№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Фрэнк Рычард Стоктан

Панна ці тыгр? (The Lady, or the Tiger)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Юля Цімафеева


У старадаўнія часы жыў-быў адзін кароль-паўварвар, чые ўяўленні, хоць збольшага адшліфаваныя і адточаныя прагрэсіўнымі ідэямі далёкіх лацінскіх суседзяў, яшчэ былі велічнымі, пышнымі і неўтаймоўнымі, як яго варварская палова. Ён меў багатую фантазію і да таго ж уладу, неабмежаваную настолькі, што варта было яму захацець, як разнастайныя прыдумкі пачыналі спраўджвацца. Ён вельмі любіў раіцца сам з сабою, і калі ўжо знаходзіў унутранае паразуменне — справа, лічы, была зробленая. Калі кожны з яго сямейнага ці палітычнага кола роўна рухаўся вызначаным яму курсам, кароль быў ветлівы і добры, але пры найменшым зруху, калі планеты ягонага космасу пачыналі адхіляцца ад сваіх арбітаў, ён рабіўся яшчэ больш ветлівым і добрым, ды толькі нішто не цешыла караля так моцна, як магчымасць выпрастаць крывое ды змяць няроўнае.

 

Сярод пазычаных ідэяў, дзякуючы якім ён зрабіўся варварам толькі напалову, была пабудова арэны, дзе з праявамі мужнай звярынай адвагі розум яго падначаленых акультурваўся і далікатнеў.

 

Але нават тут яго багатая варварская фантазія паказала сябе. Каралеўская арэна была збудаваная не для таго, каб людзі пачулі перадсмяротныя рапсодыі гладыятараў, не для таго, каб сузіралі немінучае супрацьстаянне рэлігійных поглядаў і галодных зяпаў, а з намерам як мага больш пашырыць і развіць разумовыя здольнасці свайго народа. Велічэзны амфітэатр з галерэямі па перыметры, з таямнічымі склепамі і нябачнымі праходамі быў сродкам, каб чыніць дасканалую справядлівасць, што карала зло і адорвала дабром па законах бесстаронняга і непадкупнага выпадку.

 

Калі падданага вінавацілі ў злачынстве дастаткова цяжкім, каб зацікавіць караля, то публічна абвяшчалі, што ў вызначаны дзень яго лёс вырашыцца на каралеўскай арэне, якая цалкам заслужыла сваю назву, бо, хоць яе форму і план пазычылі здалёк, яе прызначэнне нарадзіла думка толькі гэтага чалавека, які, кароль да мозгу касцей, не меў над сабой большага закону, чым цешыць свае фантазіі, і які ўсім пазычаным здалёк думкам ці дзеянням прышчапляў мясістыя чаранкі свайго варварскага ідэалізму.

 

Калі ўсе рассаджваліся па галерэях і кароль у атачэнні світы займаў высокі трон у сваёй частцы арэны, ён падаваў сігнал. Дзверы ўнізе адчыняліся, і абвінавачаны ўваходзіў у амфітэатр. На супрацьлеглай сцяне арэны, замкнутай з усіх бакоў, былі двое дзвярэй, абсалютна аднолькавых. Абавязкам і прывілеем падсуднага было падысці да адных і адчыніць. Ён мог абраць любыя дзверы, якія захоча. Ніхто не падказваў і не ўплываў на яго рашэнне, толькі ўжо згаданы раней бесстаронні і непадкупны выпадак. Калі ён адчыняў адны дзверы, адтуль выскокваў галодны тыгр, самы жорсткі і люты, якога толькі маглі знайсці. Ён накідваўся на чалавека і разрываў на шматкі, караючы за злачынства. Як толькі справа злачынцы вырашалася такім чынам, раздаваліся жалобныя гукі жалезных званоў, ад краёў арэны падымалася галашэнне нанятых плакальшчыкаў, а шматлікія гледачы з паніклымі галовамі і цяжарам на душы павольна крочылі дахаты, вельмі засмучаныя, што нехта такі малады і прыгожы або такі стары і паважны заслужыў гэты жудасны кон.

