№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Гілберт Кіт Чэстэртан

Жалоба маркіза Марна (The Chief Mourner of Marne)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Павел Донаў

Сполах маланкі выбеліў шэры лес, не абмінуўшы ў маршчыністай лістоце ніводнага скручанага лісціка, быццам выгравіяваў ці срэбнай іголкай прарысаваў кожную дэталь. Той жа дзіўны трук, якім маланка нібыта за адно імгненне выпісала мільёны драбніц, паказаў усё: ад элегантнага хаосу разгорнутага пад вязам пікніка да бледнай стужкі звілістай дарогі, у канцы якой людзей чакала белае аўто. На адлегласці стаяў меланхалічны асабняк з чатырма замкавымі вежамі. У шэрым змроку ён быў проста далёкім і невыразным нагрувашчаннем муроў, няйначай раздзёртая ветрам хмарына, а цяпер нібыта выскачыў на пярэдні план і ўзнёс над наваколлем свой умацаваны дах і пільныя пустыя вокны. Ад гэтага сполах набываў рысы адкрыцця. Бо для часткі кампаніі, якая сабралася пад дрэвам, гэты замак і напраўду быў нечым зніклым і амаль забытым, а ў хуткім часе мусіў давесці, што здольны зноў выйсці ў іх жыцці на пярэдні план.

На імгненне святло той жа срэбнай веліччу агарнула прынамсі адну з постацяў, нерухомую, як і вежы асабняка. Гэта была фігура высокага мужчыны, які стаяў на ўзгорку і такім чынам узвышаўся над іншымі, большасць з якіх сядзела на траве або збірала, схіліўшыся, посуд у кошык. На ім быў маляўнічы кароткі плашч ці накідка на срэбнай шпільцы з ланцужком, якая зоркай загарэлася, калі яе крануў сполах. У яго нерухомай фігуры было нешта металічнае, і гэтае ўражанне ўзмацнялася колерам дробных кудзерак на галаве — бліскуча-жоўтым, можна сказаць, залатым. Здавалася, што аблічча яго старыць, бо пад яркім святлом, па-арлінаму прыгожае, яно выглядала злёгку зморшчаным і ссохлым. Магчыма, давала пра сябе знаць частае нанясенне грыму, бо Х’юга Рамэйн быў найвялікшым акторам свайго часу. У момант сполаху залатыя кудзеры, бледная маска і срэбны арнамент заблішчэлі, як даспехі, а ўжо праз імгненне яго постаць стала цёмным, ці нават чорным, сілуэтам на фоне хваравіта-шэрага дажджлівага вечаровага неба.

Нерухомы, як статуя, ён меў у сабе нешта такое, што вылучала яго з групы, якая размясцілася вакол месца, дзе ён стаяў. Пры нечаканым пробліску святла ўсе астатнія постаці міжволі скалануліся, як звычайна бывае з людзьмі, бо, хоць неба і было зацягнутае, да гэтага часу навальніцы не было. Адзіная прысутная жанчына, якая відавочна ганарылася сваёй элегантнай сівізной і выдавала такім чынам сябе як сапраўдную амерыканскую гаспадыню, мімаволі заплюшчыла вочы і рэзка ўскрыкнула. Яе муж, генерал Аўтрэм, вельмі флегматычны англа-індыец, лысы, з чорнымі вусамі і старасвецкімі бакенбардамі, кінуў стрыманы позірк угору і стаў прыбірацца далей. Хлопец па імені Мэлаў, вялізны, сарамлівы, з карымі, як у сабакі, вачыма, упусціў кубак і нехлямяжа папрасіў прабачэння. Трэцяй асобай, значна больш франтаватай, з напорыстым тварам, што нагадваў морду пранырлівага тэр’ера, і старанна зачасанымі назад сівымі валасамі, быў не хто іншы, як газетны магнат сэр Джон Кокспэр. Ён бессаромна вылаяўся, хоць ужыў і не брытанскі выраз дый меў заўважны акцэнт, бо сам прыехаў з Таронта. Высокі ж мужчына ў кароткім плашчы стаяў у паўзмроку, зусім як статуя. Яго ярка асветлены арліны твар быў як бюст рымскага імператара, а высечаныя ў камні павекі не зварухнуліся.

Праз момант цёмны купал неба раскалоўся громам, і статуя няйначай ажыла. Чалавек зірнуў праз плячо і між іншым заўважыў:

— Хвіліны паўтары паміж сполахам і громам, але навальніца, здаецца, набліжаецца. Дрэва — не надта добрае сховішча ад маланкі, а месца, дзе можна схавацца, нам хутка спатрэбіцца, калі будзе дождж. Думаю, будзе зліва.

Хлопец трохі трывожна зірнуў на лэдзі і спытаў:

— Няўжо няма дзе схавацца? Вунь там, здаецца, дом.

— Там сапраўды дом, — змрочна адрэагаваў генерал, — ды толькі не надта гасцінны.

— Цікава ж выйшла, — сумна адказала яго жонка, — што мы трапілі пад навальніцу, і адзіны ў наваколлі дом — гэты.

Нешта ў яе тоне быццам выпрабоўвала хлопца, у якім спалучалася чуллівасць і здольнасць разумець, але спадара з Таронта тое зусім не бянтэжыла.

— Што з ім не так? — спытаў ён. — На выгляд амаль руіны.

— Гэты асабняк, — суха адказаў генерал, — належыць маркізу Марну.

 

— Ого! — сказаў сэр Джон Кокспэр. — Я чуў пра гэтага фрукта не раз, той яшчэ дзівак. Летась прысвяціў ягонай гісторыі першую паласу ў “Комет”. “Нікому не вядомы маркіз”.

— Але, я таксама пра яго чуў, — напаўголасу сказаў малады Мэлаў. — Якіх толькі баек не расказваюць пра тое, чаму ён так хаваецца. Я чуў, што ён носіць маску, бо шалудзівы. А нехта казаў мне, што на яго сям’і ляжыць праклён, дзіця нарадзілася з нейкай страшэннай выродлівасцю, і яго хаваюць у цёмным пакоі.

— У маркіза Марна тры галавы, — на поўным сур’ёзе заўважыў Рамэйн. — Раз на тры стагоддзі іх генеалагічнае дрэва аздабляе трохгаловы маркіз. Ніхто не насмельваецца набліжацца да праклятага дома, акрамя маўклівай чарады шапавалаў, якіх пасылаюць, каб забяспечыць сям’ю неверагоднай колькасцю капелюшоў. Але, — і яго інтанацыя зрабіла адзін з тых глыбокіх і страшных паваротаў, што выклікалі такое захапленне ў тэатры, — сябры мае, людзі капелюшоў такой формы не носяць 

Амерыканка пахмура паглядзела на яго з лёгкім ценем недаверу, быццам той фокус з голасам мімаволі ўзрушыў яе.

— Мне не даспадобы вашыя агідныя жарты. — сказала яна, — У любым разе, я б папрасіла вас больш так не жартаваць.

— Слухаю і падпарадкоўваюся, — адказаў актор, — але ці забаронена мне, як Лёгкай брыгадзе ў вершы Алфрэда Тэнісана, нават пацікавіцца, у чым прычына?

