№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Эдгар Алан По

Скрадзены ліст (The Purloined Letter)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Ганна Янкута


Nil sapientiae odiosius acumine nimio. [1]

Сенека

 

Адным ветраным парыжскім вечарам восенню 18** году, адразу пасля змяркання, я, седзячы разам са сваім сябрам С. Агюстам Дзюпэнам у яго маленькай цёмнай бібліятэцы, ці кабінеце, au troisième, No. 33, Rue Dunôt, Faubourg St. Germain[2], атрымліваў падвойную асалоду, якую могуць падарыць развагі і пенкавая люлька. Не менш чым гадзіну мы захоўвалі глыбокае маўчанне, і выпадковаму назіральніку магло падацца, што мы засяроджаныя выключна на мудрагелістых клубах дыму, якія рабілі атмасферу пакоя яшчэ змрачнейшай. Аднак я працягваў у думках аналізаваць пытанні, якія мы закранулі ў размове ў пачатку вечара — я маю на ўвазе падзеі на вуліцы Морг і таямніцу, звязаную з забойствам Мары Ражэ. А таму, калі дзверы пакоя расчыніліся і ўпусцілі нашага старога знаёмца мсье Г., прэфекта парыжскай паліцыі, гэта падалося мне чымсьці накшталт супадзення.

Мы прыязна павіталі госця, бо нікчэмныя якасці яго характару межавалі з забаўнымі, і да таго ж мы некалькі гадоў не бачыліся. Да яго візіту мы сядзелі ў цемры, і цяпер Дзюпэн падняўся, каб запаліць лямпу, але, не зрабіўшы гэтага, зноў прысеў, калі пачуў, што прэфект зазірнуў да нас параіцца, а дакладней, спытаць у майго сябра меркавання пра справу, якая прынесла яму шмат турботаў.

— Калі яна ў нейкім сэнсе патрабуе развагаў, — зазначыў Дзюпэн, так і не запаліўшы кнот, — то мы лепш выслухаем вас у цемры.

— Вашая чарговая дзіўная ідэя! — сказаў прэфект, які меў звычку называць дзіўным усё вышэйшае за сваё разуменне, а таму жыў у атачэнні незлічоных легіёнаў рознага кшталту дзіваў.

— Несумненна, — пагадзіўся Дзюпэн, а потым забяспечыў госця люлькай і падсунуў яму зручнае крэсла.

— З якой цяжкасцю вы сутыкнуліся? — спытаў я. — Спадзяюся, гэтым разам не забойства?

— О не, нічога такога. Праблема насамрэч зусім лёгкая, і я не сумняюся, што мы паспяхова справімся з ёй самастойна. Але мне здаецца, што Дзюпэн захоча даведацца пра яе акалічнасці, бо яна надзвычай дзіўная.

— Простая і дзіўная, — падагульніў Дзюпэн.

— Ну, прыкладна так, але не зусім. Насамрэч усе мы вельмі збянтэжаныя, бо гэтая зусім простая справа збівае нас з панталыку.

— Магчыма, вас ставіць у тупік сама яе прастата, — сказаў мой сябар.

— Што за лухту вы кажаце! — усклікнуў прэфект і шчыра засмяяўся.

— Магчыма, разгадка крыху занадта празрыстая, — дадаў Дзюпэн.

— Божа мой, ніколі такога не чуў!

— Крыху занадта відавочная.

— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха! Хо-хо-хо! — зарагатаў наш госць, ад душы развесяліўшыся. — Дальбог, Дзюпэн, аднойчы вы даведзяце мяне да труны!

— Дык што ў вас, урэшце, за справа? — спытаў я.

— Зараз раскажу, — адказаў прэфект і, уладкаваўшыся ў крэсле, зрабіў доўгую, раўнамерную і задуменную зацяжку. — Раскажу ў некалькіх словах, але перад гэтым дазвольце папярэдзіць, што справу трэба захоўваць у найглыбейшай таямніцы. Калі хтосьці даведаецца, што я даверыў яе чужым людзям, я, відаць, страчу сваю цяперашнюю пасаду.

— Працягвайце, — сказаў я.

— Ці не, — сказаў Дзюпэн.

— Значыць, так. З найвышэйшых колаў я атрымаў прыватную інфармацыю, што з каралеўскіх пакояў скрадзены адзін вельмі важны дакумент. Асоба выкрадальніка вядомая, у гэтым няма сумневаў: бачылі, як ён забіраў паперу. Таксама вядома, што дакумент дагэтуль у яго руках.

— Адкуль гэта вядома? — спытаў Дзюпэн.

— Пра гэта сведчыць, — адказаў прэфект, — сама прырода дакумента і адсутнасць тых вынікаў, якія пацягнула б за сабой пазбаўленне ад ліста, а дакладней, яго выкарыстанне, бо выкрадальнік раней ці пазней яго выкарыстае.

— Прашу гэта патлумачыць, — сказаў я.

— Ну, рызыкну сказаць, што папера дае свайму ўладальніку пэўную ўладу ў колах, дзе такая ўлада надзвычай цэніцца, — прэфект любіў загадкавую мову дыпламатыі.

— Я ўсё яшчэ не зусім разумею, — сказаў Дзюпэн.

— Не? Ну, калі дакумент атрымае трэцяя асоба, якую пакінем неназванай, гэта паставіць пад сумнеў рэпутацыю адной вельмі высокапастаўленай персоны, і таму той, у чыіх руках дакумент, мае ўладу над гэтай знакамітай персонай, чые рэпутацыя і спакой цяпер пад пагрозай.

— Але выкрадальнік атрымлівае такую ўладу толькі тады, — перарваў я прэфекта, — калі ён упэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік. Хто насмеліцца...

— Міністр Д., — адказаў прэфект, — ён выкрадальнік і ён насмеліцца на ўсё, што вартае, а таксама не вартае мужчыны. Спосаб, якім ён скраў дакумент, такі ж вынаходлівы, як і смелы. Абрабаваная асоба атрымала дакумент — а менавіта ліст, — калі сядзела адна ў каралеўскім будуары. Раптам чытанне было перарванае з’яўленнем іншай высокапастаўленай асобы, той самай, ад якой ліст трэба было хаваць. Пасля паспешлівай і марнай спробы засунуць ліст у шуфляду яна была вымушаная пакласці яго разгорнутым на стол. Аднак адрас апынуўся навідавоку, а змест — схаваным, таму ліст не забраў увагі. Раптам увайшоў міністр Д. Яго рысіны погляд тут жа выхоплівае ліст, міністр пазнае почырк, адзначае збянтэжанасць адрасаткі і разгадвае яе таямніцу. Пасля працоўнага дакладу, зробленага ў звычайнай хуткай манеры, ён выцягвае ліст, трохі падобны да таго, што на стале, разгортвае яго, робіць выгляд, што чытае, і потым кладзе побач з першым. Наступныя пятнаццаць хвілінаў ён вядзе размову пра грамадскія справы. Урэшце, сыходзячы, ён прыхоплівае са стала чужы ліст. Сапраўдная ўладальніца дакумента ўсё бачыць, але не насмельваецца прыцягнуць увагу да гэтай акалічнасці праз трэцюю асобу, што стаіць побач. Міністр знікае, пакінуўшы свой нязначны ліст на стале.

