№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Рэкс Стаўт

Ўотсан быў жанчынай? (Watson was a Woman?)

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Вы прабачыце мне адмову далучыцца да вашага тосту ў памяць пра “другую місіс Ўотсан”, калі даведаецеся, што гэта было справай сумлення. Я не магу прымусіць сябе зрабіцца суўдзельнікам містыфікацыі. Бо ў свеце ніколі не існавала не толькі другой місіс Ўотсан, але і першай місіс Ўотсан, дый самога доктара Ўотсана.

Калі ласка, не ўскоквайце з крэслаў.

Як усе сапраўдныя адэпты, я рэгулярна заглыбляюся у Святое Пісьмо (невукі называюць яго гісторыямі пра Шэрлака Холмса), каб асвяжыць іх успрыняцце, і не так даўно я перачытаў яго ад пачатку да канца і быў уражаны фактам, які нагадаў мне пра сабаку ўначы [1]. Пытанне наконт сабакі ўначы палягае, як мы ўсе ведаем, на тым, што яна не брэша, пытанне наконт Холмса ўначы — на тым, што мы не бачым, як ён кладзецца спаць. Апавядальнік гэтых гісторыяў, нехта Ўотсан, зноў і зноў у дэталях апісвае ўсё, што датычыць жыхароў знакамітай кватэры: іх вячэры, сняданкі, мэблю, дажджлівыя вечары, праведзеныя дома, — але нам ніколі не паказваюць, як Холмс ці Ўотсан ідуць у ложак. Цікава, чаму? Дзеля чаго такая ўпартая, ненатуральная стрыманасць, такая забарона, такая засакрэчанасць у дачыненні да такога хіба што не самага прыемнага моманту штодзённага быту?

У мяне нарадзіліся падазрэнні.

Найгоршыя з тлумачэнняў, якія адразу прыйшлі ў галаву, — тое, што ў Холмса ўстаўная сківіца ці што Ўотсан насіў парык, — я адкінуў як бязглуздзіцу. Яны былі занадта відавочныя і зусім, так бы мовіць, не злавесныя. Але гульня пачалася, і я ўзяў след у адзіным даступным для мяне месцы — у Святым Пісьме. І вось што я адразу ж, на дзявятай старонцы “Эцюда ў пунсовых тонах”, знайшоў:

“Ён рэдка клаўся спаць у дзесяць вечара і заўсёды снедаў і сыходзіў яшчэ да майго абуджэння”.

Я быў нечувана здзіўлены. Як маглі мільёны чытачоў столькі гадоў абмінаць такі відавочны ключ? Так пра мужчыну гаварыла, так магла гаварыць толькі жанчына! Зірнем уважлівей. Гэта ж словы самай сапраўднай жонкі, якая расказвае пра мужа… але стоп! Я не збіраюся патураць пустым здагадкам, а хачу знайсці доказы, якія пацвердзяць факт. Няма сумневу, што гэта была жанчына, якая гаворыць пра мужчыну, але гэта жонка расказвае пра мужа ці каханка пра каханка?.. Прызнаюся, я пачырванеў. Я пачырванеў за Шэрлака Холмса і закрыў кнігу. Але агонь цікаўнасці ўжо разгарэўся, і я хутка разгарнуў яе на той самай старонцы, каб у наступным абзацы прачытаць:

“Чытач можа палічыць, што перад ім назола чыстай вады, калі я прызнаюся, як узбудзіў гэты чалавек маю цікаўнасць і як часта мне хацелася прарвацца праз яго стрыманасць, якую ён дэманстраваў у дачыненні да ўсяго, што яго датычыла”.

Хацелася, не сумнявайцеся! Ой як хацелася! Бедны Шэрлак Холмс! Яна не патурбавалася выкарыстаць хаця б які збіты эўфемізм накшталт: “Мне хацелася яго зразумець” ці “Я прагнула раздзяліць з ім усё”. З жорсткай безапеляцыйнасцю яна сцвярджала, што ёй “хацелася прарвацца праз яго стрыманасць”. Мяне скаланула: першы раз у жыцці я адчуў, што Шэрлак Холмс быў не богам, а чалавекам, чалавекам, які таксама пакутаваў. З гэтай жа старонкі пытанне пра пол Ўотсана было для мяне канчаткова вырашанае. Безумоўна, гэта была жанчына. Але жонка ці каханка? Я рушыў далей. Праз дзве старонкі натрапіў на такі пасаж:

“Яго ўменне граць на скрыпцы… на маю просьбу ён сыграў штосьці з “Песняў” Мендэльсона [2]…”

Уявіце мужчыну, які папрасіў іншага мужчыну сыграць якую-небудзь з “Песняў” Мендэльсона на скрыпцы!

