў у чаравікі з мяккае скуры, без абцасаў, і таму крокі ягоныя былі нячутныя. Ішлі мы моўчкі. Я глядзеў на спадарожніка збоку. Твару ягонага амаль не было відаць з-за вялізнае барады, вусаў і вельмі доўгіх валасоў, белых, як футра гарнастая; трэба адзначыць, што яны былі дбайна расчасаныя. Праўда, пад вусамі можна было ўбачыць тоўстыя, мала не фіялетавыя вусны. Нос ён меў вялікі, крывы і валасаты. Каля прыбіральні незнаёмец спыніўся.

— Прабачце, мсьё, — сказаў ён мне.

Я пайшоў за ім і ўбачыў, як ён расшпільвае шырынку на хаду. Калі мы выйшлі з прыбіральні, ён сказаў:

— Паглядзіце на гэтыя старажытныя дамы, яны захоўваюць знакі, па якіх іх адрознівалі да таго, як яны былі пранумараваныя. Вось дом са знакам Дзевы, вось — з Арлом, а вунь там — з рыцарам.

Над парталам апошняга была дата. Стары прачытаў яе ўголас:

— “1721 год”, — ён задумаўся і затым сказаў: — Дзе я тады быў?.. 21 чэрвеня 1721 году я пад'ехаў да брамы Мюнхена.

Я вырашыў, што перада мною вар'ят. Ён паглядзеў на мяне і ўсміхнуўся, агаліўшы бяззубыя дзясны. Потым прадоўжыў:

— Я пад'ехаў да брамы Мюнхена. Але мне здалося, што твар мой не спадабаўся брамнікам: яны вельмі доўга і пры¬дзірліва распытвалі мяне. Мае адказы іх не задаволілі, яны звязалі мяне і адвялі да інквізітараў. Па дарозе, убачыўшы выяву святога Ануфрыя на сцяне дому — цяпер гэта нумар 16 на Марыенпляц, — я ўсміхнуўся: прынамсі да заўтра жыць яшчэ буду, бо гэтая выява надзяляе таго, хто яе ўбачыў, хоць бы яшчэ адным днём жыцця. Але мяне гэтая праблема абыходзіла: я ведаў, што выжыву ў любой сітуацыі. Неўзабаве суддзі адпусцілі мяне на волю, і я ажно тыдзень гуляў па Мюнхене.

— Вы тады былі малады, — прамовіў я, каб хоць нешта сказаць, — вельмі малады!

— Маладзейшы на два стагоддзі. Але калі не лічыць касцюма, выглядаў акурат гэтаксама, як і цяпер. Гэта не было, дарэчы, маё першае наведванне Мюнхена. Я быў там у 1334 годзе — дагэтуль памятаю тыя два картэжы, што сустрэў у ім. Першы складаўся з лучнікаў, якія суправаджалі распусніцу, яна смела глядзела ў вочы разявакам і не звяртала асаблівае ўвагі на гіканне, на галаве ў яе была саламяная карона з дыядэмаю ганьбы, на ёй вісеў, пазвоньваючы, званочак, а два даўжэзныя пучкі саломы спускаліся да каленяў. Скутыя рукі былі скрыжаваныя на жываце, што выступаў уперад, — тады прыгожымі жанчынамі лічыліся тыя, што былі падобныя да цяжарных. У жанчын, дарэчы, гэта адзіная прыгажосць. Другі картэж складаўся з аднаго-адзінюткага габрэя, якога вялі да шыбеніцы. Натоўп быў п'яны ад піва і выў. Я пайшоў услед за ім. На галаве ў габрэя была расфарбаваная ў чырвоны колер жалезная маска, якая абазначала аблічча д'ябла, з вушамі ў форме ражкоў. Нос быў доўгі, завостраны і, напэўна, цяжкі, таму што няшчасны ішоў сагнуўшыся. Гэтую трагікамічную маску дапаўняў вялізны плоскі язык, вузкі і скручаны, і наўрад ці і ён быў лёгкі. Аніводная жанчына не шкадавала габрэя. Ніхто і не падумаў выцерці пад маскаю пот — ён з бедака няйначай як ручаём ліў, — як гэта зрабіла названая пазней святой Веранікаю невядомая жанчына, што выцерла твар Хрыста. Заўважыўшы, што адзін чалавек вёў двух велізарных сабак, плебеі пачалі раўці, каб сабак прывязалі да габрэя. Я падумаў, што гэта двайное блюзнерства: і з пункту гледжання рэлігіі гэтых людзей, якія зрабілі з габрэя нешта накшталт ро¬спачнага Хрыста, і з пункту гледжання гуманнасці, таму што я ненавіджу жывёл, мсьё, і цярпець не магу, калі з імі абыходзяцца як з людзьмі.

