№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Багуслаў Радзівіл

Лісты Купідона (Listy do Anny Marii Radziwiłłowny)

Пераклад з польскай Кірыл Карлюк


З Караляўца [1], 1664 г. ліпеня 17.


Найсвятлейшая князёўна, мая ўсім сэрцам каханая Гануся!


Не можа быць, каб ВКМ [2] гэтак сумавала без мяне, а я сардэчна сумую без ВКМ, і здаецца, што ў адлегласці маё каханне не толькі не ёсць прыдуманым, але штораз умацоўваецца. Цяпер і хвіліны ані ўночы, ані ўдзень не маю, каб не думаць аб ВКМ, і дзеля таго канец шчасця майго як найхутчэй наступіць. Але паколькі тая рэзалюцыя не толькі дзеля мяне, але і дзеля ВКМ у чаканні, прашу ВКМ не палічыць тое за дрэннае, калі ў пэўных пунктах наконт інтэнцый ВКМ цікавіцца буду. Найперш: калі б дыспенсіі ад Папы [3] не было, ці захацела б яшчэ ВКМ выйсці за мяне, слугу твайго. Па-другое, з’явіўшыся без дыспенсіі, калі б якія пагалоскі, альбо клопаты, альбо абвінавачванні ўзраслі, ці ВКМ, тым мяне не папракаючы, цярпліва граху пазбягаючы, згадзілася б, каб мог я такое месца прэзентаваць, дзе б ВКМ не спаткала якога нясмаку з той аказіі. А па-трэцяе, калі б мне пасля крыўды нас абодвух давялося б прыняць рэзалюцыю, ці будзе ВКМ у замежных гаспадарствах ісці за маёй фартунай. Бо багата маем ворагаў, да ўсяго нам трэба быць гатовымі, бо болей на дрэннае, чым на добрае ў свеце, спадзявацца мусім. Прабач, ВКМ, што так бяспечна пішу, чыню тое дзеля шчырага, добрага і кахання поўнага да ВКМ афекту [4]. А я ўжо буду шукаць усе магчымасці для нашага шчасця. Знайшоў тут пэўны ліст ад п. гетмана польнага літоўскага цяперашняга [5] да слугі нашага п. Каханьскага [6] пісаны ў матэрыі жаніцьбы з ВКМ. Зважай, ВКМ, як тое людзі забываюць; жадаў бы памерці, чым таго дачакацца. Пані Дабжынская, нябога, развіталася з тым светам падчас родаў. Прашу, мая каханая, міласцівая князёўна, бывай жа на мяне ласкава, не забывай таго Богуся, які ёсць і будзе да труннай дошкі, etc.

 


З Караляўца, 1665 г. лютага 16.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Ужо бачу, што ВКМ мяне не шчыра кахае, калі радзіць мне іншую знайсці даму. Калі б я ВКМ тое радзіў, каб ішла за іншага, а не за мяне, мусіла б думаць тое ж пра мяне, але я тое лічу жартам, а інакш гляджу на ВКМ, як у афекце да мяне і стала мне нарачонаю. На будучым сойме сумняюся, каб быў. ЯМ каралева [7] моцна прыхварэла, але ўжо з Божае ласкі папраўляецца значна. Буду старацца, каб прыехаць у Біржы [8], але каб таго мог дачакацца, яшчэ не цалкам тое абяцаю, бо ёсць моц такіх рэчаў, якія дарогу мне замінаюць, хаця я душой таго жадаю. Шмат кавалераў абяцала скласці мне кампанію да Мітавы [9], бо хтосьці напляткарыў, што ўжо еду да ВКМ. Добра тое, бо, відаць, і будзе так з Божай дапамогай; пэўна што яшчэ з таго карыснага. Мой карэспандэнт паехаў з каралём [10] да Чанстаховы, інакш ВКМ чаго пэўнага мог бы пра дыспенсію напісаць, але ў мінулую пятніцу мусіў Гаспадар вярнуцца да Варшавы, дзеля чаго чакаю якіх вестак. ВКМ скардзіцца, што не мае панны пакаёўкі; тутака ў Караляўцы адпаведнай не знойдзеш. Але я пра тое буду клапаціцца, каб ВКМ знайшла сабе якую адпаведную, верную і ўмелую. П. палкоўнік Фосперс [11] не мусіць турбаваць ВКМ сваёй гаспадаркай. Ні сабе, ні мне не ўмее карысці чыніць, ды ў Дубінках [12] вялікую мне чыніць шкоду. Парай яму паступіць на службу да герцага курляндскага [13], бо не трэба нам такі гаспадар, гаспадарка якога толькі на слове трымаецца. Палатна галандскага верхняга, шаблю і шапку дасылаю ВКМ, калі б тое палатно прымяніць мог, то скарыстаў бы яго на кашулю. Але таго быць не можа, думаю аб тым, чаго пісаць не годна; лепей досыць на тым. Застаюся затым у ласцы ВКМ, etc.

