№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Сяргій Жадан

Яна ведае ўсе шлягеры гэтага году (Вона знає всі шлягери цього року)

Апавяданне

Пераклад з украінскай Ганя Снытка


1

 

 

Найгоршы гатэль у горадзе. Нават пакоі на гадзіну тут ніхто не здымаў: мабыць, закаханыя лічылі, што лепш устрымацца, чым займацца “гэтым” тут. Але іншыя гатэлі былі перапоўненыя, даводзілася браць што засталося.

 

29 снежня, тры дні да Новага году. Натоўпы блукаюць па горадзе ў пошуках свята, вакзалы забруджаныя чорным чыгуначным снегам, залатыя вокны пакояў гараць у прыцемках, нябёсы раздзімаюцца ўверсе, нібыта свежапамытыя прасціны на старых падворках, дзеці й жабракі бадзяюцца вуліцамі, ловячы цень доўгага бесклапотнага святкавання. Я выйшаў на чыгуначным вакзале, дабраўся ў цэнтр і ўсё ж такі зняў у гэтым падазроным гатэлі аднамесны без выгодаў. У пакоі стаяў ложак і пабіты жыццём канцылярскі стол, ад якога несла трупамі і старымі газетамі. У адным кутку стаяла перакошаная старая шафа, у іншым — рукамыйнік. На рэцэпцыі сядзела цёця Маша, вельмі падобная да брамніка хакейнай зборнай. Яна ўвогуле не вылазіла са сваёй шкляной будкі, гледзячы партатыўны чорна-белы тэлевізар і не надта зважаючы на каляровую рэчаіснасць. На першым паверсе працаваў бар, дзе прадавалі алкагольныя напоі і рабілі жахлівую перасмажаную каву. Гатэль быў ціхі, здавалася, зусім пусты, па калідорах трывожна сноўдалі скразнякі, у закутках хаваліся цені памерлых ад кахання наведнікаў, уначы можна было пачуць, як яны рыпяць ложкамі ў суседніх пакоях, як цяжка пускаюць ваду ў рукамыйнікі і набіраюць поўныя жмені халоднай хлараванай вады, заліваючы пажары ў сваіх душах, гуляючы да ранку па гатэльных паверхах і пакутуючы ў перадсвяточныя гадзіны без кахання і выгодаў. Выглядала на тое, што навагоднюю ноч мы правядзем разам з цёцяй Машай. Новы год — свята сямейнае, анягож!

 

 

2

 

 

Каўбаса з Гасанам прыехалі раней і першыя дні стараліся не адыходзіць ад чыгункі, каб не згубіцца ў чужым горадзе. Да таго ж было вельмі нязручна цягаць цяжкі гарналыжны рыштунак. Каўбаса і Гасан былі чайнікамі сноўборду. Як сапраўдныя чайнікі, яны мелі пры сабе многа лішніх рэчаў, зашмат каляровай польскай амуніцыі, у якой планавалі стаць каралямі зімовых перавалаў. Працавалі яны ў медыях, былі дырэктарамі невялічкай кіеўскай fm-станцыі. Напярэдадні святаў, цвёрда ўпэўненыя, што ў найбліжэйшыя два тыдні навінаў у краіне не будзе, яны надумалі зладзіць сабе сапраўдныя мужчынскія вакацыі — з лыжамі, лазнямі й пераломамі. Пракансультаваліся з рэгіянальнымі партнёрамі, набылі дошку й лыжы і рушылі ў горы. Радыё пакінулі на сакратарку Светачку. Загадзя нарыхтавалі рэкламныя блокі і калядныя прывітанні, падстрахаваліся замежнымі навінамі, выкупілі купэ і паехалі. З сабою ўзялі вэб-камеру , час ад часу ўключалі скайп і звязваліся са Светачкай. Ведалі, што праз тэлефон пракантраляваць яе цяжка, а вось жывая выява на яе дзейнічае прыгнятальна. Пабачыўшы з раніцы дырэктараў у лыжных шапачках і з палкамі, Светачка страчвала спакой на цэлы дзень, чаго Каўбаса з Гасанам і дамагаліся. Дабраўшыся да канцавога прыпынку, яны зацягнулі свае рэчы у залу чакання. Тут здарылася першая нечаканасць. На вакзале іх мусілі падабраць тутэйшыя тураператары, якія ведалі ўсе маршруты, адрасы й тэлефоны “хуткай дапамогі” і абяцалі зладзіць сталічным гасцям незабыўную забаву. Але напярэдадні, вяртаючыся з Польшчы, куды яны ездзілі на закупы, тураператары ўсчалі бойку ў прыдарожным бары, што на выездзе з Любліна, пабілі польскіх кіроўцаў, зламалі ў бары кававы аўтамат, былі затрыманыя паліцыяй і дастаўленыя ў пастарунак. Хутка звязаліся з консульствам. У консульстве дзяжурны адказаў ім, што цяпер свята, каталіцкія Каляды, і што супрацоўнікі консульства святкуюць разам з польскім братнім народам. І, мяркуючы па ўсім, святкаваць будуць яшчэ доўга, бо наперадзе Новы год, а там нашыя Каляды і ўсе астатнія святы зімовага каляндарнага цыклу. Развітваючыся, дзяжурны параіў ім падкупіць паліцаяў і вяртацца дахаты сустракаць Раство ў цесным сямейным коле. Так ці інакш, тураператары надоўга завіслі ў пастарунку, а разгубленыя Каўбаса з Гасанам, пераначаваўшы на вакзале, рушылі ў горад і знялі двухмесны без выгод у найгоршым гатэлі. У душ яны хадзілі, не здымаючы лыжных шапачак.