 

Але калі абвінавачаны абіраў іншыя дзверы, адтуль з’яўлялася панна, што як найлепш падыходзіла яму па ўзросце і становішчы, абраная Яго Вялікасцю сярод сваіх верных падданых. З гэтай паннай асуджанага тут жа жанілі, што было дарункам за яго нявіннасць. Няважна, была ў яго жонка і сям’я, меў ён прыхільнасць да тае панны ці не, — кароль не даваў такім другасным акалічнасцям парушаць яго вялікі план расплаты і ўзнагароды. Жаніцьба адбывалася тут жа, на арэне, як і ў першым выпадку. Унізе, пад тронам караля, адчыняліся дзверы, адтуль выходзіў святар, аточаны харыстамі і маладымі танцоркамі, што выдзьмувалі ў пазалочаныя горны радасныя мелодыі ды танчылі вясельныя танцы, набліжаўся да маладой пары і вянчаў іх хутка і бадзёра. Потым раздаваліся ўцешныя перазвоны вясёлых медных званочкаў, людзі ўзрушана крычалі “ўра”, а невінаваты, чыю дарогу дзеці асыпалі кветкамі, вёў нявесту ў свой дом.

 

Вось такім напаўварварскім метадам чыніў кароль правасуддзе. Яго надзвычайная справядлівасць — навідавоку. Злачынца не мог ведаць, з якіх дзвярэй з’явіцца панна; ён адчыняў любыя, якія хацеў, нават не здагадваючыся, з’ядуць яго ці ажэняць. Здаралася, тыгр выскокваў з адных дзвярэй, а здаралася — з другіх. Рашэнні гэтага суда былі не толькі справядлівымі — яны былі дакладна акрэсленыя: абвінавачанага тут жа каралі, калі ён прызнаваў сябе вінаватым, а калі быў невінаваты — тут жа атрымліваў сваю ўзнагароду, хацеў ён таго ці не. Пазбегнуць прысудаў каралеўскай арэны было немагчыма.

 

Такая сістэма была вельмі папулярнай. Калі людзі збіраліся разам у вялікія судныя дні, яны ніколі не ведалі загадзя, стануць яны сведкамі крывавай бойні або шумнага вяселля. Гэтая няпэўнасць дадавала такім падзеям цікаўнасці, якой іначай магло і не быць. Таму масы былі радасныя і задаволеныя, а інтэлігенцыя не магла назваць такі план несправядлівым, бо хіба ж лёс абвінавачанага не быў у яго руках?

 

У караля-напаўварвара была дачка, што квітнела, як яго самыя пышныя фантазіі, і мела сэрца гэткае ж палкае і ўладнае, як у бацькі. І, як здараецца ў такіх выпадках, была яна зрэнкай яго вока, і кароль любіў яе больш за ўсё чалавецтва. Сярод яго прыдворных быў юнак, чые гарачая кроў і нізкае паходжанне рабілі яго акурат такім героем любоўных раманаў, якія, як правіла, і кахаюць прынцэсаў. Прынцэсу яе каханак цалкам задавальняў, бо быў самым прыгожым і самым смелым ва ўсім каралеўстве, і яна кахала яго з жарсцю, поўнай таго варварства, што рабіла яе пачуцці моцнымі і гарачымі. Іх стасункі шчасліва працягваліся некалькі месяцаў, пакуль аднойчы пра іх не даведаўся кароль. Без сумневаў і ваганняў ён выканаў свой абавязак: юнака кінулі ў вязніцу і прызначылі дзень яго суда на каралеўскай арэне. Натуральна, гэта была надзвычай важная падзея для караля, і Яго Вялікасць разам з усім народам быў моцна зацікаўлены ў падрыхтоўцы і правядзенні рытуалу. Ніколі раней не здаралася нічога падобнага, ніколі раней падданы не наважваўся пакахаць дачку караля. Гэта потым ужо такія выпадкі сустракаліся ледзь не на кожным кроку, але ў той час яны былі з’явай надзвычай новай і ашаламляльнай.

 

Па ўсім каралеўстве абшукалі тыгравыя клеткі, збіраючы самых дзікіх і лютых звяроў, каб выбраць з іх тыгра для арэны. Па ўсёй краіне дасведчанае журы перагледзела шэрагі маладых і прыгожых дзяўчат, каб юнак займеў вартую яго нявесту, калі лёс не прызначыць яму іншага. Канечне, усе ведалі, што тое, у чым юнака вінавацяць, ён зрабіў. Ён кахаў прынцэсу, і ні ён, ні яна, ні нехта іншы не збіраліся гэты факт аспрэчваць. Але каралю і ў галаву не прыйшло б дазволіць такому выпадку, як гэты, парушыць працу суда, якой ён так цешыўся і насалоджваўся. Няважна, чым скончыцца справа: ад юнака ўсё роўна пазбавяцца, а кароль атрымае эстэтычнае задавальненне, назіраючы за ходам падзеяў, якія і вызначаць, добра ці кепска зрабіў юнак, дазволіўшы сабе пакахаць прынцэсу.

