№21: Знак прысутнасці

№21: Знак прысутнасці

Мы прысвячаем новы нумар “ПрайдзіСвета” феномену сувязі літаратуры і гомасэксуальнасці, альбо, кажучы мовай ХХІ стагоддзя, сувязі літаратуры і ЛГБТК. Ці застаецца літаратура літаратурай, калі адкрывае нам сусвет цялеснасці, сэксуальнасці, інтымнасці? Чаму беларуская літаратура моцная ў апісанні вайны і такая бездапаможная, стэрыльная ў апісанні цялеснасці і сэксуальнасці? Ці існуе беларуская ЛГБТК-літаратура? На гэтыя і іншыя пытанні можна будзе знайсці адказы ў нумары

Чытаць далей

Артур Конан Дойл

Вампір у Сасэксе (The Adventure of the Sussex Vampire)

Апавяданне

Пераклад з ангельскай Наста Бакшанская


Холмс уважліва прачытаў запіску, якую даставілі з апошняй поштай, і, каротка хмыкнуўшы, што ў яго абазначала смех, перакінуў яе мне.

— Мяркую, што больш недарэчную мешаніну з сучаснасці і старадаўніх забабонаў, здаровага сэнсу і буйнай фантазіі ўявіць цяжка, — сказаў ён. — Што вы пра гэта думаеце, Ўотсан?

Я прачытаў наступнае:

Олд-Джуры, 46

19 лістапада

Адносна вампіраў.

Шаноўны сэр!

Наш кліент, містэр Роберт Фэргюсан, кампанія “Фэргюсан і Мюрхэд”, пастаўшчыкі гарбаты на Мінсінг-лэйн, зрабіў запыт адносна вампіраў. Паколькі нашая фірма займаецца выключна ацэнкай машыннага абсталявання, гэтае пытанне не ляжыць у сферы нашай кампетэнцыі, і мы параілі містэру Фэргюсану звярнуцца да вас і выкласці ўсе факты. Мы не забылі вашага паспяховага расследавання справы Матыльды Брыгс.

З павагай,

Морысан, Морысан і Дод

— Матыльда Брыгс — не імя юнай дзяўчыны, Ўотсан, — задуменна сказаў Холмс, — а назва карабля. З гэтай справай звязаны таксама аграмадны пацук з Суматры, але да такой гісторыі свет яшчэ не гатовы. А што мы ведаем пра вампіраў? Ці ляжыць гэта ў сферы нашай кампетэнцыі? Канечне, гэта лепш за нуду і бяздзейнасць, але мы, падаецца, трапілі ў казку братоў Грым. Падайце, калі ласка, кнігу, Ўотсан, зірнем, што там пад літарай “В”.

Я адкінуўся назад і дастаў тоўсты даведнік, пра які ён казаў. Прыладзіўшы яго на каленях, Холмс нетаропка, з любоўю пачаў гартаць запісы старых справаў, перамяшаныя з унікальнымі звесткамі, сабранымі ім самім.

— Вандроўка “Глорыі Скот”, — чытаў ён. — Брудная справа. Прыгадваю, вы рабілі запісы пра яе, Ўотсан, хаця вынік вашай працы не даў мне падставаў павіншаваць вас з поспехам… Віктар Лінч, махляр… Варан, вялізная яшчарка… Надзвычай цікава было! Вікторыя, прыгажуня-цыркачка… Вандэрбілт і ўзломшчык... Вужы... Вайгар, цуд у Хамэрсміце. Вось яно! Стары добры даведнік. Іншага такога не знойдзеш. Паслухайце, Ўотсан. Вампірызм у Венгрыі… Ці вось яшчэ — вампіры ў Трансільваніі!..

Ён захоплена і ўважліва гартаў старонкі, але неўзабаве з прыкрасцю адкінуў даведнік.

— Лухта, Ўотсан, лухта! Што нам рабіць з хадзячымі мерцвякамі, якія заганяюцца ў магілу толькі калом у сэрца? Вар’яцтва нейкае.

— Але ж вампіры — неабавязкова мерцвякі, — сказаў я. — І жывыя могуць паводзіць сябе гэтак жа. Я, прыкладам, чытаў пра старых, што пілі кроў немаўлятак, каб вярнуць сабе маладосць.

— Вашая рацыя, Ўотсан. Тут таксама пра гэта пішуць. Але ці варта сур’ёзна ставіцца да такіх рэчаў? У сваёй дзейнасці я абедзвюма нагамі стаю на зямлі і не збіраюся штосьці мяняць. Рэальнага свету нам цалкам дастаткова, так што абыдземся без прывідаў. Баюся, мы не можам сур’ёзна паставіцца да просьбы містэра Фэргюсана. А гэты ліст, мабыць, ад яго і здольны праліць святло на ягоную праблему.

Ён падняў ліст, што ляжаў на стале незаўважаным, пакуль Холмс быў заняты першым. Мой сябар пачаў чытаць яго з паблажлівай усмешкай, што паступова змянілася выразам напружанай цікавасці і ўвагі. Прачытаўшы, ён сеў, заглыблены ў думкі; аркуш свабодна павіс у яго паміж пальцамі. Урэшце, рэзка ўздрыгнуўшы, ён абудзіўся ад задуменнасці.

— Чызмэн, Лэмберлі. Дзе знаходзіцца Лэмберлі, Ўотсан?

— Гэта ў Сасэксе, на поўдзень ад Хоршэма.