 

 

3

 

 

Кеша затрымаўся ў горадзе выпадкова. Ён павінен быў з’ехаць яшчэ заўчора, але пастаўшчыкі цягнулі час, спасылаючыся на перадсвяточную беганіну, прасілі яшчэ трошачкі пачакаць, пераконвалі, што ўсё будзе добра. Кеша некалькі дзён жыў у знаёмых у старым горадзе, успрымаючы ўсё як вясёлую прыгоду. Прыехаў ён па арган для харкаўскай філармоніі. Ужо было пра ўсё дамоўлена, накладныя падпісаныя, аванс пералічаны, пастаўшчыкі самі прасілі прыехаць да Новага году, каб не мудохацца з гэтым чортавым арганам яшчэ і пасля святаў. Але раптоўна пачаліся каталіцкія Каляды, і пастаўшчыкі неяк дружна засвяткавалі. Кеша гадзінамі сядзеў па прыёмных начальнікаў розных дэпартаментаў, тэлефанаваў загсклада і галоўнаму бухгалтару, аднак справа рухалася млява.У нейкі момант грузчыкі прывезлі Кешу на кватэру доўгія кардонныя скрынкі з трубамі для аргана. Трубаў было дзясяткі два. Астатняе грузчыкі паабяцалі падвезці пасля святаў. Развітваючыся, настойліва раілі трымаць трубы ў хатняй тэмпературы. Інакш капец, пераконвалі яны, карозія, дыфузія і можна выкідаць! Не забывай — хатняя тэмпература!

 

Знаёмыя адразу ж папрасілі Кешу з’ехаць. Разам з трубамі. Казалі, што турбуюцца за паркет. Кеша прабегся па перапоўненых гатэлях. Толькі ў адным, найгоршым, знайшоўся нумар. Аднамесны, без выгодаў. Кеша перацягнуў туды трубы і супакоіўся. Аднак супакойвацца было рана — у гатэлі было халодна, як у лядовым палацы. Справа ішла да карозіі з дыфузіяй. Трэба было нешта рабіць. Кеша пачаў браць трубы з сабой у ложак: абкладаўся імі, нібыта грэлкамі, зверху накрываўся коўдрамі, пазычанымі ў цёці Машы, і так і спаў, грэючы часткі аргана сваім худым, але гарачым целам. Ён нагадваў пінгвіна, які не дае змерзнуць вялікаму пінгвінаваму яйку.

 

 

4

 

 

Я пабачыў яе ўвечары, вярнуўшыся з горада. Яны сядзелі з цёцяй Машай і глядзелі музычную праграму. Цёця Маша ставілася да пабачанага недаверліва, а вось яна з ахвотай падпявала эстрадным выканаўцам. Яна ведала на памяць усе словы, нават калі словы былі жахлівыя. “Лена!” — паклікаў я, яна здзіўлена азірнулася і выйшла са шкляной будкі. Сказала, што радая мяне бачыць, што гэта проста неверагодна — сустрэцца тут, у гэтым горадзе, у гэтым гатэлі, што ўся гэтая атмасфера свята й навагодні цуд і што за гэта абавязкова трэба выпіць, але лепш не тут. Яна сказала, што прыехала сюды знарок, каб адчуць дух Калядаў, яшчэ зранку пасялілася ў гэтым гатэлі і ўжо другую гадзіну як спявае з цёцяй Машай, бо той страшна сумна сядзець адной у шкляной будцы. Была яна ў нейкім дзіўным футры з лісіным пухам, упэўнівала, што гэта бабуліна, скардзілася, што не мае ў гэтым горадзе ніякіх знаёмых і ўвогуле не ведае, чым сябе заняць і дзе знайсці гэты самы дух Калядаў. Я прапанаваў усё-ткі зайсці ў бар.

 

Начавала яна ў мяне. Яе футра вісела на шафе, адганяючы стомленых гатэльных духаў.

 

 

5

 

 

Каўбаса быў доўгім і незадаволеным, насіў вайсковыя штаны з дзясяткам кішэняў, у якіх увесь час губляў мабільны тэлефон і ключы ад нумару, і да таго — цёплы вязаны швэдар з выявай аленя. У яго былі доўгія нямытыя валасы. Гасан, наадварот, быў апрануты ў скураны камбінезон і цёплую куртку ярка-чырвонага колеру. У камбінезоне ён нагадваў баварскага бровара з каўказскімі каранямі, куртка ж рабіла яго падобным да муніцыпальнага паркоўшчыка. Калі сябры выходзілі на вуліцу, каля Гасана адразу ж пачыналі паркавацца машыны.

 

Начавалі яны ў спальніках, кожны ў сваім, адпачывалі да абеду, потым прачыналіся і снедалі кансервамі і крымскім каньяком. Паснедаўшы, уключалі скайп і выходзілі на сувязь са Светачкай. Светачка палохалася іхных няголеных выяваў, але супакойвала, што ўсё добра і рэйтынгі растуць. Сябры распытвалі пра астатнія навіны. Дзяўчына сумленна пераказвала ім імі ж загружаныя з сеціва навіны на два тыдні наперад. Заспакоеная дырэкцыя давала адбой і вярталася да актыўнага адпачынку. Доўга званілі тураператарам. Тыя былі недзе блізка, але слухаўкі не здымалі. Сябры вырашылі чакаць. Пасля абеду збіраліся, бралі лыжы і шлі ў горад. Таўкліся па крамах, чапляючы палкамі выпадковых наведнікаў, пілі бальзамы і знаёміліся з самотнымі пенсіянеркамі. Срэбра перадкалядных снягоў ляжала на дахах, адбіваючы сіняе месяцовае праменне і напаўняючы сэрцы цяплом і радасцю. Ні ў адным бары не прымалі іхныя карткі. Каўбаса злаваўся і пасылаў Гасана на вуліцу, да банкаматаў. Як толькі Гасан спыняўся пад банкаматам, каб зняць грошы, за ім тут жа пачыналі паркавацца выпадковыя аўтамабілі.