 


З Караляўца, 1665 г. сакавіка 4.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Вельмі таму дзіўлюся, што ЯМ герцагіня курляндская [14] скардзіцца, што нячаста да яе пішу. Не прайшло яшчэ і двух тыдняў, як ліст на двух аркушах паслаў. Калі не дайшоў, прашу паведаміць, каб я наконт яго ў паштовых мог даведацца. Але тое блага, што нашы вількамірскія са сваім не вельмі тактоўным пытаннем выехалі на пляц [15]. Трэба было ім па-курляндску адказаць, калі ўжо яны па-літоўску пачалі. Не ведаю, на што на ВКМ скардзіцца, калі яшчэ хоць трохі розум маюць. Замест адной дыспенсіі хіба будзе дзве, бо праз розныя асобы запабягаў пра яе, таму трэба будзе аплаціць. Адна ўжо была ў Рыме падпісаная, але праз запусты [16] яшчэ не запячатаная. Аднак падзякуем Богу, што ніхто пра тое не згадае. Але каталіцкі ксёндз мусіў бы нас вянчаць, калі дойдзе да таго, бо пад гэтай кандыцыяй падпісаная дыспенсія. Для гэтага таксама не трэба псаваць дабрабыт герцагства [17], калі б тая цырымонія мела адбыцца ў Мітаве. Нават калі б інкогніта прыехаў, то мусіў бы мець з сабой 1000 коней і людзей, тады б усю б Мітаву разам выелі. Але я падумаю аб тым, як дыспенсія трапіць у рукі, якім кшталтам тую справу без праблем вырашыць, інакш трэба дзесяцігадовую інтрату [18] за адзін вечар з’есці. Тым часам, ВКМ, падумай добра, ці жадаеш пайсці за мяне, ведаючы мой гумар [19] і фантазію, або за каго іншага. Вядома, што я ВКМ усім сэрцам кахаю, аднак ні да чога прымушаць не хачу. Што Бог вырашыў, а на што ВКМ будзе мець жаданне, то няхай так і будзе, бо лепей бы я памёр, чым ВКМ з боязі што чыніць мусіла, а потым на мяне наракала. Але хопіць аб тым, толькі яшчэ раз напішу, што невыносна ВКМ кахаю. Болей не маючы што пісаць, прашу заставацца ў неадменнай ласцы ВКМ, etc.

 