— Прычына, — адказала яна, — у тым, што ён не нікому не вядомы маркіз. Я сама знаю яго, ці, прынамсі, была з ім вельмі добра знаёмая трыццаць гадоў таму, калі мы ўсе былі яшчэ маладымі, а ён служыў аташэ ў Вашынгтоне. І ён не насіў маскі, прынамсі, не пры мне. Ён не быў шалудзівым, хоць, можа, і быў нагэтулькі ж самотным. Ён меў толькі адну галаву і ўсяго адно сэрца, і яно было разбітае.

— Ну вядома ж, няшчаснае каханне, — сказаў Кокспэр. — Я б такое надрукаваў у “Комет”.

— Напэўна, для нас гэта мусіць быць кампліментам, — задуменна адказала яна, — калі вы думаеце, што разбітае мужчынскае сэрца — заўсёды справа рук жанчыны. Але любоў і смутак бываюць рознымі. Вы ніколі не чыталі “In Memoriam” Тэнісана? Ніколі не чулі пра Давіда і Іянафана? Гаротнага Марна зламала смерць брата. Папраўдзе, той быў яму стрыечны брат, але яны выхоўваліся разам, як родныя, і былі адзін аднаму бліжэйшымі за многіх родных. Джэймс Мэйр, як звалі маркіза, калі мы былі знаёмыя, быў з іх старэйшы, але ён заўсёды абагаўляў Морыса Мэйра. І калі верыць яго расказам, Морыс Мэйр сапраўды быў цудам. Джэймс быў зусім не дурань і меў вельмі добрыя поспехі ў сваёй галіне — палітыцы, але Морыс, здаецца, мог займацца і гэтай, і любой іншай справай: ён быў бліскучым мастаком, акторам-аматарам, музыкам — чаго ён толькі не рабіў. Сам Джэймс быў вельмі прыгожы — высокі, дужы і энергічны, прамы грэцкі нос… Але мне здаецца, маладыя людзі маглі б палічыць, што з гэтай барадой, якая па-віктарыянску раздзялялася на кашлатыя бакенбарды, ён выглядае занадта эксцэнтрычна. А вось Морыс галіўся гладка і, мяркуючы па партрэтах, якія мне паказвалі, выглядаў проста чароўна, хоць і быў занадта падобны да опернага тэнара, што не ўпрыгожвае джэнтльмена. Джэймс зноў і зноў прасіў, каб я адказала, ці не цуд яго сябар, ці ж не любая жанчына закахаецца ў яго і гэтак далей, пакуль ад гэтага не пачало ўжо нудзіць, ды толькі занадта хутка ўсё абярнулася трагедыяй. Было ўражанне, што гэтая манія запоўніла ўсё яго жыццё, і вось аднойчы ідал упаў і разбіўся, як фарфоравая лялька. Прастыў на моры і канец.

— І пасля гэтага, — спытаў хлопец, — ён так ад усіх адгарадзіўся?

— Спачатку ён паехаў за мяжу, — адказала жанчына, — пабываў у Азіі, на Канібалавых астравах і Бог ведае дзе. Розныя людзі па-рознаму пераносяць такія цяжкія ўдары. Для яго гэта вылілася ў адасабленне і разрыў з усім, нават са звычкамі і, наколькі гэта магчыма, з успамінамі. Ён не мог трываць напамінаў пра сваю старую прыхільнасць — партрэтаў, гісторый і нават асацыяцый. Не вытрываў і арганізацыі вялікага публічнага пахавання. Яго цягнула прэч. Ён не вяртаўся дзесяць гадоў. Я чула, што пад канец свайго выгнання ён пачаў быў патроху папраўляцца, але варта было вярнуцца дадому, як адбыўся моцны рэцыдыў. Яго ахапіла рэлігійная хандра, а гэта ўжо практычна вар’яцтва.

— Кажуць, трапіў у лапы папа́м, — прабурчаў стары генерал. — Ведаю, што ён тысячы аддаў, каб фундаваць манастыр, і сам жыве амаль як манах — ці прынамсі самотнік. Не разумею, які яны ў гэтым бачаць сэнс.

— Чортавы забабоны ўсё, — фыркнуў Кокспэр, — пра такое трэба пісаць. Вось чалавек, які мог прынесці карысць Імперыі і ўсяму свету, а гэтыя крывасмокі ўхапіліся і ўсе сокі з яго цягнуць. Іду ў заклад, яны са сваімі расказамі пра той свет нават ажаніцца яму не даюць.

— Вашая праўда, ён так ніколі і не ажаніўся, — сказала лэдзі. — Шчыра кажучы, у час нашага знаёмства ён быў заручаны, але не думаю, што гэта хоць калі мела для яго вялікае значэнне, і ён забыўся пра нявесту, як і пра ўсіх іншых. Як у Гамлета і Афеліі — ён не хоча любіць, бо не хоча жыць. Але я знала тую дзяўчыну, папраўдзе, знаю яе і цяпер. Між намі кажучы, гэта была Віёла Грэйсан, дачка старога адмірала. Яна таксама дагэтуль не выйшла замуж.

— Вось жа паскудства! Чорт ведае што! — усклікнуў сэр Джон, ускочыўшы. — Гэта не проста трагедыя, гэта злачынства. Я маю абавязак перад грамадствам, і я хачу на ўласныя вочы ўбачыць увесь гэты абсурдны кашмар. У дваццатым стагоддзі…

Ён ледзь не задыхаўся ад абурэння. Памаўчаўшы, стары ваяка дадаў:

— Я не сцвярджаю, што шмат пра тое ведаю, але мне здаецца, усім гэтым аматарам рэлігіі не зашкодзіла б прачытаць кніжку, у якой сказана: “Пакінь мёртвым хаваць сваіх памерлых”.

— Вось толькі, на жаль, усё менавіта так, як і выглядае, — з уздыхам сказала яго жонка. — Як нейкая жудасная гісторыя пра мерцвяка, што зноў і зноў бясконца хавае іншага такога ж, як ён.

— Бура нас абышла, — сказаў Рамэйн з даволі загадкавай усмешкай. — Усё ж не давядзецца вам наведваць гэты негасцінны дом.

 

Жанчына раптам скаланулася.

— О, гэтага мне больш не трэба! — усклікнула яна.

Мэлаў пільна паглядзеў на яе.

— Больш? А вы ўжо спрабавалі? — спытаў ён.

— Ну, аднойчы, — сказала яна з лёгкасцю, але не без ценю гонару. — Не варта нам пра гэта ўспамінаць. Дождж скончыўся, і здаецца, нам лепш вяртацца да аўто.

Яны рушылі гужам, які замыкалі Мэлаў і генерал, і апошні раптам сказаў, сцішыўшы голас:

— Не хачу, каб гэты дробны хам Кокспэр чуў, але раз вы пыталі, то лепш вам ведаць. Гэтага я Марну не дарую, хоць і думаю, што гэта манахі яго падвучылі. Мая жонка, якая была яму ў Амерыцы найлепшым сябрам, і праўда хадзіла ў той дом. Ён у той час шпацыраваў па садзе. Ён глядзеў сабе пад ногі, як манах, схаваўшыся пад чорным капюшонам. Смяхотны, быццам у масцы. Яна перадала ў дом візітоўку, а сама стаяла і чакала проста на яго дарозе. І ён прайшоў міма яе — ні слова, ні позірку, быццам яна камень. Гэта быў не чалавек, а нейкая жахлівая машына. Яна магла прыняць яго за труп.

— Усё гэта вельмі дзіўна, — няўпэўнена сказаў хлопец. — Гэта ўсё не тое… не тое, чаго можна было б чакаць.