— І вось, — сказаў мне Дзюпэн, — пастаўленая вамі ўмова выкананая: выкрадальнік атрымлівае ўладу, бо ўпэўнены, што абрабаваны ведае, хто выкрадальнік.

— Але, — пагадзіўся прэфект. — Здабыўшы такім чынам уладу, выкрадальнік цягам апошніх месяцаў карыстаецца ёй дзеля дасягнення палітычных мэтаў і заходзіць небяспечна далёка. Абрабаваная дзень пры дні ўсё больш упэўніваецца, што ліст трэба вярнуць. Але адкрыта гэтага зрабіць нельга. Карацей кажучы, даведзеная да адчаю, яна перадала справу мне.

— Паверніку, — адзначыў Дзюпэн, патанаючы ў сапраўдных віхурах дыму, — больш праніклівага за якога нельга, мяркую, ні пажадаць, ні ўявіць.

— Вы мне лёсціце, — адказаў прэфект, — але не выключана, што хтосьці можа з вамі пагадзіцца.

— Відавочна, вы маеце рацыю, і ліст усё яшчэ ў міністра, — сказаў я. — Менавіта валоданне лістом, а не яго выкарыстанне, дае ўладу. Калі ён выкарыстае ліст, улада знікне.

— Так і ёсць, — сказаў прэфект. — У адпаведнасці з гэтым я і дзейнічаў. Маім першым клопатам было старанна абшукаць дом міністра, і тут я сутыкнуўся з вялікай складанасцю: міністр не мусіў ведаць пра мае захады. Больш за тое, мяне папярэдзілі, як небяспечна даваць яму падставу для падазрэнняў.

— Але ж вы добра разбіраецеся ў гэтым, — сказаў я. — Парыжская паліцыя займалася такімі рэчамі і раней.

— Безумоўна! Таму я і не страчваў надзеі. Да таго ж, звычкі міністра давалі мне добрыя магчымасці. Ён часта адсутнічаў дома цэлую ноч. Слуг у яго зусім няшмат, і яны спяць далёка ад пакоя гаспадара, а яшчэ амаль усе яны — неапалітанцы, таму заўсёды радыя выпіць. У мяне, як вы ведаеце, ёсць ключы, якімі я магу адамкнуць любы пакой ці шафу ў Парыжы. Цягам трох месяцаў не было ніводнай ночы, якую б я не прысвяціў прыватным расследаванням у доме міністра. Гэта справа гонару і, скажу па сакрэце, вялікіх грошай. А таму я не пакідаў сваіх спробаў, пакуль канчаткова не ўпэўніўся, што рабаўнік нашмат хітрэйшы за мяне. Думаю, я агледзеў кожны кут і закутак, дзе можна схаваць скрадзеную паперу.

— А ці магчыма, — задумаўся я, — што ліст дагэтуль застаецца ў міністра (а іначай і быць не можа), але схаваны не ў яго дома, а дзесьці яшчэ?

— Наўрад ці, — адказаў Дзюпэн. — Сённяшні стан справаў пры двары, і асабліва тыя інтрыгі, у якія, як вядома, уцягнуты міністр, патрабуюць, каб дакумент заўсёды быў побач: магчымасць у любы момант даць яму ход мае амаль такое самае значэнне, як і сам факт валодання ім.

— Магчымасць даць яму ход? — перапытаў я.

— А калі трэба, то знішчыць, — адказаў Дзюпэн.

— Значыць, — сказаў я, — папера дакладна ў доме. Няма сумневаў, што міністр не будзе ўвесь час насіць яе пры сабе.

— Безумоўна, — пагадзіўся прэфект. — Яго двойчы спынялі, нібыта каб абрабаваць, і пад маім уласным наглядам старанна абшуквалі.

 — Маглі б так не напружвацца, — сказаў Дзюпэн. — Мне здаецца, міністр не зусім дурань, а значыць, прадбачыў магчымасць такіх нападаў і быў падрыхтаваны.

— Не зусім дурань, — прамовіў прэфект, — але ён паэт. Мне здаецца, ад паэта да дурня — адзін крок.

— Безумоўна, — сказаў Дзюпэн, зрабіўшы доўгую задуменную зацяжку, — хаця я і сам грашыў кепскімі вершыкамі.

— Можа, раскажаце пра свае пошукі падрабязней? — папрасіў я.

— Ну, рэч у тым, што мы мелі час і абшукалі ўсё. У мяне наконт такога вялікі досвед. Я агледзеў будынак пакой за пакоем, прысвяціўшы кожнаму ўсе ночы тыдня. Спачатку мы праверылі мэблю, адчынілі ўсе магчымыя шуфляды, і я гатовы сцвярджаць, што для правільна навучанага паліцэйскага проста не існуе ніякіх “таемных” шуфлядак. Такую штуку падчас росшукаў абміне толькі ідыёт. Гэта так проста! Кожная шафа займае пэўны аб’ём, ці прастору, і гэта трэба ўлічваць. Астатняе зробяць нашыя дакладныя лінейкі. Вывучым усё да пяцісотай часткі цалі. Пасля шафаў мы ўзяліся за крэслы. Сядзенні мы правяралі доўгімі тонкімі іголкамі — вы бачылі, як я гэта раблю. Потым мы здымалі са сталоў стальніцы...

— Навошта?

— Часам для таго, каб нешта схаваць, чалавек здымае стальніцу ці нейкую іншую падобную да яе дэталь мэблі, робіць у ножцы выемку, куды хавае патрэбную рэч, і вяртае стальніцу на месца. З гэтымі ж мэтамі выкарыстоўваюцца слупкі ложкаў.

— Але хіба нельга знайсці поласць з дапамогай гуку? — пацікавіўся я.

— Ніяк, калі рэшту поласці забіць ватай. Да таго ж, у нашым выпадку патрабавалася цішыня.

— Але не маглі ж вы адсунуць... не маглі ж вы разабраць на часткі ўсю мэблю, у якой апісаным вамі спосабам можна зрабіць сховішча. Калі скруціць ліст у тонкую трубачку, таўшчынёй і аб’ёмам не нашмат большую за вялікую спіцу для вязання, яго можна ўкласці, напрыклад, у перакладзіну крэсла. Вы ж не разбіралі на часткі ўсе крэслы?