А на наступнай старонцы:

“Устаўшы аднойчы раней, чым звычайна, і ўбачыўшы, што Шэрлак Холмс яшчэ не скончыў снедаць… я бачу, што маёй талеркі няма і кава для мяне не прыгатаваная. Я… раздражнёна званю ў званок… і рэзка паведамляю, што час несці сняданак. Схапіўшы са стала нейкі часопіс, я баўлю час, гартаючы яго, пакуль мой сужыхар маўкліва чвякае тостам”.

Што за жахлівая карціна, і мы з вамі цудоўна ведаем, колькі ў ёй горкай рэалістычнасці! Змяніце стыль — і перад намі амаль фельетон Рынга Ларднэра [3] пра каханне. Цяжка праглынуць навіну пра тое, што Шэрлак Холмс, як і многія іншыя мужчыны, снедае ў такім таварыстве, але факт застаецца фактам. Гэты ўрывак не толькі пацвярджае нашыя здагадкі, што Ўотсан — гэта лэдзі, то бок жанчына, але і дае нам надзею, што ўсе тыя доўгія гады Холмс не жыў у граху. Мужчына не чвякае маўкліва тостам, калі снедае з каханкай, а калі і чвякае, значыць, хутка ў яго будзе новая. Але Холмс прывязаўся да яе — ці яна да яго — на больш чым чвэрць стагоддзя. Вось некалькі цытатаў пазнейшых гадоў:

“Шэрлак Холмс стаяў, усміхаючыся мне… Мне заставалася хіба што ўскочыць і з здзіўлена ўглядацца ў яго некалькі секунд — і, як выявілася пасля, страціць прытомнасць…” (“Пусты дом”, старонка 4).

“Думаю, сярод усіх смяротных мне выпалі самыя доўгія пакуты” (частка “Бэрлстанская трагедыя” з аповесці “Даліна страху”, старонка 1).

“У тыя дні паміж намі завязаліся незвычайныя стасункі. Ён быў чалавекам звычак, вельмі пэўных і вельмі трывалых, і адной з іх выпала зрабіцца мне. Быць чымсьці накшталт скрыпкі, моцнага тытуню, старой чорнай люлькі, картатэкі і іншых, менш даравальных рэчаў” (“Чалавек на карачках”, старонка 1).

І мы павінныя верыць, што ўсё гэта напісаў мужчына? Гэтае шчырае і бесклапотнае прызнанне пра страчаную прытомнасць, калі Холмс вярнуўся пасля расстання? “Сярод усіх смяротных мне выпалі самыя доўгія пакуты” — самае старажытнае ў свеце жаночае клішэ, якое ўжываў яшчэ Эсхіл. Няма сумневу, што ад яго рыпелі зубы ўжо ў пячорных людзей. І гэтая добра нам вядомая жальба: “Быць чымсьці накшталт старой чорнай люлькі!”

Вядома ж, яна была яго жонкай! І старая чорная люлька — вырашальны аргумент на карысць такой версіі. Вось урывак са старонкі 16 аповесці “Сабака Баскервіляў”:

“…Каб да вечара не вяртацца на Бэйкер-стрыт і адчыніць дзверы нашай гасцёўні каля дзевяці гадзінаў.

Спачатку мне падалося, што ў пакоі пажар: гасцёўня так задымілася, што святло лямпы на стале падавалася невыразнай плямай. Аднак хутка ўсе страхі зніклі: едкі пах табакі нізкага гатунку ўдарыў мне ў нос і прымусіў закашляцца. У тумане праглядаўся невыразны сілуэт апранутага ў халат Холмса, які сядзеў у фатэлі і пыхкаў чорнай глінянай люлькай. Вакол яго ляжалі нейкія скруткі.

— Што, Ўотсан, прастуда? — спытаў ён.

— Не, атрутная атмасфера.

— Маеце рацыю, трохі чадзіць.

— Трохі?! Хутчэй невыносна!

— Тады можна адчыніць акно”.