 

 

6

 

 

Кеша насіў старую скуранку і строгую чорную шапачку, як у чачэнскіх баевікоў. Пад шапачкай былі курчавыя рудыя валасы. У кішэні скуранкі ён заўсёды цягаў зацёртую, нібы калода карт, “нокію”. У ягоным тэлефоне было забіта два нумары — мамін працоўны і мамін мабільны. Нумар шэфа ён запісаў на асобным кавалку паперы і насіў у кішэні кашулі. Прачынаўся Кеша рана, але заставаўся ў ложку, грэючы сваімі рэбрамі часткі аргана, якія паступова астывалі, нібы стэпавыя рэкі пад вераснёвым сонцам. Снедаў Кеша на першым паверсе ў бары — там было танна і амаль не сустракаліся наведнікі. Што праўда, крыху пазней заехала сюды цэлая кампанія палякаў: яны голасна перакрыквалі адно аднаго, намагаючыся да чагосьці дамовіцца, але Кеша з імі размоваў не падтрымліваў і, з’еўшы свой сняданак, вяртаўся, клаўся, не раздзяваючыся, у ложак, і грэў лёгкія, як подых, трубы. Раз-пораз тэлефанавала маці, пераказвала свае сны. У тыя доўгія перадсвяточныя ночы маці сніліся пераважна памерлыя сваякі — цёця Ніна, якую пераехала дарожным катком; Сямён Іванавіч, які патануў, пераязджаючы раку на ровары (прычым патануў ён разам з роварам, то бок, магчыма, і ўратаваўся б, але нізашто не захацеў кідаць жалезнага сябра); кузэн Андруха, якога забіла токам, калі той здымаў дрот, каб здаць яго на каляровыя металы. Нябожчыкі стаялі ў галовах ды спявалі. Маці была ўпэўненая, што гэта знак, прасіла Кешу добра снедаць, цёпла апранацца і не вадзіцца з гатэльнымі жанчынамі. “Памятай, што я цябе люблю”, — нібы дакараючы, казала яна Кешу. Кеша ж і хацеў бы забыць, але не мог.

 

 

7

 

 

Зранку зімовае сонейка заліло пакой, нібы алей пасудзіну, Лена абматалася коўдрамі і ніяк не хацела вылазіць з ложка. Яна выглядала змардаванай пасля пераезду і засялення, таму я хваляваўся, ці знойдуцца ў яе сілы і цярпенне ўпаляваць сярод заснежаных вуліц горкі, быццам палены цукар, дух Калядаў. Уначы яна шмат смяялася, голасна крычала і піла халодную ваду з-пад крана. Заснула яна пад раніцу — цалкам зняможаная і задаволеная. Навокал была раскіданая яе адзежа: бялізна, мужчынская майка і чорныя панчохі, якія яна ўчора парвала, скачучы на ложку і вылазячы на падваконне. Было ёй за трыццаць, фарбаваныя ў белы колер валасы, ледзь прыкметны шнар на перадплеччы і некалькі сінякоў на лытках, якія яна прыдбала, падаючы з другой паліцы. Пра гэта ўсё яна расказала позна ноччу, калі я адмовіўся ісці па ваду на рэцэпцыю; Лена ляжала на пакамечаных прасцінах, курыла цыгарэты, рассыпаючы наўкола попел, і пераказвала найцікавейшыя моманты сваёй вандроўкі — як спазнілася і села не ў той вагон, як пасябравала з праваднікамі і выйшла на нейкай безназоўнай станцыі, як нарэшце пазнаёмілася з вайскоўцамі, якія ехалі невядома адкуль невядома куды, трымаючы пункт свайго прызначэння ў вялікім сакрэце, і як яны прапанавалі купіць у іх гранату, і яна ўжо амаль пагадзілася, але яны так і не дамовіліся, таму што гранаце нечага бракавала, і вайсковец, які прадаваў, трымаў яе ўвесь час у руцэ, каб тая не бабахнула, так і спаў — з гранатай у адной руцэ, з мабільным у другой, мабыць, чакаючы сакрэтных загадаў. Яна расказвала мне ўсё гэта, а я слухаў, засынаючы пад яе шэпт. Вогненныя лісіцы ўспыхвалі сваім футрам у пахкім сутонні, асцярожныя крокі чуліся на калідоры, заміралі пад нашымі дзвярыма, а кроплі вады губляліся ў яе мяккіх стрыжаных валасах, як фазаны ў снежаньскіх снягах. Прачнуўшыся, яна ізноў пачала спяваць.

 

 

8

 

 

На трэці дзень знаходжання ў гатэлі, вылезшы са спальнікаў і рассекшы старым нямецкім багнетам апошнюю бляшанку кансерваў, сябры ўключылі скайп і да вечара гаварылі са Светачкай. Распытвалі пра надвор'е ў Кіеве, пра курс даляра, пра спартовыя падзеі, дружна перайшлі на асабістае. Распытвалі Светачку пра яе хлопца, прасілі павярнуцца перад камерай бокам, каб яны маглі лепш яе разгледзець, потым цяжка ўздыхалі, Каўбаса нават пусціў слязу, Светачка таксама — і адмыслова для іх паставіла ў эфір у праграме па заяўках нейкую старажытную песню Чэлентана, якога Каўбаса, дарэчы, цярпець не мог. Увечары, гуляючы па рэстаране і заводзячы ў музычным аўтамаце адну за адной песні Чэлентана, сябры падселі да вясёлай жаночай кампаніі. Гэта былі супрацоўніцы гарадскога аддзелу адукацыі, жанчыны мудрыя, дасведчаныя і звыклыя да экзальтаваных мужчынскіх паводзінаў у вялікіх жаночых кампаніях. У іх былі пышныя формы і фарбаваныя начосы. Жанчынам дырэктары адразу прыйшліся даспадобы, асабліва Гасан з яго баварска-грузінскімі каранямі, яны расказвалі пра праблемы ў галіне адукацыі, дзяліліся патаемным, танчылі пад Чэлентана і шчодра залівалі гарачыя стравы лікёрамі і бальзамамі. Каўбаса як малодшы заснуў за сталом, а Гасан доўга цалаваўся ў цёмным прахалодным калідоры з той, у якой былі найпышнейшыя формы і чырвоная капа на галаве. Жанчына цалавала яго навучана і драпежна, пэцкаючы ружовай памадай і павольна заціскаючы ў куток.

 

Прачнуліся яны толькі па абедзе, у гатэлі. Каўбаса, да ўсяго, згубіў тэлефон, але нават не спрабаваў яго знайсці, ляжаў, не маючы ніякіх сілаў вылезці са спальніка, у які ўчора залез у цяжкіх лыжных чаравіках галавой наперад. Гасан нервова глядзеў праз акно, адчуваючы на вуснах шалёны прысмак ядлоўцу і памады. Дамовіліся ўвечары пабегаць на лыжах, пакуль яшчэ трымаюць ногі.

