№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Вацлаў Панкаўчын

А з неба будуць падаць вусені (A z neba budú padať húsenice)

Пераклад са славацкай Святлана Рогач


Грымеў гром, бліскалі маланкі, дзьмуў гарачы вільготны вецер, але дождж ніяк не пачынаўся.

Адам бег праз лесапарк. Ён цяжка, глыбока дыхаў. У правым баку калола. У лёгкіх пякло: цыгарэты.

Грымеў гром, бліскалі маланкі, паветра было цяжкое: гарачае і вільготнае, але дождж ніяк не пачынаўся. Адам запаволіў бег, пасля спыніўся, каб крыху аддыхацца. Ён стаяў пад магутным каштанам, калі з неба пачалі падаць вусені. Адам хацеў зрабіць яшчэ адно кола, але навальніца проста вісела з неба, а таму ён палічыў за лепшае збегчы з гары ўніз да мікрараёна. Ён ужо не бег, толькі хутка ішоў. Ступакі ў спатнелых кедах пякло, нібыта агнём.

Бліскалі маланкі, грымеў гром, наўкол пацямнела, як ноччу, а з неба ўвесь час падалі вусені. Людзі спяшаліся дадому, а вусені падалі ім на галовы і за каўняры, і людзі вытрасалі іх з-пад кашуляў, і маек, і блузак, іншыя хаваліся пад парасоны, нібыта ад дажджу, а ў аўтамабілях былі ўключаныя дворнікі, і на пярэдніх шыбах віднеліся размазаныя маленькія слізкія цельцы. Імі быў засланы ўвесь ходнік, і калі Адам ступаў на яго, то адчуваў, як раструшчвае іх нагамі.

Ён амаль дайшоў дадому, калі навальніца скончылася.

Тады засвяціла сонца і на ўсходзе з’явілася вясёлка. Зусім іншая, чым тыя вясёлкі, якія звычайна бываюць пасля дажджу. Яна была вусеневая: зялёна-блакітная — ад самага светлага зялёнага колеру да самага цёмнага сіняга.

А калі крыху прыпякло сонца, вусені закруціліся ў капшучкі, і з капшучкоў пачалі вылуплівацца матылі. Белыя, жоўтыя, ружовыя, аранжавыя, чырвоныя, зялёныя, сінія, карычневыя, бэжавыя і бэзавыя, блакітныя і бірузовыя, барвовыя, шэрыя і чорныя, і мноства ўсялякіх іншых, магчыма, было і шмат такіх колераў, якіх няма ў колеравым спектры.

І калі яны разляцеліся па мікрараёне і паселі на сцены, і на балконы, і на бялізну, што сушылася на вяроўках, і на кусты, і на кветкі, і на лавачкі пад дрэвамі, мікрараён быў ужо не мікрараёнам, а матыльковай імперыяй.

“Цуда-юда”, — сказаў Адам, расправіў крылы і паляцеў.

 

© Вацлаў Панкаўчын

Пераклад са славацкай – Святлана Рогач © 2013

Чытайце таксама

Грэгары Корса

Грэгары Корса

Амерыканскі паэт і мастак, адзін з яркіх прадстаўнікоў Біт-пакалення

Мікола Куліш

Мікола Куліш

Украінскі драматург, журналіст, педагог, грамадскі дзеяч, рэжысёр

Сяргій Жадан

Сяргій Жадан

Культавы ўкраінскі паэт, эсэіст, перакладчык, арганізатар літаратурных фестываляў

Беатрыкс Потэр

Беатрыкс Потэр

Ангельская дзіцячая пісьменніца і мастак

815