— Вы ізраільцянін? — спытаў я. Ён адказаў:

— Я Габрэй-Бадзяга. Габрэй-Валачомец. Вы, вядома, ужо здагадаліся. Я Вечны Жыд — так называюць мяне немцы. Я Ісаак Лакедэм.

Я даў яму сваю візітоўку і сказаў:

— Вы былі ў Парыжы летась, ці ж не так? І напісалі крэйдаю на сцяне дому на вуліцы Брэтані сваё імя. Я згадваю, што бачыў гэты надпіс, калі ехаў у імперыяле омнібуса ў бок Бастыліі.

Ён сказаў, што так яно і было, і я працягваў:

— Вас часта называюць Агасферам? [3]

— Божа мой, — усклікнуў ён, — як мяне толькі не называлі! У тужлівай народнай песні, якую склалі пасля майго наведвання Брусэля, я паўстаю як Ісаак Лакедэм, паводле Філіпа Мускеса, які выклаў у 1243 годзе ў фламандскім вершы маю гісторыю. Ангельскі хранікёр Матфей Парыжскі, пачуўшы гэтую гісторыю ад армянскага патрыярха, таксама яе пераказаў. З тае пары паэты ды хранікёры часта выкладаюць паданне пра мяне, дзе я фігурую то як Агасфер, то як Агасферус, то як-небудзь інакш. Італьянцы называюць мяне Бутадзія — на латыні Бутадэюс, брэтонцы — Будэдэа, гішпанцы — Жуанам Эспера-ан-Дзіяс. Мне самому больш даспадобы імя Ісаак Лакедэм, пад якім я часта з'яўляўся ў Нідэрландах. Некаторыя аўтары сцвярджаюць, што я быў насільшчыкам у Понція Пілата і што імя маё было тады Картафілос. Іншыя бачаць ува мне толькі краўца. Жыхары Берна ганарацца тым, што ў іхным горадзе захоўваецца пара ботаў, якія, паводле падання, зробленыя мною... Але я нічога не скажу пра сваю асобу, калі толькі Ісус не загадае мне вяртацца да вытокаў. Я не прачытаў усіх кніг, на стварэнне якіх натхніла аўтараў маё імя, але ведаю імёны ўсіх гэтых людзей. Вось яны: Гётэ, Шубарт, Шлегель, Шрайбер, фон Шэнк, Пфіцэр, В. Мюлер, Ленаў, Зэдліц, Мосэнс, Кёхлер, Клінгеман, Левін, Шукінг [4], Андэрсэн, Хелер, Херыг, Хамерлінг, Роберт Гізэке, Кармэн Сільва, Хеліг [5], Нэўбаўр, Паўлюс Касэль, Эдгар Кінэ, Эжэн Сю, Гастон Пары [6], Жан Рышпэн, Жуль Жоўі, ангелец Конвэй, пражане Макс Хаўсхофер і Сухамел. Варта дадаць, што ўсе гэтыя аўтары карысталіся маленькім зборнічкам розных паданняў; ён выйшаў у Лейдэне ў 1602 годзе і неўзабаве быў перакладзены на лаціну, французскую і нідэрландскую, а потым, перапісаны і дапоўнены Сімрокам, з'явіўся ў ягонай серыі “Народная кніга” на нямецкай мове. Але паглядзіце! Вось Рынг, альбо Плошча Страйку. У гэтай царкве пахаваны астраном Ціха Браге, тут прапаведаваў Ян Гус, яе сцены захоўваюць сляды гарматных ядраў Трыццацігадовае і Сямігадовае войнаў.