З Караляўца, 1665 г. траўня 29.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Чым меней цырымоній у лістах ВКМ знаходжу, тым аб большым афекце ВКМ да мяне магу судзіць, тым аб большай шчырасці ВКМ застаюся ўпэўнены; а таксама каханнем ВКМ напоўненыя лісты сэрца і душу мне грэюць і новыя запалы кахання ўзбуджаюць. Аляс мне і некаторыя параграфы сардэчна фарсуюць [20], калі чытаю, што ВКМ сумняваецца ў маім каханні, што з адчаю пойдзеш за Сапегу, другі раз за якогась немца, і што мне ўжо не будзеш верыць, калі толькі з табой да Св. Яна разам не будзем. Бадай хай бы на мяне ўсё зло трапіла і я сам у зямлю ўпаў, калі я якія перашкоды ці адтэрміноўкі ў той справе чыню, і калі я ўжо не рады ад усёй маёй душы мець ВКМ пры сабе. Ці для жарту гатовы быў выплаціць 10 000 на дыспенсію, і нашто б мне было тое марнаваць. Потым нашто маёй шматпакутнай душы яшчэ больш пакутаваць, бо пры шлюбах заўсёды трапляюцца такія завады [21]. Пісаў ужо да афіцыяла [22], але ён тое адкладае да біскупа [23]. Біскуп жа жамойцкі болей цяпер думае аб тым, каб стаць віленскім біскупам, чым аб нашай справе. Маю ліст, ВКМ рукой пісаны, у якім мяне запэўніваеш, калі б была справа з дыспенсіяй пэўная, то потым не сумуючы чакала б тэрміну.

 

З Караляўца, 1665 чэрвеня 7.


Mon très cher cœur!! [24]


Ніколі не паверыць ВКМ: чым далей, тым больш шчыра кахаю ВКМ, што і ў птушку ператварыўся б і паляцеў бы да В.К.М. Бог бачыць, сэрца маё, што гэта праўда. Мне кожны раз новая агіда ад двара спатыкаецца. Калі б чалавек толькі ветрам жыць мог, толькі ВКМ з сабою ўзяўшы, а ўсю астатнюю маёмасць пакінуўшы, ехаў бы ў свет, бо нам ужо здаўна ні на што добрае ад двара спадзявацца не варта; а перажыць непрыяцеляў нашых малаверагодна, калі б толькі Пан Бог захацеў бы цуд учыніць. З біскупам жамойцкім ёсць трохі бяды, які толькі дапамагае свайму пляменніку [25], але нічога не паскарае, хоць бы д’ябла з’еў гэты плеш і калека. У Польшчы вялікі неспакой, і калі двор не саступіць, то крый Божа, каб не дайшло да рокашу [26]. Адказу ад біскупа яшчэ не маю. Пані цётка [27] страшна на мяне злуе, і хоча прававацца са мной аб Заблудаве, на якім, кажа, мела б 80 000. Так нас скубуць найбліжэйшыя нашы сябры. Напісаў бы болей, але вочы не дазваляюць [28].

 


З Караляўца, 1665 г. жніўня 8.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Бязмерна занепакоены смерцю нябожчыка п. маршалка вількамірскага [29], адразу выправіў Незабытоўскага [30] майго, каб скочыў да скрынкі і папераў, а найбольш каб спытаў, калі вярнуліся дыспенсіі, альбо калі яшчэ ў руках п. Марыконі [31], і пакуль аб тым навіны пэўнай не здабудзе, каб не мог мець спакою. Папраўдзе, маю пра запас яшчэ трэцюю дыспенсію, але было б тое дужа непрыемна, каб яны згубіліся. Праўда, што нябожчык п. Мяржынскі меў свае недахопы, але яшчэ праўдзівей, што болей схільнага да вядзення справаў нашых і нябожчыкавых, якія былі мне вядомыя, жаднага не маем, ані мець можам. Не хвалюйся, аднак, ВКМ, будзем мы яшчэ разам, але калі таго не будзе, тады і ВКМ і я ператворымся ў мізэрныя казуркі; а я б лепей сабе ў лоб стрэліў, каб дачакацца такога. Пра ЯМ караля дрэнныя весткі прыходзяць; нібыта ў аблозе і што казакі ўсе ўзбунтаваліся, адным словам, благія. П. гетман польны літоўскі да Вільні прыехаў; пагражае зноў ВКМ. Дзеля Бога, калі б ВКМ пра што такое даведалася б, едзьце да Мемеля, бо аніхто цябе мацней і больш шчыра за мяне кахаць не будзе; гэта перад Богам прысягаю, які бачыць людскія сэрцы.

 

З Караляўца, 1665 г. кастрычніка 14.


Mon très cher cœur!