Пасля гэтага даволі сумнага пікніка малады містэр Мэлаў з сур’ёзнымі думкамі заняўся пошукамі аднаго свайго сябра. Ён не знаў ніводнага манаха, але сярод яго знаёмых быў святар, якога ён вельмі захацеў азадачыць цікавым адкрыццём, што сёння зрабіў. Ён адчуваў, што таму было б вельмі цікава разабрацца ў нядобрых прымхах, якія сабраліся над домам Марнаў чорнай хмарай, як тая, што праплыла над асабняком у той дзень на яго вачах.

Некалькі разоў яго адпраўлялі то ў аднаго месца, то ў другое, і ўрэшце ён асачыў айца Браўна ў доме іншага свайго сябра, рыма-каталіка з вялікай сям’ёй. Ён уляцеў у пакой і ўбачыў, як айцец Браўн сядзіць з сур’ёзным тварам на падлозе і намагаецца прышпіліць рабаваты капялюш ад васковай лялькі на галаву плюшаваму мядзведзіку.

Мэлаў адчуў лёгкі дысананс, але быў занадта заклапочаны ўласнай праблемай, каб адкладаць размову. Ён не мог цвёрда стаяць на нагах ад расчаравання, што стала вынікам доўгага падсвядомага працэсу. Ён вываліў трагедыю роду Марнаў ад пачатку і да канца ў тым выглядзе, у якім пачуў яе ад жонкі генерала, а таксама пераказаў большасць каментароў самога генерала і газетнага магната. Калі прагучала імя Кокспэра, канцэнтрацыя ўвагі ў пакоі неяк павысілася.

Айцец Браўн не ўсведамляў, што яго паводзіны могуць выглядаць камічна, дый не надаваў гэтаму значэння. Ён па-ранейшаму сядзеў на падлозе і са сваёй вялікай галавой і кароткімі нагамі дужа нагадваў малога, што гуляецца з цацкамі. Але яго вялізныя шэрыя вочы набылі выраз, які можна было ўбачыць у вачах многіх людзей за дзевятнаццаць стагоддзяў гісторыі. Што праўда, зазвычай тыя людзі сядзелі не на падлозе, а пры стале на нарадзе, ці ў крэсле на сходзе, або на епіскапскім ці кардынальскім троне. Скіраваны ўдалечыню, пільны позірк, цяжкі ад пакоры перад завялікай для чалавека адказнасцю. Такі трывожны позірк некуды за далягляд можна ўбачыць у маракоў ды яшчэ ў тых, хто прайшоў праз шмат штормаў на караблі святога Пятра.

— Як добра, што вы мне пра гэта расказалі, — сказаў ён. — Праўда, я страшна ўдзячны, бо з гэтым нам, відаць, нешта давядзецца рабіць. Калі б гаворка была толькі пра такіх людзей, як вы з генералам, то ўсё магло б застацца справай прыватнай, але паколькі сэр Джон Кокспэр збіраецца ўзняць гвалт у сваіх газетах… анягож, ён жа аранжыст з Таронта, дык і нам не выпадае заставацца ўбаку.

— Але што вы на гэта ўсё скажаце? — узрушана спытаў Мэлаў.

— Перш за ўсё я на гэта скажу, — прамовіў айцец Браўн, — што тое, як вы гэта падаяце, да праўды не падобнае. Дапусцім — выключна дзеля дыскусіі, — што мы і праўда ўсе змрочныя крывасмокі і дарэшты разбураем людское шчасце. Дапусцім, я — змрочны крывасмок, — ён пачухаў нос мядзведзікам, але пачаў усведамляць недарэчнасць сваіх паводзінаў і адклаў яго. — Дапусцім, мы разбураем усе асабістыя і сямейныя повязі. Навошта нам ізноў распальваць у чалавеку старую сямейную прыхільнасць у той момант, калі ён пачынае паказваць прыкметы выбаўлення ад яе? Вядома ж, не зусім справядліва адначасова абвінавачваць нас у тым, што мы разбураем повязі і тут жа тыя самыя захапленні заахвочваем. Не разумею, адкуль нават рэлігійны маньяк мог бы мець такую манію, а таксама як рэлігія можа гэтую манію павялічыць, за выключэннем таго, каб асвятліць яе промнем надзеі.

І пасля паўзы ён дадаў:

— Я б хацеў пагутарыць з гэтым вашым генералам.

— Гэта яго жонка расказала, — сказаў Мэлаў.

— Так, — быў адказ, — але мне больш цікава, пра што змаўчаў ён, а не што расказала яна.

— Вы мяркуеце, што ён ведае больш за яе?

— Мяркую, яму вядома больш, чым яна расказала, — адказаў айцец Браўн. — Вы кажаце, ён абмовіўся, што дараваў бы ўсё, толькі не грубасць да яго жонкі. Зрэшты, а што яму яшчэ дараваць?

Айцец Браўн устаў, абтрос сваю бясформенную вопратку і так і стаяў ды глядзеў на хлопца напружаным, злёгку збянтэжаным позіркам. Праз момант ён павярнуўся, узяў свой не менш бясформенны парасон і вялікі пацёрты капялюш і патупаў па вуліцы.

Ён мінуў не адну шырокую вуліцу і плошчу, пакуль не прыйшоў да прыгожага старасвецкага дому ў Вест-Эндзе, дзе спытаў слугу, ці можна пабачыцца з генералам Аўтрэмам. Кароткая дзяжурная размова — і яго ўрэшце правялі ў кабінет, дзе кнігі саступалі па колькасці мапам і глобусам. У ім сядзеў лысы англа-індыец з чорнымі бакенбардамі, курыў доўгую тонкую цыгару і гуляўся са шпількамі на мапе.

— Даруйце, што ўрываюся, — сказаў святар, — асабліва таму, што маё ўварванне мяжуе з умяшаннем у ваш занятак. Я хачу абмеркаваць з вамі прыватную справу, але выключна ў спадзяванні, што яна і застанецца прыватнай. На жаль, здаецца, ёсць людзі, якія хочуць зрабіць яе публічнай. Генерал, мяркую, вы ведаеце сэра Джона Кокспэра.

Маса з чорных вусаў і бакаў старога генерала служыла ніжняй частцы яго твару як бы маскай. Ніколі нельга было разгледзець, ці не ўсміхаецца ён, але ў яго карых вачах часта загараўся агеньчык.

— Я думаю, яго ведаюць усе, — сказаў ён. — Я не надта добра з ім знаёмы.

— Але ж вам вядома, што калі ён нешта ведае, то пра гэта дазнаюцца ўсе, — з усмешкай сказаў айцец Браўн, — калі ён лічыць, што тое выгадна надрукаваць. І са словаў свайго сябра, містэра Мэлаў, якога, думаю, вы таксама ведаеце, я дазнаўся, што сэр Джон збіраецца надрукаваць некалькі гарачых антыклерыкальных артыкулаў, заснаваных на Таямніцы Марнаў, як ён гэта называе. “Манахі даводзяць маркіза да вар’яцтва” і гэтак далей.

— Калі друкаваць іх будзе ён, — адказаў генерал, — дык не разумею, нашто вы з гэтай праблемай прыйшлі да мяне. Мушу вас папярэдзіць, я заўзяты пратэстант.

— Я вельмі прыхільна стаўлюся да заўзятых пратэстантаў, — сказаў айцец Браўн. — Я прыйшоў да вас, бо быў упэўнены, што вы раскажаце мне праўду. Спадзяюся, з майго боку не будзе празмернай жорсткасцю сказаць, што я не настолькі ўпэўнены ў сэру Джону Кокспэру.