— Безумоўна, не, але мы зрабілі яшчэ лепш: мы старанна агледзелі перакладзіны ўсіх крэслаў у доме, як, дарэчы, і месцы злучэння ўсіх дэталяў мэблі, з дапамогай надзвычай моцнага мікраскопа. Калі б на драўніне былі хоць якія сляды нядаўніх пашкоджанняў, мы б іх нізашто не прапусцілі. Напрыклад, найдрабнейшая пылінка ад свярдзёлка была б бачная не горш за яблык. Любое парушэнне слою праклейкі, незвычайная шчылінка на месцы злучэння — і мы адразу ўсё знайшлі б.

— Мяркую, вы праверылі ўсе люстэркі ў месцах, дзе рама сутыкаецца са шклом, а таксама абмацалі ўсе ложкі і пасцельную бялізну, не забыўшыся на гардзіны і дываны.

— Безумоўна. А калі мы канчаткова разабраліся з усёй мэбляй, то ўзяліся за сам дом. Мы падзялілі ўсю яго плошчу на пранумараваныя ўчасткі так, каб ніводнай не пакінуць па-за ўвагай, і старанна даследавалі з мікраскопам кожную асобную квадратную цалю жылой плошчы, у тым ліку два суседнія дамы.

— Два суседнія дамы! — усклікнуў я. — Працы, відаць, было нямала.

— І не кажыце. Але нам паабяцалі неверагодную ўзнагароду.

— А што з участкам вакол дома?

— Ён увесь забрукаваны цэглай, а таму ў параўнанні з астатнім турботаў тут было няшмат. Мы разгледзелі мох паміж цаглінамі і зразумелі, што ён не пашкоджаны.

— Вы перагледзелі паперы міністра і кнігі ў яго бібліятэцы?

— Канечне, мы разгледзелі кожны пакунак і скрутак і не толькі праверылі ўсе тамы, але і прагарталі кожную старонку ў кожнай кнізе, не абмежаваўшыся звычайным ператрэсваннем, як гэта робяць некаторыя паліцэйскія. Апроч гэтага мы самым скрупулёзным чынам вымералі таўшчыню ўсіх кніжных вокладак і ўважліва разгледзелі кожную з іх у мікраскоп. Калі б хтосьці нядаўна чапаў хоць адзін з пераплётаў, гэты факт ні за што не абмінуў бы нашай увагі. Пяць ці шэсць фаліянтаў, якія нядаўна пабывалі ў руках пераплётчыкаў, мы асцярожна праверылі іголкамі.

— Аглядалі падлогу пад дыванамі?

— Несумненна. Мы адсунулі кожны дыван і вывучылі паркет з дапамогай мікраскопа.

— А шпалеры на сценах?

— Безумоўна.

— У скляпенні зазірнулі?

— Вядома ж.

— Значыць, — сказаў я, — вы памыліліся ў разліках, і ліста ў доме няма.

— Баюся, тут вы маеце рацыю, — сказаў прэфект. — А цяпер, Дзюпэн, што вы мне параіце?

— Яшчэ раз старанна абшукаць дом.

— У гэтым няма ніякага сэнсу, — адказаў прэфект. — Я ўпэўнены, што ліст не там, нават больш, чым у тым, што дыхаю.

— Лепшай парады ў мяне няма, — сказаў Дзюпэн. — У вас, безумоўна, ёсць падрабязнае апісанне ліста?

 — Вядома!

Тут прэфект выцягнуў свой нататнік і прачытаў нам найдакладнейшае апісанне зніклага дакумента знутры і асабліва звонку. Хутка ён сышоў — такім прыгнечаным я яшчэ ніколі яго не бачыў.

Прыкладна праз месяц прэфект зноў зазірнуў да нас — мы былі занятыя тым жа, чым падчас мінулага візіту. Ён узяў люльку, сеў і завязаў самую звычайную гутарку ні пра што. Урэшце я не вытрымаў:

— А што з тым скрадзеным лістом? Я так разумею, вы ўсё ж прыйшлі да высновы, што перамагчы міністра немагчыма?

— Так і ёсць, чорт яго дзяры! Згодна з парадай Дзюпэна мы яшчэ раз абшукалі дом — але, як я і думаў, уся праца была марнай.

— А якую абяцаюць узнагароду? — пацікавіўся Дзюпэн.

— О, вельмі добрую, неверагодна, я б сказаў, шчодрую, але колькі дакладна — лепш памаўчу. Магу хіба што сказаць, што я не супраць выдаць свой уласны чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў любому, хто дапаможа мне завалодаць лістом. Бо ведаеце, з кожным днём значэнне ліста расце, і абяцаная ўзнагарода была нядаўна падвоеная. Але калі яе нават патрояць, я ўсё адно не змагу зрабіць больш, чым ужо зрабіў.

— Што да мяне, мсье прэфект, — сказаў Дзюпэн паміж дзвюма зацяжкамі з пенкавай люлькі, — то мне здаецца, вы не аддаліся... гэтай справе напоўніцу... Думаю, варта было... зрабіць трошкі болей...

— Што зрабіць? Якім чынам?

— Ну... пых-пых... трэба было наняць спецыяліста... пых-пых... праўда? Помніце тую гісторыю пра Абернэці [3]?

— Ды ну яго, вашага Абернэці!

— І праўда, ну яго. Але слухайце. Аднойчы нейкі багаты скнара прыдумаў спосаб бясплатна выцягнуць з Абернэці медыцынскую параду. З гэтай мэтай скнара завязаў з ім на нейкім вечары звычайную размову і паступова пераказаў доктару ўсе свае сімптомы, прыпісаўшы іх уяўнаму суб’екту. “Дапусцім, — казаў скнара, — хвораму баліць тое і тое. Што б вы, доктар, яму прапісалі?” — “Безумоўна, добрага спецыяліста”, — адказаў Абернэці.

— Але, — трошкі сумеўшыся, сказаў прэфект, — мне таксама вельмі патрэбны добры спецыяліст, і я гатовы яму заплаціць. Я і праўда дам пяцьдзясят тысяч франкаў таму, хто дапаможа мне з гэтай справай.

— У такім выпадку, — адказаў Дзюпэн, высоўваючы шуфляду і дастаючы адтуль чэкавую кніжку, — выпішыце мне чэк на згаданую суму, і калі вы паставіце на ім свой подпіс, я ўручу вам ліст.