— Не вельмі далёка, праўда? А Чызмэн?

— Я ведаю гэтыя мясціны. На кожным кроку — старадаўнія дамы, названыя ў гонар тых, хто збудаваў іх стагоддзі таму. Там ёсць Одлі, і Харві, і Карытан — самі людзі забытыя, але іх імёны жывуць у назвах дамоў.

— Сапраўды, — суха сказаў Холмс.

Гэта была адна з асаблівасцяў яго гордага і незалежнага характару: хаця ён вельмі хутка запамінаў і ўкладаў у галаве любую новую інфармацыю, ён вельмі рэдка дзякаваў за гэта таму, ад каго яе атрымаў.

— Думаецца, мы будзем ведаць значна больш пра Чызмэн у Лэмберлі, калі скончым справу. Ліст, як я і меркаваў, ад Роберта Фэргюсана. Дарэчы, ён піша, што знаёмы з вамі, Ўотсан.

— Са мной?

— Чытайце самі.

Ён падаў мне ліст праз стол. Зваротны адрас быў: “Чызмэн, Лэмберлі”.

Я пачаў чытаць:

Шаноўны містэр Холмс!

Мне параілі звярнуцца да вас мае юрысты, але справа ў мяне настолькі далікатная, што яе вельмі складана выкласці на паперы. Яна датычыць майго сябра, ад чыйго імя я выступаю. Гэты джэнтльмен ажаніўся пяць гадоў таму з лэдзі родам з Перу, дачкой перуанскага гандляра, з якім ён сустракаўся з нагоды імпарту нітратаў. Жанчына яна надзвычай прыгожая, але яе іншаземнае паходжанне і нетутэйшае веравызнанне выклікалі непаразуменне ў інтарэсах і пачуццях паміж мужам і жонкай. Праз гэта яго каханне неўзабаве прайшло, і ён пачаў думаць, што саюз іх, мажліва, быў памылкай. Ён адчуваў, што некаторыя асаблівасці яе характару ён ніколі не здолее зразумець альбо прыняць. Гэта было балюча яшчэ і таму, што яна кахала яго, кахала вельмі аддана і шчыра.

Цяпер я перайду да моманту, які падрабязней патлумачу пры нашай асабістай сустрэчы. У гэтым лісце я акрэсліваю агульную сітуацыю, каб ведаць, ці зоймецеся вы гэтай справай. Апошнім часам жонка майго сябра пачала паводзіць сябе вельмі дзіўна, зусім не так прыязна і лагодна, як заўсёды. У майго сябра гэта другі шлюб, а ад першага ён мае сына. Хлопчыку цяпер пятнаццаць, гэта вельмі мілы і ласкавы падлетак, хаця і калека праз няшчасны выпадак у дзяцінстве. Двойчы жанчына накідвалася на няшчаснага хлопца, прычым без аніякіх на тое падставаў. Аднойчы яна ўдарыла яго палкай, ад чаго на ягонай руцэ застаўся вялікі рубец. Але гэта нішто ў параўнанні з яе стаўленнем да ўласнага дзіцяці, цудоўнага хлопчыка, якому няма і году. Прыблізна месяц таму нянька была вымушаная пакінуць дзіця без нагляду на некалькі хвілінаў. Раптам яна пачула яго гучны крык, нібы ад болю, і паспяшалася назад. Калі яна забегла ў пакой, то ўбачыла сваю гаспадыню, якая схілілася над сынам: без сумневаў, яна ўкусіла яго за шыю. На шыйцы дзіцяці была невялікая ранка, з якой струменіла кроў. Нянька была так уражаная, што хацела паклікаць мужа, але жанчына ўпрасіла яе не рабіць гэтага і дала пяць фунтаў за маўчанне. Ніхто нічога не патлумачыў, і на нейкі час гэта забылася.

Тым не менш, здарэнне зрабіла на няньку жудаснае ўражанне, і з таго часу яна пачала пільна сачыць за сваёй гаспадыняй і больш уважліва глядзець дзіця, якое пяшчотна любіла. Ёй здавалася, што маці, у сваю чаргу, сочыць за ёю і падпільноўвае момант, калі можна будзе дабрацца да немаўляткі. Удзень і ўначы нянька ахоўвала дзіця, і ўдзень і ўначы маці, насцярожаная і маўклівая, здавалася, перабывала ў чаканні — як воўк у чаканні ягняці. Гэта, канечне, гучыць неверагодна, але я малю вас паставіцца да справы сур’ёзна, бо і жыццё дзіцяці, і душэўнае здароўе бацькі залежаць ад гэтага.

Урэшце надышоў жахлівы дзень, калі муж даведаўся пра ўсё. Нервы нянькі не вытрымалі, яна не магла больш цярпець напружанне і шчыра прызналася гаспадару. Яму гэта здалося страшнай казкай, як, магчыма, здаецца і вам цяпер. Ён ведаў сваю жонку як адданую яму жанчыну і, калі забыцца пра яе напады на пасынка, адданую маці. Навошта ёй было раніць уласнае дзіця? Ён сказаў няньцы, што яна трызніць, што яе падазрэнні вар’яцкія, а такі нагавор на гаспадыню недапушчальны. Падчас размовы да іх данёсся раптоўны крык. Нянька і гаспадар кінуліся разам у дзіцячы пакой. Уявіце сабе яго пачуцці, містэр Холмс, калі ён убачыў, як яго жонка ўстае з каленяў ад дзіцячага ложка… і кроў — кроў на безабароннай дзіцячай шыйцы і прасціне. З крыкам жаху ён павярнуў жончын твар да святла і ўбачыў кроў на яе вуснах. Гэта была яна, без усялякіх сумневаў яна. Яна піла кроў беднага дзіцяці!