Праз слугу ЯМ герцага [32] дасылаю ВКМ усяго самага лепшага, што тут у Караляўцы дастаць змог; старога атласу ані тут, ані ў Гданьску не дастаць набыць; знайшоў іншы фларысаваны, але недастаткова яго на 3 панны; запабягаць буду аб тым і даручу Ферэру [33], калі пошта яго пазней наспее. Да герцагіні курляндскай пісаў; рэспонсу [34] тут чакаць не магу, бо дарога псуецца; выязджаю тады ў Імя Божае ў суботу да Кейдан [35], адтуль на Біржы, адкуль пісаць буду ВКМ аб усім. Каб шлюб адбыўся, вяселле потым можна рознае справіць; пярсцёнак другі замовіў; відаць, што будзе добры, а астатняе ўсё будзе, толькі цырымоній хай будзе як можна меней. Узнагародзім сябе за тую аперэнцыю [36] праўдзівым каханнем, якое даўжэй і з карысцю для нас будзе трываць, чым усе тыя цацкі свецкія, якія ў нішто ператворацца.

 


З Караляўца, 1665 г. кастрычніка 24.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Як мінулай поштай пісаў, так і цяпер тут у справе нашай не хапае рэзалюцыі, не сумняваюся, што ЯМ герцагіня курляндская не парушыць сваё дадзенае слова і паспяшаецца да Мемеля, альбо прынамсі дазволіць ВКМ прыехаць да мяне. Ужо цяпер таго тэрміну ніякім чынам адмяніць не магу, бо ўжо загадаў і некаторым рэчам з Кейдан вяртацца. Пярсцёнкі шлюбныя маю два, вельмі каштоўныя. Паням праз Шуберта [37] паслаў матэрыю, якую можна было дастаць. Што праўда, на вяселлі трэба князёўнам шлейфы ў сукенках насіць; але як ведаць, мо будзе шлюб у якой вёсцы па дарозе, дзе не будзе як прыгожа прыбрацца. Калі ж тое абсалютна неабходна, каб ксёндз папскі не ведаў аб шлюбе, што нам яго будзе ладзіць, інакш нас у нішто зачаруе [38]. Памятаю, што герцагіня звыкла тое ВКМ абяцаць: калі будзеш мець шлюб, то вас зачыніць, што ніхто таго ведаць, ані вас бачыць, апрача мяне, не будзе; а цяпер пра тое думаю ў агоніі; чаму я таму не запярэчыў. Хацеў бы я быць апрануты ў чорнае, бо такі ў гэтых і замежных краях звычай; але калі тое ВКМ не ўпадабае, пастараюся на стракатую тканіну, каб я быў як дзяцел. Падарункі, якія ВКМ пазначыла, ужо ёсць, але не ведаю, як іх ВКМ даслаць з-за рабаванняў. Таму так вырашыў, што той, хто прыедзе з герцагіняй, атрымае іх у Мемелі; а той, хто не атрымае, таму дашлю праз слуг герцагіні. ВКМ жадае, каб Карыцкі [39] быў пажам, а ён ужо вусы мае, а да таго ж яшчэ і арыянін. Урэшце, магчыма мая канцылярыя таксама магла згубіць ліст ВКМ, бо нячаста пішаш.

 


З Мемеля [40], 1665 г. лістапада 5.


Найсвятлейшая князёўна, etc.