Карыя вочы яшчэ раз міргнулі, але генерал нічога не адказаў.

— Генерал, — сказаў айцец Браўн, — уявіце, што Кокспэр ці нехта да яго падобны збіраецца раззваніць на ўвесь белы свет абразлівыя байкі пра вашую краіну і ваш сцяг. Уявіце, што ён сказаў, што ваш полк уцёк з поля бою або што ваш штаб прадаўся ворагу. Ці дапусцілі б вы, каб нешта стала паміж вамі і фактамі, здольнымі яго абвергнуць? Хіба ж вы не знайшлі б праўду любой цаной? Дык вось, у мяне ёсць полк, і я належу да арміі. Іх дыскрэдытуюць гісторыяй, якая, я перакананы, ёсць хлуснёй, але як усё было насамрэч, мне невядома. Ці папракняце вы мяне за тое, што я намагаюся ў гэтым разабрацца?

Вайсковец маўчаў, і святар працягваў:

— Я чуў гісторыю, якую ўчора расказалі Мэлаў: як Марн з разбітым сэрцам аддаліўся ад свету пасля смерці таго, хто быў яму бліжэйшы за брата. Я ўпэўнены, што гэта не ўсё. Я прыйшоў спытаць вас, ці вядома вам што-небудзь яшчэ.

— Не, — каротка сказаў генерал. — Больш я вам расказаць не магу.

— Генерал, — сказаў айцец Браўн з шырокай усмешкай, — калі б я паспрабаваў адказаць гэтак двухсэнсоўна, вы б назвалі мяне езуітам.

Ваяка хрыпла засмяяўся, а пасля рыкнуў нашмат больш варожа:

— Што ж, тады проста не раскажу. Што вы скажаце на гэта?

— Скажу, — мякка адказаў святар, — што ў такім разе мне давядзецца расказаць вам.

Карыя вочы ўтаропіліся ў яго, але цяпер у іх не было агеньчыка. Айцец Браўн працягваў:

— Вы прымушаеце мяне тлумачыць — бадай не так спагадліва, як маглі б, — чаму ў мяне няма сумневаў, што за гэтай гісторыяй хаваецца нешта яшчэ. Я цалкам упэўнены, што ў маркіза ёсць больш значная прычына паглыбіцца ў сябе і схавацца ад людзей, чым проста страта старога сябра. І я сумняюся, што святары маюць да яе дачыненне. Я не ведаю нават, навярнуўся ён у каталіцызм або проста суцяшае сумленне міласцінай, але я пэўны, што гэта не проста жалоба. Паколькі вы настойваеце, я назаву вам некалькі прычын, што прымушаюць мяне так думаць. Па-першае, сцвярджалася, што Джэймс Мэйр быў заручаны, але чамусь разышоўся з нявестай пасля смерці Морыса Мэйра. Нашто прыстойнаму чалавеку разрываць заручыны, калі ён проста смуткуе пра смерць некага іншага? Значна больш натуральна было б звярнуцца па суцяшэнне да нявесты, але ў любым разе правілы прыстойнасці абавязвалі яго прайсці праз усё з годнасцю 

Генерал кусаў свае чорныя вусы, яго карыя вочы глядзелі вельмі засяроджана і нават трывожна, але ён не адказваў.

— Па-другое, — казаў айцец Браўн, пахмура гледзячы на стол. — Джэймс Мэйр заўсёды прасіў прыяцельку пацвердзіць, што яго кузін Морыс — проста цуд і што жанчыны ад яго будуць у захапленні. Не ведаю, ці прыходзіла лэдзі думка, што такія пытанні могуць мець і іншую прычыну.

Генерал падняўся на ногі і пачаў хадзіць, тупаючы, па пакоі.

— Халера яго бяры, — сказаў ён, але зусім без варожасці.

— Па-трэцяе, — працягваў айцец Браўн, — цікавая ў Джэймса Мэйра манера сумаваць — знішчаць усе рэліквіі, усе партрэты і гэтак далей. Прызнаю, часам такое здараецца. Гэта можа быць знакам цяжкай страты дарагога чалавека. Але можа значыць і нешта іншае.

— Чорт бы вас узяў, — сказаў ягоны суразмоўца. — Калі вы ўжо скончыце?

— Чацвертая і пятая прычыны даволі пераканаўчыя, — спакойна адказаў святар, — асабліва калі зірнуць на іх разам. З аднаго боку, у Морыса Мэйра фактычна не было хаўтураў, і гэта пры тым, што ён быў малодшым сынам у вядомай сям’і. Яго, мусіць, пахавалі спехам, магчыма, таемна. І апошняя прычына — тое, што Джэймс Мэйр адразу ж знік у замежжы, па сутнасці, збег на край зямлі. Дык вось, — працягваў ён тым жа мяккім голасам, — калі вы пачняце чарніць маю рэлігію, каб прыхарашыць гісторыю чыстай і бездакорнай любові двух братоў, то мне здаецца…

— Досыць! — крык Аўтрэма прагучаў як пісталетны стрэл. — Я мушу расказаць вам рэшту, або вы надумаеце яшчэ горшае. Пачнем з таго, што я вам скажу адну рэч. Гэта быў сумленны бой.

— Ах, — вымавіў айцец Браўн і быццам гучна выдыхнуў.

— Гэта быў двубой, — сказаў генерал. — Мабыць, апошні двубой у Англіі, і мінула ўжо шмат часу.

— Гэта ўжо лепш, — сказаў айцец Браўн. — Дзякуй Богу, гэта значна лепш.

— Лепш за тыя брыдоты, што вы сабе надумалі, я так разумею? — хрыпла спытаў генерал. — Ну, ад вас гэтага можна было чакаць — здзекуецеся з чыстых і бездакорных пачуццяў, але ўсё так і было. Джэймс Мэйр сапраўды быў адданы стрыечнаму брату, які гадаваўся разам з ім як родны. Старэйшыя браты і сёстры часам і праўда аддаюцца вось так дзіцяці, асабліва калі тое настолькі незвычайнае. Але Джэймс Мэйр быў адной з тых чыстых натураў, у якіх нават нянавісць па-свойму бескарыслівая. Я хачу сказаць, што нават калі пяшчота ў ім ператвараецца ў лютасць, то і яна застаецца аб’ектыўнай, скіраванай вонкі, ён не памятае пра сябе. Гаротны ж Морыс Мэйр быў поўнай супрацьлегласцю. Ён быў значна больш прыязны, і яго любілі, але праз гэты поспех ён жыў у доме з люстэркаў. Ніхто не мог зраўняцца з ім у спорце, мастацтве і іншых дасягненнях, ён амаль заўжды перамагаў і вельмі чароўна радаваўся перамозе. Але варта было яму хоць выпадкова прайграць, на яго наплываў не такі ўжо і чароўны цень: ён трохі зайздросціў. Няма патрэбы расказваць вам усю трагічную гісторыю таго, як ён трохі зайздросціў братавым заручынам, як не мог утрымацца ад бясконцых і мітуслівых спробаў умяшацца. Дастаткова сказаць, што адна з нямногіх рэчаў, у якіх Джэймс Мэйр значна яго пераўзыходзіў, было валоданне пісталетам. Так трагедыя і скончылася.

