№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Даніэль Клугер

Цана любові (Цена любви)

Апавяданне

Пераклад з рускай Уладзь Лянкевіч


“Слава Усявышняму, мой побыт у Гамельсдорфе блізіцца да канца. Я б ужо выехаў з гэтага горада, а дакладней, з аўгустынскага кляштара, што прытуліў мяне, калі б не дужа цікавыя рукапісы справаздачаў у архіве абата. Дужа, паўтараю, цікавыя і да таго ж яны могуць стацца карыснымі, бо датычаць некаторых шчыгулаў працэсаў над вядзьмаркамі і ерэтыкамі, каторыя мелі месца ў Гамельсдорфе семдзесят і болей гадоў таму, за часамі светлай памяці брата Дамінікуса, інквізітара княства Рольдэнс. Значыць, мне давядзецца яшчэ затрымацца тут, і таму я пішу гэты кароткі ліст вам, святы ойча і настаўніча мой, для таго, абы вы папрасілі за мяне прабачэння ў Яго Правялебнасці. Што да самое прычыны маёй затрымкі, то я найпадрабязна выкладу ўсё ў справаздачы і, спадзяюся, прадстаўлю яе асабіста, па вяртанні да Рыму. Маю дадаць толькі, што, дзякуй Пану, і манахі кляштара, і свецкія Гамельсдорфа захавуюць вернасць Касцёлу і ў цяперашні неспакойны час, выказваюць велькую трываласць спакусе д'ябальскай, якую ў свет явіў Марцін Лютэр (дарэчы, тэж у прошласці манах-аўгустынец). Астаюся адданым сынам Маці-Царквы і вашэці верным і недастойным слугою.


Пакорны брат ордэна Св. Дамініка Леангард,

надзвычайны камісар Святога Судзілішча ў месце Гамельсдорфскім.


Пісана ў месяцы марцы 1523 року ад Нараджэння Хрыстовага”.


Айцец Леангард адклаў пяро і перачытаў ліст. Для гэтага давялося паднесці аркуш амаль да самых вачэй: святло ў келлю трапляла толькі скрозь акенца пад самымі скляпеннямі, а свечку ён адразу запаліць не здагадаўся. Цяпер жа гэта не мела сэнсу. Айцец Леангард перасыпаў напісанае пяском з маленькай скарбонкі, пачакаў, пакуль прасохне атрамант, і запячатаў ліст васковай пячаткай. Надпісаў: “Рым, канцылярыя Яго Святаблівасці, Яго Правялебнасці кардыналу Джавані Мантэрозэ”.


У келлі зрабілася зусім цёмна, вузкі прастакутнік акна-байніцы амаль не быў бачны — нават ягонаму звыкламу да цемры воку.


Айцец Леангард адышоў ад стала, наблізіўся да вузкага дашчанага тапчана, пакрытага старой суконнай гунькай. Сеў і моцна задумаўся. Апошнім часам яго непакоіла пэўная дваістасць становішча. Назваўшыся ў лісце кардыналу Мантэрозэ надзвычайным камісарам Святога Судзілішча, айцец Леангард крыху зграшыў супраць ісціны: абавязкі інквізітара ён па ўласнай волі склаў з сябе больш за год таму — са згоды Вялікага Інквізітара. Аднак вярнуўшыся да спакойнага ранейшага жыцця духоўніка Дамініканскага ордэна, ён дзіўным чынам адчуў нездаволенасць. Яму не ставала дзейнасці і актыўнасці следчага інквізіцыі. У той жа час, айцец Леангард ніяк не хацеў ізноў засядаць у трыбуналах, удзельнічаць у допытах. Патаемным жаданнем ягоным было абагуліць больш як дзесяцігадовы досвед свайго перабывання ў інквізіцыі ў адну вялікую кнігу, што мусіла дапамагчы сотням дамініканскіх і францысканскіх братоў у іхным бясконцым змаганні з сатанінскімі падступствамі. Цяпер жа выявілася, што яго мазгі маюць патрэбу ў пастаянных лагічных практыкаваннях, якіх з лішкам прапаноўвала яму нядаўняе турботнае жыццё. Ён звярнуўся да Вялікага Інквізітара з новым прашэннем і атрымаў усеміласцівейшы дазвол сабраць і вывучыць архівы судоў над ерэтыкамі, што праводзіліся ў розны час у гарадах паўднёвай Нямеччыны і захоўваліся часткова ў гродскіх судах, часткова ў манастырах. Менавіта гэтая праца і прывяла яго колькі месяцаў таму ў аўгустынскі кляштар Святой Барбары. Аўгустынцы прынялі яго гасцінна; нягледзячы на фармальны адыход айца Леанарда ад следчай чыннасці, браты-манахі па-ранейшаму называлі яго не іначай як “айцец-інквізітар” і выказвалі ўсялякае шанаванне. Можна было няспешна паглыбляцца ў бясконцыя справаздачы па працэсах, аналізаваць іх. Можна было, але жыццё ўпарта не хацела адпускаць яго ў кніжную працу. Такіх аўтарытэтных і паважаных інквізітараў, якім лічыўся айцец Леангард, не так і многа было ў германскіх княствах, дый ва ўсёй Святой Рымскай імперыі. Сам ён, зрэшты, так не меркаваў і багоміў вялікіх інквізітараў мінулага — Якаба Шэнглера і Гайнрыха Інстыторыюса. Тайком айцец Леангард спадзяваўся калі-небудзь стварыць працу, што не саступала б напісанай імі кнізе.


На стале побач з тапчанам, зрэшты, ляжала іншая кніга — таўшчэзны том, куды айцец Леангард з вечара запісваў тэкст казані. Новы абат аўгустынскага кляштара, на адрозненне ад старога Ганорыя, які два месяцы таму памёр, яшчэ ні разу не звяртаўся да яго з просьбай правесці набажэнства. Але манах-дамініканец па звычцы пісаў казані, так што з іх, напэўна, ужо можна было ўкласці цэлы рукапіс. Быць можа, калі-небудзь ён так і зробіць. Раней, за айцом Ганорыем, ён выступаў з пропаведзямі ў кляштарскай царкве Святога Якуба і ў горадзе, у царкве Святой Барбары, ці не кожную нядзелю.


Айцец Леангард крыху збянтэжана падумаў, што ў ім гаворыць грэх славалюбства, але тут жа сам сабе запярэчыў: хіба гэта славалюбства — імкненне навярнуць на шлях ісціны як мага больш заблукалых? А сярод свецкіх, на жаль, амаль усе былі ў той ці іншай ступені пад уладай спакусаў. Хто-ніхто з манахаў таксама. У такім разе варта было лічыць славалюбствам і паводзіны многіх вялікіх і святых прапаведнікаў прошласці. Не, не пыха і славалюбства рухалі ягонай рукой, а цалкам натуральнае для багаслова імкненне да маральнага паляпшэння навакольных.


Ён памаліўся напаўголасу. Закончыўшы малітву, падышоў да стала. Пад чыстым кавалкам палатна стаяў кубак вады і ляжала луста сухога шэрага хлеба. Сеўшы за стол, айцец Леангард хутка прачытаў “Ойча наш” і без вялікай ахвоты адламаў хлеба. Не, есці яму зусім не хацелася. Ён адклаў хлеб, падсунуў бліжэй кнігу, пяро і чарніліцу.


Асцярожнае пастукванне ў дзверы адцягнула айца Леангарда ад развагаў. Дамініканец незадаволена насупіўся. Тутэйшыя браты былі блізкія да беззаганнасці, калі не лічыць празмернай — як для манахаў — цікаўнасці да чужых справаў.


Пастукванне паўтарылася, і нехта асцярожна сказаў:


— Ойча Леангардзе, вы не занятыя? Айцец абат чакае вас да сябе.



***


— Прашу вас, святы ойча.


Айцец Леангард зайшоў у келлю новага абата і спыніўся ля дзвярэй, непрыемна здзіўлены. Ён бываў тут і раней, калі абатам кляштара быў спачылы Ганорый, і цудоўна памятаў, што келля абата вылучалася сярод звычайных манаскіх хіба што трохі большым памерам.


Цяпер жа памяшканне больш нагадвала жаночы будуар, чым сціплае жытло ўбогага манаха. Шыкоўны ложак пад балдахінам, разьбяны столік, аздоблены пазалотай, начная пасудзіна, распісаная арнаментам на мяжы прыстойнасці. І на заканчэнне, там, дзе ў Ганорыя вісела старая цёмная карціна і ў строгай манеры апавядала пра мучэнні святога Себастыяна, цяпер быў яркі жаночы партрэт. Толькі прыгледзеўшыя пільней, інквізітар убачыў над галавою жанчыны ледзь прыкметнае падабенства німба і скеміў, што партрэт выяўляе Святую Барбару, заступніцу Гамельсдорфа. Тым не менш, ён паспешна адвёў вочы і прамямліў:


— Не варта вешаць у келлі карціну ў пазалочанай раме з такой выкшталцонай разьбой...


Абат азадачана паглядзеў на карціну, перавёў позірк на дамініканца.


— Праўда? — крыху разгублена вымавіў ён. — Я неяк не думаў пра гэта.


Новы абат выглядаў адпаведна ўласнаму жытлу. Ён быў высокі і шырокі ў плячах. Зграбнасці ягоных рухаў не хавала манаскае адзенне. Да таго ж, рыза ягоная толькі пакроем нагадвала манаскую, але пашытая была з тонкай і, па ўсім відаць дарагой тканіны, з-пад рызы вызіралі фарсістыя чаравікі.


— Прашу вас, ойча Леангардзе, — зычным голасам, якім захапляліся міране пад час казані, сказаў айцец Якаб. — Заходзьце, сядайце.


Айцец Леангард моўчкі падпарадкаваўся, агледзеўся, выбраў самую сціплую лаву. Робячы выгляд, што не заўважае ягонай разгубленасці і незадаволенасці, айцец Якаб шчыра ўсміхнуўся і сеў насупраць. Яго авяваў водар фларэнтыйскай парфумы. Інквізітару падалося нават, што ён адчуў лёгкі пах дарагога віна. Карацей, новы абат падаўся айцу Леангарду вельмі напышлівым і самазадаволеным і, мажліва, сапраўды не заўважаў асуджэння.


— Хочаце віна? — запытаў ён.


— Дзякую, — суха адказаў айцец Леангард. — Я п'ю толькі ваду.


Адчувалася, што абат ізноў крыху збянтэжыўся — як пасля заўвагі наконт карціны. Потым дабрадушна сказаў:


— Я ведаю, што вы, дамініканцы, вылучаецеся больш строгімі правіламі, чым нашыя браты-аўгустынцы.


Інквізітар змаўчаў. Айцец Якаб уздыхнуў, пасур'ёзнеў.


— Сёння нас наведаў гродскі суддзя Гамельсдорфа, — сказаў ён. — Вы з ім знаёмыя?


— Знаёмы, — тым жа сухім тонам адказаў дамініканец. — Мэтр Зэльцэр вельмі шаноўны чалавек, верны сын Касцёла.


— Я гэта зразумеў з першай жа сустрэчы, — кіўнуў абат. — Дык вось, ноччу там здарылася жудаснае, — яго перасмыкнула. — Напраўду жудаснае. Думаю, неабходнае ўмяшанне Святога Трыбунала, ойча Леангард. Спадзяюся, што вы, калі ўжо спыніліся ў нашым кляштары, не адмовіце ў дапамозе. Нягледзячы на тое, што вы зрабіліся ўсяго толькі сумленным архіварыюсам Святога Судзілішча...