Ён змоўк. Мы наведалі царкву, потым пайшлі паслухаць, як б'е гадзіннік на вежы Гарадской Гасцініцы. Смерць цягнула за вяроўку і званіла, ківаючы галавою. Іншыя статуі варушыліся, певень біў крыламі, а Дванаццаць Апосталаў праходзілі перад адчыненым акном, кідаючы на вуліцу абыякавыя позіркі. Наведаўшы змрочную вязніцу, якая называецца Шбінска, мы апынуліся ў габрэйскім квартале, дзе прадаваліся рознае рыззё, жалезны лом і Бог ведае што яшчэ. Мяснікі здзіралі скуру з забітых кароў. Жанчыны ў ботах некуды спяшаліся. Міма праходзілі габрэі ў жалобе, іх можна было пазнаць па разарванай адзежы. Дзеці нешта лапаталі — па-чэшску ці на габрэйскім жаргоне [7]. Не здымаючы капелюшоў, мы наведалі старажытную сінагогу; у час службы жанчыны туды не заходзяць, а заглядваюць праз акенца. З выгляду гэтая сінагога была падобная да магілы, дзе захоўваецца старажытны пергаментны манускрыпт — тора. Пасля Лакедэм вызначыў па гадзінніку на Гасцініцы Габрэйскага Горада, што цяпер ужо тры гадзіны дня. На гэтым гадзінніку нанесеныя габрэйскія лічбы, і ягоныя стрэлкі ідуць у зваротны бок. Мы прайшлі Малдаў на Карлсбруке, па мосце, з якога скінулі ў раку святога Яна Непамуцкага, пакутніка таямніцы Веры. З гэтага моста, аздобленага жаласлівага выгляду статуямі, адкрываецца цудоўны краявід — Малдаў і ўся Прага з яе шматлікімі храмамі й кляштарамі.

Перад намі ўзвышаўся пагорак — Градчаны. Падымаючыся па ім спаміж палацамі, мы гутарылі.

— Я лічыў, — сказаў я, — што вас не існуе. Мне зда¬валася, гэтае паданне з'яўляецца адно сімвалам таго, што ваш народ бадзяецца па свеце... Дык значыць, гэта праўда, што Ісус вас выгнаў?

— Гэта праўда, але не будзем гаварыць пра гэта. Я прызвычаіўся да жыцця без канца і адпачынку. Я ж не сплю. Іду няспынна і буду яшчэ ісці, пакуль не праявяцца Пятнаццаць Знакаў Суднага Дня [8]. Але я не праходжу па шляху Крыжа, мае дарогі — шчаслівыя. Бессмяротны і адзіны сведка прысутнасці Хрыста на зямлі, ягонай Боскай самаахвярнай драмы, што разыгралася на Галгофе. Якая слава! Я назіраю за чалавецтвам вось ужо дзевятнаццаць стагоддзяў і атрымліваю ад гэтага відовішча дзіўныя ўражанні. Мой грэх, мсьё, быў грахом генія, і я ўжо даўно перастаў раскайвацца.

Ён змоўк. Мы наведалі каралеўскі палац на Градчанах, прайшлі па ягоных скрушна-велічных залах, пасля пабывалі ў кафедральным саборы, паўзіраліся на каралеўскую спачывальню і рáку святога Яна Непамуцкага. У капліцы, дзе каранавалі караля Багеміі і дзе зведаў нечуваныя пакуты святы кароль Венцаслаў, Лакедэм заўважыў, што сцены яе пакрытыя каштоўнымі камянямі: агатамі ды аметыстамі. Ён паказаў мне на адзін з аметыстаў.

— Бачыце, у цэнтры, твар з палаючымі вар'яцкімі вачыма? Сцвярджаюць, што гэта маска Напалеона.

— Гэта мой твар! — усклікнуў я. — Вочы такія ж змрочныя і раўнівыя, як у мяне!

Я напраўду ўбачыў мой тужлівы партрэт каля бронзавых дзвярэй, дзе вісіць колца, за якое трымаўся перад смерцю святы Венцаслаў. Нам давялося выйсці. Я быў бледны ад страху: я ж убачыў сябе вар'ятам — я, той, хто так баяўся ім стаць!

Лакедэм, шкадуючы мяне, суцяшаў:

— Не будзем больш знаёміцца з помнікамі гісторыі. Пойдзем па вуліцах. Паглядзіце добра на Прагу: Гумбальт [9] сцвярджае, што гэта адзін з пяці самых цікавых гарадоў Еўропы.

— Дык вы чытаеце?

— О, часам, добрыя кнігі, па дарозе... Хадземце, смейцеся! Я й кахаю часам ідучы.

— Як, вы яшчэ і кахаеце?!