Такія вось акалічнасці справы. Цяпер жонцы не дазволена пакідаць пакой. Ніхто нічога не патлумачыў. Муж амаль звар’яцеў. Ён і я ведаем пра вампіраў вельмі мала, хіба толькі назву. Мы думалі, што гэта дзікая казка чужынскіх краінаў. І цяпер тут — у самым сэрцы Англіі, у Сасэксе… Але ўсё гэта можна абмеркаваць з вамі зранку. Вы не адмовіцеся сустрэцца са мной? Пагодзіцеся скарыстаць свае незвычайныя здольнасці, каб дапамагчы разгубленаму і напаўзвар’яцеламу чалавеку? Калі так, калі ласка, дашліце тэлеграму на імя Фэргюсана (Чызмэн, Лэмберлі), і я буду ў вас а дзясятай.

Шчыра ваш,

Роберт Фэргюсан

P.S. Калі не памыляюся, ваш сябра Ўотсан граў у рэгбі за Блэкхіт, а я быў трохчацвярным за Рычманд. Гэта адзіная рэкамендацыя, якую я магу прадставіць.

— Безумоўна, я яго памятаю, — сказаў я, адклаўшы ліст. — Вялікі Боб Фэргюсан, найлепшы трохчацвярны рычмандцаў. Такі дабрадушны. Гэта цалкам у яго характары — непакоіцца за сябра.

Холмс паглядзеў на мяне і пакачаў галавой.

— Вы не перастаяце здзіўляць, Ўотсан, — сказаў ён. — У вас проста безліч неспазнаных магчымасцяў. Будзьце ласкавы, запішыце тэкст тэлеграмы: “Ахвотна зоймемся вашай справай”.

Вашай справай?

— Ён не павінен думаць, што ў нас тут прытулак для ідыётаў. Безумоўна, ён пісаў пра сябе. Дашліце яму тэлеграму і давайце забудземся на гэта да раніцы.

Роўна а дзясятай наступнага ранку Фэргюсан зайшоў да нас. Я памятаў яго высокім хударлявым хлопцам, вельмі рухавым і незвычайна спрытным, што дазваляла яму неаднакроць перамагаць каманду суперніка. Ці можа быць штосьці больш прыкрае і балючае, чым праз гады сустрэць чалавека, толькі вельмі аддалена падобнага да выдатнага спартоўца, якім я ведаў яго ў часы росквіту? Яго моцнае цела нібы ўсохла, ільняныя валасы парадзелі, плечы апусціліся. Баюся, мой выгляд выклікаў у яго падобныя пачуцці.

— Вітаю, Ўотсан, — сказаў ён, і голас яго быў па-ранейшаму глыбокі і сардэчны. — Вы не падобны да хлопца, якога я выкінуў за канаты ў натоўп на полі ў Олд-Дзір [1]. Думаю, я таксама крыху змяніўся. Але мяне састарылі апошнія дзень-два. З вашай тэлеграмы, містэр Холмс, я зразумеў, што няма сэнсу ўдаваць з сябе чыйгосьці прадстаўніка.

— Прасцей дзейнічаць наўпрост, — адказаў Холмс.

— Безумоўна. Але вы можаце ўявіць, як складана гаварыць пра жанчыну, якую ты павінен абараняць і падтрымліваць. Што я магу зрабіць? Як мне ісці ў паліцыю з такой гісторыяй? Дый дзяцей трэба бараніць. Гэта вар’яцтва, містэр Холмс? Гэта штосьці ў крыві? У вашай практыцы былі падобныя выпадкі? Дзеля ўсяго святога, парайце мне што-небудзь, бо я збіты з тропу...

— Гэта натуральна, містэр Фэргюсан. А цяпер сядзьце сюды, вазьміце сябе ў рукі і дакладна адкажыце на некалькі маіх пытанняў. Магу вас упэўніць, што мяне нічога з тропу не збівае, і я не сумняюся, што рашэнне мы знойдзем. Перш за ўсё скажыце, якія захады вы зрабілі. Вашая жонка ўсё яшчэ побач з дзецьмі?

— Паміж намі адбылася жудасная сцэна. Яна ўмее моцна кахаць, містэр Холмс. Калі якая жанчына і кахала мужа ўсім сэрцам і ўсёй душою, дык гэта мая жонка. Выкрыццё гэтай неверагоднай, жудаснай таямніцы было для яе ўдарам. Яна нічога нават не сказала. Не адказала на мае папрокі, а толькі зірнула нейкім дзікім, безнадзейным поглядам. Потым кінулася да свайго пакоя і замкнулася там. З таго часу яна адмаўляецца мяне бачыць. У яе ёсць пакаёўка, што служыла ёй да нашага шлюбу, Далорэс — хутчэй сяброўка, чым слуга. Яна прыносіць ёй ежу.

— Значыць, непасрэднай небяспекі для дзіцяці няма?

— Нянька, місіс Мэйсан, паклялася, што не пакіне яго ні ўночы, ні ўдзень. Я цалкам ёй давяраю і больш непакоюся за беднага маленькага Джэка, бо, як я вам пісаў, жонка двойчы на яго накідвалася.

— Але ні разу не параніла?