— Вы думаеце? — перапытаў інквізітар. — Ці суддзя?


— І ён, і я. Ды кожны б на нашым месцы палічыў бы гэта неабходным.


— Што ж менавіта здарылася ў Гамельсдорфе? — спытаў інквізітар, імгненна адвёўшы ўвагу ад аглядання сумнеўнага жытла.


— Забойства, жахлівае забойства, ойча Леангардзе, — сказаў айцец Якаб, змрачнеючы з кожным словам. — Найжорсткім чынам быў забіты малады шляхціч, Рыхард фон Рэеншталь. Вы зналі яго?


— Думаю, не, — адказаў айцец Леангард. — Маладыя шляхцічы рэдка наведваюць кляштар, а я рэдка з'яўляюся за ягонымі мурамі.


— Ясна... дык вось, самае страшнае ў гэтым забойстве тое, што труп маладога чалавека быў знойдзены абяскроўленым.


Інквізітар пасунуўся наперад. Упершыню ў ягоным позірку з'явілася цікавасць.


— Як вы сказалі? Абяскроўлены труп? Што гэта значыць? — хутка запытаўся ён.


Абат, наадварот, адхіліўся на высокую спінку крэсла, больш падобнага да княскага трону, і патлумачыў:


— Яго ўдарылі нейкай вострай прыладай у грудзі, пасля чаго страшэнным чынам сабралі выцеклую кроў і забралі з сабой. Думаю, для д'ябальскіх мэтаў... ну, гэта вам мусіць быць вядома лепей, чым мне.


— Вы нічога не пераблыталі? — недаверліва спытаў айцец Леангард. — Ці, дакладней, суддзя нічога не пераблытаў?


— Суддзя цвердзіць, што калі было адшуканае цела, вакол яго не знайшлі ніводнай кроплі крыві. А разрэз на грудзях быў даволі шырокім, і сам выгляд мёртвага цела наводзіў на думку пра абяскроўленне, — абат сціснуў губы і сцішыўся. Відаць, яго абразіла недаверлівасць інквізітара.


Айцец Леангард задумаўся.


— Што ж, — сказаў ён. — Гэта магчыма. Бывае, што д'ябалапаклоннікі ўжываюць хрысціянскую кроў для розных зелляў. Часам яны п'юць яе на сваіх шабашах. Часам прыносяць у ахвяру свайму гаспадару. Пра гэта гавораць многія аўтарытэтныя служыцелі Касцёла.


На твары абата выявілася прыкметная агіда.


— Магчыма, мы маем справу з нейкай новай ерассю, — быццам не заўважаючы гэтага, працягваў айцец Леангард. — Хаця, наколькі мне вядома, у Гамельсдорфе не бывала ерасяў. У кожным разе, у часе майго тут перабывання.


— Н-ну так... — з ноткай сумневу ў голасе працягнуў абат. Ён падняўся, марудна прайшоўся па келлі. Спыніўся побач з інквізітарам.


— Але ж у горадзе вялікая габрэйская абшчына, хіба не? — запытаў ён.


— Слушна, — інквізітар насупіўся. — Я таксама толькі што пра гэта падумаў.


— Блізіцца пачатак юдэйскай пасхі, — сказаў айцец Якаб пасля паўзы, зноў сядаючы на сваё месца. — Не мне вам расказваць, ойча Леанард, якія агідныя звычаі суправаджаюць гэтае свята ў юдэяў. Думаю, вам даводзілася сутыкацца ў сваёй цяжкой службе з падобным.
— Так, я чуў, — хмурачыся, адказаў айцец Леангард і перажагнаўся. Абат зрабіў тое ж. — І нямала чытаў пра гэткія рэчы. На шчасце, Госпад не даў мне самому быць сведкам мярзоты юдэйскай. Вы маеце на ўвазе выкарыстанне крыві хрысціян пры гатаванні габрэямі пасхальных праснакоў, якія яны называюць мацой?


Абат кіўнуў на знак згоды.


— Іменна. Не ведаю нічога больш жудаснага за гэты д'ябальскі звычай.


— І вы маеце рацыю, гэта сапраўды д'ябальскі звычай.


Абодва манахі перажагналіся.


— Дык вось, — зніжаючы голас, сказаў абат, — цела няшчаснага фон Рэеншталя было знойдзенае паважаным жыхаром Гамельсдорфа — панам Міхелем Кіршам.


Айцец Леангард выпрастаўся. Ён адчуў нейкую дрыготку і штосьці блізкае да паляўнічага газарду. Відаць, гэта адбілася на ягоным твары, бо абат з нейкім здзіўленнем утаропіўся на інквізітара.


— Нешта не так, ойча Леангард? — спытаў ён заклапочана. — Прабачце, але вы пачырванелі. Хочаце вады?


Інквізітар адмоўна пахітаў галавой.


— Хто ён, гэты чалавек? — запытаў ён. — Паважаны месціч, які знайшоў забітага? — нецярпліва ўдакладніў дамініканец. — І пры якіх акалічнасцях ён знайшоў цела?


— Я не ведаю падрабязнасцяў, — адказаў абат. — Суддзя паведаміў мне толькі тое, пра што я ўжо расказваў. Адзінае, што ён яшчэ дадаў, дык гэта што цела было знойдзенае раніцай на вуліцы Далакопаў, недалёка ад мяняльнай крамкі Міхеля Кірша, за некалькі сотняў крокаў ад жыдоўскага квартала.


— Я павінен сустрэцца з ім, — сказаў інквізітар.


— Яго могуць накіраваць у кляштар, — адзначыў айцец Якаб. — Досыць паслаць каго-кольвек з браціі ў суд.


— Не, не трэба. Я сам яго наведаю. А дзе цела няшчаснага?


— У горадзе, у касцёле Святой Барбары. Мяркую, там жа пройдзе адпяванне.


— Добра, — айцец Леангард устаў. — Дзякую вам за тое, што так хутка далі мне знаць.


— Чакайце, — сказаў абат і таксама ўстаў. — Я павінен вам сказаць наступнае. Абываталі Гамельсдорфа ўжо ведаюць пра здарэнне.


— Ну і што з таго? Гэта натуральна. Места невялікае.


— Суддзя цвердзіць, што яны поўныя праведнага гневу і гатовыя разграміць габрэйскі квартал, каб тым раз і назаўсёды адбіць ахвоту да д'ябальскіх звычаяў.


Інквізітар паціснуў плячыма.


— І гэта натуральна, — вымавіў ён безуважна. — Праўда, мне хацелася б уперад правесці следства. Але — на ўсё воля Божая. Pax vobiscum, pater.

— Pax vobiscum, pater... — паўтарыў абат. І сказаў, калі айцец Леангард рушыў да выхаду: — суддзя, як і астатнія натаблі, баяцца падобных дзеянняў натоўпу, і я іх разумею. Гэта праведны гнеў, але, не будучы здаволеным, ён можа стаць іншым. І на каго перакінецца? Словам, ён арыштаваў рабіна, кіраўніка габрэйскай абшчыны старога Абрагама, сына Леві. Я наказаў, каб яго таксама даставілі сюды ў кляштар. Думаю, вы лепей зможаце правесці допыт, святы ойча, чымся гродскія суддзі.



***


Вярнуўшыся да сябе ў келлю, айцец Леангард сеў за стол і глыбока задумаўся. Паляўнічае ўзрушэнне, якое раптам ахапіла яго ў абата, знікла гэтаксама раптоўна. Ён выпіў трохі вады з кубка, які стаяў на стале. Вада была цёплай, з непрыемным прысмакам.


Няўжо ён меў рацыю, калі бачыў у пастаянным адкладанні свайго ад'езду з Гамельсдорфа руку Божую? Вось цяпер гэтае жахлівае злачынства, якое яму належыць раскрыць… Хіба не прымножаць яго расследаванне і суд славу Святой Маці-Царквы?


Айцец Леангард безуважна падсунуў да сябе рукапіс, перагарнуў некалькі старонак, гэтаксама рассеяна адсунуў яе. Тэкст казані ўжо здаваўся яму не такім важным, як наконадні. Нашмат важнейшай рабілася новая справа. Ён асцярожна абмакнуў пяро ў чарніліцу, напісаў пасярэдзіне чыстай старонкі:


"Аб справядлівасці звінавачання жыдоў

у рытуальным выкарыстанні крыві"


О так, вельмі часта чуў айцец Леангард такія абвінавачанні. Ён цалкам разумеў, што несправядлівымі сцверджанні аўтарытэтаў Царквы і Святой Інквізіцыі быць проста не могуць. Ніякага сумневу не выклікалі ў ім дыспуты на гэтыя тэмы. Хаця яму не выпадала самому чытаць Талмуд, але ён удзельнічаў ва ўрачыстых спаленнях брыдкай Богу кнігі, бо ж менавіта ў ёй, на думку сарбонскіх прафесараў, былі таемныя ўказанні на рытуальныя ахвярапрынашэнні хрысціян.


З іншага боку, будучы вучоным багасловам і маючы востры, схільны да логікі розум, айцец Леангард не мог не шкадаваць аб тым, што ні разу не выпала магчымасці адразу ж правесці расследаванне. Бо ж гэта надзвычай важна! Якімі каштоўнымі могуць аказацца вынікі! Удасца нарэшце паказаць усяму свету, як менавіта, якімі д'ябальскімі рытуаламі і заклёнамі суправаджаюць габрэі свае агідныя антычалавечыя і антыбоскія абрады. І многія інквізітары, што выпальваюць ерась з твару хрысціянскага свету, будуць удзячныя яму, сціпламу дамініканцу айцу Леангарду. Ён выявіць усе прыкметы, па якіх можна будзе распазнаць ахвяру крывавага рытуалу. Ён сарве покрыва таямнічасці з юдэйскай псеўдарэлігіі.


Дамініканец падняўся, падышоў да дзвярэй. Нельга было губляць ні хвіліны. Шкада, што ўжо так позна. Начны агляд не дасць яму неабходных дэталяў.


Дамініканец падышоў да тапчана, над якім вісеў счарнелы ад часу крыж з распяццем, апусціўся на калені. Цяпер, у сваёй прасторнай рызе, ён быў падобны да дзіўнага вялікага птаха.


Перш чым пачаць малітву, інквізітар падняў галаву і пільна паглядзеў у скажонае смяротнай пакутай аблічча Збаўцы. Дрыготкае полымя свечкі клалася на прыгожую разьбу безыменнага майстра-манаха і рабіла рысы Ісуса жывымі.


— Пане, — прашаптаў ён, — дай мне сілы здзейсніць годную справу. Дай мне здзейсніць подзвіг веры ў імя Тваё...


Памаліўшыся, айцец Леангард згасіў свечку, лёг ніцма і заплюшчыў вочы.



***


Пасля ранішняй службы айцец Леангард выправіўся ў горад, прыхапіўшы з сабой маладога паслушніка Ганса, які час ад часу дапамагаў інквізітару. Сам юнак вельмі ганарыўся гэтым — дапамога, якую ён аказваў айцу Леангарду, надавала яму нейкі неафіцыйны, але маўкліва прызнаны астатнімі манахамі статус.


Ганс рабіў у садзе пад кіраўніцтвам Гільдэбранта, кляштарнага садоўніка. Брат Гільдэбрант, у мінулым просты селянін, любіў корпацца ў зямлі і ахвотна адпусціў Ганса па просьбе дамініканца.


— Я вам патрэбны, ойча Леанард? — радасна спытаў манастырскі служка.