 

 

9

 

 

Маці тэлефанавала зранку, таму ён прачынаўся яшчэ зацемна, каб званок не заспеў яго знянацку. Пачуўшы, што ён не спіць, маці пачынала млява жаліцца, скардзіцца на ціск, на дрэнныя сны і наогул на ўвесь унутраны стан. Цяжка дыхала ў трубку і прасіла Кешу паслухаць ці няма шумоў. Кеша з надзеяй прыслухоўваўся, але дыханне старой было роўнае і размеранае, а сэрца працавала старанна, як помпа. Маці, зрэшты, ніколькі не супакойвалася. Яна пужала Кешу, казала пра страту памяці, раптоўную смерць і хуткае раскладанне. Кешу ўсё гэта потым снілася начамі, ад чаго ён прачынаўся спалоханы і спацелы, нацягваў сваю чачэнскую шапачку і блукаў па гатэльных калідорах, спрабуючы супакоіцца. Неяк, крадучыся бэзавай калідорнай цямрэчай, ён угледзеў у душы жаночыя абрысы — дзяўчына з доўгімі нагамі і стрыжанымі валасамі замотвалася ў ручнікі і ціха напявала нейкую папулярную мелодыю. Кеша непрыкметна вярнуўся ў нумар, залез у ложак і яшчэ доўга грэў металічныя трубы сваім запаленым сэрцам.

 

 

10

 

 

Усё гэта пачалося ў прыгарадзе. На пагорках за кальцавой успыхвалі ружовыя водбліскі, і снег высыпаўся з раскрытых нябёсаў на цукровыя дамкі чыгуначнікаў і металічныя дрэд-ноўты кругласуткавых кіёскаў, што прабіваліся скрозь лёгкую замець, асвятляючы вечаровы змрок залатою, нібы кукуруза, электрычнасцю. Снег рухаўся на ўсход, мінаючы самотныя двары з дрэвамі і дымам, што ўзнімаўся з комінаў, поўнячы нябёсы, нібы паветраныя шарыкі, цяплом. Чорныя камлі, што застылі пасярод заснежаных плоскасцяў, зліваліся з атрамантам вечаровага паветра, з азёр і замерзлых рэк чуліся дзіцячыя галасы — дзеці расчышчалі лёд і ўважліва ўглядаліся ў прамерзлую пустэчу, разглядаючы карэньчыкі і водарасці, якія сплавіліся бурштынам і каштоўна цьмянелі ў сініх ледзяных проймах. Калі зусім цямнела, дзеці пакідалі коўзанкі, беглі дахаты глыбокімі пратаптанымі сцежкамі, зганяючы ў снежаньскае неба насцярожаных птушак. Птушыныя чароды ўзнімаліся над падворкамі і агароджамі, міналі чыгуначныя насыпы, праляталі над вузлавой, над доўгімі таварнякамі, гружанымі снегам і вугалем, уцягваліся ў гулкую прастору станцыі, прабіваліся скрозь жоўтыя слупы ліхтарнага святла і па-над вінаграднікамі і лініямі электраперадач заляталі ў старыя кварталы, што цягнуліся ажно да самага чыгуначнага вакзала. Вырваўшыся каля платформаў з вясёлым натоўпам, што высыпаў з прыгарадных цягнікоў, птушыныя цені ныралі ў змрок і пустэчу, апынаючыся між пустыроў, якія пачыналіся адразу за вакзалам і, адлюстраваўшыся ў яскравым вечаровым снезе, ляцелі бліжэй да крэмавых даваенных дамоў, бліжэй да старога стадыёна і пустых складоў, над якімі ўжо выкочваўся аранжавы месяц, быццам футбольны мяч, які тутэйшыя падлеткі ганялі па сінім ад электрычнасці снегу. Сарваўшыся ўверх, птушкі імчалі паўз паркі, паўз універсітэт, у бок старога горада, пакідаючы ўнізе праспект і пустыя рынкі, бліжэй да трамваяў і ратушы, кружылі над загусцелым паветрам задніх двароў, дзе курылі афіцыянты з рэстаранаў і куды выносілі смецце з гатэляў і офісаў. Не знайшоўшы і тут нічога цікавага, рабілі кола над рынкам і губляліся сярод вузкіх вуліцаў, зазіраючы ў вокны, залятаючы да чорных, як сабачыя паднябенні, брамаў.

 

За вокнамі з’яўлялася безліч постацяў, чуліся галасы і лунала музыка. Нечыя ўважлівыя позіркі, нечыя нервовыя прызнанні, чыйсьці жарсны шэпт і п'яныя клятвы — столькі запалу было ў гэтых рухах і размовах, столькі чакання ў цішыні, нібы ўсе спадзяваліся на знак, быццам жыхары ўсіх гэтых будынкаў выглядалі ў вокны і выбягалі на лесвічныя пляцоўкі, скакалі ў снег і ўпускалі ў цёплыя пакоі густое паветра начных гадзін у доўгім і бясконцым чаканні сігналу, які павінен быў паклікаць іх на вуліцы, адкрыўшы шлюзы і сарваўшы ўсе засцерагальнікі. Магчыма, тым сігналам і стаў вечаровы снег, які ўвесь гэты час цягнуўся ад чыгуначных пуцей і загарадных садоў, праз прыватны сектар і супермаркеты ў спальных раёнах, а дацягнуўшыся ажно сюды, да старога горада, імгненна запарушыў вулачкі і прахадныя двары, турму і цэрквы, універсітэт і помнікі, аўтамабілі на ўзбочынах і трамвай пасярод вуліцы. І, убачыўшы гэты сігнал, заўважыўшы яго ў сіне-зялёных нябёсах, мужчыны і жанчыны, дзеці і старэйшыя грамадзяне выбягалі на двор, у гарачае снежнае месіва, весела смеючыся, славячы надвор’е і снег, які нарэшце зняў завесу ночы і абудзіў гэты горад, з яго сабакамі і жабракамі, спеўнымі жанчынамі, і злодзеямі; з яго школьнікамі і птушынымі чародамі, што ад гэтага гвалту і тупацення выляталі праз глыбокія двары і блакітныя завулкі, падаючы ў чорную ноч і лёгкую паўночную пустэчу.