— Не, толькі жорстка пабіла. І гэта яшчэ больш жудасна, бо ён — няшчасны бяскрыўдны калека, — спакутаваны твар Фэргюсана палагаднеў, калі ён казаў пра сына. — Здавалася б, стан майго дарагога хлопчыка змякчыў бы любое сэрца. У дзяцінстве ён упаў і пашкодзіў спіну, містэр Холмс. Але ў яго чулая душа, поўная любові.

Холмс узяў учарашні ліст і перачытаў яго.

— Хто яшчэ жыве ў вашым доме, містэр Фэргюсан?

— Два лёкаі — яны ў нас нядаўна. Адзін стайнік, Майкл, ён спіць у доме. Мая жонка, я, мой сын Джэк, немаўля, Далорэс і місіс Мэйсан — вось і ўсё.

— Падазраю, што вы не надта добра ведалі жонку да вяселля.

— Мы былі знаёмыя некалькі тыдняў.

— А ці доўга ў яе працуе пакаёўка Далорэс?

— Некалькі гадоў.

— Значыць, Далорэс ведае характар вашай жонкі лепш, чым вы?

— Мяркую, што так.

Холмс нешта сабе пазначыў.

— Мне падаецца — сказаў ён, — што ў Лэмберлі ад мяне будзе больш карысці, чым тут. Гэта выпадак напраўду патрабуе прысутнасці следчага. Калі лэдзі застанецца ў сваім пакоі, мы яе не патрывожым і не зробім клопату. Спынімся мы, безумоўна, у гасцёўні.

Фэргюсан з палёгкай уздыхнуў.

— На гэта я і спадзяваўся, містэр Холмс. У дзве гадзіны з вакзала Вікторыя адыходзіць добры цягнік, калі вам будзе зручна.

— Без сумневу. Цяпер я не заняты і магу цалкам аддацца вашай справе. Ўотсан, безумоўна, паедзе з намі. Але перад ад’ездам мне трэба дакладна разабрацца з адным ці двума пытаннямі. Няшчасная лэдзі, як я зразумеў, накідвалася на абодвух дзяцей — на ўласнае немаўля і на вашага сына?

— Так.

— Але гэта былі розныя напады, праўда? Вашага сына яна біла.

— Адзін раз палкай і адзін — рукамі, вельмі жорстка.

— І не патлумачыла, чаму б’е?

— Не, казала толькі, што ненавідзіць яго. Некалькі разоў казала.

— Ну, з мачахамі такое здараецца. Так бы мовіць, рэўнасць заднім днём. Яна ўвогуле раўнівая?

— Але, вельмі раўнівая, раўнівая з усёй палкасцю шалёнага трапічнага кахання.

— А што хлопчык? Яму, як я разумею, пятнаццаць, і ён, відаць, мае добра развіты розум, хаця фізічныя яго здольнасці абмежаваныя? Ён ніяк не патлумачыў гэтыя напады?

— Не, ён сцвярджаў, што ніякіх падставаў не было.

— Раней яны сябравалі?

— Не, паміж імі ніколі не было любові.

— Але вы казалі, што ён пяшчотны?

— У свеце няма больш адданага сына. Маё жыццё — гэта яго жыццё. Ён захапляецца ўсім, што я раблю ці кажу.

Холмс зноў нешта пазначыў. Пэўны час ён сядзеў, заглыбіўшыся ў думкі.

— Відавочна, да другога шлюбу вы з сынам былі добрымі сябрамі. Вы былі вельмі блізкія, праўда?

— Так, вельмі.

— І хлопчык, маючы такую адданую натуру, быў, без сумневаў, верны памяці сваёй маці?

— Надзвычай верны.

— Ён, несумненна, вельмі цікавы хлопец. І яшчэ адно пытанне. Гэтыя дзіўныя замахі на немаўля і напады на вашага сына адбываліся ў адзін і той жа перыяд?

— У першым выпадку так. Здавалася, яе ахапіла нейкае шаленства, і яна зрывала гнеў на абодвух. У другім выпадку пацярпеў толькі Джэк. Пра немаўля місіс Мэйсан нічога не казала.

— Гэта крыху ўскладняе справу.

— Я не зусім разумею вас, містэр Холмс.

— Магчыма. Хтосьці прыдумляе папярэднія гіпотэзы і чакае, пакуль час ці больш поўныя веды іх не абвергнуць. Кепская звычка, містэр Фэргюсан, але чалавечая натура слабая. Баюся, наш стары сябар перабольшыў мае навуковыя метады. Аднак на дадзеным этапе я магу сказаць толькі тое, што праблема вашая невырашальнай мне не здаецца, а таму ў дзве гадзіны можаце чакаць нас на вакзале Вікторыя.

Быў панылы і туманны лістападаўскі вечар, калі мы, пакінуўшы багаж у гатэлі “Шахматная дошка” ў Лэмберлі, доўга ехалі звілістай гліністай дарогай Сасэкса і ўрэшце дабраліся да адасобленага старога дома, дзе жыў Фэргюсан. Гэта быў вялікі бязладны будынак са старой цэнтральнай часткай і навюткімі крыламі з высокімі цюдараўскімі комінамі і стромкім абымшэлым дахам, пакрытым хоршэмскім аполкам. Прыступкі пакрывіліся, а на старадаўняй плітцы, што разліноўвала ганак, мы заўважылі подпіс першага будаўніка — выяву сыра і чалавека. Унутры столь мацавалася цяжкімі дубовымі бэлькамі, няроўная падлога пакрывілася глыбокімі ямінамі. Пах даўніны і заняпаду пранізваў усю гэтую старую разваліну.