Я быў агаломшаны, а прэфекта нібыта ўдарыла громам. Некалькі хвілінаў ён не мог ні варухнуцца, ні вымавіць хаця б слова, а толькі з разяўленым ротам недаверліва пазіраў на майго сябра. Здавалася, вочы паліцэйскага вось-вось вылезуць з арбітаў. Урэшце, неяк узяўшы сябе ў рукі, ён схапіў пяро і пасля некалькіх перапынкаў і пустых позіркаў навокал змог запоўніць чэк на пяцьдзясят тысяч франкаў і падпісаць яго, каб перадаць Дзюпэну праз стол. Той уважліва вывучыў чэк і схаваў яго ў партманэт, а затым, адамкнуўшы сакрэтнік, дастаў адтуль аркуш і перадаў прэфекту. У сапраўдным параксізме радасці паліцэйскі схапіў ліст, дрыготкімі рукамі разгарнуў яго, хутка прагледзеў змест, потым, сабраўшы сілы, пацягнуўся да дзвярэй і ўрэшце бесцырымонна выскачыў з пакоя і з дому, не сказаўшы з таго моманту, як Дзюпэн запатрабаваў чэк, ані слова.

Калі ён сышоў, мой сябар пусціўся ў тлумачэнні.

— Парыжская паліцыя, — сказаў ён, — па-свойму вельмі здольная. Усе яны настойлівыя, вынаходлівыя, хітрыя і добра абазнаныя ў тых сферах, якія відавочна патрэбныя ў іх прафесіі. А таму, калі прэфект падрабязна апісаў мне, як ён абшукваў дом міністра, я цалкам упэўніўся, што сваю справу ён зрабіў выдатна — у межах абранага ім кірунку росшукаў.

— У межах абранага ім кірунку?

— Але, — пацвердзіў Дзюпэн. — Зробленыя ім захады былі не проста выключнымі — яны дасканала рэалізоўваліся. Калі б ліст схавалі гэткім жа чынам, хлопцы з паліцыі, несумненна, яго знайшлі б.

Я толькі рассмяяўся, але ён, здаецца, гаварыў сур’ёзна.

— Самі па сабе гэтыя захады, — прадоўжыў ён, — былі добрыя, як і самі росшукі. Іх недахоп палягаў у тым, што яны не адпавядалі ні нашай сітуацыі, ні нашаму злачынцу. Пэўны набор надзвычай вынаходлівых метадаў ператварыўся для прэфекта ў своеасаблівае пракрустава ложа, да якога ён гвалтоўна падладжвае свае планы. Прэфект увесь час памыляецца, занураючыся ў праблему то занадта глыбока, то занадта павярхоўна — многія школьнікі змогуць разважаць лепш за яго. Я ведаў аднаго васьмігадовага хлопчыка, чые поспехі ў гульні “цот і лішка” выклікалі ўсеагульнае захапленне. Для гэтай простай гульні патрэбныя толькі шарыкі. Адзін гулец заціскае ў далоні некалькі такіх шарыкаў, а другі мусіць адгадаць, цотная іх колькасць ці няцотная. Той, хто адгадаў, атрымлівае шарык, той, хто не адгадаў — аддае. Хлопчык, пра якога я казаў, выйграў усе шарыкі ў школе. Безумоўна, у яго быў свой метад адгадвання, які палягаў усяго толькі ў назіранні за супернікам і вызначэннем узроўню яго хітрасці. Напрыклад, ягоны супернік — сапраўдны дурань — выцягвае сціснутую руку і пытае: “Цот ці лішка?” Наш хлопец адказвае: “Лішка”, — і страчвае шарык, але другую спробу выйграе, разважыўшы так: “Гэты дурань загадаў першы раз цотную колькасць, і цяпер яго мазгоў хопіць толькі на тое, каб другі раз загадаць няцотную, а таму трэба зноў выбраць лішку”. Ён адказвае: “Лішка”, — і выйграе. Калі ж дурань трохі разумнейшы, наш хлопец разважае іначай: “Супернік ведае, што першы раз я выбраў лішку, а таму для другой спробы ён спачатку захоча замяніць цот на лішку, як папярэдні дурань, але потым падумае, што гэта занадта проста, і ўрэшце зноў спыніцца на цотнай колькасці, а таму трэба выбраць цот”. Адказвае: “Цот”, — і выйграе. Вось такі метад выкарыстоўвае наш школьнік, якога сябры называюць лёсікам — і ў чым жа сутнасць гэтага метаду?

— Усяго толькі ў здольнасці атаясаміць свой інтэлект з інтэлектам суперніка, — сказаў я.

— Так і ёсць, — пацвердзіў Дзюпэн, — і калі я спытаў хлопчыка, якім чынам ён змог так цудоўна атаясамлівацца з супернікам і ўвесь час перамагаць, то атрымаў такі адказ: “Калі я хачу даведацца, наколькі хтосьці разумны, ці дурны, ці добры, ці дрэнны, альбо пра што ён у гэты момант думае, я спрабую з усёй магчымай дакладнасцю скапіяваць выраз яго твару і потым гляджу, якія ў маёй галаве з’яўляюцца думкі, а ў сэрцы — пачуцці ў адпаведнасці з такім выразам”. У словах гэтага школьніка хаваецца самая сутнасць тых уяўных глыбіняў, якія прыпісваюцца Ларашфуко, Лабруеру, Мак’явэлі і Кампанэлу [4].

— І атаясамленне розуму мысляра з розумам яго суперніка залежыць, калі я не памыляюся, ад таго, ці правільна ён гэты самы розум суперніка ацаніў, — спытаў я.