 

Прызначаны дзень надышоў. Адусюль збіраліся людзі і запаўнялі вялізныя галерэі арэны, а натоўп, няздольны трапіць усярэдзіну, гуртаваўся вакол сценаў. Кароль і світа занялі свае месцы насупраць дзвярэй-блізнюкоў, гэтых лёсавызначальных брамаў, так жудасна падобных.

 

Усё было гатова. Падалі сігнал. Дзверы пад тронам адчыніліся, і каханак прынцэсы выйшаў на арэну — высокі, прыгожы, ладны. Яго з’яўленне віталі прыглушаным гулам страху і захаплення. Палова прысутных і не здагадвалася, які прыгажун жыў побач з імі. Не дзіва, што прынцэса яго пакахала! Як жахліва, што цяпер ён тут!

 

Калі юнак прайшоў углыб арэны, ён павярнуўся, як патрабуе таго звычай, і пакланіўся каралю, але ні на секунду не задумаўся ён пра манаршую асобу. Яго вочы неадрыўна глядзелі на прынцэсу, што сядзела па правую руку ад бацькі. Калі б не парасткі варварства ў яе характары, відаць, панны б тут не было, але моцная і палкая душа не дазволіла ёй прапусціць падзею, настолькі ёй цікавую. З часу як загад пра тое, што яе каханак мусіць сустрэць свой лёс на каралеўскай арэне, уступіў у сілу, удзень і ўначы яна думала толькі пра гэты надзвычайны працэс і ўсё, што з ім было звязана. Надзеленая найвялікшай уладай, уплывам і сілай характару сярод тых, хто калі-небудзь цікавіўся развязкай такіх справаў, яна зрабіла тое, што ніколі нікому не ўдавалася: яна дазналася таямніцу дзвярэй. Яна ведала, у якім з двух пакояў, што хаваліся за дзвярыма-блізнюкамі, стаяла адчыненая клетка з тыграм, а ў якім чакала панна. Праз гэтыя цяжкія дзверы, шчыльна завешаныя скурамі звонку, чалавек, вымушаны падняць засаўку на адных з іх, не мог пачуць ані гуку, ані падказкі. Але золата і сіла жаночай волі здабылі прынцэсе разгадку таямніцы.

 

Яна не толькі ведала, у якім з пакояў стаяла панна, гатовая з’явіцца, як толькі адчыняцца дзверы, радасная і расчырванелая, але ведала і тое, кім была тая панна — адна з самых прыгожых і мілых дзяўчат пры двары. Яе абралі ўзнагародзіць юнака, калі яго невінаватасць у злачынным імкненні да некага настолькі вышэйшага, чым ён сам, будзе даказаная. Прынцэса яе ненавідзела. Часцяком яна бачыла ці ўяўляла, што бачыць, як гэтая прыўкрасная істота кідае захопленыя позіркі на яе каханага, і часам ёй падавалася, што тыя позіркі прымалі і нават адорвалі ў адказ. Час ад часу прынцэса бачыла, як яны размаўлялі; было тое раз ці два, але так шмат можна сказаць і за імгненне… Магчыма, яны гаварылі пра дробязі, але адкуль ёй ведаць? Дзяўчына была прыгожай, але яна наважылася падняць вочы на каханка прынцэсы, і з усёй сілай дзікай крыві, што перадалася ёй ад доўгіх чародаў варварскіх яе продкаў, прынцэса ненавідзела жанчыну, якая чырванела і трымцела за нямымі дзвярыма.

 

Калі яе каханак павярнуўся і глянуў на яе, яго вочы сустрэліся з вачыма прынцэсы, што сядзела бялейшая і бляднейшая, чым хто-кольвек у гэтым шырачэзным акіяне ўстрывожаных твараў вакол яе, і ён імгненна заўважыў і зразумеў — з дапамогай той сілы, якой надзеленыя каханкі, калі іх душы сплеценыя ў адно, — што яна ведала, за якімі дзвярыма стаіўся тыгр, а за якімі стаяла панна. Ён і чакаў, што яна даведаецца. Ён разумеў яе натуру, у душы быў упэўнены, што яна не супакоіцца, пакуль не вызнае таямніцу, схаваную ад усіх гледачоў, нават ад караля. Адзіная надзея, што абяцала юнаку хоць нейкую пэўнасць, была звязаная з поспехам прынцэсы разгадаць сакрэт дзвярэй. І калі ён глянуў на яе, то пераканаўся: ёй удалося, бо ў душы ён ведаў, што ўдасца.