Фэргюсан правёў нас у вялізны цэнтральны пакой. Там у аграмадным старамодным каміне, прыкрытым жалезным экранам, датаваным 1670 годам, палымнеў і патрэскваў над бярвеннем зыркі агонь.

Я агледзеўся. У пакоі панавала незвычайная мешаніна розных эпохаў і мясцінаў. Напалову абшытыя панэлямі сцены першапачаткова належалі, відаць, ферме ёмэнаў сямнаццатага стагоддзя. Ніжнюю частку сценаў упрыгожваў шэраг добра падабраных сучасных акварэляў, а вышэй, там, дзе замест дубу пачыналася жоўтая тынкоўка, вісела цудоўная калекцыя паўднёваамерыканскага начыння і зброі, прывезеная, без сумневаў, перуанскай лэдзі наверсе. З уласцівай нецярпліваму і востраму розуму імклівай цікаўнасцю Холмс падняўся і з пэўнай асцярогай агледзеў зброю. Пасля з задуменнымі вачыма вярнуўся на месца.

— Ну канечне! — усклікнуў ён.

У кошыку ў куце ляжаў спаніэль. Ён цяжка паплёўся насустрач гаспадару. Яго заднія лапы блыталіся,ахвост цягнуўся па зямлі. Сабака лізнуў Фэргюсану руку.

— Што здарылася, містэр Холмс?

— Сабака. Што з ім?

— Вось і ветэрынар не разумее. Штосьці накшталт паралюшу. Спінальны менінгіт, як ён мяркуе. Але мы ўжо папраўляемся і хутка будзем у парадку — праўда, Карла?

На знак згоды апушчаны хвост задрыжаў. Сумныя вочы сабакі глядзелі то на аднаго з нас, то на другога. Спініэль разумеў, што гаворка пра яго.

— Хвароба развілася раптоўна?

— За адну ноч.

— Калі?

— Месяцы чатыры таму.

— Цудоўна. Наводзіць на пэўныя думкі.

— Што вы ў гэтым бачыце, містэр Холмс?

— Пацверджанне маіх гіпотэзаў.

— Дзеля ўсяго святога, скажыце, што гэта за гіпотэзы, містэр Холмс! Можа, для вас гэта проста заблытаная загадка, але для мяне — справа жыцця ці смерці! Мая жонка, магчыма, забойца, мае дзеці ў пастаяннай небяспецы. Не гуляйце са мной, містэр Холмс. Справа жахлівая і надзвычай сур’ёзная.

Высачэзны рэгбіст дрыжаў усім целам. Холмс мякка паклаў руку яму на плячо.

— Баюся, любая разгадка прынясе вам боль, — сказаў ён. — Паспрабую з усіх сілаў вас ад гэтага берагчы. Цяпер я нічога сказаць не магу, але спадзяюся, што буду ведаць больш, перш чым пакіну гэты дом.

— Дай жа Бог! З вашага дазволу, джэнтльмены, я падымуся да жонкі і зірну, ці няма зменаў.

Ён адсутнічаў некалькі хвілінаў, а Холмс тым часам вярнуўся да агляду дзівосаў на сцяне. Калі гаспадар спусціўся, па яго засмучаным твары мы зразумелі, што паляпшэнняў няма. Ён прывёў з сабой высокую, хударлявую і смуглявую дзяўчыну.

— Гарбата гатовая, Далорэс, — сказаў Фэргюсан. — Прасачы, каб у гаспадыні было ўсё што яна пажадае.

— Яна вельмі хварэць, — усклікнула дзяўчына, абурана пазіраючы на гаспадара. — Яна не прасіць ежа. Яна вельмі хварэць. Яна трэба доктар. Я баяцца быць з ёй адна, без доктар.

Фэргюсан запытальна зірнуў на мяне.

— Буду рады дапамагчы.

— Спытай, ці згодная гаспадыня ўбачыцца з доктарам Ўотсанам.

— Я браць яго. Я не пытаць дазвол. Яна трэба доктар.

— Тады я зараз жа пайду з вамі.

Услед за дзяўчынай, што трымцела ад моцнага хвалявання, я падняўся па лесвіцы і прайшоў старым калідорам, у канцы якога ўбачыў масіўныя дзверы, акаваныя жалезам. Зірнуўшы на іх, я падумаў, што калі б Фэргюсан вырашыў уварвацца да жонкі, гэта было б нялёгка. Дзяўчына выцягнула з кішэні ключ, і цяжкія дубовыя створкі зарыпелі на старых завесах. Я зайшоў, і яна паспяшалася за мной, замкнуўшы за спінаю дзверы.

На ложку ляжала жанчына — без сумневу, у моцнай гарачцы. Яна была ў паўзабыцці, а калі я зайшоў, падняла спалоханыя, але прыгожыя вочы і з асцярогай зірнула на мяне. Убачыўшы незнаёмца, яна нібыта адчула палёгку і з уздыхам апусцілася на падушку. Са словамі падтрымкі я падышоў да яе і пакуль мераў пульс і тэмпературу, яна спакойна ляжала. Пульс быў часты, тэмпература — даволі высокая, і ўсё ж у мяне склалася ўражанне, што прычыны гэтага — хутчэй у разумовым і нервовым напружанні, чым у хваробе.

— Яна так ляжыць адзін дзень, два дзень. Я баюся яна памерці, — сказала дзяўчына.