 

Самыя дапытлівыя птушкі, самыя галодныя і нахабныя, сядалі на падваконне старога дома і дзелавіта так сабе праходжваліся, зазіраючы ў замерзлыя шыбы, за якімі адбываліся незразумелыя і загадкавыя рэчы, ад якіх захоплівала птушынае дыханне і ад здзіўлення раскрываліся дзюбы.

 

У адным памяшканні на ложку сядзела дзіўная напаўраздзетая жанчына, весела пакрыкваючы нешта і раскідваючы апранахі ва ўсе бакі. Была яна сама нечым падобная да птушкі, лёгка саскоквала з ложка і хадзіла па пакоі, падымаючы свае швэдры і майткі, выбіраючы, што ёй апрануць, не ведаючы, на чым спыніцца. Яе стрыжаныя светлыя валасы былі растрапаныя, але выглядала яна радасна, быццам ужо вырашыла, што менавіта ёй надзяваць, як быць далей, куды ісці і дзе спыніцца. Гэтая ледзь прыкметная рашучасць, з якой яна збірала ў кучу вязаныя шкарпэткі і крывава-чырвоныя станікі, насцярожвала птушак: яны дакладна ведалі, што жанчына з такімі нервовымі і рашучымі рухамі здольная на любыя дурасці, на самыя кепскія ўчынкі, на самае салодкае вар’яцтва, на ханжаства і аскетызм, інакш кажучы, чакаць ад яе можна чаго заўгодна.

 

 

11

 

 

А ў іншым пакоі, на паверх вышэй, сядзелі два пахмурыя дужыя мужчыны і з нажа елі рыбныя кансервы. Яны былі падобныя да паляўнічых, або рыбакоў, або даследчыкаў арктычных прастораў, акіянскіх безданяў. Шчацінне на іхных тварах востра паблісквала ў электрычным святле, клаліся глыбокія зморшчыны, калі яны супіліся і маўчалі, ламаючы вострымі моцнымі зубамі рыбіны косткі. У аднаго былі доўгія нямытыя валасы, якія рабілі яго падобным да марскога разбойніка, другі быў каротка стрыжаны і знерваваны, грозна сціскаў у руцэ нямецкі штык, час ад часу ўганяючы яго ў кансерваваную рыбіну. На падлозе каля іх ляжалі рэчы, якія падыходзілі б геаграфічнай экспедыцыі ці выратавальнай камандзе, — спальнікі і газавыя гарэлкі, цяжкія ліхтары і гарналыжныя акуляры. Зверху ляжала зламаная вэб-камера, што рабіла яшчэ больш выразным вобраз мужных злосных даследчыкаў і вандроўнікаў. Нейкі смутак свяціўся у іхных вачах, нейкая невымоўная прага, што шукала выйсця, не да канца ўсвядомленая смага, што распальвала ім грудзі, гонячы наперад, у сінія пякучыя снягі, асветленыя самалётамі.

 

— Паслухай, брат, — гаварыў валасаты, які выглядаў больш прыгнечана і злосна, чым таварыш, — заябала чакаць. Чаго мы тут сядзім, як палярнікі на льдзіне? Лыжы ў рукі і пайшлі!

 

— Без правадніка? — сумняваўся другі, чый скураны камбінезон быў густа перапэцканы соўсамі і губной памадай. — Не дойдзем.

 

— Ды ну, — пераконваў яго прыгнечаны. — Дойдзем. Не ў тайгу ж ідзем. Я здурэю ў гэтым гатэлі! У іх жа тут нават гарачай вады няма! Мы што, цюлені без гарачай вады жыць?

 

— Я мінералкай мыюся, — запярэчыў перапэцканы. — Яна пакаёвай тэмпературы.

 

— Кактусы трэбы паліваць пры пакаёвай тэмпературы! — крычаў прыгнечаны. — А мыцца трэба гарачай вадой! У нас хутка тыф пачнецца. Трэба ісці.

 

— Братка, — супакойваў яго перапэцканы, — ты не хвалюйся. Скажаш ісці — пойдзем. Ты на лыжах бегаць умееш?

 

— Не, — адказваў прыгнечаны.

 

— І я не ўмею, — прызнаваўся перапэцканы. — Значыць, пойдзем пешшу.

 

Так і вырашылі.

 

 

12

 

 

А яшчэ ў адным акне летуценны юнак з яркай рудой шавялюрай хадзіў ад ложка да дзвярэй і панура гаварыў з кімсьці па тэлефоне. Не столькі размаўляў, колькі слухаў нейкія бясконцыя скаргі, пажаданні, рэкамендацыі ды пагрозы, прапускаў усё гэта праз сваё гарачае сэрца і халодны мозг, не страчваючы ні на хвілю самакантролю, мераў шырокімі крокамі прастору пакоя, прыціскаючы локцямі да цела нейкія металічныя прадметы, падобныя да бутафорскіх тэрмометраў з лялечнага тэатра. Складалася ўражанне, што ў яго прастуда, і ўсю бездань гэтай прастуды можна было вымераць толькі такімі нечалавечых памераў тэрмометрамі, падобнымі да флейтаў.

 

А ў іншых пакоях, за іншымі вокнамі, таксама адбывалася безліч захапляльных падзей — нейкія польскія скаўты мяшалі віно з фантай, рыхтуючыся да шумнай забавы; нейкія пілігрымы чыталі ўголас Евангелле ад Лукі, перадаючы Святое Пісьмо таму, у каго цёплыя рукі і не прастуджаны голас; нейкія расійцы тэлефанавалі на Сахалін, бо там ужо надышоў Новы год і, адпаведна, можна было пачынаць святочнае дзейства. Смех і стогны каціліся па высокіх калідорах, і цёплая пара ўздымалася ад выпадковых мінакоў унізе, і снег, які прайшоў над горадам, цяпер вісеў на галінках, нібы парашуты або скарыстаная вагонная бялізна, якую, нягледзячы на ўсе заклікі правадніка, так ніхто і не здаў.