— Як заўсёды, Ганс, — ласкава сказаў інквізітар. — Ты ўжо чуў пра здарэнне ў горадзе?


— Пра забойства фон Рэеншталя? — дзелавіта ўдакладніў паслушнік. — Канечне, ойча Леангард, усе толькі пра гэта і гавораць.


— А што менавіта гавораць?


— Ну… што жыды прынеслі фон Рэеншталя ў ахвяру, — патлумачыў Ганс. — Што ў іх набліжаецца свята, якое для здзеку з нас яны таксама называюць пасхай, і што ў ім ёсць звычай класці ў праснакі кроў хрысціяніна. Правільна?


— Агулам правільна, — айцец Леангард кіўнуў. — І мы з табой выяснім, як яны гэта робяць. Для гэтага нам трэба выправіцца ў места і апытаць усіх сведак, а апроч таго агледзець нябожчыка, пакуль яго не адпелі і не пахавалі. А што гэта значыць?


— Што мы мусім выпраўляцца зараз жа! — выгукнуў Ганс.


Айцец Леангард любіў бываць у горадзе, хаця пакідаць кляштар яму выпадала рэдка. Гамельсдорф лічыўся багатым местам і таму чыстым і ахайным. Амаль усе яго вуліцы, на адрозненне ад вуліцаў многіх іншых гарадоў, бачаных дамініканцам, былі брукаваныя часаным каменем.


Прайшоўшы гарадскую браму — тут іх ледзь не збілі вазы вакольных сялян — Ганс і дамініканец скіравалі на плошчу перад ратушай, дзе месціўся касцёл Святой Барбары. Праз нейкі час айцец Леангард звярнуў увагу, што немалая колькасць гараджан рушыць у той жа бок. Неўзабаве яны апынуліся ў самым натоўпе, што плыў да брамы касцёла.


На памосце, збудаваным перад царквой, стаяў чалавек. Ён актыўна жэстыкуляваў і выкрыкваў нешта ў натоўп. Айцец Леангард прыслухаўся.


— І няма чаго чакаць, покуль улады разбяруцца! — крычаў чалавек. — Клянуся Святой Дзевай, жыды за гэты час паспеюць іх падкупіць, як яны ўжо не раз падкуплялі бурмістраў і суддзяў, і нават ксяндзоў — у іншых месцах! Самі расправімся з гэтымі вырадкамі! А там...


Ён не паспеў дагаварыць, таму што яго сцягнулі з памоста два вартаўнікі, якія быццам з-пад зямлі выраслі.


Айцец Леангард агледзеўся. Дзіўна, але на тварах вакол была ў найлепшым выпадку цікаўнасць, у найгоршым — абыякавасць. Відаць, чалавек на памосце на паспеў распаліць месцічаў.


Яны неяк прапхнуліся скрозь тлум і зайшлі ў царкву. Тут, як ні дзіўна, было амаль пуста, калі не лічыць святара і двух служак. Заўважыўшы інквізітара з суправаджэннем, ксёндз — айцец Міхаэль — паспяшаў насустрач.


Абмяняўшыся з ім прывітаннямі, айцец Леангард папрасіў правесці яго да цела забітага. Жалобна схіліўшы галаву, айцец Міхаэль жэстам запрасіў гасцей з кляштара ісці за ім.


Цела, пакрытае белым шаўковым покрывам да самага завостранага падбароддзя, ляжала на стальніцы перад алтаром.


— Вось, айцы-інквізітары, — сказаў ксёндз. — Вось няшчасны фон Рэеншталь.


Айцец Леангард кіўнуў.


— Скажыце, айцец Міхаэль, вы не заўважылі нічога дзіўнага, калі забітага прынеслі ў царкву? — спытаў ён. — Я маю на ўвазе… можа, нейкая асаблівасць у ране... у становішчы канцавін... у адзежы?..


Ксёндз задумаўся.


— Не, — сказаў ён нарэшце. — Нічога адметнага не было.


— Зразумела, — інквізітар кіўнуў. — А скажыце, ойча Міхаэль, як вам падалося, нябожчык перад смерцю зазнаў мучэнні? Нейкія катаванні?


— Ну-у... — айцец Міхаэль крыху разгубіўся. — Думаю, зазнаў. Гэтая жахлівая рана на грудзях... Прынамсі, ён зазнаў душэўныя пакуты — без сумневу. Ягоны твар быў скрыўлены мучэннямі.


— А ці не было якіх-колечы асаблівасцяў у адзенні? — працягваў пытаць інквізітар. — Можа, нейкія знакі? Магічныя пісьмёны?


Святар моўчкі пахітаў галавой. Ён не вельмі ўтульна сябе адчуваў — можа, ад халоднага пільнага інквізітарскага погляду.


— Якія-небудзь пахі? — на адставаў інквізітар.


— Пахі? — здзіўлена перапытаў ксёндз. Ганс таксама быў здзіўлены пытаннем, але прамаўчаў.


— Ну так, што тут такога? — у сваю чаргу запытаўся айцец Леангард. — Фон Рэеншталь, — ён кіўнуў у бок забітага, — безумоўна, быў фізічна моцным чалавекам, гэта бачна нават цяпер. Забойцам трэба было абясшкодзіць яго нейкім адмысловым чынам, каб здзейсніць свае намеры. Якім гэта чынам? Хітрасць, дуротнае пітво, чорная магія? Ці не так?


Святар паспешліва перахрысціўся на ўкрыжаванне, што вісела над алтаром.


— Зразумеўшы гэта, — працягваў інквізітар, — мы, магчыма, здолеем папярэдзіць іншых хрысціян, дапаможам ім пазбегнуць юдэйскіх пастак...


Ксёндз са шкадаваннем развёў рукамі.


— Добра, — сказаў айцец Леангард, — я б хацеў агледзець цела. Але спачатку мне трэба бачыць адзенне і абутак забітага. Тое, у чым яго знайшлі. Спадзяюся вы захавалі ўсё гэта?


Ксёндз азірнуўся.


— Браце кашталян, — сказаў ён, падзываючы жэстам манаха, які стаяў у куце.


Айцец Леангард пазнаў у гэтай каржакаватай постаці кашталяна Аўгустынскага кляштара брата Амбражэя і здзівіўся, што Амбражэй тут, а не ў манастыры. Але толькі паўтарыў пытанне, адрасаванае раней айцу Міхаэлю.


— Вядома, я захаваў адзенне няшчаснага, — сказаў той высокім голасам, які так не адпавядаў поўнай фігуры.


— Цудоўна, браце Амбражэй. Гэта вельмі важна, вельмі, — адзначыў інквізітар.


— Я таксама думаю, што не варта аддаваць яе жабракам, — працягваў кашталян скорагаворкай. — Сукня рыцара мае большую каштоўнасць, чым гэта можа падацца на першы погляд. Я думаю, ты, як прадстаўнік Найсвяцейшага Трыбунала, разумееш, пра што гаворка. Я хацеў сказаць пра гэта айцу абату, але ён не стаў мяне слухаць...


— Вялікую каштоўнасць? — заняты сваімі думкамі, інквізітар не адразу скеміў, пра што ідзецца. — Якую каштоўнасць, брат?


— Ну як жа! — у сваю чаргу здзівіўся Амбражэй. — Калі нябожчык прыняў пакутніцкую смерць ад ворагаў Хрыста і нашай Святой Маці-Марквы — а аб тым, што габрэі — ворагі Хрыста і Касцёла, усе ведаюць, то гэтыя рэчы, як рэчы пакутніка нашай Царквы, ператвараюцца ў каштоўныя рэліквіі. Не варта раздаваць іх проста так. Нашаму кляштару бракуе рэліквіяў...


— Думаю, ты спяшаешся, браце кашталяне, — суха заўважыў дамініканец. — Найперш трэба звярнуцца да Святога Прастолу... — яго крыху абурылі меркантыльныя развагі кашталяна-аўгустынца, хаця ён і не мог асуджаць жаданне манастыроў мець больш святых рэліквіяў. — Пакуль што пакажы мне адзежу спачылага.


Кашталян моўчкі праводзіў інквізітара ў прыбудову, на хвілю знік у нейкай нішы і праз імгненне вынырнуў адтуль з купай адзення ў руках.


— Гэта ўсё? — спытаў айцец Леангард.


Кашталян кіўнуў.


Паклаўшы рэчы забітага на столік каля нішы, інквізітар пачаў агляд. Кашталян стаяў побач, трымаючы на твары ўсё той жа незадаволены выраз. Айцец Леангард доўга разглядаў камзол, разрэзаны на грудзях, мяў яго, нават нюхаў. Яшчэ даўжэй ён разглядаў боты, асабліва падэшвы.


Скончыўшы агляд, інквізітар глыбока задумаўся.


— Учора ішоў дождж? — спытаў ён.


— Канечне, ойча Леангард, ды яшчэ які! З самай раніцы. Перастаў незадоўга да вячэрні.


Айцец Леангард кіўнуў.


— Я ўчора днём не выходзіў з келлі, — прамармытаў ён. — Зразумела...


Рэшта прадметаў не прыцягнула асаблівай увагі.


— Я больш не патрэбны табе, браце? — спытаў Амбражэй.


— Што?.. Не, відаць, не патрэбны, хаця... — інквізітар трасянуў галавой. — Прашу цябе, захавай вопратку. Хаця б да паслязаўтра. Калі ласка, не мый яе і не чысці.


Настрой кашталяна трохі палепшыўся. Напэўна, ён вырашыў, што інквізітар пагадзіўся з ягонымі аргументамі. Айцец Леангард не стаў яго расчароўваць. Да таго ж яго цяпер мала цікавілі меркаванні брата Амбражэя. Чакала самая важная і непрыемная частка.


Ён пачаў агляд. Перад тым як адкінуць беласнежнае покрыва, ён уважліва паглядзеў у скрыўлены перадсмяротнай сутаргай твар Рыхарда фон Рэеншталя, затым схіліўся над грудзямі нябожчыка. Смяротны ўдар забойца нанёс роўна ў сэрца. Рана была шырокай, трохвугольнай формы. Шырыня раны, безумоўна, паслужыла прычынай страты вялікай колькасці крыві.


Інквізітар сабраўся ізноў накрыць цела белым палотнішчам, але тут позірк ягоны ўпаў на аголенае левае сцягно забітага.


— А гэта яшчэ што?.. — прамармытаў ён. Ганс тут жа азваўся:


— Вы нешта сказалі, святы ойча?


— Яго, падобна што, сапраўды мучылі, — змрочна адказаў Леангард. — Або катавалі. У кожным разе, смяротная рана далёка не адзіная. На руцэ яшчэ адна, а тут, — ён паказаў на левае сцягно — яшчэ. І нанесеныя гэтыя дзве раны іншай зброяй, не той, што ён быў забіты. Бачыш, Ганс?


— Вас што-небудзь здзівіла, святы айцец? — спытаў Ганс, уважліва за ім назіраючы.


— Пакуль не ведаю, — задуменна адказаў дамініканец. — У кожным разе, час пагаварыць з тымі, хто знайшоў забітага. Ты ведаеш, дзе знаходзіцца мяняльная крамка Міхеля Кірша?


— А то ж.


— Вельмі добра. Хадзем туды.


Рассеяна развітаўшыся са святаром, айцец Леангард хутка выйшаў з царквы. Натоўп на вуліцы ўжо разышоўся.



***


— Вось тут, — сказаў Ганс, паказваючы на мяняльную краму. — Гэта крама Кірша. А вунь там, — ён павярнуўся да гета, — Кірш знайшоў забітага.


