№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Стывен Ван Дайн

Дваццаць правілаў дэтэктыўшчыка (Twenty rules for writing detective stories)

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


Дэтэктыўная гісторыя — гэта гульня. Больш за тое, гульня азартная. І пісьменніку варта гуляць з чытачом сумленна, бо хітрыкі і мухлёж тут будуць выглядаць гэтак жа непрыстойна, як і ў брыджы. Пісьменніку трэба перахітрыць чытача, утрымаць яго ўвагу чыстым майстэрствам. У добрага дэтэктыўшчыка ёсць свае акрэсленыя правілы, мабыць, няпісаныя, але ўсё адно абавязковыя, і кожны паважаны вынаходнік літаратурных загадак іх трымаецца.

Такім чынам, перад вамі свайго кшталту крэда, якое часткова грунтуецца на досведзе ўсіх вялікіх пісьменнікаў і часткова — на праўдзівых унутраных назіраннях аўтара. А менавіта:

1. У чытача з дэтэктывам мусяць быць аднолькавыя ўмовы для рашэння загадкі. Усе падказкі трэба ясна абазначыць і апісаць.

2. Нельга свавольна хітрыць і мухляваць з чытачом, калі толькі гэта не законны мухлёж з самім дэтэктывам.

3. У гісторыі не мусіць быць ніякага кахання. Увесці любоўную лінію — значыць захламіць чыста інтэлектуальнае практыкаванне недарэчнымі сантыментамі. Нашая задача — па справядлівасці адправіць злачынцу за краты, а не бедных каханкаў пад вянец.

4. Дэтэктыў ці адзін з тых, хто праводзіць афіцыйнае расследаванне, не павінен аказацца злачынцам. Гэта непрыкрыты падман — усё адно што выдаць начышчаны пені за пяцідаляравую манету з чыстага золата.

5. Злачынца можна лагічна вылічыць дэдукцыяй — а не выпадкова, па збегу абставінаў ці праз нематываванае прызнанне. Рашыць дэтэктыўную загадку адным з апошніх спосабаў — значыць наўмысна выправіць чытача на пошукі нечага недасягальнага, а пасля таго як ён здасца, сказаць яму, што ўвесь час тое, што ён шукаў, было ў вас. Такі пісьменнік нічым не лепшы за аматараў дурных розыгрышаў.

6. У дэтэктыўным творы мусіць быць дэтэктыў, а дэтэктыў не дэтэктыў, калі ён не расследуе. Яго роля ў тым, каб збіраць доказы, якія ў выніку выведуць на вінаватага ў паскудстве, учыненым у першай частцы. І калі дэтэктыў прыходзіць да такой высновы не праз аналіз гэтых доказаў, ён разгадаў загадку не лепей за вучня, што падгледзеў адказ у канцы падручніка.

7. У дэтэктыўнай гісторыі мусіць быць труп, і чым ён мярцвейшы, тым лепш. Злачынства, меншае за забойства, не спрацуе. Трыста старонак — зашмат шуму для простага злачынства. Да таго ж, чытацкія клопаты і страту энергіі варта ўзнагароджваць. Амерыканцы — людзі па сутнасці сваёй гуманныя, а таму першакласнае забойства абудзіць у іх пачуццё помсты і жаху. Яны захочуць прыцягнуць зламысніка да адказнасці, і калі “нялюдскае і подлае забойства” [1] адбылося, пошукі вінаватага распачынаюцца з усім праведным энтузіязмам, на які толькі здольны тройчы лагодны чытач.

8. Загадка злачынства мусіць быць раскрытая толькі натуралістычнымі метадамі. Такія спосабы дакапацца да праўды, як грыфельныя дошкі, дошкі Ўіджа, тэлепатыя, крыштальныя шары і да т.п. — забароненыя. Чытач мусіць мець шанец памерацца розумам з рацыянальным дэтэктывам, а вось у змаганні са светам духаў і блуканнях ў чацвертым вымярэнні метафізікі ён вырачаны ab initio. [2]

9. У рамане мусіць быць толькі адзін дэтэктыў, адзіны пратаганіст, і ён жа — адзіны deus ex machina. Перадаць думкі трох, чатырох ці нават цэлай банды дэтэктываў, што б’юцца над праблемай, — значыць не толькі рассеяць цікавасць і разбурыць просты лагічны ход думак, але і атрымаць несправядлівую перавагу над чытачом, які адпачатку супрацьпастаўляе свой розум розуму дэтэктыва і распачынае з ім своеасаблівае спаборніцтва. Калі дэтэктываў больш чым адзін, чытач не ведае, з кім супернічаць. Гэта падобна да забегу, дзе чытачу трэба змагацца з цэлай эстафетнай камандай.

10. Злачынцам мусіць аказацца чалавек, які адыграў больш-менш заўважную ролю ў рамане —то бок чалавек, знаёмы і цікавы чытачу. Калі аўтар у апошняй частцы вешае злачынства на незнаёмца ці таго, чыя роля ў аповедзе была абсалютна незаўважнай, то прызнаецца ў няздольнасці параўнацца розумам з чытачом.