— З практычнага гледзішча ўсё так і ёсць, — адказаў Дзюпэн. — Прэфект і яго кагорта так часта церпяць паразу, па-першае, праз няздольнасць атаясамлівацца, а па-другое, праз памылковую ацэнку розуму таго, з кім маюць справу, ці, дакладней, праз адсутнасць такой ацэнкі. Яны бяруць да ўвагі толькі ўласнае ўяўленне пра вынаходлівасць і, шукаючы нешта схаванае, думаюць толькі пра тое, як бы яны самі гэта схавалі. У чымсьці яны маюць рацыю: іх уяўленне пра вынаходлівасць цалкам адпавядае ўяўленням большасці людзей, але калі нейкі злачынца вылучаецца вельмі асаблівай, не падобнай да іхнай, хітрасцю, гэта, безумоўна, збівае іх з панталыку. Так бывае заўсёды, калі злачынца разумнейшы за іх, і досыць часта — калі дурнейшы. Прынцыпы іх расследаванняў ніколі не пераглядаюцца — у найлепшым выпадку паліцэйскія, трапіўшы ў экстрэмальную сітуацыю (напрыклад, іх падганяе надзвычай высокая ўзнагарода), могуць пашырыць ці ўдасканаліць старыя метады працы, але яе прынцыпаў не змяняюць. Што, напрыклад, яны зрабілі ў справе з міністрам, каб разнастаіць свае метады? Чым ёсць усе іх свідраванні, праколы, прастукванні, даследаванні з дапамогай мікраскопа і раздзяленні прасторы на пранумараваныя квадратныя цалі? Не больш як пашыраным выкарыстаннем старога метаду ці сукупнасці метадаў для абшуквання, заснаванага на пэўным наборы ведаў пра чалавечую вынаходлівасць, да якой прэфект прыйшоў за доўгія гады руціннай працы. Бачыце, ён лічыць натуральным, што ўсе людзі схаваюць ліст калі не ў прасвідраванай у ножцы крэсла дзірцы, то прынамсі ў нейкім іншым цяжкадасягальным месцы, у схованцы, якую падкажа той самы кірунак думак, што прымусіць чалавека засунуць ліст у прасвідраваную ў ножцы крэсла дзірку. Бачыце, такія вышуканыя тайнікі прыдатныя толькі для пасрэдных выпадкаў і прыйдуць толькі ў вельмі пасрэдную галаву. Бо ва ўсіх справах, калі даводзіцца шукаць схаванае, тайнік — асабліва такі вышуканы — у першую чаргу прыходзіць у галаву, а таму лёгка вызначальны, і яго пошукі залежаць не так ад кемлівасці, як ад простай уважлівасці, цярплівасці і настойлівасці тых, хто шукае. А калі вядзецца пра важную справу — ці пра істотную ўзнагароду, што ў вачах паліцэйскіх значыць тое самае, — згаданыя якасці ніколі не падводзяць. Цяпер вы разумееце, што я меў на ўвазе, кажучы, што калі б скрадзены ліст быў схаваны ў межах абранага прэфектам кірунку росшукаў — іншымі словамі, калі б прынцыпы яго хавання былі супастаўныя з прынцыпамі прэфекта — паліцыя, без сумневу, змагла б знайсці прапажу. Аднак паліцэйскі зусім заблытаўся, і глыбінная прычына яго паразы палягае ў меркаванні, што міністр — дурань, бо мае славу паэта. Паводле адчуванняў прэфекта, усе дурні — паэты, і ён памыляецца хіба што ў non distributio medii [5], робячы з гэтага выснову, што ўсе паэты — дурні.

— А ён што, і праўда паэт? — спытаў я. — Наколькі я ведаю, іх двое братоў, і абодва маюць рэпутацыю пісьменнікаў. Але міністр, здаецца, піша навуковыя трактаты пра дыферэнцыйнае вылічэнне. Ён матэматык, а не паэт.

— Вы памыляецеся. Я ведаю яго: ён і тое, і другое. Як паэт і матэматык ён мусіць добра разважаць, а калі б ён быў проста матэматыкам, то ўвогуле не разважаў бы і адразу апынуўся б у руках прэфекта.

— Вы мяне здзіўляеце, — сказаў я. — Вашым меркаванням супярэчыць голас усяго свету. Вы не можаце грэбаваць уяўленнямі, што правераныя стагоддзямі! Матэматычны розум ужо даўно лічыцца розумам у найвышэйшай ступені.

— Il y a à parièr, — адказаў Дзюпэн, цытуючы Шамфора, — que toute idée publique, toute convention reçue est une sottise, car elle a convenue au plus grand nombre[6]. Згодны, матэматыкі зрабілі ўсё магчымае, каб пашырыць у свеце згаданую вамі памылковую думку, так, менавіта памылковую, хаця яе і распаўсюджваюць як праўдзівую. Напрыклад, яны з майстэрствам, вартым лепшага прымянення, хітра ўвялі ў алгебру тэрмін “аналіз”. Гэтае махлярства — справа рук французаў, але калі тэрмін мае хоць нейкае значэнне, калі ў правільным ужыванні словаў ёсць хоць нейкі сэнс, то слова “аналіз” суадносіцца са словам “алгебра” не больш, чым лацінскае “ambitus” звязанае з “амбіцыяй”, а “religio” — з “рэлігіяй” [7].

— Ага, вы ўжо гатовы паспрачацца з некаторымі парыжскімі алгебраістамі, — сказаў я, — але працягвайце.

— Я стаўлю пад сумнеў прыдатнасць, а адпаведна, і каштоўнасць таго розуму, які развіваецца ў нейкай іншай форме, апроч абстрактна-лагічнай. У прыватнасці я стаўлю пад сумнеў розум, здабыты дзякуючы матэматычным штудыям. Матэматыка — гэта навука пра форму і колькасць, матэматычны розум — гэта звычайная логіка, якую выкарысталі для назірання за формай і колькасцю. Меркаванне, нібыта ісціны так званай чыстай алгебры з’яўляюцца ісцінамі абстрактнымі альбо ўніверсальнымі, — гэта вялікая памылка. Прычым такая відавочная, што я вельмі збянтэжаны тым, наколькі ўсе прымаюць яе за чыстую манету. Матэматычныя аксіёмы — гэта не аксіёмы ўніверсальнай ісціны. Тое, што ёсць ісцінай у дачыненні да ўзаемасувязі формы і колькасці, часта выяўляецца страшэннай памылкай у дачыненні да, напрыклад, этыкі. У гэтай апошняй галіне нярэдка сума частак зусім не роўная цэламу. Для хіміі гэтая аксіёма таксама непрымальная. Непрымальная яна і для знаходжання матываў, бо калі ёсць два матывы, кожны з якіх мае пэўнае значэнне, то сума гэтых двух матываў не абавязкова дасць суму іх значэнняў. Існуе безліч іншых матэматычных ісцінаў, якія застаюцца ісцінамі толькі ў межах узаемасувязі формы і колькасці. Але матэматык са сваіх абмежаваных ісцінаў звыкла робіць такія высновы, нібыта гэтыя ісціны маюць абсалютна ўніверсальнае дастасаванне — а свет напраўду лічыць, што так яно і ёсць. Браянт [8] у сваёй вельмі вучонай “Міфалогіі” згадвае аналагічную крыніцу памылак, кажучы, што “хаця ў паганскія казкі ніхто не верыць, мы ўвесь час забываемся і робім з іх высновы, як з фактаў рэчаіснасці”. Што да алгебраістаў (а яны таксама паганцы), то ў іх “паганскія казкі” акурат вераць і робяць высновы не так з прычыны правалаў у памяці, як праз невытлумачальнае пратуханне мазгоў. Карацей кажучы, я ніколі не сутыкаўся хоць з якім матэматыкам, якому можна даверыць што-небудзь, апроч здабывання каранёў, ці які ўпотай не лічыў бы адным з пунктаў свае веры тое, што x2+px нязменна і без агаворак роўнае q. У якасці эксперыменту скажыце, калі ў вас ёсць жаданне, аднаму з такіх спадароў, што вы верыце, нібыта могуць існаваць выпадкі, калі x2+pxне зусім роўнае q, і давёўшы да яго гэтую думку, як мага хутчэй пакіньце зону дасягальнасці, бо няма сумневаў, што ён паспрабуе растрыбушыць вас разам з вашым меркаваннем.