Інквізітар нейкі час стаяў моўчкі, гледзячы ва ўказаны Гансам бок.


— Зразумела... — сказаў нарэшце айцец Леангард. — Мы яшчэ агледзім тое месца. Давай для пачатку зойдзем у краму і паразмаўляем з панам Кіршам. І няхай ён сам нам пакажа, дзе ляжаў няшчасны хлопец. Ты не супраць?


Ганс шырока ўсміхнуўся. Як заўжды, дапамагаючы айцу Леангарду, ён атрымліваў вялікае задавальненне.


— Мір табе, сын мой, — сказаў дамініканец, калі яны зайшлі ў краму мянялы Кірша. — У імя Айца, і Сына, і Святога Духа.


— Амэн, — сказаў Кірш, пабожна схіліўшы галаву.


Айцец Леангард уважліва агледзеў памяшканне крамы, потым такім жа пільным позіркам акінуў сухую цыбатую фігуру гаспадара. Зрэшты, айцец Леангард і раней колькі разоў сустракаўся з Міхелем Кіршам. Маўчанне трохі зацягнулася, мяняла разгублена зірнуў на жонку.


— Мы прыйшлі пагаварыць з табой, — твар дамініканца быў такі самы халодны, як і голас. — Раскажы, сын мой, як ты знайшоў забітага. Калі гэта адбылося?


— Зранку, — паспешліва адказаў мяняла, — раніцай, святы ойча.


— А ці не памятаеш дакладна, а якой гадзіне?


— Ды зразу, як толькі развіднела. Па справах... Ну, вось. І акурат ля Жыдоўскай брамы натыкнуўся на нябожчыка. Падышоў. От як ёсць, забіты. Рыхард фон Рэеншталь.


— Вы яго ведалі? — хутка спытаў айцец Леангард. — Ён пазычаў у вас грошы?


— Не, святы ойча, ён ніколі ў мяне не пазычаў, — спужана адказаў мяняла. — Я і кнігу магу паказаць, калі хочаце. Вось ягоны сябар, барон фон Ротэн — не хаваю, пазычаў. Ён праз два тыдні мусіць у горад прыехаць, я акурат рыхтую яму кругленькую суму. А нябожчык — не, ні разу.


— Ясна... Што ж, сын мой, хадзем. Пакажаш, дзе ляжаў забіты. Табе ёсць на каго краму пакінуць?


— Ханна! — крыкнуў пан Кірш. — Стань за стойку. Мне трэба ненадоўга адысціся са святымі айцамі... Гэта мая жонка, — сказаў ён, звяртаючыся да манахаў. — Яна часам памагае мне.


— Выдатна, — інквізітар кіўнуў. — Няхай блаславіць цябе Госпад, дачка мая, — сказаў ён кабеце. — Ну што, слухаем цябе, — ён зноўку звярнуўся да мянялы. — Ты не прыкмеціў — краты былі апушчаныя?


— Вядома ж, — адказаў мяняла. — Габрэі заўсёды закрываюць свой квартал з надыходам цемры. І адчыняюць раніцай, а тады яшчэ толькі развіднелася.


— Вось яно як... — інквізітар задумаўся. — скажы, сын мой, ты ж позна паклаўся спаць учора?


— Пазнавата, святы ойча. Я доўга сядзеў з рахунковымі кнігамі, сёння ад мяне паехаў пасыльны да старэйшага кумпаньёна, пана Шумахера, у Кёльн. Ужо поўнач на вежы прабіла, а я шчэ не спаў.


— Ты нічога не чуў? Нічога такога, што нагадвала б шум падняцця й апускання кратаў?


— Не, святы ойча, нічога такога я не чуў.


— Вельмі добра. Вельмі добра... — прабурчэў айцец Леангард. — Гэта тут?


— Ага, мы прыйшлі. Вось тут ён ляжаў, — Кірш паказаў пальцам.


Айцец Леангард апусціўся на кукішкі. Ганс зрабіў тое самае.


— Што вы шукаеце, святы ойча? — шэптам запытаўся ён.


Не адказваючы, манах, звярнуўся да Кірша:


— Пане Кіршу, ці не было каля трупа якіх-небудзь рэчаў? Любой драбязы, пусцяковіны якой-колечы?


Мяняла пачырванеў:


— Вы думаеце, святы ойча, што я абшукваў мерцвяка? Як толькі я праверыў, што ён памёр, я тут жа клікнуў варту!


— І што далей?


Кірш паціснуў плячыма.


— Нічога. Вартаўнікі адвезлі забітага. А я пайшоў па сваіх справах.


— І ніякіх слядоў крыві побач з трупам ты не бачыў?


— Аніякіх.


— Ці не падкажаш, што вось гэта? — і інквізітар паказаў на плямы, у якіх паслушнік адразу ж пазнаў застылыя кроплі воску.


Мяняла апусціў галаву.


— Што з табой, сын мой? — з падазрэннем спытаў інквізітар.


Міхель Кірш не адказаў. Цяпер ужо Ганс прысеў на кукішкі, уважліва разглядаючы плямы.


— Ды гэта фарбаваны воск! — ускрыкнуў ён.


— Так, пацвердзіў інквізітар. — Такія плямы ёсць на вопратцы забітага. Значыць, нехта аглядаў яго ў цемры. У цябе ж на стале, сыне мой, — зноў звярнуўся ён да мянялы, — стаіць свечка з такога самага воску. І згарэла яна больш за дзве другія. Значыць, ты бачыў забітага не раніцай, а ноччу. Праўда? Ты падыходзіў са свечкай. Чаму ты схлусіў?


— Я пабаяўся ноччу клікаць варту. Пабаяўся, што мяне звінавацяць. Ну вось. І надумаў: як раніцою будзе, так, значыць, Госпад і распарадзіўся. Ну і... — мяняла зноў замаўчаў.


— Ты нічога падазронага не прыкмеціў?


— Нічога, святы ойча.


— Ці не было тут ноччу нейкіх слядоў, якія ранкам зніклі?


— Не, святы ойча. Ды вы і самі бачыце. Дажджу ж не было, сляды б асталіся.


— Гэта правільна... — прамармытаў дамініканец. — Што ж, дзякуй, сыне мой, ідзі. І не спрабуй уперад падманваць служыцеляў царкоўных. Адпускаю табе гэты грэх.



***


Допыт арыштаванага Абрагама Бэн-Леві нічога не даў — пры тым, што інквізітар загадаў ужыць катаванні да абвінавачанага. Рабін быў немалады, так што хутка проста страціў прытомнасць, і айцец Леангард наказаў адвесці яго ў адну з падземных келляў. Ён і сам адчуваў сябе не найлепшым чынам. Ужываючы ў працэсе следства катаванні — перадусім калі справа датычыла яўных ерэтыкоў і паклоннікаў д'ябла — інквізітар, тым не менш, хаця і лічыў гэта неабходным, зазнаваў амаль фізічны боль ад таго, што мучыў бліжніх, няхай нават і заблукалых.


Калі Ганс прыйшоў увечары, айцец Леангард употай узрадаваўся магчымасці разважаць уголас. Ён адклаў свой Opus Magnum і паказаў Гансу на зэдаль у куце. Паслушнік сеў.


— Ну, ладна, — прабурчэў айцец Леангард. — Гляджу, я проста стаміўся... паспрабуем зразумець, што ж адбывалася з моманту, калі знайшлі цела. Што нам стала вядома, сыне мой? — інквізітар няўважліва падкідваў на далоні маленькі бліскучы прадмет, знойдзены ім каля кратаў габрэйскага квартала. — Раскажы мне ўсё па парадку.


— Адразу пасля поўначы фон Рэеншталь быў мёртвы. Другая варта, якая праходзіла каля дванаццаці, нічога не заўважыла, а ўжо праз чвэрць гадзіны — ці каля таго — цела ляжала там, дзе яго знайшоў мяняла.


— Верна. Што яшчэ? Што ты можаш сказаць пра краты габрэйскага квартала? — спытаў інквізітар.


— Краты квартала закрываюцца з заходам сонца. У гэты момант ні вартаўнікі, ні прахожыя не бачылі забітага на гэтым месцы.


— Але габрэі маглі выйсці з квартала пазней, з надыходам цемры, забіць няшчаснага і потым спакойна схавацца за мурамі свайго квартала, — падказаў дамініканец. — Хіба не так, сыне мой?


Ганс крыху падумаў.


— Не, — упэўнена адказаў ён. — Гэта немагчыма. Зрушыць краты не пад сілу аднаму чалавеку. І апроч таго, іх нельга зрушыць бязгучна. А Міхель Кірш, крама каторага знаходзіцца паблізу, не чуў ніякага падазронага шуму ці грукату пасля поўначы.


— Верна, Ганс. І гэта вельмі мяне бянтэжыць, таму што ёсць і іншыя дзівоты, — прамармытаў айцец Леангард. — Але пра іх трохі пазней... што да кратаў і часу забойства, то хутчэй за ўсё зло было ўчыненае па-за межамі жыдоўскага квартала.


Ганс насупіў бровы і маўчаў. Заўважыўшы гэта, інквізітар запытаўся:


— Што цябе бянтэжыць, сын мой?


— Не разумею, навошта яны тады прынеслі цела да межаў гета, — сказаў паслушнік. — Гэта ж адразу наводзіць падазрэнне на іх.


— Ты маеш на ўвазе габрэяў?


— Каго ж яшчэ... па-мойму, нашмат больш бяспечна было пакінуць забітага на месцы забойства.


— Ты, безумоўна, маеш рацыю, — сказаў інквізітар. — І тлумачэнняў тут можа быць не так і многа. Давай разгледзім іх па парадку. Першае: выстаўленне цела няшчаснага, чыя кроў злачынна выкарыстаная, ёсць часткай д'ябальскага рытуалу. Магчыма такое?


Ганс з гатоўнасцю падтакнуў.


— Мы не ведаем, якія асаблівасці ўсяго гэтага дзейства. Уласна, расследаванне нашае і мае за мэту раскрыць гэтыя асаблівасці. Але калі такія патрабаванні рытуалу, яны маглі іх выканаць, нават рызыкуючы выклікаць падазрэнні. Карацей: габрэі хітрасцю, сілай або магіяй завабліваюць хрысціяніна ў патаемнае месца, забіваюць яго, збіраюць кроў, што льецца з шырокага разрэзу, пасля чаго адносяць цела да брамы гета і кідаюць яго там.


— А другое? — спытаў Ганс. — Ёсць другое тлумачэнне?


— Ёсць, вядома, — адказаў айцец Леангард. — Другое: рытуал не патрабуе іменна такіх дзеяў. Што ж, тады злачынцаў маглі проста спужнуць, калі яны збіраліся перанесці цела некуды падалей...


— Краты, — ціхенька падказаў Ганс.


— Так, краты. Краты не падымаліся. Значыць, у другім выпадку забойства адбывалася па-за мурамі жыдоўскага квартала. І, натуральна, мы павінныя адшукаць месца злачынства. Мажліва, там удасца знайсці яшчэ што-небудзь... — айцец Леангард апусціў галаву і занурыўся ў развагі. Ганс таксама маўчаў, баючыся парушыць ход думак свайго настаўніка.


— Скажы мне, калі ласка, што можа ўяўляць сабой зброя з лязом трохвугольнага сячэння, даўжынёй прыкладна з маю далонь, і пры гэтым мець цяжкую круглую гарду з выемкай — запытаўся інквізітар.


Цяпер прыйшла чарга задумацца Гансу.