Жанчына павярнула да мяне пачырванелы прыгожы твар.

— Дзе мой муж?

— Ён унізе і хоча вас бачыць.

— Я не жадаю яго бачыць! Не жадаю! — тут яна, відаць, пачала трызніць. — О, дэман! Дэман! Што мне з гэтым д’яблам рабіць?

— Я магу вам неяк дапамагчы?

— Не. Ніхто не можа. Усё скончана. Усё знішчана. Што б я ні зрабіла, усё знішчана.

У яе, відаць, пачалася нейкая дзіўная галюцынацыя. Я не мог уявіць шчырага Боба Фэргюсана ў ролі дэмана альбо д’ябла.

— Мадам, — сказаў я, — ваш муж горача вас кахае. Гэтае здарэнне вельмі яго засмуціла.

Яна зноў падняла на мяне чароўныя вочы.

— Ён кахае мяне. Кахае. Але хіба я не кахаю яго? Хіба я не кахаю яго так, што хутчэй ахвярую сабой, чым разаб’ю яго сэрца? Вось як я яго кахаю! І ўсё адно ён падумаў на мяне… ён сказаў пра мяне такое…

— Ён моцна бядуе, але нічога не разумее.

— Так, не разумее. Але яму варта давяраць мне.

— Не хочаце з ім сустрэцца? — прапанаваў я.

— Не, не, я не магу забыць ні ягоных жудасных словаў, ні выразу ягонага твару. Не хачу яго бачыць. Ідзіце. Вы нічым мне не дапаможаце. Скажыце яму толькі адно. Я хачу сваё дзіця. Я маю на яго права. Гэта адзінае, што я магу яму перадаць, — яна адвярнулася да сцяны і не сказала болей ні слова.

Я спусціўся ў пакой, дзе ля агню ўсё яшчэ сядзелі Фэргюсан і Холмс. Фэргюсан паныла выслухаў аповед пра нашую размову.

— Як я магу аддаць ёй дзіця? — спытаў ён. — Адкуль я ведаю, што можа на яе раптам найсці? Хіба можна забыць, як яна адарвалася ад сына з вуснамі ў крыві? — ад гэтай згадкі ён уздрыгнуў. — Немаўля ў бяспецы з місіс Мэйсан, з ёй яно і застанецца.

Зграбная пакаёўка, адзіны кавалачак сучаснасці, які мы ўбачылі ў доме, прынесла гарбату. Калі яна падавала яе, дзверы адчыніліся, і ў пакой увайшоў падлетак. Гэта быў мілы хлопец з бледным тварам, светлымі валасамі і неспакойнымі блакітнымі вачыма, якія ўспыхнулі раптоўным полымем хвалявання і радасці, калі спыніліся на бацьку. Хлопец кінуўся наперад і з нязмушанасцю адданай дзяўчынкі абняў яго рукамі за шыю.

— Ох, татачка! — усклікнуў ён. — Я не ведаў, што ты будзеш ужо сёння. Я б цябе сустрэў. Ох, я так рады цябе бачыць!

Фэргюсан, крыху збянтэжаны, мякка вызваліўся з абдымкаў.

— Мой любы хлопчык, — сказаў ён, пяшчотна гладзячы ільняныя валасы. — Я прыехаў рана, бо мае сябры, містэр Холмс і доктар Ўотсан, далі сябе ўгаварыць і прыехалі сюды правесці з намі вечар.

— Дык гэта містэр Холмс, дэтэктыў?

— Але.

Падлетак зірнуў на нас вельмі пранікліва і, як мне падалося, непрыязна.

— А як наконт другога дзіцяці, містэр Фэргюсан? — спытаў Холмс. — Ці можам мы пазнаёміцца з малечай?

— Папрасі місіс Мэйсан прынесці дзіця, — сказаў Фэргюсан.

Хлопец выйшаў, і я як хірург звярнуў увагу на яго незвычайную няўклюдную паходку, што сведчыла пра хворую спіну. Неўзабаве ён вярнуўся разам з высокай хударлявай жанчынай, якая трымала на руках вельмі прыгожае, чарнавокае і золатавалосае, дзіця — чароўнае стварэнне, у якім зліліся саксонская і лацінская кроў. Фэргюсан, не хаваючы захаплення, узяў дзіця на рукі і пачаў песціць.

— Няўжо хтосьці можа яго пакрыўдзіць? — прамармытаў ён, зірнуўшы на маленькую ранку на шыі херувімчыка.

Акурат у гэты момант я зірнуў на Холмса і заўважыў надзвычайную засяроджанасць на яго твары, што застыў, бы выразаны са старой слановай косткі. Яго вочы, якія ненадоўга спыніліся на бацьку з немаўлём, цяпер з прагнай цікавасцю разглядалі нешта ў іншым канцы пакоя. Прасачыўшы за яго позіркам, я даведаўся толькі, што ён глядзеў праз акно ў змрочны мокры сад. Хаця аканіца напалову закрывала від з акна, я ўсё адно зразумеў, што Холмс напружана засяродзіўся на чымсьці ў садзе. Потым ён усміхнуўся і зноў паглядзеў на дзіця, на чыёй тоўсценькай шыйцы быў бачны маленькі бугарок. Нічога не кажучы, Холмс уважліва агледзеў дзіця і ўрэшце паціснуў маленькі кулачок у ямінках, якім малое размахвала перад яго тварам.