 

 

13

 

 

Я ведаў, што надоўга яна не затрымаецца. Пытанне было толькі ў тым, ці ёсць ёй куды пайсці. Яна расказала, што дома яе чакаюць дочкі, што яны зусім дарослыя, сядзяць з бабуляй і слухаюць кружэлкі, якія займаюць паўкватэры. Час ад часу яна тэлефанавала ім, і тады яны спявалі разам.

 

 

14

 

 

— Так, — гаварыў ён змрочным голасам. — Самае важнае — гэта дарога ваяра. Прайсці па вузкай кладцы паміж забыццём і неўміручасцю, абмінуць усе перашкоды, выйсці ў даліну цішыні і адкрыцця. Хіба не пра гэта мы марылі ўсё жыццё? Хіба не галасы нашых братоў па зброі клічуць нас штоночы, гукаюць нас з туманных вышыняў, не даюць нам супакоіцца ў нашым зямным жыцці? Дык ці маем мы права здрадзіць ім, адмовіцца ад гэтай прыгоды, ці зможам мы потым глядзець у вочы адзін аднаму, скажы мне? Дарога ваяра кліча, заўтра і рушым.

 

— Як пойдзем, браце? — спакойна пытаў яго другі.

 

— Самае надзейнае — ісці за зорамі і нябеснымі свяціламі, спускацца ўздоўж замерзлых рэчышчаў і крочыць за птушынымі ценямі, якія лятуць праз туманныя перавалы. Але на ўсялякі выпадак я купіў атлас аўтамабільных дарог.

 

 

15

 

 

“Выбіраючы паміж захапленнем і кар’ерай, я заўсёды рабіў выбар на карысць апошняй, — думаў ён, — пачуццё грамадзянскай адказнасці падавалася мне больш прыярытэтным. Кожны раз, як заходзіла гаворка пра дамінаванне індывідуальнага над калектыўным, нейкая нябачная ўнутраная сіла схіляла мяне на бок салідарнасці і ўзаемападтрымкі. Асабістае, эгаістычнае пачуццё замкнёнасці і засяроджанасці на сваіх унутраных, індывідуальных, пазбаўленых калектыўнага напаўнення перажываннях здавалася мне вартым сораму і пагарды. Далучанасць да грамадскіх працэсаў, да нябачных, але няспынных формаў вытворчасці і грамадскай камунікацый напаўнялі мяне ўпэўненасцю і разуменнем мэтазгоднасці свайго існавання. Усё іншае страчвала сэнс, а калі і з’яўлялася ў хвіліны душэўнай слабасці і ўнутраных ваганняў, адразу ж адступала пад ціскам значнасці працэсаў, да якіх я цудоўным чынам спрычыняўся. Таму я заўсёды намагаўся выціснуць з сэрца ўсё асабістае, напаўняючы яго радасцю калектыўнай працы. Маму сваю я не люблю, жанчын у мяне няма, у мяне клоўнскія валасы і праблемы са сном. Мне дваццаць пяць гадоў, і далей будзе толькі горш”.

 

Паветра ў гатэлі было сухім і наэлектрызаваным, яго валасы патрэсквалі ў цемры і, калі ён спрабаваў іх расчасаць, сыпалі іскрамі, пагражаючы падпаліць гэты гатэль разам з усімі яго халоднымі бессардэчнымі жыхарамі.

 

 

16

 

 

— Што мне надзець? — паўтарала яна. — Што мне надзець?

 

Мы ўжо з гадзіну збіраліся пайсці ўніз, Новы год няўмольна падступаў, як вясновая вада, трэба было нешта рабіць. Мы вырашылі спусціцца ў бар і зладзіць вясёлую непаўторную вячэру. Тыя, хто выжыве, перакажуць тым, хто адыдзе, як усё здарылася.

 

І вось яна ўжо з гадзіну перабірае рэчы ў сваёй вялікай чорнай валізе, не ведаючы, што ж надзець з такой урачыстай нагоды.

 

— А калі я павяжу на галаве ружовую стужку? — пытала яна, стоячы пасярэдзіне ложка ў жоўтых панчохах і ружовай бялізне.

 

— Ты падобная да жанчыны з 80-х, што займаецца аэробікай, — намагаўся я яе падтрымаць.

 

— Не, так не пойдзе, — яна расчаравана выкідала стужку. — Ніякіх васьмідзясятых. — І нацягвала на вочы вялікую вязаную растаманскую шапку. — А калі так?

 

— Не, — спыняў я, — так цябе ў бар не пусцяць. Або назад не выпусцяць.

 

Шапка ляцела пад ложак, яна далей калупалася ў сваёй валізе, выцягвала то старана парваныя футболкі, то бэзавыя кашулі з кіслотнымі ўзорамі, то дэкадэнцкія спадніцы, а то і вайсковыя боты з намаляванымі на халявах чарапамі. Калі ніякай надзеі на тое, што мы куды-небудзь пойдзем, не засталося, яна раптам дастала аднекуль доўгую чорную сукенку, скінула з сябе ўсё, што на ёй было, разам з панчохамі, нацягнула гэтую дапатопную сукенку, абула вайсковыя боты з чарапамі і задаволена рушыла да дзвярэй. Свята абяцала стаць незабыўным.