— З выемкай... З выемкай і даўжынёй з далонь... — раптам ён засвяціўся. — Ды вы самі ведаеце, святы ойча! Гэтак проста правяраеце мяне, праўда? Гэта ж дуэльны кінжал, святы ойча. Рыхтык як вы апісалі: даўжынёй з даланю, трохвугольнае сячэнне, з круглай абарончай гардай. Правільна? Ці... Чаму вы маўчыце, айцец Леангард?


— Ты толькі што назваў сродак забойства, — павольна прагаварыў інквізітар. — І гэта яшчэ адна загадка. Не выключана, зрэшты, што рытуальны габрэйскі кінжал выглядае дакладна як дуэльны.


— Але як вы здагадаліся?


— Гэта не я, гэта ты, хлопча, здагадаўся.


— Не, але... — Ганс глыбока ўздыхнуў, ягоны твар пасвятлеў. — Зразумела. Па выглядзе і глыбіні раны вы вызначылі памер ляза. А гарда?


— Забойца з такой сілай ударыў няшчаснага, што па краі раны ўтварыўся агромністы кровападцёк. Яго форма адпавядала форме і памеру гарды, — нехаця патлумачыў айцец Леангард. — ты расчараваны прастатой тлумачэння? Табе хацелася б, каб Панскі анёл падказваў нам? Але хіба мала таго, што Бог надзяліў нас розумам, здольным рабіць высновы? І, дарэчы...


Ён рэзка замаўчаў, на твары ягоным з'явіўся дзіўны выраз.


— Што з вамі, святы айцец? — заклапочана пацікавіўся паслушнік.


— Рыхард фон Рэеншталь атрымаў не толькі смяротную рану ў сэрца, але і колатыя раны — у сцягно і руку, — марудна вымавіў айцец Леангард. — Што могуць значыць гэтыя раны?


— Катаванні, — напаўголасу падказаў паслушнік. — Сцягно і рука... можа быць, у габрэяў гэтыя раны сімвалізуюць насмешку над Святым укрыжаваннем? — ён перажагнаўся, але зрабіў гэта нядбайна, яго больш цікавілі здагадкі інквізітара. — Ногі і рукі Пана.


— Тады былі б праткнутыя галёнка і перадплечча, — запярэчыў дамініканец. — Хаця не выключана, што такая неадпаведнасць і мае нейкі прыхаваны сэнс. Быць можа, насмешку і здзек з нашых святыняў. Дарэчы, паслядоўнасць нанясення гэтых ранаў таксама незвычайная. Вакол раны ў сцягне ёсць сляды застыглай крыві. Вакол раны ў руцэ такіх слядоў няма. Што гэта значыць? Акрамя таго, канечне, што мае вочы ўжо саслаблі, і я мог проста не разгледзець гэтых слядоў.


— Думаю, другую рану нанеслі пасля смерці, калі кроў загусцела, — адказаў паслушнік.


— Магчыма, — рассеяна пагадзіўся айцец Леангард. — Магчыма... А што ты можаш сказаць пра месца злачынства? Мы ж ужо ўпэўніліся, што яно было здзейсненае за межамі жыдоўскага квартала.


— Але не за горадам, — дадаў Ганс. — Іначай вартаўнікі пры браме абавязкова прыкмецілі б людзей з цяжкой ношай, што спрабуюць прабрацца ў Гамельсдорф.


— Неабавязкова, — запярэчыў айцец Леангард. — Варта не заўсёды бывае пільнай. Але паколькі гаворка ідзе пра вечаровы або начны час, то твая праўда. Дык і што нам вядома пра месца, дзе было ўчыненае забойства? Акрамя таго, што яно ў горадзе?


— Зацішнае месца.


— Ёсць яшчэ адна адметнасць, — задумліва вымавіў айцец Леангард. — Пустыр або лужок, парослы густой сакавітай травой. Ты ведаеш такое месца ў Гамельсдорфе?


Ганс пастараўся прыгадаць. Айцец Леангард чакаў. Твар паслушніка і гэтым разам пасвятлеў.


— Ведаю, святы ойча, — сказаў ён і тут жа занепакоена дадаў: — Але, святы айцец, гэтае месца любяць дуэлянты. Не думаю, што габрэі рызыкнулі б з'явіцца там з будучай ахвярай.


— Заўтра пасля ранішняй казані адвядзеш мяне туды. Паглядзім, — сказаў інквізітар.


— Добра, ойча.


— А цяпер ідзі. Я хачу памаліцца.


Падышоўшы да дзвярэй Ганс спыніўся і запытаў:


— А чаму вы думаеце, што месца злачынства мусіць быць парослым сакавітай і густой травой?


Інквізітар адказаў:


— Мы, убогія манахі, ходзім і зімой, і летам басанож. Міране ж любяць насіць боты або чаравікі. Ты ведаеш, я агледзеў сёння адзенне і абутак няшчаснага. Гэтыя рэчы мне тое-сёе расказалі, я хачу праверыць, — ён весела усміхнуўся. — Знаеш, сын мой, часцяком рэчы нашмат праўдзівейшыя за людзей.



***


Пустыр, пра які ўспомніў Ганс, уяўляў сабой вялікі, няправільнай формы квадрат, парослы зялёнай травой. Ён падыходзіў амаль ушчыльную да дамоў Ганчарнай вуліцы — з тыльнага боку. Але густыя зарасці шыпшыны хавалі тое, што на ім адбывалася, ад старонніх вачэй.


— Вельмі зручна... — прамармытаў інквізітар, кіруючыся ў дальні кут прыроднай пляцоўкі. — І недалёка ад дамоў, і ў той жа час ніхто не бачыць. Як думаеш, Ганс, тут часта бываюць візітэры?


— Я ўжо сказаў: апрача дуэлянтаў, гэтае месца ніхто не наведвае, — адказаў паслушнік.


— Вось як?.. — айцец Леангард прысеў на кукішкі. — Ну-тка, ходзь сюды! — гукнуў ён Гансу. І калі той нахіліўся, спытаў: — Як ты мяркуеш, што гэта за плямы?


Ганс уважліва агледзеў бурыя плямы на маладой траве.


— Кроў... — разгублена сказаў ён. — Вы лічыце...


— А вось гэта што такое? — дамініканец выпрастаўся і падышоў да высокага куста шыпшыны, які рос на ўскрайку пустыра.


— Нітка, — сказаў Ганс. — Ну і што?


— Параўнай, — манах-дамініканец дастаў з каліты для ахвяраванняў другую нітку. Ганс уважліва разгледзеў абедзве.


— Па-мойму, яна абсалютна аднолькавыя, — сказаў ён.


— Я таксама так думаю, — айцец Леангард схаваў у каліту абедзве ніткі. — Другую нітку я выцягнуў учора з плашча забітага. Якія высновы мы зробім?


— Забойства было ўчынена тут, — сказаў Ганс.


— З чаго гэта вынікае? — спытаўся інквізітар.


— Трава прымятая і запэцканая крывёй, — Ганс паказаў пальцам на бурыя плямы.


— І крыві было дастаткова, — дадаў інквізітар.


— Іменна так, святы айцец.


— Але ці можам мы быць пэўныя ў тым, што тут быў забіты менавіта Рыхард фон Рэеншталь?


Ганс зноў задумаўся.


— Думаю, пацверджаннем гэтага служыць... нітка?.. — паслушнік запытальна паглядзеў на інквізітара.


— Слушна, але не толькі. Я ўжо гаварыў табе, што рэчы часта нашмат праўдзівейшыя за людзей.


— Я памятаю.


— На падэшвах ботаў фон Рэеншталя засталося некалькі травінак. Такіх, як на гэтым лужку.


— Гэта можа значыць толькі, што ён быў тут. Але ці тут ён загінуў? — Ганс пахітаў галавой. — Баюся, што пацверджанняў мала.


— Ягоны камзол са спіны густа выпацканы зелянінай. Я ж не дарма запытаў, ці сакавітая тут трава. Наколькі я памятаю, вуліца каля жыдоўскага квартала брукаваная. Ніякіх слядоў зеляніны. Што ты цяпер скажаш?


Ганс разгублена зірнуў на пустыр.


— Цябе нешта бянтэжыць? — спытаў інквізітар, які ўважліва сачыў за рэакцыямі юнака.


— Шчыра кажучы, — прамовіў той задуменна, — карціна падаецца мне непадобнай да рытуальнага ахвярапрынашэння. У кожным разе, я ўяўляў гэта крыху інакш.


— Я таксама, — айцец Леангард прысеў на карачкі, сарваў некалькі травінак, павольна расцёр іх на далоні. Панюхаў. — Дарэчы, вось і яшчэ адзін доказ, — ён падняўся, працягнуў руку Гансу. — Адчуваеш? Мята.


— Так, мята. Ну і што?


— Камзол забітага пахне гэтак жа, — адзначыў інквізітар. — Што, дарэчы, ускосна паведамляе нам яшчэ пра адно: цела не адразу пасля смерці было перанесенае адсюль туды. Што да карціны забойства... — ён паціснуў плячыма. — Да чаго больш падобна тое, што ты бачыш у сваім уяўленні?


Ганс яшчэ раз агледзеўся.


— Падобна да двубою, — сказаў ён. І адным з дуэлянтаў быў Рыхард фон Рэеншталь.


— Двубой мог адбыцца раней.


— Не, я так не думаю, — запярэчыў Ганс. — Калі б дуэль адбылася раней за ўчорашні вечар, нейкія чуткі пра яе ўжо з'явіліся б.


— Што ж... — інквізітар выглядаў змрочна. — У гэтым ёсць рацыя. Гэтым можна патлумачыць наяўнасць ранення ў сцягно. Я адразу не мог зразумець, што гэта за рана, маленькая і акуратная. Магчыма, ад удару шпагі. Праціўнік параніў фон Рэеншталя ў сцягно, а калі той упаў — дабіў яго ўдарам дуэльнага кінжала...


— Так не бывае, святы ойча, — заявіў Ганс. — Прабачце, што я стаўлю пад сумнеў вашыя словы, але калі б вам калі-небудзь даводзілася ўважліва сачыць за двубоем на шпагах і кінжалах, вы ўпэўніліся б, што дуэльным кінжалам вельмі складана забіць праціўніка, асабліва калі ў руках таго доўгая шпага і ён лёгка паранены. А вы апісалі лёгкую рану. Кінжалам можна толькі парыраваць удары. Іншая рэч... — раптам ён змоўк.


— Што — іншая рэч? — інквізітар падышоў да хлопца. — Кажы.


— Іншая рэч — пасля двубою... — цяжка вымавіў Ганс. — Дабіць праціўніка, калі ён не чакае гэтага... Але ж гэта немагчыма...


— Мяркуеш? — інквізітар нявесела ўсміхнуўся. — Го-хо-хо, сыне мой, ты ў двубоях разбіраешся лепей, чым у людзях... Адкажы мне, што б здарылася, калі б габрэі, забіўшы фон Рэеншталя на гэтым лужку, тут жа пакінулі і цела?


— Я думаю, іх ніхто б не западозрыў, — упэўнена адказаў Ганс. — Двубоі тут бываюць часта.


— А яны заместа гэтага цягнуць труп да свайго квартала, беручы на сябе сур'ёзную небяспеку. Ці не так?


— Так, — Ганс кіўнуў галавой на знак згоды.


— З гэтага можна зрабіць выснову: яны, магчыма, забілі. Але аднеслі не яны.


Ганс адмоўна пахітаў галавой.