— Вы хацелі сказаць, пачалася, — адказаў святар.— Трагедыя таго, хто выжыў. Я думаю, ён стаў няшчасным і без дапамогі розных манахаў-крывасмокаў.

— Як на мяне, ён пакутуе больш, чым заслугоўвае, — прамовіў генерал. — Урэшце, як я ўжо сказаў, хоць гэта і жахлівая трагедыя, але паядынак быў сумленны. І Джыма моцна справакавалі.

— Адкуль вам гэта вядома? — спытаў святар.

— Мне гэта вядома, таму што я ўсё бачыў, — флегматычна адказаў Аўтрэм. — Я быў секундантам Джэймса Мэйра і на ўласныя вочы бачыў, як Морыс Мэйр ляжыць забіты на пяску.

— Як бы я хацеў, каб вы расказалі пра гэта падрабязней, — задумліва сказаў айцец Браўн. — Хто быў секундантам Морыса Мэйра?

— Той бок быў больш дасведчаны, — змрочна адказаў генерал. — Яго секундантам быў Х’юга Рамэйн, вялікі актор — вы ведаеце. Морыс тады шалеў ад акторскага майстэрства і ўзяўся за Рамэйна (чыя папулярнасць ужо расла, але яшчэ даводзілася цяжкавата), дапамагаў яму грашыма і спансаваў яго спробы, а наўзамен браў урокі ў прафесіянала, бо акторскае майстэрства было ягоным хобі. Думаю, Рамэйн на той час практычна залежаў ад свайго заможнага сябра, хоць цяпер ён багацейшы за любога арыстакрата. Таму тое, што ён быў секундантам, вельмі мала гаворыць, што ён сам думаў пра іх сварку. Яны біліся на ангельскі манер, у кожнага па адным секунданту. Я хацеў, каб прысутнічаў хаця б хірург, але Морыс з крыкамі адмовіўся і сказаў, што чым менш людзей ведае, тым лепш, і ў найгоршым выпадку мы зможам неадкладна паклікаць дапамогу. “Доктар ёсць у вёсцы менш за паўмілі адсюль, — сказаў ён. — Мы знаёмыя, і ў яго самы шпаркі конь у краіне. Яго можна імгненна даставіць сюды, але няма патрэбы клікаць яго, пакуль нічога не вядома”. Вось жа, мы ўсе разумелі, што Морыс рызыкаваў найбольш, бо пісталет быў не ягонай зброяй. Таму калі ён адмовіўся ад помачы, ніхто ўжо не хацеў яе прасіць. Паядынак адбываўся на роўным пясчаным участку на ўсходнім узбярэжжы Шатландыі. Доўгая сцяна пясчаных узгоркаў, аздобленых сям-там астраўкамі травы, хавала яго ад вачэй і вушэй жыхароў вёсак, што ляжалі далей ад берага. Гэта была, відаць, частка поля для гольфу, хоць у той час пра гольф не чуў яшчэ ніводзін ангелец. У пагорках была адна глыбокая звілістая расколіна, праз якую мы выйшлі на пяскі. Я і цяпер нібыта бачу іх: спачатку шырокая мярцвяна-жоўтая паласа, а за ёй вузейшая, цёмна-чырвоная. Цёмна-чырвоная, быццам крывавая справа ўжо пакінула па сабе доўгі цень.

— Самі падзеі, здавалася, развіваліся з жахлівай хуткасцю, быццам віхор урэзаўся ў пясок. Адначасова з трэскам стрэлу Морыс Мэйр перакруціўся, быццам турок, і тварам долу грымнуўся на зямлю, як кегля. І што дзіўна, я турбаваўся за яго да гэтага самага моманту, але варта было яму памерці, мне стала шкада таго, хто яго забіў. І дагэтуль шкада. Я ведаў, што з разам з гэтым велізарны жахлівы ківач прыхільнасці, якую мой сябар пранёс праз усё жыццё, пачне рухацца ў адваротным напрамку. І якія б прычыны ні знаходзілі іншыя, каб дараваць яму, сам ён не даруе сабе давеку. Вось жа, чамусьці найярчэйшы ўспамін, сцэна, якая гарыць у маёй памяці і не дае пра сябе забыцца, — гэта не катастрофа, не дым, сполах і фігура, якая падае. Здавалася, што гэта ўсё мінула, як гук, які абуджае чалавека. Тое, што я ўбачыў, што я заўжды буду бачыць, — гэта гаротны Джым, які бяжыць да месца, дзе ўпала цела яго сябра і ворага. Яго карычневая барада здаецца чорнай на фоне страшэнна бледнага твару, цёмнае мора ззаду рэзка акрэслівае яго рысы. Жэсты, якімі ён апантана паказвае мне бегчы ў вёску за пагоркамі па хірурга. Пісталет ён выраніў на бягу. У адной руцэ ў яго пальчатка, яе пустыя пальцы боўтаюцца, быццам прадаўжаючы руку, і падкрэсліваюць дзікую пантаміму, якой ён заклікаў бегчы па дапамогу. Вось карціна, якая сапраўды застаецца са мной. І на ёй няма нічога, акрамя пасаў пяску, мора і цемры на фоне, мёртвага цела, нерухомага, як камень, і цёмнай фігуры секунданта забітага, што змрочна замёр на гарызонце.

— Дык Рамэйн замёр? — спытаў святар.— Я думаў, ён пабег да цела яшчэ хутчэй.

— Можа, так і было, калі я сышоў, — адказаў генерал. — Я ўхапіў карціну ў адзін момант, а ў наступны ўжо кінуўся прэч між пагоркаў, і ўсе схаваліся з майго поля зроку. Але ж гаротны Морыс выбраў добрага лекара. Хоць ён і прыбыў запозна, але прымчаўся хутчэй, чым я мог сабе ўявіць. Вясковы хірург быў выдатны чалавек, рыжы, запальчывы, але неверагодна жвавы і сабраны. Я бачыў яго не больш за адно імгненне, бо ён скочыў на каня і з тупатам памчаўся на месца смерці, пакінуўшы мяне далёка ззаду. Але ў той момант яго асоба так моцна мяне ўразіла, што я, далібог, хацеў бы, каб яго паклікалі перад пачаткам двубою, бо я ўсёй душой веру: ён бы неяк яго перадухіліў. Як бы там ні было, ён прыбраў сляды з неверагоднай хуткасцю. Задоўга да таго як я змог дабрацца да ўзбярэжжа, ён са сваёй бурлівай энергіяй паклапаціўся пра ўсё: цела часова пахавалі на пясчаным пагорку, а няшчаснага забойцу пераканалі зрабіць адзінае магчымае — ратаваць жыццё ўцёкамі. Ён праслізнуў уздоўж ўзбярэжжа, пакуль не дабраўся да порта і здолеў пакінуць краіну. Рэшту вы ведаеце: гаротны Джым шмат гадоў заставаўся за мяжой, а потым, калі ўсё сцішылася і забылася, вярнуўся ў свой пануры замак і аўтаматычна ўспадкаваў тытул. Я не бачыў яго з тых часоў і тым не менш ведаю, якія думкі нязгасна свецяцца ў самай глыбіні яго розуму.

— Я так разумею, — сказаў айцец Браўн, — што сёй-той з вас спрабаваў убачыцца з ім?