11. Служак — лёкаяў, аканомаў, камердынераў, леснікоў, кухараў і іншых — нельга абіраць злачынцамі. Толькі асобаў высакароднага паходжання. Бо гэта будзе занадта простым рашэннем, якое чытача не задаволіць, а толькі прымусіць думаць пра марна патрачаны час. Злачынца мусіць быць напраўду вартым чалавекам — тым, каго зазвычай нельга западозрыць. Бо калі б злачынства было справай рук падступнага служкі, аўтару не варта было б увасабляць яго ў кнізе.

12. Злачынца мусіць быць адзін, незалежнага ад таго, колькі забойстваў адбылося. У яго, безумоўна, можа быць памочнік ці суўдзельнік, але асноўная адказнасць за здзейсненае мусіць ляжаць на адных плячах: чытацкае абурэнне варта сканцэнтраваць толькі на адным падступным характары.

13. Таемным таварыствам, каморам [3], мафіі і г.д. няма чаго рабіць у дэтэктыве. Яны — атрыбуты прыгодніцкай ці шпіёнскай літаратуры. Захапляльнае і надзвычай прыгожае забойства безнадзейна сапсуецца ад такой масавасці віноўнікаў. Забойцу ў дэтэктыўнай гісторыі сапраўды варта даць магчымасць паспаборнічаць, але падтрымка цэлага таемнага таварыства (з прытулкамі на кожным кроку і калектыўнай пратэкцыяй) — гэта занадта. Ніводзін высакакласны забойца з пачуццём уласнай годнасці не захоча такіх перавагаў перад паліцыяй.

14. Спосабы забойства і яго расследавання мусяць быць рацыянальнымі і навуковымі. Варта заўважыць, што псеўданавуковыя і цалкам выдуманыя ды спекуляцыйныя спосабы не падлягаюць выкарыстанню ў roman policier. Напрыклад, забойства ахвяры нядаўна адкрытым хімічным элементам — скажам, супер-радыем — несумленнае. Таксама не дапускаецца забойства ахвяры рэдкім ці невядомым рэчывам, якое існуе толькі ва ўяўленні аўтара. Таксікалагічна кажучы, пісьменніку-дэтэктыўшчыку варта абмежавацца фармакапеяй [4]. Калі аўтар уваходзіць у сферы чыстай фантазіі, кшталту Жуля Верна, ён апынаецца па-за межамі дэтэктыўнай літаратуры, выпраўляючыся да нязведаных даляглядаў прыгодніцтва.

15. Разгадка дэтэктыву заўжды мусіць быць відавочнай — пры ўмове, што чытач выявіцца дастаткова разумным. Я маю на ўвазе, што калі б чытач пасля тлумачэння злачынства вырашыў перачытаць кнігу, то разгадка ў пэўным сэнсе мусіла б проста кінуцца ў вочы — бо ўсе зачэпкі напраўду паказвалі б на забойцу, і калі б чытач быў такім жа разумным, як дэтэктыў, ён бы сам разгадаў загадку, не чытаючы апошняй часткі. Тое, што разумны чытач знаходзіць разгадку такім чынам, і так зразумела. І адна з асноўных маіх тэорый напісання дэтэктыўнага твора палягае на тым, што калі твор пабудаваны сумленна і па ўсіх законах, схаваць разгадку ад усіх чытачоў проста немагчыма. Пэўныя з іх непазбежна выявяцца такімі ж разумнымі, як і аўтар. І калі аўтар слушна трымаўся духу суперніцтва і сумленнасці ў выкладанні фактаў злачынства, яго планаванні і падборы доказаў, гэтыя праніклівыя чытачы дзякуючы аналізу, адбору і логіцы, змогуць паказаць пальцам на злачынца ў той самы момант, што і дэтэктыў. Менавіта гэта і надае гульні пікантнасці. У гэтым і палягае адказ на пытанне, чаму чытачы, якія пагарджаюць звычайнай “папулярнай” літаратурай, будуць без сораму чытаць дэтэктывы.

16. У дэтэктыўным рамане не мусіць быць доўгіх апісанняў, ніякага літаратурнага какецтва з пабочнымі пытаннямі, ніякіх тонка прапрацаваных герояў, ніякага захаплення “атмасфернасцю”. Такія рэчы не важныя для апісання злачынства і яго раскрыцця. Яны затрымліваюць развіццё дзеяння, уводзяць аспекты, не датычныя галоўнай мэты, якая заключаецца ў тым, каб выкласці праблему, прааналізаваць яе і прывесці да паспяховага рашэння. Канечне, патрэбная пэўная апісальнасць і накіды характараў герояў, каб надаць раману праўдападобнасці, але калі аўтар дэтэктыўнага твора дасягнуў той ступені літаратурнасці, калі створанае прывабнае пачуццё рэальнасці і абуджаная цікавасць і спагада чытача да герояў і праблемы, ён скарыстаўся чыста “літаратурнымі” тэхнікамі, наколькі гэта прымальна і стасоўна з напісаннем дакумента крымінальнага злачынства. Дэтэктыўны твор — суровая рэч, і чытач звяртаецца да яго не па літаратурныя фінціфлюшкі, ці стыль, ці прыгожыя апісанні ды адлюстраванне настрояў, а па трэніроўку для розуму і па інтэлектуальную працу — такую ж, як калі ён назірае бейсбольны матч ці разгадвае крыжаванку. Лекцыі пра прыгажосць прыроды паміж падачамі мяча на Пола Граўднс [5] наўрад ці падвысілі б цікавасць да барацьбы дзвюх бейсбольных камандаў, а трактаты па этымалогіі і арфаграфіі ў крыжаванках толькі б раздражнілі разгадвальніка, засяроджанага на правільнай падгонцы словаў.