Вельмі дзякую ВКМ за такую ласку, што пры сваёй стаіш дэкларацыі [41], жадаючы і без герцагіні курляндскай да мяне прыехаць. Ёсць гэта знак шчырага кахання ВКМ да мяне, якім таксама заўсёды адказваць ВКМ буду; не ведаю, што б магло неспрыяльнага здарыцца з ВКМ у дарозе, толькі шатан не спіць, практыкуючы розныя рэчы. Але аб тым клапоціцца Бог, бо разумею, што той ліст мой застане ВКМ у дарозе. Я ўчора сюды прыехаў. Пусціўся быў морам, але нядоўга вецер служыў; мусіў рэшту нямала пехам давандраваць, што мне перад усё міла для ВКМ пераносіць. Пра тое фарсую, што падобна не буду мець у што прыбрацца, бо іншыя рэчы ажно ў Тыльзіце [42]; а супраць вады не ведаю, калі прыплывуць [43]. Ліст герцагіні курляндскай і пастара Рэдэра [44] дайшоў да мяне паміж Мемелем і Караляўцом 2 лістапада. Герцгаіня хацела мець рэспонс перад пятым, што было рэччу неверагоднай, бо жадны наўмысны на пошце хутчэй быць не можа; бо калі б немца паслаў, то яго б пахолікі [45] ссадзілі б дзе з каня ў дарозе; а калі б паляка, то яго б халопы забілі. Поезд і некалькі кавалераў заедзе дарогай ВКМ у Лібаву [46], каб я ведаў якога дня станеш там, аб чым падрабязней напісаў пастару Рэдэру. Але калі б герцагіня курляндская праводзіла ВКМ аж да Лібавы, а я сам туды кіраваўся, тады перад сабой ВКМ поезду не мог бы паслаць, але сам бы з ім прыехаў. Як бы там ні было, чакаю з вялікай радасцю на прыезд ВКМ.

 


З Лібавы, 1665 г. лістапада 31.


Mon très cher cœur!


Слава Богу, што ВКМ шчасліва і без шкоды, праз абарону анёлаў сваіх [47], сюды да Гробіна [48] прывёў, дзе на прапанову ВКМ быў бы шчаслівы прыняць ВКМ; але паколькі мы тут у Лібаве крыху загасцявалі і прыгатаваліся, не паспеў прыбыць на прызначанае месца. Як толькі ВКМ у Гробіне спынішся, то ўжо сёння аднаго, самае вялікае двух кавалераў з сабой узяўшы, удару чалом ВКМ і паразмаўляем асабіста, скараючыся волі ВКМ, якую да таго часу, цалуючы сардэчна ручку, застаўляю, etc.



 

Каментар


1. Каралявец — Кёнігсберг, сталіца Прускага герцагства. Цяпер Калінінград, Расія.


2. ВКМ — скарочана ад Ваша Княская Мосць.


3. Дыспенсія ад Папы — дазвол на шлюб, калі ён супярэчыць царкоўным канонам.


4. Афект — ад лац. affectus, душэўнае хваляванне, запал.


5. Міхал Казімір Пац (1624—1682), у той час палявы гетман літоўскі, будучы вялікі гетман (з 1667).


6. Ваўжынец Каханьскі, кейданскі староста (1652).


7. Людвіка Марыя Ганзага (1611—1667), каралева польская і вялікая княгіня літоўская, жонка Яна ІІ Казіміра Вазы.


8. Біржы — адміністрацыйны цэнтр княства Радзівілаў. Суч. Біржай, Літва.


9. Мітава — сталіца Курляндска-Земгальскага герцагства.


10. Ян ІІ Казімір Ваза (1609—1672), кароль польскі і вялікі князь літоўскі.


11. Палкоўнік Фосперс — невядомы афіцэр. Адзін з замежных вайскоўцаў, якіх Багуслаў Радзівіл за заслугі сяліў на сваіх землях.


12. Дубінкі — радзівілаўскі маёнтак, цэнтр аднаго з княстваў. Цяпер у Літоўскай Рэспубліцы.


13. Якаб Кетлер (1610—1682), герцаг Курляндыі і Земгаліі.


14. Луіза Шарлота Гагенцолерн, жонка Якаба Кетлера, адна з апякунак Ганны Марыі Радзівіл, якая жыла пры яе двары ў Мітаве.


15. Невядомая гаспадарчая справа.


16. Запусты — карнавал перад Вялікім постам.


17. Маецца на ўвазе Курляндыя.


18. Інтрата — прыбытак.


19. Гумар — характар, ад лац. humor.


20. Фарсуюць — непакояць.


21. Завады — перашкоды.


22. Афіцыял — у каталіцкім касцёле свецкая асоба, якая па даручальніцтве выконвае пэўныя царкоўныя функцыі.