— Мая жонка ніколі не пакідала спробаў, — адказаў генерал. — Яна адмаўляецца пагаджацца, што такое злачынства мусіць назаўжды адрэзаць чалавека ад грамадства, і прызнаюся вам: я схільны думаць, што яна мае рацыю. Восемдзесят гадоў таму такое лічылі нормай, і шчыра кажучы, гэта ўсё ж не наўмыснае забойства. Мая жонка вельмі сябруе з той няшчаснай, што стала прычынай разладу, і лічыць, што калі б Джым пагадзіўся яшчэ раз сустрэцца з Віёлай Грэйсан і пачуць ад яе, што старыя сваркі засталіся ў мінулым, ён мог бы вярнуцца ў здаровы розум. Калі не памыляюся, мая жонка склікае заўтра нешта накшталт сяброўскай нарады. Яна вельмі актыўная.

Айцец Браўн гуляўся са шпількамі, што ляжалі побач з генералавай мапай, і слухаў, здавалася, вельмі безуважна. Яго розум меў схільнасць бачыць усё выявамі. І выява, якая афарбавала нават празаічны розум прагматычнага салдата, яшчэ больш расквітнела значнасцю і злавеснасцю ў схільным да містыкі розуме святара. Ён бачыў цёмна-чырвоны пустэльны пясок, які дакладна паўтарае адценне пяску Акелдамы [1], на ім цёмнай грудай ляжыць мёртвае цела, забойца, сагнуўшыся, бяжыць да яго і махае ў шалёным раскаянні пальчаткай, і раз за разам яго ўяўленне вярталася да трэцяй фігуры, якой ён пакуль не мог знайсці месца на чалавечай сцэне — секундант забітага стаіць нерухома і таямніча, як цёмная статуя, пастаўленая ля самай вады. Хто-небудзь мог бы палічыць яе нязначнай дэталлю, але для яго менавіта гэтая застылая фігура прыцягвала да сябе ўвагу, як пытальнік.

Чаму Рамэйн не пабег адразу? Такой была б натуральная рэакцыя секунданта, нават проста з чалавечага пункту гледжання, не кажучы ўжо пра сяброўства. Нават калі тут замяшанае нейкае двурушніцтва, якога ён пакуль не разумее, або больш страшны матыў, такога варта было б чакаць хаця б дзеля прыстойнасці. Прынамсі, калі ўсё ўжо адбылося, секундант загінулага мусіў бы заварушыцца задоўга да таго, як другі схаваецца за пагоркам.

— Гэты Рамэйн заўсёды рухаецца марудна? — пацікавіўся ён.

— Дзіўна, што вы пытаеце, — адказаў Аўтрэм, кінуўшы на яго востры позірк. — Не, шчыра кажучы, калі ўжо ён рухаецца, то рухаецца вельмі хутка. Толькі што згадаў цікавую рэч: якраз сёння ўдзень я бачыў, як ён стаяў гэтаксама ў часе навальніцы, у сваёй накідцы са срэбнай шпількай, абапіраючыся рукой на сцягно, дакладна і ва ўсім без выключэння паўтараючы сваю позу на тых крывавых пясках. Нас усіх маланка асляпіла, а ён і не міргнуў. Калі зноў стала цёмна, ён так і стаяў там.

— Спадзяюся, цяпер ён там не стаіць? — пацікавіўся айцец Браўн. — Я маю на ўвазе, урэшце ж ён заварушыўся.

— Так, калі загрымела, ён зарухаўся даволі рэзка, — адказаў генерал. — Ён быццам бы чакаў грому, бо потым дакладна назваў, колькі прайшло часу. А што?

— Я ўкалоўся вашай шпількай, — сказаў айцец Браўн. — Спадзяюся, што не сапсаваў яе, — тут яго вочы заплюшчыліся, і ён раптам змоўк.

— Вы не хворы? — спытаў генерал, узіраючыся ў яго.

— Не, — адказаў святар. — Проста ў мяне не такая вытрымка, як у вашага сябра Рамэйна. Заўсёды міргаю, калі бачу святло.

Ён пайшоў па капялюш з парасонам, але, дайшоўшы да дзвярэй, быццам нешта ўспомніў і вярнуўся. Падыходзячы бліжэй да Аўтрэма, ён даволі бездапаможна ўзіраўся яму ў твар, як рыбіна перад смерцю, і зрабіў жэст, быццам хоча ўхапіцца за яго камізэльку.

— Генерал, — амаль прашаптаў ён, — дзеля Бога, не дайце вашай жонцы і той другой жанчыне прабіцца да Марна. Не будзіце сабаку, які спіць, бо вы можаце абудзіць Цэрбера.

Генерал застаўся адзін, і калі ён зноў сеў гуляцца са шпількамі, у яго карых вачах чыталася здзіўленне.

Аднак яно зрабілася яшчэ большым, калі ён дазнаўся пра прагрэс у бескарыслівай змове генеральскай жонкі, якая сабрала сваю маленькую групу зычліўцаў на штурм замка мізантропа. Першая неспадзяванка, з якой яна сутыкнулася і якой не магла зразумець, — гэта адсутнасць аднаго з персанажаў гэтай старажытнай трагедыі. Калі яны, папярэдне дамовіўшыся, сабраліся ў ціхім гатэлі даволі блізка ад замка, ад Х’юга Рамэйна не было ні знаку, пакуль адвакат не паведаміў спозненай тэлеграмай, што вялікі актор неспадзявана пакінуў краіну. Другая нечаканасць здарылася, калі яны пачалі сваю бамбардзіроўку, адправіўшы ў замак ліст з настойлівым патрабаваннем размовы: гэта была фігура, якая выйшла са змрочнай брамы прыняць дэлегацыю ад імя шляхетнага насельніка. Зусім не гэтую фігуру спадзяваліся яны сустрэць у панурых алеях, сярод амаль феадальных фармальнасцяў. Гэта быў не велічны аканом ці дварэцкі, нават не вытанчаны лёкай ці цыбаты расфуфыраны служка. Адзіным, што з’явілася ў дзвярах магільнага замка, была кароткая пацёртая фігура айца Браўна.

— Паслухайце, — сказаў ён у сваёй простай, усхваляванай манеры. — Я ж казаў вам, што яго лепш пакінуць у спакоі. Ён ведае, што робіць, і вы толькі прынесяце ўсім няшчасце.

Лэдзі Аўтрэм, якую суправаджала высокая сціпла апранутая жанчына, усё яшчэ вельмі прыгожая, відавочна, тая самая міс Грэйсан, паглядзела на маленькага святара з халоднай пагардай.

— Праўда ж, сэр, — сказала яна, — у нас вельмі прыватная справа, і я не разумею, што вам да яе.

— Каму, як не святару, сунуць нос у прыватныя справы, — гыркнуў сэр Джон Кокспэр. — Вы быццам не ведаеце, што яны шукаюць сабе пажывы за кулісамі падзеяў, як пацукі за ашалёўкай. Прагрызаюць сабе дарогу да самага асабістага, што ёсць у людзей. Паглядзіце, як ён ужо завалодаў бедным Марнам, — сэр Джон трохі сердаваў, бо шляхетныя сябры пераканалі яго не друкаваць сенсацыйны артыкул у абмен на права быць у самым эпіцэнтры таямніцы Таварыства. Яму нават да галавы не прыходзіла задацца пытаннем, ці не быў ён сам падобны да пацука за ашалёўкай.