— Мае любоўныя прыгоды, якія доўжацца імгненні, вартыя іншых раманаў, што цягнуцца стагоддзе. На шчасце, за мною ніхто не йдзе, а значыць, я пазбаўлены таго, з чаго нараджаецца рэўнасць. Хадземце, смейцеся! Не бойцеся ні будучыні, ні смерці! Ніколі не бываеш упэўнены, што памрэш. Вы што, думаеце, я адзіны, хто не памёр? Згадайце Яноха, Элію, Эмпедокла, Апалоніюса Ціянскага [10]. I хіба не засталося нікога ў свеце, хто верыць, што Напалеон яшчэ жывы? А гэты няшчасны кароль Баварыі, Людвіг II? [11] Спытайце ў баварцаў. Усе яны сцвярджаюць, што іхны цудоўны манарх-вар'ят яшчэ жывы. Вы самі, можа стацца, не памраце.

 

***

На зямлю спусцілася ноч, горад загарэўся агнямі. Мы перайшлі цераз Малдаў па мосце больш сучаснай канструкцыі.

— Час вячэраць, — сказаў Лакедэм, — хаданіна абуджае апетыт, а я ядок, якіх пашукаць.

Мы ўвайшлі ў шынок, дзе гучала музыка.

Гралі трое: скрыпач, чалавек з бубнам, барабанам і трохкутнікам, у трэцяга была фісгармонія... Шум гэтая тройца стварала проста неверагодны, і мы з задавальненнем елі пад яго гуляш з папрыкаю, смажаную бульбу, пасыпаную кменам, булку з макам, запіваючы ўсё гэта пльзеньскім півам. Лакедэм еў, прагульваючыся па зале. Музыкі гралі, пасля збіралі грошы. Увесь гэты час у зале раскаціста гучалі гартанныя галасы наведнікаў, пераважна чэхаў, — яны амаль усе мелі шарападобныя галовы, былі круглатварымі, з буйнымі насамі. Лакедэм трымаўся нязмушана. Я бачыў, як ён паказаў на мяне. Позіркі наведнікаў адразу ж звярнуліся ў мой бок; да мяне падышоў чалавек і паціснуў мне руку са словамі:

— Няхай жыве Пранцыя!

Музыкі зайгралі “Марсэльезу”. Патроху шынок запоўніўся. Былі ў ім і жанчыны. Пачалі танцаваць. Лакедэм схапіў за руку нейкую маладзіцу і таксама пусціўся ў скокі. Глядзець на іх было адно задавальненне. Абое танцавалі як анёлы, — апошнія, дарэчы, называюцца ў Талмудзе майстрамі танцу. Раптам ён схапіў сваю партнёрку за сукню, згроб яе, як той казаў, у ахапку, прыўзняў і кружыў так з ёю пад воплескі ўсяе публікі. Калі дзяўчына стала на ногі, то была амаль непрытомная. Лакедэм гучна цмокнуў яе ў шчаку. Затым ён заплаціў за сябе — патрэбны быў флорын — і дастаў з гэтай мэтаю свой кашалёк, пабрацім “гаманца” Фартунатуса [12]: у ім заўсёды былі легендарныя пяць дробных манетак.

 

***

Мы выйшлі з шынка і перайшлі цераз вялікую прастакутную плошчу, якую называюць Вензэльпляцам, Венмарктам, Росмарктам альбо па-чэшску Вацлаўске Намесці. Было дзесяць гадзін. Пад ліхтарамі праходжваліся жанчыны, яны па-чэшску заваблівалі нас. Лакедэм звёў мяне ў габрэйскі горад, сказаўшы:

— Вось убачыце: уначы кожны дом ператвараецца ў бардэль.

Гэта напраўду было так. Каля кожных дзвярэй можна было ўбачыць матрону з галавою, пакрытаю шалем; жанчыны запрашалі нас да сябе пакаштаваць слодычаў кахання.

— Не жадаеце прайсці ў квартал Каралеўскіх Вінаграднікаў? — звярнуўся да мяне Лакедэм. — Там дзяўчаткі ад чатырнаццаці да пятнаццаці гадоў, нават педафілам прыходзяцца даспадобы.

Я адхіліў гэтую спакуслівую прапанову. У найбліжэйшай забаўляльнай установе мы пілі венгерскае віно з жанчынамі ў пеньюарах — немкамі, мадзьяркамі, чэшкамі. Неўзабаве баляванне набыло зусім распусны характар; зрэшты, я застаўся ўбаку.

Лакедэм — наадварот. Ён захапіўся цыцкастай і задастай мадзьяркаю. А спакваля і зусім разышоўся, агаліўся да пояса і пацягнуў яе за сабою — дзяўчына, трэба сказаць, чамусьці пабойвалася старога... Праз чвэрць гадзіны яны вярнуліся. Знямоглая мадзьярка крычала па-нямецку:

— Ён увесь час хадзіў, увесь час хадзіў!