Яны муж і жонка, вось што я вам скажу. Пасля прачытання гэтай да болю банальнай сцэны хіба могуць у кагосьці застацца сумневы? Ці патрэбныя яшчэ нейкія доказы?

Але для самых безнадзейных скептыкаў ёсць яшчэ доказы, і іх шмат. Спробы вызваліць Холмса ад какаінавай залежнасці, згаданыя ў многіх месцах Святога Пісьма, выкрываюць тыповую жонку — аматарку змяняць мужа — у дзеянні, асабліва калі яна ў канцы святкуе сваю перамогу. Больш заблытаным, але не менш пераканаўчым доказам можна назваць невытлумачальнае апісанне знакамітага знікнення Холмса ў “Апошняй справе”, якое выклікае шмат пытанняў, а таксама прычыны гэтага знікнення, згаданыя ў “Пустым доме”. Нельга паверыць, што гэты пачварны падман не быў даўно выкрыты.

Холмс і Ўотсан разам падняліся далінай Роны, потым павярнулі на Лэйк, мінулі перавал Жэмі і адтуль праз Інтэрлакен скіраваліся да Майрынгена. Калі яны ля гэтай вёскі блукалі вузкай сцежкай над страшэннай безданню, Ўотсан(а) хітрасцю заманілі назад у гатэль, перадаўшы фальшывую цыдулку. Зразумеўшы, што пасланне было падробкай, яна (ён) паімчала (ці паімчаў) да сцежкі, каб убачыць, што Холмс знік. Няма Холмса. Ад яго застаўся толькі ветлівы і поўны спачування развітальны ліст, які ляжаў на скале, прыціснуты, нібы прэс-пап’е, партабакам, і ў якім паведамлялася, што з’явіўся прафесар Марыярці і збіраецца скінуць яго ў бездань.

Такі аповед падаецца досыць прастадушным. Але пяройдзем да “Пустога дому”. Мінула тры гады, Шэрлак Холмс раптоўна і зусім нечакана вяртаецца ў Лондан, прымушаючы тым самым Ўотсан(а) страціць прытомнасць. Яго тлумачэнні пра доўгую адсутнасць проста фантастычныя. Ён кажа, што змагаўся з прафесарам Марыярці на вузкай сцяжынцы і штурхануў яго ў прорву. Каб атрымаць перавагу перад небяспечным Себасцьянам Моранам, ён вырашае інсцэніраваць уласнае падзенне і таму, каб не пакінуць слядоў, якія вядуць ад прорвы, ён спрабуе ўзняцца на вышэйшую скалу. Пакуль ён лез, над ім з’явіўся сам Себасцьян Моран і пачаў кідаць у яго камяні. Толькі неймаверна напружыўшыся, Холмс здолеў уратавацца і збегчы ў горы. Наступныя тры гады ён бадзяўся па Персіі, Тыбеце і Францыі, не стасуючыся ні з кім, апроч брата Майкрафта, каб Себасцьян Моран упэўніўся, што вораг памёр. Хаця з яго ж уласнага аповеду вынікала, што Моран ведаў, мусіў ведаць, што Холмс уратаваўся!

Так, сцвярджае Ўотсан, Холмс патлумачыў сваю адсутнасць. Але ў гэтую бязглуздзіцу не паверыць нават вясковы дурань! Хіба можна ўявіць, што Шэрлак Холмс хаця б паспрабуе падсунуць такую версію любому разумнаму чалавеку? Хіба можна паверыць, што ён так абразіць свой інтэлект, прапануючы гэтую версію хай сабе нават ідыёту? Верыць у такое я адмаўляюся. Не сумняюся, што калі Ўотсан палепшала, адзіныя сказаныя Холмсам словы гучалі так: “Дарагая, давай паспрабуем пачаць наноў”, — ён жа далікатны! І ніхто, апроч Ўотсан, не мог зляпаць такога тлумачэння, ператварыўшы яго ў жахлівую дурасць.

Хто тады хаваецца пад псеўданімам “доктар Ўотсан”? Адкуль яна ўзялася? Як выглядала? Якое прозвішча насіла, перш чым сцапала Холмса?

Давайце выкарыстаем метады самога Холмса і паспрабуем даведацца хаця б яе імя. Ўотсан напісала несмяротныя гісторыі, а таму калі і пакінула які намёк на сябе, то толькі ў гэтых гісторыях. Але мы шукаем не яе апісанне і не факты яе жыцця — мы шукаем яе імя, слова, якое, так бы мовіць, яе называе, а таму давайце пройдземся па назвах апавяданняў і аповесцяў.