— О, не хвалюйцеся, — сказаў айцец Браўн у нецярплівым узрушэнні. — Я абгаварыў гэта з маркізам і тым адзіным святаром, з якім ён мае хоць нейкія дачыненні. Яго клерыкальную прыхільнасць моцна перабольшваюць. Кажу вам: ён ведае, што робіць. І я сапраўды прашу вас усіх пакінуць яго ў спакоі.

— Вы хочаце сказаць, пакінуць яго зажыва пахаваным у гэтым напаўжывым-напаўмёртвым стане нуды і вар’яцтва сярод руін! — закрычала лэдзі Аўтрэм, і яе голас злёгку задрыжаў. — І ўсё праз тое, што ён меў няшчасце застрэліць кагось на двубоі больш за чвэрць стагоддзя таму! І гэта вы называеце хрысціянскай міласэрнасцю?

— Так, — флегматычна адказаў святар, — гэта я называю хрысціянскай міласэрнасцю.

— Вось і ўся хрысціянская міласэрнасць, якой можна дачакацца ад святароў, — з прыкрасцю пракрычаў Кокспэр. — Менавіта гэта яны і разумеюць пад дараваннем, на якое можа спадзявацца бядак, што ўчыніў бязглуздзіцу: яго замуруюць жыўцом і да смерці замораць пастамі, пакаяннем і пагрозамі пякельнага агню. І ўсё таму, што куля вылецела не ў той бок.

— Праўда ж, айцец Браўн, — сказаў генерал Аўтрэм, — няўжо вы шчыра лічыце, што ён гэта заслужыў? У гэтым вашае хрысціянства?

— Канечне ж, сапраўднае хрысціянства, — больш далікатна пачала прасіць яго жонка, — тое, што ўсё ведае і ўсё даруе, любоў, якая ўмее памятаць — і ўмее забывацца.

— Айцец Браўн, — звярнуўся да яго Мэлаў, вельмі сур’ёзны, — звычайна я згодны з тым, што вы кажаце, але хай мяне павесяць, калі я разумею вас цяпер. Адзін стрэл на двубоі, у якім ён зараз жа раскаяўся, — не такое ўжо і жудаснае злачынства.

— Прызнаю, — невыразна сказаў айцец Браўн, — што мне яго злачынства ўяўляецца больш сур’ёзным, чым вам.

— Хай Бог змякчыць вашае сэрца, — упершыню загаварыла дзіўная лэдзі. — Я хачу пагаварыць са сваім старым сябрам.

Яе голас быццам абудзіў прывіда ў гэтым вялізным шэрым доме: нешта заварушылася ўсярэдзіне, і ў цёмным дзвярным праёме над вялізным пралётам каменных сходаў з’явілася фігура. На ёй была вопратка мёртва-чорнага колеру, пасівелыя валасы рабілі твар нейкім дзікім, а бледныя рысы нечым нагадвалі пашкоджаную мармуровую статую.

Віёла Грэйсан пачала паволі ўзыходзіць па вялізных сходах, і Аўтрэм прамармытаў у густыя чорныя вусы 

— Думаю, яе ён не праігнаруе, як маю жонку ў свой час.

Айцец Браўн, які, здавалася, змарнеў у пакоры, кінуў на яго хуткі позірк.

— У гаротнага Марна і без таго даволі на сумленні, — сказаў ён. — Дык давайце пазбавім яго незаслужаных папрокаў. Ён, прынамсі, ніколі не ігнараваў вашай жонкі.

— Што вы хочаце сказаць?

— Ён яе ніколі не знаў.

Пакуль яны гаварылі, высокая лэдзі горда ўзышла па сходах і наблізілася да маркіза Марна. Яго вусны заварушыліся, але перш чым ён паспеў загаварыць, нешта здарылася.

У пустой прасторы прагучаў і рэхам адляцеў прэч уздоўж шэрых сцен крык. Нечаканы і надрыўны, гэта мог быць проста беззмястоўны лямант, што зляцеў з вуснаў жанчыны. Але гэта было выразнае слова, і ўсе з жахлівай дакладнасцю яго разабралі.

— Морыс! 

— Што здарылася, мілая? — закрычала лэдзі Аўтрэм і пабегла ўверх па сходах, бо тая жанчына загойдалася, быццам зараз пакоціцца ўніз праз увесь каменны пралёт. Затым яна развярнулася і пачала спускацца, згорбленая, ссохлая і дрыготкая. “О, Божа мой, — паўтарала яна. — О, Божа мой, гэта зусім не Джым. Гэта Морыс!”

— Лэдзі Аўтрэм, я думаю, — сур’ёзна загаварыў святар, — вам з сябрамі лепш пайсці.

Яны развярнуліся, але з вяршыні лесвіцы на іх каменем упалі словы, прамоўленыя быццам з адкрытай магілы. Голас быў хрыплы і ненатуральны, як у людзей, што правялі доўгі час на бязлюдным востраве, населеным аднымі птушкамі. Гэта быў голас маркіза Марна. Ён пракрычаў: “Стойце!”

— Айцец Браўн, — казаў ён, — пакуль вашыя сябры не разышліся, я дазваляю вам расказаць ім усё, што расказаў вам я. Якімі б ні былі наступствы, я больш не буду ад іх бегчы.

— Вы робіце слушна, — адказаў святар, — і вам гэта залічыцца.

 

***

— Так, — ціха казаў айцец Браўн пазней у адказ на роспыты кампаніі. — Ён упаўнаважыў мяне гаварыць, але я раскажу ўсё не так, як пачуў, а як здагадаўся пра ўсё сам. Ды вось, ад самага пачатку я зразумеў, што шкодны ўплыў манахаў на маркіза — гэта ўсё бздуры, якіх вы панабраліся ў кніжках. Бадай, у пэўных выпадках нашыя людзі могуць заахвочваць людзей часцей наведваць манастыр, але дакладна не бавіць дзень і ноч у сярэднявечным замку. Таксама яны, вядома ж, не будуць у захапленні, калі той, хто манахам не з’яўляецца, пачне апранацца як манах. Але мне прыйшла ідэя, што ён сам мог захацець насіць манаскі капюшон ці нават маску. Спачатку яго называлі жалобнікам, потым — забойцам, але ў мяне ўжо былі цьмяныя падазрэнні, што яго прычыны маглі хавацца не толькі ў тым, што ён учыніў, але і ў самой яго асобе.

Потым я пачуў вельмі яскравае апісанне паядынку, якое мне даў генерал, і самай яскравай у ім для мяне была фігура містэра Рамэйна на заднім фоне. Яна таму і вылучалася, што была на фоне. Чаму генерал пакінуў на пяску ахвяру, чый сябар стаяў за некалькіх ярдаў ад яго, бы пень ці камень? Затым я пачуў яшчэ нешта, чыстую дробязь, пра звычку Рамэйна застываць у нерухомасці, калі ён ведае, што зараз нешта мусіць адбыцца. Як ён чакаў, пакуль не загрымеў гром пасля маланкі. Вось гэтая машынальная манера ўсё і выдала. У той раз Х’юга Рамэйн таксама чагось чакаў.

— Але ўсё ж ужо скончылася, — запярэчыў генерал. — Чаго ён мог чакаць?

— Ён чакаў двубою, — адказаў айцец Браўн.

— Кажу ж вам, я бачыў двубой! — ускрыкнуў генерал.

— А я вам кажу, што двубою вы не бачылі, — адказаў святар.

— Вы што, звар’яцелі? — не сунімаўся генерал. — З чаго раптам вы вырашылі, што я сляпы?