— Я маю на ўвазе, — працягнуў Дзюпэн, бо на яго апошнюю заўвагу я толькі рассмяяўся, — што калі б міністр быў усяго толькі матэматыкам, прэфекту нізашто не давялося б выпісваць мне гэты чэк. Аднак я ведаў, што ён і матэматык, і паэт, а таму ацэньваў яго з гледзішча ягоных здольнасцяў, памятаючы пра абставіны ўсёй справы. Я ведаў, што ён яшчэ і прыдворны, а таксама смелы інтрыган. Такі чалавек, падумаў я, не можа не здагадвацца пра метады шараговай паліцыі. Ён не можа не прадчуваць — і далейшыя падзеі цалкам гэта пацвердзілі, — якія пасткі яму рыхтуюць. Ён мусіў прадбачыць, падумаў я, таемнае абшукванне сваіх пакояў. Яго частую адсутнасць уначы, якую прэфект радасна палічыў у нейкай ступені прадвесцем поспеху, я адношу да звычайнай хітрасці, што давала паліцыі магчымасць абшукаць дом і ўрэшце прыйсці да высновы, да якой прэфект і праўда прыйшоў: што ліст знаходзіцца за межамі жытла выкрадальніка. Таксама я адчуваў, што ўвесь ланцуг думак, які я намагаюся цяпер перад вамі выкласці і які датычыць нязменных прынцыпаў паліцэйскага расследавання і пошукаў схаваных рэчаў… я адчуваў, што ўвесь гэты ланцуг думак абавязкова мусіў прайсці ў галаве міністра, і той без сумневу з пагардай адрынуў усе шараговыя тайнікі. Ён не мог, падумаў я, быць такім дурным і не ўбачыць, што да самых заблытаных і цяжкадасягальных схованак у яго жытле людзі прэфекта дабяруцца з дапамогай свярдзёлкаў, іголак і мікраскопаў хутчэй, чым да звычайных адчыненых шафаў. І таму я прадбачыў, што ўрэшце яму давядзецца абраць для схованкі простае месца, калі толькі ён не звярнуўся да гэтай ідэі з самага пачатку. Вы, магчыма, помніце, як зарагатаў прэфект, калі я падчас нашай першай размовы дапусціў, што разгадка гэтай таямніцы прыносіць яму столькі клопату выключна таму, што яна занадта празрыстая.

— Канечне, — сказаў я, — я цудоўна помню гэты рогат. Я нават падумаў, што прэфект зараз заб’ецца ў канвульсіях.

 — У матэрыяльным свеце, — казаў далей Дзюпэн, — надзвычай шмат дакладных аналогіяў са светам нематэрыяльным, і ёсць штосьці ад праўды ў рытарычнай догме, якая сцвярджае, нібыта метафару ці параўнанне можна выкарыстоўваць як дзеля таго, каб упрыгожыць апісанне, так і дзеля таго, каб узмацніць аргумент. Прынцып vis inertiæ[9], напрыклад, дзейнічае ў фізіцы і метафізіцы аднолькава. Калі для першай справядлівае сцверджанне, што вялікае цела больш складана прывесці ў рух, чым маленькае, і што імпульс будзе сувымерны з гэтай складанасцю, то і для другой не будзе памылковым, што розумы з вялікімі здольнасцямі, хаця яны і больш моцныя, устойлівыя і плённыя ў сваім руху, чым розумы драбнейшыя, тым не менш, цяжэй кранаюцца з месца і, робячы першыя крокі наперад, часцей бянтэжацца і вагаюцца. І яшчэ: вы заўважалі калі-небудзь, якія вулічныя шыльды над крамамі забіраюць больш увагі?

— Ніколі над гэтым не задумваўся, — адказаў я.

— Ёсць гульня, — прадоўжыў ён, — для якой патрэбная карта. Хтосьці выбірае слова — назву горада, ракі, краіны ці імперыі, карацей, любы надпіс з тых, якімі ўсыпаны ўвесь гэты стракаты аркуш, а іншы павінен яго знайсці. Пачаткоўцы звычайна спрабуюць заблытаць суперніка і загадваюць назвы, напісаныя самым дробным шрыфтам, знаўцы ж выбіраюць найбуйнейшыя словы, вялізныя літары якіх праходзяць праз усю карту. На такія словы, як і на вялікія шыльды і плакаты на вуліцах, мы не звяртаем увагі, бо яны надзвычай бачныя. Гэтая фізічная асаблівасць зроку дакладна адпавядае той псіхічнай няўважлівасці, з якой інтэлект звычайна пакідае за межамі ўспрыняцця надта навязлівыя і цалкам відавочныя акалічнасці. І менавіта гэтая асаблівасць, як выявілася, знаходзіцца трошкі вышэй ці ніжэй за разуменне прэфекта. Ён ні разу не палічыў магчымым ці верагодным, што міністр паклаў ліст на самым бачным месцы, каб ніхто не змог яго ўбачыць.

І чым больш я разважаў пра дзёрзкі, бясстрашны і праніклівы розум міністра, пра жорсткую неабходнасць заўсёды мець ліст пад рукой, каб выкарыстаць яго сабе на карысць, а таксама пра цвёрдую ўпэўненасць прэфекта, што ліст не схаваны ў межах звычайных паліцэйскіх росшукаў, тым больш я запэўніваўся, што міністр, каб схаваць гэты аркуш, скарыстаў самую правільную і дальнабачную хітрасць — ён гэты ліст увогуле не хаваў.

Захоплены такімі развагамі, я ўзброіўся парай зялёных акуляраў і адным цудоўным ранкам ледзь не выпадкова зазірнуў да міністра. Ён быў дома і, як звычайна, пазяхаў, гультаяваў і сноўдаўся без справы, удаючы скрайнюю форму хандры. Магчыма, ён самы энергічны чалавек на цэлым свеце, але толькі тады, калі яго ніхто не бачыць.

Узяўшы ягоны тон, я пажаліўся на слабы зрок і паплакаўся на неабходнасць насіць акуляры, пад якімі ў гэты час уважліва і старанна аглядаў яго пакой, хаця здавалася, што заняты я выключна гутаркай з гаспадаром.