— Не, — сказаў ён. — Хто забіў, той і аднёс. Па-мойму, гэта ясна. Інакш у горадзе ўжо было б вядома. Хаця б што-небудзь.


— Але, як я ўжо сказаў, занеслі труп да брамы ў гета дакладна не яны. Значыць...


Ганс мімаволі адступіў на крок.


— Значыць... і забілі... таксама не жыды... — ледзьве чутным шэптам сказаў ён.


— Нам вядомае месца злачынства, — дзелавым тонам сказаў інквізітар. — У кожным разе, аб гэтым можна гаварыць з абсалютнай пэўнасцю.


— Можна, але мы так і не выяснілі, хто ж забойца, — паныла дадаў Ганс. — Калі вы сказалі, што спадзеяцеся знайсці на гэтым пляцы важныя рэчы, я думаў... — ён замоўк.


— Для гэтага мы павінныя дазнацца імёны ўдзельнікаў двубою, — адказаў айцец Леангард.


— Значыць, і вы ўжо думаеце, што тут быў двубой?


— У кожным разе, гэта тлумачыць многае. Хаця і не ўсё. Застаецца загадка, другая рана, — заўважыў інквізітар. — Нанесеная ўжо мёртваму, у руку. Я не магу сказаць пакуль, што забойства было вынікам двубою. Але, прынамсі, адно папярэднічала другому. Не выключана, што нейкі габрэй сачыў за двубоем, а пасля скарыстаўся бездапаможнасцю Рыхарда фон Рэеншталя. Хаця гэта дужа непраўдападобна гучыць, — дадаў ён пасля паўзы. — Словам, паўтаруся, неабходна выясніць імёны ўдзельнікаў двубою.


— Удзельніка, — паправіў яго Ганс. — Суперніка фон Рэеншталя.


— Не, — інквізітар пахітаў галавой. — Удзельнікаў. Тых траіх, што затапталі гэтую паляну, быццам статак быкоў.


— Траіх?


— Ты не бачыш? Іхныя сляды значна розняцца адны ад адных. Але нават без гэтага ясна: калі тут быў двубой, прысутнічалі чацвёра — фон Рэеншталь, ягоны праціўнік і два секунданты. Фон Рэеншталь забіты, што да астатніх, то мне пакуль не зразумела, чаму яны маўчаць, калі ўвесь Гамельсдорф толькі і гаворыць пра забойства.


— Адно з двух: або яны ўсе ўдзельнічалі ў гэтым... — павольна прагаварыў Ганс.


— Або прынамсі двух з іх няма ў горадзе, — скончыў дамініканец.


— Але гэта толькі ўскладняе задачу! — выгукнуў Ганс.


— Хто знае? Можа, наадварот, аблягчае. Бо ж злачынца ў Гамельсдорфе.


Пакідаючы лужок за вуліцай Ганчарнай, айцец Леангард раптам сказаў:


— Ты згадваў нейкую піўніцу, што непадалёк адсюль.


— Так, святы айцец. Я гаварыў пра склеп Клаўса Бехера. Ён на Ганчарнай.


— Як ты глядзіш на тое, каб зайсціся туды?


— Вы хочаце выпіць, святы ойча? — уражана запытаў Ганс.


— Што ты, хлопча! Пакуль што нам няма за што піць... Не, сыне мой, я хачу тое-сёе выясніць. Тое, што здарылася тут дзень таму, вельмі нагадвае заканчэнне сваркі ў шынку, табе не здаецца?


Ганс моўчкі паціснуў плячыма.


— Ну, як жа! Калі б двубой быў прызначаны раней, мы б што-небудзь пра яго ведалі. У кожным разе, такая імавернасць ёсць, ты не згодны?


— Няхай так, — сказаў паслушнік. — Але ж гэтая сварка, як вы кажаце, магла адбыцца дзе-кольвек, і ніякіх няма гарантыяў, што нам раскажуць пра яе тут, у склепе Клаўса Бехера.


Інквізітар паволі пахітаў галавой.


— Думаю, што ты не маеш рацыі, Ганс, — сказаў ён. — Калі б яны пасварыліся ў іншым месцы — сталі б яны ісці сюды, каб вырашыць сваю спрэчку?


— У горадзе не так многа прыдатных для гэтага мясцін, — нагадаў Ганс. — Таму мы і знайшлі яго.


— Верна... — айцец Леангард крыху падумаў. — У кожным разе, тады б іх нехта ўбачыў, і мы б сёння пра гэта дазналіся б. Не, больш лагічна падумаць, што сварка здарылася ў найбліжэйшай піўніцы, і праціўнікі, да таго ж распаленыя віном і півам, выйшлі сюды выясніць адносіны.


У склепе Клаўса Бехера наведнікаў не было, таму як толькі манах і паслушнік селі за вялікі стол, збіты з шырокіх, гладка абгаблёваных дошак, да іх выбег гаспадар, высачэзнага росту мужчына ў скураных штанах і куртцы, з белым палатняным хвартухом.


— Святыя айцы жадаюць чаго-небудзь?


— Прынясі-тка нам халоднай вады, сын мой. — папрасіў інквізітар.


На твары Бехера вырысавалася глыбокае расчараванне.


— І ўсё? — ён чамусь абцёр анучай і без таго чысты стол. — У мяне ёсць выдатнае віно, а што да піва, дык такога, шчыра кажучы, вы ні ў кога ў Гамельсдорфе не знойдзеце.


— Я не сумняюся ў гэтым, дарагі Клаўс, — мякка сказаў айцец Леангард. — Але мы прыйшлі да цябе не па гэта.


— Не па гэта? — Клаўс Бехер пакруціў галавой. — А навошта яшчэ я магу спатрэбіцца манахам?


— Я — следчы Святой Інквізіцыі, мяне завуць айцец Леангард, — сказаў дамініканец. — А гэта мой памочнік, паслушнік манастыра аўгустынцаў Ганс. І мы хочам задаць табе колькі пытанняў.


Пачуўшы, што яго наведаў інквізітар, Бехер пабялеў.


— Інквізіцыя? — збянтэжана прамямліў ён. — Але... клянуся вам, святыя айцы, я...


— Табе няма чаго баяцца, — цярпліва сказаў інквізітар. — У Святога Трыбунала няма да цябе ніякіх прэтэнзій. Мяркую, ты вядзеш жыццё, цалкам вартае добрага абываталя і вернага сына Касцёла.


— Іменна, так, святы ойча, — затараторыў гаспадар піўніцы. — У царкву я кожную нядзелю... і да споведзі і да сакрамэнту...


— Ну вось бачыш, я ведаў, што на цябе можна разлічваць, і ты раскажаш мне аб усім, што можа цікавіць Святую Інквізіцыю.


— Пытайцеся, святы ойча, пытайцеся.


— Сядай.


— Не-не-не, святы ойча, я не смею.


— Сядай, мне цяжка гаварыць з табой, задраўшы галаву, дужа ж ты вялікі ростам.


Бехер асцярожна сеў на край лавы насупраць манахаў.


— Скажы, дружа, ці добра ты памятаеш учорашні дзень?


— Учорашні дзень? — Бехер задумаўся. — Канечне, помню. Што іменна вас цікавіць, ойча Леангардзе?


— Ну, напрыклад, ці многа людзей у цябе было ўчора, бліжэй да вечара?


— Бліжэй да вечара?.. Ну, не тое каб дужа. З дзясятак, напэўна.


— Ты ўсіх іх запомніў?


— А то ж мне не знаць маіх пастаянных гасцей! — гаспадар склепу засмяяўся.


— Цудоўна. Я ўпэўнены, што ў цябе выдатная памяць.


— Проста ў цэль, святы айцец. Выдатная памяць. І ўвогуле я на здароўе не наракаю.


— Я буду маліцца, каб і надалей у цябе ўсё было добра, — сур'ёзна сказаў інквізітар. — А ці не назваў бы ты, хто менавіта быў у цябе.


Бехер задумаўся.


— Я дапамагу табе, — сказаў айцец Леангард. — Ці быў у цябе злосна забіты Рыхард фон Рэеншталь?


— Вядома ж, святы ойча.


— Ён быў не адзін?


— Не, з ім было яшчэ трое паноў.


Дамініканец кінуў на Ганса шматзначны позірк. Хлопец, што ўважліва слухаў, не прыкмеціў гэтага.


— І хто былі гэтыя паны? — спытаў інквізітар.


— Зараз падумаю... — Клаўс Бехер на імгненне зажмурыўся. — Ну, так... Па-першае — сябар пана фон Рэеншталя, пан Гуга фон Зольген. Па-другое — барон Вольфганг фон Ротэн... — Бехер нетаропка загінаў кароткія тоўстыя пальцы на левай руцэ. — А па-трэцяе — таварыш пана барона, пан Ота фон Бользэн... — ён уважліва паглядзеў на сваю руку з трыма загнутымі пальцамі. — Ну і, вядома, сам пан фон Рэеншталь, царства яму нябеснае, — Бехер расціснуў руку і хутка перажагнаўся.


— Яны пайшлі разам? — запытаў інквізітар.


— От так і ёсць, святы айцец, разам. Здаецца мне, што здарылася тут у іх невялікая сварка.


— Вось як? — дамініканец ізноў глянуў на паслушніка. — А з чаго?


Бехер пахітаў галавой.


— Вось гэтага я не ведаю, не чуў... а можа быць, мне гэта толькі падалося. Знаеце, калі людзі многа вып'юць, яны проста іншым разам размаўляюць грамчэй, як звычайна, а са стараны — бытта сварацца...


— Бывае... — абыякава сказаў інквізітар. — А дзе цяпер гэтыя паны?


— Ды дзе ж ім быць... Пан барон і ягоны прыяцель, пэўне, вярнуліся ў замак пана барона — яны ніколі не застаюцца ў Гамельсдорфе.


— Далёка замак?


— Не, тры гадзіны ходу ад гарадской брамы... А пан фон Зольген хіба што дома ў сябе, на Броварнай вуліцы.


— Ці ёсць у цябе, сын мой, атрамант і пяро?


— Ёсць, як не быць... — Бехер адышоў і зараз жа вярнуўся з патрэбнымі рэчамі. — Што-небудзь яшчэ, ойча Леангардзе?


— Не, дзякую, дружа, ты нам вельмі дапамог сёння. Можаш вярнуцца да сваіх справаў.


Клаўс Бехер з яўнай палёгкай на твары вярнуўся за стойку, а айцец Леангард дастаў з-за пазухі некалькі прыхаваных раней аркушаў пергаміну.


— Што вы збіраецеся рабіць, айцец Леангард? — азадачана запытаў Ганс.


— Пісаць лісты, сын мой. А яшчэ папрашу цябе сёння ж даставіць іх, — адказаў інквізітар, уважліва разглядаючы кончык пяра на прасвет.


— Ці магу я ведаць, каму вы пішаце?


— Натуральна, — дамініканец усміхнуўся. — Ты ж будзеш іх разносіць, так што сам усё пабачыш. А зараз памаўчы, зрабі ласку, ты мне перашкаджаеш.


Напісаўшы чатыры кароткія лісты, ён запячатаў іх пячаткай Святога Трыбунала і ўручыў паслушніку.


— Вось, — сказаў ён. — І я папрашу цябе выканаць усё гэта без адкладу.


— А вы, святы ойча?


— А я пастараюся знайсці апошні доказ.


Ганс умольна паглядзеў на яго:


— Айцец Леангард, дазвольце мне суправаджаць вас!


Айцец Леангард пахітаў галавой.