 

І ўсё ішло да таго, што мы страцім галовы ў гэтым навагоднім Вавілоне, у гэтых чорных будынках, халодных, нібы марскія парты, нібы старыя разваленыя трумы, будзем горка піць за спачын вясёлых душ, якія не дажылі да гэтай светлай гадзіны. А за вокнамі будзе шумець начное мора, будуць пеніцца і адчайна біцца ў іржавыя днішчы нашых жытлаў зялёныя хвалі, адлюстроўваючыся сваёй моцай у нашых сэрцах і глотках. Бар напоўніўся жыхарамі гатэля, якія пасцягваліся сюды з усіх паверхаў, са сваіх нор і закуткоў, пакінуўшы цёплыя ложкі і прагрэтыя дыханнем пакоі дзеля гэтага моманту славы, дзеля некалькіх гадзін святкавання ў коле непрыкаяных і заблукалых падарожнікаў, у кампаніі вандроўнікаў і ўцекачоў, якіх закінула на гэтыя берагі, у гэтыя бяздонныя трумы і каюты, куды баяцца зазіраць нават жудасныя марскія пачвары, не жадаючы ўбачыць нешта такое, што потым будзе пераследаваць іх у цяжкіх сціснутых глыбінях. Нарэшце мы ўсе сустрэліся ў гэтым звонкім кулінарным пекле! Нарэшце мы пабачылі, колькі нас хавалася на гэтых паверхах, колькі нас жыло ў гэтых пакоях без выгодаў! А нас было шмат! Былі сярод нас польскія скаўты, цэлы атрад. У іх былі праблемы з вытрымкай і нейкія не да канца зразумелыя рэваншысцкія настроі. Яны крычалі гучней за ўсіх, аднак надоўга сіл ім не ставала. Так, накрычаўшыся, быццам чайкі, яны замаўкалі па кутах, але пры гэтым не пакідалі агульнага святкавання. Былі таксама нейкія малдаўскія інжынеры, якія жылі ў гатэлі так даўно, што іх тут ужо прымалі за сваіх і плату бралі толькі за электрычнасць. І яшчэ былі нейкія бізнэсоўцы, якія прыйшлі са сваімі дзяўчатамі, і святар, які прыбіўся на святло ды галасы, і некалькі сябровак афіцыянтак, якія крыху разрэджвалі гэтую пераважна мужчынскую кампанію. І цёця Маша стаяла ў дзвярах, нібы закаркоўваючы ўсё гэта зборышча і не дазваляючы нікому пакінуць баявы пост такой урачыстай ноччу. Таму калі мы ўвайшлі і далучыліся да агульнага спеву і шуму, усе ўжо былі радасныя і прасветленыя, усе цалаваліся і запрашалі адно аднаго на танец, перакрыквалі музыку, пераскоквалі праз крэслы, галёкалі і весяліліся. І над усім гэтым стаяў нязводны і густы, як марская вада, пах перасмажанай кавы, дух Калядаў, дух гарачай пагоні за святочнымі сходамі і ўрачыстымі прамовамі, дух заняпаду і адраджэння, пасля якога усе мы зробімся крыху іншымі: магчыма, лепшымі, магчыма, наадварот, яшчэ горшымі, чым былі.

 

 

17

 

 

Каўбаса з Гасанам уварваліся ў самае сэрца застолля, у сонечнае спляценне гэтага шматгалосага святкавання, і пасля гэтага апошняга ўдару пачаліся экстаз і агонія. Каўбаса выкінуў з-за стала двух скаўтаў і ўсеўся з Гасанам акурат насупраць нас.

 

— Здароў! — закрычаў Гасан Лене. — Ведаеце такую народную прымаўку: няпрошаны госць горш за татарына? Дык гэта пра нас.

 

— Вы горшы за татарына? — не зразумела яго Лена.

 

— Не, не ў тым сэнсе, — пачаў тлумачыць Гасан. — Я ў сэнсе, што я няпрошаны госць. А ўвогуле я лепшы за татарына, вядома ж.

 

— Ясна, — сказала Лена. — Патанчым?

Была яна, бясспрэчна, каралеваю гэтай батлейкі. Яе празрыстая чорная сукенка, а галоўнае — поўная адсутнасць пад сукенкай чаго-колечы, выносіла глузды скаўтам і бізнэсоўцам. Нават дзяўчаты глядзелі на Лену пяшчотна, хаця і зняважліва. І Гасан круціў яе вакол сябе як мог, сціскаў у абдымках і жарсна рухаўся паміж сталамі, хоць гэта нічога не змяняла — яна глядзела паўз яго і зусім не звяртала ўвагі на ягонае гарачае дыханне і пах сапраўднага мужчынскага адэкалону, які Гасан выпіў сёння за сняданкам.

 

— Браце, — гаварыў мне даверліва Каўбаса, — ты разумееш — дарога ваяра! Дарога ваяра, браце! Ты гэта разумееш?

 

— Разумею, — адказваў я.

 

— Ну дык ты з намі? — дапытваўся Каўбаса.

 

— З вамі, браце, а як жа ж.

 

— А як жа яна? — кідаў ён асцярожныя погляды на Лену, што танчыла на крэсле. — Яна цябе нізашто не пусціць. Тут такая рэч, браце: або жанчыны, або дарога ваяра.

 

— Пусціць, браце, — запэўніваў я, — гэта толькі выпадковая сустрэча двух самотных сэрцаў, за якой пацягнуцца доўгія дні падарожжаў і пераездаў. Адным словам, я з вамі.

 

— Добра, браце, — ціснуў мне правую руку Каўбаса, — вельмі добра. Выходзім на досвітку. Дарога ваяра, браце!

 

 

18

 

 

Кеша з’явіўся ўначы, ужо калі скаўты спалі пад сталамі, а бізнэсоўцы намагаліся падзяліць паміж сабой дзяўчат і не маглі ўспомніць, дзе чыя. Ветліва спытаўшы дазволу, Кеша падсеў да нас. Пабачыў Лену і адразу ж пачаў размарожвацца.

 

— Як цябе завуць? — запытала яна.

 

— Інакенцій, — цяжка глытаючы пракуранае паветра, адказаў Кеша.

 

— Патанчым? — прапанавала Лена.

 

Ён нервова кіўнуў. Яны доўга круціліся каля стойкі, ён баязліва кранаў яе, яна глядзела яму ў вочы, ад чаго ён нямеў. Потым яны вярнуліся. Было ўжо позна, стома клалася на твары мужчын і на рухі жанчын, дух Калядаў уздымаўся пад столь і ападаў нам на плечы, бы першы снег. Яна не адводзіла ад яго вачэй, нешта дзіўнае адбывалася з ёй, я і не памятаў яе такой — яна хвалявалася і ўвесь час курыла, гаварыла ціха, нібы сама сабе, і надоўга змаўкала, не дачакаўшыся адказу. Тонкая жылка білася ў яе на шыі, і ледзь прыкметны шнар бялеў на перадплеччы, і вусны яе перасохлі ад жару, які займаўся ў горле — так яна хвалявалася.