Маю асаблівую ўвагу забраў вялікі пісьмовы стол, за якім ён сядзеў і на якім самыя розныя лісты і іншыя паперы неахайна ляжалі побач з адным ці двума музычнымі інструментамі і некалькімі кнігамі. Але цягам доўгага і вельмі пільнага агляду я не заўважыў там нічога, што ўзбудзіла б хоць нейкае падазрэнне.

Урэшце мой позірк, робячы чарговае кола па пакоі, спыніўся на кідкай філіграннай палічцы для візітовак, якая трымалася на невялікім медным выступе трохі ніжэй за цэнтр каміннай дошкі і была прывязаная бруднай сіняй стужкай. На гэтай палічцы, якая мела тры ці чатыры аддзяленні, ляжала пяць ці шэсць візітовак і адзін самотны ліст, моцна пакамечаны і запэцканы. Пасярэдзіне ён быў амаль разарваны на дзве часткі, нібыта пасля першага прагляду яго вырашылі парваць як непатрэбны, а потым перадумалі і пакінулі. На ім была вялікая чорная пячатка з надзвычай выразнай манаграмай — літарай “Д”, — а дробны жаночы почырк паведамляў, што яно адрасуецца “міністру Д. ва ўласныя рукі”. Ліст быў неахайна і нават, здавалася, пагардліва закінуты ў адно з ніжніх аддзяленняў палічкі.

Як толькі я ўбачыў гэты ліст, то адразу вырашыў, што менавіта ён мне і патрэбны. Дакладней, ён па ўсіх прыкметах адрозніваўся ад таго, падрабязнае апісанне якога нам прачытаў прэфект. Тут пячатка была вялікая і чорная, з манаграмай “Д”, там — маленькая і чырвоная, з гербам герцагскага роду С. На гэтым лісце імя адрасата было напісанае дробнымі жаночым почыркам, пасланне ж, прызначанае для нашай каралеўскай асобы, было падпісанае смелай і ўпэўненай рукой. Супадаў толькі памер ліста. Але менавіта кардынальнасць гэтых адрозненняў: брудная, пакамечаная і надарваная папера, якая так не адпавядала звычайнай ахайнасці міністра і вельмі яскрава сведчыла пра жаданне стварыць уражанне, што ліст не варты ніякае ўвагі, — менавіта гэтая кардынальнасць разам з надта бачным месцам захоўвання ліста, якое кідалася ў вочы любому наведніку, усё гэта, паўтаруся, магло толькі пацвердзіць падазрэнні таго, хто прыйшоў туды з намерам падазраваць.

Я зацягнуў візіт наколькі было магчыма і, падтрымліваючы з міністрам надзвычай гарачую спрэчку на тэму, якая, як я ведаў, яго заўсёды цікавіла і захапляла, усю сваю ўвагу засяродзіў на лісце. За гэты час я дакладна запомніў яго выгляд і размяшчэнне на палічцы, а таксама зрабіў адкрыццё, якое рассеяла б апошнія сумневы, калі б яны ў мяне яшчэ заставаліся. Пільна разглядаючы краі паперы, я заўважыў, што яны нашмат больш разгладжаныя, чым трэба, і выглядаюць надломленымі — так бывае, калі шчыльную паперу спачатку складуць і прыціснуць, а потым паспрабуюць выраўнаць, згінаючы ў іншы бок па той самай складцы. Цяпер я быў упэўнены. Ліст відавочна вывернулі навыварат, як пальчатку, напісалі на ім новы адрас і паставілі новую пячатку. Я пажадаў міністру добрага дня і адразу ж сышоў, пакінуўшы на стале залатую табакерку.

Наступным ранкам я зазірнуў да яго, каб забраць табакерку, і мы з новым запалам працягнулі ўчарашнюю размову. Але раптам нас перарваў гучны стрэл, падобны да пісталетнага, які грымнуў пад самымі вокнамі, і адразу ж пачуліся жахлівыя крыкі і лямант натоўпу. Міністр кінуўся да акна, расчыніў яго і вызірнуў вонкі. У гэты момант я падскочыў да палічкі, узяў ліст, засунуў яго ў кішэнь, а на палічку паклаў копію (безумоўна, копію што да выгляду, а не да зместу), якую старанна падрыхтаваў дома, лёгка падрабіўшы пячатку з манаграмай з дапамогай хлебнага мякішу.

Гармідар на вуліцы быў выкліканы шалёным учынкам нейкага чалавека з мушкетам: ён стрэліў у натоўп жанчын і дзяцей. Але потым выявілася, што стрэл быў халасты, і ваяку адпусцілі на ўсе чатыры бакі, палічыўшы яго ці то вар’ятам, ці то п’яным. Калі ён знік, міністр адышоў ад акна, ля якога на той момант стаяў ужо і я, папярэдне схаваўшы сваю здабычу. Неўзабаве я развітаўся. Паслугі ўяўнага вар’ята аплаціў, безумоўна, я.

— Але навошта вы падмянілі ліст копіяй? — спытаў я. — Можа, лепш было падчас першага ж візіту адкрыта яго забраць і сысці?

— Міністр — чалавек адчайны і вельмі нервовы, — адказаў Дзюпэн. — Да таго ж яго слугі адданыя яго інтарэсам. Калі б я зрабіў так, як прапанавалі вы, то мог бы і не выбрацца з яго ўладанняў жывым. І тады добрыя парыжане больш нічога б пра мяне не чулі. Але былі і іншыя прычыны. Вы ведаеце пра мае палітычныя прыхільнасці. У гэтай справе я дзейнічаў на баку пакрыўджанай дамы. Паўтара году міністр трымаў яе ў сваёй ўладзе. А цяпер ён сам у яе руках: не ведаючы, што ліст ужо вернуты гаспадыні, міністр, як і раней, будзе нечага ў яе патрабаваць, і гэта непазбежна прывядзе яго да палітычнага краху. Яго падзенне будзе не толькі імклівым, але і непрыемным. Лёгка гаварыць, што facilis descensus Averni[10], але калі вядзецца пра пад’ёмы і спускі, то, як казала пра спеў Каталані [11], ісці ўверх нашмат прасцей, чым уніз. І ў дадзеным выпадку я зусім не спачуваю, ці, прынамсі, не шкадую таго, хто мусіць упасці. Бо ён — сапраўдны monstrum horrendum[12], геній, пазбаўлены прынцыпаў. Аднак мушу прызнацца, што мне вельмі хацелася б даведацца, якія думкі прыйдуць у галаву міністра, калі яму адмовіць “вельмі высокапастаўленая персона”, як называе яе прэфект, і яму давядзецца разгарнуць пакінутае мной на палічцы пасланне.

— Вы напісалі там штосьці асаблівае?