— Да пабачэння, малеча. Жыццё тваё пачалося незвычайна… Ці магу я пагаварыць сам-насам з нянькай?

Адвёўшы жынчыну ўбок, ён некалькі хвілін сур’ёзна з ёй размаўляў. Я пачуў толькі апошнія словы: “Спадзяюся, вашыя трывогі неўзабаве знікнуць”.

Жанчына, змрочная і маўклівая, сышла з дзіцем.

— Што з сябе ўяўляе місіс Мэйсан? — спытаў Холмс.

— Як бачыце, не надта прыгожая асоба, але з залатым сэрцам і вельмі любіць малога.

— Яна табе падабаецца, Джэк? — звярнуўся раптам Холмс да падлетка. Выразны жывы твар хлопца пацямнеў, і ён пакруціў галавой.

— Джэкі мае вельмі моцныя сімпатыі і антыпатыі, — сказаў Фэргюсан, абняўшы хлопчыка. — На шчасце, я — адна з яго сімпатыяў.

Хлопчык штосьці завуркатаў і паклаў галаву на бацькоўскія грудзі. Фэргюсан мякка вызваліўся.

— А цяпер, маленькі Джэкі, бяжы, — сказаў ён і пяшчотна праводзіў сына вачыма, а калі хлопчык сышоў, працягнуў: — Містэр Холмс, я сапраўды адчуваю, што ўцягнуў вас у безнадзейную справу, бо чым, апроч спачування, вы можаце мне дапамагчы? З вашага гледзішча гэта мусіць быць справа надта далікатная і складаная.

— Справа сапраўды далікатная, — адказаў мой сябар з дзіўнай усмешкай, — але нават цяпер я не думаю, што яна складаная. Яна патрабуе лагічных высноваў, і калі яны крок за крокам пацвярджаюцца шэрагам незалежных адзін ад аднаго эпізодаў, суб’ектыўнае робіцца аб’ектыўным, і мы можам упэўнена казаць, што дасягнулі мэты. Фактычна, я дасягнуў яе яшчэ да ад’езду з Бэйкер-стрыт; астатняе было простым назіраннем і пошукам пацверджання.

Фэргюсан правёў рукой па пакрытым зморшчынамі ілбе.

— Дзеля ўсяго святога, Холмс, — хрыпла сказаў ён, — калі вы бачыце, у чым тут рэч,не трымайце мяне ў напружанні. Як я магу вытрываць? Што мне рабіць? Мяне не турбуе, дзе вы здабылі свае факты, калі толькі вы і праўда ў іх разабраліся.

— Безумоўна, я павінен вам усё патлумачыць і зраблю гэта. Але дазвольце мне весці справу так, як мне зручней. Ўотсан, лэдзі мае сілы нас прыняць?

— Яна хворая, але ў прытомнасці.

— Вельмі добра. Бо мы можам праліць на ўсё гэта святло толькі ў яе прысутнасці. Давайце да яе падымемся.

— Яна не хоча мяне бачыць! — усклікнуў Фэргюсан.

— О, яна захоча, — адказаў Холмс і накрэмзаў на аркушы некалькі радкоў. — Вас, Ўотсан, туды пусцяць. Будзьце так ласкавы, занясіце лэдзі гэтую запіску.

Я зноў падняўся і перадаў запіску Далорэс, якая асцярожна адчыніла дзверы. Праз хвіліну ў пакоі пачуўся ўскрык, у якім, здавалася, перамяшаліся радасць і здзіўленне. З-за дзвярэй вызірнула Далорэс.

— Яна хоча іх бачыць. Яна будзе слухаць, — сказала яна.

Я паклікаў Фэргюсана з Холмсам наверх. Калі мы зайшлі ў пакой, Фэргюсан зрабіў крок ці два да жонкі, якая паднялася ў ложку, але яна жэстам спыніла яго. Гаспадар апусціўся ў фатэль, Холмс, пакланіўшыся лэдзі, якая глядзела на яго з прастадушным здзіўленнем, сеў побач.

— Думаю, мы можам абысціся без Далорэс, — сказаў Холмс. — О, добра, мадам, калі вы настойваеце, каб яна засталася, то я не супраць. Што ж, містэр Фэргюсан, я заняты чалавек з шырокай практыкай, а таму мае метады павінныя працаваць хутка і трапляць у цэль. Чым хутчэйшая аперацыя, тым меншы боль. Найперш дазвольце мне вас супакоіць. У вас цудоўная жонка, якая вас кахае, але абышліся з ёй вельмі кепска.

Фэргюсан падскочыў з крыкам радасці.

— Дакажыце гэта, містэр Холмс, і я буду вечна вам абавязаны.

— Дакажу, але для гэтага мне давядзецца зноў глыбока вас параніць.

— Мяне не турбуе нічога, апроч апраўдання мае жонкі. У параўнанні з гэтым усё астатняе на зямлі — нішто.

— Тады дазвольце мне прадставіць вам ланцуг разважанняў, які прайшоў у маёй галаве яшчэ на Бэйкер-стрыт. Ідэя пра вампіра падалася мне абсурднай. У ангельскай крымінальнай практыцы такога проста не бывае. І тым не менш, вы не памыліліся і сапраўды бачылі жонку, што схілілася над дзіцячым ложкам, з акрываўленымі вуснамі.

— Безумоўна.

— А вам не прыйшло ў галаву, што кроў, якая цячэ з раны, можна смактаць не толькі з прычыны смагі? Ці ж у ангельскай гісторыі не было каралевы, якая высмактала з раны кроў, каб выцягнуць атруту? [2]

— Атруту?