 

***

Лакедэм смяяўся; мы расплаціліся і пайшлі.

— Я вельмі задаволены гэтаю дзяўчынай, — сказаў ён мне, — атрымаў рэдкае задавальненне. Не згадваю падобнае радасці з 1267 году; тады, у Форлі, я авалодаў нявінніцай. Я быў таксама шчаслівы ў Сьене, не памятаю ўжо, у якім годзе, у XIV стагоддзі, з замужняй булачніцай, валасы ў яе былі колеру залацістых хлябцоў. У 1542 годзе, у Гамбургу, я так захапіўся, што зайшоў у царкву босы і маліў Бога дараваць мне і дапамагчы спыніцца. У гэты дзень, у час казані, мяне пазнаў і падышоў да мяне студэнт Паўлюс фон Эйтцэн — ён стаў пазней біскупам Шлезвіга. Ён расказаў пра знаёмства са мною свайму таварышу Крыстасому Дзедалусу, і той напісаў пра мяне працу — у 1564 годзе яна пабачыла свет [13].

— Ну й жыццё ў вас! — усклікнуў я.

— Але, я жыву жыццём амаль Боскім, жыццём Ўатана [14], сумаваць няма калі. Аднак, я гэта адчуваю, час ужо адыходзіць. Хапіла з мяне Прагі! Вы проста валіцеся ад стомы. Ідзіце спаць! Бывайце!

Я працягнуў сваю руку да ягонай — доўгай, сухой.

— Бывайце, Габрэй-Бадзяга, шчаслівы валацуга, што праводзіць сваё жыццё ў бязмэтных вандроўках! Ваш аптымізм непасрэдны, і наколькі ж неразумныя ўсе тыя, хто прадстаўляе вас як змардаванага авантурыста, якога з'ядаюць згрызоты сумлення!

— Згрызоты сумлення? Адкуль ім быць? Захоўвайце мір у вашай душы і не шкадуйце на іншых сваёй злосці. Будзеце тады ашчасліўлены. Я высмеяў Ісуса — ён зрабіў мяне звышчалавекам. Бывайце!

 

***

Пакуль ён аддаляўся ад мяне, адыходзячы ў халодную ноч, я глядзеў на ягоны дзіўны цень у святле ліхтароў — ці то звычайны, ці то двайны, ці то трайны.

Раптам ён узмахнуў рукамі — я пачуў жаласлівы крык параненай жывёліны — і грымнуўся вобзем.

Я сам закрычаў і кінуўся да яго. Укленчыў і расшпіліў ягоную кашулю. Ён павярнуў да мяне вочы — у іх была разгубленасць — і сарамліва сказаў:

— Дзякуй. Час прыйшоў. Кожныя дзевяноста-сто гадоў я ўшчэнт стамляюся. Але пасля вылечваюся, і да мяне вяртаюцца сілы яшчэ для аднаго стагоддзя жыцця.

Ён застагнаў, дадаўшы да сказанага ўсяго толькі адно слова:

— Вэй! вэй! — што па-габрэйску значыць “на жаль”. На гэты момант каля нас сабраліся, завабленыя крыкамі, шлёндры з усяго габрэйскага кварталу. Падаспела і паліцыя. Многія людзі былі амаль раздзетыя — прыбеглі, ускочыўшы з ложкаў. У вокнах былі відаць галовы. Я адышоў убок і глядзеў услед паліцыянтам, што ішлі адсюль з Лакедэмам: яны вялі яго пад рукі, дакладней нават, неслі. За імі рушыў натоўп мужчын без капелюшоў і жанчын у накрухмаленых пеньюарах.

 

***

Неўзабаве на вуліцы застаўся адзін толькі стары габрэй з вачыма прарока. Ён з недаверам паглядзеў на мяне і прамармытаў па-нямецку:

— Гэта габрэй. Ён хутка памрэ.

І я ўбачыў, што перш чым увайсці ў дом, ён расхінуў паліто і разарваў па дыяганалі сваю кашулю.


[1] Паэт насамрэч быў у Празе ў сакавіку 1902 г., прабавіў там па дарозе ў Вену і Мюнхен некалькі дзён. Уладзімір Дзівіш, чэшскі даследчык творчасці Апалінэра, змог узнавіць пражскі маршрут апавядальніка ў кнізе “Апалінэр, Прага”, апублікаванай у французскай версіі ў пражскім выдавецтве “Арція” ў 1967 г. Чэшскі “акцэнт” навелы з'яўляецца відавочна найважнейшай прычынай таго, што ні на якую іншую еўрапейскую мову, апрача сербахарвацкае, яна не перакладалася гэтак актыўна, як на чэшскую: 5 публікацый у 1922—1924 гг.