— Разумееце, я палічыў, што не маю права пакінуць унутраную частку ліста чыстай, бо гэта было б абразай. Калісьці ў Вене міністр вельмі кепска са мной абышоўся, і тады я весела сказаў яму, што не забуду гэтага. Я ўпэўнены, яму захочацца даведацца, хто змог яго перахітрыць, і было б шкада не пакінуць яму ключа да разгадкі. Мой почырк яму добра вядомы, і таму я проста напісаў у лісце некалькі словаў:

…Un dessein si funeste,

S’il n’est digne d’Atrée, est digne de Thyeste [13].

Вы можаце знайсці іх у “Атрэі” Крэбіёна.

__________________________________________________________________

Каментар

Існуе некалькі спісаў апавядання “Скрадзены ліст” з нязначнымі адрозненнямі. За аснову для гэтага перакладу было ўзятае апошняе прыжыццёвае выданне апавядання 1849 году.

1. Nil sapientiae odiosius acumine nimio — для мудрасці няма нічога ненавіснейшага за хітрасць (лац.). Луцый Анэй Сенека (3 г. да н.э. — 65 г. н. э.) — рымскі філосаф-стоік, паэт і дзяржаўны дзеяч, выхавальнік Нерона.

2. На чацвертым паверху дома №33 па вуліцы Дзюно ў прадмесці Сэн-Жэрмэн (фр.).

3. Джон Абернэці (1764—1831) — знакаміты ангельскі анатам, навуковец і хірург. У яго гонар названая апісаная ім саркома Абернэці.

4. Франсуа VI дэ Ларашфуко (1613—1680) — французскі пісьменнік і філосаф-мараліст, аўтар “Максімаў” (1665) — зборніка афарызмаў, які ўяўляе кодэкс жыццёвай філасофіі. Жан дэ Лабруер (1645—1696) — французскі мараліст, аўтар адзінай працы — “Характараў”, кнігі, якая складаецца з 16 частак, дзве з якіх прысвечаныя царкоўнаму красамоўству і вальнадумству, а астатнія ўяўляюць вынік жыццёвых назіранняў. Нікало Мак’явэлі (1469—1527) — італьянскі пісьменнік, гісторык і палітычны дзеяч. Асноўную яго працу — трактат “Уладар” — на беларускую мову пераклаў Зміцер Колас. Тамаза Кампанэла (1568—1639) — італьянскі навуковец і пісьменнік. Яго асноўная праца, сацыяльная ўтопія “Горад Сонца”, была напісаная ў 1602 годзе ў вязні.

5. Non distributio medii — неразмеркаванне сярэдняга (лац.), класічная памылка ў фармальнай логіцы. Адно з правілаў пабудовы простага катэгарычнага сілагізму кажа, што сярэдні тэрмін павінен быць размеркаваны хаця б у адной з пасылак.

6. Себасцьен-Рош Нікаля дэ Шамфор (1741—1794) — французскі пісьменнік, мысляр, мараліст, сакратар Якабінскага клуба, аўтар пасмяротна выдадзеных “Максімаў” (1795), адкуль і ўзятая цытата. “Il y a à parièr que toute idée publique, toute convention reçue est une sottise, car elle a convenue au plus grand nombre” — “Можна пайсці ў заклад, што ўсялякая шырока распаўсюджаная думка, усялякая агульнапрынятая ўмоўнасць —дурасць, бо яна прынятая большасцю”.

7. Ambitus — кола, абход, контур (лац.), religio — сумленнасць (лац.)

8. Джэйкаб Браянт (1715—1804) — ангельскі навуковец, даследчык міфалогіі, аўтар дзесяцітомнай працы “Новая сістэма, ці Аналіз антычнай міфалогіі” (1774—1776, апошнія шэсць тамоў — 1807), адкуль і ўзятая цытата. Асноўная ідэя працы палягае ў тым, што ўсе рэлігіі свету звязаныя, бо ў аснове ўсіх іх ляжыць адна сістэма бачання свету. Ідэя гэтая выведзеная аўтарам дзякуючы вывучэнню хрысціянскай дактрыны.

9. Vis inertiæ — сіла інэрцыі (лац.)

10. Facilis descensus Averni — “лёгкі спуск праз Аверн” (лац.). Цытата ўзятая з “Энеіды” Вергілія (VI, 126—129). Спуск праз Аверн — дарога ў падземны свет: Авернскае возера ля горада Кумы ў Кампані лічылася ўваходам у іншасвет.

11. Анжэліка Каталані (1780—1849) — знакамітая італьянская оперная спявачка. Пакінуўшы сцэну ў 1828 годзе, яна прысвяціла жыццё стварэнню і падтрымцы бясплатнай музычнай школы для дзяўчат у Фларэнцыі

12. Monstrum horrendum — жахлівая пачвара (лац.). Цытата з “Энеіды” Вергілія (ІІІ, 658), дзе апісваецца Цэрбер: “Monstrum horrendum, informe, ingens, cui lumen ademptum” (“Страшнае, злое, жахліва агіднае, змроку стварэнне”).

13. Праспэр Жаліё Крэбіён (1674—1762) — французскі паэт і драматург, аўтар шэрагу п’есаў, у тым ліку і “Атрэя”, заснаванага на сюжэце “Фіеста” Сенекі. У п’есе апісваецца суперніцтва паміж братамі Атрэем і Фіестам. Фіест спрабаваў здабыць уладу над Мікенамі, выкраўшы ў брата залатое руно. Выкрыты багамі і выгнаны Атрэем, каб адпомсціць, Фіест скраў сына Атрэя Плісфена і выхаваў яго ў нянавісці да бацькі. Ён хацеў падбухторыць Плісфена забіць Атрэя, але Плісфен загінуў ад бацькавай рукі. Даведаўшыся пра гэта, Атрэй забіў сыноў Фіеста і, запрасіўшы брата на бяседу, падаў яму мяса ягоных дзяцей. “…Un dessein si funeste, // S’il n’est digne d’Atrée, est digne de Thyeste” — “Бо згубны план такога зместу // Прысніцца мог як не Атрэю, дык Фіесту”.

Пераклад з ангельскай – Ганна Янкута © 2012

Чытайце таксама

Ульф Старк

Ульф Старк

Шведскі пісьменнік і сцэнарыст

Роналд Нокс

Роналд Нокс

Ангельскі рэлігійны дзеяч і пісьменнік, аўтар дэтэктываў

Сяргей Прылуцкі

Сяргей Прылуцкі

Беларускі паэт і перакладчык. Жыве ва Украіне

Міхал Андрасюк

Міхал Андрасюк

Беларуска- і польскамоўны пісьменнік, журналіст, дзеяч беларускай меншасці ў Польшчы

1049