 

А пасля хуткім і трывожным паглядам ён запытаўся: “Якія?” Пытанне было для яе такім зразумелым, нібыта ён выгукнуў яго з арэны. Нельга было траціць ні хвіліны. Пытанне прагучала імгненна. І наступнае імгненне вымагала адказу.

 

Яе правая рука ляжала на мяккім парапеце перад ёю. Яна падняла руку і зрабіла лёгкі і хуткі ўзмах управа. Ніхто, акрамя яе каханка, нічога не заўважыў. Усе пагляды, акрамя ягонага, былі прыкаваныя да чалавека на арэне.

 

Ён павярнуўся і цвёрдым упэўненым крокам пайшоў праз пустую арэну. Людскія сэрцы спыніліся, дыханне замерла, а пагляды неадрыўна сачылі за юнаком. Ні кроплі не вагаючыся, ён рушыў да правых дзвярэй і адчыніў іх.

 

Загадка гісторыі ў тым, хто быў за дзвярыма: тыгр ці панна?

 

Чым больш мы разважаем на гэтым пытаннем, тым цяжэй на яго адказаць. Яно вымагае даследавання чалавечай натуры, што вядзе нас блытанымі лабірынтамі жарсці, з якіх цяжка выбрацца. Падумай пра гэта, дарагі чытач, але не так, як калі б адказ залежаў ад цябе, а з пункту гледжання гэтай напаўварварскай прынцэсы, чыя кроў кіпіць у жылах, а душа распаляецца на вогнішчы з адчаю і рэўнасці. Яна страціла яго, але каму ён дастанецца?

 

Як часта пры святле дня і ў начных сваіх сненнях яе апаноўвала дзікая вусціш, і, закрыўшы твар рукамі, яна ўяўляла, як каханак адчыняе дзверы, за якімі яго чакаюць лютыя іклы тыгра!

 

Але ж наколькі часцей яна бачыла яго ля другіх дзвярэй! Як яна скрыгатала зубамі і рвала на галаве валасы ад горкіх сваіх думак, уяўляючы захапленне і экстаз, з якімі адчыніць яе каханак дзверы перад паннай! І калі яна бачыла, што ён ірвецца да сустрэчы з той жанчынай, што яго шчокі гараць і вочы іскрацца трыюмфам, што калі ён выводзіць жанчыну на арэну, то ўвесь свеціцца радасцю, адораны наноў жыццём, калі яна чула радасныя крыкі натоўпу і зацятае дзіньканне шчаслівых званоў, калі бачыла, як святар і яго ўсцешаныя памагатыя набліжаюцца да маладой пары і ператвараюць іх у мужа і жонку проста на яе вачах, калі бачыла, як крочаць яны разам па ўсыпанай кветкамі сцяжыне, гучныя воклічы вясёлага натоўпу нясуцца ім услед, а яе адчайны крык у ім губляецца і тоне, яе душа палала пакутамі!

 

Хіба не лепш для яго адразу згінуць і чакаць яе ў блаславёным выраі напаўварварскай будучыні?

 

Але ж гэты жудасны тыгр, яго рык і пырскі крыві!

 

Яе рашэнне нарадзілася ўмомант, але яно спела доўгімі днямі і начамі пакутлівых роздумаў. Яна адпачатку ведала, што ў яе папросяць адказу, і, вырашыўшы, якім ён будзе, без кроплі сумневу паказала рукой направа.

 

Пытанне яе выбару разгадаць няпроста, і я не вазьму на сябе смеласць лічыцца адзіным, хто ведае адказ. Таму я пакідаю яго вам. Дык хто з’явіўся з адчыненых дзвярэй — панна ці тыгр?

 

Пераклад з ангельскай – Юля Цімафеева © 2012

Чытайце таксама

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Готфрыд Аўгуст Бюргер

Нямецкі паэт. Адзін з выразнікаў ідэй “Буры і націску”.

Павел Брыч

Павел Брыч

Чэшскі пісьменнік.

Джэймс Мэцью Бары

Джэймс Мэцью Бары

Шатландскі драматург і празаік, найбольш вядомы дзякуючы казцы “Пітэр Пэн”

Алок Вайд-Мэнан

Алок Вайд-Мэнан

869