[2] “Сокалы” — гімнастычнае таварыства; адзін з важных палітычных інстытутаў Чэхіі ў пачатку XX стагоддзя; дзейнасць таварыства была скіраваная на ўмацаванне пазіцый чэшскага нацыяналізму.

[3] Агасфер (ад познелацінскага Ahasverus) — Вечны Жыд, герой сярэднявечных паданняў, габрэй-бадзяга, асуджаны Богам на вечнае жыццё ды непрыкаянасць за тое, што не даў Хрысту адпачыць (паводле многіх версіяў, выцяў яго) па дарозе на Галгофу.

[4] Левін, Шукінг — насамрэч гэта адзін аўтар: Левін Шукінг.

[5] Хеліг — правільна “Хелбіг”.

[6] Пералічаныя Апалінэрам персаналіі пазычаныя пераважна з аналагічных спісаў Гастона Пары і Фрыдрыха Хелбіга, якія самі фігуруюць у апалінэраўскім пераліку.

[7] На габрэйскім жаргоне… — Маецца на ўвазе ідыш.

 [8] Пятнаццаць Знакаў Суднага Дня — паданне аб гэтых знаках атрымала асабліва шырокае распаўсюджанне ў сярэднявеччы. Знакі гэтыя пералічаныя ў “Паэме аб Пятнаццаці Знаках Суднага Дня”.

[9] Гумбальт — Вільгельм Гумбальт прадстаўляў Прусію на Пражскім кангрэсе 1812 г.

[10] Энох, Элія, Эмпедокл, Апалоніюс Ціянскі — міфалагічныя постаці, якія пражылі даўжэзнае жыццё. Энох, паводле Быцця, пражыў 365 гадоў, а потым яго забраў да сябе Бог; Элія таксама жыў вельмі доўга, узнёсся на неба на вачах у свайго вучня Елісея; Эмпедокл фігуруе сярод бессмяротных праз сваё таямнічае знікненне — паводле падання, ён далучыўся да багоў: калі, пачуўшы таямнічы голас, кінуўся ў Этну; Апалоніюс Ціянскі — адзін з неапіфагарэйцаў I стагоддзя, ягонае знікненне стала сюжэтам розных паданняў: паводле адных, ён трапіў ці то на неба, ці то ў пекла, паводле іншых, не памёр дзякуючы таму, што ведаў таямніцу філасофскага каменя, і быццам жыў да XI стагоддзя.

[11] Людвіг II быў знойдзены утопленым разам з доктарам Гудэнам у возеры Штарнберг, і невядома, быў ён такім чынам забіты альбо загінуў выпадкова, спрабуючы ўцячы ад медыцынскага нагляду.

[12] Фартунатус — герой нямецкай народнай казкі XV стагоддзя; кашалёк у яго бяздонны, і ён злоўжывае ім, на сваё няшчасце і на гора ўласным дзецям.

[13] Згодна з памянёнымі вышэй Нэўбаўрам і Гастонам Пары, брашура гэтая выйшла ў свет у 1602 г.

[14] Уатан — згодна з “Паданнем пра Габрэя-Бадзягу” Шарля Шэбеля, якое з'явілася ў 1897 г., персанаж Агасферус звязваецца з міфам пра Дзікага Паляўнічага, які ў сваю чаргу знітаваны, паводле Скота Бэйтса, з міфам пра Ўатана, “пастаяльца дарог”.

Упершыню — у часопісе "Крыніца", 2001, № 11-12 (71).

Пераклад з французскай – Алесь Асташонак © 2013

Чытайце таксама

Квінт Гарацый Флак

Квінт Гарацый Флак

Адзін з найбуйнейшых рымскіх паэтаў эпохі Актавіяна Аўгуста

Аўром Рэйзен

Аўром Рэйзен

Габрэйскі навэліст, паэт і журналіст.

Жорж Экгаўт

Жорж Экгаўт

Франкамоўны бельгійскі пісьменнік, сацыяліст, анархіст, ураніст, як у ХІХ ст. называлі геяў, упадніцкі эстэт, акадэмік, класік бельгійскай літаратуры.

Герман Чарлз Босман

Герман Чарлз Босман

Паўднёваафрыканскі пісьменнік, лічыцца найлепшым аўтарам кароткіх апавяданняў ПАР

1224