23. Аляксандр Казімір Сапега (1624—1671), біскуп жамойцкі, пазней (з 1668) — біскуп віленскі.


24. Mon très cher cœur! — Маё самае дарагое сэрцайка (фр.).


25. Гаворка пра аднаго з шматлікіх прэтэндэнтаў на руку Ганны Марыі з роду Сапегаў.


26. Рокаш Любамірскага (1665—1666), які неўзабаве пачаўся.


27. Кацярына з Радзівілаў Глябовіч, сястра Януша ІІ Радзівіла.


28. Князь Багуслаў моцна хварэў на вочы ў 1665 г., аб чым ён паведамляў у сваіх ранейшых лістах. Магчыма, катаракта.


29. Ян Мярэжынскі (памёр у 1665), маршалак вількамірскі, дыпламат і агент біржанскіх Радзівілаў, правадыр літоўскіх арыян, у 1661 г. перайшоў у кальвінізм.


30. Станіслаў Незабытоўскі (1641—1717), агент і камісар князя Багуслава Радзівіла, у 1663—1668 гг. яго сакратар, пазней адміністратар маёнткаў і павераны яго дачкі Людвікі Караліны Радзівіл.


31. Фрэдыян Марыконі (памёр у 1666), заможны купец італьянскага паходжання, пазней набілітаваны зямянін ВКЛ.


32. Слуга Якаба Кетлера.


33. Магчыма, Ёган Рыхард Фер (памёр у 1698), радца брандэнбургскага электара, службовец і дарадца Багуслава Радзівіла.


34. Рэспонс — адказ, ад лац. responsum.


35. Кейдан — радзівілаўскі маёнтак. Цяпер у Літоўскай Рэспубліцы.


36. Аперэнцыя — вонкавае, удаванае, ад лац. apparentia.


37. Шуберт — вайсковец, адзін са слуг Багуслава Радзівіла.


38. Багуслаў Радзівіл верыў у магчымае чараўніцтва на вяселлі і каталіцкую змову з гэтай мэтай.


39. Крыштаф Карыцкі (памёр у 1677), генерал-маёр і камендант прускіх цвердзяў, арыянін, быў на польскай і прускай службе.


40. Мемель — невялікі партовы прускі горад у вусці Нёмана. Цяпер Клайпеда, Літва.


41. Дэкларацыя — абяцанне.


42. Тыльзіт — горад ва Усходняй Прусіі. Цяпер Савецк, Расія.


43. Маецца на ўвазе водны шлях з Тыльзіта да Мемеля па Нёмане.


44. Даніэль Рэдэр (памёр у 1673), кальвінісцкі міністр, з 1661 г. прыдворны прапаведнік Ганны Марыі Радзівіл.


45. Пахолікі — служкі.


46. Лібава — курляндскі партовы горад. Цяпер Ліепая, Латвія.


47. Гэта ў вуснах князя-кальвініста гучыць досыць іранічна.


48. Гробіна — горад у Курляндыі. Цяпер Грабіня, Латвія.


Пераклад паводле: Radziwiłł, B. Listy do Anny Marii Radziwiłłowny // Kotłubaj, E. Życie Janusza Radziwiłła, Wilno—Witebsk 1859, s. 438—456.


© Кірыл Карлюк, пераклад, каментар, 2011

Пераклад з польскай – Кірыл Карлюк © 2013

Чытайце таксама

Мэцью Дзікман

Мэцью Дзікман

Амерыканскі паэт, лаўрэат American Poetry Review 2008 году

Андрыс Герардус Вісэр

Андрыс Герардус Вісэр

Адзін з самых значных паўднёваафрыканскіх паэтаў, што пісалі на афрыкаанс

Фрэнсіс Брэт Гарт

Фрэнсіс Брэт Гарт

Амерыканскі празаік, вядомы па творах пра каліфарнійскіх золаташукальнікаў

Андрэй Адамовіч

Андрэй Адамовіч

Беларускі паэт, аўтар зборніка "Дзень паэзіі смерці дзень". Перакладае з украінскай

1565