— Не, сын мой. Ты павінен аднесці гэтыя лісты, — сказаў ён. — Гэта таксама вельмі важна.


Ганс узяў пісьмы і падняўся з лавы.


— Слухаю, святы ойча, — сказаў ён. — Але ці магу я хаця б дазнацца, дзе вы хочаце шукаць гэты апошні доказ?


— Можаш, — айцец Леангард таксама ўстаў. — Ты можаш нават праводзіць мяне туды, гэта па дарозе. Я збіраюся наведаць габрэйскі квартал.



***


Таварыства, што сабралася вечарам наступнага дня ў касцёле Святой Барбары, у Аўгустынскім манастыры было не вельмі шматлікім. Гродскі суддзя, які быў у ліку іншых, неўразумела азіраўся, пакуль не ўбачыў айца абата.


— Патлумачце, святы ойча, што тут будзе адбывацца? Я атрымаў дзіўны ліст з пячаткай Святога Трыбунала. Я, вядома ж, выканаў патрабаванні інквізіцыі, але што яны значаць — не разумею.


— І што ж ад вас запатрабавалі? — спытаў абат.


Суддзя панізіў голас:


— Каб я прыйшоў у царкву, прычым не адзін, а ў суправаджэнні варты. Каб са мною разам прыйшлі чальцы рады места і бурмістр. Каб я паставіў вартаўнікоў на выхадзе і нікога не выпускаў, пакуль не будзе на тое асобнага наказу. І каб нікому аб гэтым не гаварыў.


— А хто вам прынёс ліст?


— Малады паслушнік. Уручыў і, не прамовіўшы ні слова, пайшоў... Вось гэты, па-мойму, — дадаў ён, заўважыўшы сярод манахаў, якія заходзілі ў капліцу, Ганса.


— А, вельмі добра, — прамармытаў айцец Якаб. — Не хвалюйцеся, пане суддзя, вы ўсё зрабілі слушна, — усміхнуўшыся суддзю, ён адышоў ад яго і скіраваўся да інквізітара, які сціпла стаяў у дальнім, кепска асветленым куце капліцы.


— Што ўсё гэта значыць, ойча Леангард? — спытаў абат з дрэнна прыхаваным раздражненнем.


— Я хачу, каб забойца сам прызнаўся ў сваёй віне і быў пакараны, — суха адказаў інквізітар.


— Думаеце, забойца не наважыцца адмаўляць сваю віну ў прысутнасці ахвяры? — айцец Якаб не хаваў іроніі.


— Думаю, ахвяра выкрые злачынцу.


Абат азірнуўся на міранаў.


— Для чаго патрэбныя суддзя і варта, я разумею, — сказаў ён тым жа самым тонам. — Гарадскія радцы і бурмістр Херст... ну, ладна. А навошта гэтыя паны? Фон Зольген? Сын бурмістра Ёган? Астатнія? — ён паказаў на групу багата ўбраных маладых спадароў, якія гучна размаўлялі і смяяліся. Іх ніколечкі не бянтэжыла, што яны былі ў капліцы.


— Мне патрэбная прысутнасць усіх шаноўных абываталяў Гамельсдорфа, — адказаў айцец Леангард спакойна. — Выкрыццё злачынцы будзе для іх карысным і павучальным.


Абат пакачаў галавой і адышоў.


Айцец Леангард пастаяў яшчэ нейкі час, потым павольна рушыў да кафедры, побач з якой на стальніцы ляжала пакрытае белай тканінай цела Рыхарда фон Рэеншталя.


— Вы здзіўленыя таму, што я сабраў вас тут, у гэтым касцёле, каля цела няшчаснага, забітага толькі дзень таму пры загадкавых акалічнасцях? Але я хачу, каб зараз, у вашай прысутнасці і на вашых вачах, быў выкрыты забойца і выясненыя прычыны страшнага ўчынку.


— Але я не бачу арыштаванага! — гучна сказаў айцец Якаб. — Вы ж хацелі выкрыць яго ў абэцнасці ахвяры!


— Арыштаванага? Зусім не. Ён не вінаваты, — стрымана адказаў інквізітар. — Але забойца будзе раскрыты. Бо ён — тут.


Па царкве прайшоў лёгкі гул. Дачакаўшыся цішыні, айцец Леангард працягнуў:


— Пачнем з таго, што нам удалося выявіць: Рыхард фон Рэеншталь быў забіты зусім не там, дзе яго знайшоў шаноўны Міхель Кірш. А на пустыры, за Ганчарнай вуліцай. Сляды травы на ягонай адзежы і ботах расказалі пра гэта.


— Правільна, — сказаў Кірш. — На нашай вуліцы ані травінкі.


— Правільна, — ва ўнісон яму сказаў царкоўны служка. — Усё адзенне пакутніка было зялёным ад травянога соку.


— І, як вынікае, ніяк не жыхары габрэйскага квартала яго забілі, — рэзюмаваў айцец Леангард. — Пра тое ж, дарэчы, сведчаць і сляды крыві на пустыры, дзе ён насамрэч быў забіты.


— Ну, гэта як сказаць... — падаў голас Клаўс Бехер. — Гэтыя д'ябальскія вырадкі маглі забіць яго і на пустыры.


— Не, пане Бехер, — цвёрда сказаў інквізітар. — Калі б яны і маглі гэта зрабіць, то толькі днём. А паколькі цела было знойдзенае побач з іхным кварталам, застаецца меркаваць, што яны самі перанеслі яго туды. Але ж ніхто іх там не бачыў.


— А чаму яны не маглі перанесці познім вечарам, проці ночы? — спытаў Кірш.


— Таму што краты габрэйскага квартала не падымаліся пасля заходу сонца. Вы самі паведамілі нам пра гэта.


— Я?


— Канечне. Вы ж сказалі, што не чулі ніякіх гукаў са сваёй крамы.


— Не чуў, верна... — мяняла задумаўся.


Інквізітар спусціўся з кафедры і марудна наблізіўся да групы свецкіх. Спыніўся.


— Пане фон Зольген, — сказаў ён.


— Што?.. — малады чалавек выглядаў крыху збянтэжаным.


— Спадар Бехер толькі што ўспомніў нейкі пустыр. Надоечы там адбыўся двубой. Быць можа, вы трохі апаведзяце нам пра яго?


— Д-двубой?.. — фон Зольген яўна не быў гатовы да такога пытання. — Уласна, я магу, вядома ж, апавесці, але... — ён аблізнуў засмяглыя губы. — Дык, Рыхард... у той вечар зацяўся з баронам фон Ротэнам.


— З чаго?


— Мы гулялі ў косці, і барон падумаў, што Рыхард махлюе. Барон даў яму поўху, і Рыхард выклікаў яго...


— Вы былі секундантам фон Рэеншталя?


— Так.


— Калі і дзе адбыўся двубой?


— Адразу ж пасля сваркі. На пустыры за Ганчарнай вуліцай.


— То бок там, дзе, як мы толькі што выявілі, і быў забіты фон Рэеншталь?


— Што? Малады фон Рэеншталь забіты? — з гэтымі словамі ў капліцу зайшлі новыя госці — двое багата апранутых спадароў, крыху старэйшых за Гуга фон Зольгена. Пабачыўшы іх, фон Зольген, і без таго бледны, зрабіўся падобны да мерцвяка.


— Барон фон Ротэн... — прашаптаў ён. — Бользэн... О Божа...


— Гэта вы даслалі мне ліст, святы ойча? — звярнуўся барон да айца Леангарда. Той моўчкі кіўнуў.


— Шчыра кажучы, я зусім не збіраўся ехаць, праўда, Ота? — ён павярнуўся да свайго спадарожніка па пацверджанне. — Прыязджаю і раптам дазнаюся, што фон Рэеншталь забіты.


— А вы не ведалі пра гэта? — запытаўся інквізітар.


— Ну вядома ж, не! — выгукнуў барон. — Тры дні таму мы пакінулі яго жывым, амаль здаровым, калі не лічыць маленькай дзіркі ў левым сцягне, якую я яму акуратненька зрабіў, каб падаць урок. Але ад такой раны не паміраюць, да таго ж пад наглядам блізкага сябра, Гуга фон Зольгена. Дык і як ён памёр?


— Яго ўдарылі кінжалам проста ў сэрца, — сказаў айцец Леангард. — Дуэльным кінжалам.


У капліцы павісла густая цішыня.


— Але ж...— сказаў нарэшце барон, — калі мы сыходзілі... ягоны кінжал заставаўся ў руках фон Зольгена...


— Іменна так я і меркаваў, — інквізітар задаволена ўсміхнуўся.


— Не! Я не забіваў яго!!!


Гэта крычаў фон Зольген.


Дамініканец рэзка павярнуўся да яго.


— Так, — сказаў ён ціха, але ў цішыні пасля выкрыку фон Зольгена было чуваць кожнае ягонае слова. — Забіў, Гуга. Ты забіў свайго сябра. Ты дачакаўся, пакуль барон і пан фон Бользэн пойдуць, а потым усадзіў яму ў сэрца ягоны ж кінжал. Табе былі патрэбныя грошы, Гуга. Ты быў вінен ладную суму. Я яшчэ скажу, каму іменна. І ты думаў пажывіцца кашалём фон Рэеншталя. Але каліта аказалася пустой, да таго ж табе трэба было схаваць канцы ў ваду. І ў галаве тваёй саспеў план напраўду д'ябальскі. Прычакаўшы цемры, ты перанёс цела забітага да кратаў габрэйскага квартала...


На знак суддзі вартаўнікі, што стаялі пры дзвярах, падышлі да знямелага ад жаху фон Зольгена і сталі абапал яго. Запанавала глыбокая ціша.


— Ён хацеў, каб у забойстве былі абвінавачаныя габрэі Гамельсдорфа. Магчыма, ён нават сам распальваў гэтыя настроі сярод чэрні, — роўным голасам працягнуў дамініканец. — Ён ведаў, што барон фон Ротэн не з'явіцца ў Гамельсдорфе раней, чым праз два тыдні — як барон дамовіўся з мянялам Міхелем Кіршам. А пан фон Зольген пяць тысяч гульдэнаў вінен габрэю на імя Абрагам Бэн-Леві. Рабіну абшчыны. Таму самаму, якога сёння вінавацяць у забойстве. Ён разлічваў на тое, што ў часе пакарання абвінавачанага габрэя здарацца беспарадкі, якія перарастуць у пагром, а пры пагроме загіне і сам Абрагам, і ўся ягоная сям'я. Такім чынам ён пазбавіўся б ад свайго доўгу і...


— Хлусня! — надарваным голасам ускрыкнуў фон Зольген.


Айцец Леангард выразна паціснуў плячыма і прамаўчаў.


— Сапраўды, ойча інквізітар… — прамовіў айцец Якаб. Голас ягоны крыху дрыжаў, твар пацямнеў ад незадаволенасці, якую той відавочна стрымліваў. — Сапраўды, адкуль вам вядома пра доўг?


— Я прачытаў аб ім у рахунковай кнізе самога Абрагама, — адказаў дамініканец. — Вы таксама можаце азнаёміцца з гэтым запісам... Пане суддзя, я ўжо бачыў, што вы выканалі маю просьбу і прыбылі сюды ў суправаджэнні варты. Удзячны вам. Вам, прадстаўніку свецкай улады, я перадаю злачынца. Рабіце з ім што палічыце патрэбным.