— Бо вас спецыяльна асляпілі, каб вы нічога не ўбачылі, — сказаў святар. — Бо вы добры чалавек. Бог злітаваўся над вашай цнотай і адвярнуў вашае аблічча, каб вы не бачылі гэтага нечалавечага нападу. Ён узвёў сцяну пяску і цішыні між вамі і тым, што насамрэч адбывалася на жахлівым чырвоным узбярэжжы, захопленым ашалелымі духамі Іуды і Каіна.

— Раскажыце ж, што здарылася! — нецярпліва ахнула лэдзі.

— Я раскажу так, як усё сам зразумеў, — працягнуў святар.— Наступнае, пра што я даведаўся, — гэта што актор Рамэйн вучыў Морыса Мэйра прыёмам акторскага майстэрства. У мяне калісь быў сябар, што практыкаваўся ў акторскім майстэрстве. Ён надта цікава расказваў, як увесь першы тыдзень навучання толькі і рабіў, што падаў. Вучыўся, як падаць плазам, не хістаючыся, як пры раптоўнай смерці.

— Госпадзе літасцівы! — усклікнуў генерал і ўхапіўся за ручкі крэсла, быццам хацеў устаць.

— Амін, — адказаў айцец Браўн. — Вы расказалі, што вас уразіла, як хутка ўсё адбылося. Насамрэч Морыс упаў яшчэ да таго, як вылецела куля, ляжаў і нерухома чакаў. А яго зламысны сябар і настаўнік таксама стаяў і чакаў збоку.

— Мы ўсе ў чаканні, — сказаў Кокспэр, — і я адчуваю, што чакаць ужо не маю сілы.

— Джэймс Мэйр, якім ужо авалодала раскаянне, кінуўся проста да чалавека на зямлі і схіліўся, каб падняць яго. Ён адкінуў пісталет, як нешта нячыстае, але пісталет Морыса, не разраджаны, ляжаў пад рукой. І вось калі старэйшы схіліўся над меншым, той узняўся на локаць і прастрэліў другога навылёт. Ён ведаў, што не дужа добра страляе, але з такой адлегласці пацэліць у сэрца зусім няцяжка.

Рэшта кампаніі ўзнялася і стаяла з бледнымі тварамі, узіраючыся ў апавядальніка.

— Вы ў гэтым упэўнены? — хрыплым голасам спытаў нарэшце сэр Джон.

— Я ў гэтым упэўнены, — сказаў айцец Браўн, — і цяпер я перадаю Морыса Мэйра, цяперашняга маркіза Марна, вашай хрысціянскай міласэрнасці. Сёння вы мне нешта казалі пра хрысціянскую міласэрнасць. Мне яна нават падалася ледзь не празмернай, але якое шчасце для такіх гаротных грэшнікаў, як гэты чалавек, што вы не знаеце меры ў міласці і гатовыя да прымірэння з усім чалавецтвам.

— Скулля яму! — выбухнуў генерал. — Калі вы думаеце, што я прыміруся з такой бруднай гадзінай, то я вам скажу, што нават калі ў маіх сілах будзе выратаваць яго ад пекла, я і слова не вымаўлю. Я казаў, што магу выбачыць звычайны годны двубой, але ўсіх гэтых падступных забойцаў…

— Яго трэба лінчаваць! — узрушана закрычаў Кокспэр. — Яго трэба спаліць жыўцом, як чарнамазага ў Штатах! І калі ёсць недзе полымя, у якім можна гарэць вечна, то там яму самае…

— Я б і жардзінай да яго не дакрануўся, — сказаў Мэлаў.

— Ёсць мяжа чалавечай міласэрнасці, — дрыжучы ўсім целам, дадала лэдзі Аўтрэм.

— Ёсць, — суха адказаў айцец Браўн, — і ў гэтым палягае розніца паміж міласэрнасцю чалавечай і хрысціянскай. Дык даруйце ж, калі мяне сёння не надта ўразіла вашая пагарда да маёй неміласэрнасці або лекцыя пра дараванне любому грэшніку, якую вы мне прачыталі. Бо здаецца мне, што вы даруеце толькі тыя грахі, якія насамрэч і грахамі не лічыце. Вы даруеце злачынцам, толькі калі яны робяць тое, што вы лічыце не злачынствам, а хутчэй нормай. Вы мірыцеся з традыцыйным двубоем гэтак жа, як і з традыцыйным разводам. Вы даруеце, таму што тут няма чаго дараваць.

— Але, каб яго трасца, — закрычаў Мэлаў, — вы ж не спадзеяцеся, што мы зможам дараваць падобную гідоту?

— Не, — адказаў святар, — але мы мусім дараваць і яе.

Ён рэзка ўстаў і азірнуўся наўкола.

— Мы мусім падыходзіць да такіх людзей, і не з жардзінай, а з блаславеннем, — сказаў ён. — Мы павінныя вымавіць словы, якія ўратуюць іх ад пекла. Мы адны можам выбавіць іх з роспачы, калі вашая чалавечая міласэрнасць іх пакіне. Каціцеся ж і надалей сваёй каляінай, выбачайце свае любімыя заганы і будзьце велікадушнымі да модных злачынстваў, а нам пакіньце змрок і начных крывасмокаў. Дазвольце нам суцяшаць тых, хто сапраўды мае патрэбу ў суцяшэнні, хто сапраўды ўчыняе недаравальнае, такое, чаго не можа дараваць ні свет, ні яны самі, і не даруе ніхто, апрача святара. Пакіньце нас з людзьмі, якія чыняць злосныя, агідныя, сапраўдныя злачынствы, як Пётр, калі заспяваў певень, але світанак усё адно настаў.

— Світанак, — паўтарыў Мэлаў з сумневам. — Вы хочаце сказаць, надзея. Для яго?

— Так, — адказаў айцец Браўн. — Дазвольце задаць вам пытанне. Вы цудоўныя дамы і вялебныя паны, і вы ўпэўненыя ў сабе. Вы кажаце сабе, што ніколі не апусціцеся да такога бруду. Але адкажыце вось на што. Калі б усё ж апусціліся, то хто з вас праз шмат гадоў, ужо зрабіўшыся старым і багатым і знаходзячыся ў поўнай бяспецы, прыслухаўся б да сумлення ці духоўніка і расказаў бы пра сябе такое? Скажаце, вы на такое нізкае злачынства не пайшлі б. А ці змаглі б вы прызнацца ў такім нізкім злачынстве?

Усе збіралі рэчы і па двое, па трое маўкліва пакідалі пакой. Айцец Браўн таксама моўчкі накіраваўся ў тужлівы замак Марнаў.

 


 

[1] Акелдама (Зямля Крыві) — паводле Новага Запавету, участак зямлі ў Ерусаліме, набыты для пахавання вандроўнікаў на грошы, атрыманыя Іудам ад першасвятароў за здраду Ісусу Хрысту.

 

Пераклад з ангельскай – Павел Донаў © 2012

Чытайце таксама

Ўільям Карлас Ўільямс

Ўільям Карлас Ўільямс

Амерыканскі педыятр і паэт, блізкі да колаў мадэрністаў і імажыстаў, натхняльнік Біт-пакалення

Клаўс Элсбергс

Клаўс Элсбергс

Латышскі паэт і перакладчык

Фрэнк О’Хара

Фрэнк О’Хара

Амерыканскі празаік, паэт і мастацкі крытык.

Ізі Харык

Ізі Харык

Беларускі габрэйскі ідышамоўны паэт

1467