Іх напісана шэсцьдзесят. Першы наш крок — размясціць іх у храналагічным парадку і пранумараваць ад 1 да 60. Так, з чаго пачнем? Відавочна, каб схаваць сваё імя сярод усіх гэтых назваў, Ўотсан прыдумала сапраўдную містыфікацыю, а таму варта пачаць з самай містычнай лічбы, а менавіта з лічбы 3. А каб зрабіць лічбу яшчэ больш дзейснай, трэба перамножыць яе на саму сябе — атрымаецца 9. Цудоўна. Бярэм дзявятае апавяданне з дзявятага выдання (а гэта, як вядома, зборнік “Архіў Шэрлака Холмса”) — і атрымліваем “Ільвіную грыву”.

Яшчэ адно цікавае назіранне: Ўотсан увесь час спрабуе нас упэўніць, што рэальныя падзеі цалкам адпавядаюць яе аповедам, і хавае ўсё, што датычыць іх з Шэрлакам Холмсам сям’і. Выдатна. У сімволіцы лічбаў сям’і адпавядае 7. Складаем 7 з нашай ключавой лічбай 3 і дадаем першую 9. Атрымліваецца 19. Гісторыя з гэтым нумарам называецца “Рытуал дому Масгрэйваў”.

Пераходзім да метаду выключэння. Які з фактараў, што дапамагаюць звычайнаму чалавеку дабіцца поспеху, Холмс нязменна адмаўляў ці выключаў? Удачу. А калі чалавеку спадарожнічае ўдача, кім ён робіцца? Першым сярод роўных. Вось і нашая наступная лічба — 1, і гісторыя пад гэтым нумарам называецца “Эцюд у пунсовых тонах”.

Далей. У якім узросце Холмс пераехаў на Бэйкер-стрыт? У 27. Дваццаць сёмая гісторыя — “Норвудскі будаўнік”. Прасцейшага не прыдумаеш. Гэта звычайны спосаб расшыфроўкі, і калі Холмс змог з яго дапамогай узяць след у справе пра танцы маляваных чалавечкаў, значыць, і вы самі, зрабіўшы правільную выбарку, можаце дасягнуць таго ж выніку. Безумоўна, ён будзе такім жа, як і мой:

Ільвіная грыва

Рытуал дому Масгрэйваў

Эцюд у пунсовых тонах

Норвудскі будаўнік

Ўістэрыя-лодж

Ордэнрудых

Таямніца Баскомбскай даліны

Скандал у Багеміі

Апошняя справа Холмса

Нага д'ябла

Прачытаўшы першыя літары згодна з прынцыпам акраверша, мы знаходзім добра схаваны ключ да таямніцы. Яе звалі Ірэн Ўотсан.

Але пачакайце. Ці магчыма гэта праверыць? Даведацца яе імя іншым спосабам, так бы мовіць, апрыёры? Чаму ж не паспрабаваць? Мы высветлілі, што гісторыі пра Шэрлака Холмса напісала жанчына, і гэтая жанчына была яго жонкай. Ці не з’яўляецца ў нейкай гісторыі жанчына, якой Холмс захапіўся? Да якой ён напраўду прывязаўся? Безумоўна, з’яўляецца. “Скандал у Багеміі” пачынаецца наступнымі словамі:

“Для Шэрлака Холмса яна заўсёды заставалася “гэтай жанчынай”… У яго вачах яна перасягнула і засланіла ўсіх прадстаўніц свайго полу”.

І як звалі гэтую жанчыну? Ірэн!

Але ж не Ірэн Ўотсан, скажаце вы, а Ірэн Адлер. Безумоўна, Ўотсан ад пачатку да канца трымаецца мэты збіць нас з панталыку і падмануць адносна сваёй сапраўднай сутнасці. Што такое “adler” ці, як гэтае слова звычайна пішуць па-ангельску, “addler”? Гэта той ці тое, што спрабуе заблытаць. Збіць з тропу. Падмануць. Прызнаюся, такі прыём мне падабаецца — ён варты самога Холмса. Заблытваючы і падманваючы нас, яна смела выкарыстоўвае прозвішча, якое з усім нахабствам выдае яе мэту.