17. Прафесійны злачынца ў дэтэктыўнай гісторыі не мусіць несці цяжару іншых злачынстваў. Злачынствы ўзломшчыкаў і бандытаў — гэта сфера крымінальнага аддзела, а не пісьменнікаў і выбітных дэтэктываў-аматараў. Такія злачынствы складаюць будні крымінальнай паліцыі. Самыя ж захапляльныя забойствы ўчыняе набожны святар ці старая дзеўка, вядомая сваёй дабрадзейнасцю.

18. Злачынства ў дэтэктыўным рамане ні ў якім разе не мусіць аказацца няшчасным выпадкам ці самазабойствам. Скончыць адысею пошукаў такой антыкульмінацыяй — значыць недаравальна паздзекавацца з чытача. Калі б пакупнік кнігі запатрабаваў назад свае два даляры на той падставе, што злачынства было падманам, любы суд пастанавіў бы на яго карысць і даў бы суровую вымову аўтару за ашуканства даверлівага і добразычлівага чытача.

19. Усе матывы ў дэтэктыўным рамане мусяць быць асабістыя. Міжнародныя змовы і ваенная палітыка належаць да іншай катэгорыі літаратуры — прыкладам, да шпіёнскіх гісторый. А гісторыя забойства мусіць быць, як кажуць, gemütlich [6]. Яна мусіць выяўляць штодзённы жыццёвы досвед чытача, даваць пэўны выхад яго здушаным жаданням і эмоцыям.

20. І (каб акругліць колькасць запаветаў майго крэда) падаю тут спіс прыёмаў, якіх ніводзін годны дэтэктыўшчык не возьме на ўзбраенне. Занадта часта апісваныя, яны выдатна вядомыя ўсім сапраўдным аматарам дэтэктыўнай літаратуры. Выкарыстоўваючы іх, аўтар прызнаецца ў сваёй прафнепрыдатнасці і адсутнасці арыгінальнасці:

а) высвятленне асобы злачынцы праз супастаўленне недакурка цыгарэты, пакінутай на месцы злачынства, з маркай цыгарэтаў падазраванага;

б) фальшывы спірытычны сеанс палохае злачынцу, які і выдае сябе;

в) фальшывыя адбіткі пальцаў;

г) алібі ад падстаўной асобы;

д) сабака, які не гаўкае і тым выдае, што зламыснік — нехта свой;

е) абвінавачванне ў злачынстве блізнюка ці роднага, які выглядае дакладна гэтаксама, як падазраваны, які насамрэч невінаваты;

ж) шпрыц для падскурных ін’екцыяў ці пігулкі для страты прытомнасці;

з) здзяйсненне забойства ў зачыненым пакоі, пасля ўмяшання паліцыі;

і) гульня ў асацыяцыі як праверка вінаватасці;

к) шыфр ці закадаваны ліст, які ў выніку разгадвае дэтэктыў.

__________________________________________________________________

Каментар

[1] Шэкспір, “Гамлет”, пераклад Ю. Гаўрука.

[2] Abinitio(лац.) — адпачатку.

[3] Камора (Camorra) — таемнае таварыства, заснаванае ў 1820 годзе ў Неапалі. Спецыялізавалася на шантажы і вымагальніцтве. Таксама любая падобная таемная арганізацыя.

[4] Фармакапея — зборнік афіцыйных дакументаў, якія акрэсліваюць нормы якасці лекавай сыравіны.

[5] Пола Граўндс (Polo Grounds) — назва чатырох стадыёнаў у Верхнім Манхэтэне (Нью-Ёрк), якія выкарыстоўваліся для бейсболу і амерыканскага футболу з 1880 па 1963 гг.

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2012

Чытайце таксама

Хенрык Нордбрандт

Хенрык Нордбрандт

Дацкі пісьменнік, аўтар шэрагу зборнікаў вершаў, эсэ, раманаў, падарожных нататак. Лаўрэат прэміі Дацкай акадэміі (1980), літаратурнай прэміі Шведскай акадэміі (1990).

Рыку Коранэн

Рыку Коранэн

Фінскі пісьменнік. Нарадзіўся ў Турку. Дэбютаваў у 2003 годзе.

Рычард Бротыган

Рычард Бротыган

Амерыканскі паэт і празаік, знакавая постаць контркультуры 1960—70-х гадоў.

Уладзімір Бурыч

Уладзімір Бурыч

Рускі паэт, перакладчык, тэарэтык і прапагандыст верлібра.

907