У цішыні, якая павісла пасля гэтых словаў, да інквізітара наблізіўся айцец Якаб. Ягоны твар быў халодны. Такі ж халодны быў і голас, калі ён сказаў:


— Гратулюю вас, ойча Леангардзе. Вы выканалі сваё абяцанне. Цяпер я настойліва раю вам адправіцца ў келлю і як мае быць выспацца перад далёкай дарогай...


І, убачыўшы непаразуменне на абліччы інквізітара, патлумачыў:


— Заўтра раніцой вы мусіце рушыць у Рым. Мне трэба даставіць у канцылярыю Яго Святаблівасці важныя паперы. Нікому, апроч вас, я не магу іх даверыць.


Айцец Леангард здзіўлена падняў бровы.


— Але я яшчэ не скончыў! — сказаў ён. — Я толькі збіраюся ўзяцца за заканчэнне следства.


— Айцец Леангард, — сказаў раптам айцец Якаб. — Можа быць, мы прадоўжым размову ў маёй келлі?


Інквізітар паглядзеў па баках. Абат зразумеў гэты погляд і зрабіўся яшчэ больш панурым. Тым не менш голас ягоны, калі ён загаварыў ізноў, падаваўся спакойным і зычным, як і дагэтуль.


— Дзеці мае, — звярнуўся ён да прыхаджанаў, павысіўшы голас, — я хачу абараніць вас, дзеці мае, ад аблуды, што можа прывесці да цяжкіх наступстваў. Разыходзьцеся па дамах з мірам. Падзякуйце Пану за тое, што вінаваты ў злачынстве выкрыты і будзе пакараны, — ён замоўк.


— Чакайце! — сказаў бурмістр. — Вы сказалі, святы ойча, што хочаце закончыць расследаванне. Ды заканчвайце яго пры нас! Тут, цяпер. І няхай усе пачуюць, што здарылася насампраўдзе.


Астатнія падтрымалі яго ўхвальным гулам. Айцец Леангард паглядзеў на абата і развёў рукамі.


— Ну што рабіць, — сказаў ён. — Я выканаю абяцанне. Айцец абат, настрой натоўпу пераменлівы.


Айцец Якаб маўчаў. Інквізітар падняўся на кафедру, паглядзеў на суддзю.


— Вы гэтага хочаце? Добра, пане бурмістру, — прамовіў ён гучна. — У такім разе мне неабходна прынесці адну рэч з келлі айца абата. Ганс, — сказаў ён, павысіўшы голас, — ідзі да брата Амбражэя. Няхай ён прынясе з келлі айца абата карціну...


— Што?! З маёй келлі?! Я пракляну кожнага, хто наважыцца пераступіць парог майго жытла! — гнеўна сказаў абат. — Імем Госпада я забараняю вам гэта рабіць!


— А чаму, уласна? — спытаў інквізітар. — Што такога страшнага хаваецца ў вашай келлі, ойча Якаб? О, безумоўна, я ведаю: вашая келля мала падобная да манаскага жытла. Вас непакоіць, што скажуць прыхаджане, што падумаюць свецкія, калі зойдуць туды? Дываны... пуховыя пярыны... падшываныя падушкі і падушачкі... дарагія віны... Дык аб гэтым і так усім вядома. Да таго ж, цяпер нас усё гэта не цікавіць. Я ж наказаў прынесці сюды карціну.


— Не! — выкрыкнуў абат.


— Але ж гэтая карціна выяўляе Святую Барбару, заступніцу Гамельсдорфа, — сказаў айцец Леангард з удаваным здзіўленнем. — Ці не так? Што ж страшнага здарыцца, калі карціну прынясуць у царкву? Думаю, што нічога, — ён звярнуўся да тых, хто сабраўся і слухаў яго з напятай увагай. — Я спадзяюся, што да карціны вы паставіцеся з належным шанаваннем?


— Без аніякіх сумненняў, — адказаў за ўсіх суддзя, гледзячы з падазрэннем на айца Якаба. — Як жа ж іначай?


— Цудоўна. У такім выпадку пачакаем трохі, — айцец Леангард скоса зірнуў на абата. Айцец Якаб адышоў убок і абаперся рукой на кафедру. Ягоны твар быў бледны, на ілбе выступіў пот.


У касцёле вісела напружаная цішыня. І нават калі з'явіўся нарэшце Ганс у суправаджэнні кашталяна брата Амбражэя, толькі кароткі ўздых прайшоўся па радах, і зноўку ўсё заціхла.


— Айцец абат! — яшчэ ад дзвярэй крыкнуў кашталян. — Ганс сказаў, што вам патрэбная карціна для Хрэснага ходу. Я не хацеў даваць, але ён патрабаваў... — азірнуўшыся па баках, брат Амбражэй разгублена змоўк.


— Усё верна, браце Амбражэй, — прыветна сказаў дамініканец. — Я дзякую вам за дапамогу. Ганс, пастаў, калі ласка, карціну вось сюды.


Цяпер карціна, што выяўляла Святую Барбару, апынулася акурат насупраць злачынца. Айцец Леангард доўга разглядаў яе, потым запытаў айца Якаба:


— Хто яна?


— Што? Што вы спыталі?


— Я спытаў, як звалі жанчыну, намаляваную на гэтай карціне.


— Не разумею вашага пытання, — суха вымавіў абат. — Гэта выява Святой Барбары, заступніцы Гамельсдорфа.


— Не, хто паслужыў прыкладам для мастака? Вы ж прывезлі гэтую карціну з сабой, ці не так, ойча Якаб?


— Так, я прывёз яе, калі прыбыў у кляштар. А чаму вас гэта так цікавіць, айцец Леангард? — абат стаяў нерухома. Галава ягоная была апушчаная. Не адказваючы, інквізітар спусціўся з кафедры. Спыніўся перад карцінай і зноў звярнуўся да абата.


— Айцец Якаб, вам не падалося дзіўным, што такая вынаходлівая думка аб утойванні злачынства прыйшла ў галаву такому, скажам проста, не дужа кемліваму чалавеку, як малады шляхціч Гуга фон Зольген?


— Не бачу нічога дзіўнага. — адказаў абат абыякава. — Паколькі думкі аб злачынстве — роўна як і аб утойванні апошняга — чалавеку ўнушаюцца д'яблам, то варта гаворку весці не пра кемлівасць або някемлівасць злачынца, але пра вынаходлівасць д'ябла.


— Так, д'ябал... — інквізітар кіўнуў на знак згоды. — Але ён заўсёды ўкладае вычварныя і вынаходлівыя думкі ў гэткі ж розум. Прастадушнаму ён нашэптвае што-небудзь простае. Хіба не лагічна меркаваць іменна так?


— Быць можа. Думаю, тэолагі з цікавасцю паставіліся б да падобнай дыскусіі. Мой просты розум бяссільны што да развагаў такога кшталту.


— Прабачце, айцец інквізітар, — умяшаўся бурмістр. — Якое дачыненне гэта мае да...


— Да гэтай жудаснай гісторыі? — падказаў айцец Леангард. — На вялікі жаль, наўпростае, — ён зноў падышоў да карціны. — Ганс, — сказаў ён, — зрабі ласку, паднясі карціну вось сюды, — ён паказаў на месца побач з Гуга фон Зольгенам.


Ганс падпарадкаваўся.


— Звярніце ўвагу, пане бурмістр, і вы, пане суддзя, — дамініканец павысіў голас. — Вы нічога не прыкмячаеце?


Бурмістр і суддзя перазірнуліся і адначасова неўразумела ўтаропіліся ў інквізітара.


— Не прыкмячаем? — спытаў суддзя. Што мы павінныя заўважыць?


— Будзьце ўважлівыя, — настойліва сказаў інквізітар і зноў звярнуўся да абата. — Разумееце, айцец Якаб, я ж адразу падумаў, што твар маладога шляхціча Гуга фон Зольгена мне знаёмы. Але толькі цяпер я ўспомніў канчаткова: вось каго нагадваў мне Гуга фон Зольген.


Абат апусціў галаву.


— Сапраўды! — выгукнуў суддзя. — Яны вельмі падобныя, — ён звярнуўся да бурмістра. Той заківаў. — Яны падобныя! Што гэта значыць, айцец Леангард?


— Толькі адно, — адказаў інквізітар. — Гэта была ягоная маці.


— Айцец Якаб, — разгублена запытаў суддзя, — вы пацвярджаеце словы айца інквізітара?


У цішыні выразна прагучаў адказ абата.


— Так, — вымавіў ён напаўголасу. — Гэта была ягоная маці.


— Вашая каханка, — не пытаючыся, а сцвярджаючы, сказаў айцец Леангард. І, не даючы апамятацца знямелым ад здзіўлення гараджанам Гамельсдорфа, гучна дадаў: — Вы хацелі ўратаваць сына. Гэта так натуральна для бацькі: паспрабаваць выратаваць сына. Нават цаною дзясяткаў іншых жыццяў. Можаце мне не адказваць, абат, я і так ведаю: гэта да вас ён прыбег пасля паядынку. Гэта вы ведалі пра ягоныя даўгі габрэю-ліхвяру. І гэта вы намовілі яго аднесці цела памерлага да кратаў жыдоўскага квартала. І вы падбухторвалі месцічаў напасці на гета. Думаю, вас наведала гэтая жудасная думка, калі вы пабачылі, колькі крыві страціў няшчасны.


Абат паглядзеў на Гуга фон Зольгена.


— Увядзіце... — прашаптаў ён. — Увядзіце яго...


— Варта! — паспешліва крыкнуў пан Зэльцэр. — Вывесці!


Пакуль вартаўнікі выконвалі загад суддзі, інквізітар не зводзіў погляду з пабялелага твару абата. Айцец Якаб таксама глядзеў на яго, але быццам не бачыў. Ягоныя губы ледзь заўважна варушыліся. Айцец Леангард падышоў бліжэй і ціха сказаў:


— Цяпер мне зразумела вашае жаданне спрыяць жыдоўскаму пагрому. Яно, прынамсі, не мае каранёў у невуцтве. Прадыктаванае цалкам матэрыяльнымі прычынамі.


— Што?.. — абат нібы апрытомнеў. Рысы ягонага ўраз змарнелага твару сказіў гнеў. — А, гэта ты, інквізітар. Твая праўда, я хацеў выратаваць сына. Усяго толькі. А ты загубіў яго. Праклінаю цябе, старэча!.. Ты забіў майго сына. І мяне разам з ім... — айцец Якаб быццам задыхнуўся ад нянавісці, якая перапаўняла яго.


Айцец Леангард пакачаў галавой.


— Вы аслеплены гневам, ойча Якаб, — сказаў ён. — Няўжо вас не пужала, што жыццё вашага сына будзе купленае цаной жыцця некалькіх дзясяткаў невінаватых?


— Яны мне абыякавыя, — адказаў абат нечакана спакойным голасам. — Габрэі, хрысціяне. Ні адзін з іх не варты майго сына. Ні адзін, інквізітар. Ты не зразумееш мяне... — голас ягоны апусціўся да шэпту. — Таму што ты сам ніколі не любіў.


© Даниэль Клугер, 2012

Пераклад з рускай – Уладзь Лянкевіч © 2012

Чытайце таксама

Сэфі Ата

Сэфі Ата

Нігерыйская пісьменніца, драматург. Жыве ў ЗША, піша па-ангельску

Мікалай Гогаль

Мікалай Гогаль

Рускі празаік, драматург, паэт, крытык, публіцыст украінскага паходжання

Святлана Макаравіч

Святлана Макаравіч

Адна з найбольш яскравых і спрэчных постацяў у сучаснай славенскай літаратуры

Дзіна Кампана

Дзіна Кампана

Італьянскі паэт

954