Адна забаўная дэталь толькі ўзмацняе нашае падазрэнне наконт Ірэн — “гэтай жанчыны” для Холмса, калі верыць апавядальніку “Скандалу ў Багеміі”: Холмс прысутнічае на яе вяселлі ў царкве святой Монікі на Эджвер-роўд. Яго прысутнасць тлумачыцца тым, што ён быў сведкам, але гэта проста дурасць. Холмс расказвае: “Мяне амаль пацягнулі да алтара, і, не паспеўшы ачомацца, я заўважыў, што мармычу адказы…” Не, гэта не словы абыякавага сведкі, гэта словы мужчыны, якога сілай зацягнулі ў пастку і запалохалі — карацей кажучы, словы жаніха. І на ўсіх 1323 старонках Святога Пісьма гэта адзіны паказаны нам шлюб, адзінае, як нам кажуць, вяселле, якое Холмс ушанаваў сваёй прысутнасцю.

Прызнаю, усё гэта вельмі павярхоўна. У дадзены момант я збіраю матэрыял для дэталёвага даследавання, каб цалкам выкласці доказы і зрабіць непазбежную выснову. Мая праца будзе складацца з двух тамоў, другі з якіх будзе ўлучаць некаторыя развагі на тэму канкрэтных вынікаў гэтага доўгатэрміновага і, на жаль, баюся, не вельмі шчаслівага саюзу. Напрыклад, хто бацькі лорда Пітэра Ўімсі [4], які нарадзіўся, здаецца, дзесьці на мяжы стагоддзяў — прыкладна ў час выхаду апавядання “Другая пляма”? У гэтым пытанні варта разабрацца.

_____________________________________________________________

Каментар

Працытаваныя аўтарам урыўкі з гісторыяў пра Шэрлака Холмса толькі часткова адпавядаюць беларускім перакладам (калі яны існуюць) гэтых самых урыўкаў з той прычыны, што перакладчык прамовы Рэкса Стаўта мусіў вырашаць праблемы, пра існаванне якіх яго папярэднікі наўрад ці маглі нават падазраваць. Тое самае датычыць назваў апавяданняў — месцамі яны могуць адрознівацца ад кананічнага перакладу.

У арыгінале прадмовы стаіць прысвячэнне: “Gasogene: Tantalus: Buttons: Irregulars”. Першыя тры словы абазначаюць тытулы, якія даваліся сябрам рады суполкі “Baker Street Irregulars”, што ў раннія часы існавання была чымсьці накшталт клуба. Сябры суполкі час ад часу збіраліся для сумесных абедаў, выпіўкі і абмеркавання іранічных даследаванняў кананічнага тэксту. Стаўт зачытвае сваю прамову пасля традыцыйнага тосту за жанчынаў канону, такіх як Ірэн Адлер ці другая місіс Ўотсан.

1. Сабака ўначы — словы адсылаюць да апавядання “Срэбны” (Silver Blaze), дзе Холмс згадвае пра “цікавы выпадак з сабакам уначы” і ўказвае на яго інспектару Грэгары як на важны ключ да разгадкі таямніцы.

2. “Песні без словаў” (ням. Lieder ohne Worte) — фартэпіянныя п’есы нямецкага кампазітара Фелікса Мендэльсона.

3. Рынг Ларднэр (Рынгалд Ўілмер Ларднэр, 1885—1933) — амерыканскі пісьменнік і фельетаніст, аўтар шэрагу кароткіх апавяданняў і аповесцяў, многія з якіх у гумарыстычнай манеры асвятляюць пытанні шлюбу.

4. Лорд Пітэр Ўімсі — герой дэтэктыўных твораў Дораці Л. Сэерс, напісаных у 1920-х і 1930-х.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Ўістан Х’ю Одэн

Ўістан Х’ю Одэн

Англа-амерыканскі паэт і эсэіст. Лічыцца найвялікшым паэтам ХХ стагоддзя.

Карла Калодзі

Карла Калодзі

Італьянскі пісьменні і журналіст, аўтар знакамітай гісторыі пра Пінокіё

Іосіф Бродскі

Іосіф Бродскі

Расійскі і амерыканскі паэт, эсэіст, драматург. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры

Мікола Зэраў

Мікола Зэраў

Украінскі літаратуразнаўца, паэт, майстра санэтаў, перакладчык на ўкраінскую і рускую

1048