— Вось яна, паўднёваамерыканская гаспадарка. Я інстынктыўна здагадваўся пра існаванне гэтай зброі на сцяне яшчэ да таго, як сюды прыехаў. Атрута магла быць і іншай, але я падумаў менавіта пра яе. Маленькі пусты калчан каля невялікага лука для палявання на птушак быў менавіта тым, што я чакаў убачыць. Калі дзіця было параненае адной з такіх стрэлаў, змочаных курарэ ці якой іншай д’ябальскай атрутай, яно памерла б, калі б атруту не высмакталі.

А сабака? Калі хтосьці хацеў скарыстацца атрутай, чаму б спярша не праверыць, ці не страціла яна моц? Сабаку я не прадбачыў, але сэнс здарэння зразумеў, і яно толькі пацвердзіла маю думку.

Цяпер вы разумееце? Вашая жонка баялася гэтага. Яна бачыла, як на дзіця напалі, і выратавала яго жыццё, але ўсю праўду сказаць вам баялася, бо ведала, як вы любіце хлопчыка і як вам будзе балюча.

— Джэкі!

— Я назіраў за ім, калі вы песцілі малое. У шыбе, зацемненай аканіцаю, ягоны твар адлюстроўваўся вельмі выразна. І я заўважыў такую рэўнасць, такую жорсткую нянавісць, якія на чалавечым твары бачыў рэдка.

— Мой Джэкі!

— Вам трэба прыняць гэта, містэр Фэргюсан. Гэта яшчэ больш пакутліва ад таго, што ім кіравала скажоная, ненармальна вялікая, маніякальная любоў да вас і, мабыць, да памерлай маці. Яго душу спапяляе нянавісць да гэтага дзівоснага дзіцяці, чыё здароўе і прыгажосць так кантрастуюць з яго ўласнай нядужасцю.

— Святы Божа! Гэта неверагодна!

— Я сказаў праўду, мадам?

Жанчына рыдала, схаваўшы твар у падушку. Потым яна павярнулася да мужа.

— Як я магла сказаць табе, Боб? Я здагадвалася, якім гэта будзе для цябе ўдарам. Лепш было чакаць, каб ты дазнаўся пра ўсё ад кагосьці іншага, не ад мяне. Калі гэты джэнтльмен, які, мабыць, мае чарадзейную сілу, напісаў, што ён усё ведае, я суцешылася.

— Я прапісаў бы маладому Джэкі год на моры, — сказаў Холмс, падымаючыся. — Толькі адно ўсё яшчэ не высветлена, мадам. Мы цудоўна разумеем прычыну вашых нападаў на Джэкі. Існуе мяжа і матчынаму цярпенню. Але як вы рызыкнулі пакінуць дзіця на два апошнія дні?

— Я расказала ўсё місіс Мэйсан. Яна ведала.

— Зразумела. Я так і думаў.

Фэргюсан, задыхаючыся, стаяў каля ложка. Яго працягнутыя да жонкі рукі трэсліся.

— Думаю, Ўотсан, нам самы час сысці, — шэптам сказаў Холмс. — Калі вы возьмеце занадта адданую Далорэс пад адну руку, я вазьму пад другую. Ну вось, — дадаў ён, зачыніўшы за сабой дзверы, — думаю, астатняе яны ўлагодзяць самі.

Да гэтай гісторыі засталося дадаць толькі адзін ліст, напісаны Холмсам у адказ на той, якім гісторыя пачынаецца. Вось ён:

Бэйкер-стрыт,

21 лістапада

Адносна вампіраў.

Шаноўны сэр!

У адказ на ваш ліст ад 19 лістапада паведамляю, што я расследаваў справу вашага кліента, містэра Фэргюсана, “Фэргюсан і Мюрхэд”, пастаўшчыкі гарбаты на Мінсінг-лэйн, і што справа паспяхова закрытая. З удзячнасцю за рэкамендацыі,

Шчыра ваш,

Шэрлак Холмс

______________________________________________________________________

Каментар

[1] Спартовыя пляцоўкі парка Олд-Дзір (Old Deer Park) у ангельскім Рычмандзе выкарыстоўваліся і працягваюць выкарыстоўвацца ў тым ліку Рычмандскім рэгбійскім клубам як “хатнія”. 

[2] Маецца на ўвазе легенда пра тое, як каралева Элеанора Кастыльская высмактала кроў з раны на руцэ мужа, ангельскага караля Эдуарда І (1239—1307), параненага атручаным кінжалам мусульманскага асасіна.

Пераклад з ангельскай – Наста Бакшанская © 2012

Чытайце таксама

Вальтэр Скот

Вальтэр Скот

Вядомы празаік, паэт і гісторык, шатландзец з паходжання, знакаміты перадусім сваімі гістарычнымі раманамі

Хорхе Луіс Борхес

Хорхе Луіс Борхес

Аргентынскі празаік, паэт і публіцыст. У 1920-я гады зрабіўся адным з заснавальнікаў авангардызму ў гішпанамоўнай лацінаамерыканскай паэзіі.

Марцін Святліцкі

Марцін Святліцкі

Польскі паэт, празаік, журналіст, вакаліст гурта Świetliki

Янка Запруднік

Янка Запруднік

Беларуска-амерыканскі гісторык і публіцыст, актыўны дзеяч беларускай дыяспары ў ЗША.

1556