 

— Я ад яго вар’яцею, — сказала яна мне шэптам.

 

— Ну дык забірай яго да нас, — параіў я. — У яго ж напэўна халодна і непрыбрана.

 

— А ты? — здзівілася Лена.

 

— А я ўсё роўна зранку ад’язджаю, — патлумачыў я. — З братамі па зброі.

 

— Я не хачу, каб ты мяне кідаў, — ціха сказала яна.

 

— Я таксама не хачу, — упэўніў я. — Але тут такая шняга, што нічога не зробіш. Дарога ваяра, разумееш?

 

— Разумею, — сказала яна і зусім змоўкла.

 

 

19

 

 

Тое, што мы носім з сабою глыбока ў сэрцы, хаваем ад скразнякоў і дажджоў, дзелімся ім толькі з блізкімі, усе тыя галасы і водгулле, староннія погляды, выпадковыя сустрэчы, безнадзейнае расстанне, радасныя ўспаміны, даўкае забыццё — усё тое перацяканне нябёсаў над намі, падзенне снегу між намі, жоўты месяц і згасанні сонцаў, вада, якая цячэ скрозь нашыя пальцы, цемра, у якой мы губляемся, — жыццё ўвесь час побач з намі, не адстае ні на хвілю, увесь час стаіць за спінай, пільна высочваючы, як знікаюць нашыя лёгкія постаці, кожнае імгненне нагадваючы пра сябе, звяртаючыся да нас, спрабуючы супакоіць і падтрымаць, кладучы руку на плячо ў цяжкую, у самую безнадзейную хвілю, калі мы гатовыя на ўсё забыцца і ад усяго адмовіцца. Перадусім — ад уласнага жыцця. Мы дыхаем з ім адным паветрам, глядзім у адно неба, едзем у адных вагонах, кормім з рук тых самых вулічных сабакаў, дзякуем за ўсе падарункі і шчадроты тым самым духам і прывідам, мы жывем з ім, гэтым нашым жыццём, адным жыццём. І памрэм з ім адной смерцю.

 

 

20

 

 

Дарога была бясконцая і ледзь бачная. З цяжкім рыштункам на плячах, з моцнымі ліхтарамі ў руках яны брылі скрозь снег і цемру, кіруючыся нейкім унутраным пачуццём, якое гнала іх наперад, у снягі і туманы, праз змрок і завеі, дарогай болю і перамог, дарогай вялікіх падарожнікаў і першапраходцаў, сцежкамі сапраўдных, забытых усімі мужчын, якім зусім-зусім няма чаго страчваць.

 

А каб дакладна не збіцца з дарогі, яны вырашылі ісці па трамвайных рэйках.

 

 

21

 

 

Яна доўга не магла скончыць. Кеша стараўся як мог, але ад яго тут ужо мала што залежала — Лена гойдалася на ім да раніцы, смяялася і напявала ціхія мелодыі, даводзіла яго да шаленства і апускала на зямлю, а сама ўсё ніяк не магла скончыць і супакоіцца. Магчыма, яна перасвяткавала, магчыма, ператамілася, але дух Калядаў не даваўся ёй, лёгка лётаючы пад столлю, нібы паветраны змей. Свята ніяк не заканчвалася, і для іх дваіх яно доўжылася цэлую ноч і ўвесь доўгі студзеньскі ранак, ажно пакуль яна не засяродзілася на яго бледнай скуры і вогненных валасах, на яго зялёных спалоханых вачах, і тады ўсё здарылася, як і павінна было, і яна ў знямозе ўпала на падушку побач з ім.

 

“Гэта такая дзіўная неспасцігальная рэч — адносіны паміж мужчынам і жанчынай, — думаў Кеша, стомлена стоячы над ложкам і разглядаючы яе голае цела, — салодкая, але разам з тым горкая, як турэцкі шакалад. Ці меў я рацыю, грэбуючы гэтымі стасункамі? Ці не пазбаўляў я сябе чагосьці важнага, таго, што мусіла фармаваць мяне як чалавека, як асобу? Ці не павінен я цяпер адчуваць сябе абдзеленым, не маючы за плячыма гэтага балючага досведу дакранання да жаночай скуры, уваходжання ў жаночае цела? Ці не прывядзе гэтая раптоўная і такая непазбежная сустрэча да страты майго ўнутранага стрыжня, дэфармавання майго ўласнага “я”? Бо, так ці інакш, пасля кожнай ночы любові мы выносім у сэрцы вар'яцкае пачуццё напоўненасці і спустошанасці, далучэнне да чужога дыхання і біцця сэрца, да чагосьці значнага, што непасрэдна ўплывае на нашыя лёсы. Бо, так ці інакш, нябёсы за акном больш не будуць гарэць такім бэзавым ззяннем, і галасы ў калідоры не будуць несці столькі тугі і роспачы, і я ўжо ніколі не буду тым легкадумным славалюбным юнаком, які думае, што можна пражыць сваё жыццё, не сумяшчаючы індывідуальнае з калектыўным”.

 

І, падумаўшы так, ён раптам успомніў пра трубы, якія з вечара астывалі пад ложкам. Асцярожна дастаў іх, адну за адной, беражліва абклаў імі Лену, якая моцна і салодка спала, і старанна накрыў калючымі гатэльнымі коўдрамі. Спачатку адной, потым другой.

 

 

студзень 2010

 

 

Пад рэдакцыяй Уладзя Лянкевіча.

Пераклад з украінскай – Ганя Снытка © 2013

Чытайце таксама

Вацлаў Гавал

Вацлаў Гавал

Чэшскі драматург, эсэіст, дысідэнт, першы прэзідэнт Чэшскай Рэспублікі

Жан Както

Жан Както

"Чалавек-аркестр" французскай культуры, выявіўся ў разнастайных галінах мастацкай дзейнасці.

Станіслаў Ежы Лец

Станіслаў Ежы Лец

Альбэр Камю

Альбэр Камю

Французскі пісьменнік і філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму, “сумленне Захаду”

960