Заробак
(L'innustria)
 Мяне, было, нядаўняю парою
 Нядобры лёс без грошыка пакінуў.
 Ну што рабіць? Пайшоў я да каміна,
 Ўзяў шуфлік там, расхрабустаў натрое,
 
 Ў кашулю заматаў ламачча тое
 Ды скіраваўся на Кампавачына,
 Бо там ангельцы, й можна з той прычыны
 Чужою скарыстацца прастатою.
 
 Ідзе разумнік; я да йго таропка:
 Зірніце, моўлю так, шаноўны пане, 
 На слаўны плён учорашніх раскопкаў!
 
 Той кажа “Бляск!” і мне ў замілаванні
 Дае манету. Ў Рыме падзаробкаў
 Лягчэйшых хутка ўвогуле не стане.
 
 
 
 
Плата
(La penale)
 Ксяндзы — майстры, вядома, плату грэсці.
 Наш правіла прыдумаў з гэтай мэтай:
 Моў, кожны, хто за лаянкай заспеты,
 Шэсць грошаў мусіць пробашчу прынесці.
 
 І вось няўдача мне: паселі дзесьці
 Мы з фурманамі ў карты, і за гэтай
 Гульнёй прайграў я срэбную манету;
 Ну, і крыху праз тое лёс пабэсціў.
 
 Хтось, мусіць, расказаў; праз пару дзён жа
 Той ксёндз пытае — што ж, моў, не прыношу.
 Я растлумачыць мог бы ўсё, дык ён жа 
 
 Не слухаў, хоць адказ я меў харошы. 
 То ў выніку я й моўлю: Ойча ксёнжа,
 Каб ты падох, трымай дванаццаць грошаў.
 
 
 
 
Вясковая брацця
(Li frati d'un paese)
 А вось было яшчэ: мінулым летам
 Я працаваў у кляштары ў Джэнцана;
 Ды чую, ўверсе гвардыян старанна
 Кагось шукае й лаецца з імпэтам.
 
 Бо мусілі манахі ў часе гэтым
 Спяваць ужо навэну да Касьяна,
 Аж ні адзін пакуль да закрыстана
 Не выйшаў. Той шукаў, шукаў — ды дзе там!
 
 Бліжэе ноч, у храме ўжо паўнютка,
 То што рабіць? Не апускаць жа рукі.
 Пайшоў айцец у трапезную хутка
 
 І да вячэры пазваніў. На гукі
 Прыбеглі тыя ўраз; а ён ім: Ну-тка,
 Шыбуйце ўсе ў касцёл, браты свінюкі!
 
пераклад з рымскага дыялекту — Антон Францішак Брыль
 
